Да зместу
Левы часопіс на беларускай мове
Праксіс

Культура53 хвіліны чытання

Вольная культура

2004 год. Прафесар права Лоўрэнс Лесіг даводзіць: інтэрнэт мог бы зрабіць культуру адкрытай для ўсіх, але вялікія медыя скарыстоўваюць закон, каб абараніцца ад гэтай канкурэнцыі, — і Амерыка, якая заўсёды была вольнай культурай, ператвараецца ў культуру дазволаў. Уводзіны, першы раздзел і заключэнне знакамітай кнігі.

Тэкст: Лоўрэнс Лесіг

Падзяліцца:TelegramBlueskyXFacebook
Калаж: справа — вялікі фіялетавы круг, у ім круглы фіялетавы дуатон: купал і аркі галоўнай чытальнай залы Бібліятэкі Кангрэса ЗША з круглымі радамі сталоў для чытачоў пад купалам. Злева — вялікі чорны квадрат, пад ім вузкая фіялетавая паласа і чорная плашка з надпісам «Культура дазволаў». Унізе — вялікае слова «Вольная» і подпіс «Лоўрэнс Лесіг / Free Culture / 2004».
Галоўная чытальная зала Бібліятэкі Кангрэса ЗША ў Вашынгтоне, 1900–1910 гады · Калаж: Праксіс. Фота: Detroit Publishing Co., Бібліятэка Кангрэса ЗША, грамадскі набытак (Wikimedia Commons)

Лоўрэнс Лесіг (нар. 1961) — амерыканскі правазнаўца, цяпер прафесар Гарвардскай школы права, адзін з заснавальнікаў Creative Commons — арганізацыі, што з 2002 года выдае вольныя ліцэнзіі, з дапамогай якіх аўтары самі дазваляюць іншым капіраваць і перапрацоўваць свае творы. Кніга «Free Culture» выйшла ў 2004 годзе, калі Лесіг выкладаў у Стэнфардзе, і адразу была выкладзеная ў сеціва бясплатна пад ліцэнзіяй Creative Commons. Яна вырасла з канкрэтнай паразы. Лесіг прадстаўляў у Вярхоўным судзе ЗША інтэрнэт-выдаўца Эрыка Элдрэда (яму кніга і прысвечаная), які публікаваў у сеціве творы з грамадскага набытку і аспрэчваў закон 1998 года, што падоўжыў тэрміны капірайту яшчэ на дваццаць гадоў, — і ў студзені 2003 года суд сямю галасамі супраць двух пакінуў закон у сіле (справа «Элдрэд супраць Эшкрафта»). Фон кнігі — вайна музычнай індустрыі з файлаабменнікамі: Napster, праз які ў 1999–2001 гадах мільёны людзей абменьваліся музыкай, суды закрылі, а ў 2003 годзе гуказапісвальныя кампаніі пачалі судзіцца з асобнымі карыстальнікамі; Закон аб аўтарскім праве ў лічбавае тысячагоддзе (DMCA, 1998) забараніў абыходзіць тэхнічную абарону твораў нават там, дзе само выкарыстанне законнае. Лесіг адрознівае «вольную культуру» (free — як у «свабодзе слова», а не як «дармавое») ад «культуры дазволаў», дзе кожны, хто хоча будаваць на чужой творчасці, мусіць спачатку прасіць дазволу ва ўладальніка правоў. Свой аргумент ён будуе на гісторыях — як справа фермераў Козбі (1946) ці лёс вынаходніка FM-радыё Эдвіна Армстранга і карпарацыі RCA (Radio Corporation of America), што тады панавала ў амерыканскім радыё. Мы пераклалі цалкам уводзіны, першы раздзел «Творцы» і заключэнне: у «Творцах» Лесіг паказвае, што і Уолт Дыснэй будаваў на чужым — на фільме Бастэра Кітана і казках братоў Грым, — і расказвае пра японскія дадзінсі, коміксы, створаныя на аснове чужых коміксаў. Прадмова, уступы да частак, астатнія трынаццаць раздзелаў і пасляслоўе не перакладзеныя; зноскі мы прапусцілі, а заўвагі рэдакцыі пазначылі ў тэксце квадратнымі дужкамі. Шмат што з апісанага з таго часу змянілася: файлаабменнікі выцесніў легальны стрымінг, за выкарыстаннем твораў цяпер сочаць аўтаматычныя фільтры вялікіх платформаў, а суды ў ЗША і Еўропе разбіраюцца, ці можна без дазволу аўтараў навучаць на іх творах сістэмы штучнага інтэлекту (ШІ). Сам «Параходзік Вілі», з якога пачынаецца раздзел «Творцы», перайшоў у ЗША ў грамадскі набытак толькі 1 студзеня 2024 года.


Уводзіны

17 снежня 1903 года на ветраным пляжы ў Паўночнай Караліне, крыху менш як за сто секунд, браты Райт паказалі, што апарат, цяжэйшы за паветра, можа ляцець сам. Момант быў электрызуючы, і яго значэнне зразумелі адразу і шырока. Амаль адразу ўспыхнуў вялізны інтарэс да новай тэхналогіі пілатуемага палёту, і цэлы гурт вынаходнікаў узяўся яе развіваць.

Калі браты Райт вынайшлі самалёт, амерыканскае права зыходзіла з таго, што ўласніку належыць не толькі паверхня яго зямлі, але і ўсё, што пад ёю, аж да цэнтра Зямлі, і ўся прастора над ёю — «на неакрэсленую вышыню, угару». Шмат гадоў вучоныя ламалі галаву, як найлепш разумець ідэю, што права на зямлю сягае да нябёсаў. Ці значыць гэта, што вам належаць зоркі? Ці можна пазваць у суд гусей за наўмыснае і рэгулярнае парушэнне меж вашага ўладання?

Потым з’явіліся самалёты, і ўпершыню гэты прынцып амерыканскага права — закладзены глыбока ў падмурак нашай традыцыі і прызнаны найважнейшымі юрыстамі мінулага — набыў практычнае значэнне. Калі мая зямля сягае да нябёсаў, што адбываецца, калі над маім полем праляціць United? Ці маю я права выгнаць яго са сваёй уласнасці? Ці магу я падпісаць эксклюзіўную ліцэнзію з Delta Airlines? Ці можна ўладкаваць аўкцыён, каб высветліць, колькі гэтыя правы каштуюць?

У 1945 годзе гэтыя пытанні дайшлі да федэральнага суда. Калі фермеры з Паўночнай Караліны Томас Лі і Ціні Козбі пачалі губляць курэй праз ваенныя самалёты, што лёталі нізка над зямлёй (перапалоханыя куры, відаць, кідаліся на сцены хлява і гінулі), Козбі падалі іск: маўляў, урад незаконна ўваходзіць на іх зямлю. Самалёты, вядома, ніколі не дакраналіся да паверхні зямлі Козбі. Але калі, як казалі Блэкстан, Кент і Кук, іхняя зямля сягала «на неакрэсленую вышыню, угару», то ўрад парушаў межы іх уласнасці, і Козбі хацелі, каб гэта спынілася.

Вярхоўны суд пагадзіўся разгледзець справу Козбі. Кангрэс абвясціў паветраныя шляхі грамадскімі, але калі ўласнасць і праўда сягае да нябёсаў, гэтая заява Кангрэса цалкам магла аказацца неканстытуцыйным «адабраннем» уласнасці без кампенсацыі. Суд прызнаў, што «паводле старадаўняй дактрыны агульнага права ўласнасць на зямлю сягала да ўскраін сусвету». Але суддзя Дуглас не меў цярплівасці да старадаўніх дактрын. Адным абзацам былі сцёртыя сотні гадоў права ўласнасці. Як ён напісаў ад імя суда,

[Гэтая] дактрына не мае месца ў сучасным свеце. Паветра — гэта грамадская дарога, як і абвясціў Кангрэс. Калі б гэта было не так, кожны трансканцінентальны палёт пагражаў бы перавозчыку незлічонымі іскамі за парушэнне чужога ўладання. Здаровы сэнс паўстае супраць такой ідэі. Прызнаць такія прыватныя прэтэнзіі на паветраную прастору азначала б загрувасціць гэтыя дарогі, сур’ёзна перашкодзіць кіраванню імі і іх развіццю ў грамадскіх інтарэсах і перадаць у прыватную ўласнасць тое, на што справядлівую прэтэнзію мае толькі грамадства.

«Здаровы сэнс паўстае супраць такой ідэі».

Вось так звычайна і працуе права. Не часта так раптоўна і нецярпліва, але ўрэшце рэшт — вось так. Дуглас не любіў мармытаць. Іншыя суддзі разводзілі б балбатню на старонкі, каб дайсці да высновы, якую Дуглас змяшчае ў адзін радок: «Здаровы сэнс паўстае супраць такой ідэі». Але ці спатрэбяцца на гэта старонкі, ці некалькі слоў, асаблівы геній сістэмы агульнага права, такой як наша, у тым, што права прыстасоўваецца да тэхналогій свайго часу. А прыстасоўваючыся, яно змяняецца. Ідэі, цвёрдыя як скала ў адну эпоху, у іншую крышацца.

Ці, прынамсі, так адбываецца, калі з іншага боку перамен няма нікога моцнага. Козбі былі проста фермерамі. І хоць такіх, як яны, каго засмучаў рух у паветры, які ўсё ўзмацняўся, напэўна, было шмат (хоць, спадзяемся, курэй, што самі разбіліся аб сцены, было няшмат), усім Козбі свету было б вельмі цяжка аб’яднацца і спыніць ідэю і тэхналогію, народжаную братамі Райт. Браты Райт выкінулі самалёты ў тэхналагічны басейн мемаў; ідэя пашырылася, як вірус у курыным хляве; фермеры кшталту Козбі апынуліся акружанымі «разумным» — тым, што здавалася разумным пры тэхналогіі, створанай Райтамі. Яны маглі стаяць на сваіх фермах з мёртвымі курамі ў руках і колькі заўгодна махаць кулакамі на гэтыя наваробленыя тэхналогіі. Маглі званіць сваім дэпутатам ці нават падаць іск. Але ўрэшце сіла таго, што ўсім астатнім здаецца «відавочным», — сіла «здаровага сэнсу» — узяла б верх. Іхняму «прыватнаму інтарэсу» не дазволілі б перамагчы відавочную грамадскую карысць.

Эдвін Говард Армстранг — адзін з забытых амерыканскіх геніяў-вынаходнікаў. Ён выйшаў на вялікую амерыканскую сцэну вынаходніцтва адразу пасля тытанаў — Томаса Эдысана і Аляксандра Грэма Бэла. Але яго праца ў галіне радыётэхнікі была, мабыць, найважнейшай з усіх, што зрабіў адзін вынаходнік за першыя пяцьдзясят гадоў радыё. Ён быў адукаваны лепей за Майкла Фарадэя, які яшчэ вучнем пераплётчыка ў 1831 годзе адкрыў электрамагнітную індукцыю. Але ў яго была тая самая інтуіцыя наконт таго, як уладкаваны свет радыё, і прынамсі тры разы Армстранг вынаходзіў надзвычай важныя тэхналогіі, якія пасоўвалі наперад наша разуменне радыё.

На другі дзень пасля Каляд 1933 года Армстранг атрымаў чатыры патэнты на сваё найважнейшае вынаходніцтва — FM-радыё. Да таго часу бытавое радыё было з амплітуднай мадуляцыяй (AM). Тагачасныя тэарэтыкі сцвярджалі, што радыё з частотнай мадуляцыяй (FM) працаваць не можа. Яны мелі рацыю, калі гаворка ішла пра FM у вузкай паласе спектра. Але Армстранг адкрыў, што частотная мадуляцыя ў шырокай паласе дае ашаламляльную чысціню гуку пры значна меншай магутнасці перадатчыка і значна меншых перашкодах.

5 лістапада 1935 года ён прадэманстраваў тэхналогію на сходзе Інстытута радыёінжынераў у Эмпайр-стэйт-білдынгу ў Нью-Ёрку. Ён пракруціў шкалу свайго прыёмніка праз шэраг AM-станцый, пакуль той не злавіў трансляцыю, якую Армстранг арганізаваў за семнаццаць міль адтуль. Радыё зусім змоўкла, быццам памерла, а потым з чысцінёй, якой ніхто ў зале ніколі не чуў ад электрычнай прылады, загучаў голас дыктара: «Гаворыць аматарская станцыя W2AG у Ёнкерсе, штат Нью-Ёрк, на частотнай мадуляцыі, на хвалі два з паловай метры».

