Антоніа Грамшы (1891–1937) — італьянскі марксісцкі тэарэтык і палітык, адзін з заснавальнікаў Камуністычнай партыі Італіі (1921). Артыкул «Сацыялізм і культура» ён, тады 24-гадовы студэнт Турынскага ўніверсітэта і журналіст, надрукаваў 29 студзеня 1916 года ў турынскім сацыялістычным штотыднёвіку «Іль Грыда дэль Пополо» («Крык народа») пад псеўданімам «Альфа Гама». Варта памятаць, што гэта тэкст сябра Італьянскай сацыялістычнай партыі, напісаны да рэвалюцыі ў Расіі і да камуністычных гадоў Грамшы, пад моцным уплывам італьянскай ідэалістычнай філасофіі (найперш Бенедэта Кроча). Пазней Грамшы вёў рух фабрычных саветаў у Турыне (1919–1920), у 1922–1923 гадах прадстаўляў сваю партыю ў Камінтэрне ў Маскве, а ў 1924–1926 гадах кіраваў ёю, праводзячы лінію Камінтэрна. 8 лістапада 1926 года фашысцкі рэжым Мусаліні арыштаваў яго, нягледзячы на дэпутацкую недатыкальнасць; у 1928 годзе Асаблівы трыбунал асудзіў яго на 20 гадоў, 4 месяцы і 5 дзён зняволення. У турме ён напісаў «Турэмныя сшыткі», дзе распрацаваў паняцце гегемоніі — улады, што трымаецца не толькі на сіле, але і на згодзе, якую ствараюць школа, прэса, царква, культура. Памёр Грамшы 27 красавіка 1937 года ў рымскай клініцы, куды яго, цяжка хворага, перавялі пад вартай. Наш часопіс чытае яго перш за ўсё як тэарэтыка культуры і гегемоніі — і гэты ранні артыкул паказвае, адкуль у яго такая ўвага да культуры. Каго згадвае аўтар (ад рэдакцыі): Энрыка Леонэ — эканаміст, тэарэтык рэвалюцыйнага сіндыкалізму; «Авангуардыя» — штотыднёвік Федэрацыі сацыялістычнай моладзі, дзе ў 1912 годзе спрачаліся пра ролю культуры Амадэа Бордыга (пазней першы кіраўнік Камуністычнай партыі Італіі) і турынец Анджэла Таска; Наваліс — нямецкі паэт-рамантык; Джамбатыста Віка — неапалітанскі філосаф, аўтар «Новай навукі» (1725); Франчэска Дэ Санктыс — гісторык літаратуры XIX стагоддзя; народныя ўніверсітэты — лекцыйныя курсы для рабочых.
Некаторы час таму нам трапіў на вочы артыкул, у якім Энрыка Леонэ — у той заблытанай і туманнай манеры, што занадта часта яму ўласцівая, — паўтараў некалькі агульных месцаў пра культуру і інтэлектуалізм у дачыненні да пралетарыяту, супрацьпастаўляючы ім практыку, гістарычны факт, праз які клас уласнымі рукамі рыхтуе сабе будучыню. Мы не лічым лішнім вярнуцца да гэтай тэмы: яна не раз узнімалася на старонках «Грыда», а ў «Авангуардыі», газеце моладзі, яе асабліва строга, з дактрынальных пазіцый, разабралі ў палеміцы паміж неапалітанцам Бордыгам і нашым Таскам.
Прыгадаем два ўрыўкі. Адзін належыць нямецкаму рамантыку Навалісу (жыў з 1772 па 1801 год), які кажа: «Найвышэйшая задача культуры — авалодаць сваім трансцэндэнтальным „я“, быць адначасова „я“ свайго „я“. Таму не дзіва, што бракуе разумення і поўнага ўцямлення іншых. Без дасканалага разумення саміх сябе мы ніколі па-сапраўднаму не пазнаем і іншых».
Другі, які мы перакажам сваімі словамі, — з Джамбатысты Віка. Віка (у першым з «Вывадаў пра мову паэтычнымі вобразамі першых народаў» у «Новай навуцы») дае палітычнае тлумачэнне славутаму выслоўю Салона, якое потым Сакрат узяў за сваё ў філасофіі: «Пазнай самога сябе». Паводле Віка, гэтым выслоўем Салон хацеў настаўляць плебеяў, што лічылі сябе істотамі звярынага паходжання, а знатных — боскага: няхай паглядзяць на сябе, пабачаць, што яны тае самае чалавечай прыроды, што і знаць, і, значыць, патрабуюць, каб іх зраўнялі са знаццю ў грамадзянскім праве. І менавіта ў гэтай свядомасці чалавечай роўнасці плебеяў і знаці Віка бачыць аснову і гістарычную прычыну ўзнікнення дэмакратычных рэспублік у старажытнасці.
