Да зместу
Левы часопіс на беларускай мове
Праксіс

Культура35 хвілін чытання

Беларускае адраджэнне

1914 год. Напярэдадні вайны Максім Багдановіч тлумачыць рускаму чытачу, што беларуская культура — не дзівоска і не «варыянт» велікарускай, а частка агульнаеўрапейскага руху малых народаў да ўласнага слова: ад Скарыны і Статута праз забароны XIX стагоддзя да «Нашай Нівы» і новай народнай інтэлігенцыі.

Тэкст: Максім Багдановіч

Падзяліцца:TelegramBlueskyXFacebook
Калаж: першая старонка газеты «Наша Ніва» за 20 сакавіка 1914 года ў фіялетавым дуатоне — вялікая шапка «НАША НІВА», радок «Год IX», паведамленне, што мінулы нумар не выйшаў праз друкарскую забастоўку, і артыкул «Пуцяводная ідэя» з воклічам «Жыве Беларусь!». Старонка злёгку павернутая і ляжыць на чорным прамавугольніку. Злева ўверсе — вялікі фіялетавы круг, пад ім фіялетавая плашка і подпісы «Максім Багдановіч» і «Украинская жизнь, 1915», ніжэй чорны клін. Унізе вялікі надпіс «Адраджэнне» і радок «Наша Ніва / Вільня, 20.03.1914».
«Наша Ніва», 20 сакавіка 1914 года: першая старонка з артыкулам «Пуцяводная ідэя» і воклічам «Жыве Беларусь!» · Калаж: Праксіс. Выява: «Наша Ніва», 1914, грамадскі набытак (Wikimedia Commons)

Максім Багдановіч (1891–1917) — беларускі паэт, перакладчык і крытык, аўтар «Вянка» (1913), адзінай кнігі, што выйшла пры яго жыцці; ён вырас і жыў пераважна ў Расіі (Ніжні Ноўгарад, Яраслаўль) і памёр ад сухотаў у Ялце. Нарыс «Белорусское возрождение» ён напісаў у ліпені 1914 года па-руску — для рускамоўнага чытача, які пра беларусаў амаль нічога не ведаў, — і надрукаваў у маскоўскім часопісе «Украинская жизнь» (1915, № 1–2); у 1916 годзе нарыс выйшаў у Маскве асобнай брашурай. Тое, што вы чытаеце, — наш пераклад на беларускую мову; некаторыя беларускія словы і назвы, якія Багдановіч у рускім тэксце браў у двукоссі («мова», «друкаваная», «бітыя» кнігі), мы пакінулі ў двукоссі. Зноскі аўтара ўнесеныя ў тэкст у круглых дужках з паметай «заўв. аўтара», нашы ўдакладненні — у квадратных. Нарыс адлюстроўвае стан ведаў 1914 года: частка гістарычных і этнаграфічных меркаванняў (пра паходжанне велікарусаў, пра полацкія роспісы, пра біяграфіі пісьменнікаў XIX стагоддзя) сёння выглядае інакш. Шмат каго з тых, каго Багдановіч называе ў апошнім раздзеле як надзею беларускай літаратуры, савецкая ўлада потым знішчыла: Вацлаў Ластоўскі (Власт), Максім Гарэцкі і Уладзіслаў Галубок былі расстраляныя ў 1937–1938 гадах. А канфіскацыі, забароны чытаць беларускую газету і цкаванне за беларускае слова, пра якія ідзе гаворка ў нарысе, знаёмыя беларускім выданням і сёння.


I

Прыступаючы да характарыстыкі і апісання беларускага нацыянальнага руху, вызначым перш за ўсё, як ён суадносіцца з агульнаеўрапейскім прагрэсам. Асноўныя лініі гэтага прагрэсу акрэсліліся цвёрда і ясна: яны вядуць да ўсё большага драблення культур наогул і літаратур у прыватнасці. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова беглага агляду найбольш значных і выразных фактаў з гісторыі еўрапейскіх культур.

Адступіўшы ад сучаснага стракатага і шматмоўнага літаратурнага жыцця ўглыб, да часоў сярэднявечча, мы апынёмся ў эпосе, калі адзінай вялікай прыладай духоўнай культуры ў галіне слова была лацінская мова, што адыгрывала ролю мовы міжнароднай. Кожны чалавек, не чужы разумовым інтарэсам, у якім бы кутку Заходняй Еўропы ён тады ні жыў, абавязкова яе ведаў, бо без гэтага не было ніякай адукацыі. Амаль усё, што пісалася ў той час, пісалася па-лацінску. Вынікі шырокай літаратуры, якая ўзнікла такім шляхам, даўно ўжо падведзеныя, і яны вельмі красамоўныя. З іх відаць, што, нягледзячы на сваю распрацаванасць, лацінская мова аказалася прыдатнай толькі для навуковых прац; што ж датычыць мастацкай творчасці, то тут на працягу цэлых стагоддзяў не ўзнікла ніякіх сапраўдных каштоўнасцяў.

Затое гэтыя каштоўнасці адразу пачалі стварацца, як толькі пісьменнікі (на чале з Дантэ) звярнуліся да народных еўрапейскіх моў — італьянскай, французскай, нямецкай, англійскай, іспанскай, — моў грубых, неапрацаваных, але жывых. Канчатковыя вынікі гэтага руху відавочныя: адзіная для ўсіх краін агульнакультурная літаратура знікла, а яе месца занялі асноўныя еўрапейскія літаратуры, што абшарамі свайго пашырэння пазначылі межы некалькіх найбольш значных культур.

Аднак апісаны працэс на гэтым не толькі не спыніўся, але, нястрымна развіваючыся, пашыраў і паглыбляў сваё рэчышча і ўзрастаў, так бы мовіць, не ў арыфметычнай, а ў геаметрычнай прагрэсіі. Услед за культурамі буйнога калібру на гістарычную сцэну выйшаў цэлы шэраг драбнейшых: партугальская, галандская, румынская, чэшская, новагрэчаская, сербская, балгарская, фламандская, кельцкая, фінская, эстонская, літоўская, латышская, грузінская, армянская, татарская і г. д. Гэты рух, што дакаціў свае хвалі да нашага часу, з кожным годам усё больш расце, мацнее і, пашыраючы сферу свайго ўплыву, захоплівае нават такія народнасці, як чувашы, чарамісы [марыйцы — заўв. рэд.], эскімосы і г. д.

Прыкметнае месца ў гэтым грандыёзным зруху займае размежаванне роднасных культур. Адны неаднародныя культурныя масівы проста расцягваюцца па шве — прыкладам можа быць адасабленне трох скандынаўскіх культур, што здаўна зляпіліся, але не зліліся ў адно цэлае. Ад іншых адслойваюцца больш слабыя, блізкія да іх паходжаннем, але ўсё ж не тоесныя ім нацыянальна-культурныя адзінкі (не варта забываць і пра развіццё літаратур на мясцовых мовах, якія, аднак, не становяцца органамі асобных культур: напрыклад, у Італіі мастацкія творы ўзнікаюць на ўсіх яе 15 мовах, у Іспаніі расце каталонская літаратура, у Францыі — правансальская і г. д. — заўв. аўтара). Ад чэшскай культуры адколваецца славацкая, ад сербскай — славенская, ад польскай — кашубская, ад рускай (велікарускай) адслаілася ўкраінская і, нарэшце, беларуская (нагадаем, што беларусы суцэльнай масай насяляюць усю Магілёўскую губерню, Мінскую (акрамя Мазырскага павета), паўночную частку Гродзенскай, усходнюю — Віленскай, усю Віцебскую губерню, акрамя яе верхняга кута, паўночную частку Чарнігаўскай (паветы Мглінскі, Суражскі, Навазыбкаўскі і Старадубскі), а таксама прылеглыя да ўсёй гэтай вобласці часткі губерняў Сувалкскай, Ковенскай і Смаленскай. Беларускае насельніцтва гэтай тэрыторыі налічвае 8 мільёнаў. — заўв. аўтара). Такім чынам, беларуская культура — не монстр, не рарытэт, не унікум, а глыбока жыццёвая з’ява, якая ляжыць у рэчышчы агульнаеўрапейскага прагрэсу. Прыгледзімся ж бліжэй да яе мінулага і сучаснага.


Бегла выбіраючы і падсумоўваючы факты настолькі агульнапрызнаныя, што пра іх няма спрэчак, мы пераконваемся, што беларуская культура зусім не просты варыянт культуры велікарускай. Наадварот, перад намі два самастойныя культурныя комплексы, якія з самага пачатку раслі і развіваліся незалежна адзін ад аднаго. Адрозніваючыся паміж сабою і бытавымі першаасновамі, і ўплывамі, што ішлі звонку, і падзеямі далейшага гістарычнага жыцця, яны, натуральна, прыйшлі да далёка не аднолькавых канчатковых вынікаў.

