Карл Каўцкі (1854–1938) — галоўны тэарэтык нямецкай і міжнароднай сацыял-дэмакратыі паміж смерцю Энгельса і Першай сусветнай вайной: з 1883 па 1917 год ён рэдагаваў тэарэтычны часопіс Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ) «Die Neue Zeit», напісаў тэарэтычную частку Эрфурцкай праграмы 1891 года, на якую раўняліся сацыял-дэмакратычныя партыі ўсёй Еўропы, у тым ліку расійскія. Падчас вайны ён выступіў супраць палітыкі «грамадзянскага міру» кіраўніцтва СДПГ і ў 1917 годзе стаў адным з заснавальнікаў Незалежнай сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (НСДПГ). Брашуру «Дыктатура пралетарыяту» ён напісаў летам 1918 года, і выйшла яна ў тым жа годзе ў Вене. Падставай былі падзеі ў Савецкай Расіі. Бальшавікі, якія ўзялі ўладу 7 лістапада 1917 года, на выбарах ва Устаноўчы сход у лістападзе атрымалі каля чвэрці галасоў, а найбольшую колькасць — эсэры. Сход сабраўся ў Таўрычным палацы ў Петраградзе 5 (18) студзеня 1918 года і не прыняў прапанаваную бальшавікамі дэкларацыю; у ноч на 6 (19) студзеня яго разагнала варта, а потым Усерасійскі цэнтральны выканаўчы камітэт (УЦВК) абвясціў пра яго роспуск. У дзень адкрыцця Сходу ў Петраградзе ўзброеныя бальшавіцкія атрады абстралялі мірную дэманстрацыю ў яго падтрымку, ёсць забітыя. 14 чэрвеня 1918 года УЦВК выключыў са сваіх шэрагаў і рэкамендаваў выключыць з усіх Саветаў меншавікоў і правых эсэраў з эсэрамі цэнтра, а пасля паўстання левых эсэраў у Маскве 6 ліпеня з Саветаў выціснулі і іх. 10 ліпеня V Усерасійскі з’езд Саветаў прыняў першую канстытуцыю РСФСР, якая пазбаўляла выбарчых правоў цэлыя катэгорыі насельніцтва. Пра ўсё гэта Каўцкі піша па гарачых слядах; даты ў яго — паводле новага стылю. Восенню 1918 года Ленін адказаў яму палемічнай брашурай «Пралетарская рэвалюцыя і рэнегат Каўцкі» (выйшла ў Маскве ў канцы 1918 года), дзе абвясціў, што дыктатура пралетарыяту — гэта «ўлада, не звязаная ніякімі законамі»; Каўцкі адказаў у 1919 годзе кнігай «Тэрарызм і камунізм», а Троцкі ў 1920-м — кнігай з такой самай назвай. Брашура мае дзесяць раздзелаў. Мы пераклалі пяць, у якіх разгортваецца галоўная думка: 1 «Праблема», 2 «Дэмакратыя і заваяванне палітычнай улады», 5 «Дыктатура», 6 «Устаноўчы сход і Савет» і 7 «Савецкая рэспубліка». Раздзелы 3 «Дэмакратыя і сталасць пралетарыяту», 4 «Уздзеянне дэмакратыі», 8 «Наглядны ўрок», 9 «Спадчына дыктатуры» (пра сельскую гаспадарку і прамысловасць) і 10 «Новая тэорыя» не перакладзеныя. Калі Каўцкі пасылаецца на сказанае раней («мы ўжо адзначалі»), ён мае на ўвазе менавіта гэтыя раздзелы: пра Вільгельма Вайтлінга (1808–1871), нямецкага рабочага-камуніста, які марыў пра рэвалюцыйную дыктатуру, ідзе гаворка ў трэцім, а думку, што клас можа толькі пануваць, а кіраваць можа толькі арганізацыя — партыя, Каўцкі разгортвае ў чацвёртым. Некалькі тлумачэнняў ад рэдакцыі. «4 жніўня 1914 года» — дзень, калі фракцыя СДПГ у рэйхстагу прагаласавала за ваенныя крэдыты; «урадавыя сацыялісты» — большасць СДПГ, якая пасля гэтага падтрымлівала ўрад. Цымервальд — швейцарская вёска, дзе ў 1915 годзе сабралася канферэнцыя сацыялістаў, што выступалі супраць вайны, з лозунгам міру без анексій і кантрыбуцый. Карл Легін — старшыня Генеральнай камісіі нямецкіх прафсаюзаў; Жан Лонге — французскі сацыяліст, унук Маркса; Максім Літвінаў — у 1918 годзе прадстаўнік Савецкай Расіі ў Лондане. Скарачэнне «эсэры» ў дужках пры першай згадцы — наша; разрадку, якой Каўцкі вылучае асобныя словы, мы не захоўвалі.
1. Праблема
Цяперашняя руская рэвалюцыя ўпершыню ў сусветнай гісторыі зрабіла сацыялістычную партыю гаспадыняй вялікай дзяржавы. Гэта падзея куды больш грандыёзная, чым тое, як у сакавіку 1871 года пралетарыят узяў уладу над горадам Парыжам. Аднак у адным важным пункце Парыжская камуна стаяла вышэй за Савецкую рэспубліку. Камуна была справай усяго пралетарыяту. У ёй удзельнічалі ўсе сацыялістычныя плыні, ніводная не адхілілася ад яе і ніводную з яе не выключылі.
А вось сацыялістычная партыя, якая сёння кіруе Расіяй, прыйшла да ўлады ў барацьбе супраць іншых сацыялістычных партый. І ўладу сваю яна ажыццяўляе, выключыўшы іншыя сацыялістычныя партыі са сваіх кіроўных органаў.
Супрацьстаянне гэтых дзвюх сацыялістычных плыняў грунтуецца не на дробных асабістых зайздрасцях — гэта супрацьстаянне двух прынцыпова розных метадаў: дэмакратычнага і дыктатарскага. Абедзве плыні хочуць аднаго і таго ж: вызваліць праз сацыялізм пралетарыят, а разам з ім і ўсё чалавецтва. Але шлях, якім ідуць адны, другія лічаць блуканнем, што вядзе да пагібелі.
Немагчыма застацца абыякавым да такой велізарнай падзеі, як барацьба пралетарыяту ў Расіі. Кожны з нас адчувае пацягу заняць нейчы бок, заняць яго палка. Тым мацней гэтая пацяга, што праблемы, якія сёння займаюць нашых рускіх таварышаў, заўтра могуць набыць практычнае значэнне і для Заходняй Еўропы — больш за тое, ужо сёння яны рашуча ўплываюць на характар нашай прапаганды і тактыкі.
Аднак наш партыйны абавязак — не станавіцца ў гэтай рускай братняй сварцы ні на чый бок, пакуль мы грунтоўна не разгледзелі аргументы абодвух.
Некаторыя таварышы хочуць нам у гэтым перашкодзіць. Яны абвяшчаюць, што наш абавязак — не разбіраючыся выказацца за тую плынь расійскага сацыялізму, якая стаіць ля стырна. Любая іншая пазіцыя, маўляў, ставіць пад пагрозу рэвалюцыю і сам сацыялізм. Але гэта азначае не што іншае, як загадзя лічыць даказаным тое, што якраз і трэба даследаваць: што адна плынь абрала правільны шлях і мы павінны падбадзёрваць яе ісці ім далей.
Вядома, патрабуючы найвольнейшай дыскусіі, мы ўжо становімся на глебу дэмакратыі. Дыктатура патрабуе не абвяргаць погляды праціўніка, а гвалтоўна душыць іх выказванне. Так два метады, дэмакратыя і дыктатура, непрымірыма стаяць адзін супраць аднаго яшчэ да таго, як дыскусія пачалася. Адзін яе патрабуе, другі яе забараняе.
Пакуль што, аднак, у нашай партыі дыктатура яшчэ не пануе; у нас яшчэ спрачаюцца свабодна. І мы лічым не толькі сваім правам, але і сваім абавязкам свабодна выказваць свае меркаванні, бо толькі выслухаўшы ўсе аргументы, можна прыйсці да слушнага, плённага рашэння. Як вядома, адзін сказаў — нічога не сказаў: па справядлівасці трэба выслухаць абодвух.
Таму далей мы хочам разабрацца, якое значэнне мае для пралетарыяту дэмакратыя, што нам трэба разумець пад дыктатурай пралетарыяту і якія ўмовы стварае дыктатура як форма кіравання для вызваленчай барацьбы пралетарыяту.
2. Дэмакратыя і заваяванне палітычнай улады
Часам дэмакратыю і сацыялізм — гэта значыць усеграмадскае ўладанне сродкамі вытворчасці і самой вытворчасцю — адрозніваюць так: сацыялізм, кажуць, наша канчатковая мэта, сэнс нашага руху, а дэмакратыя — усяго толькі сродак для гэтай мэты, які пры пэўных абставінах можа апынуцца непрыдатным і нават шкодным.
Але, строга кажучы, наша канчатковая мэта — не сацыялізм. Яна ў тым, каб скасаваць «усякі від эксплуатацыі і прыгнёту, ці скіраваны ён супраць класа, партыі, полу ці расы» (Эрфурцкая праграма).
Мы імкнёмся да гэтай мэты, падтрымліваючы класавую барацьбу пралетарыяту, бо пралетарыят як найніжэйшы клас не можа вызваліцца, не ліквідаваўшы ўсіх прычын эксплуатацыі і прыгнёту, і бо прамысловы пралетарыят — гэта той з эксплуатаваных і прыгнечаных слаёў, чыя сіла, здольнасць і ахвота да барацьбы ўсё больш растуць і чыя канчатковая перамога непазбежная. Таму сёння кожны сапраўдны праціўнік эксплуатацыі і прыгнёту, з якога б класа ён ні паходзіў, павінен змагацца разам з пралетарыятам у яго класавай барацьбе.
Сацыялістычны спосаб вытворчасці мы ставім сабе мэтай у гэтай барацьбе таму, што пры цяперашніх тэхнічных і эканамічных умовах ён выглядае адзіным сродкам дасягнуць нашай мэты. Калі б нам давялі, што мы памыляемся, што вызваленне пралетарыяту і ўсяго чалавецтва ўвогуле можна дасягнуць толькі — або найлепей — на грунце прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці, як яшчэ думаў Прудон, тады мы мусілі б выкінуць сацыялізм за борт, ані не адмаўляючыся ад сваёй канчатковай мэты, — больш за тое, мы мусілі б зрабіць гэта менавіта дзеля гэтай канчатковай мэты.
Такім чынам, дэмакратыя і сацыялізм адрозніваюцца не тым, што адно — сродак, а другое — мэта. Абое — сродкі для адной і той жа мэты.
