Тэадор Тэпліц (1875–1937) — польскі сацыяліст і кааператар. Студэнтам у Берліне ён звязаўся з польскімі сацыялістамі і быў выключаны з політэхнікі, скончыў вучобу ў Антверпене, некалькі гадоў працаваў у Харкаве, а з 1916 года, пры падтрымцы Польскай сацыялістычнай партыі (ППС), быў радным Варшавы. З 1925 года ён у праўленні Варшаўскага жыллёвага кааператыва (Warszawska Spółdzielnia Mieszkaniowa, WSM); у 1928 годзе ён быў ініцыятарам Грамадскага будаўнічага прадпрыемства (SPB), якое будавала для кааператываў, у 1929-м — адным з заснавальнікаў Польскага таварыства жыллёвай рэформы і яго часопіса «Dom, Osiedle, Mieszkanie», а ў 1934 годзе быў сярод ініцыятараў Таварыства рабочых пасёлкаў (TOR). Пасля Першай сусветнай вайны Варшава жыла ў даваенных даходных дамах: сам Тэпліц у 1925 годзе пісаў, што дзве траціны варшаўскіх кватэр знаходзяцца ў дваровых флігелях, а ў аднапакаёвых кватэрах на чалавека прыпадае менш за 4 квадратныя метры. WSM заснавалі 11 снежня 1921 года дзеячы ППС і рабочых кааператываў; першым яго кіраўніком да 1925 года быў Баляслаў Берут, пазней камуністычны кіраўнік Польшчы. Дзякуючы сямейным сувязям Тэпліца кааператыў атрымаў пазыку ў паўмільёна долараў у італьянскім банку Banca Commerciale Italiana; у канцы 1925 года на плошчы Вільсана на Жалібожы заклалі першы дом, у студзені 1927 года засялілі першыя кватэры. Дамы WSM групаваліся вакол шырокіх зялёных двароў у «калоніі»; калоніі IV, VII і IX праектавалі Барбара і Станіслаў Брукальскія, пасёлак WSM на Ракаўцы (1934–1936) — Гелена і Шымон Сыркусы. Пры калоніях дзейнічалі цэнтральная кацельня і пральня, лазні, Грамадскі дом з дзіцячым садком, школа і гімназія Рабочага таварыства сяброў дзяцей, бібліятэкі, тэатр і кааператыўныя крамы. У 1938 годзе ў 24 дамах WSM жыло 5396 чалавек; з-за кватэрнай платы рабочыя складалі толькі каля 35% кватарантаў, астатнія — пераважна служачыя. Падобныя рэчы ў тыя ж гады рабіла «Чырвоная Вена» (гл. нашу публікацыю «Карл-Маркс-Хоф: дом на 1382 кватэры»), але там будаваў сам горад за грошы жыллёвага падатку, а WSM быў кааператывам, які будаваў на пазыкі і ўзносы сваіх членаў. Першы тэкст — брашура «Znaczenie społecznego budownictwa mieszkaniowego», якую ў 1928 годзе выдаў Польскі камітэт Міжнароднай канферэнцыі сацыяльнай службы (канферэнцыя адбылася ў Парыжы ў ліпені 1928 года); Тэпліц называе яе дакладам. Бібліяграфію і французскае і англійскае рэзюмэ брашуры мы прапусцілі. «Анкетная камісія» — урадавая камісія па вывучэнні ўмоў і коштаў вытворчасці і абмену (1926–1928); «патранальнае» будаўніцтва — дамы, якія прадпрыемствы будавалі для сваіх рабочых; «гміна» — муніцыпалітэт; «праф. Эбергардт» — так у арыгінале; Эдвард Абрамоўскі (1868–1918) — польскі філосаф-кааператар, які марыў пра «саюзы сяброўства». Назву таварыства «Шкляныя дамы» ўзялі з рамана Стэфана Жаромскага «Перадвесне» (1924), дзе шкляныя дамы — мара пра будучае жыццё. Другі тэкст надрукаваў у 1931 годзе часопіс «Społem!» Саюза спажывецкіх кааператываў; мы перакладаем яго паводле публікацыі на lewicowo.pl. Тэпліц памёр у красавіку 1937 года, за некалькі месяцаў да Першага польскага жыллёвага кангрэса, які ён рыхтаваў.
Значэнне сацыяльнага жыллёвага будаўніцтва (1928). I. Сацыяльнае будаўніцтва
Тэма, вызначаная загалоўкам, такая шырокая, што амаль супадае з усёй жыллёвай справай, а тая, зразумела, не можа быць прадметам кароткага дакладу, які па сваёй прыродзе асвятляе толькі адзін бок пытання і бярэ тэму як мага вузей.
Зрэшты, маляваць бядотны стан жыллёвай справы ў Польшчы я сёння лічу залішнім. Даныя перапісу насельніцтва 1921 года, распрацоўка варшаўскага перапісу кватэр 1919 года, цэлы шэраг зводак і публікацый, а нядаўна і справаздача Анкетнай камісіі па вывучэнні ўмоў і коштаў вытворчасці і абмену, выдадзеная пад назвай «Жыллёвае будаўніцтва», дастаткова гэты стан высвятляюць.
Калі пад «жыллёвай справай» разумець — а я лічу гэта адзіна правільным — тое, як жывуць шырокія слаі насельніцтва, то пасля гэтых прац не можа быць двух меркаванняў: называючы існыя абставіны жыллёвым бедствам, мы ані не перабольшваем.
