Да зместу
Левы часопіс на беларускай мове
Праксіс

Тэорыя52 хвіліны чытання0 праглядаў

Што такое поступ?

1903 год. Чалавецтва багацее, а мільёны бяднеюць — дык ці вядзе поступ да лепшага? Разабраўшы Талстога, дарвіністаў, анархістаў і камуністаў, Іван Франко папярэджвае: усеўладная «народная дзяржава» сацыял-дэмакратаў стала б «велізарнай народнай турмой», а яе кіраўнікі мелі б больш улады, чым любы дэспат.

Тэкст: Іван Франко

Калаж на светлым паперовым фоне: злева партрэт Івана Франка ў сінім дуатоне — немалады мужчына з вусамі, у вышыванай кашулі і цёмным пінжаку, глядзіць убок; справа на сіняй плоскасці нахіленая чорна-белая фатаграфія вуліцы Карла Людвіга ў Львове каля 1900 года — шматпавярховыя камяніцы, крамы, конныя павозкі; унізе справа цёмны круг. Пад імі чорная паласа і вялікі надпіс «Поступ?», ніжэй дробны подпіс: «Іван Франко · «Што такое поступ?» · Львоў, 1903».
Іван Франко, 1910; вуліца Карла Людвіга (цяпер праспект Свабоды) у Львове, каля 1900 · Калаж: Праксіс. Фота: Эдвард Тшэмескі (партрэт); «Album pamiątkowy miasta Lwowa», 1904 — грамадскі набытак

Іван Франко (1856–1916) — украінскі пісьменнік, паэт, перакладчык і палітычны мысляр з Галіччыны, якая тады была аўстрыйскай правінцыяй (Каралеўства Галіцыі і Ладамерыі ў складзе Аўстра-Венгрыі). Сын вясковага каваля з Нагуевічаў пад Драгобычам, ён у маладосці стаў сацыялістам, перакладаў Маркса і Энгельса, у 1877 годзе ўпершыню трапіў пад суд «за сацыялізм», а пазней яшчэ двойчы сядзеў у аўстрыйскіх турмах. У 1890 годзе разам з Міхайлам Паўлыком ён заснаваў Русько-ўкраінскую радыкальную партыю — першую ўкраінскую палітычную партыю з сацыялістычнай праграмай, а ў 1899 годзе перайшоў да нацыянальных дэмакратаў. Ужо ў 1890-я Франко разышоўся з марксісцкай артадоксіяй: у артыкуле «Сацыялізм і сацыял-дэмакратызм» (1897) ён крытыкаваў эканамічны фаталізм і веру ва ўсемагутную дзяржаву. Нарыс «Што такое поступ?» выйшаў асобнай брашурай у Львове ў 1903 годзе; гэта папулярны тэкст для сялян і рабочых, напісаны простай мовай. Тэкст доўгі (каля 17 500 слоў), таму мы перакладаем цалкам раздзелы VI–XII — пра багацце і беднасць, Талстога, дарвіністаў, анархістаў, камуністаў і сацыял-дэмакратаў. Раздзелы I–V не перакладзеныя: у іх Франко апавядае пра ўзлёты і заняпады цывілізацый ад каменнага веку да Рыма і калоній і паказвае падзел працы як галоўную рухавую сілу поступу. Некалькі тлумачэнняў (ад рэдакцыі). Русь, русіны — тагачасная назва галіцкіх украінцаў; морг — мера зямлі (каля 0,58 га); крэйцар — дробная манета, дзвюхкронаўка — срэбная манета ў 2 кроны; дзедзіч — памешчык; ключ — група маёнткаў аднаго ўладальніка. Барыслаў і Коламыя — гарады ў Галіччыне. Франко ўслед за тагачаснай нямецкай палемікай прыпісвае ідэю «народнай дзяржавы» (Volksstaat) Энгельсу; насамрэч гэты лозунг сфармуляваўся ў нямецкай сацыял-дэмакратыі 1860–1870-х, а самі Маркс і Энгельс у 1875 годзе крытыкавалі формулу «вольнай народнай дзяржавы». Пасля 1917 года, калі бальшавікі ўзялі пад кантроль гаспадарку, школу і друк, а праціўнікаў адпраўлялі ў турмы і лагеры, папярэджанне Франка пра «народную турму» сталі чытаць як прароцтва; у СССР яго шанавалі як «Каменяра» і рэвалюцыйнага дэмакрата, а крытыку марксізму замоўчвалі. Мы перакладаем паводле нью-ёркскага перавыдання 1917 года. Тэкст захоўвае тагачасныя ўяўленні і стэрэатыпы (у тым ліку пра габрэяў), мы іх не прыбіраем. Тое, што ў квадратных дужках, дадала рэдакцыя: у адным месцы ў выданні 1917 года прапушчаны радок, і мы аднаўляем сэнс.


VI

Падыходзім цяпер да вельмі важнага пункта нашага выкладу.

Падзел працы вядзе да таго, што праца паскараецца і ўдасканальваецца. Вынаходства машын робіць чалавечую працу ў сто, у тысячу разоў хутчэйшай, лягчэйшай, больш выніковай; машыны замяняюць працу мільёнаў людзей. За апошнія сто гадоў, можна смела сказаць, нарабілі больш рэчаў для чалавечых патрэб і чалавечага ўжытку, чым за ўсе папярэднія тысячагоддзі. Падумайма толькі, што за гэты час пабудавалі столькі чыгунак, што імі можна было б чатырнаццаць разоў аперазаць зямлю там, дзе яна найтаўсцейшая, а тэлеграфаў — столькі, што яны, пэўна, аперазалі б яе разоў сто; што цяпер за два месяцы можна аб’ехаць вакол усю зямлю і вярнуцца на тое самае месца. Падумайма, што за гэтыя сто гадоў спалілі цэлыя горы каменнага вугалю, якога раней амаль не чапалі, што дабылі і пусцілі ў абарот больш золата, срэбра, жалеза і іншых металаў, чым людзі даўней маглі ўявіць сабе думкаю, што неабсяжныя прасторы засадзілі бавоўнай, засеялі пшаніцай і засялілі працоўнымі людзьмі. Ніколі яшчэ чалавецтва не працавала так напружана і гарачкава, не вырабляла столькі ўсялякага дастатку — хлеба, адзення і ўсяго, што трэба чалавеку для жыцця. Ніколі дагэтуль гандаль не вёўся ў такім велізарным маштабе; даўнейшым вякам і не снілася пра такія фабрыкі, такія капальні, такія разнастайныя галіны прамысловасці, якія мы бачым цяпер. Усё чалавецтва за апошнія сто гадоў стала ў тысячу разоў багацейшым, чым было перад тым.

Калі так, то можна было б чакаць, што і кожны сябра чалавецтва, кожны чалавек стаў багацейшым, заможнейшым, чым былі яго дзяды і прадзеды сто гадоў таму. Не дарма ж кажуць: «што грамадзе, тое і бабе»; калі ўся грамада, усё чалавецтва так страшэнна разбагацела, дык і кожны паасобны чалавек павінен адчуваць на сабе прыкметы гэтага новачаснага багацця.

А тым часам што мы бачым? Чалавецтва багацее, а тысячы, мільёны людзей бяднеюць. Ім робіцца цесна. Адным не стае зямлі, іншым заробку, усім — хлеба. На вёсках людзі цяжка працуюць, а жывуць у такой нястачы, што іх жыццё мала чым лепшае за жыццё рабочай жывёлы. У гарадах рабочыя працуюць цяжка, а жывуць ненашмат лепш. А ў вялікіх гарадах, дзе ў адным гняздзе стоўпленыя сотні тысяч ці мільёны людзей, бываюць дзясяткі тысяч такіх беднякоў, што не маюць дзе галавы прыхіліць, жывуць як вераб’і пад стрэхамі, блукаюць з вуліцы на вуліцу, кормяцца то жабрацтвам, то крадзяжом, то адкідамі, сабранымі на сметніках багатых, начуюць у публічных садах, пад мастамі, у новых дамах, дзе яшчэ ніхто не жыве, або ў розных страшных і брыдкіх норах. У гэтых найбуйнейшых асяродках поступу і асветы для многіх тысяч людзей — малых і старых, мужчын і жанчын — вяртаецца жыццё дзікуноў у лясах і пячорах, толькі яшчэ горшае і страшнейшае, бо тут, на гарадскім бруку, сама прырода не дае ім анічога, а замест дзікага звера на кожным кроку ім пагражае куды страшнейшы вораг — чалавек, узброены ўсімі сродкамі цывілізацыі, каб пры выпадку пазбавіць іх волі або нават жыцця. Не дзіва, што ў такіх гарадах дзень у дзень сотні людзей паміраюць з голаду, схаваўшыся па цёмных закутках, як дзікія звяры; што там, на гэтым дне грамадства, адбываюцца сотні страшных злачынстваў, а сотні няшчасных, даведзеных да роспачы, адбіраюць сабе жыццё. Можна смела сказаць, што прадаўні дзікун, які блукаў па лясах і начаваў у пячорах, быў у сто разоў шчаслівейшы і адчуваў сябе лепей, чым такі няшчасны бядак, што апынуўся сярод велізарнага горада без грошай, без заробку, без прыстанку, без ніякага спосабу пражыць.

Ды і гэта яшчэ не ўсё. Дзікун у лесе бачыў вакол сябе лес, а самае большае — іншых такіх самых дзікуноў, як ён сам. Калі ён цярпеў голад, дык ведаў, што і іншыя вакол яго цярпяць; калі быў паранены, дык ведаў, хто зрабіў яго няздольным да працы. А бядак у вялікім горадзе, куды ні ступі, бачыць вакол сябе багацце, раскошу, пышныя ўборы, вялікія дамы, бліскучыя крамы, загружаныя ўсялякім таварам, з выстаўленымі ў вокнах скарбамі, з якіх сотая, тысячная частка магла б зрабіць яго багацеем. Ён памірае з голаду сярод велізарных гор хлеба, побач з багатымі кухнямі і рэстарацыямі, дзе іншыя наядаюцца ўволю. Ён голы побач з магазінамі, што аж трашчаць ад сукна, палатна і ўсяго на свеце; ён часта не можа знайсці работы і гіне без працы тут жа, побач з люднымі фабрыкамі, дзе дзень і ноч гудуць машыны, грукаюць молаты, мурашнікам кішаць рабочыя, побач з майстэрнямі, дзе дзень і ноч сляпяць вочы і надрываюцца іншыя рабочыя ад непасільнай, паскоранай, гарачкава няспыннай працы.