Розніца паміж імі ў іншым. Сацыялізм як сродак вызвалення пралетарыяту без дэмакратыі немагчыма сабе ўявіць. Праўда, грамадская вытворчасць магчымая і на іншай, не дэмакратычнай аснове. Пры неразвітых адносінах камуністычная гаспадарка магла нават стаць асновай дэспатыі. Гэта адзначаў Энгельс яшчэ ў 1875 годзе адносна вясковага камунізму, які ў Расіі і Індыі захаваўся да нашых дзён («Пра сацыяльныя адносіны ў Расіі», «Volksstaat», 1875).
Нідэрландская каланіяльная палітыка на Яве пэўны час, пры так званай «сістэме культур», будавала арганізацыю сельскагаспадарчай вытворчасці на карысць урада, які рабаваў народ, якраз на абшчынным уладанні зямлёй.
Але найвелічнейшы прыклад недэмакратычнай арганізацыі грамадскай працы паказала ў XVIII стагоддзі езуіцкая дзяржава ў Парагваі. Езуіты як вышэйшы клас з дыктатарскай уладай арганізавалі там працу індзейскага карэннага насельніцтва — і, трэба прызнаць, дзіўна ўмела: без ужывання гвалту і нават заваяваўшы прыхільнасць сваіх падданых.
Але для сучасных людзей падобны патрыярхальны рэжым быў бы невыносны. Ён магчымы толькі там, дзе ўладары ведамі стаяць непараўнана вышэй за падуладных, а тыя абсалютна не здольныя падняцца на той самы ўзровень. Слой або клас, які вядзе вызваленчую барацьбу, не можа ставіць сабе за мэту такую сістэму апякунства — ён мусіць рашуча яе адкінуць.
Значыць, для нас сацыялізм без дэмакратыі немагчыма сабе ўявіць. Пад сучасным сацыялізмам мы разумеем не толькі грамадскую арганізацыю вытворчасці, але і дэмакратычную арганізацыю грамадства. Таму для нас сацыялізм непарыўна звязаны з дэмакратыяй. Няма сацыялізму без дэмакратыі.
Аднак гэтае сцверджанне нельга проста перавярнуць. Дэмакратыя цалкам магчымая і без сацыялізму. Нават чыстую дэмакратыю можна ўявіць без сацыялізму — напрыклад, у дробнасялянскіх супольнасцях, дзе на грунце прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці ва ўсіх зусім роўныя эканамічныя ўмовы.
Ва ўсякім разе можна сказаць, што дэмакратыя магчымая без сацыялізму і раней за яго. І менавіта гэтую дасацыялістычную дэмакратыю, відаць, маюць на ўвазе тыя, хто лічыць, што дэмакратыя адносіцца да сацыялізму як сродак да мэты, — хоць звычайна яны спяшаюцца дадаць, што ўласна сродкам для гэтай мэты яна не з’яўляецца. Гэтаму дадатку трэба запярэчыць як мага рашучэй. Калі б ён стаў агульнапрынятым, ён павёў бы наш рух найгібельнейшымі шляхамі.
Чаму ж дэмакратыя мусіць быць непрыдатным сродкам для дасягнення сацыялізму?
Гаворка пра заваяванне палітычнай улады. Кажуць так: калі ў дэмакратычнай краіне, дзе дагэтуль кіравала буржуазія, з’явіцца магчымасць, што сацыял-дэмакраты атрымаюць большасць на парламенцкіх выбарах, пануючыя класы пусцяць у ход усе гвалтоўныя сродкі, якія ў іх ёсць, каб не дапусціць панавання дэмакратыі. Таму пралетарыят можа заваяваць палітычную ўладу не праз дэмакратыю, а толькі праз рэвалюцыю.
Няма сумневу: дзе ў дэмакратычнай дзяржаве пралетарыят набірае сілу, там трэба лічыцца са спробамі пануючых класаў гвалтам перашкодзіць класу, які ўзнімаецца, карыстацца дэмакратыяй. Але гэтым зусім не даказана, што дэмакратыя для пралетарыяту нічога не вартая. Калі пануючыя класы пры такіх умовах хапаюцца за гвалт, дык менавіта таму, што баяцца наступстваў дэмакратыі. І іх гвалт быў бы не чым іншым, як звяржэннем дэмакратыі.
Значыць, з чаканых спроб пануючых класаў скасаваць дэмакратыю вынікае не тое, што дэмакратыя для пралетарыяту нічога не вартая, а наадварот — што пралетарыят мусіць бараніць дэмакратыю з усіх сіл, зубамі і пазногцямі. Вядома, калі ўбіваць пралетарыяту ў галаву, што дэмакратыя ў глыбіні — пустая дэкарацыя, у яго не знойдзецца патрэбнай сілы, каб яе абараніць. Але маса пралетарыяту паўсюль надта трымаецца за свае дэмакратычныя правы, каб можна было чакаць, што яна пакорліва іх аддасць. Наадварот, хутчэй варта чакаць, што яна будзе бараніць свае правы з такой энергіяй, што, калі процілеглы бок паспрабуе гвалтам знішчыць народнае права, рашучы адпор ператворыцца ў палітычны пераварот. Гэтага тым хутчэй можна чакаць, чым вышэй пралетарыят цэніць дэмакратыю, чым гарачэй ён да яе прывязаны.
З другога боку, нельга думаць, што апісаны тут ход падзей паўсюль непазбежны. Не трэба ж нам быць такімі маладушнымі. Чым больш дэмакратычная дзяржава, тым больш сілавыя сродкі дзяржаўнай улады, у тым ліку і вайсковыя, залежаць ад настрою народа (міліцыя). Гэтыя сродкі і ў дэмакратыі могуць стаць прыладай гвалтоўнага душэння пралетарскіх рухаў, калі пралетарыят яшчэ малалікі — напрыклад, у аграрнай дзяржаве — або калі ён палітычна слабы, бо неарганізаваны і духоўна несамастойны. Але калі ў дэмакратычнай дзяржаве пралетарыят вырасце настолькі, што стане дастаткова шматлікім і моцным, каб заваяваць палітычную ўладу, карыстаючыся наяўнымі свабодамі, тады «капіталістычнай дыктатуры» вельмі цяжка будзе сабраць патрэбныя сілы, каб гвалтоўна скасаваць дэмакратыю.
Маркс і праўда лічыў магчымым, нават верагодным, што ў Англіі, як і ў Амерыцы, пралетарыят заваюе палітычную ўладу мірным шляхам. Пасля заканчэння Гаагскага кангрэса Інтэрнацыянала ў 1872 годзе Маркс выступіў на народным сходзе ў Амстэрдаме з прамовай, у якой, між іншым, сказаў:
«Рабочы павінен некалі ўзяць у свае рукі палітычную ўладу, каб заснаваць новую арганізацыю працы. Ён павінен скінуць старую палітыку, якая падтрымлівае старыя ўстановы, калі не хоча, як першыя хрысціяне, што грэбавалі гэтым і пагарджалі гэтым, адмовіцца ад „царства гэтага свету“. Але мы не сцвярджалі, што шляхі да гэтай мэты ўсюды аднолькавыя.
Мы ведаем, што трэба лічыцца з установамі, звычаямі і традыцыямі розных краін, і мы не адмаўляем, што ёсць краіны, такія як Амерыка, Англія і — калі б я лепей ведаў вашы парадкі, я, мусіць, дадаў бы — Галандыя, дзе рабочыя могуць дасягнуць сваёй мэты мірным шляхам. Але не ва ўсіх краінах так».
Ці спраўдзіцца чаканне Маркса, яшчэ пабачым.
Безумоўна, у названых дзяржавах ёсць слаі заможных класаў, у якіх расце схільнасць да гвалту супраць пралетарыяту. Але побач ёсць і іншыя слаі, у якіх расце павага да ўзмацнелай сілы пралетарыяту і жаданне ўтрымаць яго ў добрым настроі саступкамі. Хоць ваенны стан паўсюль, пакуль ён доўжыцца, моцна абмяжоўвае палітычную свабоду народных мас, ангельскаму пралетарыяту ён усё ж прынёс значнае пашырэнне выбарчага права. Сёння яшчэ зусім немагчыма прадбачыць, як дэмакратыя ў розных дзяржавах паўплывае на формы, у якіх пралетарыят заваюе палітычную ўладу, і наколькі яна дапаможа таму, каб абодва бакі пры гэтым пазбягалі гвалтоўных метадаў і карысталіся толькі мірнымі. Але ў любым выпадку існаванне дэмакратыі не будзе тут абыякавым. У дэмакратычнай рэспубліцы, дзе народныя правы трывала ўкараніліся дзесяцігоддзямі, а то і стагоддзямі, — правы, якія народ заваяваў, адстаяў або пашырыў праз рэвалюцыі, прывучыўшы пры гэтым і пануючыя класы паважаць народную масу, — у такой супольнасці формы пераходу напэўна будуць іншымі, чым у дзяржаве, дзе ваенная дэспатыя дагэтуль неабмежавана распараджалася наймацнейшымі сіламі супраць народнай масы і прывыкла трымаць яе імі ў цуглях.
Але ўплывам на формы пераходу да пралетарскага ладу значэнне дэмакратыі для нас у дасацыялістычны час не вычэрпваецца. Найважнейшая яна для нас у гэты перыяд тым, як уплывае на сталенне пралетарыяту.

5. Дыктатура
Дэмакратыя — неабходны падмурак для пабудовы сацыялістычнага спосабу вытворчасці. І толькі пад уздзеяннем дэмакратыі пралетарыят дасягае той сталасці, якая патрэбная яму, каб ажыццявіць сацыялізм. Нарэшце, дэмакратыя — найпэўнейшая мерка яго сталасці. Але паміж гэтымі дзвюма стадыямі — падрыхтоўкай да сацыялізму і ажыццёўленым сацыялізмам, — якім абедзвюм патрэбная дэмакратыя, ёсць яшчэ трэцяя: стадыя пераходу, калі пралетарыят ужо заваяваў палітычную ўладу, але эканамічна сацыялізм яшчэ не ажыццявіў. На гэтай прамежнай стадыі дэмакратыя нібыта не толькі непатрэбная, але і шкодная.
Гэты погляд не новы. Мы ўжо сустракалі яго ў Вайтлінга. Але ён абапіраецца на адно слова Карла Маркса. У яго лісце з крытыкай Гоцкай партыйнай праграмы, напісаным у маі 1875 года (надрукаваны ў «Neue Zeit», IX, 1, с. 502 і далей), сказана (с. 573):
«Паміж капіталістычным і камуністычным грамадствам ляжыць перыяд рэвалюцыйнага ператварэння аднаго ў другое. Яму адпавядае і палітычны пераходны перыяд, дзяржава якога не можа быць нічым іншым, як рэвалюцыйнай дыктатурай пралетарыяту».
На жаль, Маркс не растлумачыў бліжэй, як ён сабе гэтую дыктатуру ўяўляе. Літаральна гэтае слова азначае скасаванне дэмакратыі. Але, вядома, літаральна яно азначае і адзінаўладдзе аднаго чалавека, не звязанага ніякімі законамі. Адзінаўладдзе, якое адрозніваецца ад дэспатыі тым, што задуманае не як сталы дзяржаўны інстытут, а як часовая надзвычайная мера.