Трэба таксама лічыць бясспрэчна даказанай неабходнасць абапіраць на адпаведныя публічныя сродкі масавае будаўніцтва малых кватэр, кватэрная плата за якія адпавядала б плацежным магчымасцям працоўнай інтэлігенцыі і рабочых (першая і другая высновы Анкетнай камісіі, с. 44). Канстатацыі гэтай камісіі, што «без паляпшэння жыллёвых умоў, без таго, каб даць кожнай сям’і магчымасць мець кватэру, не можа быць і гаворкі пра здаровае развіццё эканамічнага, маральнага і палітычнага жыцця Польшчы» (там жа, с. 39), цалкам дастаткова, каб простым сілагізмам прызнаць значэнне сацыяльнага жыллёвага будаўніцтва. Паколькі палепшыць жыллёвыя ўмовы можна толькі праз сацыяльнае будаўніцтва, а палепшыць іх неабходна, значэнне гэтага будаўніцтва відавочнае.
Аднак не гэтае значэнне сацыяльнага будаўніцтва — тэма дадзенага дакладу. Яго тэма — тыя рысы сацыяльнага будаўніцтва, якія адрозніваюць яго ад будаўніцтва, разлічанага на зыск, і робяць яго асабліва важным для фізічнага і маральнага здароўя насельніцтва; гэтае значэнне існавала б нават тады, калі б будаўніцтва дзеля зыску было здольнае колькасна цалкам задаволіць патрэбы людзей.
Сацыяльным будаўніцтвам я называю ўсякае будаўніцтва, не разлічанае на непасрэдны зыск, гэта значыць будаўніцтва дамоў з думкай пра іх жыхароў, а не пра кватэрную плату, якую яны будуць плаціць.
Сацыяльнае будаўніцтва можа быць дзяржаўным або гмінным (муніцыпальным); яго могуць весці ўстановы, створаныя спецыяльна для гэтага (французскія Offices Publics d’Habitations à bon marché, італьянскія Istituti Autonomi Case Popolari і да т. п.), фундацыі, як, напрыклад, варшаўская фундацыя Вавельберга і Ротванда; нарэшце, яно можа быць кааператыўным або нават патранальным. Патранальнае будаўніцтва — нават калі яно мае на мэце аблегчыць вытворчасць, а значыць, павялічыць прыбыткі прадпрыемстваў, даючы рабочым лепшыя кватэры, — не імкнецца непасрэдна атрымаць зыск з кватэрнай платы і таму можа захаваць шмат станоўчых рыс іншых формаў сацыяльнага будаўніцтва.
Выдатны знаўца жыллёвай справы, памерлы летась прафесар Эбергардт, канстатаваў, што ўсякі прагрэс у жыллёвай галіне — вынік сацыяльнага будаўніцтва. Будаўніцтва дзеля зыску, будаўніцтва даходных дамоў стварыла, уласна, толькі адну форму жытла, і прытым найгоршую, — вялікі дом-казарму. Яго думка заўсёды была ў тым, каб нарэзаць з пэўнай тэрыторыі як мага больш будаўнічых дзялянак, забудаваць кожную дзялянку так, каб змясціць на ёй як найбольш кватэр, і нарэшце эксплуатаваць гэтыя кватэры так, каб атрымаць як найвышэйшую кватэрную плату.
Як толькі будаўніцтва дзеля зыску натыкнулася на перашкоды ў такой дзейнасці, яно перастала будаваць малыя кватэры, якія раней былі самымі даходнымі. Спрошчана можна сказаць, што будаўніцтва дзеля зыску перастае вырабляць малыя кватэры пад ціскам жыллёвай інспекцыі.
У гэтым выпадку, як і ў многіх іншых, аказалася, што дзейнасць інспекцыйнага характару, адзіная зброя якой — забароны, бясплодная. Жыллёвая інспекцыя мусіла стаць чыннікам жыллёвай культуры. Дарэмна, аднак, на яе ўскладалі такія надзеі. Не абапіраючыся на сапраўды творчую дзейнасць, яна не можа выканаць гэтай задачы.
Вырашальным чыннікам уздыму жыллёвай культуры стала, наадварот, сацыяльнае будаўніцтва. І адначасова яно стала стваральнікам новых формаў чалавечага суіснавання.
II. Жыллёвая культура
Жыллёвая культура ўздымаецца двума шляхамі. Перадусім праз тое, што шырокім слаям насельніцтва становяцца даступныя ўсе тыя выгоды, якія дагэтуль былі толькі ў заможных. Да іх належаць электрычнае святло, газ як паліва для кухні, прыстасаванні, што палягчаюць вываз смецця, магчымасць мыцца — альбо ў кожнай кватэры, альбо ў лазні для пэўнай групы кватэр, — бягучая халодная, а магчыма, і гарачая вада ў кожнай кватэры, магчымасць карыстацца гарачай вадой у адпаведна абсталяваных пральнях і, нарэшце, цэнтральнае ацяпленне, якое так моцна памяншае клопат з паленнем печаў і адначасова палягчае падтрыманне кватэр у чысціні.