Справа ў тым, што ўжо да канца XIII стагоддзя (паводле аўтарытэтнага сведчання прафесара Карскага) беларуская народнасць выступае сфармаванай у сваіх асноўных рысах, апярэдзіўшы ў гэтым народнасць велікарускую, якая, такім чынам, не магла ўплываць на яе ўзнікненне. Адсутнасць эканамічных скрэпаў паміж імі, геаграфічныя ўмовы, што адгароджвалі Беларусь ад паўночна-ўсходніх зямель, — усё гэта пакідала яшчэ менш месца для якога-небудзь узаемадзеяння. Нарэшце, у тым жа XIII стагоддзі яны падышлі да дзяржаўнага ростаню, які яшчэ рэзчэй іх адасобіў: Беларусь цалкам апынулася ў межах Вялікага Княства Літоўскага, а велікарускія землі згрупаваліся вакол Масквы. З гэтага часу жыццё абодвух народаў, як і іх гістарычны лёс, надоўга губляюць усякую агульнасць.

Што датычыць велікарускага народа, то ход яго развіцця агульнавядомы. Асіміляваўшы масу фінскіх плямёнаў, засвоіўшы іх бытавы ўклад, прыстасаваны да мясцовых умоў, і, такім чынам, адышоўшы ад спрадвечнага славянства як антрапалагічна, так і культурна, ён у давяршэнне ўсяго перажыў эпоху татаршчыны і апынуўся амаль цалкам адрэзаным ад Заходняй Еўропы.

Лёс Беларусі склаўся інакш. Увайшоўшы цалкам у склад Вялікага Княства Літоўскага, яна на шалях гісторыі адчувальна пераважыла Літву цяжарам сваёй культуры і, атрымаўшы над ёю першынство, працягвала развівацца на сваіх старажытнаславянскіх каранях. «Писарь земски маеть по-руску (г. зн. па-беларуску. — М. Б.) литерами и словы рускими вси выписы, листы и позвы писати, а не иншим езыком и словы», — гучала славутая фраза тагачаснага закона (Статут 1588 года), а гэта значыла, што дзяржаўнае жыццё Вялікага Княства Літоўскага павінна было праяўляцца ў беларускіх нацыянальных формах. Па-беларуску тварыўся суд, па-беларуску пісаліся акты і граматы, вяліся зносіны з замежнымі дзяржавамі; беларуская мова, нарэшце, была мовай штодзённага ўжытку для вялікага князя і яго двара. Але замацаванне і развіццё старых культурных асноў было толькі адным бокам паступальнага руху беларускай нацыянальнасці. Магчыма, не менш вялікае значэнне мела яе збліжэнне з Заходняй Еўропай, з якой яна здаўна вяла ажыўленыя зносіны дзякуючы сувязям і геаграфічным, і эканамічным. Гэтае збліжэнне трэба адзначыць яшчэ і таму, што якраз з той пары ў выпрацоўцы беларускай культуры ўдзельнічае не толькі шэрая вёска, але і гандлёвы горад еўрапейскага тыпу — горад, арганізаваны на асновах магдэбургскага права. Ён зрабіў беларускую культуру больш яскравай, шматграннай, увёў яе ў абарот заходнееўрапейскага жыцця і стаў, такім чынам, перадавым фарпостам Заходняй Еўропы на ўсходзе.

Таму нядзіўна, што ў эпоху Адраджэння агульны разумовы ўздым, які пачаўся на Захадзе, адбіўся і ў Беларусі. Жыццё забіла тут ключом, ішла, мудрагеліста пераплятаючыся, гарачая рэлігійная, нацыянальная і класавая барацьба, арганізоўваліся брацтвы, што былі апорай беларускай народнасці, закладаліся друкарні, засноўваліся школы з нечакана шырокай па тым часе праграмай (у некаторых выкладалі пяць моў), узнікалі вышэйшыя навучальныя ўстановы (юрыдычная школа імя св. Яна, Полацкая акадэмія з правамі ўніверсітэта і г. д.). Усё гэта надало шырокі размах кнігадрукаванню, якое толькі што паспела зрабіць у Беларусі некалькі першых крокаў. Аснову яму паклаў адзін з найлепшых прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, якая тады нараджалася, — доктар медыцыны і бакалаўр «сямі вольных навук» Францыск Скарына са слаўнага горада Полацка. Яшчэ ў 1517–1519 гадах Скарына выдаў у Празе чэшскую «біблію зуполную», пераклаўшы яе на беларускую мову, а потым з 1525 года пачаў «выдаваць» свае «бітыя» кнігі ў самой Вільні. Ён, праўда, не знайшоў сабе непасрэдных пераемнікаў, але калі гадоў праз 40–50 у Беларусі пачаўся толькі што апісаны магутны рух, друкаваная беларуская кніга адыграла ў ім сваю ролю. У розных месцах Беларусі зарабілі друкарскія станкі, выкідваючы кнігі царкоўныя, палемічныя, апалагетычныя, вучоныя, вучэбныя (адзначым сярод іх Статут Вялікага Княства Літоўскага, выдадзены ў 1588 годзе, — найважнейшы помнік нацыянальнага беларускага права, якое вырасла з юрыдычных пачаткаў, закладзеных яшчэ ў кіеўскі перыяд рускай гісторыі. — заўв. аўтара). Істотным дадаткам да «друкаванай» літаратуры была літаратура рукапісная, склад якой быў яшчэ больш разнастайны. Асаблівай згадкі заслугоўваюць некаторыя мастацкія творы — напрыклад, выдатная аповесць пра Трыстана і Ізольду, «Бачанне Тундала», сказанне пра Трою, доўгае фантастычнае апавяданне пра Аляксандра Македонскага — «Александрыя» і да т. п. Адначасова ішла стваральная праца і ў іншых галінах духоўнага жыцця; адзначым хоць бы полацкія насценныя роспісы пэндзля Сальватора Розы. Усё гэта, узятае разам, высоўвала Беларусь на адно з першых месцаў сярод культурнага славянства, ставячы яе далёка наперадзе Маскоўшчыны — тагачаснай славянскай глушы, якая, як расліна-паразіт, кармілася духоўнымі сокамі Белай Русі.

Аднак услед за гэтым «залатым векам» у гісторыі беларускай культуры пачаўся перыяд заняпаду. Памежным каменем паміж імі можна лічыць дату, калі ў дзяржаўных справах Вялікага Княства Літоўскага скасавалі беларускую мову і замянілі яе польскай. Да гэтага часу, г. зн. да канца XVII стагоддзя, летаргія беларускага нацыянальнага жыцця стала ўжо цалкам адчувальнай. Літоўска-руская дзяржава, з 1569 года звязаная уніяй з Польшчай, паспела страціць ільвіную долю сваёй самастойнасці. Вышэйшы і сярэдні слой беларускага дваранства вельмі хутка дэнацыяналізаваўся. Тое самае, хоць павольней і не ў такіх рэзкіх формах, адбывалася сярод дробнай шляхты і гарадскога мяшчанства. Пазбаўлены класаў, моцных эканамічна і культурна, прыдушаны прыгонам, беларускі народ не толькі не мог развіваць сваю культуру далей, але не здолеў нават проста зберагчы тое, што было здабыта раней. Толькі асноўныя, першапачатковыя элементы культуры (накшталт мовы, звычаяў і г. д.) утрымаў ён за сабою, а ўсё астатняе, што было, так бы мовіць, «вяршкамі» яго папярэдняга развіцця, асімілявала, убрала ў сябе польская культура, і з таго часу яно фігуруе пад польскай этыкеткай, хоць па сутнасці беларускае.

Адной з найсумнейшых праяў гэтага збяднення беларускай культуры, бясспрэчна, трэба прызнаць амаль поўнае знікненне друкаванай кнігі на беларускай мове. Аднак гэтая мова, што ўжо перастала быць асновай для культурнага будаўніцтва ў Літоўскай Русі, усё яшчэ паўсюдна панавала ў хатнім ужытку многіх слаёў насельніцтва, нават тых, што цягнуліся да Польшчы. Гэтым і тлумачыцца шырокае развіццё рукапіснай беларускай літаратуры, якое ідзе суцэльна праз XVII, XVIII і часткова XIX стагоддзе. Характар яна мела галоўным чынам чыста практычны (лячэбнікі і да т. п.), хоць нярэдка былі і выключэнні. Пэўную падтрымку беларускай культуры давала ўніяцкае духавенства, бо унія была пашырана амаль выключна сярод простага народа і была ў краі нібы нацыянальнай беларускай рэлігіяй. Пачынаючы з канца XVIII стагоддзя ўніяцкія святары гаварылі па-беларуску пропаведзі, выдавалі рэлігійныя песнапенні (з іх вядомы зборнічак «Kantyczka», выдадзены ў 1774 годзе, і асобныя вершаваныя рэчы: «Radujsia Božy narodzie», «Nowa radaść stała», «Caru Chryście miły», «Kažuć ludzi» і інш., што выйшлі ў 1771, 1778 і 1792 гадах. — заўв. аўтара) і да т. п. Апошняй праявай гэтай дзейнасці стаў выдадзены ў 1837 годзе беларускі катэхізіс; праз два гады адбылося «ўз’яднанне» ўніятаў [скасаванне ўніяцкай царквы ў Расійскай імперыі ў 1839 годзе — заўв. рэд.], катэхізіс спалілі, пропаведзь па-беларуску забаранілі.