Ужо сам выраз «дыктатура пралетарыяту» — дыктатура, значыць, не аднаго чалавека, а класа — выключае, што Маркс меў тут на ўвазе дыктатуру ў літаральным сэнсе слова.
Ён гаварыў тут не пра форму кіравання, а пра стан, які мусіць непазбежна наступіць усюды, дзе пралетарыят заваяваў палітычную ўладу. Тое, што формы кіравання ён тут на ўвазе не меў, сведчыць ужо тое, што ён лічыў: у Англіі і Амерыцы пераход можа адбыцца мірна, гэта значыць дэмакратычным шляхам.
Сама дэмакратыя, вядома, яшчэ не гарантуе мірнага пераходу. Але без дэмакратыі ён напэўна немагчымы.
Зрэшты, каб даведацца, што думаў Маркс пра дыктатуру пралетарыяту, нам зусім не трэба гадаць. Калі ў 1875 годзе Маркс не стаў падрабязна тлумачыць, што ён разумее пад дыктатурай пралетарыяту, дык, мусіць, таму, што за некалькі гадоў да таго ён выказаўся пра гэта ў сваёй працы «Грамадзянская вайна ў Францыі» (1871). Там ён пісаў:
«Камуна была па сутнасці ўрадам рабочага класа, вынікам барацьбы класа, які вырабляе, супраць класа, які прысвойвае, — нарэшце адкрытай палітычнай формай, у якой магло адбыцца эканамічнае вызваленне працы».
Значыць, Парыжская камуна была, як выразна сцвярджае Энгельс у сваіх уводзінах да трэцяга выдання гэтай працы Маркса, «дыктатурай пралетарыяту».
Але адначасова яна была не скасаваннем дэмакратыі, а грунтавалася на яе найшырэйшым ужыванні, на аснове ўсеагульнага выбарчага права. Урадавая ўлада мусіла падпарадкоўвацца ўсеагульнаму выбарчаму праву.
«Камуна складалася з гарадскіх радцаў, выбраных усеагульным выбарчым правам у розных акругах Парыжа… Усеагульнае выбарчае права мусіла служыць народу, арганізаванаму ў камуны, так, як індывідуальнае права выбару служыць кожнаму іншаму працадаўцу, каб падбіраць сабе рабочых і г. д.» (с. 46, 47).
Маркс тут раз-пораз гаворыць пра ўсеагульнае выбарчае права ўсяго народа, а не пра выбарчае права нейкага асобнага прывілеяванага класа. Дыктатура пралетарыяту была для яго станам, які пры перавазе пралетарыяту непазбежна вырастае з чыстай дэмакратыі.
Такім чынам, тыя, хто выступае за дыктатуру насуперак дэмакратыі, не могуць спасылацца на Маркса. Вядома, гэтым яшчэ не даказана, што яны няправыя. Проста ім трэба шукаць іншых доказаў.
Разбіраючы гэтае пытанне, трэба асцерагацца, каб не зблытаць дыктатуру як стан з дыктатурай як формай кіравання. Спрэчным у нашых шэрагах з’яўляецца толькі імкненне да апошняй. Дыктатура як форма кіравання раўназначная бяспраўю апазіцыі. У апазіцыі адбіраюць выбарчае права, свабоду друку і аб’яднанняў. Пытанне ў тым, ці патрэбныя пераможнаму пралетарыяту гэтыя меры, ці праз іх найлепей — або нават толькі праз іх — можна дасягнуць сацыялізму.
Перш за ўсё трэба заўважыць, што, гаворачы пра дыктатуру як форму кіравання, мы не можам гаварыць пра дыктатуру класа. Бо клас, як мы ўжо адзначалі, можа толькі пануваць, але не кіраваць. Калі, такім чынам, пад дыктатурай разумець не проста стан панавання, а пэўную форму кіравання, тады можна гаварыць толькі пра дыктатуру або аднаго чалавека, або нейкай арганізацыі — значыць, не пралетарыяту, а пралетарскай партыі. Але тут праблема адразу ўскладняецца, калі сам пралетарыят распадаецца на розныя партыі. Дыктатура адной з гэтых партый тады — ужо ніяк не дыктатура пралетарыяту, а дыктатура адной часткі пралетарыяту над другой. Становішча ўскладняецца яшчэ больш, калі сацыялістычныя партыі раскалоліся з-за розных адносін да непралетарскіх слаёў — калі, напрыклад, адна партыя прыходзіць да стырна дзякуючы саюзу гарадскіх пралетарыяў і сялян. Тады дыктатура пралетарыяту становіцца не толькі дыктатурай пралетарыяў над пралетарыямі, але і пралетарыяў разам з сялянамі над пралетарыямі. Дыктатура пралетарыяту набывае тут даволі дзіўныя формы.
Дык з якіх жа прычын панаванне пралетарыяту мусіць — і непазбежна мусіць — прыняць форму, несумяшчальную з дэмакратыяй? Хто спасылаецца на Марксава слова пра дыктатуру пралетарыяту, той не павінен забываць, што гаворка там ідзе не пра стан, які можа наступіць пры асаблівых абставінах, а пра такі, які мусіць наступіць пры ўсіх абставінах.
Можна ж меркаваць, што пралетарыят, як правіла, прыйдзе да панавання толькі там, дзе ён складае большасць насельніцтва або прынамсі мае яе за сабой. Зброя пралетарыяту ў яго палітычных барацьбах — апроч яго эканамічнай незаменнасці — яго масавасць. Толькі там, дзе за ім стаяць масы, большасць насельніцтва, ён можа спадзявацца адолець сілавыя сродкі пануючых класаў. Так лічылі і Маркс з Энгельсам. Таму яны і абвясцілі ў «Камуністычным маніфесце»:
«Усе ранейшыя рухі былі рухамі меншасцей або ў інтарэсах меншасцей. Пралетарскі рух — гэта самастойны рух велізарнай большасці ў інтарэсах велізарнай большасці».
Гэта было праўдай і для Парыжскай камуны. Першай справай новага рэвалюцыйнага рэжыму было звярнуцца да ўсеагульнага выбарчага права. Выбары, праведзеныя ў поўнай свабодзе, далі амаль ва ўсіх акругах Парыжа моцную большасць прыхільнікам Камуны. Выбралі 65 рэвалюцыянераў супраць 21 апазіцыянера, з якіх 15 былі адкрытымі рэакцыянерамі, а 6 — радыкальнымі рэспубліканцамі накшталт Гамбеты. Сярод 65 рэвалюцыянераў былі прадстаўленыя ўсе тагачасныя плыні французскага сацыялізму. Як бы яны паміж сабою ні змагаліся, дыктатуры адна над адной яны не ўчынялі.
Рэжым, які гэтак глыбока ўкаранёны ў масах, не мае ані найменшай прычыны замахвацца на дэмакратыю. Ён не заўсёды зможа абыйсціся без гвалту — у тых выпадках, калі гвалт ужываюць, каб задушыць дэмакратыю. На гвалт можна адказаць толькі гвалтам.
Але рэжым, які ведае, што масы за ім, будзе ўжываць гвалт толькі для таго, каб абараніць дэмакратыю, а не каб яе скасаваць. Ён проста ўчыніў бы самагубства, калі б захацеў ліквідаваць сваю найпэўнейшую аснову — усеагульнае выбарчае права, багатую крыніцу вялізнага маральнага аўтарытэту.
Дыктатура як скасаванне дэмакратыі можа, такім чынам, паўстаць як пытанне толькі ў выключных выпадках — калі незвычайны збег спрыяльных абставін дазваляе пралетарскай партыі захапіць палітычную ўладу, хоць большасць насельніцтва не за яе ці нават рашуча супраць яе.
У народзе, які дзесяцігоддзямі праходзіць палітычную школу і ў якога партыі набылі трывалую форму, такая выпадковая перамога наўрад ці магчымая. Ужо адна яна сведчыць пра даволі адсталыя адносіны. Калі ў такім выпадку ўсеагульнае выбарчае права выкажацца супраць сацыялістычнага ўрада — што ён мусіць рабіць: тое, чаго мы дагэтуль патрабавалі ад кожнага ўрада, гэта значыць скарыцца рашэнню народа з цвёрдым намерам весці барацьбу за дзяржаўную ўладу далей на грунце дэмакратыі, — ці, каб утрымацца, скінуць дэмакратыю?
Чым дыктатура можа ўтрымацца ля стырна супраць волі большасці народа?
Тут ёсць два шляхі: шлях езуітызму або шлях банапартызму.
Мы ўжо згадвалі езуіцкую дзяржаву ў Парагваі. Сродкам, якім езуіты ўтрымлівалі там сваю дыктатуру, была іх велізарная духоўная перавага над арганізаванымі імі тубыльцамі, якія без іх былі зусім бездапаможныя.
Ці можа ў еўрапейскай дзяржаве сацыялістычная партыя набыць падобную перавагу? Гэта цалкам выключана. Пралетарыят у сваёй класавай барацьбе, праўда, духоўна вырастае над іншымі працоўнымі класамі, дробнай буржуазіяй і дробным сялянствам, — але не без таго, каб і ў іх адначасова не раслі палітычная зацікаўленасць і разуменне. Адлегласць паміж гэтымі рознымі класамі ніколі не робіцца непераадольнай.
Аднак побач з класамі фізічнай працы расце і слой інтэлектуалаў, які становіцца ўсё больш шматлікім і ўсё больш незаменным для вытворчага працэсу і чыя прафесія — набываць веды, практыкаваць і развіваць інтэлект.
Гэты слой займае прамежнае становішча паміж пралетарыятам і класам капіталістаў: ён непасрэдна не зацікаўлены ў капіталізме, але ставіцца да пралетарыяту з недаверам, пакуль не лічыць яго дастаткова сталым, каб узяць свой лёс у свае рукі. Нават тыя з адукаваных класаў, хто найгарачэй выступаў за вызваленне пралетарыяту, як, напрыклад, сацыялісты-утапісты, на пачатку класавай барацьбы ставіліся да рабочага руху адмоўна. Гэта змяняецца толькі тады, калі пралетарыят у сваёй барацьбе выяўляе ўсё большую сталасць. Давер, які набываюць да пралетарыяту інтэлектуалы, што выступаюць за сацыялізм, не трэба блытаць з тым даверам, які з 4 жніўня 1914 года набылі лібералы і людзі з Цэнтра, ды і самі ўрады ў Германіі, да ўрадавых сацыялістаў. Давер першага роду вырастае з перакананасці, што пралетарыят набыў сілу і здольнасць вызваліцца сам. Давер другога роду ўзнік з перакананасці, што гэтыя сацыялісты больш не ставяцца да вызваленчай барацьбы пралетарыяту ўсур’ёз.