Усе гэтыя ўдасканаленні выкарыстоўваюцца не заўсёды і не ўсюды. Аднак няма такога сацыяльнага будаўніцтва, якое не выкарыстоўвала б некаторых з іх, а часта і многіх. І ўсюды без выключэння мы бачым, што выкананы такі важны з гігіенічнага пункту гледжання пастулат, як асобная прыбіральня ў кожнай кватэры. Амаль паўсюль праведзены таксама прынцып скразнога праветрывання кожнай, нават найменшай кватэры. Магчымасць адчыніць два вакны насупраць адно аднаго — гэта, бадай, тая рыса, якая найбольш адрознівае будаўніцтва, што лічыцца з патрэбамі здароўя жыхара, ад кватэр у флігелях даходных дамоў: іх адчыненыя вокны, што выходзілі на цесны дворык, дазвалялі ў лепшым разе абменьвацца дрэнным паветрам дзвюм кватэрам, размешчаным адна насупраць адной.
Клапоцячыся пра тое, каб палегчыць жыццё і працу жыхароў пабудаваных для іх дамоў, сацыяльнае будаўніцтва вельмі інтэнсіўна занялося таксама рацыяналізацыяй хатняй працы. Апроч ужо згаданых цэнтральных прыстасаванняў, гэта дало шэраг вельмі цікавых рашэнняў у будове і абсталяванні кухні як месца, дзе засяроджваецца асноўная хатняя праца. У многіх гарадах, і перадусім у Франкфурце-на-Майне, кожная кватэра забяспечана ўсім кухонным начыннем, прыстасаваным да будовы кухні; гэта дазваляе значна зэканоміць на яе памерах.
Адной толькі даступнасці культурных выгод для насельніцтва не дастаткова, каб узняць жыллёвую культуру. Трэба прызнаць, што значную частку людзей, якія апынуліся ў новых жыллёвых умовах, моцна адрозных ад ранейшых, давядзецца яшчэ адпаведна навучыць і накіраваць, каб узровень іх жыллёвай культуры сапраўды вырас.
Недастаткова мець належнае абсталяванне — трэба ўмець належным чынам ім карыстацца. Навучыць гэтаму можа толькі сацыяльнае будаўніцтва. Для гэтага неабходныя падрабязныя рэгламенты і інструкцыі, выразныя загады, сапраўдны кантроль за тым, як выконваюцца рэгламенты і загады, і, на жаль, карныя санкцыі ў выпадку грубых адступленняў ад правільнага карыстання кватэрамі.
Ставіць пытанне ўтрымання кватэр так катэгарычна, як гэта неабходна, перад жыхарамі можа дазволіць сабе толькі орган, які мае для іх аўтарытэт; і трэба, каб гэта быў аўтарытэт, якому жыхары ахвотна падпарадкоўваюцца; трэба, каб крыніцай улады і аўтарытэту былі альбо яны самі, альбо каб гэтую крыніцу яны прызнавалі цалкам слушна правамоцнай. Такое падпарадкаванне зусім немагчымае ў адносінах да асоб, якія ў той ці іншай форме прадстаўляюць імкненне да зыску. Але яно існуе ўсюды, дзе існуе сацыяльнае будаўніцтва; сведчаць пра гэта рэгламенты, выдадзеныя адміністрацыяй гарадскіх дамоў, як, напрыклад, Hausordnung — хатні распарадак, выдадзены венскім магістратам, — або тыя, што змяшчаюцца ў дамовах найму, якія заключаюць установы, што здаюць танныя кватэры, напрыклад французскія Offices Publics d’Habitations à bon marché. Неад’емнай часткай дамовы найму з’яўляюцца і шматлікія рэгламенты, якія выдаюць жыллёвыя кааператывы; яны тычацца ўсіх спраў, звязаных з карыстаннем кватэрай і з тым, каб жыхары аднаго дома ці пасёлка маглі жыць у згодзе. У гэтых рэгламентах, напрыклад, улічана неабходнасць захоўваць цішыню ў пэўныя гадзіны дня і ночы. Ёсць рэгламенты настолькі прадбачлівыя, што патрабуюць ставіць швейныя машынкі або пішучыя машынкі, якімі карыстаюцца ў кватэрах, на мяккія падкладкі, якія глушаць гук.
Асаблівую вагу надаюць падтрыманню кватэр у чысціні. Рэгламенты змяшчаюць чыста тэхнічныя ўказанні, як утрымліваць у чысціні ўнітаз, як карыстацца ваннай, як выціраць пыл з радыятараў цэнтральнага ацяплення і да т. п.
Некаторыя дамовы найму ўтрымліваюць нават ускосны абавязак мыцца — у пасёлках, дзе ванны няма ў кожнай кватэры, але ёсць лазня для агульнага карыстання. Кожны кватарант абавязаны, плацячы кватэрную плату, выкупіць на месяц столькі білетаў у лазню, колькі людзей жыве ў кватэры. Вядома, ніхто не можа прымусіць яго гэтымі білетамі скарыстацца, але практыка паказвае (такі абавязак існуе ў Сюрэне пад Парыжам), што хто заплаціў за білет у лазню, той звычайна ім і карыстаецца.