Публіка чула тое, што ніхто не лічыў магчымым:

Перад мікрафонам у Ёнкерсе налілі шклянку вады — і гэта гучала як шклянка вады, якую наліваюць. <…> Скамячылі і разарвалі паперу — і гэта гучала як папера, а не як трэск лясного пажару. <…> Ставілі з пласцінак маршы Сузы, выконвалі фартэпіянную п’есу і нумар на гітары. <…> Музыка ішла з такой жывасцю, якую рэдка калі, а то і ніколі, чулі ад радыёвай «музычнай скрыні».

Як падказвае наш уласны здаровы сэнс, Армстранг адкрыў непараўнальна лепшую радыётэхналогію. Але калі ён зрабіў сваё вынаходніцтва, ён працаваў на RCA. RCA была галоўным гульцом на тады галоўным рынку — AM-радыё. Да 1935 года ў Злучаных Штатах было тысяча радыёстанцый, але станцыі ў вялікіх гарадах належалі жменьцы сетак.

Прэзідэнт RCA Дэвід Сарноф, сябар Армстранга, вельмі хацеў, каб Армстранг знайшоў спосаб прыбраць перашкоды з AM-радыё. Таму Сарноф вельмі ўзрадаваўся, калі Армстранг сказаў яму, што мае прыладу, якая прыбірае перашкоды з «радыё». Але калі Армстранг паказаў сваё вынаходніцтва, Сарноф быў незадаволены.

Я думаў, Армстранг вынайдзе нейкі фільтр, каб прыбраць перашкоды з нашага AM-радыё. Я не думаў, што ён пачне рэвалюцыю — створыць цэлую новую, каб яе ліха, галіну, якая будзе канкураваць з RCA.

Вынаходніцтва Армстранга пагражала AM-імперыі RCA, і кампанія пачала кампанію, каб задушыць FM-радыё. Можа, FM і была лепшай тэхналогіяй, але Сарноф быў лепшым тактыкам. Як апісаў адзін аўтар,

Сілы, што стаялі за FM, — пераважна інжынерныя — не маглі адолець вагу стратэгіі, якую выпрацавалі аддзелы продажаў, патэнтаў і юрыдычны, каб утаймаваць гэтую пагрозу карпаратыўнаму становішчу. Бо FM, калі б ёй далі развівацца бесперашкодна, азначала <…> поўную перабудову ўлады ў радыё <…> і ўрэшце звяржэнне старанна абмежаванай сістэмы AM, на якой RCA і ўзрасла да сваёй магутнасці.

Спачатку RCA трымала тэхналогію ў сябе, настойваючы, што патрэбныя новыя выпрабаванні. Калі праз два гады выпрабаванняў Армстранг страціў цярплівасць, RCA пачала выкарыстоўваць свой уплыў ва ўрадзе, каб наогул затрымаць пашырэнне FM-радыё. У 1936 годзе RCA наняла былога кіраўніка Федэральнай камісіі па сувязі (FCC) і даручыла яму дамагчыся, каб FCC размеркавала спектр так, каб кастраваць FM, — найперш перанесці FM-радыё ў іншую паласу спектра. Спачатку гэтыя намаганні праваліліся. Але калі Армстранга і ўсю краіну адцягнула Другая сусветная вайна, справа RCA пайшла больш паспяхова. Неўзабаве пасля вайны FCC абвясціла пра шэраг рашэнняў, у якіх быў адзін ясны вынік: FM-радыё будзе скалечанае. Як апісаў гэта Лоўрэнс Лесінг [аўтар біяграфіі Армстранга «Man of High Fidelity», 1956; не блытаць з Лесігам — заўв. рэд.],

Серыя ўдараў, якія FM-радыё атрымала адразу пасля вайны праз шэраг пастаноў, што буйныя радыёкампаніі праводзілі праз FCC, была амаль неверагоднай па сваёй сіле і хітрасці.

Каб вызваліць месца ў спектры для новай стаўкі RCA — тэлебачання, — карыстальнікаў FM-радыё трэба было перанесці ў зусім новую паласу. Магутнасць FM-станцый таксама зрэзалі, а значыць, FM больш нельга было выкарыстоўваць, каб перадаваць праграмы з адной часткі краіны ў іншую. (Гэтую змену гарача падтрымала AT&T, бо без рэтрансляцыйных FM-станцый радыёстанцыям давялося б купляць у AT&T правадныя лініі.) Так пашырэнне FM-радыё было задушанае — прынамсі на нейкі час.

Армстранг супраціўляўся намаганням RCA. У адказ RCA пачала аспрэчваць патэнты Армстранга. Уключыўшы FM-тэхналогію ў стандарт тэлебачання, які тады складаўся, RCA абвясціла патэнты несапраўднымі — беспадстаўна і амаль праз пятнаццаць гадоў пасля таго, як іх выдалі. Так яна адмовілася плаціць яму роялці. Шэсць гадоў Армстранг вёў дарагую судовую вайну, абараняючы патэнты. Нарэшце, якраз калі тэрмін патэнтаў скончыўся, RCA прапанавала міравую — такую мізэрную, што яна не пакрывала нават ганарараў Армстрангавых адвакатаў. Пераможаны, зламаны і цяпер ужо збяднелы, у 1954 годзе Армстранг напісаў жонцы кароткую запіску і выступіў з акна трынаццатага паверха насустрач смерці.

Вось так права часам і працуе. Не часта так трагічна і рэдка з гераічнай драмай, але часам — вось так. Ад самага пачатку ўрад і дзяржаўныя ведамствы падатлівыя на захоп. Іх лягчэй захапіць, калі магутнаму інтарэсу пагражае змена — прававая альбо тэхнічная. Гэты магутны інтарэс занадта часта скарыстоўвае свой уплыў ва ўрадзе, каб урад яго абараніў. Рыторыка такой абароны, вядома, заўсёды поўная клопату пра грамадскае дабро; рэальнасць — зусім іншая. Ідэі, цвёрдыя як скала ў адну эпоху, але якія, пакінутыя самім сабе, раскрышыліся б у іншую, падтрымліваюцца праз гэтую ціхую карупцыю нашага палітычнага працэсу. У RCA было тое, чаго не было ў Козбі: сіла заглушыць наступствы тэхналагічных перамен.

Калаж: фіялетавы дуатон — радыёспектакль у студыі: акцёры ў фраках і вячэрняй сукенцы чытаюць ролі, адзін з іх замахваецца, побач скрыня, медная талерка і рэквізіт для гукавых эфектаў, на стойцы — мікрафон. Справа — вялікі чорны круг з белай кропкай, як радыёпласцінка, пад ім фіялетавая зігзагападобная хваля і вялікае слова «Эфір». Подпіс: «Радыёспектакль у студыі WGY / 1923».
Радыёспектакль «Вялікі падзел» (The Great Divide) у студыі AM-станцыі WGY, Скенектадзі (штат Нью-Ёрк), 1923 год · Калаж: Праксіс. Фота: невядомы аўтар, 1923, грамадскі набытак (Wikimedia Commons)

Інтэрнэт не мае аднаго вынаходніка. Няма і добрай даты, якую можна было б лічыць днём яго нараджэння. І ўсё ж за вельмі кароткі час інтэрнэт стаў часткай звычайнага амерыканскага жыцця. Паводле праекта Pew Internet and American Life, у 2002 годзе доступ да інтэрнэту мелі 58 працэнтаў амерыканцаў — супраць 49 працэнтаў двума гадамі раней. Да канца 2004 года гэтая лічба цалкам можа перавысіць дзве трэція краіны.

Убудоўваючыся ў звычайнае жыццё, інтэрнэт змяніў шмат што. Частка гэтых змен тэхнічныя: інтэрнэт паскорыў сувязь, патаніў збор даных і гэтак далей. Гэтыя тэхнічныя змены — не тэма гэтай кнігі. Яны важныя. Іх кепска разумеюць. Але гэта такія рэчы, якія проста зніклі б, калі б мы ўсе адключылі інтэрнэт. Яны не закранаюць тых, хто інтэрнэтам не карыстаецца, — прынамсі, не закранаюць непасрэдна. Яны — належны прадмет кнігі пра інтэрнэт. Але гэта не кніга пра інтэрнэт.

Гэтая кніга — пра ўздзеянне інтэрнэту, якое выходзіць за межы самога інтэрнэту: пра ўздзеянне на тое, як ствараецца культура. Я сцвярджаю, што інтэрнэт выклікаў у гэтым працэсе важную і непрызнаную змену. Гэтая змена радыкальна пераробіць традыцыю, старую, як сама Рэспубліка. Большасць, калі б заўважыла гэтую змену, адкінула б яе. Аднак большасць нават не бачыць змены, якую прынёс інтэрнэт.

Мы можам мімаходам убачыць яе, калі адрозніваем камерцыйную і некамерцыйную культуру і пазначаем, як права рэгулюе кожную з іх. Пад «камерцыйнай культурай» я маю на ўвазе тую частку нашай культуры, якую вырабляюць і прадаюць — альбо вырабляюць, каб прадаць. Пад «некамерцыйнай культурай» — усё астатняе. Калі старыя сядзелі ў парках або на рагах вуліц і расказвалі гісторыі, якія слухалі дзеці і ўсе іншыя, гэта была некамерцыйная культура. Калі Ноа Уэбстэр выдаваў свой «Чытанак», а Джоэл Барлоў — свае вершы, гэта была камерцыйная культура.

На пачатку нашай гісторыі і амаль на працягу ўсёй нашай традыцыі некамерцыйная культура, па сутнасці, не рэгулявалася. Вядома, калі вашы гісторыі былі непрыстойныя ці ваша песня парушала грамадскі спакой, права магло ўмяшацца. Але права ніколі непасрэдна не цікавілася стварэннем або пашырэннем гэтай формы культуры і пакідала гэтую культуру «вольнай». Звычайныя спосабы, якімі звычайныя людзі дзяліліся сваёй культурай і пераўтваралі яе, — расказвалі гісторыі, разыгрывалі сцэны з п’ес ці тэлеперадач, удзельнічалі ў фан-клубах, дзяліліся музыкай, рабілі запісы на касеты, — права пакідала ў спакоі.

Права засяроджвалася на камерцыйнай творчасці. Спачатку трохі, потым даволі шырока, яно ахоўвала стымулы творцаў, даючы ім выключныя правы на іх творчую працу, каб яны маглі прадаваць гэтыя выключныя правы на камерцыйным рынку. Гэта, вядома, таксама важная частка творчасці і культуры, і ў Амерыцы яна становіцца ўсё больш важнай. Але ніколі яна не дамінавала ў нашай традыцыі. Яна была толькі адной часткай — кантраляванай часткай, ураўнаважанай вольнай.

Гэтую прыблізную мяжу паміж вольным і кантраляваным цяпер сцёрта. Інтэрнэт падрыхтаваў сцэну для гэтага, а права, падпіханае вялікімі медыя, давяло справу да канца. Упершыню ў нашай традыцыі звычайныя спосабы, якімі людзі ствараюць культуру і дзеляцца ёю, трапляюць у сферу прававога рэгулявання, якое разраслося і ўцягнула пад свой кантроль велізарны абсяг культуры і творчасці, куды яно ніколі раней не сягала. Тэхналогія, што захоўвала раўнавагу ўсёй нашай гісторыі — паміж вольным выкарыстаннем нашай культуры і выкарыстаннем толькі з дазволу, — знішчаная. У выніку мы ўсё менш вольная культура і ўсё больш культура дазволаў.

Гэтую змену апраўдваюць тым, што яна неабходная для абароны камерцыйнай творчасці. І сапраўды, яе рухавік — менавіта пратэкцыянізм. Але пратэкцыянізм, якім апраўдваюць змены, што я апішу ніжэй, — не той абмежаваны і ўраўнаважаны, які вызначаў права ў мінулым. Гэта пратэкцыянізм не дзеля абароны мастакоў. Гэта пратэкцыянізм дзеля абароны пэўных формаў бізнесу. Карпарацыі, якім пагражае здольнасць інтэрнэту змяніць тое, як ствараецца і пашыраецца і камерцыйная, і некамерцыйная культура, аб’ядналіся, каб схіліць заканадаўцаў выкарыстаць права для іх абароны. Гэта гісторыя RCA і Армстранга; гэта мара Козбі.