Мы не наўздагад паставілі побач гэтыя два фрагменты. Нам здаецца, што ў іх акрэслены — хай не разгорнута выкладзены і вызначаны — межы і прынцыпы, на якіх павінна трымацца правільнае разуменне паняцця культуры, у тым ліку ў дачыненні да сацыялізму.
Трэба адвыкнуць і перастаць разумець культуру як энцыклапедычныя веды, дзе чалавек бачыцца толькі пасудзінай, якую трэба напоўніць і напхаць эмпірычнымі звесткамі, голымі і раскіданымі фактамі, што ён потым павінен раскласці ў галаве па шуфлядках, як па слупках слоўніка, каб пры кожнай нагодзе адказваць на тыя ці іншыя раздражняльнікі знешняга свету. Такая форма культуры сапраўды шкодная, асабліва для пралетарыяту. Яна толькі плодзіць людзей, выбітых з каляіны, — тых, хто лічыць сябе вышэйшым за астатняе чалавецтва, бо назапасіў у памяці пэўную колькасць звестак і дат і сыпле імі пры кожнай нагодзе, ледзь не будуючы з іх сцяну паміж сабой і іншымі. Яна нараджае той задыханы і бясколерны інтэлектуалізм, які так бязлітасна, да крыві, высек Рамэн Ралан і які спарадзіў цэлую чараду самаўпэўненых пустамелаў і летуценнікаў, больш згубных для грамадскага жыцця, чым мікробы сухотаў ці сіфілісу — для красы і здароўя цела. Студэнцік, які ведае трохі лаціны і гісторыі, адвакацік, што здолеў вырваць свой ашмётак дыплома ў лянотных і паблажлівых прафесараў, будуць лічыць сябе іншымі і вышэйшымі нават за найлепшага кваліфікаванага рабочага, які выконвае ў жыцці цалкам пэўную і неабходную справу і ў гэтай справе варты ў сто разоў больш, чым яны — у сваёй. Але гэта не культура, гэта педантызм; гэта не розум, а голы рассудак, і супраць яго цалкам слушна паўстаюць.

Культура — рэч зусім іншая. Гэта арганізацыя, дысцыпліна свайго ўнутранага «я», авалоданне ўласнай асобай, заваяванне вышэйшай свядомасці, дзякуючы якой чалавек здольны зразумець сваю гістарычную вартасць, сваю ролю ў жыцці, свае правы і свае абавязкі. Але ўсё гэта не можа адбыцца праз самачынную эвалюцыю, праз дзеянні і рэакцыі, што не залежаць ад уласнай волі, — як у свеце раслін і жывёл, дзе кожная асобіна несвядома, паводле няўмольнага закону рэчаў, праходзіць адбор і развівае свае органы. Чалавек — гэта перш за ўсё дух, гэта значыць гістарычнае тварэнне, а не прырода. Інакш немагчыма было б растлумачыць, чаму сацыялізм дагэтуль не здзейсніўся, хоць заўсёды існавалі эксплуатаваныя і эксплуататары, тыя, хто стварае багацце, і тыя, хто эгаістычна яго спажывае. Справа ў тым, што толькі паступова, пласт за пластам, чалавецтва ўсвядоміла сваю вартасць і заваявала права жыць незалежна ад схем і правоў меншасцяў, якія ўмацаваліся ў гісторыі раней. І гэтая свядомасць сфармавалася не пад жорсткім бізуном фізіялагічных патрэб, а праз разумны роздум — спачатку нешматлікіх, а потым цэлага класа — пра прычыны пэўных з’яў і пра найлепшыя сродкі ператварыць іх з нагоды для прыгнёту ў сцяг паўстання і грамадскай перабудовы. Гэта значыць, што кожнай рэвалюцыі папярэднічала напружаная праца крытыкі, культурнага пранікнення, павольнага прасякання ідэй у людскія гурты, якія спачатку былі да іх глухія і думалі толькі пра тое, каб дзень за днём, гадзіна за гадзінай вырашаць свае эканамічныя і палітычныя праблемы для сябе аднаго, без ніякай салідарнасці з іншымі, хто быў у такім самым становішчы. Апошні прыклад, найбліжэйшы да нас і таму найменш адрозны ад нашага, — Французская рэвалюцыя. Культурны перыяд, які ёй папярэднічаў, так званае Асветніцтва, што яго так ахвотна ганяць лёгкія на руку крытыкі тэарэтычнага розуму, зусім не быў — ці, прынамсі, не быў цалкам — тым мітуслівым пырханнем павярхоўных энцыклапедычных розумаў, якія разважалі пра ўсё і пра ўсіх з аднолькавай нязрушнасцю і лічылі сябе людзьмі свайго часу толькі пасля таго, як прачыталі Вялікую энцыклапедыю д’Аламбера і Дзідро. Адным словам, ён не быў толькі з’явай педантычнага і сухога інтэлектуалізму накшталт таго, што мы бачым сёння на ўласныя вочы і што найпаўней выяўляецца ў народных універсітэтах самага нізкага гатунку. Ён сам быў цудоўнай рэвалюцыяй: дзякуючы яму, як трапна заўважае Дэ Санктыс у «Гісторыі італьянскай літаратуры», па ўсёй Еўропе склалася нешта накшталт адзінай свядомасці, духоўнага буржуазнага інтэрнацыянала, кожная частка якога была чуйная да агульнага болю і агульных няшчасцяў, — і гэта было найлепшай падрыхтоўкай да крывавага паўстання, якое потым адбылося ў Францыі.
