Да зместу
Левы часопіс на беларускай мове
Праксіс

Культура56 хвілін чытання

Адвечным шляхам: даследзіны беларускага светагляду

1921 год. Дваццаціпяцігадовы віленскі кааператар і паэт тлумачыць, чаму Беларусь тысячу гадоў вагалася паміж Усходам і Захадам — і чаму ёй не трэба ні маскоўскага, ні польскага, ні ўласнага «месіянізму». Выйсце ён бачыць у бесперапыннай творчасці і ў вольных аб’яднаннях без прымусу.

Тэкст: Ігнат Абдзіраловіч

Падзяліцца:TelegramBlueskyXFacebook
Калаж: панарама Вільні 1919 года ў фіялетавым дуатоне на чорнай плоскасці; справа тытульны аркуш кнігі «Адвечным шляхам» 1921 года — «Ігнат Абдзіраловіч. Адвечным шляхам (Досьледзіны беларускага сьветагляду). Беларускае Выдавецкае Т-во. Вільня. 1921 г.»; унізе вялікі надпіс «Шлях», чорны клін, які звужаецца ўгору, як дарога да гарызонту, і фіялетавы круг; подпісы «Ігнат Абдзіраловіч» і «Вільня / 1921».
Вільня з Боўфалавай гары, 1919; тытульны аркуш першага выдання «Адвечным шляхам», Вільня, 1921 · Калаж: Праксіс. Фота: Ян Булгак; тытульны аркуш — паводле скана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі; грамадскі набытак

Ігнат Канчэўскі (1896–1923), які падпісваўся Ігнат Абдзіраловіч — прозвішчам героя аповесці Максіма Гарэцкага «Дзве душы», — нарадзіўся ў Вільні, вучыўся ў Пецярбургу і Маскве, ваяваў на Румынскім фронце, у 1917 годзе падзяляў погляды эсэраў, потым працаваў у кааператыўных установах Смаленшчыны і Менска. З восені 1919 года ён жыў у занятай палякамі Вільні: быў сябрам Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, працаваў у Віленскім саюзе кааператываў, друкаваўся ў беларускай прэсе. Памёр ад сухотаў 21 красавіка 1923 года, у 26 гадоў. «Адвечным шляхам» — ягоная адзіная кніга: улетку 1921 года яна друкавалася ў віленскім тыднёвіку «Наша думка» і ў тым жа годзе выйшла асобным выданнем. Напісаная ў траўні 1921 года, праз два месяцы пасля Рыжскага міру, які падзяліў беларускія землі паміж Польшчай і савецкай Расеяй, яна апісвае Беларусь як мяжу двух светаў: Усходу, які ўсё жыццё ўціскае ў адну абавязковую форму, і Захаду, які ўсё раздрабняе на кампрамісы. Згадваюцца «урад А. Луцкевіча» — урад Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918–1919 гадах; «Найвышэйшая Рада» — частка Рады БНР, якая пасля расколу ў снежні 1919 года шукала паразумення з Польшчай Пілсудскага (Леапольд Скульскі — тагачасны польскі прэм’ер); урад БНР Вацлава Ластоўскага, які абапіраўся на эсэраў і дамаўляўся з Літвой; Паўль Леві і Клара Цэткін, якія асудзілі «сакавіцкую акцыю» Кампартыі Германіі 1921 года. Пры Саветах кніга амаль шэсцьдзясят гадоў праляжала ў спецсховах; яе перадрукавалі толькі ў 1988 годзе ў газеце «Супольнасць», потым у зборніку «Вобраз-90» (1990), асобнымі выданнямі ў 1993 (з прадмовай Сяргея Дубаўца) і 2021 гадах. З 1990-х думка пра Беларусь-памежжа, якая мусіць шукаць уласны шлях, стала адной з галоўных у беларускай эсэістыцы, а Валянцін Акудовіч назваў кнігу «інтэлектуальным цудам». Сёння, калі ў Беларусі за кнігі і словы зноў судзяць, перасцярога Абдзіраловіча пра ўладу, што абяцае шчасце праз прымус, гучыць зусім не гістарычна. Гэта беларускі арыгінал, не пераклад. Мы звярылі тэкст са сканам выдання 1921 года, выправілі відавочныя друкарскія памылкі і прывялі правапіс да сучаснага: «свет», «жыццё», «не» замест «сьвет», «жыцьцё», «ня»; «клас», «філосаф», «лозунг», «Еўропа», «сацыялізм» замест «кляса», «філёзоф», «лёзунг», «Эўропа», «соцыялізм»; «рэвалюцый», «партый» замест «рэвалюцыяў», «партыяў». Словы і формы аўтара мы пакінулі: «гаспадарства» (дзяржава), «хаўрус» (саюз, супольнасць), «навет», «пеўна», «направер» (насамрэч), «каторы», «гдзе», «Расея», «Менск», «на шляхох», «камуністыя», «сацыялістыя». Зноска «Рэд. „Н. Д.“» — ад рэдакцыі «Нашай думкі».


Час, калі трэба журыцца / Душою на свежых магілах / Пуста-пранёсшыхся днёў. (М. Багдановіч)

(Пасвячаецца У. І.)

Беларусь, як граніца паміж усходам і захадам. — Грунтоўная адзнака беларускай гісторыі — духовае ваганне паміж усходам і захадам. — Тыповыя адзнакі ўсходу і захаду. — Месіянізм усходу і захаду.

Нашы часы — часы агульнай заблутанасці, часы паўстання праменных, быццам, ідэалаў й іх канечнага знікання праз нядаўгі час… Тое, што раней здавалася чыстым і светлым, штодзенна аплятаецца жыццёвым брудам і пылам. Так знікаюць праменныя ідэалы, пакідаючы роспач і безнадзейнасць. У такія часы адзінокая чалавечая душа шукае, пераглядаючы ўсё тое, што здавалася каштоўным, святым і жаданым.

I

На беларускую справу прызвычаіліся глядзець, як на нешта надта нявыразнае, нявызначанае, не маючае ў сабе духу жывога, каторы можа даць беларусам права на законнае сярод іншых народаў існаванне. У нявыразнасці беларускай культуры хочуць бачыць духовую смерць народу, яго няздольнасць вызначыць свой уласны ідэал. Фармальна мы павінны згадзіцца, што ў нас неакрэслена культура, што ў нас смутны гістарычныя шляхі, але ў гэтым не можна бачыць духовай беднасці нашага народу, яго няздольнасці ўласным крокам ісці да вытварэння ўласных формаў жыцця, — не, жыццёвыя акалічнасці даводзяць аб іншым, што навет меней здольныя, меней сільныя народы вытварылі культурна-вызначанае жыццё. Калі беларускі народ не стварыў выразнай культуры, дык гэта дзеля таго, што ў гістарычнай спадчыне яго была вялікая трагедыя народнага духу, якую перажыць выпала толькі двум — тром еўрапейскім народам: Беларусь ад X веку і да гэтай пары фактычна з’яўляецца полем змагання двох кірункаў еўрапейскай, пеўне — арыйскай, культуры — заходняга і ўсходняга. Граніца абодвых уплываў, падзяляючы славянства на два станы, праходзіць праз Беларусь, Украіну і хаваецца ў балканскіх краёх.

Дзесяцёхвяковае ваганне сведчыць аб тым, што беларусы, як украінцы і балканскія славяны не маглі шчыра прылучыцца ні да аднаго ні да другога кірунку. Мы не зрабіліся народам усходу, але не прынялі й культуры Зах. Еўропы. За ўвесь час нас пачалі зваць цёмным, дзікім народам.

Толькі па форме мы лічыліся каталікамі, або праваслаўнымі, грамадзянамі Масквы і Расеі, або Польшчы. Направер, мы былі благімі сынамі і цэрквы і касцёлу і «ojczyzny» і «отечества». Толькі найбольш дрэнныя, духова-распусныя элементы нашага народу, як даўней — шляхта, а ў апошнія часы — частка страціўшай сувязь з народам інтэлігенцыі, ўцяклі ад беларускага карэння, пакідаючы народ на свой уласны лёс. І народ застаўся жыць сам па сабе: духовым жыццём — з ідэаламі і пераконаннямі паганскай веры, гаспадарчым — з прадпрадвечнымі прыладамі земляробства: сахой, драўлянай бараной, цэпам і жорнамі, ў тым «вечным бары», аб каторым так жудасна пяе наш беларускі паэт.

Але адмовіўшыся ад карысці выразнай культуры ў яе поўнасці, народ схаваў незалежнасць свайго духу. І вось, зараз, калі набліжаецца вялікі крызыс датыхчасовых ідэалаў, калі ўся «культура» знаходзіцца ў небяспецы і гатова разваліцца ў руіны, беларускі народ, — як быццам знімаюць з яго векавыя ланцугі, — прабуджаецца да жыцця, да шукання новых ідэалаў, да стварэння новых падставаў чалавечага жыцця.

Гэта — праўда, што мы мала маем, гэта — праўда, што мы шукалі па чужых дарогах і, не знайшоўшы, або здрадзілі бацькаўшчыну і шлі да чужынцаў, або вагаліся паміж варожымі кірункамі. Але зараз прыходзяць часы, калі багач зрабіўся бедаком і пойдзе на вялікі шлях шукаць з намі, гаротнымі, новага багацця, новага чалавечага ідэалу. А з глыбіні вякоў пазірае на нас Скарына, такі ж вагаўшыйся і шукаючы, і, жадаючы нас, кажа:

«Над зімнымі хвалямі Дзвіны я быў візантыйцам — Юрым, а ў Кракаве, куды мяне пацягнула за еўрапейскаю ведай — лацінікам Францішкам. А дапраўды, я не быў ні Юрым, ні Францішкам, а быў вольным, незалежным духам, якога вы шукаеце, духам агульначалавечым толькі ў беларускай скуры. Шукайце ж!»


Ваганне паміж захадам і ўсходам і шчырая няпрыхільнасць ні да аднаго ні да другога — з’яўляецца асноўнаю адзнакаю гісторыі беларускага народу. Прыклад Скарыны, аб якім да гэтай пары няведама, хто ён быў такі, ці каталік, ці праваслаўны, і пеўна, што і той і другі разам, адбівае гэтае з’явішча беларускага духу ў індывідуальнасці, ў душы нашага першага інтэлігента. Гэтую рысу беларуская народная інтэлігенцыя захавала і да нашай пары, але як бачым, на тое ёсць гістарычныя прычыны.

У X веку славяншчына прымае хрэст, а разам шмат чаго, як спадчыну з гаспадарсцвеннага, эканамічнага і духовага ўстрою Візантыцка-Рымскай Імперыі. Заходнія славяны бяруць лацінскі ўзор, усходнія — візантыцкі. Беларусь апыняецца паміж варожымі кірункамі. Аб’ектыўны стан рэчаў вымагае прыняцця новае культуры, але гэтая культура не творыцца арганічна, а накідаецца неперапрацаваная народным духам. Усходнія і заходнія славяны прымаюць еўрапейскую культуру з яе фармальнага боку. Беларусь з гэтага часу пачынае вагацца. Як тая Рагнеда, ўзятая ў палон кн. Валадзімірам, Беларусь павінна хрысціць сваіх дзяцей пад прымусам на ўсходні ўзор, але выхоўвае іх на стары капыл паганцамі, ў нялюбасці да ўсходняга хрысціянства. Крывавая барацьба паміж кіеўскімі і полацкімі (беларускімі) князямі вызначае той час беларускай гісторыі і адбіваецца навет у «Слове аб палку Ігараве», дзе пяецца аб вялікай бойцы на Нямізе, ля Менску. Гэты ж літаратурны памятнік адбівае і другую рысу тагачасных беларусаў: зрабіўшыся хрысціянамі, яны не запомнілі аб сваіх старых пераконаннях; князь Усяслаў Чараўнік — добры хрысціянін: ён слухае ўтраню ў Полацку, але абяртаецца сівым ваўком і бяжыць да кіеўскай Сафіі на абедню.

Прыхільнасць да старой паганскай веры зрабіла тое, што ў XIII в. Беларусь злучаецца з «паганскай» яшчэ Літвой. Мусібыць, Зніч літоўскага князя гарэў ярчэй, чымся крыжы кіеўскага князя і польскага караля.

Часы Гедыміна, калі кругом пачалося збіранне славянскіх земляў: на ўсходзе — Калітой, на захадзе — Лакеткам, а асабліва часы Альгерда і Вітаўта даводзяць, што беларускі народ выказаў шмат гаспадарсцвеннай, арганізацыйнай здольнасці. Паспех Масквы сапсаваў Літве-Беларусі здзейсніць аб’яднанне «усея Русі». Візантыцкая культура з яе ідэяй самадзяржаўнасці дапамагла Маскве стварыць з частак Русі, фінскіх і татарскіх земляў вялікую моцную дзяржаву. Беларускае ваганне і нявыразнасць зрабіліся ў тыя часы фатальнымі. Неакрэсленая палітыка Вітаўта, яго прыхільнасць да польскага шляхоцтва, яго нявызначаныя адносіны да беларускіх князёў і народу, зрабілі тое, што Беларусь траціць гаспадарсцвенную незалежнасць, а разам і магчымасць выказаць свой культурны твар.

