Да зместу
Левы часопіс на беларускай мове
Праксіс

Горад41 хвіліна чытання0 праглядаў

Дваццаць гадоў у Хал-Хаўсе

1910 год. Джэйн Адамс успамінае, як у 1889-м пасялілася ў старым доме сярод імігранцкіх кварталаў Чыкага, і тлумачыць, навошта адукаванай моладзі жыць побач з беднымі: дабро, якое мы здабылі для сябе, вісіць у паветры, пакуль не стане агульным.

Тэкст: Джэйн Адамс

Калаж: вялікая фатаграфія цагляных будынкаў Хал-Хаўса на рагу вуліцы ў аранжавым дуатоне — трох-чатырохпавярховыя карпусы з вострымі франтонамі і аркамі ўваходаў, пустая брукаваная вуліца; справа ў чорным крузе чорна-белы партрэт Джэйн Адамс 1899 года — жанчына з гладка зачэсанымі валасамі, у блузцы з бантам на шыі; пад ім подпіс «Джэйн Адамс 1899» і крыху нахілены фрагмент карты нацыянальнасцей 1895 года — квартальная сетка, дзе кожны ўчастак зафарбаваны ў свой тон; унізе чорная паласа, вялікі надпіс «Хал-Хаўс» і радок «Чыкага · Халстэд-стрыт · 1889–1910».
Будынкі Хал-Хаўса ў Чыкага на паштоўцы пачатку XX стагоддзя; Джэйн Адамс у 1899 годзе; фрагмент «Карты нацыянальнасцей № 1» — кварталы ад Халстэд-стрыт да Джэферсан-стрыт, дзе колерам пазначана паходжанне жыхароў кожнага дома («Hull-House Maps and Papers», 1895) · Калаж: Праксіс. Выявы: паштоўка V. O. Hammon Publishing Company; партрэт з Digital Public Library of America; карта з «Hull-House Maps and Papers» (1895) — праз Wikimedia Commons, грамадскі набытак

Джэйн Адамс (1860–1935) — амерыканская сацыяльная рэфарматарка і пацыфістка. Дачка заможнага млынара і сенатара штата Ілінойс, яна скончыла жаночую семінарыю ў Рокфардзе, кінула медыцынскую вучобу і некалькі гадоў шукала сабе справу. У 1888 годзе ў Лондане яна пабывала ў Тойнбі-холе — першым сетльменце (ад англ. settlement — «пасяленне»), які ў 1884 годзе заснавалі ў рабочым Уайтчапелі святар Сэмюэл Барнет і ягоная жонка Генрыета. Ідэя руху сетльментаў была простая: адукаваныя людзі пасяляюцца ў бедным квартале, жывуць побач з суседзямі і разам з імі ладзяць заняткі, клубы, даследаванні і кампаніі за рэформы. 18 верасня 1889 года Адамс і яе сяброўка Элен Гейтс Стар (пазней сябра Сацыялістычнай партыі) пасяліліся ў старым доме Чарлза Хала на Халстэд-стрыт, у 19-й акрузе Чыкага — адным з самых перанаселеных імігранцкіх раёнаў горада. Тут жылі італьянцы, ірландцы, немцы, чэхі, грэкі і габрэі з Расійскай імперыі — з мяжы аселасці, у якую ўваходзілі і беларускія губерні; на поўдзень ад Хал-Хаўса, вакол Максвел-стрыт, гандляваў іх вулічны рынак. Хал-Хаўс пачаўся з дзіцячага саду і чытанняў, а да 1910 года разросся да трынаццаці будынкаў: клубы для дзяцей і дарослых, вячэрнія заняткі, тэатр, гімнастычная зала, кааператыўны дом для работніц, першая ў Чыкага грамадская пляцоўка для гульняў. Насельнікі сетльмента даследавалі сваё наваколле: у зборніку «Hull-House Maps and Papers» (1895) яны нанеслі на карты нацыянальнасці і заробкі жыхароў квартала дом за домам. Рэзідэнтка Хал-Хаўса Флорэнс Кэлі, сацыялістка і перакладчыца Энгельса, у 1893 годзе стала першай фабрычнай інспектаркай Ілінойса паводле закона, які забараняў фабрычную працу дзяцей да 14 гадоў і абмяжоўваў рабочы дзень жанчын васьмю гадзінамі (гэтую норму ў 1895 годзе адмяніў Вярхоўны суд штата). Сама Адамс у 1895 годзе заняла пасаду інспектаркі па вывазе смецця ў сваёй акрузе і сачыла за санітарным станам вуліц. Людзі з Хал-Хаўса дабіліся і стварэння ў 1899 годзе першага ў ЗША суда для непаўналетніх. Палітычна Адамс была прагрэсісткай, а не сацыялісткай: яна дабівалася рэформаў праз заканадаўства, падтрымлівала прафсаюзы і выбарчае права жанчын, у 1912 годзе падтрымала Прагрэсіўную партыю Тэадора Рузвельта. Падчас Першай сусветнай вайны яна старшынявала на міжнародным жаночым кангрэсе ў Гаазе (1915), выступала супраць уступлення ЗША ў вайну і стала першай старшынёй Жаночай міжнароднай лігі за мір і свабоду. У 1931 годзе яна першай з амерыканак атрымала Нобелеўскую прэмію міру. Кніга «Twenty Years at Hull-House» выйшла ў 1910 годзе. Мы перакладаем два раздзелы: пяты, «Першыя дні ў Хал-Хаўсе», — пра тое, як сетльмент пасяляўся ў квартале, і шосты, «Суб’ектыўная неабходнасць сацыяльных сетльментаў», дзе Адамс прыводзіць часткі сваёй лекцыі 1892 года — аднаго з першых маніфестаў амерыканскага руху сетльментаў. Астатнія раздзелы кнігі не перакладзеныя. Згадка пра «анархісцкую» нядзельную школу — водгук Хеймаркецкай справы: пасля выбуху бомбы на рабочым мітынгу ў Чыкага ў 1886 годзе восем анархістаў асудзілі за забойства, чацвёра з іх былі павешаныя, і слова «анархіст» у горадзе ператварылася ў пагрозлівае клеймо. Чыншавымі дамамі мы перадаём англійскае tenements — танныя дамы, дзе кватэры і пакоі здаваліся беднякам. «Багемцамі» (Bohemians), як было прынята ў той час, Адамс называе чэхаў; мы пішам «чэхі». Заўвагі ў квадратных дужках дададзеныя рэдакцыяй.


Першыя дні ў Хал-Хаўсе

Наступны студзень застаў нас з міс Стар у Чыкага: мы шукалі мясціну, дзе можна было б ажыццявіць нашы планы. Нам вельмі хацелася знайсці сяброў для новай справы, і мы карысталіся кожнай нагодай, каб растлумачыць, што такое сетльмент, якім ён увасобіўся ў Тойнбі-холе, — хоць у тыя дні мы не прасілі грошай, бо збіраліся пачынаць на свае сціплыя сродкі. Ад самага пачатку план сустракаў ветлівую ўвагу, і размовы пра яго, часта скептычныя, заўсёды былі прыязнымі. Прафесар Свінг напісаў пахвальную калонку ў «Evening Journal», а пра нашы першыя выступы газеты пісалі значна больш, чым яны таго заслугоўвалі. Памятаю жвавы вечар у доме місіс Уілмарт, куды прыйшлі славуты вучоны Томас Дэвідсан і малады англічанін, сябра тады яшчэ новага Фабіянскага таварыства, — яго акружаў асаблівы арэол, бо ён усё лета чысціў нажы ў лагеры ўзвышаных філосафаў у Адырондаках. Наш маленькі план выклікаў у містэра Дэвідсана крытыку, калі не сказаць неўхваленне: наколькі я памятаю, ён назваў яго «адной з тых ненатуральных спробаў зразумець жыццё праз кааператыўнае пражыванне».

Марна мы даводзілі, што сумеснае жыццё — не галоўнае ў нашым плане, што мы заўсёды будзем сумленна плаціць за сябе самі і што ў любы момант можам вырашыць рассяліцца па наваколлі і жыць у асобных чыншавых дамах; ён стаяў на сваім: большасць тых, хто захоча пасяліцца ў сетльменце, прывабіць менавіта сумеснае жыццё. Па сутнасці ён, вядома, меў рацыю: насельнікаў сетльмента заўсёды цягне «згубіцца ў пячоры ўласнага таварыства», як кажуць у Тойнбі-холе; але, з другога боку, няма сумневу, што якраз гэтае таварыства, узаемны абмен паміж калегамі, і трымае сетльмент у нармальным стане і ў сувязі са «светам рэчаў, якімі яны ёсць». З радасцю магу сказаць, што мы ніколі не крыўдавалі ні за гэтую, ні за любую іншую розніцу ў поглядах і што праз пятнаццаць гадоў прафесар Дэвідсан велікадушна прызнаў: перавагі групы значна пераважаюць слабасці, на якія ён калісьці ўказваў. У той час ён сам дзяліўся найбольш сталымі сваімі філасофскімі высновамі з групай маладых людзей на Іст-Сайдзе ў Нью-Ёрку і быў вельмі крануты іх разумнай цікавасцю і поўнай адданасцю. Думаю, час пацвердзіў і нашу тагачасную думку: проста мець апірышча — дом, лёгка даступны, прасторны, гасцінны і памяркоўны па духу, які стаіць пасярод вялікіх іншаземных калоній, што так лёгка замыкаюцца ў сабе ў амерыканскіх гарадах, — ужо само па сабе было б карысна для Чыкага. Я не так упэўненая, што нам удалося «зрабіць так, каб грамадскія зносіны выяўлялі ўсё мацнейшае пачуццё эканамічнага адзінства грамадства, і дадаць да дэмакратыі сацыяльную функцыю». Але Хал-Хаўс быў цвяроза адкрыты на падставе тэорыі, што класы залежаць адзін ад аднаго ўзаемна і што сацыяльныя адносіны — па сутнасці адносіны ўзаемныя, а таму даюць форму выяўлення, якая мае асаблівую каштоўнасць.