Яшчэ большае значэнне ў тагачасным беларускім пісьменстве маюць творы гумарыстычныя. Ужо ў XVII стагоддзі можна адзначыць дасціпны сатырычны ліст на палітычныя і бытавыя тэмы, які нібыта паходзіў ад вядомага красамоўцы Мялешкі і разышоўся ў мностве спісаў па ўсёй Беларусі. З гэтага ж часу вядзе свой пачатак цэлы шэраг беларускіх камедый, якія пісалі прафесары рыторыкі з мясцовых калегіумаў, а то і самі вучні. Назавём, напрыклад, ксяндза Цецерскага, аўтара камедыі «Doctór przymuszony» (1787), яго сучасніка, прафесара рыторыкі і паэзіі ў Забельскай гімназіі К. Марашэўскага і інш. Жывая беларуская мова — звычайная якасць твораў гэтага роду. Нарэшце, у сярэдзіне таго ж XVII стагоддзя з’явілася вершаваная сатыра на пратэстанцкага пастара, напісаная і надрукаваная езуітам. Па-беларуску ў ёй гаворыць (і добра, заўважу ў дужках, гаворыць) селянін Sieńko Nalewajko, які спрабуе разабрацца ў пропаведзі пастара, перапоўненай грэчаскімі цытатамі. Гэтая сатыра («Witanie na Pierwszy Wiazd z Krolewca do Kadłubka Saskiego Wileńskiego Ixa Her. N. Lutermachra», выдадзеная ў Вільні ў 1642 годзе. — заўв. аўтара) была ледзь не першым беларускім вершам (некалькі радкоў з Бібліі Скарыны, што нагадваюць вершы, я ў разлік не бяру. — заўв. аўтара). Яна паклала пачатак цэламу шэрагу гумарыстычных вершаваных рэчаў, звычайна невысокай пробы, якія да таго ж часам смяяліся не толькі па-беларуску, але і з беларускай мовы, — выдатная мерка культурнасці мясцовага панства. Для прыкладу назавём плоскае і напісанае брыдкай мовай перайманне «Энеіды» Катлярэўскага, якое належыць пяру смаленскага памешчыка Равінскага (жыў на мяжы XVIII–XIX стагоддзяў, пісаў і па-руску). Нарэшце, у апошнія гады гэтага перыяду намячаецца нават пэўны радыкальна-дэмакратычны струмень. Пра яго сведчаць, напрыклад, трагічныя вершы сялянскага хлопчыка Петрука з-пад Крошына, вельмі вострая «Hutarka Nobilja z Rustikusam, abo szlachcica z chłopam», што захоўваецца ў беларускім віленскім (прыватным) музеі, і да т. п. з’явы. Але іх ужо трэба лічыць прадвеснікамі новага перыяду як у гісторыі краю наогул, так і ў беларускай літаратуры ў прыватнасці.

Калаж: гравюра з выявай Францыска Скарыны ў фіялетавым дуатоне — доктар у берэце сядзіць за кафедрай з разгорнутай кнігай сярод кніг, армілярнай сферы і пясочнага гадзінніка. За гравюрай — вялікі чорны круг. Справа вялікі надпіс «1517», пад ім фіялетавая паласа, подпісы «Францыск Скарына» і «Біблія руска, Прага» і чорны квадрат.
Францыск Скарына. Гравюра з яго пражскага выдання Бібліі, 1517 · Калаж: Праксіс. Гравюра: Францыск Скарына, 1517, грамадскі набытак (Wikimedia Commons)

II

Як вядома, далучэнне да Расіі спачатку не прынесла рэзкіх пераменаў у жыццё беларускага народа. Яго ўраўноўванне, падганянне пад агульнарускі ранжыр выразна пачалося толькі з сарокавых гадоў, калі было адменена дзеянне Літоўскага статута, знішчана унія, а разам з тым забаронена пропаведзь па-беларуску, забаронена (негалосна) друкаванне беларускіх кніг, канфіскаваныя раней надрукаваныя і г. д. Вось гэтыя падзеі, а не просты факт пашырэння геаграфічнай карты Расіі, і праводзяць цвёрдую размежавальную рысу ў гісторыі беларускага народа. Менавіта з іх пачаўся новы раздзел у жыцці Беларусі — як дзякуючы гэтаму пачынаецца ён і ў нашым артыкуле. Варта ўвагі, што і ўнутраны воблік краю да таго часу пачаў істотна мяняцца. Узнік Віленскі ўніверсітэт, з’явілася прэса, значна павялічыўся попыт на кнігу, пачала выкрышталізоўвацца інтэлігенцыя. У разумовы ўжытак усё глыбей уваходзілі дэмакратычныя ідэі — водгук Французскай рэвалюцыі і польскіх паўстанняў. Відаць гэтыя ідэі і ў згаданых вышэй узорах радыкальнай літаратуры, і ў прамове з заклікам вызваліць сялян, якую сказаў віленскі маршалак шляхты Завіша на сойміку 1818 года, і ў скасаванні «прыгону» ў Храптовіча, Бжастоўскага і іншых. Гэтая ўвага да народа праявілася, вядома, і ў літаратуры, якая знайшла да таго ж пэўную апору ў рамантызме, што тады панаваў і так высока ставіў народную казку, песню, легенду. Пачалі друкавацца беларускія этнаграфічныя матэрыялы (Чачот і інш.), на глебе мясцовага «патрыятызму» ўзнікла асобая «краёвая» літаратура, галоўным чынам польская (у рускай літаратуры можна адзначыць творы Фадзея Булгарына, ураджэнца Віцебшчыны [насамрэч Булгарын нарадзіўся на Міншчыне — заўв. рэд.], і некаторых іншых. — заўв. аўтара). Недасяжным узорам для гэтых твораў быў «Пан Тадэвуш» Міцкевіча, які далёка выйшаў за межы чыста мясцовага значэння. Прадметам «краёвай» літаратуры было апісанне Беларусі, беларускай прыроды, беларускага сялянства і дробнай шляхты, іх штодзённага жыцця і звычаяў. У гэтыя апісанні нярэдка трапляла беларуская народная творчасць, сустракалася і беларуская гутарковая мова. Натуральна, што дзеячы гэтай літаратурнай плыні сёе-тое пісалі і проста па-беларуску і спрабавалі часам, абыходзячы цэнзурную забарону, пусціць у друк які-небудзь беларускі рукапіс, што хадзіў па руках. Некалькі такіх спроб можна адзначыць у першай палове 40-х гадоў. У «Маяку», «Северной пчеле», альманаху «Rocznik Literacki» (выдаваўся ў Пецярбургу гуртком людзей з беларускімі сімпатыямі), у нарысе Рыпінскага «Białaruś», які выйшаў за мяжой (той жа Рыпінскі склаў павучальную паэмку «Niaczyścik», што вытрымала за мяжой тры (?) выданні; няхітрая задумай, яна напісана някепскай беларускай мовай. — заўв. аўтара), у кнізе Баршчэўскага «Szlachcic Zawalnia» і інш. было так ці інакш змешчана некалькі беларускіх вершаў (напрыклад, пад выглядам народных і да т. п. — заўв. аўтара), зрэшты, зусім нязначных. Частка з іх належыць згаданаму Баршчэўскаму, вядомаму «краёваму» пісьменніку таго часу.

Больш каштоўны ўклад у беларускую літаратуру зрабіў Ян Чачот. Блізкі сябар Міцкевіча, ён замаладу ўдзельнічаў разам з ім у вядомым тайным таварыстве «філаматаў», у 1823 годзе быў высланы ў Арэнбург, дзе пражыў 10 гадоў, а потым вярнуўся ў Беларусь і да самай смерці служыў бібліятэкарам у Шчорсаўскай бібліятэцы графаў Храптовічаў. Шчыры дэмакрат, які горача любіў беларускі народ, ён збіраў і выдаваў творы народнай творчасці, пісаў па-беларуску брашуркі павучальнага характару (яны, аднак, не былі надрукаваныя), а ў зборніку «Piosnki wieśniacze» 1844 года змясціў каля трох дзясяткаў сваіх беларускіх вершаў, напісаных у духу народных песень. Стыль Чачот вытрымаў так удала, што гэтыя рэчы не раз перадрукоўвалі розныя этнографы як чыста народныя.