Паміралі паганскія багі, а новых так і не прыгнаў беларускі народ. Прышла рэфармацыя, кінуліся беларусы шукаць новае слова, але і новае слова іх не задаволіла. Толькі старыя муры па вёсках і мястэчках сведчаць, што ў самае сэрца Беларусі прыйшло кальвінскае казанне, але не затрымалася, памёрла. За ім прышло каталіцтва. І вось, прыпадкова, дзеля чыста-тэрытарыяльнай стычнасці то з усходняй, то і заходняй культурай, беларусы падзяляюцца на дзве часткі, але застаюцца варожымі і няпрыхільнымі да абедзвюх.

З гэтага часу ваганне народнага розуму і сумлення не перапыняюцца. Гэтаму ваганню пачынае адпавядаць і блутанне па нашым краі дзяржаўнай граніцы. То далёка на ўсход заходзіць яна і ў тых паветах, дзе цяпер запомнілі аб польскім панаванні, захаваліся граматы і гербы «Gospodara Korola ego miłości sławnaj pamiaci Żykgimonta» і Ўладыслава і іншых, то наадварот, у глыбіне Літвы вырастае магільны курган «ваяводы рускага цара» — глыбока ў нашай старонцы гаспадарылі тады казацкія шаблі.

Так плылі вякі… зноў, на нашай памяці пьюць ваду з Дняпра польскія коні, а праз колькі тыдняў над Бугам і Віслай гараць нялічаныя дымныя агні ворагаў і чуваць маркотную валгарскую песню.

Да нашага часу беларускі народ не ставіць апору ні ўсходняй ні заходняй хвалі і яны вольна перакочваюцца над яго галавой. Страціўшы ў сабе вольнага паганца, што маліўся пню, зліваўся духам з вялікімі сіламі зямлі, пяяў прыгожыя песні, сустрачаючы вяснянкамі Вясну, або хаваючы Купалу, што мог вольна адпавядаць і вольнаму дыханню ветру і руху свае душы, — страціўшы ўсё гэта, беларус не ўбачыў нічога прынаднага і ў новым складзе жыцця. Уплывы захаду і ўсходу ў перакручаных, спецыфічна славянскіх, часам карыкатурных выразах, круцілі і гвалцілі душу беларуса, толькі прымушаючы яго ўбачыць, што ў чужой скуры заўсёды дрэнна, што трэба вытварыць нешта сваё, роднае, блізкае, арганічнае. Шмат вякоў беларусы вялі змаганне з чужынскімі варожымі ўплывамі за сваю душу, і, здаецца прыбліжаюцца часы, што будзе яна вольнай. Жыццё ставіць мяжу старажытным ідэалам і кліча беларускі народ, зняважаны і забіты, ісці пароўні з іншым на будоўлю новага агульначалавечага ідэалу.

У гэты час, хай будзе нашым правадыром і светачам старажытны Скарына, «доктар лекарскіх навук са слаўнага места Полацку», што хацеў лячыць беларускі народ праменнямі духовай асветы. Ён на сабе адчуў гвалт чужацкіх культур і не прызнаў іх сваімі ў сваім сэрцы. Першы ад усіх пазнаў, што толькі праз развіццё асабістага і народнага духу дойдзем мы да ўсечалавечага ідэалу, і на мужыцкую простую мову пераклаў Св. Кнігу — тады адзіны праменьчык усечалавечнасці.

За ім цягнецца карагод, што шукалі свайго ўласнага духу, вагаліся, расчароўваліся і гінулі.

Не знайшоў свае праўды вялікі Адам і згінуў на чужыне з болем у сэрцы; блуталіся рамантыкі, ў глыбіне сэрца хаваючы нуду і скаргу. Наша пакаленне павінна стаць апошняй чарадой пад пахмурным пажагнаннем Скарыны: «І на ўсходе і на захадзе — шукайце!».

Даўгія вякі беларусы стаялі на раздарожжы: адзін шлях кіраваўся на захад, другі на ўсход; так нашыя сцежкі, пачынаючыся разам, расходзіліся ў розныя, праціўныя бакі.

Праўда, вызначанасць абодвых культурных тыпаў пад уплывам часу вельмі сапсавалася: ўсходняе жыццё прымае заходнееўрапейскія адзнакі і наадварот; цяпер трудна казаць аб розніцы, якая існавала паміж візантызмам і лацінствам, але, ў кожным разе, і да гэтай пары моцна адчуваюцца культурныя асобнасці абодвых тыпаў.

Аб духовым выглядзе ўсходніх славянаў казалі шмат. Найболей выразнаю адзнакаю іх характару з’яўляецца нахіласць да ўсяго скрайнага, выразнага, ясна-падкрэсленага. Усходні славянін не любіць нічога палавіннага, вечна шукае нейкай агульнай, адналітай формы, якой і пасвячае сваё жыццё. Выкаваная на візантыцкіх узорах, так вырасла маскоўская гаспадарсцвеннасць, якой былі пасвечаны ўсе другія бакі культурнага жыцця краю. Прыхільнасць да выразнай аб’яднаўчае формы, да аканчальнага і безумоўнага правядзення яе ў жыццё вызначылася ў ідэі адзінай палітычнай улады. «Уся ўлада цару» — гэты покліч так блізкі па свайму палітычнаму зместу да лозунгу сучасных усходніх максімалістаў: «Уся ўлада саветам», і ў абодвых выпадках паказвае, што іх дух — не затрымліваецца па сярэдзіне, што кожную форму трэба правясці ў найбольшай чыстаце.

Коль любить — так без разсудку, / Коль ругнуть — так сгоряча, / Коль рубнуть — так уж сплеча…

вось, як характарызуе сябе велікарос. Калі ён незадаволены існуючым, дык яго абхоплівае зуда перавярнуць усё дагары нагамі. Такой рысай адзначвалася ўся чыннасць Пятра, гэта ж бачым і ў сучаснасці. Абхапіць усё жыццё разам, змяніць і вялікае і малае, пранікнуць далейшыя куткі жыцця аднэю прызнанай формай, адмятаючы без ніякага жалю ўсё непадобнае — ідэя ўсходу ўва ўсіх яго палітычных, сацыяльных і духоўных кірунках.

Усходні чалавек лічыць, што жыццё павінна быць вызначаным, што ў ім хаваецца нейкая адзіная праўдзівая сутнасць, каторую і патрэбна вызначыць. Дзеля гэтага на ўсходзе не могуць ужыцца дзве праціўныя ідэі; калі на захадзе барацьба вынікае толькі ў асобыя часы агульнага спалоху і тады па ўсёй зямлі ідзе забойства, гараць вогнішчы з ерэтыкамі і ворагамі, але потым, супакоіўшыся, варожыя кірункі мірна існуюць разам і знаходзяць кампраміс, згоду — змаганне на ўсходзе ідзе да той пары, пакуль не згіне апошні адкрыты вораг. Там кампрамісу няма, ўступкі не робіцца ні ў аднэй драбніцы. Дзеля гэтага, на ўсходзе адвеку садзяць у турмы і зневажаюць чалавека не за дзеі, а за тое, што ён голіць, або не голіць бараду, або не так, як трэба, носіць вопратку. Усе драбніцы, ўсе абставіны жыцця вымагаюць акрэслення вызначанасці. Ува ўсіх павінен быць адзін выгляд, адны пераконанні, адзін погляд на жыццё. Гэтым тлумачыцца дзіцячая самапеўнасць расейскіх камуністых, што яны ўсё жыццё пераробяць на адзін капыл. Чуваць, што яны лічаць неабходным стварыць сваю ўласную рэлігію, каб і ў гэтай галіне жыццё мела аднолькавы выгляд.

Такія жыццёвыя адносіны зусім незразумелы для захаду; ягоная культура, наадварот, уся вырасла на барацьбе са скрайнімі кірункамі, якія захацелі абхапіць жыццё цалком. У Зах. Еўропе не вытрымала спробы ідэя адзінай рэлігіі: каталіцтва не апанавала ўсіх краёў, а нарадзіла шмат пратэстанцкіх вучэнняў, што далёка разышліся, як ад свайго карэння, так і паміж сабой. Не зрэалізавалася ідэя «Свяшчэннай Імперыі», хоць у працягу сярэдніх вякоў гэтае пытанне стаяла на чарзе. Імперыя рассыпалася на 5—6, неспадобных адзін да аднаго гаспадарсцвенных арганізмаў, разлучаных геаграфічна і так сама разлучна пайшоўшых у сваім культурным жыцці.

Такі лёс кожнай шырокай ідэі, якая хоча абхапіць усё жыццё: яе ў Зах. Еўропе затруць, скароцяць, абцягнуць тысячамі кампрамісаў. Яшчэ прыклад: еўрапейскі сацыялізм. Другі Інтэрнацыянал, разбураны жыццём, цяпер шукае службовае пасады ў канцылярыях капіталізму. Наагул, у палітычным жыцці ў праціўнасць усходу, дзе не можа загінуць прынцып канцэнтрацыі ўлады ў адных руках, або ў цара, або ў класа, на захадзе ўся ўлада падзелена паміж уладаючымі класамі, але ніхто не мае поўнасці ўлады і не зусім адапхнуты ад яе. Сіла эканамічная таксама падзелена і ўласнасці ў народным багацці зусім не пазбаўлен навет пралетарыят, што зусім немагчыма для забітага, матэрыяльна беднага ўсходняга пралетарыяту. Акцыі расейскіх шахтаў, а ў часе вайны і гаспадарсцвенных пазычак куплялі французскія пралетары: кухаркі, пакаёўкі, швайцары, звозчыкі; вось чаму цяпер пасля нацыяналізацыі расейскіх шахтаў і скасавання даўгоў яны адчуваюць сябе пакрыўджанымі гаспадарамі расейскага дабра. Англійскі работнік, можа не ведаючы аб тым, карыстаў з эксплуатацыі індуса-земляроба, кафра-быдлавода; карыстаў прыбыткамі імперыялістычнага вырабу і гандлю, каб палепшыць свой дабрабыт: мець кватэру ў 3—4 пакоі, электрычнасць, газавую печ, піаніна, мягкія мэблі. Так само жыццё працівілася развіццю скрайнасцяў, ставячы ім апор. Навет такая ўмеркаваная ідэя, як Ліга Народаў, радзіўшыся ў Амерыцы, на еўрапейскім грунце пацярпела катастрофу, дзеля таго, што здавалася залішне радыкальнай.

Трэба адзначыць, як цікавае з’явішча заходняга жыцця, што разбітае войска прыхільнікаў нейкай ідэі не складае свайго аружжа, а, праграўшы бойку, пачынае існаваць, як звычайны агульна-грамадскі фактар. Бачым, што па катастрофе каталіцтва, яно існуе і карыстаецца ў нейкай часткі грамадзянства пашанай і падтрыманнем. Наагул, варожыя кірункі шукаюць паразумення, ідуць на згоду, абяцаюцца падтрымліваць адзін аднаго.

З гэтага выплывае нейкі распыл жыцця, існаванне шмат асобных, нічым не звязаных часцінак. Мір, як асобы, так і грамадзянства, не звязаны нейкім аб’яднаннем. Усё рассыпана, ўсё падзелена, воража настроенае жыве разам, згаджаецца, не пратэстуе. Да часу пакуль няма значнай перавагі, аснова зах.-еўрапейскіх адносін, кампраміс.


Мы, беларусы вагаліся паміж двума культурнымі тыпамі, не ведаючы да якога прылучыцца. Нам падабалася ўсходняя прастата, шчырасць, адпаведнасць выгляду нутранай сутнасці, якія вызначаюць чалавека ўсходу. Калі ён добры да каго, дык можа палажыць за яго сваю душу; калі ён кажа, што любіць, дык не зробіць ніякае прыкрасці. Старажытны прыклад — кіеўскі князь Святаслаў: ён ніколі не ўжываў хітрасці, здрады. Ідучы на ворагаў, папераджаў іх: «Іду на вы».

Гэта грунтоўная рыса ўсходу нам вельмі падабалася, але ўгледжваючыся ў жыццёвыя абставіны мы прыкмецілі, што правесці яе цалком у жыццё — немагчыма. Мы прыкмецілі, што апрача маны карыснай можа быць і ёсць яшчэ мана святая. Не толькі дзеля карысці і з прычыны нізкіх пабуджэнняў, нельга называць сваіх ворагаў — ворагамі, а з прычыны грунтоўнай нявыразнасці жыцця, калі часта самыя простыя рэчы трудна назваць іх уласнымі іменнямі. Прыклады на кожным кроку даводзяць нам аб гэтым. Не аб кожнай рэчы можна пеўна сказаць, ці любіш яе, ці не, ці добрая яна, ці благая. Вялікі абшар жыцця застаецца нявыразным цёмным і толькі з вялікай тугой гэта шэрае можна назваць белым, або чорным.

