Олда Леапольд (1887–1948) — амерыканскі ляснік і эколаг. З 1909 года ён служыў у Лясной службе ЗША ў Арызоне і Нью-Мексіка; па яго ініцыятыве ў 1924 годзе ў нацыянальным лесе Хіла з’явіўся першы ў краіне ахоўны абшар некранутай прыроды. Яго кніга «Game Management» (1933) заклала асновы навукі пра гаспадаранне дзікай фаўнай, і ў тым жа годзе Вісконсінскі ўніверсітэт стварыў для яго першую ў ЗША кафедру гэтай дысцыпліны. У 1935 годзе Леапольд стаў адным з заснавальнікаў Таварыства некранутай прыроды (Wilderness Society) і купіў на рацэ Вісконсін, у акрузе Саўк, закінутую, выснажаную ферму, якую з сям’ёй аднаўляў; назіранні там склалі першую частку яго кнігі. 14 красавіка 1948 года выдавецтва Oxford University Press прыняло рукапіс, а 21 красавіка Леапольд памёр ад сардэчнага прыступу, калі дапамагаў суседзям тушыць пажар травы. «A Sand County Almanac» выйшаў у 1949 годзе, падрыхтаваны да друку пры ўдзеле яго сына Луны Леапольда; «Этыка зямлі» — заключнае эсэ кнігі. Леапольд сабраў яго з ранейшых тэкстаў — «Этыка аховы прыроды» (1933), «Біятычны погляд на зямлю» (1939) і «Экалагічнае сумленне» (1947). Фон эсэ — «Пыльны кацёл» (Dust Bowl) 1930-х гадоў: фермеры распахалі травяныя прэрыі Вялікіх раўнін, засуха ператварыла аголеную глебу ў пыл, і пылавыя буры накрывалі штаты ад Тэхаса і Аклахомы да Канзаса і Дакоты; сотні тысяч людзей пакінулі свае фермы. Урад Новага курсу адказаў Службай аховы глебы (1935), а Грамадзянскі корпус аховы прыроды (CCC, 1933–1942) даваў рабочыя рукі для супрацьэразійных работ, — пра такі праект у паўднёва-заходнім Вісконсіне ідзе гаворка ў раздзеле «Экалагічнае сумленне». Радок «Правільна тое, што імкнецца захаваць цэласнасць, устойлівасць і прыгажосць біятычнай супольнасці» стаў адной з самых цытаваных фармулёвак экалагічнай этыкі. Тлумачэнні рэдакцыі. У «Адысеі» рабынь вешае Тэлемах па загадзе бацькі. «Краіна свабодных і дом адважных» — радок з гімна ЗША. Рэвалюцыя — вайна ЗША за незалежнасць; «цёмная і крывавая зямля» — старая мянушка Кентукі; Даніэль Бун і Саймон Кентан — піянеры Кентукі; Луізіянская купля — набыццё ў Францыі велізарнай тэрыторыі на захад ад Місісіпі ў 1803 годзе. Сьенегі — забалочаныя лугі ў засушлівых краях Паўднёвага Захаду; у 1848 годзе, пасля вайны з Мексікай, гэтыя землі адышлі да ЗША. «Далёкія палеткі» — у арыгінале back forty, далёкія сорак акраў фермы. Прафесар Уівер — эколаг прэрый Джон Уівер з Небраскі; Робінсан — паэт Эдвін Арлінгтан Робінсан, цытата з яго паэмы «Трыстрам» (1927). «Якія думкі ў землекарыстальніка, такі і ён сам» — перайначаны верш з Кнігі Прытчаў (23:7). «Ключавое бервяно» — бервяно, якое трымае затор на лесасплаве. Словы «індзейцы», ацэнкі «перанаселенасці» і «арганічнага земляробства» належаць свайму часу; мы іх не змянялі.
Калі богападобны Адысей вярнуўся з вайны пад Трояй, ён павесіў на адной вяроўцы дванаццаць рабынь са свайго дому, якіх падазраваў у благіх паводзінах падчас сваёй адсутнасці.
Пры гэтым павешанні не ўзнікала пытання, ці прыстойна так рабіць. Дзяўчаты былі ўласнасцю. А распараджацца ўласнасцю тады, як і цяпер, было справай выгады, а не справай дабра і зла.
Нельга сказаць, што ў Грэцыі Адысея не ведалі паняццяў дабра і зла: згадаем вернасць яго жонкі ўсе тыя доўгія гады, пакуль нарэшце яго чарнаносыя караблі не рассеклі вінна-цёмнае мора, вяртаючыся дадому. Этычны парадак таго часу ахопліваў жонак, але яшчэ не распасціраўся на людзей-рэчы. За тры тысячы гадоў, што мінулі з таго часу, этычныя крытэрыі распасцерліся на многія сферы паводзін, і адпаведна звузіліся тыя, дзе адзінай мерай заставалася выгада.
Этычная паслядоўнасць
Гэтае пашырэнне этыкі, якое дагэтуль вывучалі толькі філосафы, насамрэч ёсць працэсам экалагічнай эвалюцыі. Яго паслядоўныя этапы можна апісаць і ў экалагічных, і ў філасофскіх тэрмінах. З экалагічнага пункту гледжання этыка — гэта абмежаванне свабоды дзеяння ў барацьбе за існаванне. З філасофскага — гэта адрозненне грамадскіх паводзін ад антыграмадскіх. Гэта два вызначэнні адной і той жа рэчы. А сама рэч бярэ пачатак са схільнасці ўзаемазалежных асобін або груп выпрацоўваць спосабы супрацоўніцтва. Эколаг называе іх сімбіёзамі. Палітыка і эканоміка — развітыя сімбіёзы, у якіх першапачатковую бойку ўсіх з усімі збольшага замянілі механізмы супрацоўніцтва з этычным зместам.
