Да зместу
Левы часопіс на беларускай мове
Праксіс

Экалогія27 хвілін чытання2 прагляды

Атлас пластыку

2019 год. Фонд Генрыха Бёля і рух Break Free From Plastic даводзяць: пластыкавы крызіс — не віна неахайных спажыўцоў, а бізнес-мадэль нафтахімічных гігантаў. Вытворчасць расце, перапрацоўка застаецца міфам, а выкіды «з’ядаюць» вугляродны бюджэт планеты. Уступ і шэсць раздзелаў з «Атласа пластыку».

Тэкст: Фонд Генрыха Бёля

Калаж у зялёных колерах: вялікая фатаграфія, адфарбаваная ў зялёны, — з двух адчыненых грузавых кантэйнераў вываліваецца гара марскога смецця: пластыкавыя скрыні, каністры, буйкі, вёдры, шлангі, абрыўкі сетак. Справа — вялікі чорны круг, пад ім россып дробных зялёных і чорных кружкоў, падобных да пластыкавых гранул, і чорная паласа. Унізе вялікі надпіс «Пластык» і дробны подпіс «Атлас · 2019 / 9,2 млрд тон / 1950–2017».
Марское смецце, сабранае на беразе атола Мідуэй у Ціхім акіяне, 2017. На Мідуэі — найбуйнейшая ў свеце калонія альбатросаў, і акіянскія плыні штогод выносяць туды тоны пластыку · Калаж: Праксіс. Фота: Холі Рычардс / Служба рыбы і дзікай прыроды ЗША (USFWS), грамадскі набытак

Фонд Генрыха Бёля — нямецкі палітычны фонд, блізкі да партыі «Саюз 90 / Зялёныя»; ён выдае серыю «атласаў» — навукова-папулярных даведнікаў з інфаграфікай пра мяса, глебу, вугаль, ежу і іншыя тэмы экалогіі і эканомікі. «Атлас пластыку» фонд падрыхтаваў разам з Break Free From Plastic — міжнароднай кааліцыяй грамадскіх арганізацый, якая змагаецца з пластыкавым забруджваннем. Нямецкае выданне выйшла ў чэрвені 2019 года, міжнароднае англамоўнае — у лістападзе 2019-га; мы перакладалі з англійскага. Атлас складаецца з 19 раздзелаў па дзве старонкі, кожны напісалі розныя аўтары — эксперты экалагічных арганізацый. Мы пераклалі ўступ, «12 кароткіх урокаў пра пластык і планету» і шэсць раздзелаў, якія разам складаюць галоўны аргумент кнігі: «Гісторыя», «Культура аднаразовасці», «Змяненне клімату», «Карпарацыі», «Абыходжанне з адходамі» і «Нуль адходаў». Астатнія трынаццаць раздзелаў — пра здароўе, гендар, ежу, адзенне, турызм, мора, глабальны гандаль, «біяпластык», экспарт адходаў, зборшчыкаў смецця, рэгуляванне і грамадскі рух — не перакладзеныя. Інфаграфіку з подпісамі, вынесеныя цытаты і спіс крыніц мы таксама прапусцілі; імёны аўтараў кожнага раздзела, якія ў атласе пададзеныя ў канцы кнігі, мы паставілі на пачатку раздзелаў. Лічбы і прыклады адпавядаюць стану на 2019 год. (Заўвага рэдакцыі: у 2022 годзе Асамблея ААН па навакольным асяроддзі вырашыла выпрацаваць глабальнае пагадненне пра пластык, якое ахоплівала б і вытворчасць; да 2025 года ўзгадніць яго не ўдалося — найперш праз супраціў краін — вытворцаў нафты.)


Уступ

Сёння мы дакранаемся да пластыку часцей, чым да блізкіх людзей. Пластык усюды: у паветры, у вадзе, у глебе. Ён — рухавік глабалізацыі і ўвасабленне нерэгуляванага позняга капіталізму, сістэмы, якая дзеля прыбытку перакладае выдаткі на людзей і прыроду. Нават свядомаму грамадзяніну амаль немагчыма пазбегнуць пластыку, а каб сапраўды жыць без яго, патрэбныя пэўныя магчымасці і прывілеі, якія ёсць у вельмі нямногіх людзей на свеце.

Мы толькі пачынаем разумець, да чаго прыводзіць наша глабальная залежнасць ад гэтага матэрыялу. Пластык карысны якраз тым, чым ён шкодны: ён не знікае. Ён задуманы так, каб ашукаць саму прыроду: яго малекулярныя ланцугі занадта трывалыя, каб біялагічна раскласціся ў хоць колькі-небудзь агляднай будучыні. А калі ён усё ж распадаецца, гэта шкодзіць і прыродзе, і чалавеку. Дзе б навукоўцы ні шукалі пластык, яны яго знаходзяць — нават у самых далёкіх кутках зямлі. Ён не толькі ўсюды ў навакольным асяроддзі, але і ў нашых уласных целах.

Мы як від заражаныя пластыкам, і не толькі ўскосна — праз рыбу, якая наглыталася пластыку. Пластык забруджвае на кожнай стадыі свайго жыццёвага цыкла: ад здабычы нафты і газу, з якіх яго робяць, да канца яго жыцця, калі пластыкавыя адходы выкідваюць куды папала, вывозяць на палігоны, перапрацоўваюць у штосьці горшае або спальваюць.

Вытворчасць і спажыванне пластыку растуць шалёнымі тэмпамі: больш як палова ўсяго пластыку, які калі-небудзь існаваў, зробленая пасля 2005 года. Рынак кантралююць некалькі буйных транснацыянальных карпарацый. Разам яны ўкладаюць больш як 200 мільярдаў долараў у новыя магутнасці, каб вырабляць яшчэ больш нафтахімічнай прадукцыі, большая частка якой стане пластыкам. Робячы стаўку на сланцавы газ са Злучаных Штатаў, яны плануюць пабудаваць або пашырыць больш як 300 вытворчасцей і да 2025 года павялічыць колькасць пластыку на рынку на 40%. Прапанова пластыку значна перавышае попыт.

Аднак вытворцы пластыку і нафтахімічныя кампаніі ўсё больш нервуюцца: вайна супраць пластыку разгараецца. І хоць некаторыя кампаніі пачынаюць прынамсі прызнаваць сваю адказнасць за гэтае забруджванне, яны па-ранейшаму агрэсіўна і публічна сцвярджаюць, што вінаваты ў ім спажывец.

Гэта не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю. Насамрэч спажывецкія брэнды напорыста заваёўваюць рынкі ў новых рэгіёнах — у Азіі, Афрыцы, Паўднёвай Амерыцы, — выдатна ведаючы, што ў большасці гэтых рэгіёнаў сістэмы збору і перапрацоўкі адходаў моцна адстаюць ад большасці краін глабальнай Поўначы. Цяпер рух з 1500 грамадскіх арганізацый па ўсім свеце аб’яднаўся пад сцягам Break Free From Plastic («Вызваліся ад пластыку»), каб назаўсёды спыніць пластыкавае забруджванне.