Зусім без інтэлектуалаў, а тым больш супраць іх, сацыялістычную вытворчасць не наладзіць. А там, дзе большасць насельніцтва ставіцца да пралетарскай партыі з недаверам ці адмоўна, тое самае тым больш будзе праўдай і для масы інтэлектуалаў. Тады пераможная пралетарская партыя не толькі не будзе інтэлектуальна значна пераўзыходзіць астатняе насельніцтва — яна ў гэтым нават саступіць сваім праціўнікам, хай сабе ў грамадскіх пытаннях яе тэарэтычны пункт гледжання ў цэлым і вышэйшы.
Такім чынам, парагвайскі шлях у Еўропе непрахадны. Застаецца толькі другі шлях, які абралі Напалеон I 18 брумера 1799 года і яго пляменнік, Напалеон III, 2 снежня 1852 года: кіраваць з дапамогай перавагі цэнтралізаванай арганізацыі над неарганізаванай народнай масай і перавагі вайсковай сілы, якая бярэцца з таго, што ўзброенай сіле ўрада супрацьстаіць альбо бяззбройная, альбо стомленая ад узброенай барацьбы народная маса.
Ці можна на такой аснове пабудаваць сацыялістычны спосаб вытворчасці? Гэты спосаб вытворчасці азначае арганізацыю вытворчасці грамадствам. Ён патрабуе эканамічнага самакіравання ўсёй народнай масы. Дзяржаўная арганізацыя вытворчасці бюракратыяй або дыктатурай аднаго слоя народа — гэта не сацыялізм. Сацыялізму патрэбная арганізацыйная школа шырокіх народных мас, ён прадугледжвае мноства вольных арганізацый — і эканамічных, і палітычных — і патрабуе найпаўнейшай свабоды арганізацыі. Сацыялістычная арганізацыя працы не павінна быць казарменнай.
Дыктатура меншасці, якая захацела б даць народу найпаўнейшую свабоду арганізацыі, тым самым падрыла б уласную ўладу. А калі б яна, наадварот, спрабавала ўтрымацца, задушыўшы гэтую свабоду, яна тармазіла б развіццё да сацыялізму, замест таго каб яму спрыяць.
Наймацнейшую апору дыктатура меншасці заўсёды знаходзіць у адданым войску. Але чым больш яна ставіць сілу зброі на месца большасці, тым больш яна штурхае і любую апазіцыю шукаць ратунку ў звароце да штыхоў і кулакоў замест звароту да выбарчых бюлетэняў, які ёй закрыты. Тады грамадзянская вайна становіцца формай вырашэння палітычных і сацыяльных супярэчнасцей. Дзе не пануюць поўная палітычная і грамадская апатыя або бязвер’е, там дыктатуры меншасці заўсёды пагражаюць гвалтоўныя путчы або нясконцая партызанская вайна, якая лёгка перарастае ў зацяжныя ўзброеныя паўстанні вялікіх мас, і на іх падаўленне ідуць усе вайсковыя сілы дыктатуры. Тады яна ўжо не выбіраецца з грамадзянскай вайны і пастаянна рызыкуе быць ёю звергнутай.
А для пабудовы сацыялістычнага грамадства няма большай перашкоды, чым унутраная вайна. На цяперашняй стадыі шырокага геаграфічнага падзелу працы буйная прамысловасць усюды надзвычай залежыць ад бяспекі зносін і ад надзейнасці дагавораў. Ужо вонкавая вайна моцна парушыла б сацыялістычную пабудову, нават калі б вораг і не ўварваўся ў краіну. Рускія сацыялісты ўсіх плыняў у цяперашняй рускай рэвалюцыі слушна падкрэслівалі, што для грамадскай аднаўленчай працы патрэбны мір. Але яшчэ больш згубная для грамадскай гаспадаркі, чым вонкавая вайна, — вайна грамадзянская, якая непазбежна разгортваецца ўнутры краіны, спусташае і паралізуе яе гэтак жа, як варожае нашэсце, але пры гэтым куды жорсткейшая.
У барацьбе дзяржаў паміж сабою гаворка звычайна ідзе толькі пра тое, каб адзін ці другі ўрад выйграў ці страціў трохі ўлады, а не адразу пра ўсё яго існаванне. Пасля вайны розныя ўрады і народы, што ваявалі, хочуць і павінны жыць у міры, хай сабе і не заўсёды ў сяброўстве.
Зусім інакш стаяць адна да адной партыі ў грамадзянскай вайне. Яны вядуць вайну не для таго, каб вырваць у другога боку некалькі саступак, а потым жыць з ім у міры. І ў грамадзянскай вайне ўсё ідзе не так, як у дэмакратыі, дзе меншасці абароненыя, так што кожная партыя, якая апынулася ў меншасці і мусіць адмовіцца ад урада, зусім не адмаўляецца ад палітычнай дзейнасці і нават не мусіць яе абмяжоўваць, — і дзе ў кожнай партыі, якая апынулася ў меншасці, заўсёды застаецца права дамагацца большасці і такім чынам браць урад у свае рукі. У грамадзянскай вайне кожная партыя змагаецца за сваё існаванне, і таму, хто прайграў, пагражае поўнае знішчэнне. Менавіта гэтая свядомасць і робіць грамадзянскія войны такімі жорсткімі. Асабліва меншасць, якая ўтрымліваецца ля стырна толькі вайсковай сілай, схільная найкрывавей душыць сваіх праціўнікаў і касіць іх у дзікай разні, калі ёй пагражала паўстанне і ёй удалося яго задушыць. Парыжскія чэрвеньскія дні 1848 года і крывавы травеньскі тыдзень 1871 года паказалі гэта з жахлівай выразнасцю.

Сістэма хранічнай грамадзянскай вайны, як і яе альтэрнатыва пры дыктатуры — поўная апатыя і бязвер’е мас, — робіць пабудову сацыялістычнай сістэмы вытворчасці амаль немагчымай. І вось дыктатура меншасці, якая з натуральнай непазбежнасцю нараджае грамадзянскую вайну або апатыю, павінна быць найлепшым сродкам ажыццявіць пераход ад капіталізму да сацыялізму!
Хтосьці блытае грамадзянскую вайну з сацыяльнай рэвалюцыяй, лічыць яе формай рэвалюцыі і схільны апраўдваць непазбежны ў грамадзянскай вайне гвалт тым, што без яго рэвалюцыя немагчымая. Так, маўляў, было ў кожнай рэвалюцыі і так будзе заўсёды.
Але якраз мы, сацыял-дэмакраты, не лічым, што тое, што было заўсёды, заўсёды і мусіць быць. Свае ўяўленні пра рэвалюцыю мы склалі паводле прыкладаў ранейшых буржуазных рэвалюцый. Пралетарская рэвалюцыя адбудзецца зусім у іншых умовах, чым яны.
Буржуазныя рэвалюцыі выбухалі ў дзяржавах, дзе дэспатыя, абапіраючыся на адарванае ад народа войска, душыла ўсякі вольны парыў, дзе не было свабоды друку, сходаў, аб’яднанняў, не было ўсеагульнага выбарчага права і сапраўднага народнага прадстаўніцтва. Там барацьба супраць урада непазбежна набывала форму грамадзянскай вайны. Сённяшні пралетарыят — прынамсі ў Заходняй Еўропе — прыйдзе да палітычнай улады ў дзяржавах, дзе ўжо дзесяцігоддзямі пусціла глыбокія карані дэмакратыя — хай не «чыстая», але ўсё ж пэўная ступень дэмакратыі — і дзе войска ўжо не так цалкам адарванае ад народа, як раней. Яшчэ пабачым, як пры такіх умовах адбудзецца заваяванне палітычнай улады пралетарыятам, які складае там большасць народа. Але ў любым выпадку нам не трэба меркаваць, што ў Заходняй Еўропе паўторацца падзеі Вялікай французскай рэвалюцыі. Калі сённяшняя Расія так падобная да Францыі 1793 года, дык гэта толькі паказвае, як блізка яна стаіць да стадыі буржуазнай рэвалюцыі.
Трэба адрозніваць сацыяльную рэвалюцыю, палітычную рэвалюцыю і грамадзянскую вайну.
Сацыяльная рэвалюцыя — гэта глыбокае ператварэнне ўсяго грамадскага будынка, выкліканае ўсталяваннем новага спосабу вытворчасці. Гэта доўгі працэс, які можа цягнуцца дзесяцігоддзямі і для завяршэння якога нельга вызначыць цвёрдых межаў. Ён будзе тым больш удалым, чым больш мірныя формы, у якіх ён адбываецца. Унутраная і вонкавая вайна — яго смяротныя ворагі. Пачынаецца сацыяльная рэвалюцыя, як правіла, з рэвалюцыі палітычнай — з раптоўнага зруху ў суадносінах сіл класаў у дзяржаве, дзякуючы якому клас, дагэтуль адхілены ад палітычнай улады, авалодвае ўрадавым апаратам. Палітычная рэвалюцыя — раптоўны акт, які можа адбыцца і завяршыцца вельмі хутка. Яго формы залежаць ад формы дзяржавы, у якой ён адбываецца. Чым больш пануе дэмакратыя — не толькі фармальна, але і рэальна, укаранёная ў сіле працоўных мас, — тым больш верагодна, што палітычная рэвалюцыя будзе мірнай. І наадварот, чым менш ранейшая пануючая сістэма абапіраецца на большасць насельніцтва, чым больш яна ўяўляе сабой меншасць, якая трымаецца ля стырна толькі вайсковай сілай, тым больш верагодна, што палітычная рэвалюцыя прыме форму грамадзянскай вайны.
Але і ў гэтым апошнім выпадку прыхільнікі сацыяльнай рэвалюцыі вельмі зацікаўленыя ў тым, каб грамадзянская вайна засталася толькі мімалётным эпізодам, які хутка мінае, каб яна служыла толькі ўсталяванню і ўмацаванню дэмакратыі і каб сацыяльная рэвалюцыя была даручаная дзеянню дэмакратыі, — гэта значыць, каб у кожны момант яна заходзіла не далей, чым гатовая ісці большасць народнай масы. Бо за гэтымі межамі сацыяльная рэвалюцыя — як бы ні хацелася дальнабачным розумам неадкладна ажыццявіць яе канчатковыя мэты — не знайшла б патрэбных умоў, каб стварыць нешта трывалае.
Але хіба тэрор парыжскіх пралетарыяў і дробных буржуа — гэта значыць дыктатура меншасці — у Вялікай французскай рэвалюцыі не дасягнуў велізарных вынікаў найвышэйшага гістарычнага значэння?
Безумоўна. Але якіх? Тая дыктатура была дзіцём вайны, якую саюзныя манархі Еўропы вялі супраць рэвалюцыйнай Францыі. Пераможна адбіць гэты націск — вось гістарычная заслуга тэрору. Ён тым самым яшчэ раз выразна даказаў старую ісціну, што дыктатура лепей здольная весці вайну, чым дэмакратыя. Але ён зусім не даказаў, што дыктатура — метад пралетарыяту, каб ажыццяўляць сацыяльныя перамены ў сваіх інтарэсах і ўтрымліваць палітычную ўладу.