Складанасць механізмаў супрацоўніцтва расла разам са шчыльнасцю насельніцтва і з дзейснасцю прылад. Скажам, вызначыць антыграмадскае выкарыстанне палак і камянёў у часы мастадонтаў было прасцей, чым куль і рэкламных шчытоў у век матораў.
Першыя этычныя сістэмы датычылі адносін паміж асобамі; прыклад — Дзесяць запаведзяў Майсея. Пазнейшыя напластаванні датычылі адносін паміж асобай і грамадствам. Залатое правіла імкнецца ўпісаць асобу ў грамадства; дэмакратыя — прыстасаваць грамадскі лад да асобы.
Этыкі, якая рэгулявала б адносіны чалавека да зямлі і да жывёл і раслін, што на ёй растуць, пакуль няма. Зямля, як рабыні Адысея, па-ранейшаму ўласнасць. Адносіны да зямлі па-ранейшаму чыста эканамічныя: яны даюць прывілеі, але не накладаюць абавязкаў.
Пашырэнне этыкі на гэты трэці элемент чалавечага асяроддзя — калі я правільна разумею факты — эвалюцыйная магчымасць і экалагічная неабходнасць. Гэта трэці крок у паслядоўнасці. Два першыя ўжо зробленыя. Асобныя мысляры яшчэ з часоў Іезэкііля і Ісаі сцвярджалі, што спусташэнне зямлі — не толькі нявыгада, але і зло. Грамадства, аднак, гэтага пераканання пакуль не пацвердзіла. Сённяшні рух за ахову прыроды я лічу зародкам такога пацвярджэння.
Этыку можна разглядаць як спосаб арыентавацца ў экалагічных сітуацыях, такіх новых ці заблытаных або з такімі адкладзенымі наступствамі, што звычайны чалавек не можа разгледзець, які шлях выгадны для грамадства. Жывёльныя інстынкты — гэта спосабы, якімі асобіна арыентуецца ў такіх сітуацыях. Этыка — гэта, магчыма, своеасаблівы інстынкт супольнасці, які яшчэ толькі фармуецца.
Паняцце супольнасці
Усе этычныя сістэмы, якія дагэтуль склаліся, абапіраюцца на адну пасылку: асоба — член супольнасці ўзаемазалежных частак. Інстынкты падштурхоўваюць яе змагацца за сваё месца ў гэтай супольнасці, але этыка падштурхоўвае яе і супрацоўнічаць (магчыма, для таго, каб было за якое месца змагацца).
Этыка зямлі проста пашырае межы супольнасці так, каб у яе ўвайшлі глебы, воды, расліны і жывёлы, або, разам узятыя, зямля.
Гучыць проста: хіба мы ўжо не апяваем сваю любоў і свой абавязак перад краінай свабодных і домам адважных? Так, але што і каго, уласна, мы любім? Ужо ж не глебу, якую мы як папала спускаем уніз па рацэ. Ужо ж не воды, якім, як мы мяркуем, наканавана толькі круціць турбіны, насіць баржы і выносіць сцёкі. Ужо ж не расліны, цэлыя супольнасці якіх мы вынішчаем, вокам не міргнуўшы. Ужо ж не жывёл, многія з найбуйнейшых і найпрыгажэйшых відаў якіх мы ўжо звялі. Этыка зямлі, вядома, не можа забараніць змяняць гэтыя «рэсурсы», гаспадарыць на іх і карыстацца імі, але яна сцвярджае іх права на далейшае існаванне — і, хоць бы месцамі, на далейшае існаванне ў натуральным стане.
Карацей, этыка зямлі мяняе ролю Homo sapiens: з заваёўніка зямной супольнасці ён ператвараецца ў звычайнага яе члена і грамадзяніна. Гэта азначае павагу да яго суродзічаў па супольнасці, а таксама павагу да супольнасці як такой.
З чалавечай гісторыі мы зразумелі (спадзяюся), што роля заваёўніка ў рэшце рэшт б’е па ім самім. Чаму? Таму што такая роля мае на ўвазе, што заваёўнік ex cathedra ведае, што менавіта прымушае цікаць гадзіннік супольнасці і што і хто ў жыцці супольнасці каштоўнае, а што і хто нічога не варта. І кожны раз высвятляецца, што ён не ведае ні таго, ні другога, — вось чаму яго заваёвы ў рэшце рэшт абарочваюцца супраць яго самога.
У біятычнай супольнасці сітуацыя падобная. Абрагам дакладна ведаў, навошта зямля: каб з яе цякло малако і мёд Абрагаму ў рот. Сёння ўпэўненасць, з якой мы ставімся да гэтага меркавання, адваротна прапарцыйная ступені нашай адукаванасці.
Звычайны грамадзянін сёння лічыць, што навука ведае, ад чаго цікае гадзіннік супольнасці; навуковец гэтак жа ўпэўнены, што не ведае. Ён ведае, што біятычны механізм такі складаны, што яго дзеянне, магчыма, ніколі не ўдасца зразумець да канца.
Тое, што чалавек насамрэч толькі адзін з членаў біятычнай каманды, паказвае экалагічнае тлумачэнне гісторыі. Многія гістарычныя падзеі, якія дагэтуль тлумачылі выключна чалавечымі намаганнямі, насамрэч былі біятычным узаемадзеяннем людзей і зямлі. Уласцівасці зямлі вызначалі ход падзей ані не менш, чым уласцівасці людзей, што на ёй жылі.