І хто-небудзь сказаў бы, што гэта толькі ў гарадах так, — ды не. А на вёсцы хіба мы не бачым дзіўнага (нам яно ад векавечнай звычкі перастала быць дзіўным), прыгнятальнага і балючага контрасту паміж беднымі і багатымі? Вось сядзіць гаспадар на поўным надзеле, а ў яго туліцца камарніца, у якой няма і кавалачка зямлі, а яго суседзі маюць па моргу, па паўморга, а там, на канцы вёскі, пасялілася галота, у якой няма нічога, апроч убогай хаціны, ды і тая нярэдка стаіць на грамадскай зямлі. Колькі няроўнасці і колькі зайздрасці ў цесных межах адной вёскі! Але ж побач з гэтай вёскай звычайна стаіць двор, а ў двары жыве дзедзіч, пан на 500, 1000 ці больш моргах. Ён трымае ў сябе цэлую чараду слуг, цугавых коней, жыве ў такім дастатку, пра які тыя чарнаробы ў вёсцы нават думаць не смеюць. Перад ім усе яны — і сельскія багацеі, і халупнікі — аднолькавыя беднякі, галота, мужыччо. Але станьма на хвіліну на яго месца і паглядзім вышэй. І ў яго ёсць суседзі — іншыя дзедзічы: вось пан на цэлым ключы або на некалькіх ключах, магнат, які мае 50 ці 100 тысяч моргаў — прасторы, якіх хапіла б на невялікае княства; а вунь дзедзіч-гаротнік, які сядзіць на адной вёсцы, у даўгах па вушы, сядзіць, як кажуць, у габрэйскай кішэні. Хто ён перад тым магнатам, як не мізэрны халупнік перад багатым гаспадаром! Ды і той магнат вельмі часта, калі Бог не даў яму добрай гаспадарскай галавы, мусіць зазіраць у чужую кішэню — у банкі і да банкіраў, праз рукі якіх дзень у дзень перакочваюцца сумы, якіх хапіла б, каб купіць дваццаць такіх маёнткаў, як ягоны. Над кожным панам ёсць яшчэ старэйшы пан; толькі там, на самым версе, дзе коцяцца мільёны, чалавек з пана становіцца слугой свайго багацця, нявольнікам грошай, якія, нібы які злы дух, авалодваюць усёй яго сілай і воляй.

Ды і гэтага яшчэ мала! Некаторыя дзікуны ўмеюць лічыць толькі да дваццаці (усе пальцы на чалавечым целе), а для далейшых лікаў маюць адно слова: «вельмі многа». Старажытныя грэкі звычайна лічылі толькі да 10 000, а далей у іх усё была «міра» — «вельмі многа». Нават старажытныя рымляне не мелі яснага паняцця пра мільён. Відаць, іх багацеі ў сваіх маёнтках так далёка не далічваліся. Сёння ў нас ёсць мільярдэры, такія багацеі, што лічаць свае маёнткі на сотні мільёнаў. Мільярд! Лёгка сказаць! А раскладзі гэтую суму нашымі банкнотамі на току сушыцца, дык спатрэбіцца ток на некалькі квадратных міль. А нагрузі яе нашымі срэбнымі дзвюхкронаўкамі ў вагоны — і вагоны зоймуць пуці ад Коламыі да Заболатава, гэта значыць дзве мілі. І ўсё гэта — уласнасць аднаго чалавека! І калі адзін мае такія, праўду кажучы, незлічоныя скарбы (каб адзін чалавек захацеў пералічыць столькі срэбранікаў, яму давялося б лічыць некалькі сотняў гадоў), дык іншыя паміраюць з голаду, не маюць крэйцара на малако для хворага дзіцяці, мерзнуць зімой без адзення і туляцца ўначы пад мастамі або ў пустых дамах, па сутарэннях і ямах!

Што ж гэта такое? — спытаеце вы. Што ж гэта за поступ, які з усім сваім шумам і грукатам, з усімі навукамі і мастацтвамі, коштам тысячагадовай барацьбы, мільёнаў ахвяр і мора пралітай крыві давёў людзей аж да такога раю? Ці варта было дабівацца яго і ці варта працаваць, каб яго падтрымліваць, дзеля далейшага чалавечага развіцця, калі ён ідзе такімі блуднымі дарогамі?

Калаж: на сіняй плоскасці нахіленая чорна-белая газетная фатаграфія 1902 года — шахтавы будынак з вежай і комін у Барыславе, на пустым пляцы стаіць чалавек у паліто. Справа вялікі цёмны круг з сінім квадратам і дзве плашкі: «мільярд — аднаму», «ні крэйцара — мільёнам». Унізе вялікі надпіс «Мільярд».
Барыслаў, 1902: шахта, дзе пры выбуху загінулі 17 чалавек. Барыслаўскія нафтавыя і азакерытавыя промыслы Франко апісваў у «Барыслаўскіх апавяданнях» · Калаж: Праксіс. Фота: «Ilustracya Polska», № 24, 1902 — грамадскі набытак

VII

Вось мы і дайшлі да самай цяжкай раны нашага цяперашняга ладу. З аднаго боку — велізарныя багацці, сабраныя ў нешматлікіх руках, а з другога — страшэнная беднасць, што душыць мільёны народу. З аднаго боку — гультайства, якое прывыкла жыць з чужой працы і нават думаць пра сябе не мусіць, а з другога — цяжкая, чорная, бясконцая праца, што атупляе чалавека і не дае яму думаць ні пра што іншае, апроч кавалка чорнага хлеба. З аднаго боку — пышны росквіт навукі, мастацтва і прамысловасці, якія ствараюць скарбы і дастатак нібыта для ўсіх людзей, а з другога — мільёны бедных і цёмных, што жывуць тут жа, побач з гэтымі скарбамі, не ведаючы іх і не маючы змогі імі карыстацца. Няроўнасць паміж людзьмі ніколі не была большай, чым якраз у наш час, калі думкі пра роўнасць і дэмакратызм непахісна запанавалі ў галовах усіх адукаваных людзей.

Што ж гэта такое? — пытаюцца ў сябе найразумнейшыя і найсумленнейшыя людзі нашага веку, у якіх баліць душа глядзець на такія супярэчнасці. Няўжо так мусіць быць? Няўжо поступ мусіць заўсёды ісці поруч з чыёйсьці пагібеллю, з чыёйсьці крыўдай? Няўжо людзі тысячы гадоў мучыліся, катавалі сябе, працавалі, думалі і вынаходзілі толькі на тое, каб забяспечыць панаванне і раскошаванне ўсялякім Ротшыльдам, Бляйхрэдэрам, Тстонам [так у выданні. — Рэд.] і Гіршам? І няўжо няма ніякага спосабу змяніць гэта і ўраўнаважыць рост багацця, ведаў і мастацтва з ростам дабрабыту і развіцця ўсёй народнай масы? Зразумела, усе мы верым, што такі спосаб магчымы, хоць, пэўна, і нялёгкі.

Праўда, часам пачуеце ад розных панкоў і паўпанкаў думку, што хто бедны, той сам сабе вінаваты, бо ён гультай, п’яніца, не дбае пра сябе, не ашчаджае. Сёй-той дадае яшчэ, што няроўнасць паміж людзьмі заўсёды мусіць быць, бо сама прырода не стварае людзей роўнымі: адным дае больш здароўя, сілы, прыгажосці, здольнасцей, а другім менш. Ёсць у гэтым трохі праўды, але вельмі нямнога. Тыя паны, што гавораць пра гультайства бедных, павінны былі б перш за ўсё паказаць нам тую велізарную працавітасць вялікіх багацеяў, што ўвесь век жывуць у забавах і раскошы, дбаючы толькі пра ўласную прыемнасць і даручаючы чужым рукам не толькі працу за сябе, але і кіраванне сваім маёнткам — так бы мовіць, падлік уласных грошай. А тыя, што гавораць пра прыроджаную няроўнасць паміж людзьмі, павінны былі б паказаць, ці праўда вялікія багацеі і магнаты — найздольнейшыя і наймацнейшыя людзі свайго часу. І тут аказалася б, што маёмасная і грамадская няроўнасць людзей у наш час мае сваю крыніцу зусім не ў неаднолькавай руплівасці, працавітасці і стараннасці і зусім не ў неаднолькавых здольнасцях, а ў чымсьці іншым.

У чым жа? Яшчэ ў XVIII стагоддзі французскі вучоны Русо сказаў, што чалавечая няроўнасць вынікла з таго, што людзі аддаліліся ад прыроды. Першабытныя людзі, што жылі на ўлонні прыроды і падпарадкоўваліся яе законам, былі ўсе роўныя між сабой, не ведалі несправядлівага падзелу ні багацця, ні ведаў. У наш час аднавіў гэтую думку славуты расійскі пісьменнік Леў Талстой, які кажа, што ва ўсёй няроўнасці паміж людзьмі вінаваты падзел працы. Каб людзі ўсе жылі такім жыццём, як расійскі селянін, каб кожны сам араў зямлю, сам рабіў сабе ўсе прылады і цалкам задавольваўся тым, што заробіць і збярэ, дык не трэба было б ні грошай, ні фабрык, ні вялікіх гарадоў, ні вялікай масы чыноўнікаў, ні войска, ні дзяржавы. З гэтага пункту гледжання Талстой выступае супраць так званай панскай літаратуры і мастацтва (жывапісу, разьбы, музыкі і пышных будынкаў), бо ўсё гэта маскоўскаму мужыку зусім непатрэбнае, і на ўсё гэта мужыка абдзіраюць і прымушаюць да непасільнай працы. Таму Талстой раіць усім людзям вярнуцца да простага сялянскага жыцця, адрачыся ад усялякага панства, гарадской раскошы і высокіх навук і за адзіную навуку прыняць Хрыстова Евангелле, ды і тое ачышчанае так, як яму здаецца, што яго прапаведаваў сам Хрыстос. Няма чаго і казаць, што думка Талстога і яго папярэдніка Русо — гэта, уласна, адмаўленне поступу. Яны цягнуць назад і рады былі б вярнуць людзей у такі стан, які ім здаецца натуральным. Яны забываюць, што і цяперашні стан людзей таксама не ёсць нечым звышнатуральным ці супрацьнатуральным, што і ён паўстаў на аснове вялікіх і непарушных законаў прыроднага развіцця. Гэтак жа забываюць тыя апосталы даўно мінулай роўнасці, што іх любімая першабытная роўнасць зусім не была такім раем, як ім здаецца. У дзікім стане чалавек зусім не быў ні роўны іншаму, ні, скажам, шчаслівейшы за ваўка, льва ці каня. Ён жыў у вечным страху і ў вечнай варожасці з усім, што яго акружала. У цемры, бруду і занядбанні. Ненашмат лепей выглядае і жыццё тых маскоўскіх мужыкоў, якіх Талстой бачыць вакол сябе і да стану якіх рад быў бы вярнуць і ўсіх людзей. Цемра, забабоны, бруд, п’янства, жорсткасць і несправядлівасць пануюць у тым мужыцкім свеце куды больш, чым сярод ненавісных Талстому гараджан. Зрэшты, у такіх поглядаў Русо і Талстога ёсць тое добрае, што немагчымасць іх ажыццявіць кожнаму адразу кідаецца ў вочы. Яны не абапіраюцца ні на які закон, ні на якую прыродную неабходнасць, а толькі звяртаюцца да сэрца і пачуццяў людзей, патрабуючы ад іх адразу найцяжэйшага — адрачыся ад таго, што ім міла і дорага, да чаго яны прывыклі змалку, і не даючы наўзамен нічога выразнага і яснага. Людзей, якія паверылі б такім апосталам, заўсёды знойдзецца нямнога, ды і ім хопіць адной спробы, каб працверазець і пабачыць, што гэтай дарогай да новага, справядлівейшага жыцця не дайсці. Нават хрысціянства, на якое Талстой любіць спасылацца, не прыходзіць тут на дапамогу іншым талстоўцам. Першапачатковае хрысціянства зусім не цягнула назад, не выступала ні супраць дзяржавы, ні супраць грамадскага ладу, а імкнулася падняць усіх людзей вышэй. Яно прапаведавала ўсеагульнае братэрства ў духу і праўдзе, падымала людзей ад іх будзённых матэрыяльных інтарэсаў да вышэйшага маральнага жыцця, дадавала ім цвёрдасці і сілы ў барацьбе з рознымі спакусамі жыцця і тым самым было сілаю поступу. А навука Талстога зводзіцца да таго, каб адвесці людзей ад дзейнасці і барацьбы ў глухія закуткі сялянскага жыцця; яна палягчае панаванне ўціску і крыўды і нават выразна прапаведуе нібыта евангельскія словы «не супраціўляцца злу». А просты розум кажа, што са злом трэба змагацца, бо інакш яно будзе расці і адолее нас.