Тое, што захад уцяміў гэтую праўду, нам вельмі спадабалася і было вельмі прынадна. Заходняе цвярозае пачуццё здавалася нам зусім адпаведным да сапраўдных абставін жыцця. З гэтага пачуцця выплывае зах.-еўрапейская цярпімасць да розных кірункаў людскай думкі і яе праяваў, з гэтага вынікае і тое вельмі прыемнае асабістае захаванне заходняга еўрапейца, якое сваёй далікатнасцю так адзначае яго ад простага і грубога ўсходу.

Дык вось, нам вельмі падабалася і цягнула шчырасць і вызначанасць усходу, а з другога боку — большая аб’ектыўнасць і болей чалавечае захаванне захаду. Жыццё вымагала сінтэзу, згарманізавання абодвых кірункаў, але гэта, як убачым, зрабілася немагчымым.

У сваёй акрэсленасці кірунку, нахілу ўсё даводзіць да канчатку, ўсяму даваць аднолькавую форму, ўсход даходзіць да абсурду. Як драбніца, вышла і тое, што ўсход не прызнаваў нас, як беларусаў, а вымагаў ад нас прыняцця свайго ўсходняга выгляду, які, па ўсходняму разуменню, быў абавязковым. «Славянскіе ручьи сольются в русском море» — вось як падгрунтоўвалася абавязковасць абмаскаліцца. З гэтага вынікае гвалт і ўціск нашай індывідуальнасці, з гэтага — гвалтоўнае жаданне адняць наш твар. Яны не ўцямлялі, што разам з беларушчынай мы трацім і лепшую частку чалавечнасці.

Нашага вызвалення, нашага ратунку ад прымусу ўсходу мы чакалі ад захаду. Ён ішоў да нас з прыемнай усмешкай на рожавых вуснах, і мы гістарычна пазнаёміліся з гэтым ласкавым выглядам. Праўда, нашым бліжэйшым захадам былі славяне, палякі, і заходнія ўплывы прынялі ў іх спецыфічна-славянскія выразы, але ўсё ж гэта быў захад. Прынцып не толькі не лічыць шэрае чорным, але сцерагчыся і белае назваць белым быў прыняты і нашымі суседзямі. І глыбокія народныя гістарычныя даследзіны навучылі нас, што калі заходні чалавек робіць вам прыемнасць, дык гэта не знача, што з яго боку не будзе прыкрасці. Яго пацалунак сведчыць не толькі аб прыхільнасці, але і аб магчымасці здрады, такія ўжо глыбокія, народныя даследзіны.

Гэтая рыса Захаду моцна адчувалася ў яго адносінах да нас. Ён прынёс нам найлепшыя ідэі: гуманістычныя, ліберальныя, дэмакратычныя, але разам з пекнымі словамі заўсёды змяшчаліся гвалт духоўны і эканамічны, эксплуатацыя, ўціск, знявага. Пекныя словы і благія дзеі неяк дзіўна і незразумела для нас ужываліся ў заходнім жыцці.

Усход гвалціў нас у імя шырокіх заданняў: у імя зліцця ўсіх славянаў, у імя аб’яднання пралетарыяту ўсяго свету. І гэта не толькі адзнака маскалёў, а ўсяго ўсходу наогул, бо навет адзін харвацкі паэт і той кажа, што харваты абновяць свет, пойдуць на чале паўстання проці «гнілога захаду» і створаць вялікі ўсясветны культурны сінтэз. А захад не такі, захад такой абмылкі не зробіць: ён ведае няздольнасць, немагчымасць рэалізацыі такіх ідэй. Але практычна адносіны да нас усходу і захаду розняцца толькі ў драбніцах: не па сутнасці, а толькі па колькасці, велічыні. Усход адразу захоплівае шмат, захад — па сваёй далікатнасці — меней. Ніводзін еўрапейскі імперыялізм не параўнаецца ў сваіх замерах і планах з маскоўскім Інтэрнацыяналам, так сама і Варшава ніколі не квапілася на Маскву, або Прагу, тады як Масква зусім шчыра ў сваім славянафільсцве хоча валадаць і Прагай і Варшавай і Белградам і Сафіяй.

Затое захад — вялікі чалавек на малыя справы і яго здольнасці моцна адбіваюцца на беларускай шыі. Польшча не верыць у сваё славянскае прызванне, яе месіянізм — усходняга капыла, яго творца — беларус па крыві — Міцкевіч. Але для сапраўднага паляка яго мары — так, пекныя словы, а арганічна зразумелай і прыемнай польскаму сэрцу засталася «idea jagiełłońska», вельмі далёкая ад міцкевічаўскага месіянізму, толькі штучна ім прыаздобленая. Тут справа не ідзе аб усім свеце, аб усіх славянах, не — Польшча хоча быць «od morza do morza».

І вось ідзе гвалт над нашымі душамі, бо мы прыпадкова апыніліся так сама паміж абодвымі морамі. Тут захад ідзе з усёй жорсткасцю ўсходу: гвалт, прымус, здзек, вырыванне душы беларуса ідзе разам з усімі атрыбутамі прыемнага заходняга твару.


За даўгія вякі гнёту і здзеку над нашай душой мы ўцямілі, што якую скуру сілком не накінь чалавеку, ён застанецца незадаволеным, бо заўсёды ён захоча перш-наперш быць самім сабой, чалавекам, а не замарожаным каталіком, або праваслаўным, выгаленым на адзін капыл расейцам, ці паляком, прававерным буржуём, ці камуністым. У гэтыя цесныя мізэрныя рамкі не ўсадзіць вялікай душы чалавека. Векавое дасвядчэнне кажа нам, што вольнага развіцця нашага духу не запяўняе ні заходняя ні ўсходняя культура, бо яны абяртаюцца ў формах гвалтоўнага, людаежнага месіянізму і розніца між імі толькі ў назовах, лозунгах, а іх аціскаючыя ланцугі — аднолькавы для нашага духу.

Трэба шукаць на другіх шляхох…

Каб запеўніць нашаму народу вольную творчасць ува ўсіх галінах жыцця, трэба стварыць і адпаведныя, свае, беларускія, формы жыцця. Гэта ж зусім ясна, але ў светлым імкненні духовага адраджэння хаваецца і вялікая небяспека: каб як замест чужацкіх месіянізмаў не стварыць свайго, ўласнага, каб як, знойдзеныя формы новага беларускага жыцця, не зрабіліся для нас саміх вялікай турмой і здзекам. Бо на прыкладзе чужацкіх месіянізмаў мы бачылі, як страшэнна сціскае жыццё адтрымаўшая неакрэсленую ўладу форма. З нашага высокага парыву індывідуальнага і народнага адраджэння не створым жа гвалту і енку ні для іншых, ні для саміх сябе: не павінна быць беларускага месіянізму. І ў вялікім і малым, і для сваіх і чужых, ён — прымус, здзек і смерць. Уласным коштам — мільёнамі смерцяў, хваробы, нуды служылі мы чужацкім месіянізмам. Не на гэтай падставе збудуем нашу будучыню.

Трэба шукаць на другіх шляхох.

Трэба пазнаць, дзеля чаго сучаснае жыццё нашых суседзяў прыняло такія сціскаючыя, гвалтаўнічыя, бяздушныя формы.

Калаж: злева чорна-белае фота віленскай царквы Прачыстай Багародзіцы, перабудаванай у маскоўска-візантыйскім стылі, на фіялетавай плоскасці з подпісам «Усход»; справа гатычны касцёл Святой Ганны ў фіялетавым дуатоне з подпісам «Захад»; чорны круг у куце і вялікі надпіс «Паміж».
Вільня: царква Прачыстай Багародзіцы пасля перабудовы ў «маскоўскім» стылі (1914) і касцёл Святой Ганны (1919) · Калаж: Праксіс. Фота: Ян Булгак, грамадскі набытак

II

Стварэнне формаў і змаганне з імі — гістарычны змест Еўрапейскага жыцця. — Жывучасць сацыяльнай формы. — Духовае мяшчанства. — Патрэба зменнай, ліючайся формы.

Сучасныя еўрапейскія народы адтрымалі сваю культуру, як спадчыну антычнай імперыі. Духу элліна-рымскіх народаў прыняць яны не маглі; толькі жыццёвая патрэба выразнае формы ў гаспадарсцвеннасці, рэлігіі і іншых галінах быту прымусіла прыняць рымскі прыклад адміністрацыі, войска, рэлігіі, права, наогул, большасць палітычных, рэлігійных, эканамічных і іншых бытавых формаў.

Рымскае, а яшчэ раней Грэцкае гаспадарства згінулі з прычыны духовай распусты, дэмаралізацыі. Апошняя жа была вынікам канфлікту паміж асобай і хаўрусам, гаспадарствам. Хаўрус не адпавядаў жаданням асобы сваімі захопліваючымі імкненнямі, барацьба асобы проціў уціску хаўрусу здэмаралізавала і асобу і хаўрус, і яны загінулі. У змаганні між сабой гарадоў, гарадскіх партый і жадаючых безумоўнай волі адзінак развалілася элінскае гаспадарства. Рымская імперыя, наадварот, задавіла, згвалціла асобу, пашыраючы рабства, душачы грамадзянскае пачуццё, творачы саладкаваты шавінізм: «dulce et decorum est pro patria mori». Так згінуў і Рым, вырадзіўшыся ў вялікі хаўрус незадаволеных, узбаламучаных рабоў. Ні антычная думка, ні антычнае рэлігійнае пачуццё справы зносін асобы і хаўрусу не вырашылі, як не вырашылі пытання аб адносінах вечнага і смертнага, канечнага і бесканечнага. Гэтыя пытанні разам з выпрацаванымі формамі жыцця перайшлі да сучасных народаў.

Барбарская няўмеласць спраўляцца з усёю грамадаю і рознасцю жыццёвых праяваў выклікае прыхільнасць да заўсёднай, выразнай, вызначанай формы. У такой форме барбары пачулі патрэбу ў той час, калі іх сацыяльнае жыццё пашырылася і ўзмацавалася. Для індывідуальнасці не трэба формы. Дух жыве пачуццём, яму не трэба сімвалаў: «дух дышыць, гдзе хоча». Толькі ў зносінах з падобнымі да сябе, са светам надворным робіцца патрэбным вызначанасць — форма. Закон уласнага сумлення замяняецца агульна-абавязковай мораллю, фармальным, абычаевым правам, з якога развіваюцца ўсе іншыя формы прававога жыцця. Калі барбары стыкнуліся з выпрацаванай элінскай культурай, дык адразу на іх сацыяльнай творчасці моцна адбіліся антычныя ўплывы, але на жаль толькі з выгляднага боку. Спачатку бедныя барбары зусім не ведаюць духоўнай спадчыны старажытнасці, і толькі паволі з ею знаёмяцца. І гэта няведанне старога духу становіць сапраўдную нядолю новай Еўропы. Тое, што толькі цяпер пазнаў сучасны філосаф Бергсон, казаў 25 вякоў назад Геракліт Цёмны: «усё рушыцца, ўсё цячэ, нельга два разы плёхнуцца ў тую самую рэку», а прыхільнасць да заўсёднай здзеравянеўшай, змярцвелай формы, да нязменных рэчаў і ідэй высмеяў у сваіх камедыях Арыстафан.

І вось, еўрапеец стараецца здзейсніць сваю прыхільнасць да цвёрдых формаў: усход рыпаецца ўзяць візантыйскую спадчыну, як вала за рагі, і ў аднальковасць формы ўціснуць усё жыццё, не гледзячы на тое, што такі спосаб прыгнятае, губіць усё жывое; захад карыстае багаццём рымскае культуры і ў сваім жаданні ўсё ўсталяваць, вызначыць, спарадкаваць, хоча зафіксаваць вечную зменнасць і цякучасць жыцця, аб якіх казаў Геракліт, у вялікім ліку няжывых, затое цвёрдых, прыемных еўрапейскаму пачуццю формах. Сярэднія вякі праходзяць пад знакам устаноўленай формы, догмату, падпарадкавання аўтарытэтам.

З векам Адраджэння пачынаецца пратэст: у рэлігіі проціў догмату і формаў, у філасофіі і мастацтве — проці дазволенага і ўстаноўленага, ў палітыцы — проці суровых формаў людскога прыгону. Апошнія настроі выліваюцца ў цэлы рад паўстанняў па ўсёй Еўропе, пачынаючы ад паўстання ў Англіі 1381 г. і канчаючы «Сялянскай вайною» 1525 г. З’яўляецца вучэнне аб самацэннасці чалавека, яўляецца новы святы — Францішак з Асізіі, которы кажа ў праціўнасць афіцыяльным перакананням, што сутнасць чалавека і яго імкнення не грэшны і паскудны, а добры і светлы, што не трэба ланцугоў пакуты, што жыццё павінна быць радасным і прыгожым.