Усе гэтыя спробы ўпотай змясціць у друку некалькі беларускіх рэчаў завяршыліся тым, што ў 1846 годзе з’явілася п’еса В. Дуніна-Марцінкевіча «Sialanka», напісаная часткова па-польску, часткова па-беларуску (для цэнзуры яе назвалі польскай). Пасля гэтага пільнасць цэнзуры ўзмацнілася, і ў гісторыі беларускага друкаванага слова наступіў дзесяцігадовы антракт. Але, вядома, рукапісная літаратура працягвала развівацца, хоць яе воблік моцна змяніўся. Ужо адмерла тая яе частка, што служыла штодзённым практычным патрэбам вясковай шляхты і гарадскога мяшчанства. На першы план выйшлі творы вершаваныя, вельмі часта гумарыстычныя. Іх слабасць тлумачыцца бязмэтнасцю іх існавання: непісьменны народ гэтых твораў ведаць не мог, а для інтэлігенцыі яны былі не хлебам духоўным, а толькі простым давескам да літаратуры польскай або велікарускай. Падкрэсліваем гэта, бо падобнае становішча працягвалася да самага апошняга часу і наклала глыбокі адбітак на ўсё мінулае беларускай літаратуры: яе бяда была ў тым, што ў яе не было ні чытачоў, ні пісьменнікаў, — былі толькі аматары беларускага пісьменства. Зрэшты, гэта не перашкаджала з’яўляцца даволі цікавым беларускім творам. Адзначым сярод рукапісаў 40-х гадоў дасціпную жартоўную паэму «Тарас на Парнасе», у якой ёсць, між іншым, выпады супраць Грэча і Булгарына. Напісаная жвава, добрай беларускай мовай і бездакорным вершам, яна потым здабыла шырокую папулярнасць і перавыдавалася паўтара дзясятка разоў. Яшчэ больш цікавага мы знаходзім на мяжы шасцідзясятых гадоў, у эпоху «вялікіх рэформ». За мінулыя 10 гадоў жыццё ў Беларусі моцна змянілася, дэмакратызавалася, і гэта не магло не адбіцца на беларускай літаратуры. Яна расла, развівалася, і перыяд грамадскага ўздыму стаў перыядам уздыму і для яе. Ледзь толькі пачаліся паслабленні, выкліканыя Севастопальскай вайной, як яна выйшла наперад на чале з ужо згаданым В. Марцінкевічам.

Нарадзіўся ён у 1808 годзе ў сям’і дробнага арандатара; дзяцінства правёў на радзіме, у Бабруйскім павеце Мінскай губерні. Потым, скончыўшы ў Бабруйску сярэднюю навучальную ўстанову, нейкі час правёў у Віленскім базыльянскім калегіуме і ў Пецярбургскім універсітэце. Пакінуўшы яго, доўга служыў у розных мінскіх канцылярыях, пакуль у 1858 годзе не кінуў службу і не пасяліўся ў маёнтку Люцынка пад Мінскам, набытым яшчэ раней. Там ён і памёр у 1885 годзе.

Да першага твора Марцінкевіча, п’есы «Sielanka», славуты Манюшка напісаў музыку, і ў 1852, 1853 і 1855 гадах гэтую п’есу з вялікім поспехам ставілі ў Мінску, што зноў праклала беларускай мове дарогу з вёскі ў горад. Услед за гэтым пачынае друкавацца цэлы шэраг беларускіх паэм Марцінкевіча («Hapon» (1855), «Wieczernice» (1855), «Kupała» (1856, у кнізе «Ciekawyś? — pczeczytaj»), «Ščarouskija dažynki» і «Wierš Nauma Pryhaworki» (1857, у кнізе «Dudarz białoruski»), «Pan Tadeusz» (1859), першыя дзве песні. Цяпер усё гэта перавыдадзена. — заўв. аўтара), які абрываецца на 1859 годзе, бо цэнзурны нагляд да таго часу ўжо ўзмацніўся і перакладзеныя Марцінкевічам першыя дзве песні «Пана Тадэвуша» адразу пасля выхаду з друкарні былі канфіскаваныя. З таго часу ён ужо нічога не друкаваў, хоць і працягваў пісаць: нам вядомы яго верш «Вясна, голад, перапала» і чатыры камедыі.

Пісьменнік грузны і цяжкаваты, які засяродзіўся выключна на эпасе, Марцінкевіч пісаў вершам няўклюдным і непаваротлівым, што раз-пораз адступаў ад патрабаванняў беларускай прасодыі (уплыў польскіх узораў). Можна нават сумнявацца, ці быў ён наогул паэтам. Характэрна, напрыклад, што, правёўшы значную частку жыцця ў вёсцы, ён зусім не адчуваў прыроды і не даў ніводнага яе малюнка, хоць апісваў выключна вясковы быт. Зрэшты, яму нельга адмовіць у веданні беларускай вёскі і ў пэўным выяўленчым таленце, а часам і ў жвавасці пісьма. Найпаўней гэтыя вартасці праявіліся ў першай песні паэмы «Hapon», якая і дагэтуль захавала пэўную цікавасць. Аднак заслугі Марцінкевіча перад беларускай літаратурай ляжаць усё ж не ў галіне мастацкіх дасягненняў, а ў галіне чыста гістарычнай. Яны — у тым дэмакратызме, якім веяла ад сентыментальна-народніцкіх паэм Марцінкевіча, у той гуманізатарскай тэндэнцыі, што выразна выступае з кожнага іх радка і была ў той час зусім не лішняй. Нарэшце, адзначым, што, шмат пішучы і шмат друкуючы, ён выклікаў вакол сваіх твораў размовы і палеміку, нагадваў пра існаванне беларускай мовы і зародкаў беларускай літаратуры, наводзіў на пытанне пра магчымасць іх далейшага развіцця. Таму нядзіўна, што ён стаў цэнтрам беларускага пісьменніцкага гуртка, у які ўваходзілі людзі значна большага таленту.

З іх найперш трэба згадаць багата адоранага «краёвага» паэта Уладзіслава Сыракомлю (Кандратовіча), калісьці папулярнага і ў Расіі. Вядомы выключна сваімі польскімі творамі, ён, аднак, шмат пісаў і па-беларуску (напрыклад, лібрэта для оперы вядомага музыканта Лапацінскага і інш. — заўв. аўтара), але не змог замацаваць у друку гэты бок сваёй творчасці (за выключэннем рэвалюцыйнага верша «Заходзіць сонца»). Усе яго беларускія рукапісы і дагэтуль чакаюць свайго выдаўца. Кіркор адзначаў, што песні Сыракомлі цяпер спяваюць у Беларусі нароўні з народнымі. Нямала беларускіх вершаў пакінуў і таленавіты паслядоўнік Сыракомлі польскі паэт Вінцук Каратынскі; аднак яны, за выключэннем аднаго, не былі надрукаваныя. Яшчэ больш пісаў па-беларуску Арцём Верыга-Дарэўскі, які нідзе не друкаваўся. З найбуйнейшых яго твораў вядомыя пераклад «Конрада Валенрода» Міцкевіча, паэма «Братом Ліцьвінам», гумарыстычныя аповесці «Паўрот Міхалка», «Быхаў», «Гутарка з пляндроўкі на зямлі Латыскай» і г. д. Сучаснікі ставілі іх вельмі высока. Працягваючы агляд, укажам, што ўжо згаданы намі вядомы мясцовы вучоны А. Кіркор пісаў для народа папулярныя беларускія брашуры, але не меў магчымасці іх надрукаваць. Гэтаксама амаль не друкаваліся, хоць і пісалі па-беларуску, паэты Ялегі Францішак Вуль, Н. Караткевіч, Юльян Ляскоўскі, Якуб Т-кі, Юльян Мрочак і многія іншыя. Не ўдаючыся ў падрабязную ацэнку іх творчасці, падкрэслім усё ж, што з часоў сарокавых гадоў беларускае пісьменства значна прасунулася наперад. Яго кругагляд, бясспрэчна, пашырыўся. Жыццё беларускай вёскі, сціплыя вясковыя краявіды, простыя чалавечыя пачуцці і перажыванні, немудры жарт — усё гэта знайшло сабе месца на яго старонках. Такімі ж звычайнымі сталі дэмакратычныя і нацыянальна-беларускія тэндэнцыі, якія часам дасягалі выключнай яскравасці і вастрыні. Нарэшце, змянілася сама форма твораў, хоць адсутнасць годных узораў вельмі адчувальна давалася беларускім пісьменнікам у знакі.