Бо інтэрнэт вызваліў незвычайную магчымасць для многіх удзельнічаць у тварэнні і развіцці культуры, што сягае далёка за мясцовыя межы. Гэтая сіла змяніла рынак стварэння і развіцця культуры наогул, а гэтая змена, у сваю чаргу, пагражае ўсталяваным кантэнт-індустрыям. Такім чынам, інтэрнэт для індустрый, што стваралі і распаўсюджвалі кантэнт у XX стагоддзі, — тое самае, чым FM-радыё было для AM-радыё ці грузавік — для чыгуначнай індустрыі XIX стагоддзя: пачатак канца ці прынамсі глыбокая трансфармацыя. Лічбавыя тэхналогіі разам з інтэрнэтам маглі б стварыць значна больш канкурэнтны і жывы рынак стварэння і развіцця культуры; на гэтым рынку магло б быць значна больш творцаў, і значна больш розных; гэтыя творцы маглі б ствараць і распаўсюджваць значна больш жывую творчасць; і, у залежнасці ад некалькіх важных умоў, гэтыя творцы ў сярэднім маглі б зарабляць у такой сістэме больш, чым зарабляюць сёння, — калі толькі RCA нашага часу не выкарыстаюць права, каб абараніцца ад гэтай канкурэнцыі.

Аднак, як я даводжу на наступных старонках, менавіта гэта і адбываецца сёння ў нашай культуры. Гэтыя сучасныя адпаведнікі радыё пачатку XX стагоддзя ці чыгунак XIX выкарыстоўваюць сваю сілу, каб права абараніла іх ад новай, больш эфектыўнай і жывой тэхналогіі тварэння культуры. Ім удаецца іх план — перарабіць інтэрнэт раней, чым інтэрнэт пераробіць іх.

Многім так не здаецца. Бітвы вакол капірайту і інтэрнэту большасці падаюцца далёкімі. Нешматлікім, хто за імі сочыць, яны падаюцца пераважна пра значна прасцейшую пару пытанняў — ці будзе дазволена «пірацтва» і ці будзе абароненая «ўласнасць». «Вайну», якую вядуць супраць тэхналогій інтэрнэту, — тое, што прэзідэнт Амерыканскай асацыяцыі кінакампаній (MPAA) Джэк Валенці называе сваёй «уласнай вайной з тэрарызмам», — падаюць як бітву за вяршэнства закона і павагу да ўласнасці. Каб вызначыцца, на чыім ты баку ў гэтай вайне, большасць лічыць, што дастаткова вырашыць, ці ты за ўласнасць, ці супраць.

Калі б выбар і праўда быў такі, я быў бы з Джэкам Валенці і кантэнт-індустрыяй. Я таксама веру ва ўласнасць, і асабліва ў важнасць таго, што спадар Валенці трапна называе «творчай уласнасцю». Я лічу, што «пірацтва» — гэта кепска і што права, правільна наладжанае, павінна караць «пірацтва» — і ў інтэрнэце, і па-за ім.

Але гэтыя простыя перакананні засланяюць значна больш фундаментальнае пытанне і значна больш драматычную змену. Я баюся, што, калі мы не ўбачым гэтай змены, вайна за тое, каб пазбавіць свет інтэрнэт-«піратаў», пазбавіць нашу культуру і каштоўнасцей, якія былі неад’емнай часткай нашай традыцыі ад самага пачатку.

Гэтыя каштоўнасці збудавалі традыцыю, якая прынамсі першыя 180 гадоў нашай Рэспублікі гарантавала творцам права свабодна будаваць на сваім мінулым і бараніла творцаў і вынаходнікаў ад кантролю — і дзяржаўнага, і прыватнага. Першая папраўка [да Канстытуцыі ЗША, пра свабоду слова і друку — заўв. рэд.] бараніла творцаў ад кантролю дзяржавы. А капірайт, правільна ўраўнаважаны, як пераканаўча даводзіць прафесар Ніл Нетанэль, бараніў творцаў ад кантролю прыватнага. Такім чынам, наша традыцыя не была ні савецкай, ні традыцыяй мецэнатаў. Яна вызваляла шырокую прастору, у якой творцы маглі развіваць і пашыраць нашу культуру.

Аднак адказ права на інтэрнэт разам са зменамі ў тэхналогіі самога інтэрнэту вельмі моцна ўзмацніў фактычнае рэгуляванне творчасці ў Амерыцы. Каб будаваць на культуры, што нас акружае, ці крытыкаваць яе, трэба спачатку, як Олівер Твіст, папрасіць дазволу. Дазвол, вядома, часта даюць — але не часта тым, хто крытыкуе, і тым, хто незалежны. Мы збудавалі нешта накшталт культурнай арыстакратыі: тым, хто ўнутры шляхетнага саслоўя, жывецца лёгка; тым, хто па-за ім, — не. Але арыстакратыя ў любой форме чужая нашай традыцыі.

Гісторыя, што будзе далей, — пра гэтую вайну. Яна не пра «цэнтральнае месца тэхналогій» у звычайным жыцці. Я не веру ў багоў, ні лічбавых, ні якіх іншых. І гэта не спроба дэманізаваць нейкага чалавека ці групу, бо я не веру і ў д’ябла, ні карпаратыўнага, ні якога іншага. Гэта не маралізатарская казка. І не заклік да джыхаду супраць галіны.

Гэта спроба зразумець безнадзейна разбуральную вайну, натхнёную тэхналогіямі інтэрнэту, але якая сягае далёка за межы яго коду. І, разумеючы гэтую бітву, — спроба накрэсліць карту міру. Няма ніякай добрай прычыны, каб цяперашняя барацьба вакол інтэрнэт-тэхналогій працягвалася. Калі ёй дазволяць ісці далей бескантрольна, яна вельмі пашкодзіць нашай традыцыі і культуры. Мы павінны зразумець, адкуль гэтая вайна. Мы павінны хутка яе спыніць.

Як і бітва Козбі, гэтая вайна часткова вядзецца за «ўласнасць». Уласнасць у гэтай вайне не такая адчувальная, як у Козбі, і ніводная бязвінная курыца пакуль не загінула. Аднак ідэі вакол гэтай «уласнасці» падаюцца большасці такімі ж відавочнымі, якім для Козбі было іх перакананне ў святасці сваёй фермы. Мы — гэта Козбі. Большасць з нас прымае як належнае надзвычай моцныя прэтэнзіі, якія сёння высоўваюць уладальнікі «інтэлектуальнай уласнасці». Большасць з нас, як і Козбі, лічыць гэтыя прэтэнзіі відавочнымі. І таму мы, як і Козбі, пратэстуем, калі новая тэхналогія ўмешваецца ў гэтую ўласнасць. Нам гэтак жа ясна, як было ім, што новыя тэхналогіі інтэрнэту «незаконна ўваходзяць» на тэрыторыю законных прэтэнзій на «ўласнасць». Нам гэтак жа ясна, як было ім, што права павінна ўмяшацца і спыніць гэтае парушэнне.

І таму, калі гікі і тэхнолагі бароняць свайго Армстранга ці сваіх братоў Райт, большасць з нас проста ім не спачувае. Здаровы сэнс не паўстае. У адрозненне ад выпадку з няўдачлівымі Козбі, у гэтай вайне здаровы сэнс на баку ўласнікаў. У адрозненне ад удачлівых братоў Райт, інтэрнэт не натхніў рэвалюцыі на сваім баку.

Я спадзяюся крыху падштурхнуць гэты здаровы сэнс. Мяне ўсё больш здзіўляе сіла гэтай ідэі інтэлектуальнай уласнасці і, што важней, яе здольнасць адключаць крытычнае мысленне ў палітыкаў і грамадзян. Ніколі ў нашай гісторыі такая вялікая частка нашай «культуры» не была настолькі «ва ўласнасці», як цяпер. І ніколі канцэнтрацыю ўлады кантраляваць выкарыстанне культуры не прымалі так бяспрэчна, як цяпер.

Загадка ў тым — чаму? Ці таму, што мы спасціглі нейкую ісціну пра каштоўнасць і важнасць абсалютнай уласнасці на ідэі і культуру? Ці таму, што мы высветлілі, што наша традыцыя адкідаць такія абсалютныя прэтэнзіі была памылковай?

Ці таму, што ідэя абсалютнай уласнасці на ідэі і культуру выгадная RCA нашага часу і пасуе да нашых уласных неабдуманых інтуіцый?

Ці радыкальны адыход ад нашай традыцыі вольнай культуры — гэта выпадак, калі Амерыка выпраўляе памылку свайго мінулага, як мы зрабілі пасля крывавай вайны з рабствам і як павольна робім з няроўнасцю? Ці радыкальны адыход ад нашай традыцыі вольнай культуры — гэта яшчэ адзін прыклад палітычнай сістэмы, захопленай некалькімі магутнымі асобнымі інтарэсамі?

Ці вядзе здаровы сэнс да крайнасцей у гэтым пытанні таму, што ён сапраўды верыць у гэтыя крайнасці? Ці здаровы сэнс маўчыць перад гэтымі крайнасцямі таму, што, як у выпадку Армстранга і RCA, мацнейшы бок падбаў, каб і погляд у яго быў мацнейшы?

Я не хачу таямнічасці. Мае ўласныя погляды ўсталяваныя. Я лічу, што здаровы сэнс слушна паўстаў супраць экстрэмізму Козбі. Я лічу, што было б слушна, каб здаровы сэнс паўстаў супраць крайніх прэтэнзій, якія сёння высоўваюць ад імя «інтэлектуальнай уласнасці». Тое, чаго сёння патрабуе права, усё больш падобнае на дурноту шэрыфа, які арыштоўвае самалёт за парушэнне меж уладання. Але наступствы гэтай дурноты будуць значна глыбейшыя.

Барацьба, што цяпер шугае, круціцца вакол дзвюх ідэй — «пірацтва» і «ўласнасці». Мая мэта ў дзвюх наступных частках гэтай кнігі — даследаваць гэтыя дзве ідэі.

Мой метад — не звычайны метад акадэміка. Я не хачу акунаць вас у складаную аргументацыю, падмацаваную спасылкамі на цьмяных французскіх тэарэтыкаў, — як бы натуральна гэта ні было для тых дзівакоў, якімі сталі мы, акадэмікі. Замест гэтага кожную частку я пачынаю са зборніка гісторый, якія ствараюць кантэкст, дзе гэтыя быццам простыя ідэі можна зразумець паўней.

Гэтыя дзве часткі падводзяць да галоўнай тэзы кнігі: хоць інтэрнэт і праўда стварыў нешта фантастычнае і новае, наш урад, якога вялікія медыя падпіхваюць адказаць на гэтае «нешта новае», знішчае нешта вельмі старое. Замест таго каб зразумець змены, якія мог бы дазволіць інтэрнэт, і замест таго каб даць «здароваму сэнсу» час вырашыць, як найлепш на іх адказаць, мы дазваляем тым, каму гэтыя змены найбольш пагражаюць, выкарыстоўваць сваю сілу, каб змяніць права, — і, што важней, выкарыстоўваць сваю сілу, каб змяніць нешта фундаментальнае ў тым, кім мы заўсёды былі.

Мы дазваляем гэта, я думаю, не таму, што гэта правільна, і не таму, што большасць з нас і праўда верыць у гэтыя змены. Мы дазваляем гэта таму, што інтарэсы, якім найбольш пагражае, належаць да самых магутных гульцоў у нашым гнятліва скампраметаваным працэсе стварэння законаў. Гэтая кніга — гісторыя яшчэ аднаго наступства такой карупцыі — наступства, якога большасць з нас дагэтуль не заўважае.

Калаж: злева на фіялетавай паласе — чорна-белая старонка бостанскай газеты «Columbian Centinel» за 17 ліпеня 1790 года з тэкстам першага федэральнага закона ЗША пра капірайт пад рубрыкай «By Authority», за ёю чорны цень. Справа — вялікае слова «Дазвол», пад ім чорная паласа, надпіс «14 гадоў + 14 гадоў», чорны круг і подпіс «Закон аб капірайце ЗША, 1790».
Першы амерыканскі закон аб капірайце (1790) у газеце «Columbian Centinel», Бостан, 17 ліпеня 1790 года: ахова на 14 гадоў з магчымасцю аднойчы падоўжыць яшчэ на 14 · Калаж: Праксіс. Выява: «Columbian Centinel», 1790, грамадскі набытак (Wikimedia Commons)

Раздзел першы. Творцы

У 1928 годзе нарадзіўся мультыплікацыйны персанаж. Ранні Мікі Маўс дэбютаваў у траўні таго года ў нямым правальным фільме «Plane Crazy» («Звар’яцелы самалёт»). А ў лістападзе ў нью-ёркскім тэатры «Колані», у першым шырока пракатаным мультфільме з сінхронным гукам, «Steamboat Willie» («Параходзік Вілі») ажывіў персанажа, які стане Мікі Маўсам.