Шукаючы мясціну, дзе пасяліцца, мы хадзілі па горадзе з інспектарамі аддзела абавязковага навучання, з гарадскімі місіянерамі і з газетнымі рэпарцёрамі — помню іх як людзей значна старэйшых, чым звычайна ўяўляеш сабе прадстаўнікоў гэтай прафесіі; а можа, мяне проста адпраўлялі са старэйшымі ў тое, што ўсе яны, мусіць, лічылі донкіхоцкай місіяй. Аднойчы ў нядзелю пад канец зімы рэпарцёр павёў мяне ў так званую анархісцкую нядзельную школу — некалькі такіх было на паўночным захадзе горада. Кіраваў ёю малады чалавек тыпу нямецкага студэнта; ягоны твар разгараўся ад натхнення, калі ён вёў дзіцячы хор, што спяваў адзін з вершаў Кёрнера. Газетчык, які не разумеў па-нямецку, спытаў мяне, што за брыдоту яны спяваюць, але мой пераклад простых слоў, здаецца, яго не задаволіў: ён змрочна намякнуў, што гэта «хітрыя штукары» і што яны, мусіць, мяне «абдурылі». Калі я адказала, што Кёрнер — палымяны нямецкі паэт, чые песні натхнялі ягоных суайчыннікаў супраціўляцца заваёвам Напалеона, і што ягоныя вершы ў пераплёце стаяць у самых паважаных бібліятэках, ён паглядзеў на мяне даволі коса, і тады я ўпершыню зразумела: калі ставішся да чыкагца, якога называюць анархістам, як да любога іншага грамадзяніна, сама наклікаеш на сябе глыбокае падазрэнне.

Іншым разам, у нядзелю ранняй вясной, едучы ў чэшскую місію ў экіпажы аднаго з яе заснавальнікаў, мы праязджалі міма прыгожага старога дома, што стаяў у глыбіні, далёка ад вуліцы; з трох бакоў яго акружала шырокая веранда на драўляных калонах выключна чыстага карынфскага ордэра і прапорцый. Дом так мяне прывабіў, што я выправілася паглядзець на яго ўжо назаўтра, але, хоць шукала яго і тады, і яшчэ некалькі дзён пасля, знайсці не магла і ўрэшце вельмі неахвотна кінула пошукі.

Праз тры тыдні, параіўшыся з некалькімі найстарэйшымі жыхарамі Чыкага, у тым ліку з былым мэрам горада палкоўнікам Мэйсанам, які з самага пачатку горача падтрымліваў нашы планы, мы вырашылі пасяліцца дзесьці каля скрыжавання Блу-Айленд-авеню, Халстэд-стрыт і Харысан-стрыт. Як жа я здзівілася і ўзрадавалася, калі ў першы ж дзень пошукаў памяшкання натрапіла на той самы гасцінны стары дом, які так нядаўна адчаялася знайсці! Дом, вядома, здаваўся ў арэнду: ніжні паверх займалі канторы і склады фабрыкі, што стаяла за ім. Аднак, пераадолеўшы пэўныя цяжкасці, мы змаглі ўзяць у суарэнду другі паверх і былую вялікую гасціную на першым.

Дом зведаў шмат перамен з таго часу, як у 1856 годзе яго пабудавалі як сядзібу аднаго з чыкагскіх піянераў, містэра Чарлза Дж. Хала, і хоць жыццёвыя перыпетыі яго пашарпалі, па сутнасці ён застаўся моцным. Да фабрыкі ў ім месцілася крама патрыманай мэблі, а нейкі час Малыя сёстры бедных трымалі ў ім прытулак для старых. Пра гарышча хадзіла напалову недаверлівая пагалоска, што там водзяцца прывіды, і жыльцы другога паверха так з ёю лічыліся, што на лесвіцы на гарышча ў іх заўсёды стаяў вялікі збан з вадой. Тлумачылі яны гэты звычай так блытана, што я была перакананая: перада мной перажытак веры ў тое, што прывід не можа перайсці праточную ваду, — хоць, можа, такое тлумачэнне было толькі вынікам маёй прагі ўсюды знаходзіць фальклор.

Стары прыгожы дом удзячна адгукнуўся на рамонт, а шырокі хол і адкрыты камін заўсёды надавалі яму прыязны выгляд. Ягоная шчодрая ўладальніца, міс Хелен Калвер, наступнай вясной аддала нам увесь дом у бясплатную арэнду. Яе дабрыня не слабела ўсе гэтыя гады, і цяпер трынаццаць будынкаў, у якіх змяшчаецца наша гаспадарка, стаяць пераважна на зямлі, якую міс Калвер аддала на карысць сетльмента, што носіць імя містэра Хала. У тыя дні дом стаяў паміж пахавальным бюро і салунам. Адзін чыкагскі дасціпнік назваў гэтую тройку «Рыцар, Смерць і Д’ябал», але ўсякі намёк на ўдаваны гераізм, які мог хавацца ў параўнанні сетльмента з рыцарам, хутка знік перад шчырай дабрынёй і сардэчнай гасціннасцю, з якімі сустрэлі нас сем’і ўздоўж усёй вуліцы.

Мы абсталявалі дом так, як абсталявалі б яго ў любой іншай частцы горада: фатаграфіямі і іншымі рэчамі, што назбіралі ў Еўропе, і некалькімі сямейнымі рэчамі з чырвонага дрэва. Уся новая мэбля, якую мы купілі, была трывалая, і мы сачылі, каб яна адпавядала характару старой прыгожай сядзібы. Мусіць, ніводная маладая гаспадыня не расстаўляла свае рэчы ва ўласным доме з большай радасцю, чым мы, калі ўпершыню абсталёўвалі Хал-Хаўс. Мы лічылі, што сетльмент цалкам лагічна можа заклікаць сабе на дапамогу ўсё, што адукаваны чалавек лічыць добрым і што нагадвае пра найлепшае ў жыцці мінулага.

18 верасня 1889 года мы з міс Стар пераехалі туды разам з міс Мэры Кайзер. Яна ўзялася за хатнюю працу, але хутка стала вельмі важнай асобай і ў жыцці наваколля, і ў жыцці нашага дома; калі праз пяць гадоў яна памерла, па ёй шчыра смуткавалі сотні нашых суседзяў.

Ад захаплення, што мы нарэшце «пасяліліся», мы ў першую ноч забыліся не тое што замкнуць, а нават зачыніць бакавыя дзверы на Полк-стрыт — і раніцай былі вельмі задаволеныя, што атрымалі выдатны доказ сумленнасці і добразычлівасці нашых новых суседзяў.

Нашай першай госцяй была цікавая маладая жанчына з суседняга чыншавага дома; яе маці-ўдава дапамагала ўтрымліваць сям’ю тым, што кожную ноч мыла падлогі ў адным тэатры ў цэнтры горада. Маці, англічанка па паходжанні, была добра выхаваная і старанна адукаваная, але апынулася ў самым разгары той горкай барацьбы, што чакае ў амерыканскіх гарадах столькі прыезджых, якія бачаць, што іх сацыяльнае становішча мераюць выключна тым узроўнем жыцця, які яны могуць сабе дазволіць. Наша госця даўно ўжо выйшла замуж за маладога юрыста, з якім тады была заручаная і які тады толькі прабіваўся ў жыцці; цяпер ён адзін з першых у сваёй прафесіі ў адным з усходніх гарадоў. Яна заўсёды ўспамінае той месяц з усмешкай: наведнікі, што чарадой прыходзілі паглядзець на новы сетльмент, нязменна дэталёва распытвалі яе пра «гэтых людзей», ні разу не западозрыўшы, што размаўляюць з той, хто з дзяцінства належыць да гэтага наваколля. Я, прынамсі, вынесла з гэтага выпадку ўрок: ніколі больш я не выступала перад чыкагскай публікай пра сетльмент і ягонае наваколле, не запрасіўшы з сабой каго-небудзь з суседзяў, — каб стрымліваць сябе ад паспешлівых абагульненняў, памятаючы, што сярод слухачоў ёсць чалавек, які ведае тутэйшае жыццё куды бліжэй, чым магу спадзявацца ведаць я.

Халстэд-стрыт стала такой знаёмай за дваццаць гадоў жыцця тут, што цяжка ўзгадаць, як паступова яна змянялася: як з’язджалі больш заможныя ірландцы і немцы і як іх павольна замянялі габрэі з Расіі, італьянцы і грэкі. Апісанне вуліцы, якое я давала ў тых ранніх выступах, і цяпер здаецца мне спагадлівым і дакладным.