У гэтую эпоху беларускую мову выкарыстоўвалі і для чыста практычных мэтаў. У 1862 годзе выйшаў «Elementarz dla dobrych dzietok katolikoŭ» (Варшава), якім карысталіся ў прыватных вясковых школах. З’явіліся і беларускія выданні, што зыходзілі з урадавых колаў («Рассказы на белорусском наречии» (1863), выданне Віленскай навучальнай акругі; «Бяседа старага вольніка з новымі, пра іхнае дзела», Магілёў, 1861, выдадзена па загадзе губернатара, — кніжка тлумачыць адмену прыгоннага права. На тую ж тэму напісаны два велізарныя вершы Блуса ў «Магілёўскіх губернскіх ведамасцях», 1861. — заўв. аўтара). Польскія паўстанцы 1863 года ў сваю чаргу выпусцілі шэраг выданняў на беларускай мове. Такія «Мужыцкая праўда», «Гутарка старога дзеда», «Перадсьмертны разгавор пустэльніка Пятра» і г. д. К. Каліноўскі [Кастусь Каліноўскі, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гадоў на землях Беларусі і Літвы — заўв. рэд.] выдаваў у Беластоку нават беларускую газетку «Hutarka» (вершаваную), падпісваючыся псеўданімам «Яська гаспадар з-пад Вільні». Тады ж узнікла цікавасць да беларусаў і ў рускім грамадстве. «Мы вінаватыя перад вамі... Мы, рускае грамадства, нібы забыліся пра існаванне Беларусі», — пісаў славянафільскі «День» і праектаваў выданне газеты на беларускай мове. Аднак газета не з’явілася, а ўрад афіцыйна забараніў беларускія тэатральныя пастаноўкі і беларускія кнігі, за выключэннем этнаграфічных. У выніку беларуская літаратура была зноў прыдушана, зноў асуджана марнець у рукапісах. У такім стане яна пражыла цэлых 15 гадоў (за гэты час у друку з’явіліся толькі кніжачкі «Пра багацтва ды беднасьць» (Жэнева, 1881, пераклад з украінскай), «Pan Tadeusz» у перакладзе А. І., ч. I, 1882, і некалькі беларускіх сцэнак Гр. Кульжынскага (у 70-я гады). — заўв. аўтара).

За гэты час Беларусь моцна змянілася. У ёй з’явілася новае пакаленне інтэлігенцыі, якое вырасла пад знакам народніцтва, пазнаёмілася з сацыялізмам і часам зноў выяўляла зародкі беларускай нацыянальнай свядомасці. Моцна развілася беларуская этнаграфія. З’явіўся шэраг зборнікаў народнай творчасці, складзеных Гільфердынгам, Дзмітрыевым, Бяссонавым, Шэйнам, Дамбавецкім, Раманавым і г. д. Быў выдадзены беларускі слоўнік Ів. Насовіча на 30 тысяч слоў. Расла і беларуская рукапісная белетрыстыка: працягвалі працаваць многія ранейшыя пісьменнікі, да іх далучыўся шэраг новых — напрыклад, Хвэлька з Рукшэніц (Фелікс Тапчэўскі), віцябчанін, з шматлікіх вершаў якога найлепшымі лічацца «Гаспадыня», «Саўсім ня тое, што было», «Вечарынка» і г. д.; Альгерд Абуховіч, які жыў у Слуцку і пакінуў, акрамя мноства арыгінальных вершаў, пераклады з Міцкевіча, Сыракомлі, Лермантава; Апанас Кісель, магілёвец, які пісаў прозу і вершы; Ян Шэмет-Полачанскі, Ягалкоўскі і інш.; у сацыялістычным духу пісаў Адам Гурыновіч (у пачатку 90-х гадоў).

Пад канец 80-х гадоў беларускія творы зноў пачалі з’яўляцца ў друку — на старонках мясцовых газет, «Календаря Северо-Западного края» і нават асобнымі кніжкамі. Быў перадрукаваны, напрыклад, «Гапон» Марцінкевіча, выйшаў шэраг выданняў «Тараса на Парнасе» і г. д. З новых твораў, што друкаваліся ў той час, адзначым жартоўную паэму Шунькевіча «Сьцяпан і Тацяна» і асабліва вершы Янкі Лучыны (Ів. Неслухоўскага). Нешматлікія, але старанна апрацаваныя, яны вылучаюцца сваёй літаратурнасцю і несумненным талентам. Тэмы іх разнастайныя, у змесце выступаюць народніцкія і нацыянальныя тэндэнцыі. Гэтыя тэндэнцыі маглі ўжо знайсці водгук сярод мясцовай інтэлігенцыі, асабліва сярод народніцкіх гурткоў, беларускіх студэнцкіх зямляцтваў і да т. п. Адно з іх (маскоўскае) пераклала і выдала ў 1891 годзе апавяданне Гаршына «Сігнал». Каля таго ж часу група беларусаў-сацыялістаў пачала выпускаць нелегальную газету «Гоман». У тым жа 1891 годзе ў Галіцыі выйшла кніжка вершаў Мацея Бурачка «Дудка беларуская», а ў 1894 годзе ў Познані — зборнічак Сымона Рэўкі «Смык беларускі». І тое, і другое належала пяру цікавага беларускага дзеяча Францішка Багушэвіча.

Нарадзіўся ён у 1840 годзе, вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце, быў у Беларусі народным настаўнікам. Удзельнічаў у паўстанні 1863 года, быў паранены. Потым скончыў юрыдычны факультэт у Ніжыне, служыў па судовай частцы ў розных месцах Расіі, а пад канец жыцця — у Вільні. Памёр Багушэвіч у 1898 годзе. Яго творы, глыбока прасякнутыя нацыянальным і дэмакратычным духам, не бліскучыя вытанчанасцю апрацоўкі, але затое вызначаюцца вялікай энергіяй выказвання. Верш яго просты і суровы; часам гэтая суровасць саступае месца гумару. У прадмовах да сваіх кніжак Багушэвіч ледзь не першы выступіў прапаведнікам усебаковага нацыянальнага адраджэння беларусаў, даводзячы, што яны — асобны, самастойны народ.

У тыя ж дзевяностыя гады выступіў з шэрагам русіфікаваных беларускіх апавяданняў не пазбаўлены таленту А. Пшчолка (яны сабраныя ў кнігах «Очерки и рассказы из жизни белорусской деревни», 1906, і «Очерки и рассказы из жизни Белоруссии», 1910, 2-е выданне. — заўв. аўтара), а ўслед за ім М. Н. Косіч (пераклад баек Крылова, апавяданне «На перасяленьне» і г. д.). Адначасова з ім надрукаваў шэраг папулярных брашур А. Ельскі. Былі і яшчэ сякія-такія выданні. Так беларуская літаратура ўвайшла ў XX стагоддзе.

Да гэтага часу ў краі з’явіўся цэлы шэраг нацыянальных і палітычных плыняў і арганізацый. Пачалі ўзнікаць і падобныя беларускія гурткі. Адзін з іх адыграў у беларускім адраджэнні вялікую ролю, спарадзіўшы ўмеранае «Таварыства беларускай народнай асветы» і «Беларускі Рэвалюцыйны Саюз», што ўзніклі ў 1902–1903 гадах. Першае праявіла сябе выданнем часопісаў-аднадзёнак — «Калядная чытанка» і «Вялікодная чытанка». З іншых фактаў «культурніцкай» дзейнасці адзначым выданне зборнічка вершаў Я. Лучыны «Вязанка» (для цэнзуры названага балгарскім); выпуск у Кракаве некалькіх перакладных брашурак Канапніцкай, Ажэшкі, Сянкевіча («Wiedźma», «Janka muzykant» і г. д.); тэатральныя пастаноўкі ў Мінску, Пятроўшчыне, Карлсбергу (пад сцягам украінскіх) і да т. п. У той жа час «Беларускі Рэвалюцыйны Саюз», неўзабаве перайменаваны ў «Беларускую Сацыялістычную Грамаду», выдаў пры садзейнічанні P. P. S. [Польскай сацыялістычнай партыі — заўв. рэд.] шэраг брашур і адозваў — напрыклад, «Хто праўдзівы прыяцель беднага народу», «Гутарка аб тым, куды мужыцкія грошы йдуць», «Песьні» і інш. У такім складзе беларуская літаратура апынулася на парозе падзей, што пачалі гісторыю ўсіх народаў Расіі з чырвонага радка.