Узяць, напрыклад, засяленне даліны Місісіпі. У гады пасля Рэвалюцыі за яе змагаліся тры групы: карэнныя індзейцы, французскія і англійскія гандляры і амерыканскія пасяленцы. Гісторыкі гадаюць, што было б, калі б англічане ў Дэтройце кінулі крыху больш вагі на індзейскую шальку тых хісткіх шаляў, якія вырашылі зыход каланісцкага перасялення ў трысняговыя землі Кентукі. Цяпер час задумацца над тым, што трысняговыя землі, трапіўшы пад асаблівую сумесь сіл — карову, плуг, агонь і сякеру піянера, — зараслі мятліцай. А што, калі б раслінная сукцэсія, закладзеная ў гэтай «цёмнай і крывавай зямлі», дала нам пад націскам гэтых сіл якую-небудзь нікчэмную асаку, хмызняк ці пустазелле? Ці ўтрымаліся б Бун і Кентан? Ці перахлынула б хваля пасяленцаў далей — у Агаё, Індыяну, Ілінойс і Місуры? Ці была б Луізіянская купля? Ці быў бы трансканцынентальны саюз новых штатаў? Ці была б Грамадзянская вайна?
Кентукі быў адным сказам у драме гісторыі. Нам звычайна расказваюць, чаго імкнуліся дасягнуць чалавечыя персанажы гэтай драмы, але рэдка кажуць, што іх поспех ці няўдача ў вялікай ступені залежалі ад таго, як пэўныя глебы адрэагавалі на пэўныя сілы, што на іх абрынуліся разам з засяленнем. У выпадку Кентукі мы нават не ведаем, адкуль узялася мятліца — ці гэта мясцовы від, ці «зайцам» прыплыў з Еўропы.
Параўнайце трысняговыя землі з тым, што мы, заднім розумам, ведаем пра Паўднёвы Захад, дзе піянеры былі гэтак жа адважныя, вынаходлівыя і ўпартыя. Засяленне не прынесла сюды ні мятліцы, ні іншай расліны, здольнай вытрымаць штуршкі і ўдары жорсткага выкарыстання. Пад выпасам жывёлы гэты край праз шэраг усё больш нікчэмных траў, хмызнякоў і пустазелля скаціўся ў стан хісткай раўнавагі. Кожны адступ раслінных тыпаў спараджаў эрозію; кожны прырост эрозіі спараджаў новы адступ раслін. Вынік сёння — паступовая і ўзаемная дэградацыя не толькі раслін і глеб, але і жывёльнай супольнасці, якая ад іх жыве. Першыя пасяленцы такога не чакалі: на сьенегах Нью-Мексіка некаторыя нават капалі канавы, каб гэта паскорыць. Працэс ішоў так непрыкметна, што мала хто з жыхароў краю пра яго ведае. Ён зусім нябачны турысту, якому гэты разбураны краявід здаецца маляўнічым і чароўным (такі ён і ёсць, але з тым, якім ён быў у 1848 годзе, у яго мала агульнага).
Гэты самы краявід ужо аднойчы «асвойвалі», але з зусім іншымі вынікамі. Індзейцы пуэбла засялілі Паўднёвы Захад яшчэ да Калумба, але так склалася, што пашавай жывёлы ў іх не было. Іх цывілізацыя загінула, але не таму, што загінула іх зямля.
У Індыі краі, дзе зусім няма дзірваноўтваральных траў, засялялі, відаць, не губячы зямлі, — проста носячы траву да каровы, а не наадварот. (Ці было гэта плёнам нейкай глыбокай мудрасці, ці проста шчасліваю выпадковасцю? Не ведаю.)
Карацей, раслінная сукцэсія кіравала ходам гісторыі; піянер толькі паказаў — на дабро ці на ліха, — якія сукцэсіі былі закладзеныя ў зямлі. Ці выкладаюць гісторыю ў такім духу? Будуць выкладаць, калі ўяўленне пра зямлю як пра супольнасць па-сапраўднаму ўвойдзе ў наша інтэлектуальнае жыццё.
Экалагічнае сумленне
Ахова прыроды — гэта стан згоды паміж людзьмі і зямлёй. Нягледзячы на амаль стагоддзе прапаганды, ахова прыроды ўсё яшчэ рухаецца слімаковым крокам; поступ па-ранейшаму зводзіцца пераважна да набожных фраз на бланках і прамоў на з’ездах. На далёкіх палетках мы ўсё яшчэ на кожны крок наперад адступаем на два назад.
Звычайны адказ на гэтую загадку — «больш асветы ў справе аховы прыроды». З гэтым ніхто не будзе спрачацца, але ці праўда, што трэба павялічыць толькі аб’ём асветы? Можа, чагосьці не хапае і ў яе змесце?
Сцісла і сумленна перадаць гэты змест няпроста, але, наколькі я разумею, па сутнасці ён такі: выконвай закон, галасуй як трэба, уступі ў якія-небудзь арганізацыі і на сваёй зямлі прытрымлівайся тых мер аховы, якія выгадныя; астатняе зробіць урад.
Хіба гэтая формула не занадта лёгкая, каб дасягнуць чагосьці вартага? Яна не вызначае ні дабра, ні зла, не ўскладае ніякага абавязку, не патрабуе ніякай ахвяры, не прадугледжвае ніякай змены ў цяперашняй філасофіі каштоўнасцей. Што да землекарыстання, яна заклікае толькі да асвечанага ўласнага інтарэсу. Як далёка завядзе нас такая асвета? Адказ — хоць бы частковы — можа даць адзін прыклад.