VIII

Зусім інакш гавораць вучоныя-прыродазнаўцы, асабліва тыя, што займаюцца даследаваннем жыцця і развіцця ў прыродзе. У прыродзе, асабліва ў так званай жывой прыродзе, гэта значыць у царстве раслін і звяроў, мы таксама бачым пэўны поступ. Там мы знаходзім перш за ўсё малюсенькія стварэнні, нябачныя для чалавечага вока, якія складаюцца ўсяго з адной або некалькіх жывых клетак. Жыве такое стварэнне, усмоктваючы ежу з наваколля, і не памірае, а распадаецца на дзве ці больш часцінак, і тыя зноў пачынаюць жыць гэтак жа, як іх бацька, і зноў не паміраюць, а толькі распадаюцца і множацца без канца. І не ведаеш, куды залічыць такое стварэнне — ці яно звярок, ці расліна. На вышэйшых прыступках стаяць стварэнні, падобныя да тых найніжэйшых, але такія, у целе якіх пачынае складвацца нейкі падзел працы: з іх клетак вырастаюць жывыя ніткі, якія служаць альбо для руху, альбо каб хапаць ежу. У іншых стварэнняў з такіх клетак і нітак робяцца малюсенькія роцікі, смактальцы, ножкі — з іх атрымліваюцца звяркі; у іншых з’яўляюцца карэньчыкі, галінкі, шапачкі — з іх выходзяць расліны. І зноў мы бачым доўгі шэраг прыступак, нібы сходы; на кожнай вышэйшай прыступцы ў целе такога стварэння падзел працы большы, праца выконваецца дакладней, органаў і суставаў болей, яны больш разнастайныя і лепш прыстасаваныя да сваёй работы.

Пакладзіце толькі побач на адной дошцы з паўтара дзясятка раслін: такую зялёную водарасць, што выглядае як адзін волас; такі грыб, які называюць тэстраком, земляным сэрцам або труфелем і які выглядае, як бульбіна; далей — сапраўдны грыб, у якім, апроч кораня, вы распазнаеце шапку са скуркаю зверху, белай мякаццю пад ёю і трубчастым слоем знізу; пакладзіце далей тоўстаскуры лопух, сцябліну травы, куст папараці, а нарэшце жолуд і маладзенькі дубок, яблык і квітнеючую яблыневую галінку, кветку ружы і фіялкі. Вы самі ўбачыце, якая велізарная розніца ў будове гэтых раслін: як у адных усе органы простыя і нешматлікія, няма ні кветак, ні пладоў, ні разнастайных фарбаў, ні паху, а як іншыя развіваюць у сабе ўсё больш органаў, усё прыгажэйшыя ўласцівасці.

Калі гэтыя расліны ляжаць перад намі на адной дошцы, можна было б падумаць, што ўся гэтая разнастайнасць вырасла разам, адначасова, так, як вырастае цяпер кожнай вясной. Але даследаванні гісторыі прыроды паказалі, што было не так, што гэтая цяперашняя разнастайнасць — вынік доўгага развіцця, якое цягнулася мільёны гадоў; што спачатку на зямлі сапраўды былі толькі найпрасцейшыя, зусім бясколерныя расліны, што яны паволі развіваліся, набывалі ўсё больш частак і органаў, прыстасоўваліся да розных умоў і рознай ежы, набывалі колер, смак і пах, вандравалі з мора на сушу, з краю ў край, — адным словам, што і тут мы маем развіццё і поступ, вельмі падобныя да таго, які мы бачылі ў людзей.

Яшчэ выразней гэта відаць на звярах. Досыць параўнаць такога чарвяка (глісту), рыбу, хруща, павука, матыля, жабу, мыш, кажана з канём, жураўлём і малпаю, каб пераканацца, якая тут велізарная разнастайнасць і якое развіццё — ад простых, нібы груба абчасаных формаў аж да найбагацейшых і найскладанейшых, як у малпы. Досыць сказаць, што чарвяк жыве без вачэй, без рук, без ног, без галавы, што ўвесь ён, уласна, — толькі адзін жывот з ротам спераду і выхадам ззаду, каб зразумець, наколькі спрошчанае тут звярынае жыццё. А не забывайма, што цела таго чарвяка складаецца з вялікай колькасці мясістых кальцаў, а кожнае такое кальцо мае ў сабе многа мільёнаў жывых клетак, і складзеных не абы-як, а ў пэўным сталым парадку, — і мы зразумеем, што гэтая простая будова чарвяковага цела адбегла ўжо вельмі далёка ад той найпрасцейшай жывой істоты, якая складаецца ўсяго-наўсяго з адной клеткі. Зразумела, што і тут прыступкі, якія аддзяляюць дасканалей пабудаваныя целы ад менш дасканалых, — гэта таксама сляды развіцця звярынага свету на працягу многіх мільёнаў гадоў.

Да сярэдзіны мінулага стагоддзя вучоныя-прыродазнаўцы не ўмелі растлумачыць, якім спосабам і чаму з найпрасцейшых аднаклетачных істот з часам мусіла ўзнікнуць тая велізарная колькасць і разнастайнасць раслін і звяроў, якую мы бачым сёння. Толькі ў 1859 годзе ангельскі вучоны Дарвін выступіў з думкай, што галоўнай сілай, якая гнала і дагэтуль гоніць усе жывыя істоты да бесперапыннага развіцця, была барацьба за існаванне.

Гэтыя словы — барацьба за існаванне — Дарвін разумеў вельмі шырока. Ён на тысячах прыкладаў даводзіў, што расліны і звяры, не знаходзячы сабе ў нейкім месцы досыць ежы, альбо выміраюць, апроч пэўнай колькасці тых, хто паспеў забяспечыць сабе ежу, альбо пераходзяць на іншае месца, альбо патроху змяняюцца, мімаволі прыстасоўваючыся да іншага ладу жыцця і да іншай ежы. Як у нас кажуць: голад ваўка з лесу гоніць. Гэты голад выганяе некаторых рыб і ракаў на берагі, на сушу, і заганяе некаторых звяроў у ваду. Ён прымушае амялу расці на версе дрэў, а бульбу — рабіць сабе цэлыя магазіны ежы ў клубнях, прырослых да кораня. Дадайма да гэтага, што кожная жывая істота мае непераможную цягу не толькі захоўваць сваё жыццё, пакуль можна і як найлепш можна, але і пакідаць пасля сябе як найлічнейшае і як наймацнейшае патомства, прыстасаванае да далейшай барацьбы за існаванне. У гэтай бясконцай барацьбе, якая вядзецца на зямлі мільёны гадоў, клетка пажырае клетку або звера, вышэйшыя пароды — ніжэйшых, а самыя ніжэйшыя ўвесь час пажыраюць усіх іншых. Відавочна, сцвярджае Дарвін, што ў гэтай бясконцай барацьбе перамагаюць тыя асобіны і тыя пароды, якія так ці інакш аказваюцца наймацнейшымі. І вось у адных перамога здабываецца велізарнай пладавітасцю, у іншых — моцнай будовай цела, у іншых — вытрываласцю на холад, на спёку, на вільгаць, на засуху, на голад, а ў іншых, нарэшце, — уласцівасцямі розуму, хітрасцю і асцярожнасцю, адвагай або палахлівасцю. Чалавек, найвышэй арганізаваны з усіх, стаў панам над усімі жывымі істотамі якраз дзякуючы велізарнаму развіццю сваіх духоўных здольнасцей.

Дарвінава навука, найагульнейшы нарыс якой мы тут далі, мела велізарны ўплыў на тое, як людзі разумеюць жывы свет. Хоць не яна стварыла паняцце [развіцця], яна дала нам ключ, каб яго зразумець. Не дзіва, што некаторыя вучоныя-прыродазнаўцы, дарвіністы (прыхільнікі Дарвіна), спрабавалі гэтым ключом, здабытым з вывучэння жывой прыроды, адамкнуць і вялікую загадку чалавечага поступу, адказаць на дакучлівыя пытанні: адкуль узялася гэтая страшная няроўнасць паміж людзьмі, ці яна патрэбная, ці мусіць яна быць вечна і ці ёсць з яе які выхад? Іх адказ — я маю тут на ўвазе перш за ўсё вялікага нямецкага прыродазнаўцу Эрнста Гекеля — быў вельмі просты. Чалавек паводле будовы свайго цела такі ж твор прыроды, як і ўсе іншыя, і гэтак жа падпарадкоўваецца законам прыроды, а асабліва вялікаму, усемагутнаму закону барацьбы за існаванне. Уся чалавечая гісторыя — гэта бясконцая барацьба, якая вядзецца рознымі спосабамі, але заўсёды дзеля адной мэты: захаваць сябе і сваё патомства.

У гэтай барацьбе ўвесь час гінуць мільёны людзей, у ёй на працягу вядомай нам гісторыі загінулі тысячы і мільёны грамад, плямёнаў і народаў, саступаючы месца іншым — мацнейшым, здольнейшым, шчаслівейшым. Якраз у тым, што ў гэтай барацьбе ўтрымліваюцца мацнейшыя, здольнейшыя і трывалейшыя, і ляжыць крыніца чалавечага поступу. Цяперашні стан людзей — плён гэтай векавечнай барацьбы; ён такі ж неабходны і натуральны, як неабходная і натуральная сама барацьба. Няроўнасць людзей між сабой — непазбежны плён барацьбы; яна не няшчасце для людзей, а якраз аснова далейшага развіцця і далейшага поступу. Наадварот, роўнасць, калі б якім цудам удалося ўсталяваць яе паміж людзьмі, была б для іх найвялікшым няшчасцем, бо давяла б іх да поўнай абыякавасці і скамянеласці. Але гэтага няма чаго баяцца, бо сама прырода дбае пра тое, каб паміж людзьмі не было роўнасці. Дарвіністы і ў прыродзе, і ў адносінах паміж людзьмі заўсёды трымаюцца таго, што хто дужэйшы, той і лепшы; хто перамог у барацьбе, за тым і права; і што тая невялікая меншасць людзей, якая ў наш час трымае ў сваіх руках мільённыя маёнткі, мільённыя арміі, багацце, уладу, сілу і веды, здабытыя працай незлічоных пакаленняў, мае права карыстацца ўсім гэтым як ёй заўгодна, дбаючы пра велізарную большасць працоўнага і прыгнечанага чалавецтва толькі настолькі, каб і будучым пакаленням шчаслівых паноў і пераможцаў было кім паслугоўвацца і з каго багацець. Прырода, кажуць дарвіністы, не ведае ні жалю, ні спагады. Яна ахвяруе мільёнамі асобін, каб утрымаць пры жыцці нейкую вышэйшую форму. Міласэрнасць да слабых, пакрыўджаных і прыгнечаных, якую прапаведуюць сярод людзей, — гэта, уласна, фальшывае пачуццё, супрацьнатуральнае і шкоднае для натуральнага развіцця. Свабода барацьбы — вось што павінна быць асновай чалавечай палітыкі. Няхай моцны паказвае сваю сілу, няхай слабы бароніцца або гіне; грамадства не павінна ў гэта ўмешвацца, і з гэтага вольнага спаборніцтва вырасце далейшы, усё прыгажэйшы поступ.