Калаж: справа на фіялетавай плашчыне — злёгку павернутая старонка старой кнігі ў шэрых танах з загалоўкам «Pradmowa» і тэкстам лацінкай, які пачынаецца словамі «Bratcy miłyje, dzieci Ziamli-matki majej!». Злева — доўгі чорны клін, вялікі надпіс «Дудка», подпісы «Мацей Бурачок / Кракаў, 1891» і «Pradmowa» і невялікі фіялетавы круг.
Першая старонка прадмовы да «Дудкі беларускай» Мацея Бурачка (Францішка Багушэвіча), Кракаў, 1891 · Калаж: Праксіс. Выява: «Dudka białaruskaja», 1891, грамадскі набытак (Wikimedia Commons)

III

1905 год — вяха, што адзначае пункт пералому ў гісторыі беларускага адраджэння. Падзеі, звязаныя з гэтым годам, нарадзілі ў народных масах імкненне разабрацца ў навакольным жыцці і выклікалі ліхаманкавы попыт на ідэйныя каштоўнасці. Пісаць для гэтага масавага чытача трэба было перш за ўсё проста і зразумела, так што сама сабой узнікала думка звярнуцца да беларускай мовы. З’явіліся выданні «Беларускай Сацыялістычнай Грамады», па-беларуску друкаваліся адозвы і некаторых іншых партый (з нерэвалюцыйных выданняў назавём брашуры «Аб чым у нас цяпер гамоняць», Барысаў, 1906, 2-е выданне, і «Hutarka ab tym, jakaja maje być Ziamla i Wola», 1906, — вершаванае апавяданне г. А. У. — заўв. аўтара), з’явілася і белетрыстыка яскравай палітычнай афарбоўкі. Сярод яе адзначым зборнічкі вершаў «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду». З агітацыйных брашур «Б. С. Г.» можна назваць «Чы будзе для ўсіх зямлі», «Што такое свабода», «Як зрабіць, каб людзям стала добра на сьвеце», «Як мужыку палепшыць сваё жыцьцё» і да т. п. Нарэшце, напрыканцы 1906 года ў Вільні з’явілася першая легальная беларуская газета «Наша Доля» яскрава радыкальнай афарбоўкі. На сёмым нумары яе закрылі. Аднак у гэты час ужо пачаў выходзіць новы штотыднёвік «Наша Ніва» (Вільня), які трымаўся больш умеранага кірунку і засяродзіў на сабе ўсе беларускія нацыянальныя спадзяванні. Яшчэ раней група беларусаў, што жылі ў Пецярбургу, заснавала выдавецкае таварыства «Загляне сонца і ў наша ваконца» і ўзялася за выпуск падручнікаў, твораў некаторых новых, а таксама і старых беларускіх пісьменнікаў (Бурачка, Марцінкевіча, Купалы) і да т. п. Гэтая культурная дзейнасць як пецярбургскіх, так і віленскіх беларусаў знайшла спагадлівы водгук і падтрымку. Хваля грамадскага ўзбуджэння да таго часу ўжо спала, і Расія ўступіла ва ўсім яшчэ памятную паласу рэакцыі. У гэтую пару «Наша Ніва» вяла нястомную асветніцкую працу. Ставячы сваёй мэтай усебаковае адраджэнне беларускай народнай культуры і, такім чынам, цвёрда стоячы на пэўнай дэмакратычнай пазіцыі, яна пракладала сабе дарогу ў самыя глухія куткі Беларусі, у самыя цёмныя слаі насельніцтва. Для многіх тысяч людзей яна стала першай газетай, якую яны прачыталі, першай крыніцай ведаў, што не насіла казённай пячаткі і была выкладзена простай і яснай мовай. Да беларускага селяніна, які звыкся з думкай, што ён — хам, а яго «мова» — хамская, «Наша Ніва» звярнулася ў друку на гэтай самай «мове» — і тым самым абудзіла ў ім павагу і да яе, і да сябе самога, абудзіла ў ім пачуццё ўласнай годнасці. У беларускім краі, змучаным нацыянальнай барацьбой, «Наша Ніва» нястомна нагадвала, што трэба шанаваць правы кожнага народа, цаніць усякую культуру і, умацоўваючы свае нацыянальныя асновы, шырока карыстацца здабыткамі культуры як польскай, так і велікарускай, і ўкраінскай. Гэта, як і многае іншае, трэба ўвесь час мець на ўвазе, ацэньваючы значэнне сціплай штотыднёвай беларускай газеткі памерам у адзін друкаваны аркуш.

Вось ужо дзявяты год працуе «Наша Ніва» ў гэтым кірунку. Яе не раз канфіскоўвалі, рэдактар адседжваў у турме, чытаць яе забаранялі і вайскоўцам, і духавенству, і народным настаўнікам, і вучням настаўніцкіх семінарый, і яшчэ цэламу шэрагу асоб. Субсідаваная руская прэса цкавала яе, сцвярджаючы, што яна выдаецца на польскія грошы, каб аслабіць у краі велікарускія пазіцыі і падрыхтаваць глебу для яго апалячвання. У сваю чаргу органы польскага шавіністычнага нацыяналізму бачаць у ёй тонкі сродак для абрусення беларусаў-католікаў, створаны на казённыя грошы. Але ўсё гэта не зламала энергіі выдаўцоў «Нашай Нівы» і не здолела затрымаць развіццё беларускага руху. Цяпер «Наша Ніва» ідзе ў сялянства, як ніводны орган ва ўсім краі. З усіх бакоў у яе льюцца карэспандэнцыі, вершы, апавяданні, артыкулы, напісаныя няўмелай рукой селяніна-беларуса. Сельскагаспадарчы аддзел так разросся, што з яго ўзнік асобны штомесячнік «Саха» (Мінск, выходзіць трэці год). Для беларусаў-католікаў выдаецца лацінкай штотыднёвік «Biełarus» (Вільня) (яго клерыкальны характар — пэўны дысананс у беларускім друку. Зрэшты, «Biełarus’у» не чужыя ні нацыянальныя, ні дэмакратычныя тэндэнцыі гэтага друку, хоць праяўляюцца яны ў ім у больш умеранай форме. — заўв. аўтара), для беларускай моладзі — штомесячнік «Лучынка» (Мінск), для інтэлігентных чытачоў — літаратурна-публіцыстычныя зборнікі «Маладая Беларусь» (С.-Пецярбург) (у 1914 годзе пачаў выходзіць орган беларускага студэнцтва «Раніца». З’явіліся аднадзёнкі: у 1912 годзе ў Вільні «Крапіва» (гумарыстычная), а ў канцы 1914 года там жа — яшчэ адна аднадзёнка (на дапамогу ахвярам вайны). — заўв. аўтара). Вось ужо пяць гадоў выходзіць «Беларускі Календар Нашае Нівы» (10 000 асобнікаў), які атрымаў на сельскагаспадарчых выставах шэраг медалёў і пахвальных водгукаў, а ў прэсе — нават чарнасоценнай — самую высокую ацэнку. Нарэшце, на яўрэйскай мове выходзіць часопіс «Літва» (Вільня), спецыяльна прысвечаны літоўскаму і беларускаму адраджэнню. Заснаваны цэлы шэраг кнігавыдавецтваў («Загляне сонца і ў наша ваконца», «Наша хата», «Палачанін», «Беларускае выдавецкае таварыства» і г. д.), якія выпусцілі ўжо нямала кніг агульным накладам больш за чвэрць мільёна асобнікаў.

Аднак літаратурнай прадукцыяй беларускі рух, вядома, не вычэрпваецца. Трэба адзначыць, напрыклад, узнікненне ў Вільні беларускага музычна-драматычнага гуртка, які заняўся развіццём беларускай сцэны, песні, музыкі, танца. Не абмяжоўваючыся выступленнямі ў Вільні, трупа гуртка з вялікім поспехам аб’ездзіла ўсю Беларусь, пабываўшы ледзь не ў кожным хоць колькі-небудзь буйным гарадскім ці вясковым цэнтры. Нярэдкія і самастойна арганізаваныя на месцах сцэнічныя пастаноўкі, якія сустракаюцца ўсё часцей і часцей. На заканчэнне згадаем пра ўзнікненне навуковых гурткоў для даследавання Беларусі (С.-Пецярбург, Новая Александрыя), пра збіранне беларускага нацыянальнага музея, пра заснаванне ўласных кнігарняў, пра падрыхтоўчую працу дзеля стварэння беларускіх школ (неафіцыйных) і інш., і інш. Дзякуючы ўсяму гэтаму беларуская мова пачынае ўваходзіць ва ўжытак культурнага грамадства: ёю карыстаюцца, напрыклад, у гандлёвых зносінах, пры наладжванні выстаў, для касцельнай пропаведзі і да т. п. Але галоўнае значэнне ўсяго апісанага не ў гэтым. Яно ў нараджэнні беларускай народнай інтэлігенцыі, якую выклікалі да жыцця падзеі 1905 года і якая фармавалася дзякуючы нястомным намаганням беларускіх выданняў даць ёй магчымасць стаць на ногі. Цяпер яна нарэшце вырасла і ўмацавалася. Селянін з асаблівай духоўнай заквасай, рабочы, часам народны настаўнік — вось хто ўваходзіць у яе склад. Усё гэта людзі справы, а не слова, людзі, што з’яўляюцца непарыўнай часткай народа і не перарэзалі пупавіны паміж ім і сабой. З другога боку, гэта людзі, для якіх толькі адна мова дарагая, блізкая і зразумелая — мова беларуская. Гэта людзі, якія не робяць над сабой гвалту, не скоўваюць працу сваёй думкі, звяртаючыся да яе, а, наадварот, ступаюць тым самым на хаджалую сцежку, на добра наезджаную каляіну. Абапіраючыся на гэтую інтэлігенцыю, беларускі рух пачынае адчуваць пад сабою трывалы грунт. Бо менавіта яна і з’яўляецца асноўным чытацкім ядром для беларускіх выданняў, яна ж нясе на сваіх плячах і найбольшую частку самой пісьменніцкай працы. Каб уявіць сабе, наколькі масавы гэты ўдзел народнай інтэлігенцыі ў літаратуры, дастаткова ведаць, што адна толькі «Наша Ніва» ў 1910 годзе змясціла 666 карэспандэнцый з 320 мясцовасцяў, 69 апавяданняў 30 розных аўтараў, 112 вершаў 24 паэтаў і шэраг публіцыстычных артыкулаў, якія, апрача сіл самой рэдакцыі, належалі пяру 32 асоб. Прыгледзімся ж бліжэй да найбольш вядомых прадстаўнікоў гэтай літаратуры, цікавай не толькі тым, што яна ідзе ў народ, але і тым, што яна ідзе з народа.

