Міхайла Драгаманаў (1841–1895) — украінскі гісторык, фалькларыст і палітычны мысляр, тэарэтык федэралізму і самакіравання. Дацэнта Кіеўскага ўніверсітэта, аднаго з лідараў кіеўскай «Грамады», у 1875 годзе звольнілі за «ўкраінафільства». У траўні 1876 года Аляксандр II падпісаў Эмскі ўказ: ён забараняў увозіць украінскія кнігі з-за мяжы, друкаваць па-ўкраінску пераклады і амаль усё, апроч гістарычных дакументаў і правераных цэнзурай мастацкіх твораў у рускім правапісе, і ставіць украінскія спектаклі — і асобна загадваў выслаць з Украіны Драгаманава і Паўла Чубінскага. Драгаманаў з’ехаў за мяжу і ў 1876 годзе асеў у Жэневе, дзе на грошы кіеўскай «Грамады» заснаваў украінскую друкарню і выдаваў зборнік «Громада» (1878–1882); пазней ён супрацоўнічаў з расійскай эміграцыйнай газетай «Вольное слово». З 1889 года выкладаў у Сафійскім універсітэце, памёр у Сафіі. «Вольны саюз — Вільна спілка. Спроба ўкраінскай палітыка-сацыяльнай праграмы» выйшаў у Жэневе ў 1884 годзе па-руску, з падзагалоўкам «звод і тлумачэнні М. Драгаманава»: аўтар сабраў у ім меркаванні, якія атрымліваў ад чытачоў і земскіх дзеячаў, і склаў з іх праект статута ўкраінскага палітычнага таварыства. Па сутнасці гэта канстытуцыя для ўсёй Расійскай імперыі, пабудаваная знізу ўверх: правы чалавека і грамадзяніна, якія нельга адмяніць законам; выбарныя сходы і думы ў вёсцы, воласці, павеце і вобласці, ніводная з якіх не з’яўляецца начальствам над ніжэйшай; дзве агульнадзяржаўныя думы — адна ад выбаршчыкаў, другая ад абласцей; пытанне, ці будзе на чале дзяржавы імператар ці выбраны старшыня, аўтар свядома пакідае адкрытым. Мы перакладаем «Папярэднюю заўвагу» і ўвесь праект статута — тры яго часткі разам з аўтарскай зноскай пра падзел імперыі на вобласці. Доўгія «тлумачэнні», якія займаюць большую частку кнігі, мы не перакладаем. Праграма стала асновай украінскага федэралізму: на Драгаманава абапіраліся галіцкія радыкалы Івана Франка і Міхайлы Паўліка, якія ў 1890 годзе заснавалі Руска-ўкраінскую радыкальную партыю, а ў 1917 годзе Украінская Цэнтральная Рада да пачатку 1918-га бачыла Украіну аўтаномнай часткай федэратыўнай Расіі. Для беларускага чытача асабліва цікавая зноска пра вобласці: Драгаманаў вылучае асобную Беларускую вобласць — Віцебская (без латышскіх паветаў), Магілёўская, большая частка Мінскай і Гродзенскай губерняў і заходняя палова Смаленскай, — а Пінск, Мазыр, Брэст і Кобрын адносіць да асобнай Палескай. Федэратыўная ідэя пасля трапіла і ў беларускія праграмы: у 1906 годзе Беларуская Сацыялістычная Грамада патрабавала ператварыць імперыю ў федэратыўную дэмакратычную рэспубліку з агульнай аўтаноміяй Беларусі і Літвы і соймам у Вільні, а ў сакавіку 1917 года з’езд беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску — аўтаноміі Беларусі ў складзе федэратыўнай Расіі. Тэкст напісаны мовай свайго часу: «племя» тут значыць народ, «чорнарабочыя класы» — некваліфікаваных працоўных, «гласныя» — дэпутатаў дум. Літары падпунктаў у раздзеле пра правы чалавека мы далі па беларускім алфавіце; заўвагі ў квадратных дужках — рэдакцыйныя.
Папярэдняя заўвага
З 1876 года выданне ўкраінскага зборніка «Громада», а побач з ім брашур на рускай і французскай мовах, а потым газеты «Вольное слово» і іншых публікацый, у якіх мы ўвесь час даводзілі неабходнасць арганізаванага грамадскага руху за ўсталяванне ў Расіі палітычнай свабоды, звяло нас — апроч нашых найбліжэйшых палітычных сяброў і землякоў — з самымі рознымі элементамі насельніцтва Расіі. Людзі розных плямёнаў, класаў і палітыка-сацыяльных кірункаў выказвалі нам свае меркаванні наконт грамадскіх пытанняў, якія мы закраналі ў сваіх публікацыях, і заахвочвалі нас выкладаць свае погляды далей, патрабуючы ад нас больш ці менш падрабязнай палітыка-сацыяльнай праграмы, прыстасаванай да практычных умоў цяперашняга становішча Расіі. Некаторыя дасылалі нам свае накіды падобных праграм. Нарэшце, сочачы за меркаваннямі, якія з 1878 года выказваліся ў розных земскіх сходах — і пра агульнае становішча Расіі, і пра так званае мясцовае кіраванне, — мы часта сустракалі і пацверджанне нашых палітычных меркаванняў, і дапаўненні да іх, і іх выклад у больш практычнай форме. «Палітычная праграма Земскага саюза», надрукаваная ў канцы мінулага года і распаўсюджаная ў даволі вялікай колькасці асобнікаў, — а яна ў значнай ступені ёсць не чым іншым, як сістэматычным зводам асобных палажэнняў і пажаданняў, выказаных на згаданых сходах, — у сваю чаргу дала нам нагоду сабраць самыя розныя палітычныя меркаванні. Хоць гэтую праграму склалі не мы, а людзі, якія стаяць бліжэй за нас да практычнага жыцця, але паколькі яна была апублікаваная ў сувязі з газетай, у якой мы бралі дзейсны ўдзел, і паколькі асноўныя яе палажэнні супадаюць з тымі, што мы развівалі ў сваіх публікацыях, многія людзі звярнуліся да нас са сваімі заўвагамі наконт гэтай праграмы.*
* Чытач убачыць далей, што многія артыкулы гэтай праграмы мы прыводзім амаль даслоўна.