Адраджэнскі пратэст не здзейсніўся да канца дзеля сапсаванасці еўрапейца. Яму ізноў захацелася цвёрдай формы, ён не пазнаў яшчэ, што кожная гэткая форма-ланцуг для жыцця. Зноў ён звяртаецца да класічнай формы, і будуе па яе падставе ложна-класічнага мастацтва, асвету і мораль да новага пратэсту — Французскай рэвалюцыі, не ўцяміўшы таго, што старое аджыло, спарахнела, што нельга жывога ўкладаць у труну аджыўшага. На вогнішчах, запаленых рукой Кальвіна, гіне пратэстуючы дух пратэстанцкіх рэлігій; яны, паўсталыя з абурэння проці няжывой літары, хаваюцца ў плашч догмату і формы. Зноў усё, як быццам, замірае да новага спалоху.

Усход спазніўся блізка на два вякі. І ў Маскве вынікае пратэст проці душагубчай формы і разліваецца Смутным Часам, рэлігійным расколам, разінаўскім паўстаннем. Там справа не даходзіць ні да якіх вынікаў, бо пратэст не вылупляецца далей анархічных выпадаў. Заместа шукання іншых формаў, усход, з усёю сваёю скрайнасцю, адмаўляецца ад іх і, ясна, што жыццё, якое не можа ні моманту абысціся без формы — перамагае.


Можа гэтае зацверджанне гучыць крыху абстрактна, але зусім зразумела, што немаль, уся жыццёвая нядоля мае сваёй падставай неадпаведнасць жыццёвага зместу тым формам, у якія ён уложаны. Усе няшчасці, як індывідуальныя, так і сацыяльныя залежаць якраз ад таго, што формы жыцця заместа таго, каб служыць чалавеку, маюць сілу валадаць над ім, сціскаючы і затрымліваючы яго духовыя імкненні.

Формы жыцця нам не накідаюцца, мы самі творым іх, мы самі, ў часе патрэбы, надзявалі нашы ланцугі, але тады яны былі неабходнымі: стварылі сям’ю, гаспадарства, суд, касцёл, партыю; гэта стварылі мы самі; шмат чаго ўжо сціскае, душыць нашу вольнасць, але створаныя формы маюць сілу вялікай жыццёвасці. Заместа таго, каб служыць чалавеку ў яго жыццёвых патрэбах, форма сядае яму на шыю, пачынае кіраваць чалавекам, заціскаючы сваёй уладай праўдзівае чалавечае жыццё.

Змаганне духу проціў запанеўшай формы становіць змест жыцця й яго нядолю; патрэбна ліючаяся, зменная, заўсёды адпаведная жыццёвым праявам форма, але гэтага — няма.

Форма — вынік чалавечай творчасці, а чалавек творыць заўсёды кахаючы, ён любіць дзіця свае творчасці, жадае яму вечнага існавання: ў гэтым — першая падстава жыццёвасці і сілы формы. Моральны закон, абычаёвае права, ў творчасці якога прымае чын амаль што ўвесь народ, заўсёды мае адзнаку боскасці. Творацца легенды і казкі, што Бог сходзіў на зямлю і даў людзям гэты закон. Першы людскі моральны кодэкс — Дзесяць запаведзяў — прышоў з маланкаю і грамніцамі ад самаго Бога, каторы ў хмарах сходзіў на гару Сінай. Так, адзнакаю боскага натхнення народа надзяляе кожную абычаёвую форму. У гэтым яе сіла, магчымасць валадаць людцамі, гвалтаваць іх, калі форма навет страціць свой сэнс, і запатрабуецца новае.

Другая падстава жыццёвасці і сілы формы — карысць. Калі чалавеку, або грамадзе існуючая форма здаецца карыснай, тады заўсёды эгоістычныя мэты аздабляюцца існуючай формай. Так, формай касцёлу карысталася духавенства. Ідэя хрысціянскай любасці прыкрывала самыя дрэнныя карысныя замеры: «Хто дарыць цэркві — таму вечнае спасенне, хто адніме ад другога і дасць цэркві — так сама спасенне душы, а хто аднімае ад цэрквы, таму — пракленства і вечныя мукі». Так духавенства ўсходняе і заходняе карысталася прыхільнасцю народу да хрысціянства, каб павялічваць свой маёнтак. У свой час ідэя гаспадарства зрабілася канечнай, неабходнай: яе зрэалізавалі ў пеўных формах. Цяпер жа невялікія кучкі буржуазіі, шляхецтва ці палітычных бадзякаў напінаюць горла ад кахання да бацькаўшчыны. Справа ў тым, што форма сучаснага гаспадарства з яго паліцыяй, прымусам і турмамі запяўняе ўдачу іх цёмных справаў, і пратэст проціў вяльможнага машэнства раўняецца да здрады бацькаўшчыны і без літасці караецца. У парывах сацыяльнага натхнення родзяцца палітычныя партыі, а праз колькі гадоў, бачыш, жменька здольных хлапцоў круціць чалавечыя галовы, а разам не запамінае і аб сваёй кішэні.

Чым слабей развіта духовасць чалавека, тым большую вагу набірае форма: звычай, догмат, дактрына, незразумелы лозунг. Добра ведама сіла абычаёвага права ў сялянскіх масах, фанатычная рэлігійнасць у цёмных малаасвечаных народаў, іх прыхільнасць да патаемных рэлігійных формулаў у незразумелай мове. На нашых вачох вырастала дзіўная сіла палітычных лозунгаў, так сама незразумелых, а часам і пазбаўленых зместу, характару, як самага рэакцыйнага, так і ўльтра-радыкальнага, якія маса сустрачала дружнымі воплескамі.

Чым душа цямней, тым панаванне формулы непадзельней. На канчатак форма перакручваецца ў старажытнага малоха, ў вогненнае жарало каторага маткі кідалі сваіх дзяцей. Сколькі малохаў захавалася да нашага часу? Сколькі ім прынесена незразумелых, непатрэбных ахвяр. Псіхічная прыхільнасць масы, спрытная агітацыя — і зноў вантроба малохаў жрэ лепшыя светлыя, маладыя сілы чалавецтва, пеўныя ў тым, што яны гінуць за лепшыя ідэі чалавецтва, што яны прыносяць сваё жыццё на алтар агульна-светавой праўды.


Валаданне формы над жыццём накладае на яго сваю пячатку: забірае сілу патрэба нярухомасці і спакою. Заўсёднасць і цвёрдасць робіцца душы прыемнай і неабходнай, як патрэба хадзіць па цвёрдай зямлі, а не па вульканічным грунце.

І вось большасць еўрапейскага грамадзянства набывае ідэалогію, якую можна назваць — духовым мяшчанствам. Яно не лічыцца са зменнасцю, вечнай цякучасцю жыцця; вечная патрэба змяняцца, шукаць новага — надта марудная і клапатлівая праца. Адсюль выплывае прыхільнасць да рознага роду аўтарытэтаў, пашана да пісаных законаў і канстытуцый, зацверджанне дактрын, устаноўленай моралі; паважанне сваіх і чужых «цвёрдых» перакананняў, здольнасці чалавека пасвяціць ім сваё жыццё, не гледзячы на тое, ці адпавядаюць яны яго ўнутранаму перакананню, ці не: ўсё гэта не робіць клопату ў кожным выпадку думаць, як трэба рабіць, і звяртацца да ўласнага сумлення.

Культура духовага мяшчанства выгадавала дзве сапраўдныя сілы: моду і дысцыпліну. Мода моцна трымае жыццё ў сваёй уладзе: яе дыктатура пачынаецца ад выгляду вопраткі і канчаецца на перакананнях чалавека. Мода прымушае яго падпарадкавацца яе ўказам, угрунтаваўшыся ў самым сэрцы чалавека. Ён пачынае сароміцца свае вопраткі папярэдняга сезона, баіцца паказацца адсталым у сваіх перакананнях: рэлігійных, палітычных, філасофскіх. Мода стварае псіхоз на кіданне ў пратэстанства, вяртанне на старую веру, прымушаючы кожны раз чалавека заставацца артадоксам. Мода прымушае быць сацыялістым, ці раялістым, гледзячы па настрою масы. Працівіцца модзе — небяспечна, за гэта можна страціць галаву. Толькі адзінкі, вышэйшыя за масы, адважваюцца, ў часы рэвалюцый і, наогул масавага псіхозу, заставацца самі сабой. Ці ж можна было рызыкаваць пры трэцяй Імперыі быць камуністым, а пры камуне — прыхільнікам імперыі?

Калі не памагае мода, на сцэну выплывае дысцыпліна. Апошняя павінна бараніць выпрацаваныя ідэалы, берагчы існуючыя падставы жыцця. Дысцыпліна, вельмі паважаная праз грамадзянства, гэта — здольнасць пераламаць сябе і маўчаць, прымаючы тое, проці чаго дух пратэстуе, з чым сумленне не згаджаецца. Дысцыпліна пранікае ўсе куткі жыцця; яна бывае: рэлігійная, грамадзянская, партыйная, моральная, навуковая; ў кожным разе забараняе чалавеку рабіць па яго ўласнаму сумленню, а толькі па выпрацаванай форме. Гэта — ланцугі, каторымі свядома апутаны чалавек, каб ён сядзеў ціха і не рыпаўся.

Здаваленне існуючым і сабой асабліва характарызуе духовае мяшчанства, адсюль выплывае інерцыя і непатрэба ў змене старога новым. Заўсёды самае імкненне да такой змены разглядаецца, як праступак, годны кары. Ад духовага мяшчанства не ратуе ні нацыянальнасць, ні рэлігія, ні клас, ні партыя, ні прафесія.

Як толькі ідэя хаваецца ў драўлянасць формы, няма ратунку, яна трухлявее, знікае. Паглядзеце, што зрабілася з хрысціянствам і яго кірункамі, калі яно прыняло форму цэрквы. Дух яго знік, яго няма ў сучасных мураваных святынях. Дух нацыянальны заўсёды мацнейшы і чысцейшы ў народаў прыгнечаных. Разам з пачаткам рэалізацыі ўласнай гаспадарсцвеннасці, з яе ўціскам, нацыянальны дух прыніжаецца або і зусім гіне (прыклад Расеі, Польшчы).

Здавалася, што сацыялістычны, рэвалюцыйны рух вольны ад духовага мяшчанства. Жыццё даводзіць, што — не, што самая рэвалюцыйная ідэя, зрэалізаваная формулай, памірае ў сваёй сутнасці, траціць сваю жыццёвасць. Прыхільнасць да пісаных праграмаў, зацверджаных дактрын і лозунгаў так моцна навет у рэвалюцыянераў, што яны зараз жа накідаюць жыццю свае формулы і заместа таго, каб яго развіваць, мардуюць яго, зачараваныя гукам знаёмых лозунгаў, не бачачы, што ў труне формул калісь святыя ідэі змарнелі, спляснелі, што час прайшоў і вымагае новай творчасці.

Духовае мяшчанства было заўсёды, дзе захоўваліся святыя традыцыі, святыя асобы, рэчы і ідэі, прымусовае здаваленне існуючым, быццам «усё добра, лепей не трэба», — а ўсё гэта было адвеку. У нашы часы такі духовы светагляд зрабіўся, блізка што, агульным. Вольная творчасць уцякла ў навуковыя кабінеты і студыі, а жыццё цалком аддана ў працу форм для самых формаў. Запраўды, што робяць нашы парламенты, ўрады, суды, цэрквы, партыі, як не ўганяюць жыццё ў труну формаў? І якім чынам ідзе сама праца? — Характэрным з’явішчам Еўропы з’яўляецца канцылярыя. Праца яе сціснута статутамі, інструкцыямі, палажэннямі, і гэтай жа самай стравай яна трактуе тых, хто да канцылярыі звернецца. Уціснуць жыццё ў формулу — вось яе заданне. І з тым спраўляецца вельмі шчыра. Трэба прызнаць, што не толькі ўрады ўжываюць канцылярыю; яе дух прабіваецца туды, дзе павінна была б працаваць творчая сіла: ў перадавыя партыі, прафесіянальныя саюзы, кааператывы. Дух змярцвеласці вісіць над усёй грамадзянскай працай.


Час пераканацца, што няма формаў універсальных, формаў, абхопліваючых усё жыццё і яму адпаведных. Не затрымалася чалавечае сумленне ні на аднэй форме, цудоўны цяг імкне яго далей, вышэй. Упалі ўсе формы, якія хацелі панаваць над чалавекам, бо не можна з чыстым сумленнем пасвячаць ім свае душы. Ляжаць разбітыя і растрэсканыя каля ног чалавека малох рэлігіі, гаспадарства, пісанай моралі і яшчэ, і яшчэ.

Не мёртвыя формы, а сам чалавек — гаспадар свайго жыцця. Ён творыць усе формы жыцця, яны залежны ад чалавека, а не чалавек мусіць заставацца пад мёртвай уладай струхлеўшых формаў: рэлігіі, моралі, законаў, агульных зданняў. Час зразумець, што жыццё кіруе формамі, а не наадварот, што сам чалавек, яго вялікая, родная сонечным косам душа, яе натуральныя імкненні да святла, хараства, праўды — змест жыцця, што ў праўдзівым незалежным жыцці няма месца ні ідэалам, ні ахвярам.