Сінхронны гук прыйшоў у кіно годам раней, у фільме «Спявак джаза». Гэты поспех падштурхнуў Уолта Дыснэя скапіраваць прыём і злучыць гук з мультфільмам. Ніхто не ведаў, ці гэта спрацуе, а калі спрацуе — ці знойдзе гледача. Але калі летам 1928 года Дыснэй правёў выпрабаванне, вынік быў адназначны. Вось як Дыснэй апісвае той першы эксперымент:

Двое маіх хлопцаў умелі чытаць ноты, а адзін з іх умеў іграць на губным гармоніку. Мы пасадзілі іх у пакой, адкуль яны не бачылі экрана, і правялі іхні гук у пакой, дзе нашы жонкі і сябры збіраліся глядзець карціну.
Хлопцы працавалі па партытуры музыкі і гукавых эфектаў. Пасля некалькіх фальстартаў гук і дзеянне рушылі разам, як па стрэле. Гарманіст іграў мелодыю, а астатнія з нас, гукавы аддзел, у такт грукалі ў бляшаныя рондалі і дзьмулі ў свісткі з поршанем. Сінхроннасць была даволі дакладная.
Эфект на нашу маленькую публіку быў проста электрычны. Яны амаль інстынктыўна адгукнуліся на гэты саюз гуку і руху. Я думаў, яны з мяне кпяць. Тады яны пасадзілі ў залу мяне і пусцілі дзеянне яшчэ раз. Гэта было жахліва, але гэта было цудоўна! І гэта было нешта новае!

Тагачасны партнёр Дыснэя і адзін з самых незвычайных талентаў анімацыі Аб Айверкс сказаў яшчэ мацней: «Ніколі ў жыцці я не быў так узрушаны. Нічога потым з гэтым не параўнялася».

Дыснэй стварыў нешта вельмі новае на аснове чагосьці адносна новага. Сінхронны гук удыхнуў жыццё ў форму творчасці, якая рэдка — хіба што ў руках Дыснэя — была чымсьці большым за запаўняльнік паміж іншымі фільмамі. Праз усю раннюю гісторыю анімацыі менавіта вынаходніцтва Дыснэя задавала планку, да якой цягнуліся астатнія. І даволі часта вялікі геній Дыснэя, яго творчая іскра, вырастаў з працы іншых.

Гэта ўсё даволі вядома. Але вы, магчыма, не ведаеце, што 1928 год адзначае і іншы важны пераход. У тым годзе адзін геній камедыі (у адрозненне ад мультыплікацыі) зняў свой апошні нямы фільм, зроблены незалежна. Тым геніем быў Бастэр Кітан. Фільм называўся «Steamboat Bill, Jr.» («Параходны Біл-малодшы»).

Кітан нарадзіўся ў 1895 годзе ў сям’і вадэвільных артыстаў. У эпоху нямога кіно ён дасканала авалодаў грубай фізічнай камедыяй як спосабам выклікаць у публікі нястрымны смех. «Параходны Біл-малодшы» быў класікай гэтага жанру, вядомай сярод кінаманаў неверагоднымі трукамі. Фільм быў класічным Кітанам — шалёна папулярным і адным з лепшых у сваім жанры.

«Параходны Біл-малодшы» выйшаў раней за Дыснэеў мультфільм «Параходзік Вілі». Супадзенне назваў — не выпадковасць. «Параходзік Вілі» — прамая мультыплікацыйная пародыя на «Параходнага Біла», і абодва вырастаюць з адной агульнай крыніцы — песні. «Параходзік Вілі» паўстаў не толькі з вынаходніцтва сінхроннага гуку ў «Спеваку джаза». Ён паўстаў і з Кітанавага «Параходнага Біла-малодшага», які, у сваю чаргу, натхніла песня «Steamboat Bill», — а ўжо з «Параходзіка Вілі» паўстаў Мікі Маўс.

Такое «запазычанне» не было чымсьці асаблівым ні для Дыснэя, ні для ўсёй галіны. Дыснэй увесь час перайначваў поўнаметражныя фільмы мэйнстрыму свайго часу. Гэтак рабілі і многія іншыя. Раннія мультфільмы поўныя падробак — невялікіх варыяцый на выйгрышныя тэмы, пераказаў старадаўніх гісторый. Ключом да поспеху была бліскучасць адрозненняў. У Дыснэя іскру яго анімацыі дадаў гук. Пазней — якасць яго працы ў параўнанні з канвеернымі мультфільмамі, з якімі ён канкураваў. Але ўсе гэтыя дадаткі ляжалі на пазычаным падмурку. Дыснэй дадаваў нешта да працы сваіх папярэднікаў, ствараючы новае з таго, што ледзь паспела састарэць.

Часам гэтае запазычанне было нязначным. Часам — істотным. Згадайце казкі братоў Грым. Калі вы такія ж недасведчаныя, якім быў я, вы, хутчэй за ўсё, лічыце, што гэта шчаслівыя і мілыя гісторыі, якія пасуюць любому дзіцяці перад сном. Насамрэч казкі Грымаў — для нас — змрочныя. Рэдкі і, мабыць, занадта амбітны бацька ці маці адважыцца прачытаць свайму дзіцяці гэтыя крывавыя, павучальныя гісторыі — хоць перад сном, хоць калі.

Дыснэй узяў гэтыя гісторыі і пераказаў іх так, што перанёс у новую эпоху. Ён ажывіў гісторыі — і персанажамі, і святлом. Не прыбраўшы зусім элементаў страху і небяспекі, ён зрабіў смешным тое, што было змрочным, і ўліў сапраўднае пачуццё спачування туды, дзе раней быў страх. І не толькі з творамі братоў Грым. Увогуле, пералік прац Дыснэя, якія абапіраюцца на творы іншых, уражвае, калі сабраць іх разам: «Беласнежка» (1937), «Фантазія» (1940), «Пінокіо» (1940), «Дамбо» (1941), «Бэмбі» (1942), «Песня Поўдня» (1946), «Папялушка» (1950), «Аліса ў Краіне цудаў» (1951), «Робін Гуд» (1952), «Пітэр Пэн» (1953), «Лэдзі і Брадзяга» (1955), «Мулан» (1998), «Спячая прыгажуня» (1959), «101 далмацінец» (1961), «Меч у камені» (1963) і «Кніга джунгляў» (1967) — ужо не кажучы пра нядаўні прыклад, які нам, мабыць, лепей хутчэй забыць, «Планету скарбаў» (2003). Ва ўсіх гэтых выпадках Дыснэй (ці Disney, Inc.) выдзіраў творчасць з культуры вакол сябе, змешваў яе са сваім незвычайным талентам, а потым выпальваў гэтую сумесь у душу сваёй культуры. Выдзеры, змяшай і запішы. [«Rip, mix, burn» — рэкламны слоган Apple 2001 года пра запіс музыкі на кампакт-дыскі — заўв. рэд.]

Гэта пэўны від творчасці. Творчасці, якую варта памятаць і ўшаноўваць. Ёсць тыя, хто скажа, што іншай творчасці, апроч гэтай, і не бывае. Нам не трэба заходзіць так далёка, каб прызнаць яе важнасць. Мы маглі б назваць яе «дыснэеўскай творчасцю», але гэта было б крыху зманліва. Дакладней — гэта «творчасць Уолта Дыснэя»: форма выказвання і геніяльнасці, якая будуе на культуры вакол нас і робіць з яе нешта іншае.

У 1928 годзе культура, з якой Дыснэй мог свабодна чэрпаць, была адносна свежая. Грамадскі набытак у 1928 годзе быў не вельмі стары і таму вельмі жывы. Сярэдні тэрмін капірайту складаў каля трыццаці гадоў — для той меншасці творчых прац, якія наогул былі пад капірайтам. Гэта значыць, што на працягу трыццаці гадоў, у сярэднім, аўтары ці ўладальнікі капірайту на творчую працу мелі «выключнае права» кантраляваць пэўныя спосабы яе выкарыстання. Каб выкарыстаць такую працу пэўнымі абмежаванымі спосабамі, патрабаваўся дазвол уладальніка капірайту.

Калі тэрмін капірайту сканчаецца, твор пераходзіць у грамадскі набытак. Тады, каб чэрпаць з гэтага твора ці выкарыстоўваць яго, ніякі дазвол не патрэбны. Ніякага дазволу — а значыць, ніякіх юрыстаў. Грамадскі набытак — гэта «зона, вольная ад юрыстаў». Таму ў 1928 годзе большасць таго, што было створана ў XIX стагоддзі, Дыснэй мог свабодна выкарыстоўваць і развіваць. Гэта мог свабодна выкарыстоўваць і развіваць любы — з сувязямі ці без, багаты ці не, ухвалены ці не.

Так было заўсёды — да зусім нядаўняга часу. Большую частку нашай гісторыі грамадскі набытак быў проста за далягладам. З 1790 да 1978 года сярэдні тэрмін капірайту ніколі не перавышаў трыццаці двух гадоў, а значыць, большасць культуры, якой было ўсяго паўтара пакалення, мог свабодна развіваць любы, не просячы нікога дазволу. Сённяшнім адпаведнікам было б тое, каб творчыя працы 1960-х і 1970-х цяпер былі вольныя для наступнага Уолта Дыснэя — будуй без дазволу. Аднак сёння грамадскім набыткам па змаўчанні можна лічыць толькі тое, што створана да Вялікай дэпрэсіі.

Вядома, Уолт Дыснэй не меў манаполіі на «творчасць Уолта Дыснэя». Як і Амерыка. Норма вольнай культуры — да нядаўняга часу і за выключэннем таталітарных дзяржаў — шырока выкарыстоўвалася і была даволі ўніверсальнай.

Узяць, напрыклад, форму творчасці, якая многім амерыканцам падаецца дзіўнай, але без якой не ўявіць японскай культуры, — мангу, ці коміксы. Японцы фанатычна любяць коміксы. Каля 40 працэнтаў выданняў — коміксы, і 30 працэнтаў выдавецкіх даходаў прыносяць коміксы. Яны ўсюды ў японскім грамадстве — у кожным газетным кіёску, у руках значнай часткі пасажыраў незвычайнай японскай сістэмы грамадскага транспарту.

Амерыканцы схільныя глядзець на гэтую форму культуры звысоку. Гэта непрывабная наша рыса. Мы, хутчэй за ўсё, шмат чаго ў манзе не разумеем, бо мала хто з нас чытаў хоць нешта падобнае на гісторыі, якія расказваюць гэтыя «графічныя раманы». Для японцаў манга ахоплівае кожны аспект грамадскага жыцця. Для нас коміксы — гэта «мужыкі ў трыко». Ды і, зрэшты, нью-ёркскае метро не напоўненае чытачамі Джойса ці хоць бы Хэмінгуэя. Людзі розных культур адцягваюцца па-рознаму, японцы — вось такім цікава іншым спосабам.

Але мая мэта тут — не зразумець мангу. Мая мэта — апісаць адзін варыянт мангі, які з пункту гледжання юрыста даволі дзіўны, а з пункту гледжання Дыснэя — цалкам знаёмы.

Гэта з’ява дадзінсі (doujinshi). Дадзінсі — таксама коміксы, але гэта своеасаблівыя коміксы-перайманні. Іх стварэнне рэгулюе багатая этыка. Калі гэта проста копія — гэта не дадзінсі; мастак мусіць унесці свой уклад у мастацтва, якое пераймае, — пераўтварыць яго, тонка ці істотна. Таму комікс-дадзінсі можа ўзяць папулярны комікс і развіць яго па-іншаму — з іншым сюжэтам. Альбо можа пакінуць персанажа ў яго характары, але крыху змяніць яго выгляд. Няма формулы, што робіць дадзінсі дастаткова «іншым». Але яны мусяць быць іншымі, каб лічыцца сапраўднымі дадзінсі. Больш за тое, існуюць камісіі, якія адбіраюць дадзінсі для выстаў і адхіляюць любы комікс-перайманне, калі ён — проста копія.

Гэтыя коміксы-перайманні — зусім не дробная частка рынку мангі. Яны велізарныя. Больш за 33 000 «гурткоў» творцаў з усёй Японіі вырабляюць гэтыя ўзоры творчасці Уолта Дыснэя. Больш за 450 000 японцаў двойчы на год збіраюцца — на найбуйнейшы публічны сход у краіне, — каб абменьвацца імі і прадаваць іх. Гэты рынак існуе паралельна з асноўным камерцыйным рынкам мангі. У нечым ён, відавочна, з тым рынкам канкуруе, але ніякіх настойлівых спроб з боку тых, хто кантралюе камерцыйны рынак мангі, закрыць рынак дадзінсі няма. Ён квітнее — нягледзячы на канкурэнцыю і нягледзячы на закон.