Так у нас склаўся пэўны запас палітыка-сацыяльных меркаванняў, агульных у нас з нашымі чытачамі, — плён працы думкі настолькі ж індывідуальнай, наколькі і калектыўнай, абуджанай становішчам Расіі ў апошнія гады. Нам падалося, што надрукаваць сістэматычны звод гэтых меркаванняў было б не лішне — хоць бы для таго, каб даць нагоду для далейшага абмеркавання пытанняў, даволі важных, смеем думаць, пры цяперашнім становішчы Расіі ўжо таму, што яны нарадзіліся не ў фантазіі таго ці іншага індывіда, а былі абуджаныя самім жыццём у галовах даволі вялікай колькасці самых розных людзей. Пытанні гэтыя тычацца асноў палітычнай перабудовы Расіі і найнеабходнейшых для яе сацыяльна-эканамічных рэформаў. Для зручнасці абмеркавання мы падзялілі свой выклад на дзве часткі: у першай мы паставілі шэраг катэгарычных палажэнняў, якія могуць быць слушнымі або няслушнымі незалежна ад нашага ўмення падмацаваць іх аргументамі; у другой — самі гэтыя аргументы на карысць тых палажэнняў, якія патрабуюць тлумачэння або якія, як мы ведаем з папярэдняга абмену думкамі з рознымі людзьмі, сустракаюць пэўныя пярэчанні.
Нягледзячы на тое, што мы карысталіся палітычнымі меркаваннямі людзей з розных канцоў Расіі, і нягледзячы на нашу глыбокую перакананасць, што — прынамсі цяпер — немагчымы практычны рух наперад ніводнай асобнай часткі Расіі без руху ўсіх яе частак і без агульнай палітычнай рэформы ўсёй гэтай дзяржавы, мы ўсё ж не адважыліся надаць нашай палітыка-сацыяльнай праграме нават знешнюю форму праграмы агульнарасійскай, а прапануем яе як спробу праграмы, прыстасаванай да краю, які нам найлепш вядомы. Гэта — вобласці, населеныя пераважна ўкраінскім, або маларускім, племем, ад усходніх паветаў Царства Польскага да перадгор’яў Каўказа.
Сапраўды агульнарасійская праграма, як і сапраўды агульнарасійская палітычная арганізацыя, можа, на нашу думку, з’явіцца толькі як сукупнасць пэўных абласных праграм і як саюз абласных арганізацый, што за імі стаяць. Таму найпільнейшай справай у здабыванні палітычнай свабоды для насельніцтва Расіі мы лічым цяпер стварэнне такіх арганізацый — абласных палітычных таварыстваў, якія сабралі б пад сцяг пэўных палітыка-сацыяльных патрабаванняў як мага больш людзей і гурткоў сваіх абласцей, а потым звязаліся б паміж сабою для сумеснага дзеяння, скіраванага на пераўтварэнне Расіі паводле гэтых патрабаванняў. Выносячы пад уплывам гэтага пераканання на шырокі публічны суд — перш за ўсё жыхароў украінскіх абласцей — звод палітыка-сацыяльных патрабаванняў, якія ўжо падзяляе пэўная колькасць людзей, мы палічылі найзручнейшым выкласці іх у форме праекта статута такога палітычнага таварыства, для якога пры цяперашнім становішчы Украіны і суседніх з ёю абласцей лічым найбольш адпаведнай назву «Вільна спілка», «Вольны саюз». Асноўныя ідэі такога таварыства цалкам адпавядаюць традыцыям украінскага насельніцтва, якія і ў больш цёмныя часы імкнуліся праявіцца ў арганізаванай форме — напрыклад, у Таварыстве з’яднаных славян 1824–1825 гадоў і ў 1840-я гады ў гуртку сяброў Шаўчэнкі, вядомым як Кірыла-Мефодзіеўскае брацтва. Цяпер неабходныя элементы для такога таварыства на Украіне існуюць і нават дзейнічаюць у розных сферах грамадскага жыцця — і самастойна, і як удзельнікі іншых палітычных груп. Ім бракуе толькі трывалай спецыяльнай арганізацыі, якая адна можа забяспечыць сістэмнасць, а значыць, і шырыню і плённасць дзейнасці. Мы палічым сваю задачу выкананай, і нават паспяхова, калі гэты наш праект паслужыць згаданым элементам нагодай для выпрацоўкі канчатковай праграмы, якую яе складальнікі, што жывуць у самой краіне, будуць ажыццяўляць ужо як цалкам сваё ўласнае тварэнне.

Праект асноў статута ўкраінскага таварыства «Вольны саюз» — «Вільна спілка». Частка I. Пра мэты таварыства
I. У землях, населеных украінскім племем, павінна быць заснавана таварыства «Вільна спілка» — «Вольны саюз», якое паставіць сабе задачай працу дзеля палітычнага, эканамічнага і культурнага вызвалення і развіцця ўкраінскага народа і іншаплемянных калоній, што жывуць сярод яго.
Заўвага. Паколькі ўкраінскі народ жыве ў розных дзяржавах — у Расіі, у Аўстрыі (у Галіцыі і Букавіне) і ў Венгрыі (ва ўсходніх камітатах) — у розных палітычных умовах (хоць і ў вельмі падобных умовах сацыяльных і культурных), то ў кожнай з гэтых палітычных абласцей прыёмы грамадскай дзейнасці павінны быць розныя. Таму ў кожнай з названых украінскіх абласцей павінны быць утвораныя і асобныя палітычныя таварыствы — хутчэй цалкам самастойныя, чым аддзелы аднаго і таго ж, — якія, зрэшты, самой сілай рэчаў мусяць прыйсці да згоды паміж сабою наконт пэўнай салідарнасці ў дзеяннях і ўзаемнай дапамогі.
Гэты праект, выпрацаваны з удзелам украінцаў расійскіх, мае на ўвазе амаль выключна Украіну таксама расійскую.
II. «Вольны саюз» павінен імкнуцца да сваіх мэт у згодзе з падобнымі да яго таварыствамі сярод іншых народаў, інтарэсы якіх датыкаюцца інтарэсаў украінскага народа.
Заўвага. Каб лягчэй дасягнуць такой згоды, «Вольны саюз» павінен прымаць у свае сябры людзей розных нацыянальнасцей, засноўваць свае аддзелы ва ўкраінскіх калоніях сярод іншых плямёнаў і спрыяць утварэнню падобных да яго таварыстваў сярод народаў, інтарэсы якіх звязаныя з інтарэсамі ўкраінскага народа.