Трэба памятаць, што жыццё цячэ, што душа чалавека не стаіць, што чалавек павінен укладаць сваё жыццё так, як яно развіваецца і ліецца. На жаль, гэта — незразумела і нячутна. Гэтае права гвалцяць і над ім здзекуюцца ад часоў, калі палалі жывыя вогнішчы Нерона і св. інквізіцыі і да нашых часоў кулямёту і гумовай палкі.

У абодвух культурах Еўропы над жыццём здзекуецца форма: ў аднэй — маналіт, у другой — рассыпаная ў крышталы. Бальзамаваць жа можна не жывых, а толькі трупы. Прырода нам даводзіць, што еднасць формы і сутнасці — неабходная ўмова жыцця. Форма павінна быць, без яе жывое не можа абысціся. Толькі бесканечнае, вечнае не мае формы. У форме — сутнасць матэрыяльнага жыцця. А яно ліецца, як рака, змяняецца, як косы сонца ў каплях расы. Чалавечая душа — такая ж капелька, іграючая кветкамі косаў. Трэба ж не сціскаць, не хаваць футлярамі гэтай ігры, трэба даць поўную магчымасць зіхацець нялічаным багаццем фарбаў. У гэтым сэнс жыцця і яго хараство.

У прытарнаванні формаў жыцця да гэтай зменнасці, ліючасці, ў шуканні формаў жыцця элястычных, цякучых, зменных — змест будучыны, змест індывідуальнага і сацыяльнага ідэалу.

Графічны калаж: шчыльная сетка чорных квадратаў, адна клетка пустая — з яе вырываецца фіялетавы клін да вялікага фіялетавага круга; вялікі надпіс «Форма» і подпісы «Духовае мяшчанства», «Канцылярыя / малох», «Жыццё кіруе формамі, а не наадварот».
«Час зразумець, што жыццё кіруе формамі, а не наадварот» · Калаж: Праксіс

III

Творчасць, як жыццёвая падстава. — Творчасць, як касмічная сіла. — Сучасная палітычная чыннасць не запэўняе сацыяльнай творчасці. — Незалежніцкае імкненне. — «Усё існуючае — разумна»… — «Усё існуючае — неразумна»… — «Усё існуючае — творча».

Да нашай пары мэтай выхавання было — навучыць жыццю: гэта знача, даць чалавеку гатовыя шаблоны, як кіравацца ў тых, ці іншых выпадках. Выхаванне імкнула, каб выпрацаваць у чалавеку пашану да прызнаных праўд, каб імі кіравалася чалавечае сумленне. Існавала і існуе перакананне, што ёсць нейкі філасофскі камень, які памагае на ўсіх шляхах і сцежках.

І вось, што выпрацавалі такія зданні: таннае самаздаваленне, духовае мяшчанства, стаячае балота, адсутнасць творчасці. Праўда, трудней кожную часіну тварыць, чым ужываць гатовае, лягчэй здаваляцца зацверджаным прыкладам, чым шукаць адпаведнейшага, але хараство і шчасце жыцця якраз залежаць ад таго, ці прытарнаваны да яго, ці адпавядаюць яму формы, ў якія жыццё ўкладаецца. Тут не можа быць нічога гатовага, навучанага, зацверджанага. Тут не падойдуць старыя шаблоны, бо яны зробяцца толькі гвалтоўнымі, непатрэбнымі і цяжкімі.

Сапраўднай падставай жыцця можа быць толькі творчасць. Творчасць на кожным кроку: ў штодзеннай працы, ў сямейных адносінах, у грамадзянскім руху. Толькі тады жыцця не будзе сціскаць форма, і чалавек здаволіць сваё прыроднае імкненне быць тварцом. Цяпер жыццё поўна нядолі, бо мы не ўмеем быць тварцамі. Мы робім з нашага жыцця нямілую ні сабе, ні каму іншаму турму, і нярухомы, нятворчы дух пануе ў нашай панурай штодзеннасці. Нятворчыя рабы, мы лёгка схіляемся прад кожным ідалам формай. Толькі невялічкая частка людзей хочуць быць сапраўднымі творцамі, ды заказаны ім творчыя шляхі ў абшары грамадзянскай асабістай штодзеннасці, і ўся іх творчая энергія кіруецца ў вольныя даліны мастацтва і навукі.

Сапраўды, што такое — мастацтва? Гэта, — перш-наперш, тварэнне чыстай формы, бесканечнае, невычарпанае тварэнне. Чым вышэй мастацтва, тым ясней у ім самастойнае шуканне і стварэнне формы. Змест усё болей адрываецца ад жыцця, абасабляецца. Літаратура пераходзіць у музыку, малярства, ў скульптуру; і ў музыцы гук пачынае жыць самастойным жыццём; нас цікавіць гармонія гукаў у тэй форме, якую яны прымаюць у музычным творы. У скульптуры асобную значнасць мае цела, маса, каторая пад рукой мастака пачынае жыць уласнай гармоніяй, якой няма ў сапраўдным жыцці.

Праўда, такой гармоніі паміж зместам і формай у жыцці няма, і мастацтва нам дае толькі прыклад таго творчага жыцця, якое павінны тварыць і людзі.

Што мы далей бачым у мастацтве. Ці яно калі-небудзь здаволена, ці мастак калі-небудзь схінае галаву перад споўненым творам, ці пакланяецца ён створанай форме. — Не!…

Твор скончаны, душа выявілася… і далей, далей безупынна, без устанку. Для мастака няма такога, самаздавалення. Калі душа вылілася ў адным абразе, яна ўжо перарастае яго, шукае ў глыбіні свае сонечнае істоты яшчэ глыбейшага, яшчэ адпаведнейшага сваёй нутранай праўдзе. Дзеля гэтага мастацтва не мае свайго канону, не мае зацверджаных шляхаў, абразкоў. Калі мастацтва ўступае на гэты шлях, яно гіне: так было з усімі прыкладамі мастацкага акадэмізму. Апошні, як прызнанне азначаных шляхоў мастацтва і нейкіх абавязкавых абразкоў, душыць вольны творчы дух, і, не творачы нічога новага, нарэшце, гіне ўва ўласным соку.

Вось як рашае пытанне аб цякучасці жывой чалавечай душы і прытарнаванні да яе формы — вышэйшая чалавечая парода, найболей сумленная парода творцаў: безустаннай творчасцю, адсутнасцю самаздавалення, вечным шуканнем, вечным імкненнем далей, у глыбіню жыцця.

Вось і мы ў нашым штодзенным жыцці павінны стаць такімі тварцамі. Здзейснілі адну форму жыцця, а ўжо ў глыбіні душы хаваецца новае; яшчэ смутнае і нявыразнае, а ўжо нездаваленне, што дрэнна і тое й гэтае. Не глушэце такога нездавалення і сапраўды не «усё існуючае — разумна», верце голасу вашага сумлення, жаданню змяніць, палепшыць жыццё. Разумней паляпшаць паступова, кожны дзень, слухаючы голасу сумлення, чым у гаротныя часы рэвалюцый не быць у сілах стрымліваць голасу помсты і крыўды.

Хай не будзе для чалавека нічога нярухамога, святога: ні дактрын, хаваючых усё жыццё ў труну выразнай формы, ні зацверджанай моралі на кожны дзень і гадзіну, на кожнае ўздыханне. Хай не будзе срогіх дырэктываў, падстава якіх незразумела і далёка пачуццю. Хай не будзе «чалавекаў у футлярах», прыбраных золатам, з важнымі мінамі, і пустых у сярэдзіне, як тыя «гробы павапленыя». Бо ўсё гэта затрымлівае жыццё, пазбаўляе яго творчасці. Хай гучыць у сэрцы кожнага старое, як свет, і, як ён, праўдзівае:

«Усё рушыцца, ўсё цячэ, нельга два разы плёхнуцца ў адну раку».


Душа чалавечая, што прыходзіць у свет падзівіцца з яго хараства, што прыходзіць адзін раз у свет, ні да каго не падобная і адзіная на сваім шляху і назаўсёды выходзіць з матэрыяльнага жыцця, такая душа чалавечая павінна чуць сваё права жыць і тварыць, як кажа яе сумленне. Ніхто іншы не створыць душы, не заменіць ніводнага дня, ніводнай часіны яе самастойнага, самацэннага жыцця. Чалавечая душа, што прышла ў свет адбіць радасць ігры жыццявых косаў, напаіцца іх цяплом і ласкай, павінна развярнуць усю моц свае творчасці, каб зліцца ў творчым тэмпе сусветнага дыхання, сусветнай гармоніі, прысутнасць якой адчувалі зорныя душы піфагарэйцаў, каб потым у жыццявым стамленні схіліцца ўзноў на ўлонне вялікай Маткі-Матэрыі, Маткі-нявыразнасці, Маткі-непачатасці, поўнай сілы і моцы, поўнай смутку і нераджонага жыцця.

Матка-Матэрыя — падстава ўсяго існуючага. У ёй зліты ўсе сілы: варожыя і кахаючыя, творчыя і руйнуючыя, але сама яна — нявыразнасць, незразумеласць, — толькі магчымасць тварыць, а не самая творчасць. Яна — аснова жыцця… Як старавечны бог Ксенафана — камяк гразі, дзе змешаны вада і зямля, паветра і агонь — у нявыразнасці, толькі ў магчымасці і жаданні радзіцца, стварыцца. Поўна Яна смутку, поўна галасоў няясных, быццам шапаценне нераспушчанага лісця, лепету нерадзіўшыхся дзяцей і звяркоў: быццам сокі жыцця бродзяць, шукаючы свету, чакаючы свайго нараджэння.

Вось адхіляецца прадвечны туман, быццам хмары нараджаюцца, быццам тоненькія цуркі цягнуцца ўвыш, угару… родзіцца першы нагад на жыццё: падзяляецца свет і нявыразнасць змроку…, але яшчэ няма самага жыцця, няма творчасці. А калі зазіхаціць першая маланка, шырокай бліскучай істужкай, злучаючы высокія, быццам пазбаўленыя цяжкасці, хмары і цёмнае, чорнае, нявыразнае ўлонне Маці-Матэрыі, загрымяць грамніцы, патрасаючы выразным грукатам прадвечную безгалоснасць, гэта — прачхнуўся, вышаўшы з лана Маці, адвечны Купала, гэта яго павіншаванне сваёй матцы, гэта — першая ласка сваёй жонцы. І ў стамленні завеяўшага цяпла, дажджу і свету пруць узвыш яшчэ ў зыбанні дажыццявога туману першыя расціны, каторым жыццё дае Матка-Матэрыя і благаслаўляе прыгожай формай і хараством Бацька-Купала, жыватворны дух, жыватворная форма… Вось адвечная гармонія паміж нявыразнасцю-матэрыяй, істотай усяго жывога, з творчым духам, каторы дае ўсяму жывому форму.

І мы — з лана Маткі-Матэрыі з вечным творчым духам агнявога Купалы, прыходзім у свет, каб тварыць формы, каб з мацярынскай нявыразнасці стварыць нешта «па свайму образу і падобію», па образу нашай праменнай душы. Хай жа тое, што мы творым не робіцца нашымі багамі, бо мы яго творым, а не яно нас.


Калі асобная адзінка можа знайсці свой індывідуальны ратунак у мастацкай, або навуковай творчасці, дык у сферы сацыяльнай справа стаіць не так проста. Сацыяльная творчасць затрымліваецца і робіцца блізка, што немагчымай з дзвёх прычын: першае, што некаторымі сацыяльнымі формамі карыстаюцца валадаючыя класы і штучна затрымліваюць іх развіццё, а другое, што ўмовы сацыяльнай творчасці вымагаюць болей спрыяючых абставін, чымся для творчасці індывідуальнай. Нельга зразумець такой магчымасці, каб учарайшы раб зрабіўся незалежным гаспадаром свайго жыцця, каб учарайшыя падмятальшчыкі вуліц апынуліся вольнымі мастакамі. Дужа цяжка выхаваць у кожнай адзінцы імкненне да агульнай творчасці, зразуменне неабходнасці ісці наперад, а не здаваляцца існуючым.

Дзеля гэтага да нашых часоў сацыяльная творчасць мас ідзе не безупынна, а скокамі. Творчасць мас павінна перамагчы інерцыю зацікаўленых класаў, і заўсёды толькі праз пераварот і рэвалюцыю масы ідуць да сацыяльнай творчасці. Такі шлях — ненормальны, негарманічны і неэканомны ў страце чалавечай сілы. Масы павінны мець сталую магчымасць творчасці, але ў сучаснасці такой магчымасці нельга дасягнуць. Блізкая мінуўшчына вучыць нас, што адных рэвалюцый яшчэ далёка недаволі. Запэўніць творчасць сацыяльную можа толькі творчая адзінка, маса творчых асоб. Творчасць мас грунтуецца на творчасці адзінак. Прыклад Расеі кажа нам, што рэвалюцыя без індывідуальнае творчасці — толькі вялікая смута без конца і прасвету.

Выходзіць нейкі зачараваны круг: для сацыяльнай творчасці павінна быць творчая адзінка, але ўзгадаванне гэтай адзінкі ў значнай частцы залежыць ад развіцця сацыяльнай творчасці.