Самае загадкавае ў рынку дадзінсі — прынамсі для тых, хто вучыўся праву, — тое, што яму наогул дазваляюць існаваць. Паводле японскага аўтарскага права, якое ў гэтым (на паперы) паўтарае амерыканскае, рынак дадзінсі — незаконны. Дадзінсі — гэта выразна «вытворныя творы». Агульнай практыкі, каб мастакі дадзінсі атрымлівалі дазвол аўтараў мангі, няма. Практыка, наадварот, простая — браць і перайначваць творы іншых, як Уолт Дыснэй зрабіў з «Параходным Білам-малодшым». І паводле японскага, і паводле амерыканскага права такое «бранне» без дазволу ўладальніка капірайту незаконнае. Зрабіць копію ці вытворны твор без дазволу ўладальніка капірайту — значыць парушыць капірайт.

І ўсё ж гэты незаконны рынак існуе і нават квітнее ў Японіі, і, на думку многіх, японская манга квітнее менавіта таму, што ён існуе. Як сказаў мне амерыканскі аўтар графічных раманаў Джад Віннік: «Ранні час коміксаў у Амерыцы вельмі падобны да таго, што цяпер адбываецца ў Японіі. <…> Амерыканскія коміксы нарадзіліся з таго, што ўсе адзін аднаго капіравалі. <…> Так [мастакі] і вучацца маляваць — бяруць коміксы і не абводзяць іх, а глядзяць на іх і капіруюць» — і будуюць на іх.

Цяперашнія амерыканскія коміксы зусім іншыя, тлумачыць Віннік, — часткова праз юрыдычныя цяжкасці, з якімі сутыкаецца перапрацоўка коміксаў так, як гэта дазволена дадзінсі. Пра Супермэна Віннік сказаў мне: «Ёсць правілы, і ты мусіш іх трымацца». Ёсць рэчы, якія Супермэн «не можа» рабіць. «Як аўтару, мне прыкра трымацца нейкіх рамак, якім па пяцьдзясят гадоў».

Норма ў Японіі змякчае гэтую юрыдычную цяжкасць. Некаторыя кажуць, што змякчэнне тлумачыцца якраз карысцю, якую атрымлівае японскі рынак мангі. Напрыклад, прафесар права Універсітэта Тэмпл Саліл Мехра мяркуе, што рынак мангі мірыцца з гэтымі фармальнымі парушэннямі, бо яны робяць яго багацейшым і больш прадукцыйным. Калі б дадзінсі забаранілі, усім было б горш, таму права дадзінсі і не забараняе.

Праблема з гэтым тлумачэннем, аднак, — і Мехра шчыра гэта прызнае, — у тым, што незразумелы механізм, які нараджае такую рэакцыю ў духу «laissez faire». Можа, рынак у цэлым і выйграе, калі дадзінсі дазволеныя, а не забароненыя, але гэта не тлумачыць, чаму асобныя ўладальнікі капірайту ўсё ж не судзяцца. Калі ў законе няма агульнага выключэння для дадзінсі, і ў некаторых выпадках асобныя аўтары мангі сапраўды судзіліся з мастакамі дадзінсі, чаму няма больш агульнай практыкі блакаваць гэтае «вольнае бранне» з боку культуры дадзінсі?

Я правёў у Японіі чатыры выдатныя месяцы і задаваў гэтае пытанне так часта, як толькі мог. Мабыць, найлепшае тлумачэнне ўрэшце даў мне сябар з буйной японскай юрыдычнай фірмы. «У нас мала юрыстаў», — сказаў ён мне аднойчы па абедзе. Каб пераследаваць такія справы, «проста не хапае рэсурсаў».

Да гэтай тэмы мы яшчэ вернемся: рэгуляванне праз права — гэта функцыя і слоў, запісаных у законах, і кошту таго, каб гэтыя словы дзейнічалі. А пакуль засяродзімся на відавочным пытанні, якое тут напрошваецца: ці было б Японіі лепей з большай колькасцю юрыстаў? Ці стала б манга багацейшай, калі б мастакоў дадзінсі рэгулярна цягалі па судах? Ці выйгралі б японцы нешта важнае, калі б спынілі гэтую практыку некампенсаванага абмену? Ці шкодзіць тут пірацтва ахвярам пірацтва — ці дапамагае ім? Ці дапамаглі б юрысты, змагаючыся з гэтым пірацтвам, сваім кліентам — ці нашкодзілі б?

Спынімся на хвілінку.

Калі вы такія, якім быў я дзесяць гадоў таму, ці такія, як большасць людзей, калі яны ўпершыню пачынаюць думаць пра гэтыя рэчы, то якраз цяпер вас павінна збіць з панталыку нешта, пра што вы раней не задумваліся.

Мы жывём у свеце, які ўслаўляе «ўласнасць». Я адзін з тых, хто ўслаўляе. Я веру ў каштоўнасць уласнасці наогул, і я таксама веру ў каштоўнасць той дзіўнай формы ўласнасці, якую юрысты называюць «інтэлектуальнай уласнасцю». Вялікае, разнастайнае грамадства не можа выжыць без уласнасці; вялікае, разнастайнае і сучаснае грамадства не можа квітнець без інтэлектуальнай уласнасці.

Але дастаткова секунды роздуму, каб зразумець, што на свеце процьма каштоўнага, чаго «ўласнасць» не ахоплівае. Я не пра тое, што «каханне за грошы не купіш», а пра каштоўнасць, якая відавочна ўваходзіць у працэс вытворчасці — камерцыйнай і некамерцыйнай. Калі б аніматары Дыснэя ўкралі набор алоўкаў, каб маляваць «Параходзіка Вілі», мы без ваганняў асудзілі б гэта як крадзеж — хай дробны, хай непрыкметны. Аднак у тым, што Дыснэй узяў ад Бастэра Кітана ці ад братоў Грым, не было нічога дрэннага — прынамсі паводле тагачаснага права. Нічога дрэннага не было ў запазычанні ў Кітана, бо Дыснэева выкарыстанне палічылі б «добрасумленным» (fair). Нічога дрэннага не было ў запазычанні ў Грымаў, бо творы Грымаў былі ў грамадскім набытку.

Такім чынам, хоць тое, што ўзяў Дыснэй, — ці, шырэй, тое, што бярэ кожны, хто практыкуе творчасць Уолта Дыснэя, — мае каштоўнасць, наша традыцыя не лічыць такое бранне злом. Нешта ў вольнай культуры застаецца вольным, каб яго браць, і гэтая свабода — добрая.

Тое самае з культурай дадзінсі. Калі б мастак дадзінсі ўламаўся ў офіс выдаўца і ўцёк з тысячай экзэмпляраў яго апошняга выдання — ці нават з адным — не заплаціўшы, мы без ваганняў сказалі б, што мастак учыніў кепска. Апроч незаконнага пранікнення, ён скраў бы нешта каштоўнае. Закон забараняе такі крадзеж у любой форме, вялікі ці малы.

Аднак нават японскія юрысты відавочна не надта хочуць казаць, што мастакі коміксаў-перайманняў «крадуць». Гэтая форма творчасці Уолта Дыснэя ўспрымаецца як справядлівая і правільная, нават калі юрыстам асабліва цяжка растлумачыць чаму.

Тое самае з тысячай прыкладаў, якія бачыш паўсюль, як толькі пачнеш углядацца. Навукоўцы будуюць на працы іншых навукоўцаў, не просячы і не плацячы за гэтую прывілею. («Прабачце, прафесар Эйнштэйн, ці можна мне з вашага дазволу скарыстаць вашу тэорыю адноснасці, каб паказаць, што вы памыляліся наконт квантавай фізікі?») Тэатральныя трупы ставяць адаптацыі Шэкспіра, ні ў кога не пытаючы дазволу. (Ці верыць хто-небудзь, што Шэкспір лепей бы пашыраўся ў нашай культуры, калі б існавала цэнтральная служба ўзгаднення правоў на Шэкспіра, куды мусіла б спачатку звяртацца кожная пастаноўка?) А Галівуд праходзіць цыклы пэўнага кшталту фільмаў: пяць фільмаў пра астэроіды ў канцы 1990-х; два фільмы-катастрофы пра вулканы ў 1997 годзе.

Творцы тут і ўсюды заўсёды і ва ўсе часы будуюць на творчасці, якая была да іх і якая іх акружае цяпер. Гэтае будаўніцтва заўсёды і ўсюды хаця б часткова ідзе без дазволу і без кампенсацыі першаму творцу. Ніводнае грамадства, вольнае ці кантраляванае, ніколі не патрабавала, каб за кожнае выкарыстанне плацілі ці каб на творчасць Уолта Дыснэя заўсёды прасілі дазволу. Наадварот, кожнае грамадства пакідала пэўную частку сваёй культуры вольнай для брання — вольныя грамадствы, мабыць, большую, чым нявольныя, але ўсе грамадствы ў нейкай меры.

Таму складанае пытанне не ў тым, ці вольная культура. Усе культуры ў нейкай меры вольныя. Складанае пытанне ў іншым: «Наколькі вольная гэтая культура?» Наколькі шмат і наколькі шырока гэтую культуру могуць браць іншыя і будаваць на ёй? Ці гэтая свабода абмежаваная членамі партыі? Членамі каралеўскай сям’і? Дзесяццю найбуйнейшымі карпарацыямі Нью-Ёркскай фондавай біржы? Ці гэтая свабода раскладзеная шырока? На мастакоў наогул — звязаныя яны з Метраполітэн-музеем ці не? На музыкаў наогул — белыя яны ці не? На кінематаграфістаў наогул — звязаныя яны са студыяй ці не?

Вольныя культуры — гэта культуры, якія пакідаюць іншым шмат чаго, каб на ім будаваць; нявольныя культуры, культуры дазволаў, пакідаюць значна менш. Наша была вольнай культурай. Яна становіцца ўсё менш такой.

Калаж: злева — фіялетавы дуатон старонкі нямецкай кнігі, надрукаванай гатычным шрыфтам: казка пра каралеўну і жабу («Königstochter, jüngste, mach mir auf!»), у тэксце асобныя словы закрэсленыя чарнілам і над імі ўпісаныя ад рукі новыя. Справа на чорным прамавугольніку — разварот японскай кнігі з дробнымі тушавымі малюнкамі людзей, багоў і жывёл, сярод іх мастак з пэндзлем. Угары — фіялетавы круг, унізе вялікае слова «Рэмікс» і подпіс «Браты Грым, 1812 / «Хокусай манга», з 1814».
Казка «Кароль-жаба» ў першым выданні «Дзіцячых і хатніх казак» братоў Грым (Берлін, 1812) — у іх уласным экзэмпляры з праўкамі ад рукі (Музей братоў Грым, Касель; спадчына ЮНЕСКА «Памяць свету»); разварот «Хокусай манга» — зборніка эскізаў Кацусікі Хокусая, які выходзіў з 1814 года · Калаж: Праксіс. Выявы: браты Грым, 1812, грамадскі набытак (Wikimedia Commons); Хокусай: Метраполітэн-музей, CC0

Заключэнне

Ва ўсім свеце вірусам СНІДу заражаныя больш за 35 мільёнаў чалавек. Дваццаць пяць мільёнаў з іх жывуць у Афрыцы на поўдзень ад Сахары. Семнаццаць мільёнаў ужо памерлі. Семнаццаць мільёнаў афрыканцаў — гэта, у працэнтах, тое самае, што сем мільёнаў амерыканцаў. А што важней — гэта семнаццаць мільёнаў афрыканцаў.

Лекаў ад СНІДу няма, але ёсць прэпараты, якія запавольваюць хваробу. Гэтая антырэтравірусная тэрапія ўсё яшчэ эксперыментальная, але яна ўжо дала ўражлівы эфект. У Злучаных Штатах пацыенты са СНІДам, якія рэгулярна прымаюць «кактэйль» з гэтых прэпаратаў, падаўжаюць сваё жыццё на дзесяць–дваццаць гадоў. Для некаторых прэпараты робяць хваробу амаль непрыкметнай.