Энергіяй тэрор 1793 года не пераўзысці. І ўсё ж парыжскім пралетарыям не ўдалося з яго дапамогай утрымацца пры ўладзе. Дыктатура стала метадам, якім розныя фракцыі пралетарскай і дробнабуржуазнай палітыкі змагаліся паміж сабою, а ўрэшце — метадам, якім пакончылі з усякай пралетарскай і дробнабуржуазнай палітыкай.
Дыктатура нізоў пракладвае шлях дыктатуры шаблі.
Калі паводле прыкладу буржуазных рэвалюцый казаць, што рэвалюцыя раўназначная грамадзянскай вайне і дыктатуры, тады трэба зрабіць і вывад і сказаць: рэвалюцыя непазбежна сканчаецца панаваннем нейкага Кромвеля ці Напалеона.
Але гэта зусім не непазбежны канец пралетарскай рэвалюцыі — там, дзе пралетарыят складае большасць нацыі і дзе нацыя арганізаваная дэмакратычна. І толькі там ёсць умовы для сацыялістычнай вытворчасці.
Пад дыктатурай пралетарыяту мы не можам разумець нічога іншага, як яго панаванне на аснове дэмакратыі.
6. Устаноўчы сход і Савет
Супярэчнасць паміж дэмакратыяй і дыктатурай набыла ў рускай рэвалюцыі надзвычай актуальнае значэнне.
Сацыялісты Расіі ўвайшлі ў рэвалюцыю расколатымі. Яны падзяляліся на сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў) і марксістаў. Эсэры былі перш за ўсё прадстаўнікамі сялянства, якое ў Расіі, у адрозненне ад усёй астатняй Еўропы, яшчэ было рэвалюцыйным чыннікам і таму магло ісці поруч з сацыялістычным пралетарыятам. Ім супрацьстаялі марксісты, прадстаўнікі прамысловага пралетарыяту. Тыя ў сваю чаргу падзяляліся на дзве плыні: меншавікоў, якія лічылі, што на наяўнай эканамічнай аснове Расіі рэвалюцыя можа быць толькі буржуазнай, калі яна не супадзе з еўрапейскай сацыялістычнай рэвалюцыяй, і бальшавікоў, якія заўсёды верылі ва ўсемагутнасць волі і сілы і цяпер, не зважаючы на адсталасць Расіі, хацелі адразу зрабіць рэвалюцыю сацыялістычнай.
Па ходзе рэвалюцыі супярэчнасці паглыбіліся. Меншавікі лічылі сваёй задачай удзельнічаць у часовым кааліцыйным урадзе, пакуль Устаноўчы сход не ўтворыць сталы ўрад. Бальшавікі ж хацелі скінуць гэты часовы ўрад яшчэ да склікання Устаноўчага сходу і замяніць яго ўрадам сваёй партыі. Да гэтага дадавалася глыбокая супярэчнасць у пытанні міру. Меншавікі гэтак жа, як і бальшавікі, хацелі неадкладнага міру — абодва хацелі яго на цымервальдскай аснове: без анексій і кантрыбуцый. Абедзве плыні былі ў Цымервальдзе, і меншавікі там належалі да большасці. Але меншавікі хацелі агульнага міру і хацелі, каб усе ваюючыя бакі прынялі лозунг «Без анексій і кантрыбуцый». Пакуль гэтага не дасягнулі, руская армія павінна была заставацца напагатове, з ружжом ля нагі. Бальшавікі ж патрабавалі неадкладнага міру любой цаной; яны былі гатовыя, калі давядзецца, заключыць яго як сепаратны мір, і спрабавалі прымусіць да яго, як толькі маглі падтрымліваючы і без таго вялікую дэзарганізацыю арміі.
Іх падтрымлівала агульная стомленасць ад вайны шырокіх мас у войску і ў народзе, а таксама ўяўная бяздзейнасць часовага ўрада, які ў палітычных і сацыяльных рэформах зрабіў, праўда, куды больш, чым любы буржуазны ўрад за такі самы час, але ўсё ж не столькі, колькі чакалі ад рэвалюцыйнага ўрада. Выбары ва Устаноўчы сход не ўдавалася правесці так хутка, як хацелася. Спачатку трэба было абнавіць стары чыноўніцкі апарат, стварыць дэмакратычныя гарадскія і земскія ўстановы. Да таго ж складанне выбарчых спісаў у велізарнай імперыі, дзе апошні перапіс насельніцтва праходзіў у 1897 годзе, сутыкнулася з неймавернымі цяжкасцямі. Так выбары ва Устаноўчы сход зноў і зноў адкладаліся.
А галоўнае — мір усё не прыходзіў. Хто б у гэтым ні быў вінаваты, дзяржаўныя мужы Антанты не разумелі, як неабходна было тады для іх саміх засведчыць гатоўнасць да міру без анексій і кантрыбуцый. Яны праводзілі палітыку, праз якую ў вачах рускага народа перашкодай міру выглядала Антанта, а разам з Антантай — і часовы ўрад, што з ёю ладзіў. Гэта была адна з прычын, чаму частка меншавікоў, інтэрнацыяналісты, патрабавала разрыву з Антантай і выступіла ў апазіцыі да часовага ўрада. Аднак так далёка, як бальшавікі, яны ніколі не заходзілі. Бальшавікі ж пры такіх абставінах набіралі вагу за кошт меншавікоў і часовага ўрада, і ў лістападзе мінулага года ім удалося гэты ўрад скінуць. Іх прапагандысцкая сіла аказалася такой вялікай, што яны змаглі перацягнуць на свой бок частку эсэраў. Левыя эсэры з таго часу пайшлі з бальшавікамі і ўвайшлі ў іх урад, а правыя і цэнтр засталіся на баку меншавікоў.
Сілу бальшавікі чэрпалі з вялікіх спадзяванняў, якія яны абудзілі. Каб захаваць гэтую сілу, ім трэба было гэтыя спадзяванні апраўдаць. Ці было гэта магчыма?
Бальшавіцкая рэвалюцыя была пабудаваная на здагадцы, што яна стане пачаткам агульнаеўрапейскай рэвалюцыі; што смелая ініцыятыва Расіі заклікае ўзняцца пралетарыяў усёй Еўропы.
Пры такой здагадцы было, вядома, усё роўна, якія формы прыме рускі сепаратны мір, якія калецтвы і цяжары ён ускладзе на рускі народ, як ён вытлумачыць самавызначэнне народаў. Тады было ўсё роўна і тое, ці здольная Расія абараняцца. Паводле гэтага погляду, лепшай абаронай рускай рэвалюцыі была еўрапейская рэвалюцыя: яна мусіла прынесці ўсім народам на былой расійскай тэрыторыі поўнае і сапраўднае самавызначэнне.
А рэвалюцыя ў Еўропе, якая прынесла б і ўмацавала там сацыялізм, мусіла стаць і сродкам, каб прыбраць перашкоды, што стваралі ў Расіі для сацыялістычнай вытворчасці эканамічная адсталасць краіны.
Усё гэта было вельмі лагічна прадумана і добра абгрунтавана — калі прыняць здагадку, што руская рэвалюцыя непазбежна мусіць развязаць еўрапейскую. Ну а калі да гэтага не дойдзе?
Пакуль што здагадка не спраўдзілася. І вось цяпер пралетарыяў Еўропы абвінавачваюць у тым, што яны пакінулі рускую рэвалюцыю ў бядзе і здрадзілі ёй. Гэта абвінавачванне супраць невядомых, бо каго можна зрабіць адказным за паводзіны еўрапейскага пралетарыяту?
Старое марксісцкае палажэнне кажа, што рэвалюцыі нельга зрабіць, што яны вырастаюць з адносін. А адносіны ў Заходняй Еўропе настолькі адрозніваюцца ад расійскіх, што рэвалюцыя там зусім не абавязкова выклікае рэвалюцыю тут.
Калі ў 1848 годзе ў Францыі выбухнула рэвалюцыя, яна адразу перакінулася на Еўропу, што ляжыць на ўсход ад яе. Але яна спынілася на расійскай мяжы. І наадварот: калі ў 1905 годзе ў Расіі рэвалюцыя скінула путы, на захад ад яе гэта выклікала некалькі мацнейшых рухаў за выбарчае права, але нічога такога, што можна было б назваць рэвалюцыяй.
Зрэшты, не варта надта дакараць бальшавікоў за тое, што яны чакалі еўрапейскай рэвалюцыі. Гэтага чакалі і іншыя сацыялісты, і мы, безумоўна, ідзём насустрач такім часам, якія вельмі абвострыць класавую барацьбу і могуць прынесці шэраг неспадзяванак. І калі бальшавікі дагэтуль памыляліся ў сваім чаканні рэвалюцыі, дык хіба і Бебель, і Энгельс, і Маркс часам не трапляліся на такую самую памылку? Гэтага не адмовіш. Але яны ніколі не прадказвалі рэвалюцыю на пэўны тэрмін і ніколі не будавалі сваю тактыку так, каб існаванне партыі, каб ход пралетарскай класавай барацьбы залежаў ад таго, ці наступіць рэвалюцыя, — каб пралетарыят апынуўся перад выбарам: рэвалюцыя або банкруцтва.
Як усе палітыкі, яны часам памыляліся ў сваіх чаканнях. Але ніколі такая памылка не магла завесці іх на хібны шлях, у тупік.
Нашы таварышы-бальшавікі паставілі ўсё на адну карту — агульнаеўрапейскую рэвалюцыю. Калі гэтая карта не выпала, іх выштурхнула на шлях, які ставіў перад імі невырашальныя задачы. Яны мусілі бараніць Расію без арміі ад магутных і бязлітасных ворагаў. Яны мусілі ўсталяваць лад дабрабыту для ўсіх ва ўмовах усеагульнага развалу і збяднення. Чым менш было матэрыяльных і інтэлектуальных умоў для ўсяго, чаго яны дамагаліся, тым мацней яны мусілі адчуваць пацягу замяніць тое, чаго не хапала, прымусам голага гвалту, дыктатурай. І мусілі тым больш, чым больш у народных масах расла апазіцыя да іх. Так стала непазбежным, што на месца дэмакратыі яны паставілі дыктатуру.
Калі бальшавікі памыліліся ў сваім чаканні, што варта ім толькі прыйсці да ўлады — і еўрапейская рэвалюцыя ўспыхне, дык не менш яны памыліліся і ў чаканні, што варта ім толькі ўзяць дзяржаўнае стырна — і большасць насельніцтва з радасцю згуртуецца вакол іх. Праўда, як апазіцыя, ва ўмовах, што склаліся ў Расіі, яны разгарнулі вялікую прапагандысцкую сілу, як мы ўжо адзначалі. На пачатку рэвалюцыі яшчэ невялікая жменька, урэшце яны сталі такімі моцнымі, што захапілі дзяржаўную ўладу. Але ці была за імі маса насельніцтва?