Да 1930 года ўсім, акрамя экалагічна сляпых, стала ясна, што верхні пласт глебы паўднёва-заходняга Вісконсіна спаўзае ў мора. У 1933 годзе фермерам сказалі: калі яны на пяць гадоў пераймуць пэўныя меры аховы, грамадства бясплатна дасць для іх укаранення працоўныя рукі з CCC, а таксама неабходныя машыны і матэрыялы. Прапанову шырока прынялі, але як толькі пяцігадовы тэрмін дамовы скончыўся, пра гэтыя меры шырока забыліся. Фермеры захавалі толькі тыя з іх, што давалі ім самім неадкладны і відавочны эканамічны прыбытак.
Тады ўзнікла думка: можа, фермеры хутчэй навучацца, калі самі будуць пісаць правілы. І вось у 1937 годзе заканадаўчы сход Вісконсіна прыняў Закон пра акругі аховы глебы. Па сутнасці, ён казаў фермерам: «Мы, грамадства, бясплатна дамо вам тэхнічную дапамогу і пазычым спецыяльныя машыны, калі вы самі напішаце правілы землекарыстання. Кожная акруга можа пісаць свае правілы, і яны будуць мець сілу закона». Амаль усе акругі хутка арганізаваліся, каб прыняць прапанаваную дапамогу, але за дзесяць гадоў працы ніводная акруга не напісала ніводнага правіла. Ёсць заўважны поступ у такіх практыках, як палоснае земляробства, аднаўленне пашаў і вапнаванне глебы, але ніякага — у тым, каб абгароджваць пералескі ад выпасу, і ніякага — у тым, каб не пускаць плуг і карову на стромкія схілы. Карацей, фермеры выбралі тыя меры, якія і так былі выгадныя, і праігнаравалі тыя, што былі выгадныя супольнасці, але не відавочна выгадныя ім самім.
Калі пытаешся, чаму не напісана ніводнага правіла, табе адказваюць, што супольнасць яшчэ не гатовая іх падтрымаць: перш за правілы павінна ісці асвета. Але асвета, якая ідзе насамрэч, ні словам не згадвае пра абавязкі перад зямлёй, што выходзяць за межы ўласнага інтарэсу. Вынік: асветы ў нас больш, а глебы менш, здаровых лясоў менш, а паводак столькі ж, колькі ў 1937 годзе.
Загадкава ў такіх сітуацыях тое, што абавязкі, якія выходзяць за межы ўласнага інтарэсу, лічацца само сабой зразумелымі ў такіх агульных справах вясковай супольнасці, як паляпшэнне дарог, школ, цэркваў і бейсбольных каманд. Але іх існаванне не лічыцца само сабой зразумелым — і нават сур’ёзна не абмяркоўваецца, — калі гаворка ідзе пра тое, каб палепшыць паводзіны вады, што падае на зямлю, або захаваць прыгажосць ці разнастайнасць сялянскага краявіду. Этыкай землекарыстання па-ранейшаму цалкам кіруе эканамічны ўласны інтарэс — як стагоддзе таму кіраваў грамадскай этыкай.
Падсумуем: мы папрасілі фермера рабіць тое, што яму зручна, каб уратаваць сваю глебу, і ён зрабіў роўна гэта і толькі гэта. Фермер, які вырубае лес на схіле крутасцю 75%, выганяе на вырубку кароў і спускае яе дажджавую ваду, камяні і глебу ў агульны ручай, застаецца (калі ў астатнім ён прыстойны) паважаным членам грамадства. Калі ён вапнуе палі і сее ўпоперак схілу, ён па-ранейшаму мае ўсе прывілеі і выгоды сваёй акругі аховы глебы. Акруга — цудоўная частка грамадскага механізму, але яна кашляе і чхае на двух цыліндрах, бо мы былі занадта нясмелыя і занадта прагнулі хуткага поспеху, каб сказаць фермеру, якія на самай справе вялікія яго абавязкі. Абавязкі не маюць сэнсу без сумлення, і праблема, перад якой мы стаім, — гэта пашырэнне грамадскага сумлення з людзей на зямлю.
Ніводная важная змена ў этыцы не адбывалася без унутранай змены ў нашых інтэлектуальных акцэнтах, вернасцях, прыхільнасцях і перакананнях. Доказ таго, што ахова прыроды яшчэ не кранула гэтых падмуркаў паводзін, — у тым, што філасофія і рэлігія пра яе яшчэ не чулі. Стараючыся зрабіць ахову прыроды лёгкай, мы зрабілі яе дробязнай.

Замяняльнікі этыкі зямлі
Калі логіка гісторыі просіць хлеба, а мы падаём ёй камень, мы шчыруем растлумачыць, як моцна гэты камень падобны да хлеба. Апішу некаторыя з камянёў, якія служаць нам замест этыкі зямлі.
Адна з асноўных слабасцей сістэмы аховы прыроды, пабудаванай цалкам на эканамічных матывах, у тым, што большасць членаў зямной супольнасці не мае ніякай эканамічнай каштоўнасці. Прыклад — дзікія кветкі і пеўчыя птушкі. З 22 000 вышэйшых раслін і жывёл, якія водзяцца ў Вісконсіне, наўрад ці больш за 5% можна прадаць, скарміць, з’есці або яшчэ неяк скарыстаць у гаспадарцы. І ўсё ж гэтыя істоты — члены біятычнай супольнасці, і калі (як я веру) яе ўстойлівасць залежыць ад яе цэласнасці, яны маюць права на далейшае існаванне.