Гэтыя прэпараты дарагія. Калі іх толькі ўвялі ў Злучаных Штатах, яны каштавалі ад 10 000 да 15 000 долараў на чалавека ў год. Сёння некаторыя каштуюць 25 000 долараў у год. Пры такіх цэнах, вядома, ніводная афрыканская краіна не можа дазволіць сабе гэтыя прэпараты для пераважнай большасці свайго насельніцтва: 15 000 долараў — гэта ў трыццаць разоў больш за валавы нацыянальны прадукт Зімбабвэ на душу насельніцтва. Пры такіх цэнах прэпараты цалкам недаступныя.

Гэтыя цэны высокія не таму, што інгрэдыенты прэпаратаў дарагія. Гэтыя цэны высокія таму, што прэпараты абароненыя патэнтамі. Фармацэўтычныя кампаніі, якія стварылі гэтыя выратавальныя сумесі, карыстаюцца як мінімум дваццацігадовай манаполіяй на свае вынаходніцтвы. Яны выкарыстоўваюць гэтую манапольную ўладу, каб выціснуць з рынку як мага больш. А гэтая ўлада, у сваю чаргу, служыць таму, каб трымаць цэны высокімі.

Многія скептычна ставяцца да патэнтаў, асабліва да патэнтаў на лекі. Я — не. Больш за тое, з усіх галін даследаванняў, якія маглі б падтрымліваць патэнты, фармацэўтычныя даследаванні, на маю думку, — найбольш ясны выпадак, калі патэнты патрэбныя. Патэнт дае фармацэўтычнай кампаніі пэўную ўпэўненасць, што, калі ёй удасца вынайсці новы прэпарат ад хваробы, яна зможа вярнуць свае ўкладанні і зарабіць больш. Для грамадства гэта надзвычай каштоўны стымул. Я апошні, хто стаў бы даводзіць, што права павінна яго адмяніць, — прынамсі без іншых змен.

Але адна справа — падтрымліваць патэнты, нават на лекі. І зусім іншая — вызначыць, як найлепш змагацца з крызісам. І калі афрыканскія лідары пачалі ўсведамляць, якое спусташэнне нясе СНІД, яны сталі шукаць спосабы ўвозіць лячэнне ад ВІЧ значна танней за рынкавую цану.

У 1997 годзе Паўднёвая Афрыка паспрабавала адзін шлях. Яна прыняла закон, які дазваляў увозіць запатэнтаваныя лекі, што былі вырабленыя або прададзеныя на рынку іншай краіны са згоды ўладальніка патэнта. Напрыклад, калі прэпарат прадаваўся ў Індыі, яго можна было ўвезці ў Афрыку з Індыі. Гэта называецца «паралельным імпартам», і ён у цэлым дазволены міжнародным гандлёвым правам, а ў Еўрапейскім саюзе дазволены адмыслова.

Аднак урад Злучаных Штатаў выступіў супраць гэтага закона. Больш чым выступіў. Як апісала гэта Міжнародная асацыяцыя інтэлектуальнай уласнасці, «урад ЗША ціснуў на Паўднёвую Афрыку <…>, каб тая не дазваляла прымусовага ліцэнзавання ці паралельнага імпарту». Праз Офіс гандлёвага прадстаўніка ЗША ўрад папрасіў Паўднёвую Афрыку змяніць закон — а каб узмацніць ціск, у 1998 годзе гандлёвы прадстаўнік унёс Паўднёвую Афрыку ў спіс краін, супраць якіх могуць увесці гандлёвыя санкцыі. У тым самым годзе больш за сорак фармацэўтычных кампаній пачалі ў судах Паўднёвай Афрыкі справы супраць дзеянняў яе ўрада. Да Злучаных Штатаў далучыліся ўрады іншых краін ЕС. Іх прэтэнзія — і прэтэнзія фармацэўтычных кампаній — палягала ў тым, што Паўднёвая Афрыка парушае свае абавязацельствы паводле міжнароднага права, дыскрымінуючы пэўны від патэнтаў — фармацэўтычныя патэнты. Гэтыя ўрады на чале са Злучанымі Штатамі патрабавалі, каб Паўднёвая Афрыка шанавала гэтыя патэнты гэтак жа, як любыя іншыя, — незалежна ад таго, як гэта адаб’ецца на лячэнні СНІДу ў Паўднёвай Афрыцы.

Умяшанне Злучаных Штатаў варта паставіць у кантэкст. Бясспрэчна, патэнты — не галоўная прычына, чаму ў афрыканцаў няма доступу да лекаў. Беднасць і поўная адсутнасць дзейснай сістэмы аховы здароўя важаць больш. Але галоўная гэта прычына ці не, цана лекаў уплывае на попыт на іх, а патэнты ўплываюць на цану. І таму, вялікі ці дробны, вынік ад умяшання нашага ўрада, каб спыніць паток лекаў у Афрыку, быў.

Спыняючы паток лячэння ад ВІЧ у Афрыку, урад Злучаных Штатаў не зберагаў лекі для грамадзян Злучаных Штатаў. Гэта не тое, што пшаніца (калі яе з’ядуць яны, не з’ямо мы); паток, які спыніў урад ЗША, быў, па сутнасці, патокам ведаў: інфармацыі пра тое, як узяць хімічныя рэчывы, што ёсць у Афрыцы, і ператварыць іх у лекі, якія выратавалі б ад 15 да 30 мільёнаў жыццяў.

І ўмяшанне ЗША не збіралася абараніць прыбыткі амерыканскіх фармацэўтычных кампаній — прынамсі не істотна. Не тое каб гэтыя краіны маглі купіць прэпараты па цэнах, якія прасілі кампаніі. Яшчэ раз: афрыканцы надта бедныя, каб дазволіць сабе гэтыя лекі па прапанаваных цэнах. Забарона паралельнага імпарту гэтых прэпаратаў істотна не павялічыла б продажаў амерыканскіх кампаній.

Наадварот, аргумент на карысць таго, каб абмежаваць гэты паток інфармацыі, патрэбнай, каб выратаваць мільёны жыццяў, быў аргументам пра святасць уласнасці. Гэтыя лекі не павінны былі трапіць у Афрыку таму, што гэтым была б парушаная «інтэлектуальная ўласнасць». Менавіта прынцып важнасці «інтэлектуальнай уласнасці» прымусіў гэтых дзяржаўных дзеячаў умяшацца супраць таго, як Паўднёвая Афрыка змагалася са СНІДам.

А цяпер адступіце на крок. Праз трыццаць гадоў настане час, калі нашы дзеці азірнуцца на нас і спытаюць: як мы маглі такое дапусціць? Як мы маглі дазволіць праводзіць палітыку, непасрэдным коштам якой было б паскорыць смерць ад 15 да 30 мільёнаў афрыканцаў, а адзінай рэальнай карысцю — абараніць «святасць» ідэі? Што наогул можа апраўдаць палітыку, вынікам якой становіцца столькі смерцяў? Што гэта за вар’яцтва, якое дазваляе стольком памерці дзеля такой абстракцыі?

Некаторыя вінавацяць фармацэўтычныя кампаніі. Я — не. Яны — карпарацыі. Закон абавязвае іх менеджараў зарабляць грошы для карпарацыі. Яны прасоўваюць пэўную патэнтную палітыку не з-за ідэалаў, а таму, што менавіта яна прыносіць ім найбольш грошай. А найбольш грошай яна прыносіць ім толькі праз пэўную карупцыю ў нашай палітычнай сістэме — карупцыю, за якую фармацэўтычныя кампаніі, безумоўна, не адказваюць.

Карупцыя — у тым, што нашым уласным палітыкам не стае сумленнасці. Бо фармацэўтычныя кампаніі вельмі хацелі б — так яны кажуць, і я ім веру — прадаваць свае прэпараты як мага танней краінам Афрыкі і іншым. Ім давялося б вырашыць некаторыя праблемы, каб лекі не вярталіся ў Злучаныя Штаты, але гэта ўсяго толькі тэхнічныя праблемы. Іх можна было б пераадолець.

Але іншую праблему пераадолець было немагчыма. Гэта страх перад палітыкам, які любіць пакрасавацца: ён выкліча прэзідэнтаў фармацэўтычных кампаній на слуханні ў Сенат ці Палату прадстаўнікоў і спытае: «Як так, што гэты прэпарат ад ВІЧ вы можаце прадаваць у Афрыцы па 1 долары за таблетку, а амерыканцу той самы прэпарат абышоўся б у 1500 долараў?» Паколькі на гэтае пытанне няма адказу, які ўлез бы ў кароткую цытату для навін, вынікам стала б рэгуляванне цэн у Амерыцы. Таму фармацэўтычныя кампаніі пазбягаюць гэтай спіралі, не робячы першага кроку. Яны ўмацоўваюць ідэю, што ўласнасць павінна быць святой. Яны прытрымліваюцца рацыянальнай стратэгіі ў ірацыянальным кантэксце, і ненаўмысны вынік таго — што, магчыма, паміраюць мільёны. І гэтую рацыянальную стратэгію ў выніку апранаюць у шаты ідэалу — святасці ідэі пад назвай «інтэлектуальная ўласнасць».

Дык што вы скажаце, калі здаровы сэнс вашага дзіцяці паўстане перад вамі? Калі здаровы сэнс пакалення ўрэшце паўстане супраць таго, што мы нарабілі, як мы апраўдаем тое, што нарабілі? Які будзе наш аргумент?

Разумная патэнтная палітыка магла б ухваляць і моцна падтрымліваць патэнтную сістэму, не дасягаючы ўсіх і ўсюды аднолькава. Гэтак жа як разумная палітыка ў галіне капірайту магла б ухваляць і моцна падтрымліваць сістэму капірайту, не рэгулюючы пашырэнне культуры дасканала і назаўсёды, разумная патэнтная палітыка магла б ухваляць і моцна падтрымліваць патэнтную сістэму, не перашкаджаючы пашырэнню лекаў у краіну, якая ўсё роўна не можа дазволіць сабе рынкавыя цэны. Іншымі словамі, разумная палітыка магла б быць ураўнаважанай. Большую частку нашай гісторыі і палітыка ў галіне капірайту, і патэнтная палітыка былі ўраўнаважаныя якраз у гэтым сэнсе.

Але мы як культура страцілі гэтае пачуццё раўнавагі. Мы страцілі крытычны позірк, які дапамагае ўбачыць розніцу паміж ісцінай і экстрэмізмам. У гэтай культуры цяпер пануе нейкі ўласніцкі фундаменталізм, які не мае нічога агульнага з нашай традыцыяй, — дзіўна, і з наступствамі для пашырэння ідэй і культуры больш цяжкімі, чым амаль у любога іншага палітычнага рашэння, якое мы як дэмакратыя прымем.

Простая ідэя асляпляе нас, і пад покрывам цемры адбываецца шмат такога, што большасць з нас адкінула б, калі б хто-небудзь з нас паглядзеў. Мы так некрытычна прымаем ідэю ўласнасці на ідэі, што нават не заўважаем, як жахліва адмаўляць у ідэях народу, які без іх памірае. Мы так некрытычна прымаем ідэю ўласнасці на культуру, што нават не задаём пытанняў, калі кантроль над гэтай уласнасцю адбірае ў нас, як у народа, здольнасць развіваць нашу культуру дэмакратычна. Слепата становіцца нашым здаровым сэнсам. І выклік для кожнага, хто хоча вярнуць сабе права развіваць нашу культуру, — знайсці спосаб, каб гэты здаровы сэнс расплюшчыў вочы.

Пакуль што здаровы сэнс спіць. Паўстання няма. Здаровы сэнс яшчэ не бачыць, супраць чаго тут можна паўставаць. Экстрэмізм, які цяпер пануе ў гэтай дыскусіі, пасуе да ідэй, што здаюцца натуральнымі, і гэтую адпаведнасць умацоўваюць RCA нашага часу. Яны вядуць шалёную вайну з «пірацтвам» — і спусташаюць культуру творчасці. Яны бароняць ідэю «творчай уласнасці» — і ператвараюць сапраўдных творцаў у сучасных арандатараў-здольнікаў. Іх абражае сама думка, што правы павінны быць ураўнаважаныя, хоць кожны з галоўных гульцоў гэтай кантэнт-вайны сам калісьці выйграў ад больш ураўнаважанага ідэалу. Ад гэтага крывадушша смярдзіць. Аднак у горадзе накшталт Вашынгтона крывадушша нават не заўважаюць. Магутныя лобі, складаныя пытанні і ўвага, як у гледача MTV, ствараюць «ідэальны шторм» для вольнай культуры.