Break Free From Plastic і Фонд Генрыха Бёля ганарацца тым, што разам выпускаюць гэтае першае міжнароднае англамоўнае выданне «Атласа пластыку». У ім сабраныя факты, даныя і лічбы, якія даказваюць: гісторыя пра пластык, якую нам распавядае прамысловасць, — міф. Нам патрэбна тэрміновае і рэзкае скарачэнне вытворчасці і спажывання пластыку, а таксама рэгуляванне на мясцовым, нацыянальным і глабальным узроўнях, якое змагалася б з пластыкавым забруджваннем у самой крыніцы. Рашэнні пластыкавага крызісу павінны быць накіраваныя на тое, каб на рынак не трапляў новы пластык, а таксама на стварэнне і падтрымку супольнасцей і гарадоў, якія жывуць паводле прынцыпу «нуль адходаў», альтэрнатыўных сістэм дастаўкі тавараў і шматразовых рэчаў. Урады павінны прыцягнуць да адказнасці кампаніі, якія сёння ствараюць пластыкавы крызіс і робяць на ім грошы. А грамадзяне павінны патрабаваць ад палітыкаў сапраўдных дзеянняў і рашэнняў, каб нашы экасістэмы і нашы целы былі вольныя ад пластыку і яго таксічных дадаткаў.

Барбара Унмюсіг, старшыня Фонду Генрыха Бёля; Стыў Уілсан, выканаўчы прадзюсар дакументальнага фільма «The Story of Plastic», член міжнароднага кіруючага камітэта Break Free From Plastic

12 кароткіх урокаў пра пластык і планету

1. Масавае пашырэнне пластыку пачалося ў другой палове XX стагоддзя, калі высветлілася, што з адходу нафтахімічнай прамысловасці можна рабіць ПВХ.

2. З 1950 па 2017 год у свеце выпусцілі 9,2 мільярда тон пластыку — больш як тону на кожнага чалавека, які цяпер жыве на Зямлі. Найбольшую долю складаюць аднаразовыя вырабы і ўпакоўка. Перапрацавана менш як 10% усяго пластыку, які калі-небудзь быў выраблены.

3. У 1978 годзе Coca-Cola ўпершыню вырашыла замяніць свае знакамітыя шкляныя бутэлькі пластыкавымі. Сёння аднаразовыя кубкі, пластыкавыя талеркі і іншы посуд сталі неад’емнай часткай нашага паспешлівага штодзённага жыцця.

4. Пластык нясе шмат пагроз для здароўя. Каб надаць асноўнаму матэрыялу патрэбныя ўласцівасці, у яго дадаюць цэлы набор хімікатаў. Але гэтыя рэчывы небяспечныя для здароўя, і яны назапашваюцца ў паветры памяшканняў і ў хатнім пыле.

5. Пра пластыкавыя адходы і мікрапластык у сусветным акіяне гавораць шмат. Але мала хто ведае, што глеба можа быць забруджаная пластыкам у 4–23 разы мацней, чым мора.

6. У 2018 годзе толькі ў Еўрасаюзе на ежу і напоі пайшло больш як 1,13 трыльёна адзінак упакоўкі, большасць з іх — пластыкавыя. І справа не толькі ва ўпакоўцы: сельская гаспадарка ва ўсім свеце штогод спажывае каля 6,5 мільёна тон пластыку.

7. Мы носім пластык. Поліэстэр і іншыя сінтэтычныя валокны робяць з нафты або прыроднага газу. Пры вырабе адной поліэстэравай кашулі ў атмасферу можа трапіць ад 3,8 да 7,1 кілаграма CO₂.

8. Пластык распальвае змяненне клімату. Калі нічога не зменіцца, да 2050 года пластык будзе адказны прыкладна за 56 гігатон выкідаў CO₂. Іншымі словамі, вытворчасць пластыку можа «з’есці» 10–13% вугляроднага бюджэту, які ў нас застаўся, каб утрымаць глабальнае пацяпленне ў межах 1,5 градуса Цэльсія.

9. Сусветны рынак пластыку кантралюе жменька транснацыянальных карпарацый, і яго залівае танны газ з ЗША, здабыты фрэкінгам. Ineos, найбуйнейшы вытворца пластыку ў Еўропе, укладае мільярды ў тое, каб вазіць сыравіну з ЗША і рабіць з яе пластык у Еўропе.

10. Дзесяцігоддзямі пластыкавая прамысловасць супраціўляецца спробам абмежаваць вытворчасць пластыку і шкоду ад яго. Яна ўкладае мільярды долараў і трымае цэлыя арміі лабістаў, каб выбіваць субсідыі, блакаваць рэгуляванне і перакладаць віну на спажыўцоў і бедныя краіны Азіі.

11. У 2018 годзе Кітай забараніў увоз пластыкавых адходаў. Іншыя краіны таксама больш не хочуць быць сусветным сметнікам і адпраўляюць адходы назад. Чатыры найбуйнейшыя экспарцёры — ЗША, Японія, Германія і Вялікабрытанія.

12. Глабальны рух Break Free From Plastic патрабуе ад вытворцаў спажывецкіх тавараў і пластыку адказнасці за адходы, якія яны ствараюць, і адстойвае супольнасці і лад жыцця паводле прынцыпу «нуль адходаў». Да руху далучыліся больш як 1500 арганізацый і тысячы асобных людзей.

Гісторыя: прарыў з трох літар

Першыя пластмасы імітавалі слановую косць і шоўк, і рынак для іх быў невялікі. Усё змянілася пасля Другой сусветнай вайны, з узлётам ПВХ. Танны пластык хутка заваяваў свет.

Аўтары раздзела: Аляксандра Катэрбаў і Вольга Сперанская

Пластык — частка штодзённага жыцця мільярдаў людзей, і ў прамысловасці ён ужываецца паўсюдна. Штогод у свеце вырабляюць больш як 400 мільёнаў тон пластыку. Але што такое пластык? Гэтым словам называюць групу сінтэтычных матэрыялаў, зробленых з вуглевадародаў. Яны ўтвараюцца ў выніку полімерызацыі — шэрагу хімічных рэакцый з арганічнай (то бок такой, што змяшчае вуглярод) сыравінай, найперш з прыродным газам і нафтай. Розныя віды полімерызацыі дазваляюць атрымліваць пластмасы з патрэбнымі ўласцівасцямі: цвёрдыя або мяккія, непразрыстыя або празрыстыя, гнуткія або жорсткія.