На жаль, паны дарвіністы, абвяшчаючы такія погляды, занадта добра прыгледзеліся да жыцця шчупакоў у вадзе і ваўкоў у лесе, а крыху замала прадумалі гісторыю чалавечага роду і якраз тое, чым яна адрозніваецца ад гісторыі развіцця раслін і звяроў. Прыгледзімся ж, што гэта такое і на што не хочуць звяртаць увагі вучоныя дарвіністы, калі судзяць пра гісторыю чалавечага поступу.

У царстве звяроў і раслін мы бачым двайное развіццё, якое выяўляецца даволі па-рознаму. Некаторыя жывыя істоты жывуць адзінкамі, а іншыя — гуртамі, больш ці менш згуртаванымі грамадамі. Мы ўжо згадвалі пра тыя малюсенькія істоты, складзеныя з адной клеткі, — розныя бацылы, бактэрыі, дыятомеі, фараменіферы і інфузорыі. Можна сказаць, што іх развіццё амаль не кранула: якія былі мільёны гадоў таму, такія ёсць і дагэтуль. Сапраўдны поступ пачынаецца толькі там, дзе пачынаецца аб’яднанне: значыць, у мнагаклетачных істот, а далей там, дзе некалькі, некалькі дзясяткаў асобных істот збіраюцца разам для супольнага жыцця. Адной з наймагутнейшых рухавых сіл поступу аказваецца падзел на розныя полы, мужчынскі і жаночы, а потым іх супольная дзейнасць пры размнажэнні і выхаванні патомства. Гэты падзел мы бачым ужо ў царстве раслін — маем, напрыклад, каноплі-плоскуні (мужчынскія) і каноплі-матачнікі (жаночыя). Куды выразнейшы і важнейшы гэты падзел у звяроў. Далейшы вынік гэтага падзелу — сувязь маці з патомствам у вышэйшых звяроў, дзе маці мусіць больш ці менш доўгі час карміць і ахоўваць сваё патомства. Ужо тут бязлітасная барацьба за існаванне, перавага мацнейшага над слабейшым адступае ўбок, бо мацнейшы (маці, а часам і бацька) ахоўвае слабейшага (дзяцей).

Але ў іншых звяроў мы бачым яшчэ нешта большае. Пчолы і мурашы ствараюць цэлыя дзяржавы, грамады з многіх тысяч асобін, арганізаваных для дружнай барацьбы за існаванне. Унутры такой арганізацыі барацьба амаль зусім спыняецца; арганізацыя ўнутры жыве дружна, розніца паміж моцнымі і слабымі знікае, цэлае выступае ў барацьбе за існаванне як адзінства. Дзеля захавання гэтага цэлага кожная адзінка нечым ахвяруе: напрыклад, кожная пчала траціць свае палавыя органы і робіцца бясплоднай, кожны трутень (самец) робіцца безабаронным дармаедам і мусіць раптоўна загінуць, выканаўшы сваё грамадскае заданне. Значыць, з пункту гледжання самой дарвіністычнай навукі кожная адзінка ў пчаліным царстве паводзіць сябе зусім супрацьнатуральна, аслабляе сябе ў барацьбе за існаванне толькі на тое, каб коштам гэтага агульнага аслаблення скласці вялікае і моцнае цэлае — пчалінае царства. Як бачым, барацьба за існаванне можа мець розныя формы: адна форма — гэта барацьба паасобку, такая, якую мы бачым у шчупака або ваўка, а другая — грамадская барацьба, якую мы бачым у пчол і мурашоў.

Чалавек хіба што на самай ніжэйшай ступені дзікасці задавольваўся такой воўчай барацьбой за існаванне, ды і тое, хто ведае, ці так; у некаторых малпаў мы бачым ужо жыццё ў больш[ых грамадах. Чалавечая гісторыя — гэта] уласна гісторыя аб’яднання людзей, зліцця адзінак і дробных сем’яў у грамады, плямёны і дзяржавы. Першабытная, воўчая барацьба за існаванне набывае ў такім грамадскім жыцці зусім іншыя формы, нараджае іншыя пачуцці і мэты, а перш за ўсё — пачуццё еднасці і дружнасці чалавечага роду перад усёй астатняй прыродай. Таму думка дарвіністаў, што людзі павінны змагацца за сваё існаванне, не зважаючы на чалавечнасць, па-воўчы, паводле прынцыпу «хто дужэйшы, той лепшы», — гэта, уласна, адмаўленне поступу ў той форме, у якой ён толькі і магчымы паміж людзьмі, і азначала б, уласна, адкат чалавека да становішча ваўка або дзікуна.

Калаж: злева ў сіняй рамцы літаграфія Эрнста Гекеля «Радавод чалавека» — галіністае дрэва з подпісамі па-нямецку, ад «Монер» і амёб у корані да малпаў і чалавека на вершаліне. Справа сіні круг і тры гарызантальныя паласы, чорная і сінія, подпіс «шчупак і воўк · пчолы і мурашы» і вялікі надпіс «Барацьба».
Эрнст Гекель, «Радавод чалавека», літаграфія з кнігі «Антрапагенія», 1874 · Калаж: Праксіс. Літаграфія — грамадскі набытак

IX

Найбліжэй да погляду Талстога, а трохі і да поглядаў дарвіністаў стаяць погляды так званых анархістаў. Пачуўшы гэтае слова, не адзін, мусіць, спалохаецца. Анархісты ў наш час маюць дрэнную славу: яны кідаюць бомбы, забіваюць каранаваных асоб і наогул больш падобныя на вар’ятаў, чым на людзей, што сур’ёзна думаюць пра хібы цяперашняга ладу і пра тое, як ім зарадзіць. Але не трэба думаць, што ўсе анархісты ходзяць з бомбамі і думаюць пра забойствы і што так было заўсёды. Да анархістаў належалі і належаць некаторыя славутыя вучоныя, як вось славуты французскі географ Элізэ Рэклю, які напісаў цудоўнае апісанне ўсёй зямлі ў 33 велізарных тамах, а таксама расійскі вучоны князь Крапоткін. Нагадаем, што да анархістычных поглядаў нейкі час схіляўся і наш славуты вучоны Міхайла Драгаманаў, — і гэта ўжо павінна быць для нас заахвочваннем, каб мы спакойна і без страху прыгледзеліся да думак гэтых людзей. Галоўным заснавальнікам анархістычных поглядаў быў французскі пісьменнік Пьер Прудон, які памёр пяцьдзясят гадоў таму. Словы «анархізм», «анархіст» паходзяць ад грэцкіх слоў «архэ» — улада і «ан» — без; разам гэта навука, якая вучыць людзей жыць без усялякай улады, так, каб усе былі роўныя і ніхто нікому не загадваў. Анархісты бачаць корань усяго зла не ў падзеле працы, як Талстой, а ва ўладзе, у тым, што адзін чалавек старшынствуе над другім і можа прымусіць яго зрабіць тое, чаго той не хоча. Улада робіць адных панамі, другіх нявольнікамі, спаганяе падаткі і робіць нямногіх багацеямі коштам мільёнаў. Улада робіць адных салдатамі, каб забіваць іншых або трымаць іх у страху. Яна ідзе яшчэ далей, улазіць нават у нашы душы, праз школу і рэлігію навязвае людзям такія погляды, вераванні і звычаі, якія ёй выгадныя, а іншыя, нявыгадныя, адсоўвае, вынішчае або праклінае. Улада робіць чалавека жорсткім, бязлітасным, заўзятым, сляпым на нястачу і глухім на плач мільёнаў. Яна абмяжоўвае свабоду і правы грамад на карысць паветаў, свабоду паветаў — на карысць краёў, свабоду краёў — на карысць дзяржаў, а свабоду і правы тых дзяржаў — на карысць невялікай жменькі выбраных, якія ці то па нараджэнні, ці праз шчаслівы выпадак трапілі на кіраўнічае месца.

Які выхад з гэтай бяды — пра гэта, на думку анархістаў, доўга разважаць няма чаго. Скасаваць уладу, усялякую ўладу паміж людзьмі, — і ўсё будзе добра. Лёгка сказаць, а як зрабіць? Як бачым на прыкладзе нашага часу, некаторыя цесныя галовы робяць з гэтай думкі просты вывад: улада ляжыць у руках тых, хто пануе; не стане тых, хто пануе, — не стане і ўлады. Але такая думка — поўнае глупства і грунтуецца на поўным неразуменні таго, што такое ўлада. Бо калі прыгледзецца бліжэй, дык улада аднаго чалавека над другім — гэта той самы падзел працы, у якім мы бачылі ядро ўсяго поступу, толькі бачаны з другога боку. У кожнай гаспадарцы, дзе працуюць, рабочы робіць сваю работу, але мусіць быць нехта адзін, хто дбае пра ўсю гаспадарку, вядзе рахункі, размяркоўвае працу паміж асобнымі рабочымі. Той адзін можа пры гэтым і сам быць рабочым, працаваць разам з імі: падзел працы ў гаспадарцы маленькі — і ўлада яго маленькая. Чым большая гаспадарка, чым большы падзел працы, тым большай мусіць быць улада таго, хто дбае пра цэлае і пра парадак у ім. А грамада, павет, край, дзяржава — гэта вялікія, часам велізарныя гаспадаркі, што абарочваюць тысячы мільёнаў грошай, дзе памылка аднаго чалавека можа прынесці незлічоныя страты ўсяму цэламу, і таму выканаўчая ўлада мусіць быць вялікай, дробныя часткі мусяць падпарадкоўвацца большым. Гэта робіцца не сілай, не прымусам, — гэта ў значнай ступені вырасла з доўгага, тысячагадовага развіцця; так велізарны дуб, які сваім цяжарам ціскае зямлю, а сваім ценем глушыць дробныя расліны каля свайго кораня, робіць гэта не са злой волі, а сілай свайго росту і развіцця.

Зразумела, думка тых анархістаў, якія мяркуюць, што, прыбраўшы таго ці іншага караля або цара, яны тым самым знішчаць уладу і палепшаць долю людзей, такая ж дурная і дзіцячая, як калі б хто, парэзаўшы або спаліўшы мой партрэт, думаў, што зарэзаў або спаліў мяне самога. Улада ў дзяржаве — гэта не асоба таго, хто ёю пануе, ці то будзе імператар, ці кароль, ці прэзідэнт; наадварот, той, хто пануе, — толькі сімвал улады, а ўласна — таго падзелу працы, таго стану асветы і гаспадарчага развіцця, які пануе ва ўсёй дзяржаве. Ніякімі бомбамі, стылетамі і рэвальверамі не зменіш усяго грамадскага будынка; дык усе крывавыя [дзеі] анархістаў, нават калі пакінуць убаку іх жорсткасць і нечалавечнасць, кепскія яшчэ і тым, што зусім бескарысныя і не дасягаюць ніякай мэты. Гэта значыць, не дасягаюць той добрай мэты, пра якую, можа, думае сёй-той з гэтых забойцаў; затое яны часта робяць вялікае зло ўсяму грамадству, павялічваючы ўціск і крыўды, — бо нашкодзіць людзям усялякая ўлада можа куды лягчэй, чым дапамагчы.