Халстэд-стрыт мае трыццаць дзве мілі ў даўжыню і з’яўляецца адной з галоўных магістраляў Чыкага; Полк-стрыт перасякае яе пасярэдзіне паміж бойнямі на поўдні і суднабудаўнічымі верфямі на паўночным рукаве ракі Чыкага. На шэсць міль паміж гэтымі дзвюма галінамі вуліца забудаваная крамамі мяснікоў і бакалейшчыкаў, убогімі і раскошнымі салунамі ды пыхлівымі магазінамі гатовай вопраткі. Полк-стрыт, калі ісці ад Халстэд-стрыт на захад, хутка багацее; на ўсход жа, на мілю да Стэйт-стрыт, становіцца ўсё горшай і перасякае цэлую сетку прытонаў на рагах Кларк-стрыт і Пятай авеню. Хал-Хаўс калісьці стаяў на ўскраіне, але горад няўхільна разросся вакол яго, і цяпер ён мяжуе з трыма ці чатырма іншаземнымі калоніямі. Паміж Халстэд-стрыт і ракой жыве каля дзесяці тысяч італьянцаў — неапалітанцаў, сіцылійцаў і калабрыйцаў, зрэдку ламбардцаў ці венецыянцаў. На поўдзень, на Дванаццатай вуліцы, шмат немцаў, а бакавыя вуліцы амаль цалкам занятыя польскімі і рускімі габрэямі. Яшчэ далей на поўдзень гэтыя габрэйскія калоніі пераходзяць у вялізную чэшскую калонію — такую вялікую, што Чыкага займае трэцяе месца ў свеце сярод гарадоў з чэшскім насельніцтвам. На паўночным захадзе шмат франкаканадцаў, якія трымаюцца свайго кола, хоць даўно жывуць у Амерыцы, а на поўначы — ірландцы і амерыканцы ў першым пакаленні. На вуліцах непасрэдна на захад і далей на поўнач жывуць заможныя англамоўныя сем’і; многія з іх маюць уласныя дамы і жывуць у наваколлі гадамі; адзін чалавек дагэтуль жыве ў сваім старым фермерскім доме.
Палітыка грамадскіх улад — ніколі не праяўляць ініцыятывы і заўсёды чакаць, пакуль іх прымусяць выконваць свае абавязкі, — відавочна згубная ў наваколлі, дзе ў саміх грамадзян мала ініцыятывы. Ідэя, на якой трымаецца наша самакіраванне, у такой акрузе церпіць крах. Вуліцы невымоўна брудныя, школ не хапае, санітарныя законы не выконваюцца, вулічнае асвятленне дрэннае, брук жахлівы, а ў завулках і на меншых вуліцах яго няма зусім; стайні брудныя так, што не апісаць. Сотні дамоў не падлучаныя да вулічнай каналізацыі. Старыя і больш заможныя жыхары, здаецца, толькі і чакаюць, каб з’ехаць, як толькі змогуць сабе гэта дазволіць. Іх месца займаюць імігранты, якія толькі што прыбылі і зусім нічога не ведаюць пра свае грамадзянскія абавязкі. Такая замена старых жыхароў адбываецца і ў працы — у паўднёвай і ўсходняй частках акругі. Габрэі і італьянцы робяць дапрацоўку для буйных швейных фабрыкантаў — працу, якую раней выконвалі амерыканцы, ірландцы і немцы, што адмовіліся мірыцца з надзвычай нізкімі расцэнкамі, да якіх патагонная сістэма (sweating system) збіла заробкі іх пераемнікаў. Паколькі мэта патагоннай сістэмы — выключыць арэнду з выдаткаў на пашыў адзення, «вонкавая праца» пачынаецца, калі адзенне выходзіць з-пад рук закройшчыка. Несумленны падрадчык не лічыць для сваёй майстэрні ніводзін падвал занадта цёмным, ніводнае гарышча над стайняй — занадта брудным, ніводную халупу на задворках — занадта часовай, ніводны пакой у чыншавым доме — занадта цесным: усё гэта азначае нізкую арэнду. Таму гэтыя майстэрні кішаць у найгоршых іншаземных кварталах, дзе патагоншчык лёгка знаходзіць танны падвал і надомніц-дапрацоўшчыц.
Дамы ў акрузе пераважна драўляныя; пабудаваныя для адной сям’і, цяпер яны занятыя некалькімі. Гэта нязручныя каркасныя катэджы такога тыпу, якія можна было ўбачыць у бяднейшых прыгарадах дваццаць гадоў таму. Многія з іх пабудаваныя там, дзе стаяць; іншыя прывезлі сюды на катках, бо іх ранейшыя месцы занялі фабрыкі. Нешматлікія цагляныя чыншавыя дамы ў тры-чатыры паверхі параўнальна новыя, а вялікіх чыншавых дамоў мала. Маленькія драўляныя хаткі маюць часовы выгляд, і, можа, таму заканадаўства пра чыншавыя дамы ў Чыкага зусім недастатковае. Флігелі на задворках квітнеюць; у многіх дамах няма іншай вады, апроч крана на заднім двары, няма пажарных лесвіц, смецце і попел складаюць у драўляныя скрыні, прыбітыя да тратуараў. Адна з найбольш прыгнятальных рысаў цяперашняй сістэмы чыншавых дамоў — тое, што многімі з іх валодаюць прагныя і цёмныя імігранты. Тэорыя, паводле якой багацце прыносіць адказнасць, а ўласнасць з часам вядзе да адукацыі і культуры, тут цалкам не спраўджваецца. Дзеці ўладальніка-італьянца могуць чысціць чаравікі на вуліцы, а ягоная жонка — выбіраць анучы з вулічнай канавы і карпатліва сартаваць іх у брудным дворыку. Багацце, можа, і дадае ёй самазадаволенасці і пачуцця ўласнай значнасці, але, безумоўна, нічога не дае ні яе выгодам, ні развіццю яе дзяцей, ні чысціні каго б там ні было. Яшчэ адно, што перашкаджае з’яўленню ў Чыкага лепшых дамоў, — часовы, чакальны падыход маклераў па нерухомасці. Шмат якія непрыглядныя ўмовы трываюць, хоць на іх глядзелі б з жахам, калі б лічылі іх пастаяннымі. А тым часам гэтыя жахлівыя ўмовы захоўваюцца, пакуль у іх не народзяцца і не вырастуць прынамсі два пакаленні дзяцей.
У кожным наваколлі, дзе жывуць бяднейшыя людзі — бо там нібыта таннейшая арэнда, — ёсць пэўная праслойка: на кожнага з яе паасобку разлічваць нельга, але на ўсіх разам — можна. Яна складаецца з людзей, якія калісьці мелі адукацыю і магчымасці, песцілі амбіцыі і спадзяванні, а цяпер сталі карыкатурамі на тое, кім хацелі быць, — «пустымі зданямі, што вінавацяць жывых». У жыцці многіх бываюць часы, калі энергія спыняецца і сілы знікаюць. Адукаваныя і далікатныя мужчыны і жанчыны пераязджаюць у таннейшае наваколле, бо не здольныя зарабляць грошы, з-за кепскага здароўя, няўдалага шлюбу ці з іншых прычын, якія не азначаюць ні злачыннасці, ні дурасці. Сярод іх ёсць тыя, хто, нягледзячы на неспрыяльныя абставіны, падтрымлівае нейкае інтэлектуальнае жыццё, — тыя, хто «вялікі ахвотнік да кніжак», як кажуць суседзі. Для такіх сетльмент можа стаць сапраўдным прытулкам.
Калаж: у аранжавым дуатоне крыху нахіленая выява вулічнага рынку ў габрэйскім квартале Чыкага — натоўп у капелюшах і хустках, жанчыны ў доўгіх спадніцах, конныя фуры, ятка, застаўленая абуткам, двух- і трохпавярховыя дамы з маркізамі; справа на аранжавай плоскасці чорна-белы фрагмент карты нацыянальнасцей 1895 года — шчыльная сетка ўчасткаў, зафарбаваных рознымі тонамі; унізе вялікі надпіс «Калоніі» і подпіс «Габрэйскі рынак, Чыкага, каля 1910 · карта нацыянальнасцей · 1895».
Вулічны рынак у габрэйскім квартале на поўдзень ад Хал-Хаўса, паштоўка «The Ghetto, Chicago», каля 1910 года; фрагмент карты нацыянальнасцей з «Hull-House Maps and Papers» (1895) · Калаж: Праксіс. Выявы: паштоўка The Western News Company; «Hull-House Maps and Papers» (1895) — праз Wikimedia Commons, грамадскі набытак

У першыя ж тыдні нашага жыцця тут міс Стар пачала чытаць уголас «Ромолу» Джордж Эліят; на чытанні збіралася група маладых жанчын, якія сачылі за гэтым дзівосным раманам з нязменнай цікавасцю. Чыталі штотыдзень у нашай маленькай сталовай наверсе, і кожны тыдзень дзве ўдзельніцы гуртка прыходзілі да нас на абед — не толькі каб іх прымалі як гасцей, але і каб дапамагчы нам потым памыць посуд і падрыхтаваць стол для стосаў фатаграфій з Фларэнцыі.

Наша «першая насельніца», як яна весела сябе называла, была чароўная старая лэдзі: яна правяла пяць чытанняў Готарна запар перад вельмі ўдзячнай аўдыторыяй, захапляльна перамяжоўваючы ягоныя чароўныя аповесці ўспамінамі пра гэтага няўлоўнага і зачаравальнага пісьменніка. Шмат гадоў таму яна жыла ў Брук-Фарм як вучаніца Рыплі [Брук-Фарм — утапічная камуна, якую ў 1841 годзе заснавалі пад Бостанам Джордж і Сафія Рыплі; у ёй нейкі час жыў і Натаніэль Готарн. — Заўв. рэд.] і прыехала да нас на дзесяць дзён, бо хацела яшчэ раз пажыць у атмасферы, дзе «ідэалізм б’е цераз край». Так мы рана знайшлі той тып заняткаў, які ўсе гэтыя гады заставаўся самым папулярным, — спалучэнне таварыскай атмасферы з сур’ёзнай вучобай.