Першы пластык паказалі ў 1862 годзе на Вялікай лонданскай выставе. Яго назвалі «паркезінам» у гонар вынаходніка Аляксандра Паркса, які зрабіў яго з цэлюлозы. Гэтаму арганічнаму матэрыялу пры награванні можна было надаць любую форму, і, астываючы, ён яе захоўваў. Праз некалькі гадоў Джон Уэслі Хаят стварыў цэлулоід: ён ператварыў нітрацэлюлозу ў пластычную масу, апрацаваўшы яе цяплом і ціскам і дадаўшы камфару і спірт. Цэлулоід замяніў слановую косць і чарапахавы панцыр у більярдных шарах і грабянях, а наперадзе ў яго была бліскучая будучыня ў кіно і фатаграфіі. У 1884 годзе хімік Ілер дэ Шардонэ запатэнтаваў сінтэтычнае валакно, вядомае як «шоўк Шардонэ». Яго пераемніца — віскоза, паўсінтэтычны пластык з хімічна апрацаванай цэлюлозы, таннейшы за натуральныя валокны, напрыклад шоўк.

Гэтыя і іншыя раннія пластмасы рабілі з прыроднай сыравіны. Да з’яўлення цалкам сінтэтычнага пластыку прайшло яшчэ 40 гадоў. У 1907 годзе Леа Хендрык Бэкеланд удасканаліў метады фенол-фармальдэгіднай рэакцыі і вынайшаў бакеліт — першы пластык, у якім не было ніводнай прыроднай малекулы. Бакеліт рэкламавалі як добры ізалятар і трывалы, тэрмаўстойлівы матэрыял.

Праз пяць гадоў Фрыц Клатэ запатэнтаваў полівінілхларыд, больш вядомы як ПВХ, або вініл. Да сярэдзіны XX стагоддзя пластмасы займалі адносна невялікую рынкавую нішу. Штуршком да масавага пашырэння ПВХ стала адкрыццё, што яго можна рабіць з адходу нафтахімічнай прамысловасці: хлор, які застаецца пры вытворчасці гідраксіду натрыю (каўстычнай соды), ператварыўся ў танную сыравіну.

З гэтага пачаўся імклівы і бесперапынны ўзлёт ПВХ. У Другую сусветную вайну попыт на яго рэзка вырас, бо ім ізалявалі кабелі на ваенных караблях. Хоць ужо было ўсё больш вядома, што вытворчасць ПВХ шкодзіць і прыродзе, і здароўю людзей, нафтахімічная прамысловасць скарысталася новай магчымасцю ператвараць адходы ў прыбытак. З таго часу ПВХ стаў найважнейшым пластыкам для самых розных бытавых і прамысловых вырабаў.

Разам з ПВХ распаўсюдзіўся і поліэтылен. Яго вынайшлі ў 1930-я гады, і з яго робяць бутэлькі для напояў, пакеты і харчовыя кантэйнеры. Хімік Джуліо Ната распрацаваў поліпрапілен — пластык з падобнымі да поліэтылену ўласцівасцямі. Ён стаў папулярным у 1950-я, і сёння з яго робяць мноства штодзённых рэчаў — ад упакоўкі да дзіцячых аўтакрэслаў і труб.

Буму пластыку тады спрыяў яго станоўчы вобраз. Пластык лічыўся модным, чыстым і сучасным. Ён выцесніў ранейшыя вырабы і праціснуўся амаль ва ўсе сферы жыцця. Сёння ПВХ, поліэтылен і поліпрапілен — самыя пашыраныя пластмасы ў свеце.

Каб палепшыць уласцівасці пластмас, у іх часта дадаюць хімічныя дадаткі — пластыфікатары, антыпірэны, фарбавальнікі. Многія з іх робяць матэрыял больш гнуткім або трывалым. Але яны могуць шкодзіць і прыродзе, і здароўю. Яны здольныя вылучацца з матэрыялу, трапляць у ваду або паветра, а адтуль — у нашу ежу. Вылучацца яны могуць і падчас перапрацоўкі пластыку.

Новае пакаленне пластмас можна рабіць з біяпалімераў, напрыклад з кукурузнага крухмалу. Так, зусім новы вытворчы працэс дазволіў атрымліваць біяраскладальны пластык з панцыраў крэветак і іншых ракападобных: хітын з панцыраў ператвараюць у полімер пад назвай хітазан. Распрацоўшчыкі з Універсітэта Макгіла ў Канадзе спадзяюцца на бліскучую будучыню — бо штогод у свеце застаецца 6–8 мільёнаў тон адходаў ракападобных. З гэтага і іншых пластмас на прыроднай сыравіне ўжо робяць саломкі для напояў, аднаразовыя талеркі і кубкі, пакеты і харчовую ўпакоўку. Але ці дапамогуць яны вырашыць пластыкавы крызіс — вялікае пытанне.

Калаж у зялёных колерах: злева на зялёным прамавугольніку, з-за якога выглядае чорны квадрат, — партрэт мужчыны з бародкай, у цёмным касцюме і гальштуку. Справа — вялікі зялёны круг і часовая шкала з трох кружкоў з подпісамі «1862 паркезін», «1907 бакеліт», «1912 ПВХ». Ніжэй вялікі надпіс «Бакеліт», унізе подпіс «Леа Бэкеланд, вынаходнік бакеліту, каля 1906».
Леа Хендрык Бэкеланд (1863–1944), бельгійска-амерыканскі хімік, які ў 1907 годзе вынайшаў бакеліт — першы цалкам сінтэтычны пластык. Здымак каля 1906 года · Калаж: Праксіс. Фота: невядомы фатограф, грамадскі набытак

Культура аднаразовасці: чаму свет тоне ў смецці

Да 1950-х гадоў да пластыку ставіліся гэтак жа беражліва, як да шкла ці шоўку. Потым вытворцы спажывецкіх тавараў адкрылі для сябе перавагі полімераў. Узнік лад жыцця, які спараджае ўсё больш смецця.

Аўтар раздзела: Каміль Дзюран

Калісьці рэчы рабілі на доўгі час, а выкідвалі зусім мала. Ежу і напоі прадавалі на вагу і ў разліў. Упакоўку і бутэлькі можна было выкарыстаць зноў або вярнуць. Гародніну ў краме прадавалі россыпам, а мяснік загортваў мяса ў вашчаную паперу. Малако прывозілі пад дзверы ў шкляных бутэльках, якія потым забіралі назад. Іншыя бутэлькі мылі і запаўнялі зноў — або пераплаўлялі ў новыя. Аптэкар адлічваў таблеткі ў слоік з закрутнай накрыўкай. Цяпер усё гэта прыходзіць да нас загорнутым у цэлафан або запакаваным у ПЭТ.

Адразу пасля Другой сусветнай вайны, калі пластык толькі ўваходзіў ва ўжытак, людзі выкарыстоўвалі яго паўторна і абыходзіліся з ім акуратна — як і з іншымі матэрыяламі і відамі ўпакоўкі. Але ў канцы 1950-х эканоміку пачала рухаць патрэба спажываць усё больш і больш рэсурсаў. Вытворцы ахвотна скарысталіся магчымасцю зэканоміць і спрасціць свае ланцугі паставак — і пасеялі зерне культуры аднаразовасці. Ужо ў пачатку 1960-х мільярды пластыкавых рэчаў запаўнялі сметнікі, палігоны і сміццеспальныя заводы заходняга свету. Пераход на аднаразовую ўпакоўку ішоў паступова, пакуль у канцы 1970-х не стаў глабальным. У 1978 годзе Coca-Cola выпусціла аднаразовую пластыкавую ПЭТ-бутэльку на замену сваёй знакамітай шкляной. Гэтая замена сімвалізуе пачатак новай эпохі ў свеце напояў.