Гэта і павінен быў паказаць Устаноўчы сход, якога бальшавікі, як і іншыя рэвалюцыянеры, дамагаліся, а нейкі час нават бурна патрабавалі; Устаноўчы сход, які трэба было выбраць паводле ўсеагульнага, роўнага, прамога і тайнага выбарчага права.
Адразу пасля таго, як бальшавікі захапілі ўрад, новы рэжым зацвердзіў Другі Усерасійскі з’езд Саветаў. Праўда, пры пратэсце моцнай меншасці, якая ў знак пратэсту пакінула з’езд. Але і большасць тады яшчэ не адкідала ідэі Устаноўчага сходу. Пастанова, якая зацвярджала савецкі ўрад, пачыналася словамі: «Утварыць для кіравання краінай, аж да склікання Устаноўчага сходу, часовы рабоча-сялянскі ўрад, які будзе называцца „Савет народных камісараў“».
Тут, значыць, Устаноўчы сход яшчэ прызнаваўся інстанцыяй, што стаіць над Саветам народных камісараў.
3 лістапада ўрад распусціў Петраградскую гарадскую думу на той падставе, што яна ідзе насуперак поглядам насельніцтва, выяўленым у рэвалюцыі 7 лістапада і «на выбарах ва Устаноўчы сход». Новыя выбары прызначылі на аснове дзейнага ўсеагульнага выбарчага права. Але неўзабаве ў выбарах ва Устаноўчы сход знайшлі закавыку. 7 снежня Усерасійскі выканаўчы камітэт Саветаў апублікаваў пастанову, у якой гаварылася:
«Як бы ні была ўладкаваная выбарчая сістэма органа, што складаецца з выбраных прадстаўнікоў, сапраўды дэмакратычным і такім, што сапраўды выяўляе волю народа, ён можа лічыцца толькі тады, калі прызнаецца і ўжываецца права выбаршчыкаў адклікаць сваіх дэпутатаў. Гэты прынцып сапраўднай дэмакратыі датычыць, як і ўсіх прадстаўнічых органаў, таксама і Устаноўчага сходу… З’езд Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, скліканы на парытэтнай аснове, мае права прызначаць новыя выбары ва ўсе гарадскія, земскія і іншыя прадстаўнічыя органы, не выключаючы і Устаноўчага сходу. Па патрабаванні больш як паловы выбаршчыкаў адпаведнай выбарчай акругі Саветы абавязаныя прызначыць новыя выбары».
Патрабаванне, каб большасць выбаршчыкаў магла ў любы час адклікаць дэпутата, які больш не згодны з іх поглядамі, цалкам адпавядае прынцыпам дэмакратыі. Затое з гэтага пункту гледжання ніяк нельга растлумачыць, чаму новыя выбары павінны прызначаць Саветы. Аднак далей адносна Устаноўчага сходу тады яшчэ не пайшлі. Не чапалі ні самой установы Сходу, ні выбарчага права ў яго.
Але ўсё ясней выяўлялася, што выбары не далі бальшавікам большасці. Таму «Праўда» ад 26 снежня 1917 года апублікавала шэраг тэзісаў пра Устаноўчы сход, якія напісаў Ленін і прыняў Цэнтральны камітэт. Асабліва важныя з іх два. Першы абвяшчаў, што выбары адбыліся неўзабаве пасля перамогі бальшавікоў, яшчэ да таго, як эсэры раскалоліся. Левыя і правыя эсэры, маўляў, мелі таму агульны спіс кандыдатаў. Значыць, выбары не даюць яснай карціны сапраўднага настрою мас.
Для таго, хто трымаўся такога погляду, з працытаванай вышэй пастановы ад 7 снежня вынікала: трэба прызначыць новыя выбары ва Устаноўчы сход у тых акругах, дзе былі выбраныя эсэры. Інакш навошта было б прымаць тую пастанову? Але 26 снежня пра яе ўжо забыліся. І раптам у другім з двух ленінскіх палажэнняў, якія нас тут цікавяць, гучыць зусім іншая песня. Паказаўшы нам, што толькі што выбраны Устаноўчы сход нічога не варты, бо не выяўляе сапраўднага настрою ўсёй народнай масы, ён абвяшчае, што нічога не варты ўвогуле любы Устаноўчы сход, выбраны паводле ўсеагульнага выбарчага права, гэта значыць масамі:
«Рэспубліка Саветаў з’яўляецца не толькі вышэйшай формай дэмакратычных устаноў (у параўнанні з буржуазнай рэспублікай і Устаноўчым сходам як яе вянцом), але і адзінай формай, здольнай забяспечыць найбольш бязбольны пераход да сацыялізму».
Шкада толькі, што да гэтага разумення дайшлі толькі пасля таго, як засталіся ва Устаноўчым сходзе ў меншасці. Раней ніхто не патрабаваў яго бурней за Леніна.
Цяпер канфлікт з Устаноўчым сходам стаў непазбежным. Ён скончыўся перамогай Саветаў, дыктатуру якіх абвясцілі сталай формай кіравання Расіі.
7. Савецкая рэспубліка
Савецкая арганізацыя — плён рускай рэвалюцыі 1905 года. Пралетарыят тады пачаў масавыя выступленні, для якіх яму была патрэбная масавая арганізацыя. Тайныя арганізацыі сацыял-дэмакратаў і эсэраў налічвалі ўсяго сотні членаў, якія ўплывалі на некалькі тысяч рабочых. Палітычныя і прафсаюзныя масавыя арганізацыі пры царскім абсалютызме ўтварыцца не маглі. Адзінымі масавымі арганізацыямі рабочых, якія рэвалюцыя застала, былі тыя, што стварыў сам капітал: асобныя прадпрыемствы. Яны і сталі цяпер арганізацыямі пралетарскай масавай барацьбы. Кожнае прадпрыемства ператварылася з месца матэрыяльнай вытворчасці ў месца палітычнай прапаганды і дзеяння. Рабочыя кожнага прадпрыемства збіраліся і выбіралі дэлегатаў, а тыя аб’ядноўваліся ў раду дэлегатаў — Савет. Штуршок гэтаму вельмі важнаму руху далі меншавікі. Так была створаная форма пралетарскай арганізацыі, найшырэйшая з усіх, бо ахоплівала ўсіх наёмных рабочых. Яна зрабіла магчымымі магутныя выступленні і глыбока ўразіла свядомасць рабочых. Калі ў сакавіку 1917 года выбухнула другая руская рэвалюцыя, адразу зноў паўстала і савецкая арганізацыя. І на гэты раз, адпаведна сталасці пралетарыяту, якая вырасла з часоў першай рэвалюцыі, — на вышэйшай аснове. Саветы 1905 года засталіся мясцовымі органамі, абмежаванымі асобнымі гарадамі. Саветы 1917 года былі не толькі значна больш шматлікімі, яны і цесна звязаліся паміж сабою: асобныя Саветы аб’ядноўваліся ў большыя саюзы, а тыя ў сваю чаргу — у арганізацыю на ўсю імперыю, органамі якой сталі час ад часу Усерасійскія з’езды Саветаў, а таксама пастаянны Цэнтральны выканаўчы камітэт.
Ужо сёння савецкая арганізацыя можа азірнуцца на вялікую і слаўную гісторыю. А наперадзе ў яе — яшчэ больш грандыёзная, і не толькі ў Расіі. Паўсюль выяўляецца, што перад велізарнымі сіламі, якімі эканамічна і палітычна распараджаецца фінансавы капітал, ранейшыя метады эканамічнай і палітычнай барацьбы пралетарыяту не спраўляюцца. Адмаўляцца ад іх не трэба — яны застаюцца неабходнымі ў звычайны час, — але часам яны апыняюцца перад задачамі, з якімі не могуць справіцца, дзе поспех абяцае толькі аб’яднанне ўсіх палітычных і эканамічных сіл рабочага класа.
Руская рэвалюцыя 1905 года дапамагла ідэі масавага страйку прабіцца ў нямецкай сацыял-дэмакратыі. Партыйны з’езд 1905 года яго прызнаў. З’езд 1906 года потым стараўся развеяць пакрыўджанасць і асцярогі прафсаюзных чыноўнікаў. Пра масавы страйк ён пастанавіў:
«Як толькі праўленне партыі прызнае неабходнасць палітычнага масавага страйку, яно павінна звязацца з Генеральнай камісіяй прафсаюзаў і ўжыць усе меры, неабходныя для паспяховага правядзення акцыі».
Пасля ўсяго досведу з масавымі страйкамі мы сёння ведаем, што гэтая пастанова была зусім хібнай. Па-першае, таму, што масавы страйк абяцае тым большы поспех, чым больш нечакана, са стыхійнай раптоўнасцю, ён вырываецца з пэўнай сітуацыі. Калі ж яго прызначаюць партыйныя і прафсаюзныя органы пасля папярэдняй дамоўленасці, патрэбная грувасткая падрыхтоўка, якая можа сапсаваць любы поспех.
Да таго ж прафсаюзная бюракратыя ўсё больш супраціўляецца ўсім вялікім стыхійным выступленням. Прафсаюзы застаюцца безумоўна неабходнымі. Пралетарыят тым мацнейшы, чым большая колькасць членаў і грошай у яго прафсаюзаў. Але шырокія, трывалыя арганізацыі з вялікімі сродкамі немагчымыя без сталага навучанага кіраўніцтва, гэта значыць без бюракратыі. Прафсаюзная бюракратыя гэтак жа незаменная, як і самі прафсаюзы. У яе ёсць свае цёмныя бакі, як і ў парламентарызму ці ў дэмакратыі, але яна гэтак жа, як і яны, застаецца неабходнай для вызвалення пралетарыяту.
Гэтым, аднак, не сказана, што трэба прызнаваць усе яе прэтэнзіі. Яе трэба абмежаваць тым, што з’яўляецца яе першай задачай і ў чым яна незаменная: кіраваннем прафсаюзнымі фондамі, працай на пашырэнне арганізацыі, дапамогай рабочым парадамі ў іх барацьбе. Але для кіраўніцтва тымі велізарнымі масавымі баямі, якія ўсё больш становяцца прыкметай часу, яна не надаецца. Прафсаюзнікі і парламентарыі могуць тут паспяхова дзейнічаць дзякуючы свайму досведу і ведам, але ўласна кіраўніцтва ўсё больш будзе пераходзіць да прадстаўніцтваў на прадпрыемствах, да рабочых саветаў. У розных краінах па-за Расіяй, напрыклад у Англіі, такія ўстановы (shops assistants або shops stewards) побач з прафсаюзамі ўжо адыгралі вялікую ролю ў масавых баях.
Такім чынам, савецкая арганізацыя — адна з найважнейшых з’яў нашага часу. Яна абяцае набыць вырашальнае значэнне ў вялікіх рашучых баях паміж капіталам і працай, якія нас чакаюць.