У Італіі, у Францыі, у Германіі абмяркоўвалі адно і тое ж — тыя самыя ўстановы, тыя самыя прынцыпы. Кожная новая камедыя Вальтэра, кожны новы памфлет былі як іскра, што бегла па ўжо нацягнутых правадах ад дзяржавы да дзяржавы, ад краю да краю, і ўсюды адначасова знаходзіла тых самых прыхільнікаў і тых самых праціўнікаў. Штыкі напалеонаўскіх армій знайшлі дарогу, ужо пракладзеную нябачным войскам кніг і брашур, што раямі разляталіся з Парыжа яшчэ з першай паловы XVIII стагоддзя і падрыхтавалі людзей і ўстановы да неабходнага абнаўлення. Пазней, калі падзеі ў Францыі ўмацавалі гэтую свядомасць, хапала народнага выступу ў Парыжы, каб выклікаць падобныя ў Мілане, у Вене і ў самых малых мястэчках. Прастакам усё гэта здаецца натуральным, самачынным, а насамрэч было б незразумелым, калі б мы не ведалі тых культурных чыннікаў, што дапамаглі стварыць настрой, гатовы выбухнуць дзеля справы, якую ўсе лічылі агульнай.
Тая самая з’ява паўтараецца сёння з сацыялізмам. Адзіная свядомасць пралетарыяту сфармавалася ці фармуецца праз крытыку капіталістычнай цывілізацыі, а крытыка — гэта культура, а зусім не самачынная, натуральная эвалюцыя. Крытыка — гэта якраз тая свядомасць свайго «я», якую Наваліс лічыў мэтай культуры. «Я», якое супрацьпастаўляе сябе іншым, адрозніваецца ад іх і, паставіўшы сабе мэту, ацэньвае факты і падзеі не толькі самі па сабе, але і як сілы, што штурхаюць наперад або адкідаюць назад. Пазнаць самога сябе — значыць быць самім сабой, быць гаспадаром самога сябе, вылучыцца, выйсці з хаосу, стаць элементам парадку — але свайго ўласнага парадку і сваёй уласнай дысцыпліны, падпарадкаванай ідэалу. А гэтага немагчыма дасягнуць, не ведаючы і іншых, іхняй гісторыі, чарады намаганняў, якія яны зрабілі, каб стаць тым, чым яны ёсць, каб стварыць цывілізацыю, якую яны стварылі і на месца якой мы хочам паставіць сваю. Гэта значыць мець уяўленне пра тое, што такое прырода і яе законы, каб пазнаць законы, якія кіруюць духам. І вучыцца ўсяму, не губляючы з віду канчатковай мэты: лепей пазнаць самога сябе праз іншых і іншых — праз самога сябе.
Калі праўда, што сусветная гісторыя — гэта ланцуг намаганняў, якія чалавек рабіў, каб вызваліцца і ад прывілеяў, і ад забабонаў, і ад ідалаў, то незразумела, чаму пралетарыят, які хоча дадаць да гэтага ланцуга яшчэ адно звяно, не павінен ведаць, як, чаму і хто ішоў перад ім і якую карысць можа даць яму гэтае веданне.
Antonio Gramsci (подпіс «Alfa Gamma»), «Socialismo e cultura», Il Grido del Popolo (Турын), 29 студзеня 1916. Пераклад з італьянскай паводле выдання: A. Gramsci, Scritti politici, рэд. Paolo Spriano (Roma: Editori Riuniti, 1973), электроннае выданне Liber Liber.