Да сярэдзіны 1980-х у заходнім свеце шырока распаўсюдзілася вера, што праблему аднаразовага пластыку, якая ўсё расла, вырашыць перапрацоўка, і да канца дзесяцігоддзя шматразовыя бутэлькі для газіроўкі і малака амаль цалкам зніклі — іх месца заняў аднаразовы пластык. Такі аднабаковы ланцуг паставак дапамог вытворцам ежы і напояў замацавацца на далёкіх новых рынках якраз тады, калі краіны, што развіваюцца, пачыналі пераймаць мадэль развіцця, выпрацаваную на Захадзе. Аднаразовы лад жыцця стаў адзнакай сучаснасці.

Пад канец XX стагоддзя жыццё стала яшчэ больш напружаным. Занятасць расла: усё больш жанчын выходзіла на працу. Гарады павялічваліся, людзей, якія штодня ездзяць на працу здалёк, рабілася ўсё больш. Чаканні ад вольнага часу раслі. У сем’яў (асабліва ў жанчын) заставалася яшчэ менш часу на гатаванне, агарод і хатнюю працу. Маразільнікі і мікрахвалевыя печы дазволілі замяніць хатнюю ежу са свежых прадуктаў гатовымі «тэлевізійнымі абедамі» з супермаркета.

Гэты «зручны лад жыцця» стаў магчымым дзякуючы аднаразоваму пластыку. Пластыкавыя саломкі, аднаразовыя пакеты, талеркі з полістыролу і відэльцы з поліпрапілену для ежы на вынас — матэрыяльная аснова штодзённасці. Усё можна набыць хутка, усё лёгка спажыць, а рэшткі проста выкінуць у сметніцу. Аднаразовыя рэчы сталі сімвалам ладу жыцця ў капіталістычнай эканоміцы. Такі лад жыцця — адначасова і прычына, і вынік шчыльнасці і хуткасці сучаснага жыцця.

Гэтыя ўстаноўкі ляжаць у самым асяродку масавай культуры — у спорце, на музычных падзеях і ў Галівудзе. Аднаразовы пластык заняў экраны ўсіх памераў: на студэнцкіх вечарынках поўна пластыкавых відэльцаў, а тэлевізійныя героі ідуць на працу з кававым кубкам на вынас у руцэ. Гэтыя вобразы разыходзяцца па ўсім свеце. У бяднейшых рэгіёнах аднаразовыя пластыкавыя рэчы лічацца прэстыжнымі, і іх ужываюць масава. Карпарацыі актыўна заахвочваюць і падтрымліваюць такія тэндэнцыі.

Фестывалі і іншыя мегападзеі пакідаюць пасля сябе цэлыя грузавікі смецця, якое можна толькі спаліць або вывезці на палігон. Але гэта прымусіла некаторых арганізатараў задумацца. Цяпер некаторыя з іх бяруць заклад за кубкі, які наведнік атрымлівае назад, калі вяртае кубак. Ежу ўсё часцей падаюць на кампаставаных талерках. Усё больш кавярняў і кропак ежы на вынас даюць зніжку тым, хто прыходзіць са сваім шматразовым посудам. Але аднаразовае мысленне па-ранейшаму пераважае, бо робіць некаторыя бакі жыцця крыху прасцейшымі. Выдаткі, якія стварае смецце, у кошт тавару не ўваходзяць.

Канкрэтныя механізмы ў розных краінах розныя. У многіх краінах, што развіваюцца, вырашальную ролю адыгралі гіганты спажывецкіх тавараў накшталт Procter & Gamble, якія пастаўляюць сваю прадукцыю ў сашэ: каб заваяваць долю рынку, шампунь, мыйныя сродкі і кетчуп прадаюць у маленькіх запаяных пластыкавых пакеціках. Пастаўшчыкі сцвярджаюць, што так гэтыя тавары становяцца даступнымі для людзей з нізкімі даходамі. Але ў выніку смецця робіцца яшчэ больш.

Самае згубнае ў такіх міні-порцыях тое, што ўпакоўкі на адзінку тавару ў іх непрапарцыйна шмат, а спажыванне пры гэтым толькі расце. Гэта катастрофа ў мясцінах, дзе не хапае пітной вады і людзі вымушаныя купляць ваду ў пластыкавых бутэльках. Там, дзе няма спраўнай сістэмы вывазу смецця, людзі тонуць у патоку пластыкавых адходаў. Вытворцы не прапануюць ніякіх спосабаў утылізаваць або перапрацаваць упакоўку. Смецце ад тавараў «для зручнасці» стала велізарнай праблемай у многіх гарадах краін, што развіваюцца. Бо збіраць яго няма ніякага стымулу, а ўтылізаваць экалагічна адказна — няма як.

Змяненне клімату: не зялёны, а парніковы

Пластык часам лічаць больш экалагічным за іншыя матэрыялы — не ў апошнюю чаргу таму, што ён лёгкі. Але пластыкавы бум выкідвае ў атмасферу велізарную колькасць парніковых газаў.

Аўтары раздзела: Стывен Фейт і Кэрал Мафет

Вытворчасць, выкарыстанне і ўтылізацыя пластыку моцна б’юць па марскіх экасістэмах, па ўзбярэжжах і па здароўі людзей. Яго ўплыў на клімат вядомы менш, але ён не менш значны.

Паводле Парыжскага кліматычнага пагаднення 2015 года краіны абавязаліся абмежаваць глабальнае пацяпленне ўзроўнем значна ніжэйшым за 2 градусы Цэльсія — і імкнуцца ўтрымаць рост тэмпературы ў межах 1,5 градуса. У 2018 годзе Міжурадавая група экспертаў па змяненні клімату (МГЭЗК) прыйшла да высновы: каб пацяпленне не перавысіла 1,5 градуса, трэба да 2030 года скараціць глабальныя выкіды парніковых газаў на 45%, а не пазней за 2050 год выйсці на нулявыя чыстыя выкіды.

Кліматычная палітыка засяроджваецца пераважна на пераходзе да аднаўляльнай энергетыкі і больш чыстага транспарту. Але важная і прамысловасць: у 2010 годзе на яе прыпадала 30% сусветных выкідаў парніковых газаў. Вытворчасць пластыку — адна з найбуйнейшых і найхутчэй растучых крыніц гэтых выкідаў. Пластмасы, як і многія ўгнаенні, пестыцыды і сінтэтычныя валокны, — гэта прадукты нафтахіміі, іх атрымліваюць з нафты і прыроднага газу. Больш як 99% пластыку робіцца з такой выкапнёвай сыравіны. Нафтахімія — найхутчэй растучы від спажывання нафты ў свеце: Міжнароднае энергетычнае агенцтва прагназуе, што да 2050 года на яе прыпадзе палова дадатковага попыту на нафту. У Злучаных Штатах і іншых краінах пластык і іншая нафтахімія — вялікі і хутка растучы рынак збыту для газу, здабытага фрэкінгам.