III. Найважнейшай задачай «Вольнага саюза» ў Расіі цяпер і ў бліжэйшы час павінна быць праца дзеля пераўтварэння гэтай дзяржавы на пачатках палітычнай свабоды — прыкладна на такіх асновах:
1. Пад словамі «палітычная свабода» трэба разумець:
А. Правы чалавека і грамадзяніна:
- а) Недатыкальнасць цела для ганебных пакаранняў і смяротнай кары.
- б) Недатыкальнасць асобы і жытла для паліцыі без судовай пастановы.
Заўвага I. Калі кагосьці злавілі на месцы злачынства, кожны можа затрымаць вінаватага, але павінен адразу ж перадаць яго ў рукі судовай улады.
Заўвага II. Ніхто не павінен быць суджаны надзвычайным судом. Крымінальны суд, апроч міравога, павінен быць судом з прысяжнымі.
- в) Недатыкальнасць прыватных лістоў і тэлеграм.
- г) Свабода выбару месца жыхарства і заняткаў.
- д) Недатыкальнасць нацыянальнасці (мовы) у прыватным і публічным жыцці.
- е) Свабода сумлення (веры і няверы) і ўсякага публічнага богаслужэння і абрадаў, якія не абражаюць грамадскай прыстойнасці.
Заўвага. З гэтай свабоды вынікае скасаванне дзяржаўнай царквы і ператварэнне ўсіх царкоўных устаноў у прыватныя, якія ўтрымліваюцца выключна коштам ахвочых і кіруюцца паводле іх волі, без усякай дапамогі або ўмяшання грамадзянскіх устаноў.
- ж) Свабода слова, друку, тэатраў і навучання.
- з) Свабода сходак, петыцый і выказвання знешнімі знакамі (малюнкамі, сцягамі, працэсіямі і інш.) без парушэння знешняга парадку і бяспекі ў населеных месцах.
- і) Свабода таварыстваў і суполак.
- к) Права насіць зброю і займацца вайсковымі практыкаваннямі без парушэння знешняга парадку і бяспекі ў населеных месцах.
- л) Права грамадзянскага і крымінальнага іску супраць службовых асоб і ўстаноў за незаконнае парушэнне інтарэсаў асобы.
- м) Права супраціўляцца незаконным дзеянням чыноўнікаў.
- н) Роўнасць усіх у грамадзянскіх правах і абавязках.
Заўвага I да раздзела А. Правы чалавека і грамадзяніна не могуць быць ні скасаваныя, ні абмежаваныя ніякай пастановай і ніякім законам, за выключэннем абмежаванняў, якія ўводзяцца ў заканадаўчым парадку на час знешняй вайны. Але і ў такім выпадку ніхто, хто не належыць да войска, не можа быць суджаны ні ваенным, ні іншым выключным судом.
Заўвага II да раздзела А. Ахова пералічаных правоў павінна быць ускладзена на мясцовых міравых суддзяў, якім трэба даць права пад асабістую адказнасць патрабаваць садзейнічання ад вайсковых сіл, што стаяць паблізу, — а тыя абавязаныя такое садзейнічанне аказваць.
Б. Самакіраванне:
а) Мясцовае:
- абшчыннае (вясковае і гарадское);
- валаснае;
- павятовае;
- абласное.*
б) Дзяржаўнае.
2. Гэтае самакіраванне павінна быць прадстаўлена сходамі або выбранымі сабраннямі, перад якімі павінны адказваць усе службовыя асобы, апроч суддзяў, становішча якіх павінна быць вызначана асобна.
Заўвага. У асноўных сваіх рысах цяперашні судовы лад паводле статутаў 20 лістапада 1864 года можна прызнаць здавальняльным.
3. Усе, каму споўнілася 21 год, павінны мець права выбіраць і быць выбранымі ва ўсе прадстаўнічыя сабранні і на абшчынныя, валасныя і павятовыя пасады; а каб быць выбраным у абласныя і дзяржаўныя сабранні і на такія пасады, неабходны ўзрост 25 гадоў.
Заўвага I. Законы пра выбарчыя сходы і акругі павінны быць складзеныя так, каб выбраныя маглі прадстаўляць не толькі жыхароў усіх мясцовасцей, але па магчымасці і ўсе роды заняткаў, і не толькі большасць, але і меншасць.
Заўвага II. Выбаршчыкі павінны мець права складаць для сваіх выбраннікаў наказы.
4. У вёсках грамадскімі справамі павінны загадваць сход і выбраная ім управа са старшынёй, якога таксама выбірае сход.
5. У гарадах (і мястэчках), валасцях, паветах і абласцях для загадвання грамадскімі справамі павінны быць заснаваныя думы, выбраныя на падставе асобых законаў пра выбарчыя сходы і акругі, складзеных без парушэння пункта 3, — а таксама управы, выбраныя думамі.
6. Вясковыя сходы, а таксама гарадскія, валасныя, павятовыя і абласныя думы павінны мець права даручаць выкананне сваіх пастаноў, апроч сваіх старшынь і управаў, яшчэ і асобым людзям або камітэтам.
7. Вясковыя сходы, а таксама гарадскія, павятовыя і абласныя думы павінны мець права даручаць сваім управам весці грамадзянскія і крымінальныя іскі супраць усякіх службовых асоб за іх незаконныя дзеянні.
8. Названыя ў §§ 4 і 5 установы абшчынныя, валасныя і павятовыя павінны загадваць у сваіх акругах справамі мясцовай грамадскай гаспадаркі (грамадская маёмасць, базары, кірмашы і да т. п.), добраўпарадкавання (шляхі зносін, публічныя будынкі, пошта і да т. п.) і дабрабыту (ахова здароўя, харчаванне, дабрачынная апека, страхаванне, ахова жывёлы ад эпізаотый і да т. п.), а таксама грамадскім пачатковым і (па меры сродкаў) сярэднім навучаннем.