Валанцёры да новай справы знайшліся хутка. Чароўная маладая дзяўчына вяла дзіцячы сад у гасцінай і прыязджала кожную раніцу са свайго дома ў далёкай частцы Норт-Сайда. Хоць ужо пяць гадоў на каміннай паліцы ў Хал-Хаўсе стаіць памятная дошка ў яе гонар, мы і цяпер найярчэй бачым яе сярод гульняў маленькіх дзяцей — спачатку ў яе дзіцячым садзе, потым у яе ўласнай дзіцячай, якая была сапраўднай ілюстрацыяй да вызначэння раю ў Віктора Гюго: «месца, дзе бацькі заўсёды маладыя, а дзеці заўсёды малыя». Пакуль першыя два гады яна была з намі кожны дзень, мы проста не маглі стаць занадта ўрачыстымі і заклапочанымі сабой у нашым напружаным распарадку: яе весялосць і жыццярадаснасць былі неадольныя, а шчырае жаданне падзяліць жыццё наваколля ніколі яе не пакідала, хоць часта праходзіла суровыя выпрабаванні. Аднойчы за ланчам яна весела расказала, як марна спрабавала ўбіць прынцыпы цвярозасці ў галаву адной маці-італьянкі: яна прывяла ёй дадому пяцігадовую дачушку, якую прыслалі ў дзіцячы сад «у зусім жахлівым стане ап’янення» ад размочанага ў віне хлеба, што дзяўчынка ела на сняданак. Маці з далікатнай ветлівасцю паўднёвай італьянкі ўважліва выслухала яскравае апісанне заўчаснага канца, што чакае такую юную п’яніцу; але задоўга да канца лекцыі, зусім не адчуваючы недарэчнасці, гасцінна выставіла свае лепшыя віны, а калі збянтэжаная госця адмовілася ад аднаго за адным, знікла і хутка вярнулася з маленькай цёмнай шклянкай віскі, кажучы, каб супакоіць: «Вось, я прынесла вам сапраўдны амерыканскі напой». Аповед скончыўся паўжартоўным адчаем і сумным прызнаннем: «Мусіць, у яе цёмнай галаве засталося ўражанне, што ў Амерыцы прынята карміць дзяцей на сняданак хлебам, размочаным у віскі, а не ў лёгкім італьянскім віне».

Той першы дзіцячы сад увесь час нас вучыў. Мы вельмі здзівіліся, знайшоўшы сацыяльныя адрозненні нават сярод гэтых ягнятак, хоць нас і вельмі пасмяшыла трапная фармулёўка аднаго ганарыстага маленькага італьянца, які адмовіўся сесці побач з няўклюднай маленькай Анджэлінай, бо «мы ямо макароны вось так», — і ён паказаў, як нясе відэлец ад талеркі да рота, — «а яна есць макароны вось так», — і ён падняў руку высока ўгору і закінуў галаву, каб шырока разяўлены рот лавіў уяўны вадаспад. Анджэліна сур’ёзна кіўнула галоўкай, згаджаючыся з гэтым адрозненнем паміж панамі і сялянамі. «Але ці не дзіўна, што менавіта манеры за сталом усюды і заўсёды робяцца такім экзаменам…» — заўважыла іх дэмакратычная настаўніца. Яшчэ адзін успамін, які ніяк не хоча звязвацца са смерцю, што таксама прыйшла занадта рана, — маладая дзяўчына, якая арганізавала наш першы па-сапраўднаму ўдалы клуб хлопчыкаў: яна трымала іх зачараваную ўвагу старымі рыцарскімі легендамі, расказанымі так драматычна і жыва, што ў Дзень хлопчыкаў усе астатнія клубы кідалі шашкі і бірулькі, каб абступіць слухачамі «Юных герояў».

Аднойчы я сустрэла аднаго з членаў гэтага клуба, калі ён вылятаў з дома ў той лютасці, якой эмацыйны хлопчык спадзяецца стрымаць слёзы. «Няма сэнсу сюды больш хадзіць, прынц Раланд памёр», — панура растлумачыў ён на хаду. Мы заахвочвалі малодшых хлопчыкаў да турніраў і ўсялякіх тэатральных пастановак і даволі наіўна верылі, што хлопчыкі, якія рана зацікавіліся авантурыстамі і падарожнікамі, пазней захочуць даведацца пра жыццё сучасных дзяржаўных дзеячаў і вынаходнікаў. Ці трэба дадаваць, што хлопчыкі хутка адгукнуліся на такую праграму і што адзіная цяжкасць была ў тым, каб знайсці кіраўнікоў, здольных яе ажыццявіць. Гэтая цяжкасць не пакідала нас усе гады росту і развіцця Клуба хлопчыкаў — і нават цяпер, калі ў яго ёсць пяціпавярховы будынак з выдатна абсталяванымі майстэрнямі, пакоямі для адпачынку і заняткаў, паспяховая толькі тая група, у якой ёсць знаходлівы і адданы кіраўнік.

Дзясяткі малодшых дзяцей, якія з самага пачатку прыходзілі ў Хал-Хаўс, мы аб’ядналі ў групы — не зусім класы і не зусім клубы. Каштоўнасць гэтых груп была амаль цалкам у тым, што яны абуджалі ўяўленне і давалі дзецям тое, чаго яны не маглі мець у перапоўненых школах: магчымасць праяўляць ініцыятыву і самастойна будаваць адносіны з іншымі. У тагачасных публічных школах амаль не было ручной працы, таму натуральна, што заняткі, якія мы ладзілі для дзяцей, пайшлі ў бок такой дадатковай працы. Але трэба было пастаянна пільнаваць, каб сам ціск беднасці не перашкодзіў адукацыйнай мэце. Дзяўчынкі-італьянкі ў швейных гуртках лічылі страчаным дзень, калі не маглі прынесці дадому гатовую рэч, а патрабаванне шыць акуратна здавалася празмернай вытанчанасцю тым, каму адзенне было вельмі патрэбнае.

За дваццаць гадоў гэтыя клубы перараслі ў заняткі самымі рознымі рамёствамі, якія новая педагогіка так хутка прыстасоўвае дзецям на радасць; але яны па-ранейшаму захоўваюць свой па сутнасці таварыскі характар і па-ранейшаму служаць вялікай колькасці дзяцей, якія кідаюць школу ў той самы тыдзень, калі ім спаўняецца чатырнаццаць, — яны толькі рады назаўсёды зачыніць дзверы класа за нуднай працай, якая нарэшце скончылася. Нам здаецца важным, каб гэтыя дзеці адчувалі сябе назаўсёды звязанымі з домам, які прапануе ім вячэрнія клубы і заняткі з ранейшымі сябрамі, які як мага плаўней звязвае школьнае жыццё з працоўным і які робіць што можа, каб знайсці месца для разгубленых юных стварэнняў, што шукаюць працу. Значная частка хлопчыкаў-правапарушальнікаў, якіх прыводзяць у чыкагскі суд для непаўналетніх, — старэйшыя сыны ў вялікіх сем’ях, дзе патрэбны іх заробак. Як паказваюць запісы, многія з іх кідаюць школу ў класах, вельмі далёкіх ад сёмага і восьмага, дзе даюць хоць бы першае знаёмства з ручной працай, і ніякі іншы трывалы інтарэс іх таксама не захапіў.

Нягледзячы на квітнеючыя дзіцячыя клубы, што рана з’явіліся ў Хал-Хаўсе, і на тое, што нашай першай арганізаванай справай быў дзіцячы сад, мы вельмі настойвалі, што сетльмент не павінен быць перадусім для дзяцей і што абсурдна думаць, быццам дарослыя не адгукнуцца на магчымасць вучыцца і жыць грамадскім жыццём. Наша захопленая выхавальніца сама давяла гэта на прыкладзе дзевяностагадовай бабулі: тая, застаючыся адна на цэлы дзень, пакуль дачка варыла ў рэстаране, набыла такую ўпартую звычку калупаць тынкоўку са сцен, што адзін гаспадар за другім адмаўляўся пускаць яе ў кватэру. Спатрэбілася ўсяго некалькі тыдняў, каб навучыць яе рабіць вялікія папяровыя гірлянды, і паступова яна з задавальненнем займалася гэтым цэлы дзень, а ўрэшце атрымлівала ад упрыгожвання сцен не менш радасці, чым раней ад іх руйнавання. На шчасце, гаспадар ніколі не чуў эстэтычнага прынцыпу, паводле якога лепш выстаўляць напаказ канструкцыю, чым крыкліва яе ўпрыгожваць. З часам высветлілася, што бабуля гаворыць па-гэльску, і калі да яе прыйшлі адзін ці два сур’ёзныя прафесары, усё наваколле ганарылася, што сярод іх жыве такі цуд. Палегчыць жыццё дзевяностагадовай жанчыне — гэта было беспамылковае абвяржэнне таго, што сетльмент прызначаны для маладых.

На наш першы Новы год у Хал-Хаўсе мы запрасілі старэйшых жыхароў наваколля, паслалі экіпаж па самых нямоглых і абвясцілі ўсім, што ладзім Вечар старых пасяленцаў.