Рост вытворчасці пластыку надоўга прывяжа нас да новай інфраструктуры выкапнёвага паліва і павялічыць выкіды ад разведкі, здабычы, транспартавання і перапрацоўкі нафты, газу і вугалю. Сусветная вытворчасць пластыку вырасла з 2 мільёнаў тон у 1950 годзе да 400 мільёнаў тон у 2015-м. За апошнія 20 гадоў вытворчасць і спажыванне пластыку амаль падвоіліся; чакаецца, што за наступныя 20 гадоў яны падвояцца зноў, а да пачатку 2050-х вырастуць учацвёра.

Вуглякіслы газ, метан і цэлы шэраг іншых парніковых газаў вылучаюцца на кожнай стадыі жыццёвага цыкла пластыку — ад здабычы і перапрацоўкі выкапнёвага паліва праз энергаёмістыя працэсы вытворчасці пластыкавых смол і да ўтылізацыі, спальвання і магчымага трапляння пластыкавых адходаў у навакольнае асяроддзе. Гэта вельмі важна для намаганняў дасягнуць глабальных кліматычных мэтаў. Каб не выйсці за мяжу ў 1,5 градуса, сумарныя выкіды павінны застацца ў межах вугляроднага бюджэту, які ў нас яшчэ ёсць (і які хутка змяншаецца), — 420–570 мільярдаў тон вуглякіслага газу.

Некамерцыйны Цэнтр міжнароднага экалагічнага права (CIEL) ацэньвае, што пры цяперашніх і прагназаваных тэмпах росту адна толькі вытворчасць пластыку да 2050 года можа даць 53,5 мільярда тон выкідаў вуглякіслага газу. Калі дадаць спальванне пластыкавых адходаў, атрымаецца амаль 56 мільярдаў тон. Іншымі словамі, адзін толькі пластык можа «з’есці» ад 10 да 13% вугляроднага бюджэту, які застаўся ў Зямлі, каб утрымацца ніжэй за 1,5 градуса. Нават калі пасля 2050 года вытворчасць пластыку будзе расці значна павольней, а спальванне не будзе расці зусім, выкіды ад вытворчасці і спальвання пластыку да канца стагоддзя могуць скласці амаль 260 мільярдаў тон CO₂-эквіваленту — гэта больш за палову ўсяго даступнага вугляроднага бюджэту.

Але і гэтыя лічбы, магчыма, недаацэньваюць поўны ўплыў пластыку на клімат. Пра некаторыя бакі здабычы, транспартавання і перапрацоўкі выкапнёвай сыравіны для пластыку мы ведаем мала. Напрыклад, у Паўночнай Амерыцы афіцыйныя ацэнкі выкідаў ад здабычы прыроднага газу, як правіла, не ўлічваюць вырубку лясоў і іншае парушэнне зямель пад новыя буравыя пляцоўкі і трубаправоды. З газаправодаў і газавых аб’ектаў можа ўцякаць шмат метану — моцнага парніковага газу, — але ацэнкі колькасці такіх аб’ектаў ва ўрада і ў прамысловасці адрозніваюцца на парадкі.

Выкіды ад пластыку не спыняюцца, калі яго выкідваюць. Усё часцей як рашэнне праблемы пластыкавага забруджвання прапануюць праекты «адходы ў энергію», дзе пластык спальваюць. Паколькі спальванне дае шмат парніковых газаў, шырокае распаўсюджванне такіх праектаў можа выклікаць вялікі рост выкідаў. Даследчая група Material Economics прагназуе, што ў Еўропе спальванне адходаў дзеля энергіі можа ператварыць пластык у адну з галоўных крыніц выкідаў. А пластыкавыя адходы працягваюць вылучаць парніковыя газы, распадаючыся ў навакольным асяроддзі. Сапраўдны маштаб гэтых выкідаў невядомы.

Уплыў на выкіды можа быць і ўскосным. Усё большая колькасць мікрапластыку ў акіянах можа замінаць біялагічным працэсам, праз якія планктон паглынае вуглякіслы газ на паверхні мора і захоўвае вуглярод у глыбінях акіяна. Гэтая біялагічная вугляродная помпа — частка акіянскага паглынальніка вугляроду, які падтрымлівае кліматычную раўнавагу Зямлі. Тое, як і наколькі мікрапластык можа парушаць гэтую раўнавагу, надзвычай важна, але дагэтуль вывучана слаба. Гэтыя механізмы і ўзаемасувязі патрабуюць далейшых даследаванняў.

Калаж у зялёных колерах: злёгку нахіленая фатаграфія, адфарбаваная ў зялёны, — металічныя каркасы, калоны і выгнутыя трубы нафтаперапрацоўчай устаноўкі на фоне неба; за ёй зялёны квадрат. Справа — чорны круг з зялёным сектарам, падпісаны «10–13% вугляроднага бюджэту — на пластык». Унізе вялікі надпіс «Выкіды» і подпіс «Нафтаперапрацоўчы завод, Талса, 1943».
Устаноўка дэпарафінізацыі на нафтаперапрацоўчым заводзе Mid-Continent у Талсе (Аклахома), 1943. Здымак зроблены для Упраўлення ваеннай інфармацыі ЗША · Калаж: Праксіс. Фота: Джон Вашон / Упраўленне ваеннай інфармацыі ЗША, Бібліятэка Кангрэса, грамадскі набытак

Карпарацыі: вінаваты спажывец

Майстры лабізму — нафтахімічныя фірмы і вытворцы пластыку — засяроджваюць увагу на зборы смецця і перапрацоўцы, каб ухіліцца ад адказнасці за сапраўдную праблему: рост аб’ёмаў самога пластыку.

Аўтар раздзела: Джэйн Патан

Пластык — гэта канцавое звяно велізарнай нафтахімічнай прамысловасці, у якой пануе жменька гіганцкіх карпарацый. Больш за палову ўсяго пластыку ідзе на спажывецкія тавары, пераважна ў выглядзе аднаразовай упакоўкі. І хоць даследаванні пластыкавага смецця ў акіяне і ў іншых месцах звычайна шукаюць яго крыніцу ў асобных краінах, амаль усё «смецце» паходзіць ад некалькіх дзясяткаў карпарацый, якія вырабляюць ежу і спажывецкія тавары. А вытворчасцю пластыкавых смол — полімераў, з якіх робіцца пластык, — валодае яшчэ меншая колькасць транснацыянальных кампаній.