9. Абласным думам і ўпаўнаважаным імі управам і іншым органам павінны належаць: загадванне справамі мясцовай грамадскай гаспадаркі, добраўпарадкавання і дабрабыту, якія пераўзыходзяць сродкі аднаго павета; прыняцце агульных мер па ўсёй вобласці ва ўсіх справах грамадскай гаспадаркі, добраўпарадкавання і дабрабыту; нагляд за ўсёй эканамічнай дзейнасцю ў вобласці (земляробствам, капальнямі, лясамі, промысламі, заводамі, фабрыкамі і інш.) і прыняцце мер, каб захоўваць прыродныя багацці вобласці і правільна імі карыстацца, а таксама каб забяспечваць і павялічваць агульны дабрабыт насельніцтва вобласці; нагляд (інспекцыя) за публічным навучаннем у вобласці і загадванне сярэднімі школамі, што ўтрымліваюцца коштам вобласці, а таксама вышэйшымі школамі і навуковымі ўстановамі (акадэміямі і інш.).
10. Вясковыя сходы, а таксама валасныя, гарадскія, павятовыя і абласныя думы павінны мець права выдаваць па ўсіх справах, што ўваходзяць у кола іх дзейнасці, абавязковыя пастановы (не супрацьлеглыя асноўным законам і агульным інтарэсам дзяржаўнага саюза), прызначаць падаткі на грамадскія патрэбы, якія ім падведамныя, і ўступаць у зносіны і пагадненні з іншымі падобнымі ўстановамі ў межах дзяржавы, каб задавальняць агульныя ім патрэбы.
Заўвагі да §§ 4–10. I. Падрабязнасці адносін паміж названымі вышэй установамі з больш ці менш шырокім колам дзейнасці павінны быць вызначаныя асобымі статутамі. Але неабходна, каб гэтыя статуты як мага больш дбалі пра тое, каб установа з шырэйшым колам дзейнасці не была начальствам над установамі з вузейшым колам дзейнасці, а каб кожная мела як мага паўнейшую самастойнасць у сваім коле, асабліва ў справах, якія яна аплачвае са сваіх сродкаў. Згаданы нагляд у справах адукацыйных павінен мець значэнне даследавання і парады, а не камандавання.
II. Гэтак жа асобымі пастановамі павінны быць вызначаныя і адносіны прадстаўнікоў агульнадзяржаўнага ўрада (міністраў і абласных намеснікаў) да органаў мясцовага самакіравання. Але каб мясцовае самакіраванне было сапраўдным, неабходна, каб прадстаўнікі дзяржавы маглі прыпыняць толькі такія пастановы і дзеянні органаў мясцовага самакіравання, якія не згодныя з асноўнымі законамі і агульнымі інтарэсамі дзяржаўнага саюза, і каб канфлікт, які такім чынам узнік, вырашаў сенат (вышэйшы суд), а дзяржаўны чыноўнік адказваў за наступствы прыпынення, якое ён зрабіў.
11. Паліцыя ў гарадах, паветах і іх падраздзяленнях павінна быць у веданні адпаведных дум, перад якімі павінны адказваць начальнікі мясцовай паліцыі, якім бы спосабам іх ні прызначалі.
12. Апроч пералічаных у §§ 8, 9, 10 і 11 спраў, мясцовым выбарным установам павінны належаць размеркаванне і раскладка прамых дзяржаўных падаткаў. Абласным жа думам павінны належаць таксама папярэдні разгляд усіх праектаў агульнадзяржаўных фінансавых законаў і падача пра іх заключэнняў у заканадаўчыя дзяржаўныя ўстановы, а таксама заканадаўства ў пытаннях мясцовага жыцця (ужыванне выбарчых законаў, тэрытарыяльныя падзелы, кадыфікацыя звычаёвага права і да т. п.).
13. Загадванне справамі, агульнымі для ўсяго расійскага дзяржаўнага саюза, і агульнадзяржаўнае заканадаўства павінны належаць дзвюм думам:
А. Дзяржаўнай думе, гласныя якой павінны выбірацца выбарчымі сходамі па акругах, што павінны быць вызначаныя асобай пастановай на падставе § 3, і
Б. Саюзнай думе, гласных якой павінны выбіраць абласныя думы.
Заўвага. Абласныя думы павінны даваць сваім прадстаўнікам у Саюзнай думе наказы і мець права ў любы час замяняць гэтых прадстаўнікоў іншымі.
14. Абедзве агульнадзяржаўныя думы на час перапынку ў сваіх паседжаннях павінны ўтвараць з сябе Наглядную камісію.
15. Міністры, якіх прызначае Глава дзяржавы, павінны адказваць перад абедзвюма думамі, і думы могуць аддаваць іх пад суд.
16. Саюзнай думе як прадстаўніцы абласцей, апроч удзелу ў агульнадзяржаўным заканадаўстве і кіраванні, павінна належаць, у прыватнасці, загадванне дзяржаўнай маёмасцю як запасам, агульным для ўсіх абласцей дзяржавы; наконт выкарыстання гэтага запасу на агульную карысць Саюзная дума павінна прымаць меры на падставе законаў, выдадзеных разам з Дзяржаўнай думай, і ў зносінах з думамі павятовымі і абласнымі, якія павінны паведамляць Саюзнай думе пра патрэбы, што могуць быць задаволеныя з гэтага запасу.
17. Усе названыя думы павінны абавязкова збірацца ў вызначаныя тэрміны на чарговыя сесіі. На надзвычайныя ж сесіі гэтыя думы павінны склікацца па запрашэнні адпаведных управаў і Нагляднай камісіі або па жаданні траціны сваіх членаў. У выпадку вайны або паўстання ў адной з абласцей Дзяржаўная і Саюзная думы павінны збірацца самі, калі іх не скліча ні Глава дзяржавы, ні Наглядная камісія, і не разыходзіцца, пакуль самі пра тое не пастановяць.
18. Глава дзяржавы можа са згоды Саюзнай думы распусціць Дзяржаўную думу, але ў такім выпадку распускаецца і Саюзная дума, а ў маніфесце пра гэта павінен быць прызначаны і тэрмін выбараў новых членаў гэтых дум; адначасова з выданнем гэтага маніфеста павінны збірацца абласныя думы, якія і павінны засядаць, пакуль не збяруцца новыя агульнадзяржаўныя думы.
19. У выпадку незаконнага захопу дзяржаўнай улады кім бы там ні было абласныя думы павінны збірацца з уласнай ініцыятывы — яны і прымуць меры, каб аднавіць законны парадак. У такім выпадку войскі, размешчаныя ў абласцях, павінны падпарадкоўвацца абласным думам.