З таго часу кожны Новы год старыя людзі — то больш, то менш — збіраюцца ў Хал-Хаўсе, каб расказаць пра ранейшыя нягоды і заняць на хвіліну тое месца ў грамадзе, на якое дае ім права піянерскае жыццё. Многія, хто калісьці жыў у наваколлі, але каго дабрабыт перанёс у больш прывабныя раёны, вяртаюцца на гэтыя сустрэчы і часта прызнаюцца адно аднаму, што ніколі пасля не сустракалі такой дабрыні, як у раннім Чыкага, калі ўсе грамадзяне сыходзіліся ў агульных справах. Многія з гэтых піянераў — такія падобныя на мужчын і жанчын майго ранняга дзяцінства, што мне заўсёды было спакайней, калі яны былі ў доме, — былі рашуча супраць «іншаземцаў», якіх лічылі вінаватымі ў тым, што таннее нерухомасць і ўвогуле заняпадае наваколле. Часам нам выпадала стаць на абарону; помню аднаго старога, заўзятага амерыканца, які папракаў мяне, што ў нас на сценах столькі «замежных відаў», — я спрабавала растлумачыць яму нашу надзею, што гэтыя карціны стануць для імігрантаў знаёмым астраўком сярод мора новых і дзіўных уражанняў. Стары пасяленец, захоплены знянацку, адказаў: «Разумею — яны адчуваюць тое ж, што мы, калі бачылі якую-небудзь янкіцкую штучку з Новай Англіі», — і гэтым сфармуляваў цьмянае сваяцтва паміж піянерам і імігрантам, якія абодва «змагаюцца з хвалямі новага развіцця». Старыя пасяленцы і іх дзеці ўсе гэтыя гады шчыра дапамагалі нашым розным справам па паляпшэнні наваколля і, згадваючы ўласныя ранейшыя нягоды, давалі шмат слушных парад, як палегчыць цяжкасці першага жорсткага змагання з неспрыяльнымі ўмовамі.

У тыя першыя дні нас часта пыталі, чаму мы прыехалі жыць на Халстэд-стрыт, калі маглі дазволіць сабе жыць дзе-небудзь яшчэ. Помню аднаго чалавека, які ўсё ківаў галавой і казаў, што гэта «самае дзіўнае, што яму трапілася ў жыцці», але ўрэшце пераканаўся, што гэта «не дзіўна, а натуральна». З часам усім нам стала здавацца натуральным, што сетльмент павінен быць там. Калі натуральна карміць галодных і даглядаць хворых, то, безумоўна, натуральна і дарыць радасць маладым, суцяшаць старых і задавальняць глыбока ўкаранёную прагу зносін, якую адчуваюць усе людзі. Хто гэта робіць, той атрымлівае ўзнагароду — калі не ўдзячнасць, то, прынамсі, нешта непасрэднае і жывое, у чым няма таго цяжкага пачуцця абавязанасці, з якім занадта часта прымаюць матэрыяльную дапамогу.

Апроч суседзяў, якія прыходзілі на прыёмы і заняткі, мы знайшлі і тых, хто быў занадта змучаны і прыгнечаны, каб цікавіцца імі. Але і ў іх заставалася тая ўспрымальнасць да самых простых праяў чалавечнасці, якая ператварае гэтыя праявы ў повязь братэрства.

З самага пачатку ўсім нібыта было зразумела, што мы гатовыя выконваць самыя сціплыя суседскія паслугі. Нас прасілі абмываць нованароджаных і рыхтаваць нябожчыкаў да пахавання, даглядаць хворых і «прыглядаць за дзецьмі».

Часам гэтыя суседскія паслугі нечакана выяўлялі брыдкія чалавечыя рысы. Шэсць тыдняў пасля аперацыі мы трымалі ў адной з нашых трох спальняў бядотнае немаўля, якое нарадзілася з расшчэпленым паднябеннем і таму было непажаданае нават уласнай маці, — і жахнуліся, калі яно памерла ад недагляду праз тыдзень пасля таго, як вярнулася дадому; маленькая пятнаццацігадовая італьянская нявеста аднойчы лістападаўскім вечарам шукала ў нас прытулку ад мужа, які цэлы тыдзень біў яе кожны вечар, вяртаючыся з працы, — за тое, што яна згубіла заручальны пярсцёнак; дзве з нас зусім адны прымалі пазашлюбнае дзіця, бо доктар спазняўся, а ніводная з сумленных ірландскіх матрон не хацела «датыкацца да такой, як яна»; мы былі каля смяротнага ложка маладога чалавека, які за доўгую хваробу на сухоты атрымаў ад сяброў, з іх недарэчнай дабрыні, столькі бутэлек віскі, што ўрэшце ў яго пачаліся прыступы дзікага ўзбуджэння, і ў адным з іх ён памёр.

Нас рана ўразіла і дзіўная адасобленасць многіх імігрантаў. Адна італьянка неяк выказала захапленне чырвонымі ружамі, якія ўбачыла на адным з нашых прыёмаў, і здзівілася, што іх «прывезлі такімі свежымі аж з Італіі». Яна ні на хвіліну не хацела паверыць, што іх вырасцілі ў Амерыцы. Яна сказала, што жыве ў Чыкага шэсць гадоў і ні разу не бачыла ружаў, тады як у Італіі бачыла іх кожнае лета ў вялікім багацці. Увесь гэты час, вядома, яна жыла за дзесяць кварталаў ад вітрыны кветкавай крамы і не далей чым за пяціцэнтавую паездку на трамваі ад гарадскіх паркаў; але ёй ніколі не прыходзіла ў галаву выправіцца туды самой, а ніхто яе не павёў. Яе ўяўленне пра Амерыку складала неахайная вуліца, на якой яна жыла і вяла сваю доўгую барацьбу, каб прызвычаіцца да амерыканскага ладу жыцця.

Але, нягледзячы на некаторыя непрыемныя выпадкі, нас нязменна ўражвалі дабрыня і ветлівасць, з якімі нас сустракалі. Можа, гэтыя першыя дні і заклалі простыя чалавечыя падмуркі, без якіх, безумоўна, нельга доўга жыць сярод бедных: па-першае, шчырую перавагу, якую мы аддаём жыццю ў рабочым квартале перад любой іншай часткай горада, бо тут цікава і тут жыццё звяртаецца да цябе па-чалавечы; і, па-другое, перакананне — словамі каноніка Барнета, — што тое, што робіць людзей падобнымі, вышэйшае і лепшае за тое, што іх раздзяляе, і што гэтае глыбіннае падабенства, калі яго належным чынам падкрэсліць, лёгка пераадольвае менш істотныя адрозненні расы, мовы, веравызнання і традыцыі.

Магчыма, ужо ў тыя першыя дні мы паклалі пачатак мэце, якую потым запісалі ў нашым статуце: «Ствараць асяродак вышэйшага грамадзянскага і грамадскага жыцця; заснаваць і падтрымліваць адукацыйныя і дабрачынныя ўстановы; даследаваць і паляпшаць умовы ў прамысловых раёнах Чыкага».

Калаж: чорна-белая фатаграфія Льюіса Хайна на аранжавай плоскасці — у цёмным пакоі з аблезлымі дзвярыма на лаўцы сядзяць дзве маладыя жанчыны з немаўлём і малымі дзецьмі на руках, на ўслончыку перад імі хлопчык з кучаравымі валасамі, ззаду ля дзвярэй стаіць дзяўчынка і глядзіць у аб’ектыў; справа чорны круг, чорная паласа, вялікі надпіс «Суседзі» і подпіс «Льюіс Хайн, італьянская сям’я каля Хал-Хаўса, 1910».
Льюіс Хайн. Італьянская сям’я ў доме побач з Хал-Хаўсам, Чыкага, 1910 · Калаж: Праксіс. Фота: Льюіс Хайн, Los Angeles County Museum of Art, праз Wikimedia Commons, грамадскі набытак

Суб’ектыўная неабходнасць сацыяльных сетльментаў

У 1892 годзе Таварыствы этычнай культуры правялі летнюю школу ў Плімуце, штат Масачусэтс, і запрасілі туды некалькі прадстаўнікоў тады яшчэ новага руху сетльментаў, каб разам з іншымі абмеркаваць агульную тэму «Філантропія і сацыяльны прагрэс».

Дазволю сабе прывесці тут часткі лекцыі, якую я прачытала ў Плімуце, — і таму, што мне ўжо не ўдаецца з ранейшай свежасцю сфармуляваць тыя першыя матывы і памкненні, і таму, што, калі лекцыю надрукавалі разам з іншымі дакладамі таго лета, самі людзі сетльментаў прызналі яе дакладным выкладаннем іх поглядаў.

Помню, як аднойчы залатым летнім днём, падчас заняткаў летняй школы, некалькі з нас сабраліся на беразе ставу ў сасновым лесе за некалькі міль ад Плімута, каб пагаварыць пра наш новы рух. Натуральным лідарам групы быў Роберт А. Вудс. Ён нядаўна вярнуўся з Лондана, дзе жыў у Тойнбі-холе, каб адкрыць Андовер-хаўс у Бостане, і толькі што выпусціў кнігу «Англійскія сацыяльныя рухі», у якой сабраў і звёў разам шмат формаў грамадскай дзейнасці, што папярэднічалі англійскім сетльментам і існавалі побач з імі. Былі там міс Віда Д. Скадэр і міс Хелена Дадлі з Асацыяцыі каледжных сетльментаў, міс Джулія К. Латроп і я з Хал-Хаўса. Некаторым з нас было ўжо пад трыццаць, і мы старанна пазбягалі перабольшанняў, якімі грашыць маладосць; і ўсё ж сумняваюся, ці можна было б таго лета знайсці на ўсім кантыненце групу людзей, больш шчыра зацікаўленых у сацыяльным развіцці або больш шчыра перакананых, што яны знайшлі ключ, з дапамогай якога можна зразумець умовы жыцця ў перанаселеных гарадах і развіць сродкі для іх паляпшэння.