Але, як ужо сказана, не ўсе анархісты спыняюцца на гэтай дзіцячай і бязглуздай ідэі знішчаць уладу пры дапамозе дынаміту ці рэвальвераў. Тыя вучоныя людзі, што бачаць корань зла ва ўладзе — асабліва, зразумела, у той велізарнай уладзе, якую даюць у рукі асобных людзей вялікія дзяржавы, сабраныя ў адно мільярды грошай, мільёны прывычных да паслушэнства чыноўнікаў і ўзброеных салдат, — гэтыя вучоныя стараюцца паказаць, якімі спосабамі людзі могуць пазбавіцца гэтага зла.

Зразумела, найпрасцей было б сказаць: калі вялікія дзяржавы шкодныя, дык скасаваць іх. Але гэта лягчэй сказаць, чым зрабіць. Да таго ж гэтыя анархісты — занадта разумныя людзі, каб не бачыць, што вялікія дзяржавы, побач з пэўнай шкодай і нязручнасцю, прыносяць велізарную карысць і з’яўляюцца не толькі непазбежным вынікам, але і моцнай рухавай сілай чалавечага поступу. І вось яны абмяркоўваюць, як можна было б захаваць для людзей усе выгоды вялікіх дзяржаў, а шкодныя іх бакі ўхіліць. Яны зыходзяць вось з якіх меркаванняў.

Кожная чалавечая асоба сама для сябе — цэлы свет, кожная ў сваіх вачах мае права жыць, як ёй хочацца, развівацца, як можа, і ўсё, што яе абмяжоўвае, сціскае, — шкодна. Але чалавек — грамадскі звер, ён жыве на свеце не сам, а ў сям’і, для грамады; ён мусіць аддаваць частку сваёй свабоды і свайго асабістага права. Трэба толькі, каб ён аддаваў як найменшую частку. Дык чым менш тых людзей, дзеля якіх ён мусіць сябе абмяжоўваць, тым лепей. Чым больш над чалавекам начальства, тым менш ён свабодны, хоць бы жыў і ў найрадыкальнейшай рэспубліцы; чым менш начальства, тым больш свабоды. Калі на чалавека насядзе вялікая сям’я, ён ужо робіцца яе нявольнікам; а што ж казаць, калі над ім і яго сям’ёй старшынствуе грамада і грамадская ўлада, над грамадою — павет, над паветам — край, над краем — дзяржава! Калі ўжо нехта мусіць старшынстваваць над чалавекам і яго сям’ёй, дык няхай гэтага начальства будзе як найменш і няхай яно будзе як найбліжэй, і ва ўсім роўнае яму, не вечнае, а часовае, выбранае на пэўны тэрмін і адказнае перад ім. Такім чынам, адзіным і найвышэйшым асяродкам улады, на думку анархістаў, павінна быць грамада, у якой усе сябры мелі б роўныя правы і кіравалі б сваімі справамі праз выбраную старшыню. Аўтаномія грамады — вось галоўная аснова лепшага ладу і шчаслівейшага жыцця людзей. Кожная грамада жыве сама для сябе і дбае сама пра сябе і пра ўсіх сваіх сяброў. Наколькі яна сутыкаецца з іншымі грамадамі, мае з імі агульныя інтарэсы або якія-небудзь нязгоды, настолькі яна ўступае з імі ў дамовы або ў згоду — як роўная з роўнымі, добраахвотна і без прымусу, дзеля агульнай карысці або перад агульнай небяспекай. Гэтак жа ў большых справах звязваюцца цэлыя паветы з паветамі, краі з краямі — і так, знізу ўгору, паўстае вялікая дзяржава, якая трымаецца разам не сілаю прымусу, войска, платных чыноўнікаў, а сілаю агульных інтарэсаў грамад, паветаў, краёў — сілаю так званага федэралістычнага ладу.

Гэты анархістычны ідэал ляжаў, між іншым, у аснове праграмных нарысаў Драгаманава, якія ён развіў у «Прадмове да „Грамады“» і ў брашуры «Вольны саюз». Няма чаго і казаць, што калі б усе людзі былі высокаадукаванымі, добрасардэчнымі, здаровымі душой і целам, такі лад мог бы быць для іх добрым. Ён, пэўна, і застанецца ідэалам грамадскага ладу людзей на доўгія вякі і, як усякі ідэал, ніколі не будзе дасягнуты цалкам. Але цяпер, калі мы маем справу з людзьмі цёмнымі, дэмаралізаванымі і ў велізарнай колькасці хворымі целам і духам (большасць гэтых хворых нават не ведае пра сваю хваробу і лічыць сябе зусім здаровымі, а часам такія хворыя робяцца правадырамі народа, высокімі чыноўнікамі і органамі ўлады), — такі лад проста немагчымы, не пратрымаўся б ніводнага дня, і калі б яго якім цудам увялі, скончыўся б велізарнай блытанінай і ўсеагульнай неразберыхай.

Што федэралістычны лад сам па сабе не мусіць весці да дабра, а наадварот, можа весці да вялікай бяды, — добры прыклад таму старая Польшча. І там галоўнай асновай дзяржаўнага ладу была так званая шляхецкая вольнасць і роўнасць, і там кожны шляхціц у сваіх уладаннях быў найстарэйшым панам і не прызнаваў над сабой амаль ніякай улады, і там паветы час ад часу аб’ядноўваліся ў канфедэрацыі дзеля сваіх мэт, і там прыняцце дзяржаўных законаў, падаткаў і войска залежала ад добрай волі прадстаўнікоў краю, і кожную пастанову мог спыніць голас аднаго прадстаўніка. І ўсё ж гэты лад давёў не толькі да поўнага прыгнёту сялян, але і да заняпаду гарадоў, да поўнага бяспраўя ў самой шляхце і нарэшце да таго, што Польшчу — без скарбу, без войска, бязвладную — разарвалі паміж сабой суседнія дзяржавы. Канстытуцыя 3 мая, нават калі б яе ўвялі ў жыццё, не надта дапамагла б, бо не змяняла анархістычных асноў дзяржаўнага ладу.

X

Зусім з іншага пункту гледжання зыходзяць тыя кірункі, што прымаюць дагэтулешні падзел працы як рэч неабходную і карысную, але хочуць толькі ўхіліць яго шкодныя наступствы. Маем тут на ўвазе розныя школы так званых камуністаў.

Камуністы, названыя так ад лацінскага слова communis, што значыць «агульны», трымаюцца таго, што ўсё зло ў чалавечым грамадстве паходзіць не ад падзелу працы, а ад падзелу ўласнасці. У прадаўнія часы, калі дзікун што-небудзь злавіў, сам рыхтаваў сабе не толькі ежу, але і адзенне, і хату, а чаго сам не спажыў за жыццё, тое загадваў пакласці сабе пасля смерці ў магілу, — тады можна было гаварыць пра поўную ўласнасць. Уласнасць чалавека была цалкам плёнам яго працы, і не дзіва, што ён меў на яе поўнае права. Але ў наш час гэта зусім не так. Ніводзін чалавек не жыве выключна сваёй уласнай працай. На яго ежу, адзенне, жыллё, выхаванне і заробак складаецца праца сотняў і тысяч розных людзей, ды нават сотняў і тысяч даўнейшых пакаленняў. Мы сёння сеем хлеб на палях, апрацаваных тысячы гадоў таму, жывём у дамах, пабудаваных нашымі бацькамі, дзядамі і прадзедамі, ездзім па дарогах і мастах, пабудаваных старажытнымі рымлянамі або сучаснымі немцамі, бельгійцамі і італьянцамі, апранаемся ў кашулі з амерыканскай бавоўны, спрадзенай у Англіі і вытканай у Сілезіі, або ў тканіны, вырабленыя ў Францыі, косім штырыйскімі косамі, рэжам англійскімі нажамі, арэм нямецкімі плугамі, нашы жонкі і дзяўчаты носяць на шыі французскія каралі ці венецыянскія шкляныя пацеркі і г. д. І наадварот: наш хлеб ядуць немцы, наша мяса — венцы і берлінцы, нашы яйкі — парыжане і лонданцы, нашы яблыкі ідуць у Будапешт і ў Вроцлаў. Што тут уласнасць і чыя яна? Усё перамяшалася, усё не належыць выключна нікому, усё агульнае, бо вырасла з агульнай, міжнароднай працы.

Ды і гэта яшчэ не ўсё. Найважнейшае вось у чым. Кожны працоўны чалавек у наш час робіць куды больш, чым сам спажывае. Робіць, так бы мовіць, у агульную скарбніцу. Рабочыя, што напалілі цэглы і вапны і змуравалі вялікі дом, зрабілі такую рэч, якая перажыве і іх, і іх сыноў, і ўнукаў і не страціць пэўнай вартасці яшчэ і праз сто гадоў. Кожная фабрыка вырабляе тавараў куды больш, чым маглі б спажыць яе ўладальнікі і рабочыя за ўсё сваё жыццё. На добра апрацаваным полі, якое займае адна грамада, звычайна родзіць столькі хлеба і ўсялякага іншага плёну, што ўся тая грамада магла б з гэтага цэлы год жыць вельмі добра, і яшчэ сёе-тое засталося б на запас. Якраз у гэтым лішку плёну чалавечай працы над чалавечымі патрэбамі і ляжыць, на думку камуністаў, аснова чалавечага поступу. Чалавецтва ў агульнай суме багацее і таму можа ўсё больш сіл вызваляць ад здабывання хлеба і накіроўваць іх на развіццё навукі, на палітычныя, грамадскія і іншыя справы. Усё гэта было б добра, калі б у чалавечым грамадстве не было нечага іншага, на думку камуністаў зусім кепскага. Гэта іншае — прыватная ўласнасць. Праца ў нашым грамадстве, кажуць камуністы, ужо цяпер у значнай ступені агульная. А плён гэтай працы — не агульны. Кожны чалавек робіць больш за сваю патрэбу, але не кожны забірае ўвесь гэты лішак сваёй працы ва ўласнасць, — наадварот, мільёны і мільёны атрымліваюць з плёну сваёй працы нават менш, чым трэба для хоць як-небудзь знóснага, чалавечага жыцця. Лішак іх працы забіраюць сабе іншыя, якія і багацеюць з іхняй працы. Калі ўсё грамадства, кажуць камуністы, працуе супольна або амаль супольна, ствараючы ўсялякі дастатак звыш сваёй непасрэднай патрэбы, дык яно ўсё павінна з плёну сваёй працы не толькі жыць у дастатку, але і ўсё больш багацець, бо лішак, выраблены яго працай, павінен быць яго агульным дабром. Якраз адтуль і ідзе ўсё зло паміж людзьмі, што тое, што павінна быць агульным дабром усіх сяброў грамадства, загрэбаюць у свае рукі асобныя людзі. Мы працуем, кажуць камуністы, як сучасныя адукаваныя людзі, а дзелім выпрацаванае дабро як ваўкі ці дзікуны: хто больш урваў, а іншых адагнаў ці разадраў, той і лепшы. Паміж спосабам вытворчасці дастатку (прадукцыяй) і спосабам яго размеркавання паміж асобнымі слаямі грамадства (дыстрыбуцыяй) пануе вялікая нязгоднасць. І не будзе дабра паміж людзьмі, пакуль гэтая няроўнасць не будзе ўхілена. А ўхіліць яе можна толькі адным спосабам — так, каб агульнай працы адпавядала агульнае карыстанне выпрацаваным дабром. Прыватная ўласнасць, якая цяпер — цярноўнік у назе далейшага поступу, а таксама крыніца няроўнасці і несправядлівасці паміж людзьмі, павінна быць скасаваная. Агульная праца і агульная ўласнасць — вось асновы, на якіх мае быць пабудаваны новы грамадскі лад.