20. Для суда над міністрамі за службовыя злачынствы, а таксама над членамі Дзяржаўнай і Саюзнай думы за дзяржаўную здраду павінен збірацца Вярхоўны суд з членаў крымінальнага дэпартамента Сената і Саюзнай думы.
21. Сенатары павінны прызначацца пажыццёва Главою дзяржавы з кандыдатаў, якіх яму прапануе Саюзная дума, — абавязкова з людзей, што атрымалі вышэйшую юрыдычную адукацыю і ўжо былі членамі судовых палат, абласных або агульнадзяржаўных дум.
22. Павятовыя і абласныя думы, а таксама Глава дзяржавы павінны мець права ўздымаць пытанне пра тое, што пастановы Дзяржаўнай і Саюзнай думы не згодныя з асноўнымі законамі (статутам, канстытуцыяй) дзяржавы; гэтыя пытанні павінен вырашаць Сенат на агульным сходзе сваіх дэпартаментаў.
23. Ніякія змены ў асноўных законах дзяржавы не павінны рабіцца без папярэдняй згоды дзвюх трацін галасоў Дзяржаўнай і Саюзнай дум і без зацвярджэння Дзяржаўнага сабора.
24. Дзяржаўны сабор павінен складацца з членаў Дзяржаўнай і Саюзнай думы, аб’яднаных разам, а таксама з асобых гласных, выбраных абласнымі сабраннямі ў такой колькасці, каб члены Саюзнай думы разам з гэтымі асобымі гласнымі па ліку раўняліся членам Дзяржаўнай думы.
25. Глава дзяржавы павінен быць абавязаны абнародаваць законы, прынятыя агульнадзяржаўнымі сабраннямі, і пастановы Сената, якія пазбаўляюць іх сілы, а таксама пастановы Дзяржаўнага сабора, сачыць за выкананнем законаў і пераследаваць у законным парадку іх парушэнні.
Заўвага. Главой дзяржавы можа быць як спадчынны імператар, так і выбраны на тэрмін Старшыня Усерасійскага дзяржаўнага саюза. У першым выпадку за яго дзеянні павінны адказваць міністры ў парадку, паказаным у §§ 15 і 21, а ў другім ён адказвае сам у тым жа парадку.
IV. З выкладзеных вышэй пачаткаў палітычнага пераўтварэння Расіі трэба лічыць асабліва важнымі: 1) правы чалавека і грамадзяніна і 2) мясцовае самакіраванне; кіраванне ж усёй Расіяй праз цэнтральны прадстаўнічы сход без прызнання і забеспячэння гэтых правоў і мясцовага самакіравання трэба лічыць такой жа слабай аховай свабоды наогул і інтарэсаў Украіны ў прыватнасці, як і цяперашні лад Расійскай імперыі.
V. Калі вышэйвыкладзены або падобны план палітычнага пераўтварэння Расіі будзе ажыццёўлены цалкам або ў найважнейшых сваіх частках, члены «Вольнага саюза» павінны ўзяць на сябе абавязак скіраваць свае намаганні на тое, каб палегчыць грамадскія цяжары, што цяпер прыгнятаюць жыхароў расійскай Украіны, і каб забяспечыць кожнаму з іх сродкі для жыцця і развіцця. Дзеля гэтага члены «Вольнага саюза» павінны абавязацца праводзіць — з дапамогай свабоды і праз органы самакіравання — усякія меры, скіраваныя:
1. На памяншэнне цяжару вайсковай павіннасці — да таго часу, пакуль агульныя міжнародныя адносіны дадуць магчымасць замяніць пастаянную армію народнымі апалчэннямі, якія збіраюцца часова.
Заўвага. Між іншым, палёгкі вайсковай павіннасці можна дасягнуць, падзяліўшы яе паміж агульнадзяржаўнай арміяй і абласнымі апалчэннямі і скараціўшы армію і тэрмін службы ў ёй.
2. На ператварэнне ўсіх падаткаў у прамыя падаходныя падаткі, якія паступова павялічваюцца адпаведна велічыні даходу плацельшчыка.
Заўвага. Само сабой зразумела, што цяперашнія абуральна несправядлівыя падаткі і зборы — падушныя, пашпартныя, акцызныя і да т. п. — павінны быць перш за ўсё або скасаваныя, або цалкам перайначаныя.
3. На тое, каб навучанне ў школах ніжэйшых, сярэдніх і вышэйшых было даступнае кожнаму, — з тым, каб для дзяцей з бедных сем’яў пачатковае навучанне было дармовае і суправаджалася дапамогай або, калі трэба, поўным утрыманнем вучня за грамадскі кошт, а больш здольных вучняў гэтаксама ўтрымлівалі і ў сярэдніх, і ў вышэйшых школах.
4. На ўладкаванне для бедных людзей грамадскіх прытулкаў — для дзяцей, хворых, калек і старых, — а таксама грамадскіх пенсійных кас для старых і знясіленых работнікаў усіх відаў карыснай грамадству працы.
5. На абмежаванне гадзін штодзённай працы — перш за ўсё жанчын і дзяцей — такім часам, пры якім было б магчымае захаваць здароўе і развівацца цялесна і маральна.
Заўвага. Фабрычная праца для тых, каму не споўнілася 14 гадоў, павінна быць безумоўна забароненая.
6. На ўвядзенне пасярэдніцкіх судоў паміж гаспадарамі і рабочымі з выбраных ад абодвух бакоў.
7. На тое, каб будаваць для рабочых здаровыя жытлы, каб здымаць іх было танней, а сем’ям і арцелям рабочых лягчэй іх купляць.
8. На тое, каб па магчымасці кожны земляроб удзельнічаў у карыстанні або валоданні зямлёй і лесам — праз раздачу іх з дзяржаўнай маёмасці, перасяленне на незанятыя месцы, выкуп з крэдытам і дапамогай ад грамадскіх устаноў, куплю грамадскімі ўстановамі зямель і лясоў у прыватных асоб і да т. п.
Заўвага I. Дамовы, заключаныя пры ўвядзенні Палажэння пра сялян 19 лютага 1861 года, якія пакінулі сялян без зямлі або далі ім так званы чвэртны надзел [дармовы надзел у чвэрць ад найвышэйшай нормы. — Рэд.], павінны быць правераныя, з ужываннем, калі трэба, абавязковага выкупу.