Калі пад пагрозай апыняецца адна з такіх неэканамічных катэгорый і калі мы яе выпадкова любім, мы выдумляем хітрыкі, каб надаць ёй эканамічнае значэнне. У пачатку стагоддзя лічылася, што пеўчыя птушкі знікаюць. Арнітолагі кінуліся на ратунак з даволі хісткімі доказамі таго, што насякомыя нас з’ядуць, калі птушкі не будуць іх стрымліваць. Каб доказы лічыліся, яны мусілі быць эканамічнымі.
Сёння балюча чытаць гэтыя хадзілкі вакол ды навокал. Этыкі зямлі ў нас пакуль няма, але мы хоць бы наблізіліся да таго, каб прызнаць: птушкі павінны жыць далей па біятычным праве, незалежна ад таго, ці ёсць нам ад іх эканамічная карысць.
Падобная сітуацыя з драпежнымі звярамі, драпежнымі птушкамі і рыбаеднымі птушкамі. Быў час, калі біёлагі крыху злоўжывалі доказамі таго, што гэтыя істоты падтрымліваюць здароўе дзічыны, забіваючы слабых, або што яны стрымліваюць грызуноў на карысць фермера, або што палююць толькі на «нікчэмныя» віды. І тут доказы мусілі быць эканамічнымі, каб лічыцца. Толькі ў апошнія гады мы чуем больш сумленны аргумент: драпежнікі — члены супольнасці, і ніводзін асобны інтарэс не мае права вынішчаць іх дзеля карысці, сапраўднай ці ўяўнай, для сябе. На жаль, гэты асвечаны погляд пакуль толькі на словах. На справе вынішчэнне драпежнікаў весела працягваецца: сведчанне таму — набліжэнне поўнага знікнення шэрага воўка па волі Кангрэса, прыродаахоўных ведамстваў і заканадаўчых сходаў многіх штатаў.
Некаторыя пароды дрэў «выключылі з партыі» лесаводы з эканамічным мысленнем — бо яны растуць занадта павольна або каштуюць занадта мала, каб акупляцца як драўніна: прыклады — туя, амерыканская лістоўніца, кіпарыс, бук і тсуга. У Еўропе, дзе лясная гаспадарка экалагічна больш развітая, некамерцыйныя пароды дрэў прызнаюць членамі мясцовай лясной супольнасці, якіх трэба ў разумных межах захоўваць як такіх. Больш за тое, высветлілася, што некаторыя з іх (напрыклад, бук) выконваюць каштоўную функцыю, павышаючы ўрадлівасць глебы. Узаемазалежнасць лесу і пародаў дрэў, з якіх ён складаецца, яго наземнай флоры і фаўны лічыцца само сабой зразумелай.
Адсутнасць эканамічнай каштоўнасці часам уласцівая не толькі відам ці групам, але і цэлым біятычным супольнасцям: прыклады — балоты, багны, дзюны і «пустыні». Наша формула ў такіх выпадках — перадаць іх ахову ўраду ў выглядзе запаведнікаў, помнікаў прыроды ці паркаў. Бяда ў тым, што гэтыя супольнасці звычайна перамяжоўваюцца з больш каштоўнымі прыватнымі землямі; урад ніяк не можа валодаць такімі раскіданымі ўчасткамі ці кантраляваць іх. У выніку на вялікіх абшарах мы прысудзілі некаторыя з іх да канчатковага знікнення. Калі б прыватны ўласнік меў экалагічнае мысленне, ён ганарыўся б тым, што апякуецца разумнай доляй такіх угоддзяў, якія дадаюць разнастайнасці і прыгажосці яго ферме і яго супольнасці.
У некаторых выпадках меркаваная непрыбытковасць гэтых «пустых» земляў аказалася памылкай, але высветлілася гэта толькі тады, калі большасці з іх ужо не стала. Цяперашняя мітусня з паўторным затапленнем балот, дзе водзіцца андатра, — якраз такі выпадак.
У амерыканскай ахове прыроды відавочная схільнасць перакладаць на ўрад усю неабходную работу, якой не робяць прыватныя землеўласнікі. Дзяржаўная ўласнасць, кіраванне, субсідыі або рэгуляванне сёння шырока распаўсюджаныя ў лясной гаспадарцы, гаспадаранні на пашах, ахове глеб і вадазбораў, ахове паркаў і дзікай прыроды, рыбнай гаспадарцы, ахове пералётных птушак — і будзе яшчэ больш. Большая частка гэтага росту дзяржаўнай аховы прыроды слушная і лагічная, частка — непазбежная. Што я не асуджаю яго, відаць ужо з таго, што я аддаў гэтай справе большую частку жыцця. І ўсё ж паўстае пытанне: якія ў рэшце рэшт будуць памеры гэтага прадпрыемства? Ці вытрымае падатковая база ўсе яго будучыя разгалінаванні? У які момант дзяржаўная ахова прыроды, як мастадонт, стане ахвярай уласных памераў? Адказ, калі ён наогул ёсць, бачыцца ў этыцы зямлі — ці ў нейкай іншай сіле, якая ўскладзе больш абавязкаў на прыватнага землеўласніка.
Прамысловыя землеўласнікі і землекарыстальнікі, асабліва лесапрамыслоўцы і жывёлагадоўцы, схільныя доўга і гучна галасіць пра пашырэнне дзяржаўнай уласнасці і рэгулявання на зямлю, але (за прыкметнымі выключэннямі) мала выяўляюць ахвоты развіваць адзіную бачную альтэрнатыву — добраахвотную ахову прыроды на сваіх уласных землях.
