У 2022 годзе Сусветная метэаралагічная арганізацыя ацаніла: з імавернасцю 50% сярэдняя глабальная тэмпература ўжо на працягу наступных пяці гадоў падымецца на 1,5 °C вышэй за даіндустрыяльны ўзровень. Праз чатыры гады найноўшы даклад Праграмы ААН па навакольным асяроддзі паказвае, што парог 1,5 °C цяпер, хутчэй за ўсё, будзе перавышаны. Гэта называюць «перавышэннем» (overshoot).
1,5 °C — юрыдычна абавязковы парог, які вырас з Парыжскага пагаднення, знакавага кліматычнага дакумента, прынятага ў 2015 годзе на Канферэнцыі бакоў (COP) у Парыжы. За ім стаялі многія, і ў бліжэйшыя гады ён стане прадметам судовых спраў. Судовыя спрэчкі — важны этап для многіх грамадскіх рухаў, і яны здольныя прынесці сапраўдныя змены.
Парог 1,5 °C быў самай аптымістычнай мяжой, якой краіны спадзяваліся ўтрымацца. У апошнія гады Парыжскае пагадненне ўвайшло ў фазу так званай глабальнай інвентарызацыі: краіны паказваюць, колькі вуглякіслага газу і іншых парніковых газаў яны выкідваюць.
Сёння краіны свету скарацілі выкіды настолькі, што пацяпленне можна ўтрымаць у межах 2,6–2,9 °C, — а гэтага відавочна мала. Кожная дзясятая градуса звыш 1,5 °C падштурхоўвае прыроду бліжэй да кропак незвароту. Адна з іх — Атлантычная мерыдыянальная перакульная цыркуляцыя (AMOC): маштабнае раставанне Грэнландскага ледзянога шчыта гоніць халодную прэсную ваду ў Паўночную Атлантыку. Гэта можа спыніць AMOC, што прывядзе да значнага пахаладання ў Еўропе і Паўночнай Амерыцы і, магчыма, зменіць буйныя глабальныя заканамернасці надвор’я. Трывожна, што пра гэтыя кропкі незвароту мы ведаем недастаткова.

Навукоўцы карыстаюцца кліматычнымі мадэлямі — з іх дапамогай мы прагназуем будучы клімат і аднаўляем мінулы, — каб разгледзець шэраг сцэнарыяў. Некаторыя з самых аптымістычных сцэнарыяў закладваюць тэхналогіі, якіх у нас няма. Кліматычная палітыка ўжо цяпер робіцца ўсё больш «тэхналагічнай». Мы ўкладаем грошы ў розныя спосабы ўлоўлівання вугляроду. У нас ёсць вугляродныя рынкі, дзе гандлююць вугляродам, — але часам дрэвы, пасаджаныя дзеля ўлоўлівання вугляроду, раз за разам высякаюцца для дрэваапрацоўчай прамысловасці, і яны не паглынаюць таго вугляроду, які павінны.
Мы робім стаўку на штучны інтэлект у шэрагу галін, у тым ліку ў сістэмах ранняга папярэджання, — а яны, як паказана, адзін з самых эканамічна выгадных спосабаў змякчыць наступствы экстрэмальнага надвор’я. Але ў любых мадэляў ёсць мяжа магчымасцяў, а цэнтры апрацоўкі даных спажываюць усё больш вады і энергіі, і гэта спажыванне застаецца амаль нічым не рэгуляваным.
Яшчэ адна галіна, якая расце, — геаінжынерыя. Пра яе гавораць у спалучэнні са сцэнарыем перавышэння: каб штучна ахаладзіць планету. Найчасцей абмяркоўваецца мадыфікацыя сонечнага выпраменьвання: у атмасферу распыляюць аэразолі, якія адбіваюць сонечнае святло і такім чынам ахалоджваюць планету.
Даклад Каралеўскага таварыства паказаў: каб мадыфікацыя сонечнага выпраменьвання была дзейснай, ужо ў першы год давялося б падняць у паветра 1500 самалётаў, а сам працэс трэба было б узгадніць па ўсім свеце. Калі гэтага не адбудзецца, могуць змяніцца мусонныя цыклы, і цэлыя рэгіёны апынуцца пад пагрозай голаду. Незразумела таксама, да якога стану вернецца клімат, калі мадыфікацыю спыняць.
Парог 1,5 °C заўсёды крытыкавалі за тое, што ён можа дэпалітызаваць кліматычны крызіс. Тое самае можа зрабіць і стаўка на тэхналогіі як на чароўную пігулку, калі карыстацца імі неэтычна. Яе можна выкарыстаць, каб адцягнуць нашу ўвагу ад галоўнага: цяперашні лад жыцця ніколі не быў устойлівым і спарадзіў вялікую няроўнасць у тым, як жывуць розныя людзі — і ўнутры краін, і паміж імі, асабліва ў краінах Глабальнага Поўдня.
Гэтая ж нітка праходзіць і праз кліматычную справядлівасць, дзе клімат становіцца гісторыяй пра тое, як зрабіць свет больш справядлівым і карыстацца рэсурсамі пароўну і ўстойліва. Гэтая тэма будзе важнай, калі мы ўвойдзем у свет, дзе парог перавышаны.
Яшчэ адзін аргумент, які набірае вагу, — антырост (degrowth). Ён абапіраецца на канцэпцыю планетарных межаў: гэта дзевяць межаў, за якімі частцы зямной сістэмы можа быць нанесена незваротная шкода. Прыхільнікі антыросту кажуць, што сёння мы спажываем больш энергіі, чым можна вытрымаць, і павінны спажываць менш. Аднак гэты падыход надае недастаткова ўвагі кліматычнай няроўнасці.
Парог 1,5 °C быў важны: ён і перамовы COP у пэўнай ступені скарацілі выкіды і пачалі важныя размовы. Ён жа даў штуршок пратэснаму этапу кліматычнага руху. Можна сказаць, што большага ад яго і не чакалі: пачаць размову, якая прывядзе да скарачэння выкідаў. Але гэтага аказалася мала.
Важна, што будзе далей, і надзея ёсць. Канферэнцыя ў Санта-Марце запусціла працэс, у якім краіны адчулі новы імпэт у кліматычных справах, і ёсць зрухі ў пытаннях клімату і здароўя. Кліматычная адукацыя і камунікацыя могуць стаць дзейснай зброяй супраць дэзынфармацыі, якая непазбежна з’явіцца, калі мы ўвойдзем у свет перавышэння. Важна і далей ажыццяўляць справядлівы пераход і рухацца да кліматычнай трансфармацыі.
Артыкул упершыню апублікаваны на opendemocracy.net 7 верасня 2026 года пад назвай «Preparing for a world beyond 1.5°C» і пад ліцэнзіяй Creative Commons Attribution-NonCommercial 4.0. Пераклад з англійскай: Праксіс. Пераклад распаўсюджваецца на тых жа ўмовах.