Калаж: злева ў фіялетавым дуатоне — тытульны аркуш кнігі «Вянок. Кніжка выбраных вершоў» Максіма Багдановіча з маленькай віньеткай і выхаднымі звесткамі «Вільня, друкарня Марціна Куты, 1913»; каля яго ніжняга краю — чорны круг. Справа вялікая лічба «666» з подпісам «карэспандэнцый з 320 мясцін», пад ёй тры паласы як дыяграма: доўгая чорная і дзве кароткія фіялетавыя з подпісамі «112 вершаў» і «69 апавяданняў», унізе — «Наша Ніва, 1910».
Тытульны аркуш «Вянка» Максіма Багдановіча (Вільня, 1913); лічбы — колькі допісаў, вершаў і апавяданняў надрукавала «Наша Ніва» за 1910 год, паводле нарыса · Калаж: Праксіс. Выява: «Вянок», 1913, грамадскі набытак (Wikimedia Commons)

Дагэтуль у беларускай літаратуры, як гэта заўсёды бывае ў народаў, што пачынаюць адраджацца, галоўную ролю ўсё яшчэ адыгрывае паэзія. Тут перш за ўсё звяртае на сябе ўвагу постаць Янкі Купалы — пісьменніка вялікіх вартасцяў, хоць і некалькі аднабаковых. Спачатку рабочы на вясковым бровары, Купала адразу вылучыўся сваёй першай кнігай вершаў («Жалейка», 1908) і з таго часу не перастае прыкоўваць да сябе ўвагу беларускага чытача. Праўда, неапрацаваныя, хаатычныя вершы «Жалейкі» робяць уражанне хутчэй сваімі тэмамі, заўсёды яскрава грамадзянскага кірунку, чым даволі слабымі мастацкімі вартасцямі. Аднак ужо ў гэтай кнізе некаторыя месцы прымушалі бачыць у Купалу багата адоранага паэта, які толькі не ўмее як трэба скарыстаць свой незвычайны талент. «Адвечная песня» — лірычная драма, што выйшла ў 1910 годзе, — яшчэ пэўней сведчыла пра талент Купалы. Яна, несумненна, ідэйна звязаная з вершамі «Жалейкі», але бясспрэчна мастацкая за іх і дзякуючы сваёй цэльнасці і вытрыманасці пакідае ў душы чытача больш глыбокі след. Выдадзены ў тым жа 1910 годзе зборнік вершаў «Hušlar» паказаў, акрамя таго, што дар Купалы здольны развівацца, пашыраць кола сваіх тэм, удасканальваць свае творчыя прыёмы. Аднак напоўніцу гэта сказалася толькі ў апошняй, найлепшай кнізе беларускага паэта, які нястрымна расце, — у зборніку «Шляхам жыцьця» (1913). Акрамя таго, пяру Купалы належаць «Паўлінка», драма з вясковага жыцця, напісаная добрай прозай, і лірычная драма «Сон на кургане»; выдадзены яны параўнальна нядаўна.

Незвычайная рытмічнасць — вось галоўная, усё падпарадкоўваючая асаблівасць Купалы. Яго буйныя, імклівыя рытмы захопліваюць, гіпнатызуюць чытача, не даюць яму затрымацца, апамятацца, скараюць яго сваёй уладзе. Імі абумоўлены і ўсе вартасці, і ўсе недахопы гэтых вершаў. Багацце рыфмаў, яркіх і поўнагучных, што звіняць не толькі ў канцы, але і ў сярэдзіне радкоў, дзіўна звонкі падбор слоў, энергія выразаў — усё гэта характэрна для паэзіі Купалы. Але характэрна для яе і адсутнасць дакладнасці эпітэта, яснасці фразы, выразнай пабудовы самога верша ў цэлым, бо ўсё гэта ахвяруецца гучнасці і рытмічнасці. Толькі ў апошнія гады дзейнасці Купалы гэтыя недахопы пачалі знікаць, і ў ім пачаў вымалёўвацца не толькі «паэт ласкаю божай», але і ўмелы майстар свайго рамяства, які пашырае кола сваіх тэм, формаў і стыляў, умела працуе над агульнай архітэктурай твора, канструкцыяй страфы, камбінацыямі рыфмаў і да т. п.

Несумненны талент мае і Якуб Колас, былы народны настаўнік, які друкуецца па-беларуску яшчэ з 1906 года. Кніжка яго вершаў «Песьні жальбы» выйшла ў 1910 годзе, а пазнейшыя творы раскіданыя па старонках розных беларускіх выданняў. Многімі рысамі сваёй творчасці ён нагадвае Нікіціна. Гэта пісьменнік просты, спакойны і заўсёды роўны сабе. Няма ў яго нічога асабліва моцнага, яркага, нечаканага, але няма і слабага, нікчэмнага. Верш яго не бліскучы вялікімі вартасцямі, але заўсёды старанна прадуманы і ўмела апрацаваны. Сялянскае жыццё, яго цяжар, паэзія працы, вясковыя краявіды, нацыянальна-грамадзянскія матывы, турэмная адзінота (Колас прабыў тры гады ў турме за ўдзел у «Беларускім настаўніцкім саюзе». — заўв. аўтара) — гэтым і абмяжоўваецца ўвесь кругагляд яго сціплай паэзіі. Але столькі ў ёй любові да роднага краю, столькі непадробнага, ціхага лірызму, што становіцца цалкам зразумелай папулярнасць Коласа сярод беларускіх чытачоў.

У аглядах беларускай літаратуры да імёнаў гэтых двух паэтаў прынята далучаць і маё. Частка маіх вершаў склала зборнік «Вянок», што выйшаў у 1913 годзе. Вядома, з майго боку дарэчы толькі іх характарыстыка, але не ацэнка. Адзначу таму, што мая творчасць была скіраваная галоўным чынам на пашырэнне кола тэм і формаў беларускай паэзіі.

З іншых беларускіх паэтаў у самастойную велічыню пачынае вырастаць Алесь Гарун (селянін, сталяр), які знайшоў свае асобыя рытмы і час ад часу радуе нас вытанчанай арыгінальнасцю верша (апошнім часам вылучаецца наперад г. Ясакар — паэт з вершам выразным і энергічным, але некалькі рытарычным. — заўв. аўтара). Рэзка індывідуальнае аблічча маюць нешматлікія творы К. Каганца (ляснік), ад якіх вее паганскай Руссю. Даволі адметныя і добрыя вершы Цёткі (М. Крапіўкі), што з’яўляюцца зрэдку і многімі рысамі блізкія да народнай творчасці. На тэмах, што датычаць кахання, засяродзілася К. Буйло («Курганная кветка»), якая піша не вельмі яркія, але гладкія вершы. У гумарыстычным жанры працуе А. Паўловіч (зб. «Снапок», 1910). Згадаем яшчэ Будзьку, Гурло (селянін), Ц. Гартнага (рабочы-гарбар), Ф. Чарнышэвіча (селянін), Л. Лобіка (селянін), Янука Д. (селянін), К. Арла (народны настаўнік), Я. Журбу (народны настаўнік) і г. д. Уважлівы чытач знойдзе шмат цікавага ў іх не заўсёды ўмелай, але заўсёды бясхітраснай паэзіі, тэмы якой падказаныя навакольным жыццём.


Пераходзячы да белетрыстаў-празаікаў, спынімся перш за ўсё на Ядвігіне Ш. Сын дробнага землеўладальніка, ён яшчэ ў канцы 80-х гадоў удзельнічаў у беларускім руху, будучы студэнтам Маскоўскага ўніверсітэта. Выключаны адтуль за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях, вярнуўся на радзіму і пачаў пісаць па-беларуску (камедыя «Злодзей», апавяданне «У судзе» і да т. п.). Калі ўмацаваўся беларускі друк, пісьменніцкая дзейнасць Ядвігіна Ш. разгарнулася шырэй, і ён хутка заваяваў папулярнасць сярод беларускіх чытачоў. Яго творы сабраныя ў кніжках «Дзед Завала» (паэма, 1909), «Бярозка» (зборнік апавяданняў, 1912), «Васількі» (зборнік апавяданняў, 1914).

