Да зместу
Левы часопіс на беларускай мове
Праксіс

Горад8 хвілін чытання0 праглядаў

Карл-Маркс-Хоф: дом на 1382 кватэры

1930 год. Сацыял-дэмакратычная Вена дабудоўвае жылы дом даўжынёй у кіламетр: 1382 кватэры, пральні без дыму, лазні, дзіцячыя садкі, бібліятэка, амбулаторыя — і тры чвэрці зямлі пад двары і сады. Службовая брашура гарадской управы пра тое, як будавалі Карл-Маркс-Хоф.

Тэкст: Гарадская ўправа Вены

Калаж у шэра-аранжавых колерах: фасад Карл-Маркс-Хофа з вежамі, арачнымі праездамі і бронзавай статуяй «Сейбіт» у аранжавым дуатоне; пад ім чорна-белае фота агародаў на Хагенвізе ў 1899 годзе; чорная арка з подпісам «1 кіламетр фасада» і вялікая лічба «1382».
Карл-Маркс-Хоф і «Сейбіт» Ота Гофнера, каля 1930 года; агароды на Хагенвізе, на месцы будучага дома, у 1899 годзе · Калаж: Праксіс. Фота каля 1930 года (Wienbibliothek) і Макса Маера Шперлінга (1899) — грамадскі набытак

Гэтую брашуру Гарадская ўправа Вены выдала ў 1930 годзе, калі дабудоўвала Карл-Маркс-Хоф — найвядомейшы дом «Чырвонай Вены». З 1919 года горадам кіравалі сацыял-дэмакраты. Калі ў 1922 годзе Вена стала асобнай зямлёй Аўстрыі і атрымала права збіраць уласныя падаткі, фінансавы радца Гуга Брайтнер з 1923 года ўвёў прагрэсіўны жыллёвы падатак: найбольш плацілі ўладальнікі раскошных кватэр і асабнякоў. За гэтыя грошы горад да 1934 года пабудаваў больш за 60 тысяч кватэр, а кватэрная плата ў іх пакрывала толькі ўтрыманне дамоў, а не кошт будоўлі. Брашура — службовае выданне без імя аўтара. У лютым 1934 года, падчас кароткай грамадзянскай вайны, у Карл-Маркс-Хофе абараняліся байцы сацыял-дэмакратычнага Шуцбунда, і ўрадавае войска Энгельберта Дольфуса абстрэльвала дом з гармат. Пасля гэтага сацыял-дэмакратычную партыю забаранілі, а Аўстрыя да 1938 года заставалася аўстрафашысцкай дыктатурай. Сёння плошча перад домам называецца плошчай 12 Лютага. Нямецкае «Kammer» мы перакладаем як «пакойчык» — так называлі невялікі дадатковы пакой у венскіх кватэрах.


Гэты жылы комплекс збудаваў горад Вена за кошт жыллёвага падатку ў 1926–1930 гадах, калі бургамістрам быў Карл Зайц, а гарадскімі радцамі — Гуга Брайтнер (фінансы) і Антон Вэбер (жыллёвая справа). Праект — старшы гарадскі будаўнічы радца, архітэктар Карл Эн. Будаўніцтвам кіравала Венская гарадская будаўнічая ўправа.

Жылы комплекс горада Вены ў XIX раёне, Гайлігенштэтэр-штрасэ, «Карл-Маркс-Хоф»

Калі венская гарадская ўправа вырашыла ўзвесці жылы комплекс на Хагенвізе ў Гайлігенштаце, яна паўстала перад наймагутнейшай будаўнічай задачай, якую калі-небудзь даводзілася вырашаць у межах аднаго жылога комплексу. Больш чым на кіламетр паміж Гайлігенштэтэр-штрасэ і насыпам чыгункі імя Франца Ёзэфа цягнулася Хагенвізе, занятая таварнымі агародамі. Забудова такой вялізнай плошчы патрабавала вырашыць найрозныя пытанні — не толькі гарадской управе, але і горадабудаўніку, архітэктару і інжынеру. Перш за ўсё трэба было вызначыцца, што будаваць: пасёлак, горад-сад ці суцэльны жылы будынак. Міжнародны кангрэс архітэктараў, які якраз тады праходзіў у Вене, адлюстраваў спрэчкі, што вяліся вакол гэтага пытання. Горад Вена вырашыў узвесці суцэльны жылы комплекс з вялікімі дварамі-садамі. Эскізы гэтай гіганцкай пабудовы даручылі архітэктурнаму аддзелу Венскай гарадской будаўнічай управы, якім кіраваў старшы гарадскі будаўнічы радца, інжынер і архітэктар Ёзэф Бітнер, а сам праект — архітэктару будаўнічай управы, старшаму гарадскому будаўнічаму радцу Карлу Эну.