Але ці можам мы патрабаваць ад Саветаў яшчэ большага? Бальшавікі, якія разам з левымі эсэрамі пасля лістападаўскай рэвалюцыі 1917 года атрымалі большасць у рускіх рабочых саветах, пасля разгону Устаноўчага сходу ўзяліся ператвараць Савет, які дагэтуль быў баявой арганізацыяй аднаго класа, у дзяржаўную арганізацыю. Яны скасавалі дэмакратыю, якую рускі народ заваяваў у сакавіцкай рэвалюцыі. Адпаведна бальшавікі перасталі называць сябе сацыял-дэмакратамі. Яны называюць сябе камуністамі.
Праўда, зусім адмаўляцца ад дэмакратыі яны не хочуць. Ленін у сваёй прамове 28 красавіка называе савецкую арганізацыю «вышэйшым тыпам дэмакратыі», поўным разрывам з яе «буржуазным скажэннем». Для пралетарыяў і беднага сялянства цяпер, маўляў, усталяваная поўная свабода.
Але пад дэмакратыяй дагэтуль разумелі роўнасць палітычных правоў усіх грамадзян. Прывілеяваныя законам слаі заўсёды мелі свабоду дзеяння. Аднак гэта дэмакратыяй не называюць.
Савецкая рэспубліка мае быць арганізацыяй дыктатуры пралетарыяту — адзінай, як выказваецца Ленін, «здольнай забяспечыць найбольш бязбольны пераход да сацыялізму». Пачынацца ён мае з таго, што ўсё насельніцтва, не прадстаўленае ў Саветах, пазбаўляецца палітычных правоў.
Што трэба сказаць пра саму ідэю дыктатуры пралетарыяту, мы ўжо выклалі. Цяпер яшчэ некалькі заўваг пра тое, як яна ўладкаваная ў Саветах.
Чаму Саветы мусяць зрабіць пераход да сацыялізму больш бязбольным, чым ён быў бы магчымы пры ўсеагульным выбарчым праве? Відаць, таму, што так капіталістаў выключаюць з заканадаўства.
Магчымыя толькі два варыянты. Альбо капіталісты і іх прыхільнікі — проста нязначная жменька. Як тады яны маглі б перашкодзіць пераходу да сацыялізму пры ўсеагульным выбарчым праве? Наадварот, калі пры ўсеагульным выбарчым праве яны паўстануць як нязначная меншасць, яны хутчэй змірацца са сваім лёсам, чым тады, калі выбарчае права ўладкаванае так, што ніхто не можа пэўна сказаць, якая партыя насамрэч мае за сабой большасць насельніцтва. Ды і насамрэч пазбавіць правоў адных толькі капіталістаў наогул немагчыма. Хто такі капіталіст у юрыдычным сэнсе? Уласнік?
Нават у такой эканамічна развітой краіне, як Германія, з яе такім шматлікім пралетарыятам, усталяванне Савецкай рэспублікі пазбавіла б палітычных правоў вялікія масы. У 1907 годзе ў Германскай імперыі ў трох вялікіх групах — сельская гаспадарка, прамысловасць і гандаль — да групы служачых і наёмных рабочых належала (разам з членамі сем’яў) крыху больш за 35 мільёнаў чалавек, а да групы самастойных — 17 мільёнаў. Значыць, партыя цалкам магла б мець за сабой большасць наёмных рабочых і ўсё ж складаць меншасць насельніцтва. З другога боку, рабочым, калі б яны галасавалі згуртавана, і пры ўсеагульным выбарчым праве не трэба было б баяцца сваіх праціўнікаў. А ўсеагульнае выбарчае права, якое змушае іх змагацца супраць агульнага праціўніка, хутчэй іх і згуртуе, чым абмежаванне палітычнай барацьбы Саветам, адкуль класавыя праціўнікі выключаныя і дзе палітычная барацьба сацыялістычнай партыі набывае выключна форму вайны з іншымі сацыялістычнымі партыямі. Замест класавай свядомасці там проста гадуецца сектанцкі фанатызм.
А цяпер другі варыянт. Капіталісты і іх прыхільнікі — не меншасць, а вялікая маса, якая цалкам здольная скласці сур’ёзную апазіцыю ў парламенце, выбраным на аснове ўсеагульнага выбарчага права. Што паляпшаецца ад таго, што гэтую апазіцыю змушаюць замаўчаць у заканадаўчым органе?
Самі капіталісты ўсюды складаюць толькі тонкі слой. Але іх прыхільнікаў у процівагу сацыялістам можа быць вельмі шмат. Не трэба ўяўляць, што за капіталізм выступаюць толькі падкупленыя або асабіста зацікаўленыя людзі. Па-за сацыялізмам капіталізм сёння — адзіная магчымая форма вытворчасці ў вялікім маштабе. Хто не лічыць сацыялізм магчымым, той, калі думае па-сучаснаму, мусіць быць за капіталізм, нават калі ён зусім у ім не зацікаўлены. Але і з адсталых, варожых капіталу слаёў многія стаяць на грунце прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці — а значыць, на той глебе, з якой вырастае капіталізм. Таму ў адсталай краіне слаі насельніцтва, якія прама ці ўскосна бароняць капіталізм, могуць быць вельмі шматлікімі. Іх апазіцыя не памяншаецца ад таго, што ў іх адбіраюць выбарчае права. Яны тым больш энергічна будуць супраціўляцца ўсім мерам новага тыранічнага рэжыму. Пры ўсеагульным выбарчым праве, у поўнай дэмакратыі, усе класы і інтарэсы прадстаўленыя ў заканадаўчым сходзе паводле сваёй сілы. Кожны клас і кожная партыя могуць найвальней крытыкаваць любы законапраект, паказваць усе яго слабасці — але і выяўляць, наколькі вялікае супраціўленне ён сустракае ў насельніцтве. У Савеце ўсякая крытыка праціўнікаў выключаная, слабасці закона выяўляюцца не так лёгка. А пра супраціўленне, якое ён выкліча ў насельніцтве, і зусім нічога не даведваюцца. Толькі потым, калі закон ужо выдадзены, з’яўляюцца крытыка і супраціўленне. Слабасці закона выяўляюцца не пры абмеркаванні, а пры выкананні. Так і савецкі ўрад ужо з вельмі важнымі законамі мусіў рабіць у іх дзіркі дапаўненнямі або паблажлівай практыкай, упускаць праз заднія дзверы тых, каго толькі што ўрачыста выкінулі праз парадныя. Што прафесійнае выбарчае права, у адрозненне ад усеагульнага, мае схільнасць звужаць кругагляд удзельнікаў, на гэта мы ўжо ўказвалі. Што праз усё гэта пераход да сацыялізму робіцца больш бязбольным, чым праз усеагульнае выбарчае права і свабодную дыскусыю ўсіх партый, прадстаўленых адпаведна іх сіле, — у гэтым можна сумнявацца.

Але не менш сумнеўная, чым бязбольнасць, пры савецкай канстытуцыі і дыктатура пралетарыяту. Дыктатура — безумоўна. Але ці менавіта дыктатура пралетарыяту?
Пры эканамічнай структуры Расіі Саветы змаглі заняць пануючае становішча толькі таму, што ў 1917 годзе яны не абмежаваліся, як у 1905-м, адным гарадскім прамысловым пралетарыятам. На гэты раз у Саветы арганізаваліся і салдаты, і сяляне. З роспускам арміі салдаты страцілі сваю колькасную вагу. Невялікае войска, якое набралі народныя камісары, стала важным для іх не так сваімі выбарчымі бюлетэнямі, як сваімі штыхамі. Праўда, бюлетэні Чырвонай арміі адыгрывалі не такую ўжо малую ролю. У розных Саветах — напрыклад, на апошніх перавыбарах у Пецярбургу — ёй зарэзервавалі значную частку мандатаў. Але тым важнейшымі сталі галасы сялян, якія складаюць вялікую большасць насельніцтва Расіі. Пры савецкай канстытуцыі яны складаюць большасць насельніцтва, якое мае права ўдзельнічаць у заканадаўстве і кіраванні. Тое, што нам падаюць як дыктатуру пралетарыяту, калі б яе паслядоўна ажыццявілі і калі б клас увогуле мог непасрэдна ажыццяўляць дыктатуру — а гэта пад сілу толькі партыі, — ператварылася б у дыктатуру сялянства. Выходзіць, найбольш бязбольнае ажыццяўленне сацыялізму забяспечана тады, калі яго аддаюць у рукі сялян. Але калі сяляне складаюць большасць у савецкай арганізацыі, дык, з другога боку, яна ахоплівае не ўвесь пралетарыят.
Спачатку не было зусім ясна, хто можа арганізоўвацца ў Саветы і якія Саветы могуць далучацца да агульнай арганізацыі. Часта пераважаў погляд, што кожная прафесійная арганізацыя можа ўтварыць Савет і лічыцца ім. Яшчэ 28 мая «Leipziger Volkszeitung» надрукавала артыкул, які, відавочна, выйшаў з бальшавіцкіх колаў, пад назвай «Савецкая рэспубліка». Там гаварылася:
«Савецкае прадстаўніцтва мае перавагу над кожным дэмакратычным прадстаўніцтвам: яно дае ўсім грамадзянам цалкам роўныя правы, усе класы адпаведнай краіны маюць поўную магчымасць атрымаць у Саветах прадстаўніцтва, якое дакладна адпавядае іх сіле і іх сацыяльнай удзельнай вазе. Для гэтага ім, вядома, трэба спачатку арганізавацца — праўда, не па схеме ранейшага дэмакратызму, у партыі, а адпаведна новым дэмакратычным формам: у асобныя класавыя або прафесійныя арганізацыі».
Легін і кампанія могуць быць вельмі задаволеныя такім прыніжэннем сацыял-дэмакратычнай партыі ніжэй за прафсаюзную арганізацыю. Але і рэакцыянеры, якія хочуць замяніць усеагульнае, роўнае выбарчае права саслоўным, знойдуць тут кветку, з якой можна смактаць мёд. Абаронца пралетарскай дыктатуры працягвае:
«Буржуазія як такая дагэтуль не мае прадстаўніцтва ў Саветах не таму, што яе не дапускаюць, а таму, што яна, з аднаго боку, байкатуе савецкую ўладу, а з другога — не схільная арганізоўвацца па пралетарскай схеме».
Ці праўда яна да гэтага не схільная? Хіба наш бальшавіцкі сябар нічога не чуў пра арганізацыі прадпрымальнікаў? І няўжо асобны капіталіст пры ўсеагульным выбарчым праве здаецца яму больш небяспечным, чым арганізацыя прадпрымальнікаў у савецкім саюзе? Але нам адразу тлумачаць, у чым перавага савецкай арганізацыі над усеагульным выбарчым правам:
«Само сабой, можна меркаваць, што ніякія баявыя арганізацыі буржуазіі ў Саветы дапушчаныя не будуць».