Ужо ў 1950-я гады хімічныя карпарацыі накшталт Dow і нафтавыя кампаніі накшталт Esso (цяпер ExxonMobil) — унутрана і публічна, часам у прысутнасці прадстаўнікоў урада — абмяркоўвалі крызіс пластыкавага забруджвання, які ўсё нарастаў. І тыя ж самыя карпарацыі рашуча супраціўляюцца спробам абмежаваць вытворчасць пластыку і шкоду ад яго. Часта яны дзейнічаюць па двух напрамках адначасова: лабіруюць і запускаюць гучную рэкламу, паводле якой «смецце» — гэта праблема паводзін спажыўцоў, і вырашыць яе можна адной толькі перапрацоўкай, як у папулярнай кампаніі «Keep America Beautiful» («Захаваем прыгажосць Амерыкі»).

Грамадскія арганізацыі, якім бракуе грошай, не могуць нават блізка параўнацца ў выдатках з прамысловасцю. Карпарацыі выкарыстоўваюць свае вялізныя рэсурсы, каб забяспечыць сабе выгаднае рэгуляванне, захаваць прыбыткі і звесці да мінімуму ўласную адказнасць. Найбуйнейшыя вытворцы пластыку, якія базуюцца ўсяго ў некалькіх краінах (ЗША, Вялікабрытаніі, Саудаўскай Аравіі, Швейцарыі, Германіі, Італіі, Паўднёвай Карэі), а вытворчасць маюць амаль у кожнай краіне свету, наймаюць цэлыя каманды лабістаў, каб уплываць на палітыкаў. Галіна таксама сумесна фінансуе сотні глабальных, рэгіянальных і нацыянальных галіновых асацыяцый. Толькі Амерыканская хімічная рада (American Chemistry Council), якая прадстаўляе больш як 150 вытворцаў хімікатаў і пластыку, з 2009 года выдаткавала на лабізм амаль 100 мільёнаў долараў.

Фрэкінг — адзін з галоўных рухавікоў вытворчасці пластыку. У 2005 годзе ў ЗША камісія з чыноўнікаў-рэгулятараў і лабістаў нафтавай галіны (амаль без удзелу грамадскасці) напісала закон, які вывеў фрэкінг з-пад дзеяння Закона аб бяспечнай пітной вадзе. У Луізіяне, Тэхасе і іншых штатах прадпрыемствы, звязаныя з фрэкінгам, вызваленыя ад падаткаў на мільярды долараў. У 2017 годзе брытанская нафтахімічная кампанія Ineos і яе саюзнікі дамагліся ад урада Вялікабрытаніі вызвалення ад збораў, прызначаных фінансаваць адмову ад выкапнёвага паліва. Замест таго каб укладаць у чыстую энергію, Ineos і яе партнёры не плацяць больш як 100 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў падаткаў. Правілы і льготы, напісаныя лабістамі, падштурхоўваюць вытворчасць пластыку, бо робяць яе прыбытковай там, дзе інакш яна прыбытку не давала б.

У ЗША дзякуючы фінансаванай галіной «метадычцы», якую распаўсюджвае кансерватыўная Амерыканская рада па заканадаўчым абмене (ALEC), мясцовыя ўлады пазбаўляюцца права абмяжоўваць пластык — напрыклад, ім не дазваляюць забараняць пластыкавыя пакеты. Такія крокі падрываюць прафілактыку адходаў і падтрымліваюць міф, быццам выйсце — у лепшым кіраванні адходамі.

Карпаратыўныя лабісты пераходзяць з дзяржаўных пасад у прамысловасць і назад, і гэта забяспечвае прывілеяваную сувязь паміж імі. Калі ў 2017 годзе Еўрапейская камісія рыхтавала сваю Пластыкавую стратэгію, прадстаўнікі карпарацый (у тым ліку галіновай асацыяцыі PlasticsEurope) мелі амаль утрая больш доступу да членаў Камісіі, чым грамадскія арганізацыі.

Нават мяжа паміж грамадскімі арганізацыямі і прадстаўнікамі прамысловасці размываецца. Склалася двайная стратэгія: карпарацыі робяць буйныя ахвяраванні ўжо існым ідэйным грамадскім арганізацыям і адначасова ствараюць і фінансуюць структуры, аформленыя як грамадскія арганізацыі, але створаныя найперш дзеля прасоўвання інтарэсаў галіны. Напярэдадні прыняцця пластыкавай стратэгіі ЕС у 2018 годзе такія фінансаваныя прамысловасцю арганізацыі служылі шырмай, каб інтарэсы галіны былі ўлічаныя.

Гэты дысбаланс сілы вядзе да рэгулявання, якое спрыяе нафтахімічнай і пластыкавай галінам і абясцэньвае правы людзей і навакольнага асяроддзя. Лабізм прамысловасці нараджае палітыку, засяроджаную на перапрацоўцы і паводзінах спажыўцоў («не смеціце»), і ігнаруе неабходнасць скарачаць вытворчасць пластыку.

Абыходжанне з адходамі: перапрацоўка нас не выратуе

Распаўсюджаная памылка — думаць, што калі мы сартуем смецце, то мяняць звычкі спажывання нам не трэба. Але рэчаіснасць іншая: вялікая частка пластыкавых адходаў не перапрацоўваецца — шмат што спальваюць або яно трапляе ў навакольнае асяроддзе.

Аўтары раздзела: Дун Мун і Крыс Флад

З пачатку масавай вытворчасці сінтэтычных матэрыялаў у 1950-я гады ў свеце зрабілі 9,2 мільярда тон пластыку. Ва ўжытку з іх застаецца толькі 24%, астатняе — 6,3 мільярда тон адходаў. Спосабу абыходзіцца з гэтымі адходамі, не ствараючы новых праблем, пакуль не знайшлі.

Асабліва складана з упакоўкай, якая складае 40% усіх пластыкавых адходаў. Большасць яе задуманая так, каб выкінуць пасля першага ж выкарыстання, але перапрацаваць яе надзвычай цяжка, бо звычайна яна робіцца са шматслойных матэрыялаў. У сусветным маштабе сёння перапрацоўваецца 14% пластыкавай упакоўкі — і звычайна гэта азначае «даўнсайклінг», то бок выраб з яе чагосьці горшай якасці. Яшчэ 40% вывозіцца на палігоны, а 14% спальваецца на сміццеспальных заводах. Астатнія 32% трапляюць у навакольнае асяроддзе — на сметнікі, у рэкі і мора або ў паветра, якім мы дыхаем.

Пластык, які трапляе ў навакольнае асяроддзе, нясе мноства пагроз для прыроды і здароўя — і справа далёка не толькі ў тым, як непрыгожа выглядаюць пластыкавыя бутэлькі на нашых берагах ці пакеты і абгорткі, якія вецер ганяе па вуліцах. Пластык, зроблены з выкапнёвай нафты і газу і змешаны з небяспечнымі дадаткамі, можа заставацца на сушы або ў акіяне сотні тысяч гадоў. У моры пластыкавае смецце пагражае марскім арганізмам, асабліва рыбам, марскім птушкам і марскім млекакормячым. А як на сушы ўплывае на здароўе і ўсё астатняе пластык, які паступова распадаецца, прасочваецца ў глебу і трапляе ў харчовыя ланцугі, — яшчэ толькі даследуюць.