Калаж: фіялетавы дуатон сярэднявечнай мініяцюры — на ўзгорку высокі замак з вежамі і зубчастымі сценамі, ніжэй агароджаныя вінаграднікі, сяляне абразаюць лазу, пастух з сабакам пасвіць авечак. Справа — вялікі чорны прамавугольнік з фіялетавым кругам, унізе вялікае слова «Феадалізм» і подпіс «Браты Лімбург / «Вельмі багаты часослоў», каля 1412–1416».
Сакавік: замак Лузіньян і сялянскія палеткі. Мініяцюра з «Вельмі багатага часаслова герцага Берыйскага» братоў Лімбург, каля 1412–1416 (Музей Кондэ, Шанцільі) · Калаж: Праксіс. Выява: браты Лімбург, грамадскі набытак (Wikimedia Commons)

У жніўні 2003 года ў Злучаных Штатах успыхнула сварка з-за рашэння Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці (WIPO) адмяніць адну сустрэчу. На просьбу вельмі шырокага кола зацікаўленых бакоў WIPO вырашыла правесці сустрэчу, каб абмеркаваць «адкрытыя і сумесныя праекты стварэння грамадскіх даброт». Гэта праекты, якія паспяхова ствараюць грамадскія даброты, не абапіраючыся выключна на прыватніцкае выкарыстанне інтэлектуальнай уласнасці. Сярод прыкладаў — інтэрнэт і Сусветнае павуцінне, абодва распрацаваныя на аснове пратаколаў, што знаходзяцца ў грамадскім набытку. Сюды ўваходзіў і новы рух падтрымкі адкрытых навуковых часопісаў, у тым ліку праект Public Library of Science, пра які я пішу ў пасляслоўі. Сюды ўваходзіў праект па вывучэнні аднануклеатыдных палімарфізмаў (SNP), якія, як мяркуюць, маюць вялікае значэнне для біямедыцынскіх даследаванняў. (Гэты некамерцыйны праект быў кансорцыумам фонду Wellcome Trust і фармацэўтычных і тэхналагічных кампаній, сярод якіх Amersham Biosciences, AstraZeneca, Aventis, Bayer, Bristol-Myers Squibb, Hoffmann-La Roche, Glaxo-SmithKline, IBM, Motorola, Novartis, Pfizer і Searle.) Сюды ўваходзіла Глабальная сістэма пазіцыянавання (GPS), якую Рональд Рэйган вызваліў на пачатку 1980-х. І сюды ўваходзіла «адкрытае і свабоднае праграмнае забеспячэнне».

Мэтай сустрэчы было разгледзець увесь гэты шырокі шэраг праектаў з адной агульнай пазіцыі: ніводзін з іх не абапіраўся на экстрэмізм інтэлектуальнай уласнасці. Наадварот, ва ўсіх іх інтэлектуальную ўласнасць ураўнаважвалі пагадненні, якія трымалі доступ адкрытым або абмяжоўвалі тое, як можна выкарыстоўваць прыватніцкія прэтэнзіі.

Дык вось, з пункту гледжання гэтай кнігі канферэнцыя была ідэальнай. Праекты, якія яна ахоплівала, уключалі і камерцыйную, і некамерцыйную працу. Пераважна гэта была навука, але з многіх пунктаў гледжання. І WIPO была ідэальным месцам для такой дыскусіі, бо WIPO — галоўны міжнародны орган, які займаецца пытаннямі інтэлектуальнай уласнасці.

Больш за тое, мяне аднойчы публічна адчыталі за тое, што я гэтага факта пра WIPO не прызнаю. У лютым 2003 года я выступаў з галоўным дакладам на падрыхтоўчай канферэнцыі да Сусветнага саміту па інфармацыйным грамадстве (WSIS). На прэс-канферэнцыі перад выступам мяне спыталі, пра што я буду гаварыць. Я адказаў, што крыху раскажу пра важнасць раўнавагі ў інтэлектуальнай уласнасці для развіцця інфармацыйнага грамадства. Мадэратарка тут жа перапыніла мяне і паведаміла мне і сабраным журналістам, што ніякія пытанні інтэлектуальнай уласнасці на WSIS абмяркоўвацца не будуць, бо гэтыя пытанні — выключная сфера WIPO. У дакладзе, які я падрыхтаваў, тэма інтэлектуальнай уласнасці была адносна другараднай. Але пасля гэтай дзіўнай заявы я зрабіў інтэлектуальную ўласнасць адзінай тэмай свайго выступу. Нельга было гаварыць пра «інфармацыйнае грамадства», не гаворачы пра тое, які абсяг інфармацыі і культуры будзе вольным. Мой выступ не надта ўзрадаваў маю нястрыманую мадэратарку. І яна, бясспрэчна, мела рацыю, што межы аховы інтэлектуальнай уласнасці звычайна — справа WIPO. Але, на мой погляд, размова пра тое, колькі інтэлектуальнай уласнасці трэба, не можа быць залішняй, бо, на мой погляд, сама ідэя раўнавагі ў інтэлектуальнай уласнасці была страчаная.

Дык вось, ці можа WSIS абмяркоўваць раўнавагу ў інтэлектуальнай уласнасці, ці не, я лічыў само сабой зразумелым, што WIPO можа і павінна гэта рабіць. І таму сустрэча пра «адкрытыя і сумесныя праекты стварэння грамадскіх даброт» здавалася цалкам дарэчнай у парадку дня WIPO.

Але ў гэтым спісе ёсць адзін праект, вельмі спрэчны — прынамсі сярод лабістаў. Гэта «адкрытае і свабоднае праграмнае забеспячэнне». Асабліва насцярожана ставіцца да абмеркавання гэтай тэмы Microsoft. З яе пункту гледжання, канферэнцыя пра адкрытае і свабоднае праграмнае забеспячэнне — усё роўна што канферэнцыя пра аперацыйную сістэму Apple. І адкрытае, і свабоднае праграмнае забеспячэнне канкуруюць з праграмамі Microsoft. А ў свеце ўрады многіх краін пачалі разглядаць патрабаванні выкарыстоўваць для ўласных патрэб адкрытае ці свабоднае праграмнае забеспячэнне, а не «прапрыетарнае».

Я не хачу тут уступаць у гэтую дыскусію. Важна толькі ўдакладніць, што мяжа праходзіць не паміж камерцыйным і некамерцыйным праграмным забеспячэннем. Ёсць шмат важных кампаній, якія фундаментальна залежаць ад адкрытага і свабоднага праграмнага забеспячэння, і самая прыкметная з іх — IBM. IBM усё больш пераносіць увагу на аперацыйную сістэму GNU/Linux, самы вядомы ўзор «свабоднага праграмнага забеспячэння», — а IBM, безумоўна, камерцыйная структура. Такім чынам, падтрымліваць «адкрытае і свабоднае праграмнае забеспячэнне» — не значыць выступаць супраць камерцыйных структур. Гэта значыць падтрымліваць спосаб распрацоўкі праграм, адрозны ад спосабу Microsoft.

Што важней для нас, падтрымліваць «адкрытае і свабоднае праграмнае забеспячэнне» — не значыць выступаць супраць капірайту. «Адкрытае і свабоднае праграмнае забеспячэнне» — не праграмы ў грамадскім набытку. Наадварот, як і Microsoft, уладальнікі капірайту на свабодныя праграмы і праграмы з адкрытым кодам вельмі цвёрда настойваюць, каб тыя, хто іх выкарыстоўвае, шанавалі ўмовы ліцэнзіі. Умовы гэтай ліцэнзіі, вядома, адрозніваюцца ад умоў прапрыетарнай ліцэнзіі. Напрыклад, свабодныя праграмы пад Агульнай публічнай ліцэнзіяй (GPL) патрабуюць, каб кожны, хто змяняе і распаўсюджвае праграму, рабіў даступным яе зыходны код. Але гэтае патрабаванне дзейснае толькі тады, калі праграмы падпадаюць пад капірайт. Калі б капірайт не распаўсюджваўся на праграмы, свабоднае праграмнае забеспячэнне не магло б ставіць тым, хто яго выкарыстоўвае, такіх патрабаванняў. Значыць, яно залежыць ад капірайту гэтаксама, як і Microsoft.

Таму зразумела, што Microsoft як распрацоўшчык прапрыетарных праграм выступала супраць гэтай сустрэчы ў WIPO, і зразумела, што яна выкарыстала сваіх лабістаў, каб і ўрад Злучаных Штатаў выступіў супраць. Так, паводле паведамленняў, і адбылося. Як піша Джонатан Крым з Washington Post, лабістам Microsoft удалося дамагчыся, каб урад ЗША наклаў на сустрэчу вета. А без падтрымкі ЗША сустрэчу адмянілі.

Я не вінавачу Microsoft у тым, што яна робіць усё, што можа, каб прасоўваць свае інтарэсы ў межах закона. А лабіраванне ўрадаў, відавочна, у межах закона. У яе лабіраванні тут не было нічога дзіўнага, і не было нічога асабліва дзіўнага ў тым, што самы магутны вытворца праграм у Злучаных Штатах дамогся свайго.

Дзіўнай была прычына, па якой урад Злучаных Штатаў выступіў супраць сустрэчы. Ізноў жа, паводле Крыма, Лоіс Боланд, якая часова выконвала абавязкі дырэктара па міжнародных сувязях Ведамства па патэнтах і таварных знаках ЗША, растлумачыла, што «праграмы з адкрытым кодам супярэчаць місіі WIPO, якая палягае ў тым, каб прасоўваць правы інтэлектуальнай уласнасці». Яе цытуюць: «Праводзіць сустрэчу, мэта якой — адмовіцца ад такіх правоў ці адрачыся ад іх, здаецца нам супярэчным мэтам WIPO».

Гэтыя заявы ашаламляльныя адразу на некалькіх узроўнях.

Па-першае, яны проста памылковыя. Як я апісаў, большасць праграм з адкрытым кодам і свабодных праграм фундаментальна абапіраецца на права інтэлектуальнай уласнасці пад назвай «капірайт». Без яго абмежаванні, якія ставяць гэтыя ліцэнзіі, не працавалі б. Таму казаць, што яны «супярэчаць» місіі прасоўвання правоў інтэлектуальнай уласнасці, — значыць выяўляць незвычайны прабел у разуменні: такую памылку можна дараваць першакурсніку юрфака, але для высокага дзяржаўнага чыноўніка, які займаецца інтэлектуальнай уласнасцю, гэта ганьба.

Па-другое, хто ўвогуле сказаў, што выключная мэта WIPO — «прасоўваць» інтэлектуальную ўласнасць да максімуму? Як мне вычыталі на падрыхтоўчай канферэнцыі WSIS, WIPO павінна разглядаць не толькі тое, як найлепш абараняць інтэлектуальную ўласнасць, але і тое, якая раўнавага інтэлектуальнай уласнасці найлепшая. Як ведае кожны эканаміст і юрыст, складанае пытанне ў праве інтэлектуальнай уласнасці — знайсці гэтую раўнавагу. Але што межы павінны быць — гэта, як я думаў, ніхто не аспрэчвае. Так і хочацца спытаць у спадарыні Боланд: ці супярэчаць місіі WIPO лекі-джэнерыкі (лекі, зробленыя на аснове прэпаратаў, тэрмін патэнта на якія скончыўся)? Ці аслабляе грамадскі набытак інтэлектуальную ўласнасць? Ці было б лепей, калі б пратаколы інтэрнэту запатэнтавалі?

Па-трэцяе, нават калі верыць, што мэта WIPO — максімальна пашыраць правы інтэлектуальнай уласнасці, у нашай традыцыі правы інтэлектуальнай уласнасці належаць асобам і карпарацыям. Яны самі вырашаюць, што з гэтымі правамі рабіць, бо, яшчэ раз, гэта іхнія правы. Калі яны хочуць «адмовіцца» ад сваіх правоў ці «адрачыся» ад іх, гэта ў нашай традыцыі цалкам дарэчна. Калі Біл Гейтс аддае больш за 20 мільярдаў долараў на добрыя справы ў свеце, гэта не супярэчыць мэтам сістэмы ўласнасці. Наадварот, менавіта для гэтага сістэма ўласнасці і існуе: каб даваць людзям права вырашаць, што рабіць са сваёй уласнасцю.

Калі спадарыня Боланд кажа, што нешта не так з сустрэчай, «мэта якой — адмовіцца ад такіх правоў ці адрачыся ад іх», яна кажа, што WIPO зацікаўленая ўмешвацца ў выбар асоб, якія валодаюць правамі інтэлектуальнай уласнасці. Што нейкім чынам мэта WIPO — не даць чалавеку «адмовіцца» ад права інтэлектуальнай уласнасці ці «адрачыся» ад яго. Што інтарэс WIPO не толькі ў тым, каб правы інтэлектуальнай уласнасці былі максімальнымі, але і ў тым, каб іх ажыццяўлялі як мага больш экстрэмальна і абмежавальна.