У цэлым шэрагу рэгламентаў мы знаходзім вельмі суровыя прадпісанні адносна запушчанасці кватэры, і перадусім адносна завядзення ў ёй паразітаў. Адпаведны пункт дамовы найму, якую заключае Office Public d’Habitations à bon marché дэпартамента Сена, гучыць так: «Выяўленне ў кватэры клапоў цягне за сабой неадкладнае скасаванне дамовы найму, пры гэтым выдаткі на дэзінфекцыю, як і ўсе іншыя выдаткі на абнаўленне памяшкання, адносяцца на рахунак кватаранта». Падобныя агаворкі ёсць і ў іншых рэгламентах.
Паўсюдна паўтараецца забарона мыць і сушыць бялізну ў кватэры ўсюды, дзе ў доме ці пасёлку ёсць прызначанае для гэтага памяшканне.
Барацьба з вільгаццю ў кватэры і клопат пра добрае паветра ў ёй — прычына таго, што ў рэгламенты ўключаюць указанні і загады адносна праветрывання.
Каб жыхары зразумелі неабходнасць правільна абыходзіцца з кватэрай і яе абсталяваннем, кошт унутранага рамонту ўсюды ўскладаюць на кватарантаў; ёсць дамовы, сфармуляваныя так, каб кватарант матэрыяльна выйграваў ад акуратнага ўтрымання кватэры. У Бельгіі тыпавая дамова, зацверджаная Société Nationale des Habitations et Logements à bon marché, прадугледжвае здачу кватэр з умовай, што кватарант нясе выдаткі на ўсе ўнутраныя рамонты, але рамонты гэтыя робіць выключна праўленне кааператыва, якое атрымлівае сродкі, павышаючы кватэрную плату на загадзя вызначаны працэнт. Сабраныя такім чынам сумы запісваюцца на рахунак кожнага кватаранта, і ён мае права атрымаць рэшту, не выдаткаваную на рамонт яго кватэры. Для кватаранта, які акуратна ўтрымлівае кватэру, гэта своеасаблівае прымусовае ашчаджэнне.
Клопат пра правільнае карыстанне кватэрай датычыць не толькі тэхнічнага боку, парадку і да т. п., — ён ідзе далей: кватэра — гэта кватэра для сям’і, значыць, яе нельга ператварыць у майстэрню або месца гандлю, калі яна не была спецыяльна для гэтага прыстасаваная і здадзеная. Ні ў якім разе яна не можа быць месцам гандлю алкаголем. Нежылыя памяшканні (напрыклад, сутарэнні) нельга выкарыстоўваць для жылля.
Паднайм, у прынцыпе, выключаюць усе вядомыя мне дамовы найму і рэгламенты, што тычацца кватэр, пабудаваных установамі, не разлічанымі на зыск. Толькі ў выключных, дакладна акрэсленых выпадках, пры наяўнасці ўмоў, якія кожны раз асобна канстатуюцца, улады ўстаноў і кааператываў могуць дазволіць часовы паднайм, і ўмовы такога паднайму цалкам падлягаюць іх кантролю.
Многія рэгламенты займаюцца таксама эстэтыкай кватэр, аднастайным уладкаваннем агародчыкаў, упрыгожваннем балконаў і да т. п.
Каб усе прадугледжаныя рэгламентамі ўмовы і абмежаванні не заставаліся мёртвай літарай папяровых кантрактаў, усюды прадугледжаныя адпаведна арганізаваныя абходы кватэр і санкцыі за невыкананне, як мы бачылі вышэй, часам вельмі суровыя.
У Вене такія абходы адбываюцца пастаянна, не радзей за раз на месяц: іх робяць інспектары, гарадскія чыноўнікі, якія на адпаведных бланках ставяць кватаранту адзнакі за стан кожнай асобнай часткі кватэры (падлога, сцены, столь, вокны, дзверы, вадаправод, печ, ракавіна, кухня, прыбіральня). Калі тры разы запар гэтыя адзнакі (ад 1 да 3) аказваюцца нездавальняючымі (1), кватаранта абавязваюць перасяліцца з новага дома ў стары. Рабочае кіраўніцтва Вены, апроч трыццаці з лішнім тысяч новых кватэр, якія пабудавала само, выкупіла, як вядома, цэлы шэраг дамоў з рабочымі кватэрамі, пабудаваных да вайны. Лічачы, што немагчыма пазбаўляць чалавека даху над галавой, гарадское кіраўніцтва мяркуе, што кватарант, які не здольны трымаць у парадку кватэру, пабудаваную з думкай пра яго, не заслугоўвае такой кватэры і павінен быць перасялены ў цесныя, неправетраныя норы, якія будаваліся адно дзеля зыску; а яго кватэру зойме нехта іншы, хто лепш умее яе цаніць і ўжо прыстасаваўся да культурных умоў. У Францыі Упраўленні таннага жылля ўвялі абходы, даручаныя служачым — сацыяльным візітаркам (infirmière sociale, даслоўна — «сацыяльная медсястра»). Іх задача — вывучаць не толькі тое, як людзі жывуць у кватэры, але і ўмовы жыцця сем’яў, якія жывуць у дамах Упраўленняў. Абавязак візітаркі — не толькі вывучаць, але і аказваць як мага большую параду і дапамогу. Тут мы бачым спробу злучыць жыллёвую дапамогу з сацыяльнай апекай.
У бельгійскіх кааператывах абходы робіць камісія, вылучаная з рады кааператыва, падобна як у нас, у Варшаўскім жыллёвым кааператыве, абходы робіць апякун, прызначаны Наглядальнай радай для кожнай калоніі.