У творчасці Ядвігіна Ш. пераважаюць невялікія апавяданні байкавага складу, якія звычайна прапануюць простае або спрошчанае вырашэнне той ці іншай жыццёвай праблемы. Адпаведна Ядвігін Ш. шырока карыстаецца алегорыяй і, выбіраючы дзейных асоб, ахвотна звяртаецца да свету жывёл. Але ён так ведае і любіць гэты свет, так умела і трапна падбірае рысы для характарыстыкі сваіх герояў, што ўсе яго звяры і птушкі становяцца цалкам індывідуальнымі постацямі. Непадробны гумар і вартасці мовы, заўсёды жывой і каларытнай, яшчэ больш упрыгожваюць апавяданні Ядвігіна Ш. Нарэшце, ёсць у яго некалькі рэчаў і патэтычнага характару, якія намячаюць новы бок у таленце гэтага адметнага пісьменніка.

Яшчэ мацней сказаўся патэтычны элемент у творах Власта. Селянін-самавук, змушаны з ранняга дзяцінства весці цяжкую барацьбу за кавалак хлеба, ён здолеў здабыць рознабаковую адукацыю і развіць сваё тонкае пачуццё прыгажосці. Як гэта ні дзіўна на першы погляд, Власт пачаў з твораў, напісаных у духу польскага мадэрнізму. Зрэшты, чужыя ўплывы хутка зніклі, і талент Власта выявіў свой сапраўдны твар. Ён не плодны, але яго нешматлікія апавяданні заўсёды поўныя пачуцця глыбокага і хвалюючага, думкі трывожнай і значнай і заўсёды вызначаліся рэдкай разнастайнасцю тэм і стыляў.

Т. Гушча малюе ў нарысах штодзённае жыццё беларускай вёскі. Неглыбокія па задуме, яны вызначаюцца праўдзівасцю і натуральнасцю малюнка, жывасцю дыялогу, які заўсёды льецца лёгка і вольна. Умее Т. Гушча знайсці і кранальныя, і прачулыя словы, і словы, афарбаваныя гумарам. Частка яго апавяданняў сабрана ў кніжачках «Т. Гушча. Апавяданьні» (1912), «Прапаў чалавек» (1914), «Нёманаў дар» (1914), «Тоўстае палена» (1914), «Родныя зьявы» (1914).

Адметныя апавяданні З. Бядулі, часткова змешчаныя ў зборніку «Z. Biadula. Abrazki» (1913). З змрочным гумарам малюе ён невясёлае беларускае жыццё і імкнецца пайсці ад яго ў фантастычны, казачны свет. Менавіта як фантаст і цікавы З. Бядуля. Поўныя глыбокага, узрушальнага пачуцця і сапраўднага сімвалізму апавяданні С. Палуяна, які заўчасна загінуў (памёр 8 красавіка 1910 года). Лірычным уздымам вызначаюцца і нешматлікія рэчы П. Простага («Якім Бяздольны», 1914), напісаныя моцнай, усхваляванай мовай, што набліжаецца да вершаванай. Жвава і жыва зробленыя апавяданні Галубка, прасякнутыя нехітрым гумарам. З іншых белетрыстаў назавём А. Новіча, Лёсіка, Жывіцу і інш. Нарэшце, у галіне публіцыстыкі і крытыкі, а часам і навуковай працы шмат зрабілі ініцыятар і кіраўнік «Нашай Нівы» А. Новіна, мясцовы эканаміст А. Уласаў, ужо згаданы намі Власт (кніга «Гісторыя Беларусі» і шэраг артыкулаў), Ів. Луцкевіч, крытык і бібліёграф Р. Зямкевіч, А. Бульба, С. Палуян, І. Манькоўскі, Ю. Верашчака, Л. Гмырак, Максім Беларус, інакш Максім Гарэцкі («Рунь», 1914), і многія іншыя. Характарызаваць кожнага з іх паасобку цяжка, але не згадаць пра іх нельга. Бо менавіта дзякуючы іх стойкасці і самаахвярнасці беларускі рух, які цяпер знайшоў трывалую апору ў шырокіх кадрах народнай інтэлігенцыі, вытрымаў увесь цяжар першых гадоў свайго існавання, набыў свой цяперашні ідэйны воблік і невялікімі, але глыбокімі, нясцёрнымі літарамі высек сваё імя на скрыжалях сусветнага прагрэсу.

Post scriptum

Мой нарыс, напісаны ў ліпені 1914 года, заканчваецца якраз тым момантам, услед за якім выбухнула вайна. У Беларусі яе ўплыў адчуваўся значна мацней, чым у цэнтральнай Расіі. Гэта адбілася і на беларускім руху: яго галоўная апора, нацыянальна свядомая моладзь, апынулася пад ружжом, у выхадзе некаторых органаў друку ўзнік перапынак, выданне кніг спынілася, перапыніліся крокі да стварэння беларускага навуковага таварыства і г. д. Цяпер гэты глухі час падыходзіць да канца, і мы, азіраючыся на яго, можам адзначыць некалькі вартых увагі з’яў, што акрэсліліся больш ці менш ясна.

Яшчэ раней у беларускім друку адзначаліся такога роду факты, як тое, што гандлёвыя фірмы атрымліваюць карэспандэнцыю на беларускай мове, якой з кожным годам большае, або выдаюць па-беларуску прэйскуранты, ці тое, што на саматужнай выставе з’явіліся беларускія каталогі і да т. п. Відаць, ужо пачынала фармавацца свядомасць, што беларуская мова можа па праве ўвайсці ў мясцовы грамадскі абарот.

Падчас вайны наяўнасць такой свядомасці праявілася значна выразней. У грамадскіх арганізацыях, якія вайна выклікала да жыцця (Вільня, Мінск), прадстаўнікам беларускага руху адвялі месца побач з прадстаўнікамі іншых нацыянальных фармацый гэтага шматплемяннага краю; усялякія адозвы, справаздачы, апавяшчэнні гэтых арганізацый друкуюцца на пяці мясцовых мовах, у тым ліку і на беларускай; на пяці ж мовах былі выдадзены ў Вільні ў дзень дабрачыннага збору газеты-аднадзёнкі, сярод іх — беларуская. Усё гэта паказвае, што ў свядомасці мясцовага грамадства беларускі народ — не tabula rasa, а самастойная нацыянальная велічыня, а беларускі рух — жывая культурна-грамадская сіла. Вось адзін з вынікаў беларускай нацыянальнай працы, які выявіла вайна і які мы хацелі б падкрэсліць.


Максим Богданович, «Белорусское возрождение», «Украинская жизнь» (Масква), 1915, № 1–2; асобны адбітак — Масква, 1916. Пераклад з рускай паводле перадруку ў выданні «Творы М. Багдановіча», т. II (Менск: Беларуская Акадэмія Навук, 1928), с. 119–144, скан на Wikimedia Commons; зноскі аўтара ўнесеныя ў тэкст.

Падзяліцца:TelegramBlueskyXFacebook

Яшчэ ў рубрыцы «Культура»

Культура

Вольная культура

2004 год. Прафесар права Лоўрэнс Лесіг даводзіць: інтэрнэт мог бы зрабіць культуру адкрытай для ўсіх, але вялікія медыя скарыстоўваюць закон, каб абараніцца ад гэтай канкурэнцыі, — і Амерыка, якая заўсёды была вольнай культурай, ператвараецца ў культуру дазволаў. Уводзіны, першы раздзел і заключэнне знакамітай кнігі.

Лоўрэнс Лесіг ·

Культура

Адвечным шляхам: даследзіны беларускага светагляду

1921 год. Дваццаціпяцігадовы віленскі кааператар і паэт тлумачыць, чаму Беларусь тысячу гадоў вагалася паміж Усходам і Захадам — і чаму ёй не трэба ні маскоўскага, ні польскага, ні ўласнага «месіянізму». Выйсце ён бачыць у бесперапыннай творчасці і ў вольных аб’яднаннях без прымусу.

Ігнат Абдзіраловіч ·

Культура

Сацыялізм і культура

1916 год. Малады Антоніа Грамшы спрачаецца з тымі, хто лічыць культуру панскай забаўкай: культура — не энцыклапедыя ў галаве педанта, а арганізацыя ўласнага «я», свядомасць сваёй гістарычнай ролі. І ніводная рэвалюцыя не абыходзілася без доўгай папярэдняй працы крытыкі і ідэй.

Антоніа Грамшы ·