Заўвага II. У мясцовасцях, дзе выкупныя здзелкі, заключаныя з 1861 года, ускладаюць на сялян плацяжы, вышэйшыя за сапраўдную даходнасць зямлі, гэтыя выкупныя плацяжы павінны быць аблегчаныя — праз тое, што пагашэнне выкупнога доўгу будзе перанесена са спецыяльнага сялянскага падатку на агульнадзяржаўныя выдаткі.
9. На павышэнне даходу з зямлі і ўсякага заробку працоўных людзей — праз уладкаванне грамадскіх таварных складоў, праз заказы ўсякіх падрадаў на грамадскія патрэбы непасрэдна земляробам і работнікам пад кіраўніцтвам грамадскіх устаноў (пераважна абшчынных).
10. На падтрымку і развіццё абшчыннага і таварыскага землеўладання і арэнды і ўсякай іншай таварыскай або арцельнай працы.
11. На выкуп капальняў, вод, лясоў, чыгунак і да т. п. ва ўласнасць дзяржавы, абласцей, паветаў, валасцей або абшчын і на перадачу іх у карыстанне насельніцтву як мага танней і, па магчымасці, з арцельным спосабам здабычы і апрацоўкі прадуктаў.
VI. Правядзенне акрэсленых вышэй эканамічных мер — найменшы з абавязкаў, якія бяруць на сябе члены «Вольнага саюза» на той час, калі ў Расіі будуць усталяваныя пачаткі палітычнай свабоды; тыя ж члены, якія будуць лічыць гэтыя меры недастатковымі, могуць пасля такога ўсталявання, не парушаючы свайго слова, выйсці з таварыства, каб дзейнічаць на свой розум.
Заключэнне. Пасля ўсяго сказанага мэты ўкраінскага таварыства «Вільна спілка» цяпер можна сцісла выказаць такімі словамі:
I. Мэты агульнаграмадзянскія:
- а) правы чалавека і грамадзяніна — як неабходная ўмова асабістай годнасці і развіцця;
- б) самакіраванне — як аснова для руху да сацыяльнай справядлівасці.
II. Мэта ўласна нацыянальная:
Палітычная свабода — як сродак вярнуць украінскую нацыю ў сям’ю культурных нацый.

Зноска аўтара да слова «абласное»: вобласці будучага саюза
* Вобласці, на якія павінна быць падзелена Расійская імперыя паводле сукупнасці геаграфічных, эканамічных і этнаграфічных умоў, можна прыкладна намеціць такія:
- 1. Паўночная: губерні Архангельская і Валагодская.
- 2. Азёрная: губерні Алонецкая, Санкт-Пецярбургская, Пскоўская, Наўгародская і Цвярская.
- 3. Балтыйская: губерні Эстляндская, Ліфляндская, латышскія паветы Віцебскай губерні (Люцынскі, Рэжыцкі і Дынабургскі) і Курляндская.
- 4. Літоўская: губерня Ковенская, Сувалкская на поўнач ад горада Сувалкі, паўночна-заходняя палова Віленскай губерні.
- 5. Польская: губерні Царства Польскага, апроч літоўскай часткі Сувалкскай і ўсходніх частак Сядлецкай і Люблінскай (былая уніяцкая Холмская епархія), і заходнія часткі Гродзенскага і Беластоцкага паветаў Гродзенскай губерні.
- 6. Беларуская: губерня Віцебская (апроч латышскіх паветаў), заходняя палова Смаленскай губерні, губерня Магілёўская, Мінская, апроч Пінскага і Мазырскага паветаў, і губерня Гродзенская, апроч паўднёвых паветаў (Бельскага, Пружанскага, Брэсцкага і Кобрынскага).
- 7. Палеская: усходнія часткі Сядлецкай і Люблінскай губерняў, паўднёвыя паветы Гродзенскай, Пінскі і Мазырскі паветы Мінскай губерні і Валынская губерня, апроч паўднёва-ўсходняй часткі (паветаў Жытомірскага і Наваград-Валынскага па раку Случ).
- 8. Кіеўская: паўднёва-ўсходняя частка Валынскай губерні, Кіеўская губерня, Чарнігаўская і Палтаўская без паўднёва-ўсходняй часткі (паветаў Канстанцінаградскага, Палтаўскага, Кабялякскага і ўсходняй паловы Крамянчугскага).
- 9. Адэская: губерні Падольская, Бесарабская, Херсонская, заходняя частка Екацярынаслаўскай (па Дняпро) і Таўрычаская губерня, апроч паветаў Мелітопальскага і Бярдзянскага.
- 10. Харкаўская: Мелітопальскі і Бярдзянскі паветы Таўрычаскай губерні, усходняя частка Екацярынаслаўскай губерні, паўднёва-ўсходнія паветы Палтаўскай губерні, Харкаўская губерня і паўднёвыя, слабодска-ўкраінскія паветы Курскай і Варонежскай.
- 11. Маскоўская: паўночныя паветы Курскай губерні, губерні Арлоўская, Тульская, Калужская, Смаленская (апроч беларускіх паветаў), Маскоўская і Разанская.
- 12. Ніжагародская: губерні Яраслаўская, Кастрамская, Уладзімірская і Ніжагародская.
- 13. Казанская: губерні Вяцкая, Казанская, Сімбірская і Самарская, апроч паўднёвых паветаў (Мікалаеўскага і Новаўзенскага).
- 14. Прыуральская: губерні Пермская, Уфімская і Арэнбургская.
- 15. Саратаўская: паўночна-ўсходнія паветы Варонежскай губерні, губерні Саратаўская, Тамбоўская, Пензенская, Мікалаеўскі і Новаўзенскі паветы Самарскай губерні і Астраханская губерня.
- 16. Каўказская: Закаўказзе са Стаўрапольскай губерняй (часова).
- 17. Заходняя Сібір.
- 18. Усходняя Сібір.
- 19. Казацкія землі (Данская, Кубанская, Церская і Уральская) павінны заставацца асобнымі абласцямі да таго часу, пакуль казацкую вайсковую службу і ўвесь лад гэтых зямель не пераўтвораць на пачатках усесаслоўнасці; пасля гэтага Зямля ўральскіх казакоў далучыцца, верагодна, да вобласці Саратаўскай, а першыя тры складуць са Стаўрапольскай губерняй адну вобласць з захаваннем мясцовых адметнасцей.