III. Узаемадзеянне жыхароў
Гэтых некалькіх прыкладаў дастаткова, каб зразумець, як глыбока сацыяльнае будаўніцтва ўваходзіць у арганізацыю жыцця жыхароў пабудаваных для іх дамоў. Але на гэтым яго ўплыў не канчаецца. Жыхары сацыяльных дамоў — не толькі аб’ект дзейнасці ўладаў і служачых установы. Сацыяльнае жыллёвае будаўніцтва патрабуе ад усіх жыхароў актыўнага ўдзелу і па неабходнасці выклікае да жыцця новыя арганізацыйныя формы.
Неабходнасць ашчаджаць, каб пабудаваць як мага больш малых кватэр, вымушае пераносіць за межы кватэры частку функцый, якія раней выконваліся ў ёй, і шукаць найбольш эканамічны спосаб задаволіць агульныя патрэбы жыхароў.
Незалежна ад таго, ці знаходзяцца гэтыя кватэры ў вялікіх зборных дамах, ці ў пасёлках з малых аднасямейных домікаў, усюды ёсць і ўсё павялічваецца колькасць памяшканняў, якія ўзнікаюць дзеля задавальнення гэтых агульных патрэб. Залы для сходаў або клубныя, чытальні і бібліятэкі, яслі для малых дзяцей, дзіцячыя садкі для старэйшых, цэлы шэраг ужо згаданых тэхнічных прыстасаванняў (пральні, лазні, ацяпленне і да т. п.) — усё гэта патрабуе планавасці ў задавальненні гэтых патрэб.
Планавасць гэтая неабходная як пры праектаванні пасёлкаў, так і пры арганізацыі жыцця ў іх.
Арганізацыя жыцця ў новых пасёлках патрабуе радыкальнай змены адносін жыхароў да нерухомасці, у якой яны жывуць, і са свайго боку гэтай змене спрыяе.
Змена адносін кватаранта пачынаецца з таго, як ён атрымлівае кватэру. Характэрная рыса, якая паўтараецца ў многіх рэгламентах пра размеркаванне кватэр, — тое, што размеркаванне залежыць перадусім ад жыллёвых умоў, у якіх кандыдат знаходзіцца ў момант размеркавання.
Пры іншых роўных умовах новую кватэру атрымлівае той кандыдат, у якога цяперашняя кватэра найгоршая.
Фінансавы момант пры гэтым рашэнні не адыгрывае ніякай ролі або адыгрывае зусім другарадную. Затое перадусім бяруцца пад увагу сямейныя абставіны жыхароў.
Пераважная большасць жыхароў новага пасёлка вельмі востра адчувае розніцу паміж ранейшым жыццём і тым, якое яны змаглі атрымаць дзякуючы сацыяльнаму будаўніцтву. Пачуццё ўдзячнасці за тое, што яны змаглі жыць па-людску, палягчае падпарадкаванне рэгламентам, часам вельмі суровым.
Тым не менш кіраваць вялікімі скопішчамі малых кватэр з агульнымі прыстасаваннямі нялёгка. Нідзе гэтага не ўдаецца рабіць, не стварыўшы арганізацый кватарантаў.
Таму ўзнікненне такіх арганізацый сустракае заахвочванне з боку ўладаў, што кіруюць дамамі, а нярэдка ўлады самі выклікаюць да жыцця арганізацыі жыхароў.
У вялікіх венскіх дамах па даручэнні магістрата кожная лесвічная клетка выбірае даверанага. Сход давераных выбірае Галоўнага даверанага для кожнага пасёлка.
Інспектары дамоў, якія з’яўляюцца органам непасрэднага нагляду з боку гміннай улады, абавязаны трымаць пастаянную сувязь з даверанымі.
Інстытут давераных ніколькі не абмяжоўвае права жыхароў ствараць камітэты, з якімі інспектары — гарадскія служачыя — павінны супрацоўнічаць, калі такія камітэты ёсць.
Вялікія нямецкія кааператывы (напрыклад, Жыллёвы кааператыў у Дуйсбургу) прадугледжваюць Адміністрацыйныя камітэты для кожнай жылой калоніі. Такі камітэт складаецца з 3 членаў, якіх прызначае праўленне кааператыва, выслухаўшы меркаванне кватарантаў. Гэтыя трое кааптуюць яшчэ 2 кватарантаў. Калі калонія налічвае больш кватэр, колькасць членаў камітэта расце так, каб кожныя 100 кватэр былі прадстаўлены 3 членамі.
Усе камітэты разам складаюць Адміністрацыйную раду.
Кампетэнцыя і камітэтаў, і рады вельмі шырокая. Яна ахоплівае як прадстаўніцтва інтарэсаў жыхароў, так і падтрымку праўлення кааператыва ва ўсіх распараджэннях, мэта якіх — выкананне ўмоў найму і рэгламентаў.
Між іншым, Адміністрацыйная рада дае заключэнні на прапановы камітэтаў пра скасаванне найму кватэры.
Асобныя камітэты рэгулююць таксама парадак карыстання прыстасаваннямі, якія служаць для агульнага або чарговага карыстання ўсіх жыхароў.