На жаль усё тое, што цяпер робіцца ў грамадзянскім жыцці, якое мае свой найбольш інтэнсіўны выраз у палітычнай працы, вельмі далёка ад дасягнення сацыяльнай творчасці, ад узгадавання творчай адзінкі. Сучаснае грамадзянства, разбітае на класы, хоча здзейсніць свой сацыяльны ідэал палітычным шляхам, г. з. захапіўшы ў свае рукі ўладу, або маючы на яе значны ўплыў. Грунтуючыся на нейкім класе, кожная партыя мусіць правадзіць думкі, карысныя для гэтага класа. Партыя заўсёды кажа аб «рэальнай палітыцы», аб тым, што ў палітыцы няма сентыментаў, кажа аб канечнасці «заднаважання» інтарэсаў па іх сапраўднай грамадзянскай вазе. Гэта знача, што справа заўсёды канчаецца тым, што чыя «вага» — большая, ў каго матэрыяльная сіла — вялікшая, той усім і круціць. Праўда, кожная партыя мае харошую праграму, якая пачынаецца словамі аб дабры ўсяго народу, дзе спамінаецца аб лепшых чалавечых ідэалах, але аб істоце харошых слоў трэба разважаць па дзеле.

Напрыклад, Беларусі прышлося практычна пазнаёміцца з рознымі палітычнымі ўплывамі. Што ж можна сказаць аб партыях дэмакратычных. Перш-наперш, неадпаведнасць харошых слоў і дзела, ў каторай выяўляецца класавая прагавітасць і ўсё душачае, гвалцянае, сціскаючае ў сваіх ланцугох, духовае мяшчанства, аб якім казалі вышэй. Направер, калі выяўляюцца вынікі «рэальнай палітыкі», дык з-пад штандару з харошымі словамі «вольныя з вольнымі, роўныя з роўнымі» выглядае прагавіты твар шляхціца. І гэта зразумела, бо пры палітыцы рэальнай і дэмакратычнай, якая не хоча лавіць жураўлёў у небе, заўсёды ідзе аб скурных класавых інтарэсах, аб скарыстанні абавязкавага, прымусовага стану рэчаў у гаспадарстве. Тут нельга думаць аб магчымасці сацыяльнай творчасці.

Няздольнасць сацыяльнай працы ў палітычнай форме датычыцца ўсіх партый, стоячых на класавым грунце. Карысна — класавая адзнака характарызуе не толькі буржуазна-дэмакратычныя партыі, але й сацыялістычныя. Прызнаць палітычную няздольнасць сацыялізму тым горай, што да апошніх часоў сацыялізм быў адзінаю касулькаю, адзінай надзеяй на магчымасць лепшай будучыны*. Сацыялістычныя мучанікі сваёй крывёй, сваім бязрадасным, ахвярным жыццём без святла і асабістага шчасця рабілі, здавалася, фундамент сонечнай будучыны. Пачаткавы сацыялізм Р. Оўэна, Ш. Фур’е, Сен-Сімона, які звалі ўтапічным, вязаў духовыя сувязі са ўсімі лепшымі барцамі за чалавецтва — першымі хрысціянамі, гуманістамі… На іх штандарах стаяла: шчасце ўсіх, шчасце адзінкі. Так яшчэ Піліп Фор у ноч перад лютавым паўстаннем парыскага пралетарыяту (1848 г.), не ведаючы аб дактрыне Маркса, што шлях сацыялізму ідзе праз захапленне палітычнай улады сацыялістычным пралетарыятам, але чуючы моцна сваю сувязь з тым Першым, што апавясціў уваскрасенне праменнай чалавечнай душы над цёмраю і смерцю жыцця, пісаў так: «Божа, даруй нам тое, што мы не можам ісці па Твайму шляху мучаніцтва, а станем заўтра на крывавую барацьбу».

І шмат паўстаўшых сталі сапраўднымі мучанікамі. На крывавым шляху сацыялістычнага мучаніцтва лятуцелі не аб захапленні ўлады, не аб дыктатуры штыха і кулямёта, а аб звальненні чалавечага духу, аб праменнасці жыцця для ўсіх зняважаных і пакрыўджаных.

Так было да тэй пары, пакуль сацыялісты не пашлі на палітычную працу ў буржуазным, класавым гаспадарстве. Пачынаючы ад Маркса, згаслі вялікія жаданні і лятункі аб вольным чалавеку. Заместа «утопій» высунулася «навучная» ідэя захаплення палітычнага апарату, каб сілком вясці масы ў сацыялістычны рай. Натхнёнасць сацыялізму знікла, замянілася пустой, буржуазнага характару, крыважорнай дактрынаю: Маркс спусціў сацыялізм з «утапічнага неба» ўроўнь звычайнай дэмакратычнай партыі, якая марыць аб захапленні ўлады, змяніўшы святую справу чалавечага вызвалення на дасягненне класавай перамогі. Праўда, трэба ўзяць пад увагу, што тут ідзе аб класе прыгнечаным, абрабаваным; але кожны, хто ведае сучасныя адносіны, павінен прызнаць, што з учарайшняга раба, выходзіць найлепшы рабаўладца. Знача, справа не ў тым, хто будзе каваць кайданы, а хто будзе насіць іх, справа ў тым, каб зусім спыніць няволю. Марксістыя адкажуць, што ў ідэале захаплення ўлады і дыктатуры ёсць адсутнасць прыгнечаных, бо ўладаром павінны быць усе прыгнечаныя, ўсе працуючыя. Направер выходзіць не так. Як толькі выяўляецца элемент улады, яна заўсёды застанецца ў руках невялікай групы: такая ўжо істота ўлады. Марксізм лічыць магчымым даць уладу толькі пралетарыяту, а сялянства павінна цярпець яго хоць і «працоўную» дыктатуру. Знача, ўжо рабы і ўладары ёсць; і прыклад камуністычнага доследу Расеі сведчыць, што працоўныя ўладары могуць быць вельмі жорсткі і несправядлівы да сваіх працуючых рабоў.

Сур’ёзна казаць аб розніцы паміж сацыялізмам і камунізмам, ведама, не можна, бо ў іх адзін слуп — марксізм і дактрына захаплення ўлады. Тое, што робяць маскоўскія камуністыя, ў належачых абставінах паўтарылі б і варшаўскія сацыялістыя. Розніца толькі ў тым, што сацыялістыя — болей практычныя рэалістыя, а камуністыя-рамантыкі не без дзіцячай самапеўнасці. Але як адзін, так і другі кірунак жадае здзейсніць дыктатуру пралетарыяту, абмінаючы другія безумоўна працоўныя класы, бо аб апошніх марксізм заўсёды кажа з вялікім тактычным рэверансам.

Ёсць яшчэ грамадскія кірункі, якія завуць сябе сацыялістымі, але з марксізмам супольнага маюць або мала, або воража да яго настроены. Гэта тыя, што прызналі спадчыну «утапічнага» сацыялізму: на захадзе — хрысціянскія сацыялістыя, на ўсходзе — народнікі (палітычны іх выраз — эс-эры). Беларускія рэвалюцыённыя сацыялістыя (быўшыя с.-р.), маючыя свае карані ў народніцтве моцна адхіліліся ў бок марксізму. Што гэта — наплывовае, ці істотнае — таксама будучына. Гэтыя кірункі сацыялізму болей чулыя да справы агульначалавечага адраджэння, вераць у неабходнасць творчай чалавечай адзінкі, меней апіраюцца на класавы грунт, але практычна… як кожная секта былі абхоплены духовым мяшчанствам, застылі ў пакланенні дактрынам і аўтарытэтам і меней дасягнулі, чымся іх спрытныя калегі. Але трэба прызнаць, што гэты немарксісцкі сацыялізм мае жывыя карані ў грунце жыцця і змярцвеў толькі з-за свайго сектанцтва, вузкасці, духовага мяшчанства, каторае пашкодзіла яму выйсці на шырокі шлях.

Так не здолелі актыўныя палітычныя партыі развязаць справу вольнай творчай асобы і сацыяльнай творчасці, бо ў ідэале кожнай быў ланцуг, прымус, дыктатура, як для іншых, так і на саміх сябе. Сучасныя партыйна-класавыя групы і ўрады, што апіраюцца на такія групы, скончылі поўным банкруцтвам. Сваймі сіламі, не грунтуючыся на ўсёй грамадзянскай працоўнай масе, а толькі баючыся і асцярагаючыся яе, яны не здолелі здзейсніць тых лозунгаў, якія так шчодра абяцалі сваім народам. Усе дэмакратычныя вольнасці здратаваны дэмакратычнымі ўрадамі, сацыялістычны ідэал зусім далёкі ад здзейснення ўрадамі, якія завуць сябе сацыялістычнымі. Ніхто з сучасных свядомых грамадзян, калі ён не адтрымлівае значнай урадавай падмогі, шчыра не пойдзе бараніць афіцыяльных перакананняў, ніхто не пойдзе паміраць за гукі дэмакратычнай марсельезы ці сацыялістычнага інтэрнацыяналу. Так тыя, што пачыналі шумлівай палітычнай бутафорыяй, вывярнулі шубу шэрсцю ўверх. Іх сучасная, гінучая сіла апіраецца, пакуль, на народнай цемнаце і несвядомасці, на прыхільнасці да гучных, незразумелых формул-заклінанняў.

* Шмат якія індывідуальныя вывады аўтара наўрад ці могуць застацца без усялякай дыскусіі. Аднак, з прычыны браку спецыяльнай беларускай літаратуры мы не можам не даць аўтару поўнай свабоды выказацца так, ці йначай па тых пытаннях, на якія мы маем іншы пагляд. — Рэд. «Н. Д.» [Заўвага рэдакцыі віленскай газеты «Наша думка», дзе «Адвечным шляхам» друкаваўся ўпершыню; у кнізе яна захаваная. — Заўв. рэд.]


Калаж: карціна Фердынанда Рушчыца «Зямля» ў фіялетавым дуатоне — аратай з парай валоў на ўзгорку пад вялізнымі хмарамі; фіялетавы круг, вялікі надпіс «Тварыць» і подпіс «Матка-Матэрыя і Бацька-Купала».
Фердынанд Рушчыц, «Зямля», 1898 · Калаж: Праксіс. Карціна — грамадскі набытак (Нацыянальны музей у Варшаве)

У апошнія гады беларусы практычна пазнаёміліся, амаль, што з усімі кірункамі палітычнай думкі, і хто б да нас ні прыходзіў, ніхто не папытаў наш працоўны, сялянскі народ, ці таго ён хоча; ніхто не зацікавіўся, а як жа ён надумаў пабудаваць сваё жыццё. Навет магчымасці голасна гаварыць, ці тарнуецца тое, што нам прапануюць няпрошаныя госці, не было дано беларускаму народу. Лозунгі захацелі жыць і даводзілі сваю жыццёвасць сілай пагрозы расстрэлу, катаваннем гумовай палкай, здзекам над кожнай праявай свядомых адносін да свайго зместу. Толькі засценкі ўсходу і захаду могуць пасведчыць колькі чалавечых ахвяр прынясла Беларусь за самае маленькае імкненне быць сама сабой. Трудна ў такіх абставінах казаць аб сацыяльнай творчасці, калі да нас прыходзілі з гатовымі формуламі і прымушалі супакоіцца на такім пракруставым ложы. Казаць аб сацыяльнай творчасці ў нашым становішчы, гэта — казаць няпрыстойныя анекдоты ў доме мерцвяка.

А жыццё цячэ. Можна з пеўнасцю сцвердзіць, што ўжо ўсё тое, з чым прышлі да народу нечаканыя апякуны, ўсё гэта ўжо спарахнела і зусім нягожа да жывога. Бо галоўнай умовы грамадзянскага жыцця — магчымасці тварыць — мы не маем.

Перажытае і тыя акалічнасці, якія мы наглядаем навакол сябе, кажуць нам, што запеўніць магчымасць грамадзянскай творчасці мы можам толькі ў разе адсутнасці перш-наперш чужынскага прымусу. З гэтага выплывае падстава да неабходнасці палітычнай незалежнасці, як першая падстава для народу быць самім сабой. У гэтым кірунку пачала працаваць беларуская палітычная думка. Але трэба адзначыць, што дамаганню незалежнасці, як падставе грамадскай творчасці, гэтай творчасці і не хапала. Трэба прызнацца, што справа незалежнасці толькі ў першыя часы свае неазначанасці мела свой праўдзівы, шчыры характар, за што той перыяд (ураду А. Луцкевіча) і можна назваць «утапічным», рамантычным. Калі ж справа незалежнасці скіравалася на практычны шлях сучаснай палітычнай працы, яна апынулася ў шпонах палітычнага прымусу, палітычна-класавай зацікаўленасці і ад сучаснай палітыкі мала чаго можа чакаць народ, быццам ён выкарыстае яе для свае народнае творчасці.