Камуністычныя думкі не былі нічым новым у XIX стагоддзі; іх выказвалі не раз, і то з вельмі даўніх часоў. Яшчэ ў старажытнасці, за 400 гадоў да Хрыста, іх абвяшчаў грэцкі мудрэц Платон. Сляды камунізму мы бачым і ў нашым Святым Пісанні Новага Запавету, а менавіта ў гісторыі найпершай хрысціянскай грамады ў Ерусаліме неўзабаве пасля Хрыстовай смерці. У XVII стагоддзі вельмі падрабязныя карціны камуністычнага ладу напісалі ангельскі вучоны і палітык Томас Мор і італьянскі манах Тамазо Кампанела, у XVIII стагоддзі камуністычныя погляды абвяшчалі французы Кабэ, Марэлі, Маблі, Русо, Бабёф, у XIX — французы Фур’е, Сен-Сімон і яго вучні Базар і Анфантэн, далей вучоны гісторык Луі Блан, англічанін Роберт Оўэн і многа іншых.

Сярод камуністаў было многа таленавітых пісьменнікаў, што ўмелі бліскучымі фарбамі намаляваць выгоды і прывабнасць гэтага новага ладу. Некаторыя, як Оўэн, спрабавалі на падставе камуністычных поглядаў закладаць фабрыкі, фальваркі і вольныя калоніі; некаторыя з гэтых устаноў пазанепадалі, іншыя, асабліва заснаваныя ў Амерыцы або ў вольнай Швейцарыі, трымаюцца і дагэтуль, але на агульнае развіццё ўсяго грамадства яны не мелі і не маюць уплыву.

Супольнасць! Добра казаць: супольнасць — і маляваць у ружовых фарбах тое, што ўжо святы Павел выказаў словамі: «Се коль добро і коль красно, еже жыці братіі вкупе» [гэта словы з псалма 132 (133). — Рэд.] Але адной прыгажосцю і адным маральным дабром чалавек не пражыве, тым больш што і прыгажосць, і дабро кожны разумее па-свойму, а што для аднаго прыгожае і добрае, тое можа быць менш прыгожым і менш добрым для другога. Мала сказаць: агульная ўласнасць. Калі хочаш на гэтай думцы пабудаваць усё грамадства або выхаваць яго ў адчуванні неабходнасці гэтай думкі, трэба дакладна прадумаць, якой мае быць тая супольнасць, як яе можна пабудаваць, ці мае яна якія адменнасці і межы, і якія?

І ў чалавечай працы, і ў чалавечым спажыванні ёсць пэўныя межы, дзе канчаецца супольнасць і пачынаецца тое, што кажа: «я сам»! Што з’ем я, таго ўжо не з’есць ніхто іншы, і наадварот: з’есць хтосьці іншы — ужо не з’ем я. Гэтак жа і з іншымі прадметамі непасрэднага чалавечага ўжытку — з адзеннем, жыллём, забавамі і г. д.; значыць, так далёка, да прадметаў непасрэднага чалавечага ўжытку, камунізм сягаць не можа. Гэтак жа цяжка дапусціць яго і ў межы звычайнай хатняй гаспадаркі.

Адпачынак пасля працы неабходны, і кожны чалавек хоча мець для адпачынку свой уласны куток, дзе мог бы быць зусім вольны і не скаваны нават сваімі найбліжэйшымі сябрамі і суграмадзянамі. Увядзенне супольнасці, ды яшчэ прымусовай, у жыллё магло б стаць такой катаргай, такім няшчасцем для многіх людзей, што камуністы пасля некалькіх няўдалых спроб (адну такую спробу рабілі ў Парыжы каля 1840 года вучні Сен-Сімона Базар і Анфантэн) пакінулі гэтую думку.

Гэтак жа давялося абмежаваць камуністычныя думкі і з другога канца. Пэўна, у нашай грамадскай працы многа агульнага, многа такога, дзе адзін карыстаецца здабыткамі працы другога або многіх іншых. Але ці ўсё тут агульнае? Відавочна, не. Агульная хіба што аснова, а кожны робіць на гэтай аснове па-свойму. Што з таго, што мае дзяды і прадзеды сотні гадоў апрацоўвалі і аралі вось гэтае поле і яно, такое, якім я маю яго пад рукамі, — уласна, здабытак іх працы? А няхай я адзін год не прыкладу да яго сваёй уласнай працы і сваіх выдаткаў (зерня, гною ці хоць бы догляду) — ці буду я мець з яго які плён? Не. Што з таго, што вось гэтую машыну зрабіў англічанін і перадаў мне ўзамен за здабыткі маёй працы? А няхай я не прыкладу да яе яшчэ сваёй працы, выдаткаў, уменняў — ці прынясе яна мне сама якую карысць? Не. Значыць, да ўсяго агульнага, грамадскага чалавек мусіць дадаць яшчэ нешта сваё, уласнае, асобнае, — і толькі тады можа мець з гэтага якую-небудзь карысць.

Але ж і гэтага мала. Ёсць такія віды працы, дзе гэтае ўласнае і асобнае ў кожнага чалавека аднолькавае або амаль аднолькавае. Хадзіць за плугам, махаць касой, стаяць пры машыне — гэта, хоць, пэўна, і нялёгкая справа, але і не такая ўжо надзвычайная мудрасць; гэта, як кажуць, кожны патрапіць. Але ёсць такія віды працы, што патрабуюць асобнай падрыхтоўкі, доўгага навучання (напрыклад, настаўніцтва), а часам для іх і навукі, і практыкі, і стараннасці замала, калі няма прыроджанага таленту. Такія віды працы пераважаюць у навуцы, у мастацтве, і нават у тэхніцы вынаходнікі найчасцей маюць прыроджаны талент, якога не маюць мільёны іншых людзей. Такая праца, хоць яна дае невычэрпныя скарбы ўсяму чалавецтву і не раз узбагачае цэлыя краіны і народы, не паддаецца камуністычнай арганізацыі, бо тут працы, думак, здольнасцей адной чалавечай асобы не заменіць ніякая іншая асоба.

Ды неўзабаве выявілася яшчэ адна, можа, найбольшая перашкода для ажыццяўлення камуністычных думак. Нават калі б і можна было ўвесці паміж людзьмі такую супольнасць, пра якую думалі камуністы, дык усё ж гэтая супольнасць мусіла б мець пэўныя межы. На бяду можна было б дапусціць магчымасць цеснай супольнасці паміж людзьмі адной народнасці, адной мовы, адной веры, адной ступені цывілізацыі, хоць і тут супольнасць высокаадукаваных гараджан з малаадукаванымі, часам напалову дзікімі сялянамі выглядае вельмі сумніўнай. Але як уявіць сабе потым адносіны паміж рознымі народамі і ступенямі цывілізацыі? Ці і паміж імі будзе супольнасць, ці не? А калі не будзе, то ці не пачнецца паміж камуністычнымі грамадствамі тая самая барацьба і цяганіна, што ідзе цяпер і без камунізму? Або калі адно грамадства прыме камунізм, а яго суседзі — не? І як уводзіць камунізм: спачатку ў адной грамадзе ці пачынаць з паветаў, краёў, ці чакаць, пакуль яго адразу прыме ўся дзяржава? Як бачым, пры адной думцы пра практычнае ажыццяўленне і магчымыя наступствы камуністычных ідэй (спробаў ажыццявіць іх у шырокім маштабе ў навейшыя часы так і не рабілі зусім) выяўлялася столькі сумневаў і цяжкасцей, што большай колькасці прыхільнікаў гэтыя думкі здабыць сабе не змаглі. Але яны былі ўрадлівым зернем, з якога выраслі пазнейшыя парасткі — розныя кірункі сацыялізму.

Калаж: на сіняй плоскасці чорна-белая гравюра — велізарны прамавугольны палац-камуна з вежамі і ўнутраным дваром сярод узгоркаў і ракі, на пярэднім плане дрэвы і некалькі гуляючых людзей. Справа светлы круг і нахілены чорны квадрат. Унізе вялікі надпіс «Супольнасць».
Праект камуны Роберта Оўэна «Новая Гармонія» ў Індыяне. Гравюра Ф. Бэйта, Лондан, 1838 · Калаж: Праксіс. Гравюра — грамадскі набытак

XI

Супольнасць працы і супольнасць спажывання — вось, на думку камуністаў, адзіныя лекі на ўсе раны цяперашняга грамадскага жыцця, галоўная аснова далейшага поступу.

Добра, кажуць сацыялісты, але гэтую супольнасць не ўсюды можна ўвесці. Людзі ад прыроды не ўсе аднолькавыя і ніколі аднолькавымі не будуць. Поўная супольнасць на зямлі немагчымая і была б нават шкоднай. Трэба ўводзіць супольнасць толькі там, дзе яна сапраўды патрэбная. Бяда не ў тым, што не ўсе людзі абедаюць за адным сталом, не ўсе носяць адзенне з аднаго сукна і не ўсе жывуць у агульных казематах. Бяда ў тым, што адны многа і цяжка працуюць, а мала маюць для жыцця, а іншыя карыстаюцца плёнам іх працы. Бяда ў тым, што адны людзі маюць у сваіх руках, ва ўласнасці, прылады працы — фабрыкі, машыны і ўсё, што трэба, каб чалавеку пражыць, — а другія не маюць нічога, апроч сваіх працавітых рук, і мусяць аддаваць сваю працу тым, хто мае, за ўтрыманне. А паколькі чалавечая праца — крыніца ўсякага багацця і стварае гэтага багацця куды больш, чым складае плата рабочаму, дык і выходзіць, што маёмныя людзі з працы рабочых становяцца ўсё багацейшымі і багацейшымі, а рабочыя, як бы старанна і многа яны ні працавалі, застаюцца бяднымі, атрымліваюць заўсёды толькі столькі, каб выжыць. Скасуйма гэты падзел на маёмных і рабочых, тую сцяну, што аддзяляе працоўнага чалавека ад прылад працы, зробім гэтыя прылады працы, фабрыкі, машыны, капальні агульнай уласнасцю тых, хто на іх працуе, — і мы ўхілім галоўную хваробу цяперашняга ладу, забяспечым усім людзям дастатак і раўнамерны поступ.