Задачы арганізацый кватарантаў нялёгкія, асабліва ў кааператывах, дзе іх мэтай мусіць быць умацаванне значэння і аўтарытэту кааператыва, абарона яго матэрыяльных і маральных інтарэсаў і адначасова задавальненне часта слушных прэтэнзій жыхароў. Згладжваць супярэчнасці, якія ўзнікаюць, і ні ў якім разе не абвастраць іх — адзіны шлях, якім гэтыя ўстановы могуць дзейнічаць.
Ісці па гэтым шляху значна лягчэй, калі арганізацыя кватарантаў мае больш далёкія мэты, выконвае для сваіх членаў і іншыя карысныя функцыі, апроч тых, што вынікаюць з адносін, звязаных з адміністраваннем дамоў.
Такі характар маюць таварыствы кватарантаў, якія, апроч адміністрацыйных задач, ахопліваюць дзейнасць культурнага, грамадскага, дабрачыннага характару.
Такія перадусім таварыствы ўзаемадапамогі (Mutuelles), якія існуюць у Францыі ў пасёлках, пабудаваных Упраўленнем таннага жылля дэпартамента Сена. Членства ў гэтых таварыствах, праўда, не абавязковае, але пад уплывам кіраўніцтва ўстановы ў іх удзельнічаюць амаль усе кватаранты.
Унёсак у таварыства збірае адміністрацыя як пэўны працэнт ад кватэрнай платы і перадае ў касу таварыства.
Таварыства аказвае кватарантам матэрыяльную дапамогу ў выпадку непрадбачаных здарэнняў, якія робяць яе неабходнай.
Калі кватарант не заплаціць кватэрнай платы, а рада таварыства палічыць, што ён заслугоўвае дапамогі, яна ўносіць кватэрную плату за яго ў касу Упраўлення, разглядаючы, у прынцыпе, такую дапамогу як пазыку.
Калі прычынай няплацяжу і праўда былі часовыя абставіны, пазыка вяртаецца, і каса ўзаемадапамогі не бяднее. У адваротным выпадку, калі ўмовы яшчэ пагоршыліся (смерць, цяжкая хвароба, працяглае беспрацоўе), пазыка ператвараецца ў бязвыплатную дапамогу.
Так кватаранты пасёлка, якія добра ведаюць, як жывуць суседзі, аказваюць адно аднаму ўзаемную дапамогу, а Упраўленне мае забяспечаны бягучы прыток кватэрнай платы, без якога не магла б устаяць ніякая гаспадарчая дзейнасць. У тых выпадках, калі суседзі-таварышы лічаць, што дапамагаць не варта, Упраўленне мае развязаныя рукі і можа выселіць кватаранта, які без уважлівай прычыны не плаціць кватэрнай платы.
У канцы года Упраўленне вывучае страты, якія Mutuelle панесла праз невернутыя пазыкі і выдадзеную дапамогу, і частку гэтых страт (звычайна трэць) пакрывае, даючы таварыству субсідыю.
Пэўнасць, што кватэрная плата будзе паступаць рэгулярна, для жыллёвых кааператываў мае яшчэ большае значэнне, чым для Упраўленняў таннага жылля.
Таму Варшаўскі жыллёвы кааператыў, мэта якога — даць як мага большай колькасці рабочых і служачых кватэры, што адпавядаюць усім прынцыпам сацыяльнага жыллёвага будаўніцтва, палічыў неабходным выклікаць да жыцця арганізацыю, падобную да той, што існуе ў дэпартаменце Сена.
Таварыства ўзаемадапамогі кватарантаў Варшаўскага жыллёвага кааператыва пад назвай «Шкляныя дамы» ставіць мэтай стварыць асновы суседскага суіснавання ўсіх, хто жыве ў дамах, пабудаваных Варшаўскім жыллёвым кааператывам.
Каб выконваць свае задачы, таварыства займаецца ўсімі справамі, што тычацца маральнага і матэрыяльнага дабрабыту кватарантаў кааператыва; арганізацыяй установаў, якія палягчаюць выхаванне дзяцей; арганізацыяй забаў, лекцый, канцэртаў, конкурсаў і да т. п.; устанаўленнем прадстаўніцтва кватарантаў перад адміністрацыяй дамоў і ўладамі кааператыва; падтрымкай бязвыплатнай дапамогай або пазыкамі тых сваіх членаў, каго непрадбачаныя здарэнні (смерць, хвароба, беспрацоўе) паставілі ў цяжкае матэрыяльнае становішча; нарэшце, магчымым кіраваннем дамамі, якія кааператыў перадасць яму ў загад, або іншымі справамі, перададзенымі яму праўленнем кааператыва.
Таварыства не дапускае на сваіх сходах ніякіх палітычных і рэлігійных дыскусій.
Ці ж мы не сведкі нараджэння новых формаў чалавечага суіснавання, якімі мы цалкам абавязаныя будаўніцтву, не разлічанаму на зыск, — будаўніцтву, якое, маючы на мэце толькі задавальненне патрэб кватарантаў, не можа рабіць гэтага без іх удзелу і дапамогі?
А ўзаемадапамога, якую аказваюць адно аднаму ў гэтых новых пасёлках, — ці ж гэта не пачатак Саюзаў сяброўства, пра якія марыў Эдвард Абрамоўскі?
«Узаемадапамога, пашыраная на ўсе выпадкі жыцця і ажыццяўляная ў малых групах людзей, якія асабіста ведаюць адно аднаго». «Саюз, у якім не павінна быць ніякага бюракратызму… чысты тып саюза людзей добрай волі, якія робяць дабро бескарысліва — не як чыноўнікі дабрачынных таварыстваў, а так, як дапамагаюць сябры».