Трэба было вырашыць задачу, якой яшчэ ніколі не ставілі. Паколькі выбар зрабілі на карысць суцэльнай забудовы, да аблічча будынка давялося падысці з асаблівай разважлівасцю: пры такім доўгім фасадзе патрэбнага выгляду можна было дасягнуць толькі сапраўды добрым чляненнем аб’ёмаў, з простай і яснай распрацоўкай па вертыкалі і па гарызанталі. Трэба было ўлічыць і іншыя патрабаванні: такі вялікі ўчастак не мог застацца без патрэбных транспартных артэрый. Таму прадугледзелі чатыры вуліцы, над якімі будынак перакідваецца мастамі; яны мусяць прапускаць часам велізарныя патокі людзей ад станцыі гарадской чыгункі Гайлігенштат да стадыёна Гое-Вартэ. Пятая вуліца, Гайстынгергасэ, аддзяліла ад гіганцкага квартала невялікую частку; яе ўзвялі першай чаргой, прыбудаваўшы да існых даходных дамоў у тым жа стылі, што і галоўны будынак.

Архітэктар вырашыў гэтую задачу цікавым спосабам. Пасярэдзіне комплексу, каб перапыніць кіламетровы фасад, ён стварыў плошчу ў 10 480 квадратных метраў. Яна адкрываецца да Гайлігенштэтэр-штрасэ, абсаджаная садам, а ўпрыгожвае яе бронзавая фігура большая за чалавечы рост — «Сейбіт» скульптара Гофнера. З тыльнага боку плошчу замыкае найвышэйшая частка комплексу — пяціпавярховы корпус над вуліцай, што вядзе да стадыёна Гое-Вартэ; яго ўвянчаюць яшчэ шэсць вежаў. У гэтай частцы ёсць і вялізныя арачныя праезды, разлічаныя на масавы рух; па баках яна спакойна спускаецца да чатырох-, а потым трохпавярховых флангаў. Так у самым галоўным месцы комплекс атрымлівае магутнае гарызантальнае чляненне, якое ўраўнаважваюць вежы, што цягнуцца ўгору. Створаны такім чынам эфект плошчы надае будынку асаблівую адметнасць. Гэтак жа ўражвае і сапраўды манументальна выкананы вугал будынка з боку горада з тэрасамі адна над адной — эфект, вартасны гэтай гіганцкай пабудовы. Яшчэ адну варыяцыю дае будынак там, дзе ён чатырохпавярховымі аб’ёмамі пераходзіць над вуліцамі і так мацней расчляняе ўвогуле трохпавярховы корпус.

Дэвіз Ота Вагнера, вялікага аўстрыйскага архітэктара мадэрну, — artis sola domina necessitas, «адзіная гаспадыня мастацтва — неабходнасць», — які стаў арыенцірам для ўсёй сучаснай архітэктуры, вядома, дзейнічае і для гэтага будынка. Адзінае ўпрыгожанне «Карл-Маркс-Хофа» на абедзвюх частках фасада, кожная з якіх цягнецца на паўкіламетра, — шырокі суцэльны меандр балконаў, які ажыўляе гладкую сцяну. Гэтай жа ідэі адпавядае і ўнутраная арганізацыя будынка, яго планіроўка. Магутныя двары, якія дзякуючы сваім памерам змяшчаюць немалыя сады, даюць жыхарам каштоўную магчымасць адпачыць.

Агульная плошча «Карл-Маркс-Хофа» — 156 027 квадратных метраў; забудавана з іх 28 751. На вуліцы, гульнявыя пляцоўкі і сады прыпадае 127 276 квадратных метраў. Забудавана толькі 18,4%, гэта значыць менш за чвэрць усёй плошчы, а тры чвэрці — двары з садамі ці пляцоўкамі для дзяцей і дарожкі. Толькі грамадскае будаўніцтва, якое клапоціцца пра здароўе народа, можа і павінна ў такой меры ўлічваць гігіенічны бок справы. Так паўстаў гэты магутны жылы комплекс, які з амаль 1400 кватэрамі па памерах роўны невялікаму гораду з добрымі 5000 жыхароў.