Іншымі словамі, савецкая арганізацыя мае перад усеагульным выбарчым правам перавагу большай адвольнасці. Яна можа выключыць са свайго складу ўсе арганізацыі, якія лічыць варожымі. Яна «дае ўсім грамадзянам цалкам роўныя правы», але «само сабой» карыстацца імі яны могуць толькі ў духу савецкага ўрада. Тым часам, аднак, высветлілі, што так не атрымліваецца. Апошні Усерасійскі з’езд Саветаў, які закрыўся 12 ліпеня, выпрацаваў канстытуцыю Расійскай Савецкай рэспублікі. Яна вызначае, што права выбіраць дэпутатаў у Саветы маюць не ўсе жыхары Расійскай дзяржавы, а толькі пэўныя катэгорыі.
Выбіраць могуць толькі тыя, «хто здабывае сродкі на жыццё прадукцыйнай і грамадска карыснай працай». Але што такое «прадукцыйная і грамадска карысная праца»? Гэта сапраўднае гумовае паняцце. Не менш гумовае і вызначэнне тых, хто выбарчага права пазбаўлены. Сярод іх — тыя, «хто карыстаецца наёмнай працай дзеля прыбытку». Хатні рабочы або дробны майстар з адным падмайстрам можа жыць і адчуваць сябе цалкам па-пралетарску — выбарчага права ў яго няма. Яшчэ больш пралетарыяў, мусіць, страціць правы праз пастанову, якая пазбаўляе выбарчага права прыватных гандляроў і пасрэднікаў. Рабочы, які застаўся без працы і, каб пракарміцца, адкрыў гароднінную крамку або прадае газеты, губляе выбарчае права.
Яшчэ адна пастанова пазбаўляе гэтага права кожнага, хто «жыве на нетрудавы даход, як працэнты з капіталу, даходы з прадпрыемстваў, паступленні з маёмасці». Якім вялікім павінен быць «нетрудавы даход», каб пацягнуць за сабой страту выбарчага права, не сказана. Ці лічыцца ўжо ашчадная кніжка? Не адзін рабочы, асабліва ў меншых гарадах, мае свой домік. Каб трымацца на плыву, ён бярэ кватарантаў. Ці трапляе ён праз гэта ў катэгорыю людзей з нетрудавым даходам? Нядаўна ў Пецярбургу страйкаваў Обухаўскі завод, «гэтая цытадэль рэвалюцыі», як яшчэ ў 1909 годзе называў яго Троцкі («Расія ў рэвалюцыі», с. 83). Я спытаў аднаго таварыша-бальшавіка, як ён тлумачыць гэтую акцыю пратэсту супраць савецкага ўрада.
«Вельмі проста, — адказаў ён, — рабочыя там усе капіталісты, у кожнага ёсць домік».
Бачна, як мала трэба, каб паводле выбарчага парадку Савецкай рэспублікі цябе запісалі ў капіталісты і пазбавілі выбарчага права.
Гумовасць вызначэнняў выбарчага права, якая адчыняе вароты найшырэйшай адвольнасці, — віна не заканадаўцы, а самога прадмета. Паняцце пралетарыя ніколі не ўдасца юрыдычна акрэсліць адназначна і дакладна.
Пастановы пра тое, каб устанавіць пэўны орган, які правяраў бы выбарчае права кожнага і выкладваў выбарчыя спісы, а таксама пра парадак выбараў — ці яны тайныя, ці, магчыма, адкрытыя, узняццем рук, — я не знайшоў. Артыкул 70 вызначае: «Падрабязны парадак выбараў… вызначаецца мясцовымі Саветамі паводле інструкцый Усерасійскага цэнтральнага выканаўчага камітэта».
Ленін у прамове 28 красавіка пра сацыялістычны характар Саветаў сказаў, між іншым, наступнае: «1. Выбаршчыкі — толькі працоўныя і эксплуатаваныя масы; буржуазія выключаная. 2. Адпадае ўсякая бюракратычная фармальнасць і абмежаванне выбараў. Масы самі вызначаюць парадак і тэрміны выбараў».
Выходзіць, кожны выбарчы сход можа ўладкоўваць парадак выбараў як яму заўгодна. Адвольнасць і магчымасць пазбавіцца нязручных апазіцыйных элементаў унутры самога пралетарыяту праз гэта вырасталі б да краю.
Тое, што выбары ў Саветы вышэйшых узроўняў непрамыя, што таксама палягчае ўплыў на выбары не на карысць апазіцыі, адзначым толькі мімаходзь.
І ўсё ж дагэтуль не ўдавалася перашкодзіць таму, каб у Саветах выступала і апазіцыя.
Але «бязбольны пераход» да сацыялізму, відаць, патрабуе, каб змоўкла ўсякая апазіцыя і крытыка. І вось 14 чэрвеня гэтага года Усерасійскі цэнтральны выканаўчы камітэт прыняў пастанову:
«Прадстаўнікі партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (правага крыла і цэнтра) і меншавікоў выключаюцца, і адначасова ўсім Саветам рабочых, салдацкіх, сялянскіх і казацкіх дэпутатаў прапануецца выдаліць са свайго складу прадстаўнікоў гэтых фракцый».
Гэтая мера скіраваная зусім не супраць пэўных асоб, якія ўчынілі пэўныя караныя дзеянні. Таго, каго ў такіх дзеяннях супраць пануючага рэжыму вінавацяць, і так адразу арыштоўваюць — яго не трэба выключаць. Пра недатыкальнасць дэпутатаў Савета ў канстытуцыі Савецкай рэспублікі няма і гаворкі. Тут з Саветаў выключаюць не пэўных асоб, а пэўныя партыі. А на практыцы гэта азначае не што іншае, як тое, што ўсе пралетарыі, якія стаяць на пазіцыях гэтых партый, губляюць выбарчае права. Іх галасы больш не лічацца. І пэўнай мяжы тут няма. Артыкул 23 канстытуцыі Савецкай рэспублікі вызначае: «Кіруючыся інтарэсамі рабочага класа ў цэлым, Расійская Сацыялістычная Федэратыўная Савецкая Рэспубліка пазбаўляе асобных асоб і асобныя групы правоў, якімі яны карыстаюцца на шкоду сацыялістычнай рэвалюцыі».
Тым самым уся апазіцыя абвешчана па-за законам. Бо кожны ўрад, нават рэвалюцыйны, лічыць, што апазіцыя злоўжывае сваімі правамі. Але і гэтага яшчэ не хапіла, каб забяспечыць бязбольны пераход да сацыялізму. Ледзь толькі бальшавікі пазбавіліся ў Саветах апазіцыі меншавікоў, цэнтра і правага крыла эсэраў, як разгарэлася вялікая барацьба паміж імі і левымі эсэрамі, з якімі яны разам утваралі ўрад. Цяпер і тых у значнай частцы выціснулі з Саветаў.
Так унутры самога пралетарыяту ўсё больш звужаецца кола тых, хто мае палітычныя правы і на каго абапіраецца бальшавіцкі рэжым. Прэтэндуючы на тое, каб быць дыктатурай пралетарыяту, ён ад самага пачатку быў дыктатурай адной партыі ўнутры пралетарыяту. Аднак нейкі час ён яшчэ мог быць дыктатурай большасці пралетарыяту над меншасцю. Сёння сумнеўна ўжо і гэта.
Пры гэтым, аднак, кожнаму рэжыму, нават найдыктатарскаму, патрэбна выглядаць выразнікам патрэб большасці — і не толькі пралетарыяту, а ўсяго народа. Не могуць ухіліцца ад гэтага і бальшавікі.
Парыжская «Populaire» ад 6 ліпеня паведамляе пра размову Лонге з лонданскім паслом Савецкай рэспублікі Літвінавым. Лонге, між іншым, заўважыў:
«Вы ведаеце, грамадзянін Літвінаў, што нават тыя таварышы на Захадзе, якія найбольш спачуваюць вашаму руху, былі ўражаныя роспускам Устаноўчага сходу. Я, са свайго боку, казаў вам гэта яшчэ ў студзені, калі бачыў вас апошні раз. Ці не думаеце вы, што, каб адказаць на напады, якія на вас робяць, вам у любым выпадку варта было б правесці новыя выбары (ва Устаноўчы сход)?»
На гэта Літвінаў адказаў:
«Цяпер гэта немагчыма ў тым становішчы, якое склалася. Дэмакратыя, выяўленая ў форме Саветаў, — дакладнае выяўленне волі мас — гэта адзіная форма прадстаўніцтва, якая цяпер адпавядае Расіі. Да таго ж тыя, хто апратэставаў апошнія выбары ў Саветы, што былі для іх разгромнымі, апратэставалі б і выбары ў новы Устаноўчы сход, на якіх мы напэўна мелі б большасць».
Калі таварыш Літвінаў і яго сябры ў гэтым так упэўненыя, чаму б ім не рызыкнуць тым, што выбары апратэстуюць?
Калі выбары пройдуць у поўнай свабодзе і дадуць бальшавіцкую большасць, цяперашні ўрад набудзе куды мацнейшую маральную аснову — і ўнутры краіны, і за мяжой, — чым ён калі-небудзь можа набыць як савецкі ўрад пры цяперашніх метадах выбараў і кіравання. Перш за ўсё сацыялістычная крытыка страціла б усякія пярэчанні, і ўвесь Інтэрнацыянал змагарнага пралетарыяту аднадушна і з усёй сілай стаў бы за ім.
Чаму ж адмаўляцца ад такога велізарнага выйгрышу, калі гэтак упэўнены ў большасці? Таму, што ўсеагульнае выбарчае права цяпер Расіі не пасуе і яе патрэбам адпавядае толькі савецкая арганізацыя? Але чым гэта сцверджанне даказана? Зразумелым яно становіцца хіба тады, калі ўспомніць, што кожны ўрад любіць атаясамліваць сябе з краінай і лічыць: што не пасуе яму, тое не пасуе і краіне.
Адно, праўда, трэба прызнаць. Цяперашняе становішча не спрыяе выбарам ва Устаноўчы сход. У той час, калі рыхтаваліся і праходзілі выбары ў першы Устаноўчы сход, унутры краіны яшчэ было больш-менш спакойна. Сёння ўсю Расію раздзіраюць грамадзянскія войны. Але ці мае гэты вынік дзевяці месяцаў Савецкай рэспублікі быць доказам таго, што савецкая арганізацыя — самая прыдатная для Расіі і што менавіта яна найбольш бязбольна вядзе да сацыялізму?
Karl Kautsky, «Die Diktatur des Proletariats», Wien: Wiener Volksbuchhandlung Ignaz Brand, 1918. Пераклад з нямецкай паводле чацвёртага, нязменнага выдання 1919 года ў Internet Archive (скан Універсітэцкай бібліятэкі ў Таруні); перакладзеныя раздзелы 1, 2, 5, 6 і 7 з дзесяці. Тэкст знаходзіцца ў грамадскім набытку.