Сацыяльнае жыллёвае будаўніцтва толькі пачынаецца, але ўжо сёння нам відаць усе схаваныя ў ім магчымасці і значэнне, якое яно можа мець для пераўтварэння жыцця насельніцтва гарадскіх пасёлкаў.

Значэнне кааперацыі для жыллёвай справы (1931)
Галіна, у якой «кааперацыя» — назва, далёкая ад свайго сапраўднага зместу, а значыць, крыніца глыбокіх непаразуменняў, — гэта жыллёвая кааперацыя.
Ёсць такія, хто бачыць у ёй шлях лёгка здабыць з публічнай дапамогай нерухомую ўласнасць, якую можна выгадна прадаць або даходна эксплуатаваць; іншыя спадзяюцца, што кааператыў без ніякіх сапраўдных намаганняў з іх боку дасць ім дах над галавой.
І тыя, і другія, і трэція атаясамліваюць жыллёвую кааперацыю з дапамогай, якую дзяржава аказвае жыллёваму будаўніцтву, і ўскладаюць на кааперацыю ўсе хібы гэтай дапамогі: яе недастатковасць, няправільнае ў часе і месцы прымяненне, адсутнасць кантролю і да т. п.
Задача кааперацыі — зрабіць прадукт танейшым, абмінуўшы непатрэбнае і дарагое пасярэдніцтва, праз арганізацыю закупкі, вытворчасці і размеркавання. Гэтае азначэнне цалкам дастасавальнае да жыллёвай кааперацыі, якая, без сумнення, ёсць формай спажывецкай кааперацыі. Людзі, якія хочуць і могуць пабудаваць сабе ўласны дом, каб у ім жыць, аб’ядноўваюцца ў кааператыў (жыллёва-будаўнічы кааператыў), каб разам купіць дзялянку, будаўнічыя матэрыялы, разам весці будоўлю і, нарэшце, — а можа, і перадусім — разам яе фінансаваць, разам узяць пазыку.
Так кааперацыя замяняе пасярэдніка — будаўнічага спекулянта, які будуе дамы на продаж.
Іншыя, хто хоча забяспечыць сабе магчымасць наймаць кватэру, якая не залежала б ад добрай ці злой волі ўладальніка нерухомасці, аб’ядноўваюцца ў жыллёвы кааператыў, мэта якога — не толькі правесці будоўлю, але і кааператыўна кіраваць жылым домам, абмежаваць кватэрную плату яе сапраўднымі выдаткамі, цалкам выключыць пасярэдніцтва ўладальніка нерухомасці.
Бо ўладальнік нерухомасці найчасцей — толькі пасярэднік паміж капіталам, пазычаным пад іпатэку, і кватарантам.
Даходныя дамы ні перад вайной, ні цяпер амаль ніколі не будуюцца за ўласныя грошы.
Галоўная ўмова кааператыўнай будаўнічай дзейнасці — здабыць танны доўгатэрміновы крэдыт. Калі, як цяпер, неабходна, каб гэты крэдыт даваўся з публічных сродкаў, то справа ўладаў (перадусім заканадаўчай улады) — устанавіць такія нормы і даць такія магчымасці, каб крэдыт гэты падтрымліваў толькі тыя намаганні, што таго заслугоўваюць, і ў такой меры, каб ім маглі карыстацца найбольш патрабуючыя.
Гэтай дапамогі кааператар можа і мусіць патрабаваць, але адным гэтым яго дзейнасць не можа абмяжоўвацца. Калі кааператар са свайго боку не можа ці не хоча нічога даць, няхай не шукае задавальнення сваіх патрэб на кааператыўным шляху; калі ён не можа быць актыўным суб’ектам, ён мусіць быць прадметам дзеяння, аб’ектам сацыяльнай дапамогі дзяржавы, гміны, установы ці фундацыі.
Як кааператар, ён не можа абмяжоўвацца пасіўнай роляй.
І справа не толькі ў грашовых унёсках: усведамляць, што яны неабходныя і якімі яны павінны быць, важна, але яшчэ важнейшае ўнутранае стаўленне да галоўнай задачы кааперацыі — арганізоўваць жыццё без непатрэбнага, капіталістычнага пасярэдніцтва.
Калі кааператар будуе дом ці кватэру, каб атрымліваць даход з найму, — ён не кааператар, а ў большым ці меншым маштабе, лепш ці горш замаскаваны ўладальнік даходнага дома. Не кааператар і той, хто не парваў з псіхалогіяй кватаранта, які супрацьпастаўляе свой інтарэс інтарэсу праўлення ці адміністрацыі кааператыва і ставіцца да іх як да гаспадара даходнага дома.
Характэрнай рысай жыллёвага кааператыва павінен быць удзел членаў-кватарантаў у адміністраванні, клапатлівае стаўленне да агульнага дабра, падтрыманне яго ў чысціні і парадку, ашчаднае карыстанне вадой, святлом, палівам, пазбяганне ўсякага марнатраўства, пастаянны клопат пра тое, каб процідзейнічаць усяму, што можа зрабіць кватэру даражэйшай.