Калі прыватнага землеўласніка просяць зрабіць штосьці непрыбытковае на карысць супольнасці, сёння ён згаджаецца толькі з працягнутай далонню. Калі гэта каштуе яму грошай, тое справядліва і слушна, але калі гэта каштуе толькі прадбачлівасці, адкрытасці розуму ці часу — тут, прынамсі, ёсць пра што паспрачацца. Імклівы рост субсідый на землекарыстанне ў апошнія гады трэба ў немалой ступені запісаць на рахунак саміх дзяржаўных устаноў, якія займаюцца асветай у справе аховы прыроды: зямельных ведамстваў, сельскагаспадарчых каледжаў і дарадчых службаў. Наколькі я магу меркаваць, ніякаму этычнаму абавязку перад зямлёй у гэтых установах не вучаць.
Падсумуем: сістэма аховы прыроды, заснаваная толькі на эканамічным уласным інтарэсе, безнадзейна аднабокая. Яна схільная ігнараваць — і таму ў рэшце рэшт знішчаць — многія элементы зямной супольнасці, якія не маюць камерцыйнай каштоўнасці, але (наколькі мы ведаем) неабходныя для яе здаровага функцыянавання. Яна мяркуе — памылкова, я думаю, — што эканамічныя дэталі біятычнага гадзінніка будуць працаваць без неэканамічных. Яна схільная перакладаць на ўрад многія функцыі, якія ў рэшце рэшт аказваюцца для ўрада занадта вялікімі, занадта складанымі ці занадта раскіданымі.
Адзіная бачная рада для гэтых сітуацый — этычны абавязак з боку прыватнага ўласніка.
Піраміда зямлі
Этыка, якая павінна дапаўняць эканамічныя адносіны да зямлі і кіраваць імі, мяркуе, што ў нас ёсць нейкі мысленны вобраз зямлі як біятычнага механізма. Мы можам быць этычнымі толькі ў адносінах да таго, што можам бачыць, адчуваць, разумець, любіць ці ў што можам іначай верыць.
Вобраз, які звычайна ўжываюць у асвеце па ахове прыроды, — «раўнавага ў прыродзе». Па прычынах, пра якія тут доўга гаварыць, гэтая фігура мовы не апісвае дакладна таго нямногага, што мы ведаем пра механізм зямлі. Значна праўдзівейшы вобраз — той, якім карыстаецца экалогія: біятычная піраміда. Спачатку я накідаю піраміду як сімвал зямлі, а потым разгледжу некаторыя вынікі з яе для землекарыстання.
Расліны паглынаюць энергію Сонца. Гэтая энергія цячэ па контуры, які называюць біётай; яго можна ўявіць як піраміду, складзеную з пластоў. Ніжні пласт — глеба. На глебе ляжыць пласт раслін, на раслінах — пласт насякомых, на насякомых — пласт птушак і грызуноў, і гэтак далей уверх праз розныя групы жывёл да верхавіны, якую складаюць буйныя драпежнікі.
Віды аднаго пласта падобныя не тым, адкуль яны паходзяць, і не тым, як выглядаюць, а тым, што яны ядуць. Кожны наступны пласт залежыць ад ніжэйшых, бо атрымлівае ад іх ежу, а часта і іншыя паслугі, і сам, у сваю чаргу, дае ежу і паслугі вышэйшым. Чым вышэй, тым меншая колькасць асобін у кожным пласце. Так, на кожнага драпежніка прыпадаюць сотні яго ахвяр, тысячы іх ахвяр, мільёны насякомых, незлічоныя расліны. Пірамідальная форма сістэмы адлюстроўвае гэтую лікавую прагрэсію ад верхавіны да падмурка. Чалавек займае прамежкавы пласт разам з мядзведзямі, янотамі і вавёркамі, якія ядуць і мяса, і расліннасць.
Лініі залежнасці ў ежы і іншых паслугах называюцца харчовымі ланцугамі. Так, глеба — дуб — алень — індзеец — гэта ланцуг, які цяпер у асноўным ператварыўся ў ланцуг глеба — кукуруза — карова — фермер. Кожны від, у тым ліку і мы, — звяно многіх ланцугоў. Алень есць сотню раслін, акрамя дуба, а карова — сотню раслін, акрамя кукурузы. Значыць, абодва — звёны ў сотні ланцугоў. Піраміда — гэта такі складаны клубок ланцугоў, што ён здаецца бязладным, але ўстойлівасць сістэмы даводзіць, што гэта вельмі арганізаваная структура. Яе дзеянне залежыць ад супрацоўніцтва і спаборніцтва яе разнастайных частак.
Спачатку піраміда жыцця была нізкай і прысадзістай, а харчовыя ланцугі — кароткімі і простымі. Эвалюцыя дадавала пласт за пластом, звяно за звяном. Чалавек — адно з тысяч напластаванняў, якія дадалі піраміды вышыні і складанасці. Навука дала нам шмат сумневаў, але прынамсі адну пэўнасць яна дала: эвалюцыя імкнецца ўскладняць і разнастаіць біёту.
Значыць, зямля — гэта не проста глеба; гэта крыніца энергіі, якая цячэ па контуры з глеб, раслін і жывёл. Харчовыя ланцугі — жывыя каналы, якія праводзяць энергію ўверх; смерць і гніенне вяртаюць яе ў глебу. Контур не замкнёны: частка энергіі рассейваецца пры гніенні, частка дадаецца з паветра, частка запасаецца ў глебах, торфе і доўгажывучых лясах; але гэта ўстойлівы контур, падобны да абаротнага фонду жыцця, які паволі расце. Заўсёды ёсць чыстая страта праз змыў уніз па схілах, але звычайна яна невялікая і кампенсуецца выветрываннем горных парод. Змытае адкладаецца ў акіяне і за геалагічны час падымаецца, каб утварыць новыя землі і новыя піраміды.