- 20. Сярэднеазіяцкія вобласці, як занадта разнастайныя па сваім насельніцтве і яшчэ нядаўна далучаныя, павінны кіравацца на асобым палажэнні з магчымым ужываннем пачаткаў самакіравання.
Частка II. Пра сродкі дзейнасці таварыства
Папярэдняя заўвага. У кожнай грамадскай справе пытанне пра сродкі ў параўнанні з пытаннем пра мэты — справа другасная. Сродкі залежаць ад абставін, якія ўвесь час мяняюцца, а таму вызначыць іх загадзя з дастатковай паўнатой няма магчымасці, а значыць, і патрэбы. Для ўсякай палітычнай супольнасці самае галоўнае — сабраць як мага больш членаў, якія ясна ўсведамляюць яе мэты і якія потым, паводле ўмоў месца і часу, самі натуральна знойдуць найзручнейшыя сродкі, каб гэтых мэт дасягнуць. Таму палажэнні, што ідуць ніжэй, не прэтэндуюць на паўнату, а толькі спрабуюць паказаць некаторыя прыёмы, якія маюць на мэце перадусім пашырэнне асноўных ідэй задуманага «Вольнага саюза» ў розных слаях насельніцтва.
I. Каб дасягнуць мэтаў, азначаных у першай частцы Асноў статута, неабходна перш за ўсё заснаваць па ўсёй украінскай зямлі аддзяленні «Вольнага саюза» з паўналетніх людзей, па магчымасці з пэўнымі заняткамі, з усіх цяперашніх класаў насельніцтва.
Заўвага. З гэтага ясна, што члены «Вольнага саюза» павінны пазбягаць усякіх дзеянняў, якія падбухторваюць моладзь да заўчаснай для яе палітычнай барацьбы, і такіх дзеянняў, якія могуць перашкодзіць маладым людзям стаць у свой час, дзякуючы адукацыі агульнай і прафесійнай, свядомымі і ўплывовымі палітычнымі дзеячамі.
II. Непарушным абавязкам члена «Вольнага саюза» пры ўсіх іншых абавязках, якія ён возьме на сябе паводле гэтага статута, павінен быць клопат пра тое, каб падымаць свой разумовы і маральны ўзровень, і імкненне заняць у кожнай карыснай грамадству справе па магчымасці самае прыкметнае месца.
Заўвага. З ведаў, асабліва пажаданых для членаў «Вольнага саюза», найперш трэба рэкамендаваць знаёмства з палітычным, сацыяльным і культурным жыццём заходнееўрапейскіх народаў, а таксама як мага грунтоўнейшае вывучэнне сваёй радзімы.
III. Усе асобныя праявы дзейнасці «Вольнага саюза» павінны адпавядаць яго мэтам, вызначаным вышэй, паасобку і ў сукупнасці, а таксама агульным правілам маральнасці.
Заўвага I. Усякі крадзеж і ўсякі падман насельніцтва павінны быць для членаў «Вольнага саюза» безумоўна недапушчальныя.
Заўвага II. Забойства якой бы то ні было асобы (дзеянне, супрацьлеглае аднаму з палажэнняў пра правы чалавека і грамадзяніна) ніколі не павінна быць задачай ні ўсяго «Вольнага саюза», ні якога-небудзь яго аддзела; калі ж хто-небудзь з членаў «Вольнага саюза» здзейсніў бы палітычнае забойства, каб абараніць сябе, або ўзбуджаны крайнімі несправядлівасцямі ўрада і яго слуг, ён абавязаны прыняць гэтае забойства выключна на сваю асабістую адказнасць.
IV. Ніколі не выпускаючы з-пад увагі сваіх галоўных мэтаў — аб’яднаць усіх жыхароў Украіны ў дзейнасці дзеля свабоды і дабрабыту роднай зямлі, а таксама злучыць усе цяперашнія класы насельніцтва Украіны ў адно раўнапраўнае цэлае, — члены «Вольнага саюза» павінны, аднак, шукаць у кожнай мясцовасці і ў кожным класе такія бакі жыцця, традыцыі і памкненні, якія могуць служыць натуральнай асновай, каб прышчапіць ім тое ці іншае з памкненняў Саюза, а менавіта:
1. Члены «Вольнага саюза» павінны шукаць у розных мясцовасцях і класах насельніцтва Украіны ўспаміны пра ранейшую свабоду і раўнапраўе — напрыклад, пра самакіраванне паветаў паводле так званага Літоўскага права [г. зн. паводле Статута Вялікага Княства Літоўскага. — Рэд.], гарадоў паводле так званага Магдэбургскага права, пра свецкае і царкоўнае самакіраванне грамад і валасцей, пра брацтвы, пра казацкае самакіраванне (соцень, палкоў і ўсёй Гетманшчыны), пра з’езды розных саслоўяў у часы Гетманшчыны, пра Сеч і Вольнасці Таварыства Запарожскага і г. д., і г. д., — падтрымліваць гэтыя ўспаміны і падводзіць іх да цяперашніх уяўленняў пра свабоду і роўнасць у адукаваных народаў.
2. Паколькі і паводле імператарскіх расійскіх законаў (напрыклад, Дваранскай граматы 1787 года [так у арыгінале; Жалаваная грамата дваранству выдадзена ў 1785 годзе. — Рэд.]) дваране павінны былі быць вызваленыя ад бессудовага распараджэння іх свабодай і маёмасцю, а таксама мець права звяртацца да Вярхоўнай улады наконт сваіх патрэб і карысцей, — члены «Вольнага саюза» з дваран павінны падахвочваць сваё саслоўе патрабаваць, каб былі скасаваныя такія інстытуты, як ссылка без суда, палажэнне пра ўзмоцненую і надзвычайную ахову, а таксама патрабаваць агульнага пераўтварэння кіравання Расіяй. Разам з тым члены «Вольнага саюза» з украінскіх дваран павінны звяртаць увагу сваіх таварышаў па саслоўі на нядаўняе простанароднае паходжанне ўкраінскага дваранства з казацкай старшыны, першапачаткова выбарнай, а таксама на абуральна несправядлівы захоп гэтай старшынёй народнай маёмасці, і таму павінны паказваць на тым большы маральны абавязак украінскіх дваран выступіць супраць самаўладдзя, а таксама заплаціць простаму люду доўг за несправядлівасці, учыненыя яму.