Такія былі ў галоўных рысах думкі, якія вельмі разумна і ясна выклаў у сваіх працах вялікі сацыяліст Карл Маркс. Ён стараўся паказаць, як цяперашняя маёмасная няроўнасць паміж людзьмі вынікае галоўным чынам з таго, што фабрыканты эксплуатуюць працу рабочых; як у гэтай эксплуатацыі ляжыць крыніца ўсіх грамадскіх няшчасцяў і хвароб, усёй нястачы, заняпаду, цемры і крыўды. Ён стараўся нарэшце давесці, што развіццё цяперашняга ладу, хочам мы таго ці не, непазбежна вядзе да сацыялізму. Багацеі, на яго думку, не толькі высмоктваюць сокі з працоўнага люду, але і паступова пажыраюць адзін аднаго, большыя пажыраюць меншых, як звяры ў лесе. Мануфактура пажырае дробнага рамесніка, [фабрыка —] мануфактуру, вялікі фабрыкант пажырае і забівае (зразумела, грашова, маёмасна і гандлёва) меншых фабрыкантаў у сваёй ваколіцы, гэтак жа як вялікі купец — дробных купцоў. Адсюль вынікае, што колькасць гэтых вялікіх фабрыкантаў, купцоў, капіталістаў і багацеяў мусіць паступова рабіцца ўсё меншай; адначасова колькасць бедных, голых, абадраных людзей, пралетарыяў, становіцца ўсё большай. На адным канцы — усё большыя маёнткі, сабраныя ў нешматлікіх руках; на другім канцы — усё меншая жменька багацеяў. Нейкі час яны будуць панаваць, пакуль масы працоўнага народа будуць цёмныя і пакорлівыя. Але калі ў гэтых масах народзіцца пачуццё сваёй крыўды, сваёй класавай еднасці і сваёй сілы, тады праб’е апошняя гадзіна капіталістаў. Тыя, хто дагэтуль пазбаўляў уласнасці іншых, цяпер самі будуць пазбаўленыя ўласнасці; велізарныя багацці, здабытыя працай мільёнаў бедных рабочых, стануць калектыўнай уласнасцю мільёнаў, агульным дабром усяго працоўнага люду.

Маркс у сваіх пісаннях не браўся маляваць, як менавіта мае выглядаць той будучы грамадскі лад, у якім будзе агульная праца без эксплуатацыі і агульнае карыстанне плёнам працы без нічыёй крыўды. Шырэй развівалі гэтыя думкі Марксавы таварышы і сябры Ласаль і Энгельс. Асабліва гэты апошні развіў погляд на тое, што свядомыя і арганізаваныя рабочыя павінны праз усеагульнае галасаванне здабыць перавагу ў дзяржаўных радах і прымаць там законы, якія б цяперашнюю дзяржаву, заснаваную на панаванні адных і няволі другіх, на эксплуатацыі і дармаедстве, паступова або і адразу ператварылі ў народную дзяржаву, у якой праз сваіх выбраннікаў панаваў бы ўвесь народ, у якой не было б ні эксплуатацыі, ні крыўды, ні беднасці, ні цемры.

Пад уплывам гэтых навук Маркса, Энгельса і Ласаля нямецкія рабочыя пачалі арганізоўвацца ў вялікую партыю, мэтай якой было як найхутчэй здабыць перавагу ў парламенце і адной пастановай змяніць увесь грамадскі парадак. Гэтая партыя назвала сябе сацыял-дэмакратычнай. Стоячы на падмурку Марксавых сацыялістычных поглядаў, гэтая партыя спадзявалася ўзварушыць увесь народ і здабыць для яго панаванне. Хоць яна называла сябе рэвалюцыйнай, але разумела рэвалюцыю зусім не так, як яе разумелі, напрыклад, анархісты. Гэтая партыя хацела захапіць у свае рукі дзяржаўную ўладу не на тое, каб яе знішчыць і даць усім грамадзянам як найпаўнейшую і найшырэйшую свабоду. Наадварот, на думку сацыял-дэмакратаў, дзяржава — зразумела, будучая, народная дзяржава — мела стаць усеўладнай гаспадыняй над жыццём усіх грамадзян. Дзяржава апякуецца чалавекам ад калыскі да труны. Яна выхоўвае з яго такога грамадзяніна, якога ёй трэба, забяспечвае яму заробак і ўтрыманне адпаведна яго працы і заслугам. Яна, ведаючы патрэбы ўсіх сваіх грамадзян, рэгулюе, колькі і чаго трэба вырабляць на фабрыках, колькі ўсяму грамадству трэба хлеба і харчу, колькі кожны чалавек мае працаваць, а колькі адпачываць, а ў рэшце рэшт можа дайсці і да таго, колькі ў ёй мае нараджацца людзей, каб цэлае не было абцяжарана залішняй колькасцю дзяцей і каб жывым было чым пракарміцца. Гэтая вера ў неабмежаваную сілу дзяржавы ў будучым ладзе — галоўная прыкмета сацыял-дэмакратыі. На яе думку, кожны чалавек у будучым ладзе ад нараджэння да смерці будзе дзяржаўным чыноўнікам і пенсіянерам: дзяржава загадзя дасць яму адпаведную падрыхтоўку, потым будзе вызначаць яму працу і плату, даваць заахвочванне і ўзнагароды, а на старасць або на выпадак хваробы — ласкавы хлеб.

Няма чаго і казаць, ёсць нешта прывабнае ў такім поглядзе, асабліва для тых бедных людзей нашага часу, якія не ведаюць сёння, куды падзецца і што пакласці ў рот заўтра; для тых мільёнаў безабаронных дзяцей, што растуць альбо зусім без бацькоўскай апекі, альбо нярэдка церпяць мукі і здзекі ад злых, цёмных, п’яных або хворых бацькоў і апекуноў. Жыццё ў Энгельсавай народнай дзяржаве было б правільнае, роўнае, як добра заведзены гадзіннік. Але ёсць у гэтым поглядзе і некаторыя кручкі, якія будзяць сур’ёзныя сумневы.

Перш за ўсё, гэтая ўсемагутная сіла дзяржавы налягла б страшэнным цяжарам на жыццё кожнага асобнага чалавека. Уласная воля і ўласная думка кожнага чалавека мусіла б знікнуць, захірэць — бо а раптам дзяржава прызнае яе шкоднай, непатрэбнай. Выхаванне, мэта якога — выхоўваць не свабодных людзей, а толькі карысных сяброў дзяржавы, стала б мёртвай духоўнай муштрай, казённай. Людзі раслі б і жылі ў такой залежнасці, пад такім наглядам дзяржавы, пра які цяпер не можа быць і гаворкі нават у самых абсалютных паліцэйскіх дзяржавах. Народная дзяржава стала б велізарнай народнай турмой.

А хто былі б яе вартаўнікі? Хто трымаў бы ў руках стырно гэтай дзяржавы? Пра гэта сацыял-дэмакраты выразна не кажуць, але ў кожным разе тыя людзі мелі б у сваіх руках такую велізарную ўладу над жыццём і доляй мільёнаў сваіх таварышаў, якой ніколі не мелі найвялікшыя дэспаты. І старая бяда — няроўнасць, выгнаная дзвярыма, вярнулася б праз акно: не было б эксплуатацыі рабочых капіталістамі, але было б усеўладдзе кіраўнікоў — усё адно, родавых ці выбраных — над мільёнамі сяброў народнай дзяржавы. А маючы ў руках такую неабмежаваную ўладу хоць бы на кароткі час, як лёгка маглі б тыя кіраўнікі захапіць яе назаўсёды! І як лёгка пры такім парадку падсячы сярод людзей корань усякага поступу і развіцця і, давёўшы ўсё грамадства да пэўнай ступені агульнай сытасці, спыніць яго на гэтай ступені на доўгія вякі, задушваючы ўсе тыя сілы ў грамадстве, што штурхаюць наперад, сеюць пэўны неспакой, будзяць незадаволенасць тым, што ёсць, і шукаюць чагосьці новага. Не, сацыял-дэмакратычная «народная дзяржава», нават калі б яе можна было пабудаваць, не стварыла б раю на зямлі, а была б у найлепшым выпадку вялікай перашкодай для сапраўднага поступу.

З іншага боку зірнуў на справу амерыканец Генры Джордж. Маркс звярнуў галоўную ўвагу на фабрыкі і прамысловасць, а вёску і земляробства пакінуў неяк убаку. Ён доўгія гады жыў у Англіі і прыглядаўся да англійскіх адносін, а ў Англіі няма вёсак і ўласна сялянства: зямля там даўно перайшла ва ўласнасць лендлордаў, а з сялян зрабілі альбо палявых рабочых, альбо так званых фермераў, гэта значыць арандатараў, якія бяруць у паноў у арэнду большыя ці меншыя фальварачкі або фермы. Да таго ж галоўную частку хлеба і харчу Англія для сябе прывозіць з іншых краін, так што сялянства і хлебаробства амаль не займае там месца ў грамадскім жыцці. Зусім іначай у Амерыцы, дзе на бязмежных урадлівых прасторах год у год паўстаюць тысячы новых калоній, дзе вытворчасць хлеба і харчу разраслася да велізарных памераў і дзе пытанне пра зямлю і хлебаробства стаіць ледзь не на першым месцы грамадскай палітыкі. Дык вось амерыканец Джордж у сваёй гучнай кнізе «Прагрэс і беднасць» спрабаваў давесці, што галоўная прычына цяперашняй грамадскай бяды — не прыватная ўласнасць на фабрыкі, а прыватная ўласнасць на зямлю. Зямля — галоўная аснова дабрабыту і поступу не толькі цяперашніх, але і будучых пакаленняў, і таму яна не павінна быць уласнасцю адзінкі, якая магла б яе псаваць, рабаваць і высмоктваць. Грамадства, свядомае свайго інтарэсу, павінна само трымаць у руках сваю зямлю, даваць яе сваім сябрам у карыстанне, але не ва ўласнасць, а лішак даходаў з яе браць на сваю карысць, а не пакідаць у руках багацеяў і гультаёў. Якім спосабам гэта зрабіць — ці выкупляючы зямлю з рук яе цяперашніх уладальнікаў, ці адразу пазбаўляючы іх дзяржаўным законам права ўласнасці на зямлю, ці, нарэшце, пераймаючы зямлю ва ўласнасць усіх адразу пасля смерці кожнага цяперашняга ўладальніка, — пра гэта Джорджу не трэба было доўга распісвацца, бо гэта залежала б ад кожнай краіны і ад таго, як там склаліся б абставіны.

Думкі Генры Джорджа вельмі спадабаліся многім людзям не толькі ў Амерыцы, але і ў Англіі і ў Германіі. Паўставалі саюзы і таварыствы, мэта якіх — шырыць гэтыя думкі словам і друкам сярод шырокіх мас беднага насельніцтва, а таксама сярод грашовітых багацеяў, спадзеючыся схіліць іх на карысць нацыяналізацыі зямлі, гэта значыць набыцця зямлі для ўсяго народа. Пакуль што гэтыя таварыствы зрабілі для сваёй уласнай мэты нямнога, але думкі Джорджа мелі значны ўплыў з іншага боку. Трэба сказаць, што бацькі нямецкай сацыял-дэмакратыі Маркс і Энгельс яшчэ ў 1848 годзе выступілі з воклічам: «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» Яны паказвалі, што нястача фабрычных рабочых усюды на свеце аднолькавая, значыць, і інтарэсы іх аднолькавыя. Пралетарыям-рабочым няма чаго варагаваць ці ваяваць паміж сабой. Уся варожасць паміж народамі і дзяржавамі ідзе не ад бедных, а ад багатых, купцоў, фабрыкантаў і чыноўнікаў, або, як яны гэта называлі, — ад буржуазіі (ад французскага слова bourg — замак, горад, значыць, мяшчанства, зразумела, маёмнае). Развіваючы гэтыя думкі далей, яны і іх вучні дайшлі да таго, што ўсё, што раз’ядноўвае народы ці раз’ядноўвала іх раней, — царкоўныя і рэлігійныя справы, палітыка, нацыянальнасць, — усё гэта справа пануючых слаёў. Працоўныя, прыгнечаныя, пакрыўджаныя слаі ніколі не мелі нацыянальных інтарэсаў, а заўсёды мелі і дагэтуль маюць адзін-адзінюткі і ўсюды на свеце аднолькавы інтарэс — скінуць з сябе векавечнае ярмо няволі і эксплуатацыі. Чым больш гэтыя слаі набіраюцца розуму, тым больш разумеюць, што іх ашуквалі, паказваючы ім нейкія рэлігійныя, палітычныя ці нацыянальныя ідэалы і загадваючы ў імя гэтых ідэалаў змагацца з людзьмі іншай веры, іншай дзяржавы, іншай нацыянальнасці. Ды і тыя, хто вёў іх на гэтую барацьбу, вельмі часта ашуквалі самі сябе; уласна, уся гісторыя чалавечага развіцця — гэта барацьба асобных слаёў паміж сабой, а яшчэ дакладней — барацьба пакрыўджаных, эксплуатаваных і заняволеных рабочых з крыўдзіцелямі і эксплуататарамі. Калі эксплуатаваныя рабочыя дойдуць да поўнага ўсведамлення сваіх інтарэсаў і сваёй сілы, яны аб’яднаюцца ўсе разам па ўсім свеце, скінуць з сябе ярмо і ўвядуць на свеце сацыялістычны лад. Значыць, нямецкі сацыял-дэмакратызм быў і ёсць міжнародны, або, кажучы лацінскім словам, — інтэрнацыянальны.