Хуткасць і характар патоку энергіі ўверх залежаць ад складанай структуры расліннай і жывёльнай супольнасці — гэтак жа, як рух соку ўверх па дрэве залежыць ад яго складанай клетачнай будовы. Без гэтай складанасці нармальная цыркуляцыя, мусіць, была б немагчымая. Структура — гэта ўласцівая супольнасці колькасць асобін, а таксама ўласцівыя ёй віды і іх функцыі. Гэтая ўзаемазалежнасць паміж складанай структурай зямлі і яе гладкім дзеяннем як энергетычнага цэлага — адна з яе асноўных уласцівасцей.
Калі змена адбываецца ў адной частцы контуру, многія іншыя часткі мусяць да яе прыстасавацца. Змена не абавязкова перакрывае ці адводзіць паток энергіі: эвалюцыя — гэта доўгі шэраг змен, выкліканых знутры, і іх агульным вынікам было ўскладненне механізма патоку і падаўжэнне контуру. Аднак эвалюцыйныя змены звычайна павольныя і мясцовыя. Вынаходніцтва прылад дазволіла чалавеку рабіць змены небывалай гвалтоўнасці, хуткасці і размаху.
Адна змена закранае склад флоры і фаўны. З верхавіны піраміды адсякаюць буйных драпежнікаў; харчовыя ланцугі ўпершыню ў гісторыі становяцца не даўжэйшымі, а карацейшымі. Свойскія віды з іншых краёў падстаўляюць на месца дзікіх, а дзікія перасяляюць у новыя асяроддзі. Пры гэтым сусветным змешванні фаўн і флор адны віды вырываюцца з-пад кантролю як шкоднікі і хваробы, іншыя знікаюць. Такія наступствы рэдка бываюць наўмыснымі ці прадбачанымі; гэта непрадказальныя, а часта і неадсочныя перабудовы структуры. Сельскагаспадарчая навука ў значнай ступені — гэта гонка паміж з’яўленнем новых шкоднікаў і з’яўленнем новых спосабаў з імі змагацца.
Іншая змена закранае паток энергіі праз расліны і жывёл і яе вяртанне ў глебу. Урадлівасць — гэта здольнасць глебы прымаць, захоўваць і аддаваць энергію. Земляробства, перабіраючы з глебы больш, чым яна дае, або занадта радыкальна замяняючы ў надбудове мясцовыя віды свойскімі, можа разладзіць каналы патоку або вычарпаць запасы. Глебы, якія страцілі свае запасы або арганічнае рэчыва, што іх утрымлівае, змываюцца хутчэй, чым утвараюцца. Гэта і ёсць эрозія.
Воды, як і глеба, — частка энергетычнага контуру. Прамысловасць, забруджваючы воды або перагароджваючы іх плацінамі, можа выключыць з яго расліны і жывёл, неабходных, каб энергія заставалася ў абароце.
Транспарт прыносіць яшчэ адну асноўную змену: расліны ці жывёлы, вырашчаныя ў адным краі, цяпер спажываюцца і вяртаюцца ў глебу ў іншым. Транспарт бярэ энергію, назапашаную ў горных пародах і ў паветры, і выкарыстоўвае яе ў іншым месцы: так мы ўгнойваем свой агарод азотам, які птушкі, што даюць гуана, сабралі з рыб мораў па другі бок экватара. Так раней мясцовыя і замкнёныя ў сабе контуры зліваюцца ў сусветны агульны кацёл.
Перабудова піраміды пад чалавечае засяленне вызваляе назапашаную энергію, і ў піянерскі перыяд гэта часта выклікае падманлівае буянне расліннага і жывёльнага жыцця, і дзікага, і свойскага. Такое вызваленне біятычнага капіталу схільнае засланяць або адтэрміноўваць расплату за гвалт.

Гэты эскіз зямлі як энергетычнага контуру перадае тры асноўныя ідэі:
(1) Што зямля — гэта не проста глеба.
(2) Што мясцовыя расліны і жывёлы трымалі энергетычны контур адкрытым; іншыя — могуць трымаць, а могуць і не.
(3) Што змены, зробленыя чалавекам, — іншага парадку, чым эвалюцыйныя, і іх наступствы шырэйшыя, чым задумана ці прадбачана.
Разам гэтыя ідэі ставяць два асноўныя пытанні. Ці можа зямля прыстасавацца да новага парадку? Ці можна дасягнуць жаданых пераменаў з меншым гвалтам?
Біёты, здаецца, па-рознаму здольныя вытрымліваць гвалтоўную перабудову. Заходняя Еўропа, напрыклад, нясе зусім іншую піраміду, чым тая, што застаў там Цэзар. Некаторыя буйныя жывёлы зніклі; забалочаныя лясы сталі лугамі ці ворывам; завезена шмат новых раслін і жывёл, і некаторыя з іх вырваліся на волю як шкоднікі; рассяленне і колькасць мясцовых відаў, што засталіся, моцна змяніліся. І ўсё ж глеба па-ранейшаму на месцы і, з дапамогай прывазных пажыўных рэчываў, па-ранейшаму ўрадлівая; воды цякуць нармальна; новая структура, здаецца, дзейнічае і трымаецца. Ніякага бачнага спынення ці разладу контуру няма.
Значыць, у Заходняй Еўропы біёта трывалая. Яе ўнутраныя працэсы цягавітыя, пругкія, устойлівыя да нагрузкі. Якімі б гвалтоўнымі ні былі змены, піраміда дагэтуль кожны раз выпрацоўвала нейкі новы modus vivendi, які захоўвае яе прыдатнасць для жыцця чалавека і большасці іншых мясцовых насельнікаў.
Японія, здаецца, — яшчэ адзін прыклад радыкальнай перабудовы без разладу.