Як жа стаіць справа ў жыцці? Першы беларускі Ўрад, што стаяў на грунце прынцыповай незалежнасці, не дасягнуў ніякіх практычных вынікаў. Першымі спробамі «рэальнай» палітыкі былі спробы яго наступнікаў. Так, знамянітая «Найвышэйшая Рада», або «Дырэкторыя», хацела згаварыцца са шляхоцкім урадам Пілсудскага, і, пеўна, стоячы на грунце незалежнасці, Дырэкторыя была фактычна блізка ад здавалення культурна-нацыянальнай аўтаноміяй, аб чым сведчыць прамова ў Польскім Сойме прэм’ера Скульскага. Гэты кірунак, як мала жыццёвы, практычна-адкінуты.

У ліпні 20 г. групка федэралістычна настроенай беларускай інтэлігенцыі прызнала «беларускі савецкі ўрад»: савецкую Беларусь за магчымасць легальнай працы. І гэтая спроба рассыпалася, не пакінуўшы навет ніякіх слядоў.

Цяпер найболей рэальным шляхам здаецца ўмова с.-р.-аўскага ўраду з ліцвінамі. Але і тут толькі сляпы не ўбачыць, што палітыка міністэрства па беларускім справам у Ліцве, сведчыць аб тым, што ліцвіны маюць уласныя зданні, непадобныя да зданняў саміх беларусаў.

На гэтых кароткіх увагах хацелася затрымацца, каб паказаць, што ў сучасных умовах так далёка нам яшчэ да запеўнення грамадзянскай творчасці шляхам аднэй палітычнай працы. Ясна, што пад чужацкім панаваннем мы, як і іншыя, здаровыя народы, ахвяраваны на паўстанне, або на дэгенерацыю. Але і сучасная палітычная дзейнасць у кірунку незалежнасці, падгрунтаваная на захапленні ўлады палітычна-класавымі органамі, мала можа здаволіць сумленнага чалавека. Яна не дасягне ўсё роўна забеспячэння грамадскае самадзейнасці і можа выклікаць новую роспач і нездаваленне.

Нашы прарокі-песняры, мусіць, марылі аб сапраўдна вольным жыцці ў сваіх несмяротных абразох:

І будзе ўнукаў панаванне / Там, дзе сягоння плача дзед (Я. Купала)

аб праўдзівай незалежнасці, вольнасці духу:

Прыдзе к нам воля святая чаканая (А. Гарун).

бо гэтыя пранікаючыя словы не могуць адносіцца да куртатай палітычнай незалежнасці пад ласкай сімпатычных суседзяў, ці навет аб незалежнасці гаспадарсцвеннай з абавязковай дыктатурай, якой-небудзь, кіруючага класа. Бо для нас грамадзян-беларусаў усё роўна, хто паложыць на наш стол свой капыт у лякерках, ці свой шляхціц-пан, ці сацыялістычны таварыш, ці запанеўшы мужык, — не ў гэтым знойдзе свой выраз «воля святая, чаканая»… Не аб гэтым лятуцелі вяшчуны.

І вось, калі чалавек даволі малады сэрцам, каб мець надзею, што з жыцця можна зрабіць нешта цікавае і каштоўнае, затрымаецца думкай над сучасным жыццём, дык спачатку яму пачне здавацца, што выхаду няма, што светлае і праменнае — толькі мана, а направер усё апыняецца пылам і граззю. Запраўды, гдзе ж той светагляд актыўных людзей, шчыра кахаючых працоўны народ, для якіх яго доля — іх доля, дзе ж такі светагляд каб ён здаволіў сумленнага чалавека?

Усе існуючыя пагляды на жыццё можна груба і прыблізна падзяліць на два станы: адны кажуць — «усё існуючае разумна», другія ж — неразумна. Хай выбачыць нам Гегель, што мы яго формулу скарыстаем у тым сэнсе, як яе ўжывае грамадзянства, а не ў точна такім, які ўлажыў у яе вялікі філосаф.

Прыхільнікі таго, што «усё існуючае — разумна», не становяць, якой-небудзь, выразнай групы, тут мы знойдзем думкі і кірункі, належачыя да розных чалавечых груп. Найболей выразны прадстаўнік гэтага кірунку — афіцыяльнае хрысціянства, як яго тлумачыць духавенства. «Любі бліжняга і не рыпайся, бо нічога не зробіш… Ніводзін волас не спадзе з твае галавы па тваёй волі… Калі бачыш несправядлівасць, гэта ад Бога, так павінна быць… Паважай начальнікаў, не лай багатых, бо нічога не паможа»… Быццам так запаведаў Той, быццам такі гнілы спакой запаведаў Той, хто казаў: «не мір прынёс Я вам, а меч». Быццам Той казаў паважаць безумоўна старэйшых, Хто, блішчучы вачыма, мятаў на іх громы і самую крыўдную лаянку: «Ліцамеры, змеі, параджэнні ехідніны… вар’яты і сляпыя… хай упадзе на вас уся кроў праведная, якую вы пралілі… вось застаўляецца дом ваш пуст»… і гразіў ім вечным агнём і скрыгатаннем зубоў і праклонам, як на няплодную смакоўніцу.

«На маісеявым сядалішчы селі кніжнікі і фарысеі», гэта ж літаральна адносіцца да сучасных прапаведнікаў афіцыяльнага хрысціянства, каторыя забыліся аб тым, што «і Айцом нікога не завеце, бо адзін у вас Айцец на небе, і настаўнікамі не завецеся, бо адзін настаўнік — Хрыстос». Сучасныя айцы і настаўнікі высмакталі з пальца тое, чаму вучаць народ, і істота вялікага, несмяротнага вучэння ў іх вуснах пажоўкла, ссохла, страціла жывы дух. Хрыстос казаў, што мы — сыны Божыя, нам кажуць, што мы дзеці нячысціка. Ён казаў, што мы павінны рабіць волю Айца нашага нябеснага, сучасныя айцы і настаўнікі, што — іхнюю, бо вольны, творчы дух не ад Бога, а нячысціка. Так адмаўляецца творчасць, імкненне да святлейшага, а жыццё ўганяецца ў форму выгляднай набожнасці.

А вось з другога канца вучэнне аб разумнасці існуючага. «Усе факты грамадскага жыцця знаходзяцца ў залежнасці ад „гістарычнай неабходнасці“». Тое, што ёсць, мае сваю гістарычную падставу — такая істота погляду на жыццё, як рэформа — сацыялістаў, якіх камуністыя завуць сацыял-здрайцамі, так і кожнага, хто хацеў нешта стварыць з жыцця і спасаваў перад ім. Мы бачылі праменнасць пахаджэння самага сацыялізму, а рэфармістыя кажуць: «вось гэтыя з’явішчы жыцця — гістарычны, неабходны, знача і сацыялісты навет іх павінен прыняць… Бараніць бацькаўшчыну трэба, — знача, трэба войска. Трэба войска — патрэбны вайсковыя крэдыты. Вайна вымагае тайны, знача, гэтыя крэдыты не падлягаюць народнаму кантролю». Так рэфармістыя адмаўляюцца патроху ад усіх жаданняў сацыялізму, трацячы сэнс свайго існавання.

Вынік з гэтага той, што разам з разумным пачынае існаваць і неразумнае, і калі жыццё прынята цалком, дык трэба прымаць усе яго бакі. І вось, калі вы сустракаеце чалавека, які згаджаецца з асновай існуючага (проці дэталяў ён можа рабіць апазіцыю) дык робіцца ясным, што творчае і жывое ў ім памерла, што ён здольны толькі на маленькае, што яму не дасягнуць агульнага і вечнага.

Ёсць другі тып светагляду: «усё існуючае — неразумна». Тады нехапаючая папярэдняму тыпу актуальнасць у грунтоўным перабудаванні жыцця кідаецца ў другую скрайнасць. «Так далей жыць нельга», любімы выраз Бакуніна, і бакунізм з’яўляецца найболей ясным прыкладам гэтага ўльтра-актыўнага светагляду.

…мы стары свет зруйнуем / Да аснавання… А затым / Мы наш, мы новы свет збудуем. / Хто быў нічым, той будзе ўсім.

Так пяюць сучасныя актывістыя — прыхільнікі III Інтэрнацыяналу. Іх дослед зроблены. Ад старой Расеі не засталося і каменя на камені. Грунт жыцця стаў новым, але чаму ж у дэталях жыццё так прыкра падобна да старога? Чаму трудавая павіннасць падобна да паншчыны, сучасныя адміністратары да старых гараднічых, чаму адкрыта кажуць: «не абманеш — не паедзеш», чаму ў працоўнай рэспубліцы ніхто літаральна не мае магчымасці жыць з уласнай працы, а павінен шукаць непрацоўнага заробку: ў спекуляцыі, хабарніцтве і іншым, што забаронена законамі? Чаму гэта дэталі жыцця так здзекуюцца з яго, калі зменена самая аснова? Ёсць і ў сучасных камуністых свайго гатунку рэфармістыя і хрысціянскія маралістыя, якія кажуць, што наогул усё добра, а перашкаджаюць толькі «маленькие недостатки механизма», што вінавата не змена асновы, а гэтыя самыя дэталі: тут маем ужо справу з вечнай праявай духовага мяшчанства.

Справа ж, пеўне, толькі ў тым, што на змененым грунце жыцця людзём не хапае творчай здольнасці, каб вытварыць адносна да новага грунту і ўсе дэталі. Не хапае творчай энергіі, і мімаволі драбніцы вяртаюцца да старога, абяртаючы жыццё ў дрэнную карыкатуру, на новае віно ў старым мяху, або труп, убраны ў балёвую вопратку.

Гэтага страшнага выгляду спужаліся найбольш сумленныя камуністыя. Пасля актыўнага выступлення нямецкай камуністычнай партыі ў марцы сёл. г., творчасць якое вызначылася ў сотнях смерцяў, узрывах, псаванні дарог і інш., іх быўшы правадыр — Леві, адхіліўся ад іх, пачаўшы голасна маракаваць:

«Таварышы, што вы робіце?.. вы, што кажаце аб долі і волі работнікаў — чаму кідаеце іх на смерць, голад і нядолю?». Так кліча і кожны шчыры прыхільнік працоўных масаў. «Сама» Клара Цэткін зрабіла прапазіцыю аб змене партыйнай тактыкі, якая больш падобна да бакунізму, чымся камунізму…

Абодва погляды на жыццё, як «усё існуючае разумна», так і праціўны, маюць у сабе частку праўды. Першыя кажуць аб магчымасці змены цэлага і патрэбы працаваць над дэталямі. Тут ёсць рацыя, бо чалавек павінен тварыць жыццё цалком і ў вялікім і ў малым. А патрэба тварыць вялікае вечнае, што здаецца немагчымым першаму светагляду, падчыркнена другім кірункам. Чалавек павінен тварыць вялікае, ён чуе, што ён — сын «Божы», што ён частка Бога, што ён павінен тварыць волю Айца свайго.

Так абодва кірункі зліваюцца ў адзін «усё існуючае — творча», гэта знача, вымагае творчасці, працы, а што існуючага няма ні разумнага, ні неразумнага. Пакуль яно існуе, як бы стаіць, патуль яно неразумна і вымагае творчасці; цераз творчасць яно імкне да разумнага, але па сваім здзейсненні зараз жа робіцца неразумным, г. з. вымагае новае творчасці. У жывым няма ні разумнага, ні неразумнага, гэта — катэгорыі няжывога. Жыццё вечна імкне, ліецца, цячэ. Вечны творчы працэс ад неразумнага да разумнага і ніколішняе недасягненне да апошняга, вось — істота жыццёвага працэсу.

Калаж: фотапартрэт маладога Ігната Канчэўскага ў гальштуку, з яго рукапісным подпісам «Игнатий Владимирович Канчевский», на фоне фіялетавага круга; справа вялікі надпіс «Без прымусу», чорная плашка з радком «Творачы — руйнуем», фіялетавая паласа і чорны трохкутнік.
Ігнат Канчэўскі (Абдзіраловіч), каля 1914 года · Калаж: Праксіс. Фота невядомага аўтара, грамадскі набытак

IV

Гістарычныя шуканні няпрымусовых форм сацыяльнага аб’яднання. — Сучасная кааперацыя, як узор няпрымусовага злучэння. — Адвечны шлях.

Няхай сучасная палітычна-грамадзянская дзейнасць — банкрут, няхай найбольш пашыраныя светагляды не развязваюць найбольш канечных жыццёвых пытанняў, а выхад ёсць, быў адвеку, мігаціць адвечны веснавы прасвет: ён у сталай творчасці безупыннай, безустаннай. Ні прымусовае гаспадарства, ні сучасныя палітычныя партыі, пачынаючы ад чырвона-сацыялістычных і канчаючы чорна-клерыкальнымі, якія лятуцяць аб захапленні ўлады і аб бязлітаснай дыктатуры, не выхаваюць творчага чалавека. Будучына іх — духовая смерць.

Неабходна стварэнне новых сацыяльных аб’яднанняў, у якіх гарманізавалася б магчымасць існавання вольнай незалежнай адзінкі асобы і плоднай сацыяльнай паступовай працы, незатрыманай прагавітым эгоізмам адзінкі. Незалежная творчая адзінка ў творчым, няўздзержным адзіначным эгоізмам хаўрусе — ідэал будучыны. Ён быў часткай здзейснены ў прошласці, ў малой долі ёсць і цяпер.