Мы ўсе асцерагаліся казаць, што знайшлі «справу ўсяго жыцця», — магчыма, з інстынктыўнага страху патраціць усю энергію на клятвы вернасці, як гэта так часта бывае; і ўсё ж цікава, што ўсе, каго я згадала як энтузіястаў той маленькай канферэнцыі, засталіся звязанымі з сетльментамі і ўсе васемнаццаць гадоў, што мінулі з таго часу, штогод на даўжэйшы ці карацейшы тэрмін жылі ў іх, хоць як публіцысты або дзяржаўныя службоўцы яны цесна звязалі сябе і з рухамі па-за імі. Яны нібы зразумелі, што сетльмент занадта каштоўны як метад, як спосаб падступіцца да сацыяльнага пытання, каб ад яго адмаўляцца, хоць даўно ўжо зразумелі, што сам па сабе ён не «сацыяльны рух». Аднак гэта забяганне наперад, а дакладу «Суб’ектыўная неабходнасць сацыяльных сетльментаў», які ідзе далей, трэба даць магчымасць гаварыць самому за сябе. Мусіць, ужо позна шкадаваць пра ягоную напышлівую назву.

Гэты даклад — спроба прааналізаваць матывы, што ляжаць у аснове руху, заснаванага не толькі на перакананні, але і на шчырым пачуцці, — усюды, дзе адукаваныя маладыя людзі шукаюць выйсця для пачуцця ўсеагульнага братэрства, якое найлепшы дух нашага часу ператварае з эмоцыі ў матыў. Гэтыя маладыя людзі мала што робяць для вырашэння сацыяльнай праблемы і першымі расплачваюцца за выхаванне, якое зрабіла іх жыццё бясплённым і празмерна чуллівым. Іх адгарадзілі ад агульнай працы, якой яны жывуць, — а яна вялікая крыніца маральнага і фізічнага здароўя. Яны адчуваюць фатальную дысгармонію паміж сваёй тэорыяй і сваім жыццём, разлад паміж думкай і дзеяннем. Думаю, нам цяжка ўявіць, як сур’ёзна многія з іх успрымаюць ідэю чалавечага братэрства, як горача яны прагнуць надаць дэмакратычнаму ідэалу адчувальную форму. Гэтыя маладыя мужчыны і жанчыны, што імкнуцца сацыялізаваць сваю дэмакратыю, жывуць спадзяваннямі, якія можна прыблізна сфармуляваць так: калі ў дэмакратычнай краіне нічога нельга трывала дасягнуць інакш, як праз народныя масы, то немагчыма ўсталяваць палітычнае жыццё вышэйшае, чым тое, якога прагне сам народ; цяжка ўявіць, як можна выхаваць ідэю вышэйшага грамадзянскага жыцця інакш, як праз агульныя зносіны; блага, якое мы звязваем з жыццём, поўным адукацыі і культуры, можна зрабіць усеагульным — і трэба зрабіць усеагульным, калі яно мае быць трывалым; дабро, якое мы здабываем для сябе, ненадзейнае і хісткае, вісіць у паветры, пакуль яго не здабудуць для ўсіх нас і не ўключаць у наша агульнае жыццё. Гэтыя спадзяванні выказаць лягчэй, чым сфармуляваць шэраг матываў, якія, на маю думку, і ствараюць суб’ектыўны ціск у бок сетльмента. У гэтых матывах ёсць штосьці першабытнае, і, можа, я надта смелая, калі называю іх вялікім жаданнем падзяліць жыццё роду чалавечага. Усе мы носім сляды барацьбы з голадам, з якой так доўга складалася жыццё чалавецтва. Сам наш арганізм захоўвае ўспаміны і пробліскі таго доўгага жыцця нашых продкаў, якое і цяпер працягваецца ў столькіх нашых сучаснікаў. Нішто так не прыглушае спачуванне і не высушвае здольнасць радавацца, як упартае ўхіленне ад вялікіх магчымасцей дапамагаць і пастаяннае ігнараванне той барацьбы з голадам, з якой складаецца жыццё прынамсі паловы чалавецтва. Адгарадзіцца ад гэтай паловы жыцця чалавецтва — значыць адгарадзіцца ад самай жывой ягонай часткі; гэта значыць пражыць толькі палову той чалавечнасці, якую мы атрымалі ў спадчыну пры нараджэнні, і карыстацца толькі паловай сваіх здольнасцей. Усе мы прагнулі паўнейшага жыцця, у якім гэтыя здольнасці знайшлі б ужытак. Гэтая прага — фізічны адпаведнік «Прадчуванняў неўміручасці» [ода Уільяма Вордсварта (1807). — Заўв. рэд.], толькі пра яе яшчэ ніхто не напісаў оды. Адлюстраваць яе — справа паэта, і рызыкоўна брацца за гэта таму, хто не паэт.

Вы, мусіць, памятаеце тое адчуванне адзіноты, якое часам ахоплівае, калі рана раніцай незнаёмцам прыязджаеш у вялікі горад: праз шкляную вітрыну гатэля ты бачыш, як міма цячэ плынь працоўных людзей; бачыш, як дужыя рабочыя падымаюць вялікія цяжары; чуеш грукат і штурханіну вялізных фур — і сэрца сціскаецца ад раптоўнага пачуцця марнасці. Дзверы за спіной адчыняюцца, і ты павяртаешся да чалавека, які прынёс табе сняданак, з імклівым пачуццём чалавечай еднасці. Ты ловіш сябе на малітве, каб ніколі не страціць сувязі з усім гэтым. Больш паэтычная малітва была б пра тое, каб вялікія мацярынскія грудзі нашай агульнай чалавечнасці — з яе працай, пакутамі і простымі ўцехамі — ніколі не былі для цябе закрытыя. Ты бездапаможна павяртаешся да афіцыянта і адчуваеш, што было б амаль недарэчна патрабаваць ад яго спачування, якога прагнеш, бо цывілізацыя паставіла цябе асобна, — і раптам з абурэннем адчуваеш у сваім становішчы снабізм. Літаратура поўная апісанняў такіх пробліскаў: яны прыходзяць да пацярпелых ад караблекрушэння на плытах; яны пераадольваюць адрозненні паміж людзьмі ў разнашэрсным натоўпе перад абліччам вялікай небяспекі або калі ўсіх ахоплівае агульны энтузіязм. Аднак яны бываюць не толькі ў такія хвіліны, і калі б мы мелі звычку расказваць пра іх адно аднаму, аповед быў бы такі ж доўгі, як расповеды дзяцей, калі яны сядаюць на зялёную траву і па сакрэце расказваюць адно аднаму, колькі разоў успаміналі, што калісьці ўжо жылі. Калі гэтыя дзіцячыя аповеды — варушэнне спадчынных уражанняў, то гэтак жа дакладна тое, другое, — памкненне спадчынных сіл.

«Праўда, што пасля хваробы, галечы і пачуцця віны няма нічога больш згубнага для здароўя і самога жыцця, чым адсутнасць належнага выйсця для дзейных здольнасцей». Я бачыла, як маладыя дзяўчаты пакутуюць і прыкметна губляюць жыццёвыя сілы ў першыя гады пасля школы. Спрабуючы даць дзяўчыне радасць і свабоду ад клопатаў, мы ў большасці выпадкаў толькі робім яе бясконца няшчаснай. Яна бачыць, што «жыццё» зусім не такое, якім яна чакала яго ўбачыць. Яна поўная нявінных маленькіх амбіцый і не разумее, навошта гэтае відавочнае марнаванне яе самой, навошта ўся гэтая старанная падрыхтоўка, калі для яе няма ніякай працы. Ёсць спадчына высакароднага абавязку, якую маладыя людзі прымаюць і прагнуць працягваць. Жаданне дзейнічаць, імкненне выправіць несправядлівасць і палегчыць пакуты не даюць ім спакою штодня. Грамадства паблажліва ўсміхаецца на гэта, замест таго каб скарыстаць гэта сабе на карысць. Крыўда, якую ім чыняць, пачынаецца яшчэ раней — калі мы стрымліваем першыя дзіцячыя жаданні «рабіць дабро» і кажам, што трэба пачакаць, пакуль яны не стануць старэйшымі і лепш падрыхтаванымі. Мы даём зразумець, што сацыяльны абавязак пачынаецца з пэўнай даты, забываючы, што ён пачынаецца з самага нараджэння. Мы абыходзімся з імі як з дзецьмі, якім пры моцных, рослых руках і нагах дазваляюць карыстацца нагамі, але не рукамі, — або як з тымі, чые ногі штодня старанна трэніруюць, каб калі-небудзь пазней знайсці высокае прымяненне іх рукам. Мы робім так насуперак пратэстам найлепшых педагогаў — Лока і Песталоцы. Нам яшчэ шанцуе, калі тым часам іх нявыкарыстаныя органы не слабеюць і не знікаюць. А часам знікаюць. Ёсць дзяўчаты, якія да таго часу, як іх «адукуюць», забываюць свае старыя дзіцячыя жаданні дапамагаць свету і гуляць з беднымі маленькімі дзяўчынкамі, «у якіх няма цацак». Бацькі часта непаслядоўныя: яны свядома знаёмяць дачок з бедамі свету; пасылаюць іх слухаць місіянерскія выступы пра голад у Індыі і Кітаі; самі водзяць іх на лекцыі пра пакуты ў Сібіры; разам з імі хвалююцца за забыты край — Усходні Лондан. Апроч таго, з самага малку альтруістычныя схільнасці гэтых дачок старанна выхоўваюць. Іх вучаць забываць пра сябе і ахвяраваць сабой, ставіць дабро цэлага вышэй за дабро ўласнага «я». Але калі ўсе гэтыя веды і выхаванне даюць плён, калі дачка вяртаецца з каледжа, пачынае прызнаваць, што «патанулая дзясятая частка» [выраз Уільяма Бута, заснавальніка Арміі выратавання, пра самую бедную дзясятую частку насельніцтва. — Заўв. рэд.] мае на яе права, і выяўляе намер гэтыя правы задаволіць, — сям’я рашуча заяўляе свае ўласныя правы: дзяўчыне кажуць, што яе намаганні неапраўданыя і неразважлівыя. Калі яна не адступае, сям’я занадта часта адчувае сябе пакрыўджанай і няшчаснай — хіба што гэтыя намаганні называюць місіянерскімі і рэлігійная руплівасць дапамагае сям’і пераадолець пачуццё крыўды. Калі ж такой руплівасці няма, вынік бянтэжыць. Гэта дзіўнае парушэнне таго, што мы хацелі б лічыць асноўным законам: што ўчынак урэшце вяртаецца на галаву таго, хто яго ўчыніў. Учынак тут — адгароджанасць і асцярожнасць, але расплата за яго падае не на галовы адгароджаных і асцярожных, а на маладую галаву, поўную шчодрых і бескарыслівых планаў. Дзяўчына губляе ў сваім жыцці штосьці жыццёва важнае, на што мае права. Яна скаваная і няшчасная; старэйшыя тым часам не ўсведамляюць становішча — і перад намі ўсе элементы трагедыі.