Само сабой, такі вялікі комплекс, як «Карл-Маркс-Хоф», павінен забяспечваць і розныя патрэбы, якія трэба было ўлічыць ужо пры праектаванні. Аднолькава неабходна было ўзвесці два дзіцячыя садкі, дзве пральні — кожную з прасторнай лазняй, — школьную зубную клініку, бібліятэку, дом моладзі і больнічную касу з амбулаторыямі, а таксама размясціць аптэку, паштовае аддзяленне і шмат крам. Варта адзначыць, што абедзве гэтыя вялікія пральні, абсталяваныя па апошнім слове тэхнікі, ацяпляюцца і працуюць на электрычнасці: гарачую ваду грэюць у электракатлах і захоўваюць у электраакумулятарах, і таму няма сажы і дыму, якія ўзнікаюць ад топкі коксам і вуглём. Тое, што гэтая ўстанова не дыміць, — асабліва каштоўная перавага жылога комплексу.

Сярод мастацкіх упрыгожанняў комплексу, акрамя ўжо згаданага «Сейбіта» скульптара Гофнера на вялікай плошчы з садам, ёсць яшчэ чатыры скульптуры на замковых камянях над галоўнымі праездамі ў цэнтральнай частцы будынка — «Свабода», «Клопат», «Асвета» і «Фізічная культура» скульптара Рыдля.

Жылы комплекс у Гайлігенштаце стаіць ля падножжа стромага схілу, там, дзе ў даўнія часы цяклі рукавы Дуная. Таму грунт тут складаны, і ўжытыя падмуркі на набіўных бетонных палях часткова сябе не апраўдалі. Дадатковыя работы, якія давялося правесці, поўнасцю выправілі справу і далі цвёрдую ўпэўненасць у трываласці будынка. Тэхнічная навука і практыка атрымалі з гэтага прыкладу складанага фундавання новыя карысныя веды.

Новыя задачы ставіў перад інжынерамі і сам корпус. Тут перш за ўсё трэба згадаць цэнтральную частку, вартую ўвагі і з мастацкага пункту гледжання: яе ўражанне ў многім трымаецца на вялізных праёмах, падобных да брамных арак. Гэтыя надбудовы і масты над вуліцамі са светлым пралётам больш за 16 метраў нясуць вялікую нагрузку, бо над імі ўзвышаюцца цяжкія аб’ёмы. У скляпенне, якога хацеў архітэктар, убудавалі шарнірна апёртыя жалезабетонныя рамы з жорсткімі вугламі, а распор прымаюць зацяжкі, пракладзеныя пад брукам вуліцы.

Асобную праблему складала каналізацыя ўсяго будынка: з-за блізкасці Дуная галоўны калектар ляжыць вышэй за падлогу падвалаў. Таму каналізацыйныя трубы давялося весці адкрыта, над падлогай падвалаў.

Вываз смецця. Для гэтага ў дварах раскіданыя пункты збору з кантэйнерамі сістэмы «Калонія», якія змяшчаюць прыкладна дзённую колькасць адкідаў. З гэтых пунктаў кантэйнеры забіраюць электракары і адвозяць у зборную залу за межамі комплексу, адкуль смецце перагружаюць на зборны транспарт «Калоніі».

Асабліва важныя цэнтральныя пральні. Іх дзве, і стаяць яны ў дварах комплексу. Як ужо сказана, вялікі жылы квартал трэба было ўберагчы ад дыму. Таму ад топкі вуглём адмовіліся, і заставаўся выбар паміж кацельняй на газе ці на электрычнасці. Паколькі пры адпаведна наладжанай працы можна выкарыстоўваць начны ток, і гэта танна, выбралі электрычны нагрэў вады. Сутнасць яго ў тым, што ў двух электракатлах дыяметрам 1,35 метра і вышынёй 3 метры электроднымі награвальнікамі ваду награваюць пад ціскам да 8 атмасфер і захоўваюць у двух вялікіх рэзервуарах дыяметрам 3 метры і агульнай даўжынёй 15 метраў. Разам рэзервуары змяшчаюць 200 кубаметраў. Гэтай вады хапае, каб цэлы працоўны дзень забяспечваць вадой і парай пральню і лазню пры ёй. Пральныя машыны працуюць на электрычнасці. У адрозненне ад сістэмы агульнай залы, месцы для мыцця размешчаныя ў асобных кабінах, і ў кожнай кабіне, акрамя карыта, ёсць яшчэ невялікі пральны кацёл. Астатняе абсталяванне — пральныя катлы, цэнтрыфугі, высоўныя сушылкі і маглі — такое ж, як у цэнтральных пральнях, што ўжо працуюць у іншых жылых комплексах.

Увесь будынак узводзілі ў тры чэргі ў 1926–1930 гадах. У першую частку людзі засяліліся ўжо летам 1927 года, а апошнюю, на Грынцынгер-штрасэ, скончылі і засялілі ў жніўні гэтага года.