Джордж жа, наадварот, вылучыў на першае месца інтарэсы асобнай нацыі як найбольшай адзінкі, якую чалавек можа ахапіць сваёй практычнай працай. І гэтая Джорджава думка пусціла шырокія карані. У Амерыцы і Англіі загучалі воклічы: зямля — народу, але з дадаткам: ангельская зямля — ангельскаму народу! Амерыка — для амерыканцаў! У Амерыцы першым гучна падняў такі вокліч сенатар Манро [насамрэч прэзідэнт ЗША Джэймс Манро, «дактрына Манро», 1823. — Рэд.], а цяперашні прэзідэнт Рузвельт таксама да яго прызнаецца. І ў нас падняўся вокліч: Русь для Русі! — а польская шляхта, якая ў сябе на месцы, на Мазоўшы, як толькі можа крыўдзіць і эксплуатуе польскага мужыка, ва Усходняй Галічыне дае яму ўсялякія палёгкі, прадае яму свае землі, пазычае яму грошы з банкаў, — толькі каб дабіцца таго, каб і Усходняй Галічыне надаць пераважна польскі характар і каб такім чынам, заняпадаючы эканамічна, умацаваць польскі элемент нацыянальна.

Калаж: на сіняй плоскасці злёгку нахілены афорт Джавані Батысты Піранезі — велізарная змрочная турма з аркамі, мастамі, лесвіцамі і ланцугамі, злева на выступе каменнай пляцоўкі скручаныя постаці вязняў, уверсе па галерэях ходзяць людзі. Справа вялікі чорны круг з сінім кругам усярэдзіне, як вока, і цытата «Народная дзяржава стала б велізарнай народнай турмой». Унізе вялікі надпіс «Турма».
Джавані Батыста Піранезі, «Вязні на выступе платформы», ліст X серыі «Уяўныя турмы» (Carceri d’invenzione), першае выданне, каля 1750 · Калаж: Праксіс. Афорт — грамадскі набытак

XII

Вось мы і разгледзелі ўсе важнейшыя пытанні, якія ўзнікаюць, калі разважаеш пра тое, што такое поступ. Мы бачылі, як чалавек са стану амаль дзікага звера паволі прабіваўся ўсё вышэй. Мы бачылі, што гэтае паляпшэнне яго стану ішло не ўсюды аднолькава, што ў адных месцах людзі даходзілі да вышэйшай асветы, а ў іншых заставаліся ў дзікім стане. Мы бачылі, што дарога гэтага поступу не была ні простай, ні раўнамернай; што пэўныя мясціны, дасягнуўшы даволі высокага поступу, заняпадалі; што пэўныя важныя веды і вынаходствы, вядомыя людзям у даўніну, потым забываліся, і нярэдка толькі праз сотні гадоў людзі знаходзілі іх нанава. Мы бачылі далей, што галоўная рухавая сіла поступу — падзел працы; мы паказалі далей, што гэты падзел працы разам з прыроджанай усім людзям неаднолькавасцю сіл, здольнасцей і характару нараджае грамадскую і асветную няроўнасць, а гэтая няроўнасць нарэшце даходзіць да велізарнага кантрасту паміж крайняй беднасцю адных і нечуваным багаццем іншых — і то беднасцю мільёнаў працоўных людзей і багаццем невялікай жменькі тых, хто працуе лёгка або і зусім не працуе. Нарэшце мы разгледзелі найважнейшыя думкі тых, хто стараецца знайсці выхад з гэтага страшнага становішча.

Чаго ж шукаюць усе гэтыя людзі?

На гэта адзін адказ: шукаюць дарогі да поступу, але не такога, як дагэтуль. Іх не задавальняе сам рост багацця; яны пытаюцца: а ў чыіх руках гэтае багацце, хто і на што яго выкарыстоўвае? Іх не задавальняе сам поступ навукі і мастацтва; яны хочуць, каб навука і мастацтва былі ўласнасцю ўсіх людзей, прасвятлялі іх розум і звесялялі жыццё. Як бачым, разам з ростам багацця, навукі і мастацтва вырасла і пачуццё міласэрнасці, любові да людзей, справядлівасці. Людзі пачынаюць пераконвацца, што адно багацце, адна навука, адно мастацтва не могуць даць чалавеку поўнага шчасця. Наколькі чалавек можа быць шчаслівым у жыцці, ён можа быць ім толькі ў сужыцці з іншымі людзьмі — у сям’і, грамадзе, нацыі. Умацаванне, утанчэнне гэтага пачуцця любові да іншых людзей, да сям’і, да грамады, да свайго народа — вось асноўны падмурак усякага поступу; без яго ўсё іншае будзе толькі мёртвым целам без жывой душы.

Поўнага асабістага шчасця, не замутнёнага ніякімі прыкрасцямі, чалавек не дасягне ніколі; і ўсё ж ён увесь век стараецца і намагаецца палепшыць сваё жыццё, ухіліць прыкрасці, дабіцца шчасця. Мільёны знаходзяць адзінае шчасце на зямлі ў надзеі, што сапраўднае шчасце знойдуць пасля смерці, за труною. Але іншыя мільёны людзей у наш час кажуць: пакуль там да замагільнага шчасця, нам трэба прыкласці сілы, і намаганні, і розум, каб знайсці хоць якое-небудзь шчасце тут, на зямлі.

Гэтак жа ўсе мы ведаем, што і поўнага грамадскага шчасця, поўнага, так бы мовіць, раю на зямлі людзі не даб’юцца ніколі. Але гэта яшчэ не прычына, каб нам скласці рукі і абыякава глядзець, як моцны душыць слабога, як багаты крыўдзіць і высмоктвае беднага, як адзінкі крыўдзяць і руйнуюць сотні і тысячы людзей. Ці будзе, ці не будзе з гэтага рай на зямлі, а мы змагайма з кожнай асобнай бядой, з кожнай асобнай крыўдай і дбайма разам з тым не толькі пра тое, каб адолець яе ў гэтым адным выпадку, але і пра тое, каб па магчымасці заткнуць крыніцу падобнай бяды і на будучыню.

Калісьці, сотні гадоў таму, лекары не надта прыглядаліся да асобных хвароб і балячак, затое ламалі сабе галовы, як бы вынайсці такія лекі, якімі можна было б лячыць усе магчымыя хваробы. Яны ўжо і назву прыдумалі для гэтых лекаў, назвалі іх па-грэцку панацэяй, нібы «усялекам». Але такіх лекаў ад усіх хвароб ніхто не вынайшаў і ніколі не вынайдзе. Пазбыўшыся мары пра тыя цудоўныя ўсялекі, лекары пачалі ўважлівей прыглядацца да асобных хвароб, сачыць за прыкметамі, якія з’яўляюцца пры іх пагаршэнні і паляпшэнні, і паволі сабралі велізарны запас назіранняў і доследаў, які цяпер называецца медыцынай. Кожную хваробу, кожную прыкмету стараюцца пазнаць як найдакладней, а ад пазнання ўжо недалёка і да вылечвання.

Гэтак жа і з тымі грамадскімі, сацыяльнымі хваробамі, што спадаюць на людзей, калі яны ідуць наперад. Усё тое, што мы дагэтуль разгледзелі, усе тыя рады — вярнуцца да прыроды, да сялянскага стану, да бяздзяржаўя, увесці поўную супольнасць, — усё гэта такія панацэі, якіх не зварыць і не прыгатуе ніводзін аптэкар. Яны непакояць людзей, варушаць іх думкі і прымушаюць шукаць новых дарог — і ў гэтым іх вялікая вартасць, іх гістарычная заслуга. Але пэўнасці, панацэі ў іх не шукайце. Поступ усяго чалавецтва — гэта велізарная і вельмі складаная машына. Яна рухаецца сілай, на якую складаюцца цялесныя і духоўныя сілы ўсіх людзей на свеце; ні аднаму чалавеку, які б моцны і здольны ён ні быў, ні адной якой-небудзь грамадзе не ўдасца запанаваць над рухам гэтай машыны, не ўдасца кіраваць ёю. Як ва ўсёй прыродзе, так і ў развіцці чалавецтва стырно трымаюць два магутныя машыністы, тыя самыя, якіх пазнаў ужо вялікі нямецкі паэт і вучоны Ёган Гётэ [радкі пра голад і любоў, што трымаюць свет, — з верша Фрыдрыха Шылера «Філосафы». — Рэд.], а менавіта голад і любоў. Голад — гэта матэрыяльныя і духоўныя патрэбы чалавека, а любоў — гэта тое пачуццё, што яднае чалавека з іншымі людзьмі. Чалавечага розуму сярод гэтых машыністаў няма і, пэўна, яшчэ доўга не будзе.


Іван Франко, «Що таке поступ?», Львоў, 1903. Пераклад з украінскай (раздзелы VI–XII) паводле нью-ёркскага перавыдання 1917 года ў Вікікрыніцах. Тэкст знаходзіцца ў грамадскім набытку.

Яшчэ ў рубрыцы «Тэорыя»

Тэорыя

Як забіць зомбі: стратэгія канца неалібералізму

2013 год. Марк Фішэр тлумачыць, чаму неалібералізм перажыў крызіс 2008 года і цягнецца далей як зомбі, — і заклікае левых пакінуць ілюзіі гарызанталізму, вярнуць сабе волю да перамогі і нанова вынайсці салідарнасць.

Марк Фішэр ·

Тэорыя

Вольны саюз: праграма свабоды і самакіравання

1884 год. Украінскі эмігрант у Жэневе прапануе ператварыць Расійскую імперыю ў саюз самакіравальных абласцей: правы чалавека, якія не можа скасаваць ніводны закон, выбарныя думы ад вёскі да вобласці, дзве агульнадзяржаўныя думы, падаходны падатак і забарона фабрычнай працы дзяцей. Беларусь у яго схеме — асобная вобласць.

Міхайла Драгаманаў ·

Тэорыя

Дыктатура пралетарыяту

1918 год. Праз паўгода пасля разгону Устаноўчага сходу галоўны тэарэтык Другога Інтэрнацыянала даводзіць: сацыялізму без дэмакратыі не бывае, дыктатура партыі — не дыктатура класа, а савецкая сістэма, якая выключае апазіцыю, вядзе не да «бязбольнага пераходу», а да грамадзянскай вайны.

Карл Каўцкі ·