У Амерыцы хутка расце колькасць адукаванай моладзі, якая не мае прызнанага выйсця для сваіх дзейных здольнасцей. Яны ўвесь час чуюць пра вялікую сацыяльную неўладкаванасць, але ніякага спосабу змяніць яе ім не даюць, і ўласная бескарыснасць цяжка вісіць над імі. Гекслі сцвярджае, што пачуццё бескарыснасці — найцяжэйшы ўдар, які можа вытрымаць чалавечы арганізм, і што калі яно доўжыцца, вынікам становіцца атрафія функцый. Гэтыя маладыя людзі мелі перавагі каледжа, падарожжаў па Еўропе і вывучэння эканомікі, але церпяць удар бяздзейнасці. У іх ёсць любімыя фразы, і яны кажуць вам, што тое, што робіць нас падобнымі, мацнейшае за тое, што робіць нас рознымі. Яны кажуць, што ўсіх людзей яднаюць патрэбы і сімпатыі, куды больш трывалыя і глыбокія, чым усё, што часова іх раздзяляе і супрацьпастаўляе адно аднаму. Калі яны захапляюцца мастацтвам, то кажуць, што заняпад мастацкага выяўлення — вынік заняпаду этыкі, што мастацтва, адгароджанае ад чалавечых інтарэсаў і ад вялікай масы чалавецтва, разбурае само сябе. Яны кажуць старэйшым з усёй горыччу маладосці, што калі тыя чакаюць ад іх поспеху ў бізнесе, палітыцы ці ў любой іншай справе, куды скіравана бацькоўскае славалюбства, то павінны дазволіць ім раіцца з усім чалавецтвам; павінны дазволіць ім даведацца, чаго хочуць людзі і як яны гэтага хочуць. Аднак так фармулююць толькі самыя моцныя з маладых. Многія растрачваюць сілы на так званыя асалоды. Іншыя, каго гэта не задавальняе, працягваюць вучыцца і вяртаюцца ў каледж па другую ступень — не таму, што асабліва любяць вучыцца, а таму, што хочуць мець нейкую пэўную справу, а іх здольнасці натрэніраваныя ў бок разумовага назапашвання. Многія пахаваныя пад гэтым разумовым назапашваннем — з падарванымі жыццёвымі сіламі і незадаволенасцю. Уолтэр Бэзант кажа, што ім было тое бачанне, якое меў Пётр, калі ўбачыў вялікае палатно, спушчанае з неба, у якім не было ні чыстага, ні нячыстага. Ён называе гэта пачуццём чалавецтва. Гэта не філантропія і не дабрачыннасць, а штосьці паўнейшае і шырэйшае за іх абедзве.

Гэтае маладое жыццё, такое шчырае ў пачуццях і добрых словах і ў той жа час такое бязмэтнае, здаецца мне такім жа вартым жалю, як і другая вялікая маса жыццяў у нястачы. Адно дапаўняе другое, і, безумоўна, можна знайсці нейкі спосаб іх звязаць. Містэр Барнет, па ініцыятыве якога ўзнік першы сетльмент — Тойнбі-хол ва Усходнім Лондане, — бачыў гэтую патрэбу ў выйсці для маладых людзей з Оксфарда і Кембрыджа і спадзяваўся, што сетльмент дасць такую сувязь. Лёгка зразумець, чаму рух сетльментаў узнік у Англіі, дзе гады адукацыі больш абмежаваныя і вызначаныя, чым у нас, а класавыя падзелы больш жорсткія. Там у ім была большая неабходнасць, але і мы ўсё мацней адчуваем ціск гэтай патрэбы і адказваем на неабходнасць сетльментаў у Амерыцы. Наша моладзь нервова адчувае патрэбу ператварыць тэорыю ў дзеянне і хутка адгукаецца на тую форму дзейнасці, якую прапануе сетльмент.

Калаж: у аранжавым дуатоне фатаграфія тэкстыльнай залы Хал-Хаўса — драўляныя ткацкія станкі, лямпы пад столлю, сівая жанчына за калаўротам на першым плане, яшчэ дзве жанчыны працуюць ля станкоў; за фатаграфіяй чорны квадрат, справа аранжавы круг, вялікі надпіс «Тэорыю ў дзеянне», чорная паласа і подпіс «Тэкстыльная зала Хал-Хаўса, 1909».
Тэкстыльная зала Хал-Хаўса: ткацкія станкі і калаўрот. Ілюстрацыя да артыкула Грэма Тэйлара «Jane Addams — Interpreter» у The American Review of Reviews, снежань 1909 · Калаж: Праксіс. Фота: The American Review of Reviews, т. 40 (1909), Internet Archive Book Images праз Wikimedia Commons, без вядомых абмежаванняў

Іншыя матывы, якія, на маю думку, вядуць да сетльмента, — вынік пэўнага адраджэння, што адбываецца ў хрысціянстве. Імкненне падзяліць жыццё бедных, жаданне, каб сацыяльнае служэнне, незалежна ад прапаганды, выяўляла дух Хрыста, — гэтак жа старое, як само хрысціянства. У саміх помніках мы не знаходзім доказаў, што раннія рымскія хрысціяне, якія даводзілі сваё простае мастацтва аж да гратэску ў імкненні запісаць «добрую навіну» на сценах катакомбаў, лічылі гэтую добрую навіну рэлігіяй. У Ісуса не было ніякага збору ісцін з ярлыком «рэлігійныя». Наадварот, ягонае вучэнне было ў тым, што ўся ісціна адна і што авалоданне ёю ёсць свабода. У ягоным вучэнні не было ніякай догмы, якая аддзяляла б яго ад ісціны і дзеяння наогул. Сам ён называў яго аб’яўленнем — жыццём. Раннія рымскія хрысціяне прынялі евангельскае пасланне, наказ любіць усіх людзей, з нейкай радаснай прастатой. Выява Добрага Пастыра бестурботная і вясёлая больш, чым самы лагодны пастух грэчаскай міфалогіі; алень ужо не прагне крыніц водных, а імчыцца да іх. Хрысціяне чакалі бесперапыннага аб’яўлення, але верылі ў тое, што казаў Ісус: каб гэтае аб’яўленне захаваць і выявіць, яго трэба перавесці на мову дзеяння; дзеянне — адзіны сродак, праз які чалавек можа прыняць і засвоіць ісціну; вучэнне трэба спазнаваць праз волю.

Тое, што хрысціянства мусіць выяўляцца і ўвасабляцца ў сацыяльным прагрэсе, вынікае з простага палажэння: дзеянне чалавека знаходзіцца ў ягоных сацыяльных адносінах, у тым, як ён звязаны з іншымі людзьмі; а матывы ягоных дзеянняў — гэта руплівасць і любоў, з якімі ён ставіцца да іх. Так проста ўзнік глыбокі энтузіязм да чалавецтва, які бачыў у чалавеку адначасова орган і аб’ект аб’яўлення; і так узнікла тое дзівоснае братэрства, сапраўдная дэмакратыя ранняй Царквы, што так захапляе ўяўленне. Раннія хрысціяне былі перадусім прыхільнікамі непраціўлення. Яны верылі ў любоў як касмічную сілу. У часы «малога міру» Царквы не было іканаборства. Яны яшчэ не выкрывалі і не руйнавалі храмы, не прапаведавалі канца свету. Іх стала вельмі шмат, але ім ніколі не прыходзіла ў галаву — ні ў слабасці, ні ў сіле — хоць на імгненне лічыць іншых людзей ворагамі ці чужынцамі. Відовішча хрысціян, якія любяць усіх людзей, было самым дзіўным з усяго, што бачыў Рым. Яны імкнуліся ахвяраваць сабой дзеля слабых, дзяцей і старых; яны ставілі сябе на адну дошку з рабамі і не беглі ад чумы; яны прагнулі падзяліць агульную долю, каб атрымліваць бесперапыннае аб’яўленне. Гэта быў новы скарб, які раннія хрысціяне дадалі да ўсіх скарбаў, радасць, дагэтуль невядомая ў свеце, — радасць знаходзіць Хрыста, які жыве ў кожным чалавеку, але якога ніхто не можа раскрыць інакш, як у братэрстве. Іх ахінала шчасце — ад гераічнага да пастаральнага. Аб’яўленне мелася належаць ім датуль, пакуль жыццё мела новы сэнс, які можна раскрыць, і новае дзеянне, якое можна прапанаваць.