Калаж: зала цэнтральнай пральні Карл-Маркс-Хофа з жанчынамі ля пральных машын у аранжавым дуатоне і чорна-белае фота двух вялікіх электракатлоў; на аранжавым квадраце спіс — 2 пральні, 2 лазні, 2 дзіцячыя садкі, зубная клініка, кансультацыя для маці, бібліятэка, дом моладзі, пошта, амбулаторыя, аптэка, 25 крам; вялікі надпіс «Без дыму».
Цэнтральная пральня Карл-Маркс-Хофа: зала для мыцця і электракатлы, 1930 · Калаж: Праксіс. Фота з брашуры 1930 года, грамадскі набытак

Каб паказаць аб’ём выкананай працы, пералічым колькасці галоўных будаўнічых матэрыялаў, якія пайшлі на будоўлю:

  • цэгла — 24 400 000 штук;
  • цэмент — 19 800 000 кг;
  • арматурная сталь — 3 500 000 кг;
  • вапна — 2 300 000 кг;
  • гіпс — 1 265 000 кг;
  • пясок і жвір — 130 000 м³;
  • шкло — 24 400 м²;
  • дашчаныя падлогі — 63 200 м²;
  • дахоўка — 614 000 штук.

Падрабязней пра будынак расказвае наступная зводка.

Тыпы кватэр у гэтым жылым комплексе

  • пакой для адзінокага — 88;
  • кухня і пакой — 125;
  • кухня, пакой і пакойчык — 748;
  • кухня і 2 пакоі — 159;
  • кухня, пакой і 2 пакойчыкі — 136;
  • кухня, 2 пакоі і пакойчык — 93;
  • кухня і 3 пакоі — 16;
  • кухня, 2 пакоі і 2 пакойчыкі — 6;
  • кухня, 3 пакоі і пакойчык — 10;
  • кухня, 3 пакоі і 2 пакойчыкі — 1.

Усяго кватэр — 1382.

Акрамя таго, у жылым комплексе ёсць:

  • 2 цэнтральныя пральні на 62 месцы для мыцця;
  • 2 лазні з 20 ваннамі і 30 душамі;
  • 2 дзіцячыя садкі;
  • зубная клініка;
  • кансультацыя для маці;
  • бібліятэка;
  • дом моладзі;
  • паштовае аддзяленне;
  • больнічная каса з амбулаторыяй;
  • аптэка;
  • і яшчэ 25 крам.

Ажыццяўленне гэтага магутнага будаўнічага праекта ставіла вялікія патрабаванні да праекціроўшчыкаў, будаўнічых фірмаў і гарадскога будаўнічага нагляду. На нейкі час, калі трэба было пераадольваць цяжкасці з падмуркамі, гэтыя патрабаванні выраслі да зусім асаблівага напружання сіл. Канчатковы поспех узнагародзіў адданасць усіх, хто ўдзельнічаў у справе.


«Der Karl Marx-Hof. Die Wohnhausanlage der Gemeinde Wien auf der Hagenwiese in Heiligenstadt». Wien: Gemeinde Wien, 1930. Пераклад з нямецкай паводле скана на dasrotewien.at; планы і фатаграфіі брашуры прапушчаныя. Ананімнае выданне 1930 года знаходзіцца ў грамадскім набытку.

Яшчэ ў рубрыцы «Горад»

Горад

Дваццаць гадоў у Хал-Хаўсе

1910 год. Джэйн Адамс успамінае, як у 1889-м пасялілася ў старым доме сярод імігранцкіх кварталаў Чыкага, і тлумачыць, навошта адукаванай моладзі жыць побач з беднымі: дабро, якое мы здабылі для сябе, вісіць у паветры, пакуль не стане агульным.

Джэйн Адамс ·

Горад

Хлусня, нахабная хлусня і Uber

2024 год. Таронта хоча зноў абмежаваць колькасць машын Uber на сваіх вуліцах, а кампанія абяцае кіроўцам «120% мінімальнага заробку». Коры Доктараў паказвае, чаму гэта хлусня адразу пра грошы, працу і геаметрыю горада.

Коры Доктараў ·

Горад

Жыллё не дзеля зыску

1928 год. Варшаўскі жыллёвы кааператыў засяляе першыя дамы на Жалібожы, а адзін з яго кіраўнікоў Тэадор Тэпліц тлумачыць, чым дом, пабудаваны не дзеля зыску, адрозніваецца ад даходнага: пральні і лазні, бібліятэкі і садкі, самакіраванне кватарантаў. Побач — яго артыкул 1931 года пра тое, хто такі сапраўдны кааператар.

Тэадор Тэпліц ·