3. Члены «Вольнага саюза» з рамесных класаў і сялян, а таксама ўсе іншыя члены ў зносінах з рамеснікамі і сялянамі павінны збіраць і сістэматызаваць іх незадаволенасць сваім цяперашнім становішчам, але пры гэтым павінны пашыраць сярод іх думку, што царска-чыноўніцкае самаўладдзе несумяшчальнае нават з матэрыяльным дабрабытам чорнарабочых класаў — нават тады, калі б цар і чыноўнікі шчыра пажадалі гэтага дабрабыту; разам з тым згаданыя члены «Вольнага саюза» павінны пашыраць думку пра карысць палітычнай свабоды і для чорнарабочых класаў — нават тады, калі б на першых парах цяперашнія эканамічныя парадкі і не змяніліся, — а таксама даводзіць, што палітычная свабода неабходная для таго, каб чорнарабочыя класы маглі самі ўзяцца за змену гэтых парадкаў.
4. Сярод сялян і мяшчан члены «Вольнага саюза» павінны звярнуць асаблівую ўвагу на евангелічныя брацтвы (так званых штундыстаў, малаканаў, «людзей божых» і да т. п.), стараючыся растлумачыць ім сувязь свабоды сумлення з іншымі свабодамі, падтрымліваць у іх схільнасць да вольнай думкі, аслабляць містыцызм і скіроўваць думку пра рэлігійнае братэрства да думкі пра саюз грамадзянскі і гаспадарчы, а думку пра такі саюз выводзіць за межы веравызнання.
Заўвага. Найлепшым сродкам для гэтага можа быць знаёмства нашых сектантаў з развіццём пратэстанцкіх сект і кааператыўнага руху ў Заходняй Еўропе, асабліва ў Галандыі і Вялікабрытаніі, — ад анабаптыстаў і сацыніян (вучэнне якіх закранула і Украіну ў XVI–XVII стагоддзях) да Роберта Оўэна і цяперашніх рабочых саюзаў.
5. Збліжаючыся з людзьмі ваеннага класа, члены «Вольнага саюза» павінны пашыраць існае ў гэтым класе ўяўленне пра абавязак воіна бараніць сваю радзіму ад знешняга ворага — да ўяўлення пра неабходнасць бараніць радзіму ад усяго, што ёй шкодзіць, у тым ліку і ад згубнага для яе ўнутранага кіравання; пры гэтым вайскоўцам украінскага паходжання трэба паказваць і на тое, што іх сапраўдная радзіма цяпер заняволеная дзяржаўнай уладай, шкоднай для яе і разам з тым чужой. Заклікаючы вайскоўцаў адмаўляць у падтрымцы дэспатычнаму ўраду і дзейна дапамагаць вызваленню Расіі і, у прыватнасці, Украіны, члены «Вольнага саюза» павінны ў той жа час пашыраць у ваенным класе думку, што інтарэсы правільнага грамадскага жыцця і развіцця патрабуюць, каб армія нават у барацьбе з урадам не захоплівала ўлады, а толькі скідала гвалт над свабодай грамадзян і ахоўвала грамадзянскае самакіраванне ад усякіх замахаў на яго.
V. Члены «Вольнага саюза» павінны асабліва старацца трапіць на выбарныя пасады і ў сабранні (вясковыя, гарадскія, павятовыя, губернскія — сялянскія, дваранскія, земскія), каб мець магчымасць накіроўваць ход грамадскіх спраў да мэтаў «Вольнага саюза», і ў прыватнасці каб:
1. падахвочваць грамадскія сходы і сабранні звяртацца да ўрада з заявамі пра неабходнасць пераўтварыць Расію на пачатках палітычнай свабоды;
2. калі ўрад будзе ўпарціцца, падымаць сходы і сабранні на тое, каб адмовіць яму ў падтрымцы, — напрыклад, адмовіцца выконваць ускладзеныя цяпер законамі на грамадскія ўстановы абавязкі падатковыя, рэкруцкія і да т. п., — і, нарэшце, на прамыя спробы адхіліць царскіх чыноўнікаў ад загадвання грамадскімі справамі і на спробы самавольна ажыццяўляць самакіраванне, запрашаючы да таго ж і прадстаўнікоў іншых мясцовасцей.
VI. Галоўным клопатам «Вольнага саюза» цяпер і ў бліжэйшы час павінна быць збіранне ва ўсіх слаях насельніцтва сіл, дастатковых для таго, каб прымусіць самаўладны ўрад Расіі саступіць заняволенаму ім насельніцтву правы чалавека і грамадзяніна і самакіраванне; для гэтага перадусім неабходна дасягнуць узгодненага дзеяння сіл земскіх і ваенных, адпаведна артыкулу IV і § 4 артыкула III гэтай часткі праекта статута. Але і да таго, як гэтыя сілы будуць цалкам сабраныя, члены «Вольнага саюза» могуць, узважыўшы абставіны, распачынаць супраць урада рознага роду дзеянні — заявы, супраціў і нават напады, — здольныя абуджаць і пашыраць у насельніцтве думку пра неабходнасць змяніць кіраванне Расіяй у тым кірунку, які пажаданы для «Вольнага саюза», і ўдзельнічаць у падобных дзеяннях, распачатых іншымі.
Заўвага. Калі ініцыятыва дзеянняў, згаданых у канцы папярэдняга пункта, будзе належаць членам «Вольнага саюза», то гэтыя члены не маюць права ўхіляцца ад той адказнасці за гэтыя дзеянні, якая ляжа на іншых іх удзельнікаў.
Частка III. Пра ўнутраны лад таварыства
Унутраны лад таварыства залежыць ад умоў, часта самых выпадковых, а таму не можа быць загадзя дакладна вызначаны, а тым больш апублікаваны.
Михаил Драгоманов, «Вольный союз — Вільна спілка. Опыт украинской политико-социальной программы. Свод и объяснения М. Драгоманова», Женева, 1884. Пераклад з рускай паводле перавыдання ў кнізе «Собрание политических сочинений М. П. Драгоманова», т. 1, Парыж, 1905, с. 275–295 — скан на archive.org; пераклад — прадмова і праект статута, без аўтарскіх тлумачэнняў. Арыгінал знаходзіцца ў грамадскім набытку.