Адзін са спосабаў пазбавіцца ад пластыку — спаліць яго пад адкрытым небам, але так у атмасферу проста трапляюць вуглякіслы газ і мноства таксічных хімікатаў, якія ёсць у пластыку. Мала таго што гэта брудзіць паветра, якім мы дыхаем, — ні для каго не сакрэт, што спальванне вуглевадародаў належыць да галоўных прычын змянення клімату.

Сміццеспальныя заводы робяць тое ж самае, толькі ў прамысловых маштабах. Такія аб’екты бываюць розныя: станцыі «адходы ў энергію», сумеснае спальванне ў прамысловых катлах і цэментных печах, тэхналогіі «пластык у паліва» — газіфікацыя і піроліз. Як і пры спальванні пад адкрытым небам, яны ператвараюць пластыкавыя адходы ў забруджванне паветра: рэчывы, што раздражняюць дыхальныя шляхі, канцэрагенныя дыяксіны і фураны, цяжкія металы — ртуць, кадмій і свінец, — а таксама вялікія аб’ёмы парніковых газаў. Нават самыя дасканалыя фільтры не могуць затрымаць усе забруджвальныя рэчывы. А тое, што яны затрымліваюць, канцэнтруецца ў попеле, які вывозяць на палігоны або дадаюць у цэмент і іншыя будаўнічыя матэрыялы. Адтуль гэтыя рэчывы могуць вымывацца ў глебу і грунтавыя воды.

Да таго ж спальванне непамерна дарагое: яно патрабуе велізарных укладанняў і выдаткаў на абслугоўванне, смецце — нізкаэфектыўнае паліва, а каб сістэма працавала, ёй увесь час патрэбная сыравіна. У ЗША спальванне цвёрдых бытавых адходаў — самая шкодная для навакольнага асяроддзя галіна ў параўнанні з карысцю, якую яна дае. Пры гэтым яно падрывае перапрацоўку, бо спальвае матэрыялы, якія можна было б вярнуць у абарот, і адцягвае інвестыцыі ад сапраўды аднаўляльнай энергетыкі і рашэнняў паводле прынцыпу «нуль адходаў».

Перапрацоўка лепшая за спальванне, але і яна сутыкаецца з сур’ёзнымі эканамічнымі і тэхнічнымі цяжкасцямі. Таму і перапрацавана толькі 10% усяго выкінутага пластыку. Розныя віды пластыку патрабуюць асобнай апрацоўкі, і нават самыя перадавыя тэхналогіі могуць атрымаць толькі невялікую колькасць матэрыялу, які не саступае новаму. Звычайна ў выніку перапрацоўкі атрымліваецца нізкаякасная пластыкавая сумесь, прыдатная толькі для танных вырабаў — напрыклад, падставак для дарожных знакаў. Рынак такіх вырабаў абмежаваны.

Вытворцы аддаюць перавагу першаснаму пластыку, а не нізкаякаснаму перапрацаванаму. З-за мізэрнай цаны новага пластыку і дарагога сартавання і апрацоўкі пластыкавага ламу шмат пластыкавых адходаў з багатых краін вывозілі за мяжу. У студзені 2018 года Кітай, галоўны імпарцёр такога ламу, спыніў гэтую практыку, і рынку давялося шукаць для адходаў іншыя кірункі. У ЗША Філадэльфія цяпер адпраўляе свае адходы, сабраныя для перапрацоўкі, на спальванне ў суседні горад Чэстэр.

Так званая «хімічная перапрацоўка» нічым не лепшая. Пры ёй пластык ператвараюць у паліва і газы. А спробы раскласці лом на зыходныя кампаненты, з якіх можна зноў зрабіць пластык, у вялікім маштабе пакуль аказаліся непрактычнымі. Праблемы — выкіды, таксічныя пабочныя прадукты і вялікае спажыванне энергіі. Спробы суправаджаліся гучнымі няўдачамі, пажарамі, выбухамі і фінансавымі стратамі. Агенцтва па ахове навакольнага асяроддзя ЗША (EPA) лічыць, што такая апрацоўка нясе для здароўя такія ж рызыкі, як і звычайнае спальванне адходаў.

Усе цяперашнія спосабы неяк выкарыстаць пластыкавыя адходы моцна адстаюць ад вялізных аб’ёмаў новага матэрыялу, які выпускаецца. Пакуль спажыванне расце, нават самая якасная перапрацоўка не можа скараціць колькасць нафты і газу, якія выпампоўваюцца дзеля новага пластыку. Найлепшы спосаб паменшыць шкоду ад пластыку пасля таго, як ён адслужыў сваё, — скараціць яго паток у самой крыніцы. І першым крокам павінна стаць адмова ад аднаразовых пластыкавых рэчаў.

«Нуль адходаў»: спыніць праблему ў крыніцы

Адна толькі перапрацоўка не вырашыць пластыкавы крызіс. Патрэбныя новыя ідэі, якія бяруцца за карані праблемы. Рух, які набірае сілу, паказвае, як гэта можа працаваць, — і некалькі гарадоў і мястэчак-першапраходцаў ужо пракладаюць шлях.

Аўтар раздзела: Эсра Тат

Узнік рух пад назвай «Нуль адходаў» (Zero Waste). Яго мэта — спыніць паток смецця ў самой крыніцы. Гэта значыць, што вырабы, упакоўку і матэрыялы адказна вырабляюць, спажываюць і перапрацоўваюць. Ніякія адходы не спальваюцца. Таксічныя матэрыялы не трапляюць у глебу, ваду ці паветра. Супольнасці, дальнабачныя палітыкі і наватарскія прадпрымальнікі паказваюць, што можна ашчадна выкарыстоўваць рэсурсы, захоўваць здаровае навакольнае асяроддзе, спажываць устойліва — і адначасова ствараць мясцовыя працоўныя месцы.

Амаль 400 муніцыпалітэтаў у Еўропе і ўсё больш мясцовых улад па ўсім свеце прымаюць стратэгіі «Нуль адходаў». Гэта спроба пазбавіцца ад адходаў не праз спальванне ці палігоны, а праз сістэмы, якія наогул не ствараюць адходаў. Барацьба з пластыкавымі адходамі пачынаецца ў крыніцы: гэта адмова ад аднаразовага пластыку і развіццё альтэрнатыўных сістэм распаўсюду і дастаўкі тавараў. А яшчэ гэта апора на ўсё большую цікавасць да ладу жыцця «нуль адходаў».