Я веру, што многія маладыя мужчыны і жанчыны выразна паварочваюцца да гэтага простага прыняцця паслання Хрыста. Іх абурае меркаванне, быццам хрысціянства — гэта набор ідэй, што належаць рэлігійнай свядомасці, што б гэта ні значыла. Яны настойваюць, што яго нельга абвяшчаць і ўсталёўваць асобна ад сацыяльнага жыцця грамады і што яно павінна шукаць простага і натуральнага выяўлення ў самім сацыяльным арганізме. Рух сетльментаў — толькі адна з праяў таго шырэйшага гуманітарнага руху, які ва ўсім хрысціянскім свеце, але найперш у Англіі, імкнецца ўвасобіцца не ў секце, а ў самім грамадстве.

Я веру, што гэты паварот, гэтае адраджэнне ранняга хрысціянскага гуманізму, адбываецца ў Амерыцы — у Чыкага, калі хочаце, — без лідараў, якія пішуць ці філасофствуюць, без асаблівых прамоў, але са схільнасцю выяўляць дух Хрыста ў сацыяльным служэнні і на мове дзеяння. Пэўна адно: у руху сетльментаў ёсць духоўная сіла, і праўда таксама, што гэтую сілу трэба абудзіць і ўвесці ў дзеянне, перш чым поспех любога сетльмента будзе забяспечаны. Павінна быць неадольная вера ў тое, што ўсё найшляхетнейшае ў жыцці агульнае для людзей як людзей, — каб падкрэсліваць падабенствы і не зважаць на адрозненні паміж тымі людзьмі, якіх сетльмент пастаянна зводзіць разам. Можа, і праўда, як настойваюць пазітывісты, што самы рэлігійны запал чалавека можна ператварыць у любоў да свайго роду, а ягонае жаданне будучага жыцця — у згоду жыць у рэху сваіх учынкаў; але формула Паўла — шукаць Хрыста, які жыве ў кожным чалавеку, і на ім грунтаваць нашы падабенствы — многім з нас здаецца прасцейшай.

Калі тысяча галасоў спявае хор «Алілуя» з «Месіі» Гендэля, можна адрозніць вядучыя галасы, але розніца ў выучцы і адукацыі паміж імі і галасамі хору знікае ў адзінстве мэты і ў тым, што ўсе яны — чалавечыя галасы, узнятыя высокім памкненнем. Гэта слабая ілюстрацыя таго, што спрабуе рабіць сетльмент. Ён імкнецца ў пэўнай меры развіваць усё грамадскае жыццё, якое толькі ёсць у ягоным наваколлі, збіраць яго ў фокус і надаваць яму форму, уносіць у яго плён адукацыі і выучкі; але ўзамен музыкі адзінокіх галасоў ён атрымлівае моц і гучанне хору. Я не магу сказаць, у якой прапорцыі ці ступені суб’ектыўная неабходнасць, што прывяла да адкрыцця Хал-Хаўса, спалучала тры плыні: па-першае, жаданне вытлумачыць дэмакратыю ў сацыяльных тэрмінах; па-другое, памкненне, што б’ецца ў самой крыніцы нашага жыцця і штурхае нас спрыяць прагрэсу роду чалавечага; і, па-трэцяе, хрысціянскі рух да гуманізму. Цяжка аналізаваць жывое; аналіз у лепшым выпадку недасканалы. Да гэтых трох плыней можа далучацца яшчэ шмат матываў: магчыма, жаданне новай формы сацыяльнага поспеху, народжанае вытанчаным уяўленнем, якое адмаўляецца ад свецкіх асалод, калі ў іх не дамешана радасці самаахвяравання; магчыма, такая неабсяжная прага ўхвалы, што ёй мала высокіх воплескаў далікатных рук і хочацца пачуць яшчэ і басавыя ноты загрубелых далоняў.

Дык вось, сетльмент — гэта эксперыментальная спроба дапамагчы ў вырашэнні сацыяльных і прамысловых праблем, якія спараджаюць сучасныя ўмовы жыцця ў вялікім горадзе. Ён настойвае, што гэтыя праблемы не абмяжоўваюцца нейкай адной часткай горада. Гэта спроба адначасова палегчыць і залішняе назапашванне на адным канцы грамадства, і галечу на другім; але ён зыходзіць з таго, што гэтае залішняе назапашванне і галеча найбольш балюча адчуваюцца ў тым, што тычыцца сацыяльных і адукацыйных прывілеяў. Па самой сваёй прыродзе ён не можа служыць ніякай палітычнай ці сацыяльнай прапагандзе. У пэўным сэнсе ён мусіць сустракаць любую такую прапаганду з цёплай гасціннасцю заезнага двара — а раптам адна з іх акажацца анёлам. Адзінае, чаго трэба баяцца ў сетльменце, — каб ён не страціў гнуткасці, здольнасці хутка прыстасоўвацца, гатоўнасці мяняць свае метады, як таго патрабуе асяроддзе. Ён павінен быць адкрыты для пераканання і мець глыбокае і трывалае пачуццё цярпімасці. Ён павінен быць гасцінны і гатовы да эксперыменту. Ён павінен патрабаваць ад сваіх насельнікаў навуковай цярплівасці ў назапашванні фактаў і ўстойлівага спачування як аднаго з найлепшых інструментаў для такога назапашвання. Ён павінен грунтавацца на філасофіі, падмурак якой — салідарнасць роду чалавечага, на філасофіі, якая не захістаецца, калі род чалавечы раптам будзе прадстаўлены п’янай жанчынай ці хлопчыкам-ідыётам. Ягоныя насельнікі павінны пазбавіцца ўсякай пыхі ўласнай думкі і ўсякага самасцвярджэння і быць гатовымі абуджаць і выяўляць грамадскую думку свайго наваколля. Яны павінны пагадзіцца ціха жыць побач з суседзямі, пакуль не прарастуць у пачуццё роднасці і агульных інтарэсаў. Іх суседзяў раздзяляюць адрозненні расы і мовы, якія насельнікам пераадолець лягчэй. Насельнікі абавязаныя бачыць патрэбы свайго наваколля як цэлага, даваць даныя для заканадаўства і выкарыстоўваць свой уплыў, каб гэтага заканадаўства дабіцца. Карацей, насельнікі абавязваюцца прысвяціць сябе абавязкам добрага грамадзяніна і абуджэнню сацыяльнай энергіі, якая занадта часта драмле ў кожным наваколлі, аддадзеным на волю індустрыялізму. Яны павінны глядзець на ўсё жыццё свайго горада як на арганічнае, імкнуцца яго аб’яднаць і пратэставаць супраць яго залішняй раздробленасці.

Заўсёды лёгка прымусіць усю філасофію вучыць адной пэўнай маралі, а ўсю гісторыю — ілюстраваць адну пэўную байку; але няхай мне даруюць нагадванне, што найлепшая спекулятыўная філасофія сцвярджае салідарнасць роду чалавечага; што найвышэйшыя маралісты вучылі: без руху наперад і паляпшэння цэлага ніводны чалавек не можа спадзявацца на трывалае паляпшэнне свайго асабістага маральнага ці матэрыяльнага становішча; і што таму суб’ектыўная неабходнасць сацыяльных сетльментаў тоесная той неабходнасці, якая штурхае нас да сацыяльнага і індывідуальнага выратавання.


Jane Addams, «Twenty Years at Hull-House, with Autobiographical Notes». New York: The Macmillan Company, 1910, раздзелы V («First Days at Hull-House») і VI («Subjective Necessity for Social Settlements»). Пераклад з англійскай паводле тэксту на Project Gutenberg; астатнія раздзелы кнігі не перакладзеныя. Тэкст знаходзіцца ў грамадскім набытку.

Яшчэ ў рубрыцы «Горад»

Горад

Хлусня, нахабная хлусня і Uber

2024 год. Таронта хоча зноў абмежаваць колькасць машын Uber на сваіх вуліцах, а кампанія абяцае кіроўцам «120% мінімальнага заробку». Коры Доктараў паказвае, чаму гэта хлусня адразу пра грошы, працу і геаметрыю горада.

Коры Доктараў ·

Горад

Карл-Маркс-Хоф: дом на 1382 кватэры

1930 год. Сацыял-дэмакратычная Вена дабудоўвае жылы дом даўжынёй у кіламетр: 1382 кватэры, пральні без дыму, лазні, дзіцячыя садкі, бібліятэка, амбулаторыя — і тры чвэрці зямлі пад двары і сады. Службовая брашура гарадской управы пра тое, як будавалі Карл-Маркс-Хоф.

Гарадская ўправа Вены ·

Горад

Жыллё не дзеля зыску

1928 год. Варшаўскі жыллёвы кааператыў засяляе першыя дамы на Жалібожы, а адзін з яго кіраўнікоў Тэадор Тэпліц тлумачыць, чым дом, пабудаваны не дзеля зыску, адрозніваецца ад даходнага: пральні і лазні, бібліятэкі і садкі, самакіраванне кватарантаў. Побач — яго артыкул 1931 года пра тое, хто такі сапраўдны кааператар.

Тэадор Тэпліц ·