Самы сур’ёзны элемент, які ўплывае на памер кватэрнай платы, — працэнты на капітал, укладзены ў будоўлю; значыць, яны залежаць ад кошту будаўніцтва і ад працэнтнай стаўкі.
Кааператар толькі ў невялікай ступені можа паспрыяць зніжэнню выдаткаў на працэнты, аднак ён не пазбаўлены ўсякай магчымасці ўплыву: памер уласнага жыллёвага ўнёску, які складае частку будаўнічага капіталу, што не абкладаецца працэнтамі, памяншае агульныя выдаткі на працэнты; а змяшчаць хоць бы невялікія свае ашчаджэнні ў кааператыўных банкаўскіх установах, якія са свайго боку могуць фінансаваць кааператыўнае жыллёвае будаўніцтва, — абавязак свядомага кааператара, які ў далейшым выніку мусіць паспрыяць зніжэнню працэнтнай стаўкі.
Аднак вырашальна паўплываць на памер кватэрнай платы можа зніжэнне кошту будаўніцтва, якога можна дасягнуць, ужыўшы кааператыўныя прынцыпы да самога будаўніцтва.
Абмінуць непатрэбнае для вытворчасці кватэр звяно — генеральнага будаўнічага падрадчыка — не ўдасца, калі кожную асобную будоўлю весці гаспадарчым спосабам.
Немагчыма, каб той, хто хоча абмінуць пасярэдніка пры набыцці якога-небудзь тавару, кожны раз асобна звязваўся з вытворцам, — абслугоўваць яго напэўна будуць горш і даражэй, чым у купца; затое ён можа і павінен як кааператар стварыць сталую гандлёвую арганізацыю, якая выконвала б функцыі размеркавання. Уласная арганізацыя, створаная для кожнай задуманай будоўлі паасобку, мусіць працаваць горш і каштаваць даражэй, чым прыватны падрадчык-пасярэднік.
Адзіны правільны шлях для жыллёвай кааперацыі — стварыць сталую будаўнічую арганізацыю, якая пастаянна абслугоўвала б кааператывы, задавальняла б сталыя будаўнічыя патрэбы кааператыўнага руху.
Такая арганізацыя мусіць адпавядаць чыстым кааператыўным прынцыпам: будуючы для сваіх членаў, яна павінна браць з іх сапраўдны кошт будоўлі з даданнем пэўнага (налічанага з запасам) працэнта на пакрыццё агульных выдаткаў.
Разлік, зроблены ў канцы года, паказаў бы, колькі з пераплачанага трэба вярнуць кожнаму асобнаму кааператыву, для якога будавалі на працягу года.
Тое, што кааператывы разумеюць значэнне арганізацыі такога тыпу, — асноўная ўмова яе развіцця.
Толькі аб’яднанне большай колькасці будоўляў у адных руках і трываласць арганізацыі могуць даць значнае здзяшэўленне — дзякуючы зніжэнню агульных выдаткаў і досведу, які дае бесперапыннасць працы. Апора кааператыўнай будаўнічай арганізацыі на рабочыя прафсаюзы, узаемнае разуменне і давер, якія мусіць даць супрацоўніцтва прафсаюзаў і кааператываў, стануць дадатковай крыніцай здзяшэўлення будоўлі дзякуючы ўдасканаленню і інтэнсіфікацыі працы.
Усё гэта, зразумела, не адбудзецца адразу; досвед Грамадскага будаўнічага прадпрыемства паказвае, што на шляху, на якім ужо зроблены сур’ёзны крок наперад, яшчэ вельмі шмат трэба зрабіць.
Член спажывецкага кааператыва, які патрабуе, каб толькі што адкрытая крама ў першы ж дзень свайго існавання давала яму тавар лепшы, танейшы (а то і ў крэдыт), чым прыватная крамка, па сутнасці — вораг кааперацыі і нічым не паспрыяе перабудове грамадства. Гэтаксама жыллёвы кааператыў, які патрабуе ад сваёй уласнай кааператыўнай будаўнічай арганізацыі, каб тая прыстасоўвалася да метадаў прыватнага падрадчыка, і ставіцца да яе нароўні з гэтым падрадчыкам, далёкі ад кааператыўнай ідэалогіі.
А тыя, хто з першай хвіліны без агаворак падтрымаў і далей падтрымлівае намаганні Грамадскага будаўнічага прадпрыемства, без сумнення, не толькі дасягнуць — можа, сёння яшчэ не надта значнага — здзяшэўлення будоўлі, але і будуць мець вялікую заслугу: яны закладуць падмурак здаровай будаўнічай арганізацыі, якая можа мець першараднае значэнне для будучыні жыллёвай справы.
Teodor Toeplitz, «Znaczenie społecznego budownictwa mieszkaniowego», Warszawa: Komitet Polski Międzynarodowej Konferencji Służby Społecznej, 1928. Пераклад з польскай паводле скана ў Polona; бібліяграфія і рэзюмэ прапушчаныя. Teodor Toeplitz, «Znaczenie spółdzielczości dla sprawy mieszkaniowej», «Społem!», 1931, № 3 — пераклад паводле публікацыі на lewicowo.pl (http://lewicowo.pl/znaczenie-spoldzielczosci-dla-sprawy-mieszkaniowej/). Тэадор Тэпліц памёр у 1937 годзе; яго тэксты знаходзяцца ў грамадскім набытку.