Самыя пачаткавыя людскія грамадкі былі пабудаваны на падставе прымусу. І пачаткавы радавы камунізм і сямейныя калектывы, на якія распалася радавая камуна, былі пабудаваны на абавязковай прыналежнасці кожнага сябра да свайго роду, або сям’і. Ва ўнутраных адносінах панавала старое абычаёвае права ды воля старшага як безумоўная ўлада. Трудна было шукаючай адзінцы здаволіцца такімі абставінамі. Яна рвалася на волю, але там чакалі яе дзікія звяры, голад, небяспечнасць; у грамадзе — прымус, неадпаведная жаданням праца, здзек дужэйшых над слабымі. І вось яднаюцца грамадкі нездавольненых і адходзяць ад роднага карэння. Прадгістарычныя часы і ранейшая гісторыя славянаў ведае без ліку гэткія грамадкі-аб’яднання, каторыя шукаюць новага жыцця, новае долі. Беларускія сябрыны, паўночна-славянскія ватагі, чарнагорскія ўдружэнні, чэскія задругі, то на лёгкіх чаўнох па рэках і морах, то сухім шляхам ідуць на новыя месцы, займаюцца промысламі, творачы сабе жыццё, якое ім здаецца лепшым. Калі сябру што не падабаецца, ён вольны пакінуць сябрыну, адысці; калі ўсе нездаволены, сябрына распадаецца і сябры ідуць шукаць лепшай долі. Такім крокам ідзе славянская каланізацыя, пакуль цяжкая рука земскай улады не накладае ярмо на новыя калоніі і не аплятае іх прымусам гаспадарсцвеннасці.

Да позняга веку затрымалася адна такая грамада, якая давала магчымасць дыхаць іншым паветрам украінскім і беларускім сялянам. Гэта — Запарожская Сеча. Адсутнасць прымусу да сваіх сяброў была галоўнаю яе адзнакаю, прыходзіў, хто хацеў, і адыходзіў, калі яму падабалася. Сеча з аружжам у руках бараніла чалавечае права на волю і незалежнасць, але ніколі не была разбойным гняздом гультаёў і зладзеяў, як яе хочуць выставіць шляхоцкія гісторыкі. Запарожцы жылі працай: займаліся гандлем, ездзілі чумакаваць за соллю ў Крым, займаліся рыбным і зверавым промыслам, некаторыя навет працавалі на раллі ў сваіх хутарох. Але пацяг да вольнага, беспрымусовага існавання гнаў іх зноў і з правага і з левага берагу Дняпра ў незаўсёды сытую і добра ўбраную Сечу, каб тут даць волю сваім індывідуальным жаданням, хоць і былі яны вельмі простыя і здаваляліся гульнёй, добрым таварыствам і першабытным спортам.


Цяпер існаванне такіх рыцарстваў-брацтваў — немагчыма (а шкада!), бо прымусовая партыйна-класавая гаспадарсцвеннасць на ўсё павінна налажыць свой штэмпель. Дык праявы з’яднання вольных адзінак у няпрымусовыя грамады ўсё ж такі ёсць у тых кірунках жыцця, гдзе іх забараніць нельга.

Сучасная кааперацыя, якая працуе толькі ў эканамічным кірунку, з’яўляецца адным з узораў няпрымусовага аб’яднання. Некаторым такое цверджанне можа здацца смешным, калі глянуць на сучасную, тым болей краёвую кааперацыю, якая ўся ўпэцкалася ў селядцовым сосе і здаецца болей пасвяціла свае сілы нячыстай спекуляцыі, чымся ідэі стварэння вольнай адзінкі ў вольным хаўрусе. Але направер выходзіць, што кааперацыя — адзінае грамадзянскае з’явішча, якое няпрымусова аб’ядноўвае сяброў і не дэкларуе прымусу для іншых.

Трэба адзначыць, што ў кааперацыі, нягледзячы на яе сур’ёзныя жыццёвыя заданні і вагу, няма нічога падобнага да палітычнай платформы. Кааперацыя не мае азначанага ідэалу, які мог бы зрабіцца Малохам кааперацыйнага руху, вымагаючым чалавечых ахвяр. Рух кааперацыі кіруецца выняткава жыццёвымі заданнямі, і ніякай папярэдняй ідэёвасці ў ім няма. Былі спробы ў гэтым кірунку, каб стварыць кааперацыйны ідэал, як скончыліся яны няўдачаю. Перад існуючымі ідэаламі — буржуазным і сацыялістычным, кааперацыя ў сваёй цэласці галавы не схіляе. Рух сацыялістычнай кааперацыі, дзе яна падпарадкоўваецца марксіцкаму ідэалу, толькі вынятак, які яшчэ больш падчыркавае агульнае правіла.

Кааперацыя не кажа: «я маю гатовую праўду: прыходзь і бяры», яна толькі кажа: «твары — творачы — руйнуем». У кааперацыі няма гатовых шаблонаў, штампаў на кожны выпадак жыцця; калі такія штампы з’яўляюцца, жыццё іх выкідае вельмі лёгка, без рэвалюцый, за вакно.

У сваім аб’яднанні асоб, кааперацыя не застаецца абавязковай: калі табе па дарозе, ідзі разам, а не — ідзі, куды хочаш. Жыццё так вяліка і яшчэ незразумела, што не можа быць штампаваных, для ўсіх абавязковых, шляхоў.

Кааперацыя не мае гатовых рэцэптаў паляпшэння жыцця. Маючы вялікія эканамічныя заданні, яна ведае, што сваймі кааператывамі не замесціць усяго гандлю і вытвару. Калі ёсць незразумелыя тэарэтыкі (Шарль Жыд), што кажуць, быццам кааперацыя захопіць усю эканамічную справу ў свае рукі, дык сапраўдная кааперацыя адказвае яму: «дурны хлопец, ці можна жыццю прадмаўляць гатовыя шляхі».

Але пеўна, што праўдзівы жыццёвы кірунак — той, якім ідзе кааперацыя.


Пеўна, што выпрашэнне будучыны — ў зніштажэнні прымусу, ў аб’яднанні ўсяго грамадзянства для здавалення яго патрэб у такія грамады, якія падобны да сучасных кааператываў. Кожны павінен быць вольны ў сваіх жаданнях. Ніякіх прымусовых ахвяр, ніякіх багоў не павінна быць. Вытвар, гандаль, прасвета, гаспадарчыя патрэбы здаваляюцца вольнымі аб’яднаннямі спажыўцоў і вытварцоў.

Гэта цяпер здаецца дзіўным і немагчымым, але жыццё кіруецца на гэты шлях. Мы надта здэмаралізаваны прымусам, што не можам адразу стаць вольнымі, навет марыць аб гэтым. Але галоўнае жаданне чалавека, гэта — жаданне быць вольным, быць тварцом свайго жыцця.

Тыя перашкоды, што здаюцца нязломнымі, ўпадуць разам з прымусам. Такія забабоны, як прыватная ўласнасць, якая становіць камень датыкання буржуазных і сацыялістычных вучэнняў, яны згінуць, як туман перад сонцам, калі згіне прымус, калі запануе вольная творчая асоба. Прымусам не абараніць прыватнай уласнасці і не знішчыць яе. Добры прыклад зноў — Расея. Тамака знішчана не толькі ўласнасць на нярухомасць, а амаль і самая нярухомасць, затое ўласнасць на рухомыя рэчы яшчэ павялічылася. Ні ў аднэй старонцы жыццё чалавека не раўняецца некалькім фунтам хлеба, а ў Расеі гэта — факт.

Адсутнасць прымусу павінна пранікнуць увесь грамадскі быт: палітычны, эканамічны, моральны бакі жыцця, бо толькі з гэтай умовай знойдзе свой выраз творчасць як асобы, так і сацыяльнага цэлага. У гэтым — наша надзея, ў гэтым нагад на прадсвет, і запраўдны жыццёвы кірунак.

Не адразу ўсяго дасягнуць. Не адразу выхаваць творчую адзінку. Будучына належыць да творчай асобы, але яшчэ доўгія гады «мертвыя будуць хаваць сваіх мерцвякоў». І нечалавечы ўціск, і неміласэрныя рэвалюцыі, і паўстанні павінна яшчэ перанесці чалавецтва. Тое, што існуе цяпер: прымусовае гаспадарства, ўрады, цвёрды закон, турма, кара — ёсць вынік чалавечай, грамадзянскай нятворчасці. Гэта ўсё згіне не пад прымусам, не будзе зруйнована сілай, а будзе зруйнована далейшай чалавечай творчасцю. Бо калі сілай знішчыць існуючы парадак, дык нятворчасць сучаснай чалавечай масы створыць сабе назаўтра яшчэ горшыя кайданы, турмы і мукі. Такі дослед усіх рэвалюцый старавечнасці і сучаснасці.

Тыя погляды, якія тут выяўлены, шмат каму здадуцца анархізмам. Ад гэтага шыльду, як ад кожнае іншае вызначаючае формы, трэба адмовіцца, бо ён мае ўжо свой перакручаны жыццёвы змест, і заместа развагі лепей прывесці для з’яснення такую расейскую частушку:

Анархистик утащил / Полушубок тёткин, / Ах, тому ль его учил / Господин Крапоткин?…

Гэтыя эскізы мелі на мэце не правядзенне якіх небудзь групавых поглядаў, а выяўленне тае істоты жыцця, якая існавала ад самага пачатку чалавецтва і рабіла спробы зрэалізавацца ў розных кірунках: элінскай культуры, хрысціянсцве, гуманізме, ў дэмакратычным і сацыялістычным рухах, паміж іншым і ў анархізме, покуль усе гэтыя рухі не змярцвіла застылая форма. На шляху чалавечай творчасці вырастала перашкода ў постаці, хочучай валадаць формы. І форма захапляла жыццё, дыктавала свае ўмовы. А чалавечая душа рвалася з яе кайданоў хацела спарадкаваць жыццё так, як казала ўласнае сумленне, хацела ісці за сваімі ўласнымі імкненнямі, чула, што гэта — непатрэбна «звязаваць ярма цяжкія і незнасімыя і ўскладаць на плечы людзям». І ўцякала ад гвалцячага жыцця, шукала свайго ратунку.

І, як вызваленне, яшчэ на зары чалавецтва, загучэлі чароўныя вечна-прыгожыя, вечна-жывыя словы Бога аднаўлення, Бога ўваскрасення:

«Прыходзьце да Мяне ўсе струджаныя і пакрыўджаныя і я супакою вас. Бярэце ярмо маё на сябе і навучэцеся ад мяне; бо я — сціплы і смірны сэрцам, і знойдзеце спакой душам вашым. Бо ярмо маё — добра, і цяжар мой лёгкі».

Так у глыбіні вякоў знайшло свой выраз імкненне заравой чалавечай душы ісці ўласным шляхам да боскае творчасці, скінуўшы ланцугі тугі і пакуты. І цяпер, прабуджаныя да творчасці, народныя масы, чуючы ў сабе прысутнасць творчай Міравой душы, з пеўнасцю кажуць: «творачы — руйнуем».

Вільня. 12, V, 21.


Ігнат Абдзіраловіч. Адвечным шляхам (Досьледзіны беларускага сьветагляду). Вільня: Беларускае выдавецкае таварыства, 1921 — паводле скана першага выдання ў Вікікрыніцах (асобнік Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі). Тэкст прыведзены да сучаснага правапісу і знаходзіцца ў грамадскім набытку.

Падзяліцца:TelegramBlueskyXFacebook

Яшчэ ў рубрыцы «Культура»

Культура

Сацыялізм і культура

1916 год. Малады Антоніа Грамшы спрачаецца з тымі, хто лічыць культуру панскай забаўкай: культура — не энцыклапедыя ў галаве педанта, а арганізацыя ўласнага «я», свядомасць сваёй гістарычнай ролі. І ніводная рэвалюцыя не абыходзілася без доўгай папярэдняй працы крытыкі і ідэй.

Антоніа Грамшы ·

Культура

Глыбы і слаі

1911 год. Дзевятнаццацігадовы Максім Багдановіч аглядае беларускую літаратуру мінулага года: з аднастайнага слоя наследнікаў Багушэвіча вылучаюцца яркія «глыбы» — Купала, Колас, Ядвігін Ш., — і вакол іх наслойваюцца новыя кірункі. Строгі разбор заканчваецца клятвай: наша пісьменнасць «ніколі не пойдзе чысціць боты капіталу».

Максім Багдановіч ·

Культура

Як працоўныя правы выратавалі Ultima ад манапаліста

2026 год. Рычард Гэрыят праз 35 гадоў вярнуў сабе правы на серыю гульняў Ultima, і Коры Доктараў тлумачыць, чаму гэта стала магчымым: работнікаў культуры абараняе не капірайт як «уласнасць», якую босы ўсё роўна забяруць, а працоўныя правы — такія як права скасаваць перадачу правоў.

Коры Доктараў ·