Капаноры на поўначы Тасканы ў Італіі ў 2007 годзе першым у Еўропе прыняў стратэгію «Нуль адходаў» і абавязаўся да 2020 года не адпраўляць на захаванне і спальванне ніякіх адходаў. Муніцыпалітэт распрацаваў комплексны падыход: ён імкнецца як мага больш матэрыялаў вярнуць у абарот праз раздзельны збор розных відаў адходаў і эканамічна стымулюе скарачэнне адходаў у крыніцы. Ён рознымі спосабамі змяншае колькасць астаткавых адходаў. Напрыклад, тут адкрылі крамы без упакоўкі, якія прадаюць мясцовыя тавары, і паставілі грамадскія пітныя фантанчыкі, каб людзям не трэба было купляць ваду ў бутэльках. Створаны цэнтр паўторнага выкарыстання, куды можна аддаць адзенне, абутак і цацкі, якія больш не патрэбныя. Іх рамантуюць і прадаюць людзям з нізкімі даходамі. Горад таксама даплачвае за шматразовыя пялёнкі. А каб жыхары прынялі гэтыя ініцыятывы і набылі новыя звычкі, ён ладзіць спаборніцтвы «Нуль адходаў».

Вынікі ўражваюць. За 10 гадоў, з 2004 па 2013 год, колькасць адходаў у Капаноры скарацілася на 39% — з 1,92 да 1,18 кілаграма на чалавека ў дзень. Яшчэ больш уражвае тое, што колькасць астаткавых адходаў на чалавека знізілася з 340 кілаграмаў у год у 2006 годзе да ўсяго 146 кілаграмаў у 2011-м. Гэта падзенне на 57%. У тым жа годзе сярэдні жыхар Даніі выкінуў 409 кілаграмаў адходаў.

У краінах, што развіваюцца, пашырэнне падобных падыходаў — ключ да справядлівага пераходу да эканомікі без пластыку. Прыклад: у 2018 годзе горад Сан-Фернанда на Філіпінах адвёў ад палігонаў 80% сваіх адходаў, даручыўшы іх перапрацоўку кааператыву.

Горад зрабіў шэраг крокаў, каб яшчэ больш паменшыць свой пластыкавы след. Ён забараніў пластыкавыя пакеты, і гэта закранула 9000 прадпрыемстваў. Ён увёў збор за аднаразовую ўпакоўку і паклапаціўся, каб былі даступныя альтэрнатывы. Дзякуючы пастаяннай тлумачальнай працы — абыходам дамоў, рэгулярнай радыёперадачы, дыялогу з бізнес-аб’яднаннямі і асобным сустрэчам, напрыклад з гандлёвымі цэнтрамі, якія ствараюць шмат адходаў, — новых правілаў прытрымліваюцца 85% жыхароў.

Гарадскім фінансам гэта таксама пайшло на карысць. Штогадовыя выдаткі на вываз цвёрдых адходаў на палігон за 40 кіламетраў ад горада скараціліся на 82%. Зэканомленыя грошы пайшлі на тое, каб наняць больш работнікаў сферы адходаў і палепшыць інфраструктуру для іх збору і апрацоўкі.

Капаноры і Сан-Фернанда паказваюць, што шлях да «нуля адходаў» павінен спалучаць «цвёрдыя» і «мяккія» меры. «Цвёрдыя» датычацца самой сістэмы абыходжання з адходамі: кампаставанне арганікі, раздзельны збор розных відаў адходаў, дэцэнтралізаваныя і простыя тэхналагічныя мадэлі, эканамічныя стымулы, забароны асобных матэрыялаў, палітыка і практыкі мінімізацыі адходаў. «Мяккія» — гэта ўдзел жыхароў і бізнесу на ўсіх стадыях распрацоўкі палітыкі. Гэта дапамагае з’яўляцца новым бізнес-мадэлям і дае эканомію, якая вяртаецца супольнасці.

Пластык настолькі ўсюдыісны, што чакаць цудадзейнага рашэння нерэалістычна: праблема пластыку патрабуе цэласнага падыходу. А калі такі падыход знойдзены, запускаецца цыкл, які сам сябе падмацоўвае. Калі людзі выкладаюць у сацыяльныя сеткі фота загорнутых у пластык садавіны і гародніны з хэштэгам #DesnudaLaFruta (па-іспанску «Распрані фрукт»), яны сцвярджаюць новую норму — без пластыку. Наватарскія прадпрымальнікі дапамагаюць зрабіць такія формы спажывання «без адходаў» звычайнымі. Нам трэба толькі пачаць сумнявацца ў тым, што мы прывыклі лічыць нармальным.


Heinrich Böll Foundation, Break Free From Plastic, «Plastic Atlas: Facts and figures about the world of synthetic polymers», 1-е выданне, Берлін, лістапад 2019. Пераклад з англійскай паводле выдання на boell.de; перакладзеныя ўступ, «12 кароткіх урокаў» і шэсць з дзевятнаццаці раздзелаў (с. 6–13, 26–27, 30–31, 36–37, 46–47), астатнія раздзелы, інфаграфіка, подпісы да яе, вынесеныя цытаты і спіс крыніц прапушчаныя, імёны аўтараў раздзелаў перанесеныя з канца кнігі ў пачатак раздзелаў. Арыгінал (акрамя фота на вокладцы) распаўсюджваецца паводле ліцэнзіі Creative Commons Attribution 4.0 (CC BY 4.0), пераклад — на тых жа ўмовах.

Яшчэ ў рубрыцы «Экалогія»

Экалогія

Этыка зямлі

1949 год. Лясны інжынер і эколаг Олда Леапольд, які не дажыў да выхаду сваёй кнігі, прапануе пашырыць этыку з адносін паміж людзьмі на зямлю — глебы, воды, расліны і жывёл. Ахова прыроды, што трымаецца толькі на эканамічнай выгадзе, не працуе: патрэбнае экалагічнае сумленне, якое робіць чалавека не заваёўнікам, а грамадзянінам супольнасці зямлі.

Олда Леапольд ·

Экалогія

Зялёны новы курс

2019 год. Кангрэсвумен Аляксандрыя Акасіа-Картэс і больш як шэсцьдзясят яе калег прапануюць ЗША дзесяцігадовую мабілізацыю: нулявыя выкіды, мільёны прафсаюзных працоўных месцаў, гарантаваная праца, жыллё і медыцына — і справядлівы пераход для тых, хто першым пакутуе ад змены клімату. Поўны тэкст рэзалюцыі H.Res.109.

Аляксандрыя Акасіа-Картэс ·

Экалогія

Усеагульная дэкларацыя правоў Маці-Зямлі

2010 год. Пасля правалу кліматычнага саміту ў Капенгагене дзясяткі тысяч удзельнікаў сацыяльных рухаў і індзейскіх арганізацый, сабраных у балівійскай Качабамбе, прапануюць ААН дэкларацыю, якая называе Зямлю жывой істотай з уласнымі правамі — на жыццё, ваду, чыстае паветра і аднаўленне, — а прычынай яе разбурэння лічыць капіталістычную сістэму.

Сусветная народная канферэнцыя па змене клімату ·