У англа-амерыканскай традыцыі добра вядомая гісторыя якраз такой сістэмы ўласнасці. Яна называецца «феадалізм». Пры феадалізме не толькі ўласнасць была ў руках адносна невялікай колькасці асоб і ўстаноў. І не толькі правы, што ішлі разам з гэтай уласнасцю, былі моцныя і шырокія. Феадальная сістэма была яшчэ і моцна зацікаўленая ў тым, каб уласнікі ўнутры яе не аслаблялі феадалізм, вызваляючы на вольны рынак людзей ці ўласнасць пад сваім кантролем. Феадалізм трымаўся на максімальным кантролі і канцэнтрацыі. Ён змагаўся з любой свабодай, якая магла перашкодзіць гэтаму кантролю.

Як расказваюць Пітэр Драхас і Джон Брэйтуэйт, менавіта такі выбар мы цяпер робім адносна інтэлектуальнай уласнасці. Інфармацыйнае грамадства ў нас будзе. Гэта пэўна. Адзіны наш выбар цяпер — ці будзе гэтае інфармацыйнае грамадства вольным, ці феадальным. Тэндэнцыя — да феадальнага.

Калі гэтая бітва выбухнула, я напісаў пра яе ў блогу. У каментарах разгарнулася жывая дыскусія. У спадарыні Боланд знайшлося нямала прыхільнікаў, якія спрабавалі паказаць, чаму яе словы маюць сэнс. Але адзін каментар мяне асабліва засмуціў. Ананімны аўтар напісаў:

Джордж, ты не разумееш Лесіга: ён гаворыць толькі пра свет, якім ён павінен быць («мэта WIPO, як і мэта любога ўрада, павінна быць у тым, каб прасоўваць правільную раўнавагу правоў інтэлектуальнай уласнасці, а не проста прасоўваць правы інтэлектуальнай уласнасці»), а не пра свет, які ёсць. Калі б мы гаварылі пра свет, які ёсць, то Боланд, вядома, нічога дрэннага не сказала. А вось у свеце, якім яго хацеў бы бачыць Лесіг, — вядома, сказала. Заўсёды звяртай увагу на розніцу паміж светам Лесіга і нашым.

Першы раз я не заўважыў іроніі. Я хутка прачытаў і падумаў, што аўтар падтрымлівае думку, што шукаць раўнавагу — гэта і ёсць тое, што павінен рабіць наш урад. (Вядома, мая крытыка спадарыні Боланд была не пра тое, шукала яна раўнавагу ці не; я крытыкаваў яе за тое, што яе словы выдавалі памылку першакурсніка юрфака. Я не маю ніякіх ілюзій наконт экстрэмізму нашага ўрада — хоць рэспубліканскага, хоць дэмакратычнага. Мая адзіная ілюзія, як высветлілася, — што наш урад павінен гаварыць праўду.)

Але, відавочна, аўтар гэтую думку не падтрымліваў. Наадварот, ён высмейваў саму думку, што ў рэальным свеце «мэта» ўрада павінна быць у тым, каб «прасоўваць правільную раўнавагу» інтэлектуальнай уласнасці. Яму гэта было відавочна смешна. І гэта, як ён лічыў, відавочна выдавала маю ўласную смешную ўтапічнасць. «Тыпова для акадэміка», — мог бы ён дадаць.

Я разумею крытыку акадэмічнага ўтапізму. Я таксама лічу ўтапізм смешным і першы пасмяяўся б з абсурдна нерэалістычных ідэалаў акадэмікаў праз усю гісторыю (і не толькі ў гісторыі нашай краіны).

Але калі стала смешна меркаваць, што роля нашага ўрада — «шукаць раўнавагу», лічыце мяне смешным, бо гэта значыць, што справы сталі ўжо вельмі сур’ёзныя. Калі ўсім павінна быць відавочна, што ўрад не шукае раўнавагі, што ўрад — проста прылада ў руках наймагутнейшых лабістаў, што думка мераць урад іншай меркай абсурдная, што патрабаваць ад урада гаварыць праўду, а не хлусню, — проста наіўна, то кім жа сталі мы, наймагутнейшая дэмакратыя ў свеце?

Можа, гэта вар’яцтва — чакаць, што высокі дзяржаўны чыноўнік будзе гаварыць праўду. Можа, гэта вар’яцтва — верыць, што дзяржаўная палітыка будзе чымсьці большым, чым служанкай наймагутнейшых інтарэсаў. Можа, гэта вар’яцтва — даводзіць, што мы павінны захаваць традыцыю, якая была часткай нашай традыцыі большую частку нашай гісторыі, — вольную культуру.

Калі гэта вар’яцтва, хай будзе больш вар’ятаў. І хутчэй.

У гэтай барацьбе бываюць моманты надзеі. І моманты, што здзіўляюць. Калі FCC разглядала магчымасць паслабіць правілы ўласнасці на СМІ, што яшчэ больш павялічыла б канцэнтрацыю ўласнасці на медыя, супраць гэтай змены склалася незвычайная двухпартыйная кааліцыя. Мабыць, упершыню ў гісторыі такія розныя сілы, як Нацыянальная стралковая асацыяцыя (NRA), Амерыканскі саюз грамадзянскіх свабод (ACLU), Moveon.org, Уільям Сафайр, Тэд Тэрнер і CodePink Women for Peace, аб’ядналіся, каб выступіць супраць гэтай змены ў палітыцы FCC. У FCC адправілі ашаламляльныя 700 000 лістоў з патрабаваннем новых слуханняў і іншага рашэння.

Гэты актывізм FCC не спыніў, але неўзабаве шырокая кааліцыя ў Сенаце прагаласавала за адмену рашэння FCC. Варожыя слуханні перад гэтым галасаваннем паказалі, наколькі магутным стаў рух. Істотнай падтрымкі рашэнне FCC не мела, а змаганне з далейшай канцэнтрацыяй у медыя падтрымлівалі шырока і ўпарта.

Але нават гэты рух упускае важны кавалак галаваломкі. Памер сам па сабе — не зло. Свабодзе не пагражае тое, што нехта становіцца вельмі багатым, ці тое, што буйных гульцоў — усяго жменька. З таго, што «Біг-Макі» ці «Квотэр-Паўндэры» кепскія, не вынікае, што добры гамбургер нельга знайсці дзе-небудзь яшчэ.

Небяспека канцэнтрацыі медыя — не ў самой канцэнтрацыі, а ў феадалізме, які гэтая канцэнтрацыя нараджае разам са зменамі ў капірайце. Справа не толькі ў тым, што некалькі магутных кампаній кантралююць усё большы кавалак медыя. Справа ў тым, што гэтая канцэнтрацыя можа абапірацца на гэтаксама раздзьмуты набор правоў — правоў уласнасці гістарычна крайняй формы, — і менавіта гэта робіць іх памер шкодным.

Таму важна, што так шмат людзей выйшла патрабаваць канкурэнцыі і большай разнастайнасці. І ўсё ж, калі разумець гэты ўздым толькі як барацьбу з памерам, ён не надта здзіўляе. У нас, амерыканцаў, доўгая гісторыя барацьбы з «вялікім», мудрай ці не. Тое, што нас зноў можна падняць на барацьбу з «вялікім», — нічога новага.

Новым, і вельмі важным, было б, калі б гэтулькі ж людзей удалося падняць на барацьбу з экстрэмізмам, які ўсё мацней убудоўваецца ў ідэю «інтэлектуальнай уласнасці». Не таму, што раўнавага чужая нашай традыцыі; наадварот, як я даводзіў, раўнавага і ёсць наша традыцыя. А таму, што цягліца, якая дазваляе крытычна думаць пра межы ўсяго, што завецца «ўласнасцю», у гэтай традыцыі даўно не трэніраваная.

Калі б мы былі Ахілесам, гэта была б наша пята. Тут была б наша трагедыя.

Калі я пішу гэтыя апошнія словы, навіны поўныя гісторый пра іскі Асацыяцыі гуказапісвальнай індустрыі Амерыкі (RIAA) супраць амаль трохсот чалавек. На Эмінема толькі што падалі ў суд за «семплінг» чужой музыкі. Гісторыя пра тое, як Боб Дылан «скраў» у аднаго японскага пісьменніка, толькі што абышла ўсе выданні. Чалавек з Галівуду — ён настойвае, што павінен застацца ананімным, — расказвае пра «неверагодную размову з гэтымі хлопцамі са студый. У іх ёсць незвычайны [стары] кантэнт, які яны з радасцю выкарыстоўвалі б, але не могуць, бо не могуць нават пачаць узгадняць правы. У іх ёсць кучы дзяцей, якія маглі б зрабіць з гэтым кантэнтам дзівосныя рэчы, але каб спачатку яго ачысціць, спатрэбіліся б кучы юрыстаў». Кангрэсмены гавораць пра тое, каб надаць камп’ютарным вірусам паўнамоцтвы шэрыфаў і выводзіць з ладу камп’ютары, якія, як мяркуюць, парушаюць закон. Універсітэты пагражаюць выключэннем студэнтам, якія праз камп’ютар дзеляцца кантэнтам.

А па іншы бок Атлантыкі Бі-Бі-Сі толькі што абвясціла, што створыць «Творчы архіў», з якога брытанцы змогуць спампоўваць кантэнт Бі-Бі-Сі — і выдзіраць, змешваць і запісваць яго. А ў Бразіліі міністр культуры Жылберту Жыл, сам народны герой бразільскай музыкі, разам з Creative Commons пачаў выпускаць у гэтай лацінаамерыканскай краіне кантэнт і вольныя ліцэнзіі. Я расказаў змрочную гісторыю. Праўда больш стракатая. Тэхналогія дала нам новую свабоду. Павольна некаторыя пачынаюць разумець, што гэтая свабода не абавязкова азначае анархію. Мы можам перанесці вольную культуру ў XXI стагоддзе так, каб мастакі не прайгралі і каб патэнцыял лічбавых тэхналогій не быў знішчаны. Для гэтага спатрэбіцца крыху думкі і, што важней, крыху волі, каб ператварыць RCA нашага часу ў Козбі.

Здаровы сэнс мусіць паўстаць. Ён мусіць дзейнічаць, каб вызваліць культуру. Хутка — калі гэты патэнцыял наогул калі-небудзь мае здзейсніцца.


Lawrence Lessig, «Free Culture: How Big Media Uses Technology and the Law to Lock Down Culture and Control Creativity», New York: The Penguin Press, 2004 — уводзіны, раздзел 1 «Creators» і заключэнне. Пераклад з англійскай паводле аўтарскай PDF-версіі кнігі; зноскі прапушчаныя, астатнія часткі кнігі не перакладзеныя. Арыгінал распаўсюджваецца паводле ліцэнзіі Creative Commons Attribution-NonCommercial 1.0 (CC BY-NC 1.0); пераклад — паводле CC BY-NC-SA 4.0.

Падзяліцца:TelegramBlueskyXFacebook

Яшчэ ў рубрыцы «Культура»

Культура

Беларускае адраджэнне

1914 год. Напярэдадні вайны Максім Багдановіч тлумачыць рускаму чытачу, што беларуская культура — не дзівоска і не «варыянт» велікарускай, а частка агульнаеўрапейскага руху малых народаў да ўласнага слова: ад Скарыны і Статута праз забароны XIX стагоддзя да «Нашай Нівы» і новай народнай інтэлігенцыі.

Максім Багдановіч ·

Культура

Адвечным шляхам: даследзіны беларускага светагляду

1921 год. Дваццаціпяцігадовы віленскі кааператар і паэт тлумачыць, чаму Беларусь тысячу гадоў вагалася паміж Усходам і Захадам — і чаму ёй не трэба ні маскоўскага, ні польскага, ні ўласнага «месіянізму». Выйсце ён бачыць у бесперапыннай творчасці і ў вольных аб’яднаннях без прымусу.

Ігнат Абдзіраловіч ·

Культура

Сацыялізм і культура

1916 год. Малады Антоніа Грамшы спрачаецца з тымі, хто лічыць культуру панскай забаўкай: культура — не энцыклапедыя ў галаве педанта, а арганізацыя ўласнага «я», свядомасць сваёй гістарычнай ролі. І ніводная рэвалюцыя не абыходзілася без доўгай папярэдняй працы крытыкі і ідэй.

Антоніа Грамшы ·