Большасць іншых цывілізаваных краёў, а таксама некаторыя, якіх цывілізацыя яшчэ ледзь кранула, паказваюць розныя стадыі разладу — ад першых сімптомаў да далёка зайшлага спусташэння. У Малой Азіі і Паўночнай Афрыцы дыягназ блытаюць змены клімату, якія маглі быць і прычынай, і вынікам далёка зайшлага спусташэння. У Злучаных Штатах ступень разладу розная ў розных мясцінах: найгорш на Паўднёвым Захадзе, у Азарках і ў частцы Поўдня, найменш — у Новай Англіі і на Паўночным Захадзе. У менш запушчаных краях лепшае землекарыстанне яшчэ можа яго спыніць. У частцы Мексікі, Паўднёвай Амерыкі, Паўднёвай Афрыкі і Аўстраліі ідзе гвалтоўнае спусташэнне, якое ўсё паскараецца, але ацаніць перспектывы я не бяруся.
Гэты амаль сусветны разлад зямлі падобны да хваробы ў жывёлы — з той розніцай, што ён ніколі не даходзіць да поўнага распаду ці смерці. Зямля акрыяе, але на ніжэйшым узроўні складанасці і з меншай ёмістасцю для людзей, раслін і жывёл. Многія біёты, якія сёння лічацца «землямі магчымасцей», насамрэч ужо жывуць драпежніцкім земляробствам, гэта значыць ужо перавысілі тую колькасць насельнікаў, якую могуць трывала ўтрымліваць. Большая частка Паўднёвай Амерыкі ў гэтым сэнсе перанаселеная.
У засушлівых краях мы спрабуем стрымаць спусташэнне меліярацыяй, але занадта ясна, што меліярацыйныя праекты часта жывуць нядоўга. На нашым Захадзе найлепшыя з іх, магчыма, не працягнуцца і стагоддзя.
Разам узятыя сведчанні гісторыі і экалогіі, здаецца, падтрымліваюць адну агульную выснову: чым менш гвалтоўныя змены, зробленыя чалавекам, тым больш верагодна, што піраміда паспяхова да іх прыстасуецца. Гвалтоўнасць жа залежыць ад шчыльнасці насельніцтва: шчыльнае насельніцтва патрабуе больш гвалтоўнай перабудовы. У гэтым сэнсе ў Паўночнай Амерыкі больш шанцаў на трываласць, чым у Еўропы, — калі яна здолее абмежаваць сваю шчыльнасць.
Гэтая выснова ідзе насуперак нашай цяперашняй філасофіі, якая мяркуе, што раз невялікі рост шчыльнасці ўзбагаціў чалавечае жыццё, то бясконцы рост будзе ўзбагачаць яго бясконца. Экалогія не ведае ніякай залежнасці ад шчыльнасці, якая трымалася б у бясконца шырокіх межах. Усе выгады ад шчыльнасці падпарадкоўваюцца закону змяншальнай аддачы.
Якім бы ні было ўраўненне для людзей і зямлі, наўрад ці мы ўжо ведаем усе яго члены. Нядаўнія адкрыцці ў мінеральным і вітамінным харчаванні выявілі нечаканыя залежнасці ва ўзыходным контуры: неверагодна малыя колькасці пэўных рэчываў вызначаюць каштоўнасць глеб для раслін, а раслін — для жывёл. А што з нізыходным контурам? Што з відамі, якія знікаюць і захаванне якіх мы сёння лічым эстэтычнай раскошай? Яны дапамагалі ствараць глебу; якім нечаканым чынам яны могуць быць неабходныя, каб яе падтрымліваць? Прафесар Уівер прапануе выкарыстаць кветкі прэрыі, каб вярнуць структуру глебам «пыльнага катла», якія руйнуюцца; хто ведае, для чаго калі-небудзь могуць спатрэбіцца жураўлі і кондары, выдры і грызлі?
Здароўе зямлі і раскол A–B
Такім чынам, этыка зямлі сведчыць пра існаванне экалагічнага сумлення, а яно, у сваю чаргу, — пра перакананне ў асабістай адказнасці за здароўе зямлі. Здароўе — гэта здольнасць зямлі да самааднаўлення. Ахова прыроды — гэта нашы намаганні зразумець і захаваць гэтую здольнасць.
Прыродаахоўнікі славяцца сваімі звадкамі. На першы погляд усё гэта складаецца ў звычайную блытаніну, але пры больш уважлівым разглядзе відаць адна лінія расколу, агульная для многіх спецыяльных галін. У кожнай галіне адна група (A) бачыць у зямлі глебу, а яе функцыю — у вытворчасці тавару; другая група (B) бачыць у зямлі біёту, а яе функцыю — у чымсьці шырэйшым. Наколькі шырэйшым — пра гэта, трэба прызнаць, пануюць сумневы і блытаніна.
У маёй уласнай галіне, лясной гаспадарцы, група A цалкам задаволеная тым, каб вырошчваць дрэвы, як капусту, і лічыць асноўным лясным таварам цэлюлозу. Яна не адчувае ніякіх стрымак перад гвалтам; яе ідэалогія — аграномская. Група B, наадварот, лічыць, што лясная гаспадарка ў корані адрозніваецца ад аграноміі, бо мае справу з дзікімі відамі і кіруе натуральным асяроддзем, а не стварае штучнае. Група B прынцыпова аддае перавагу натуральнаму аднаўленню лесу. Яе турбуе — і з біятычных, і з эканамічных прычын — страта такіх відаў, як каштан, і пагроза страціць веймутавыя сосны. Яе турбуе цэлы шэраг другасных функцый лесу: дзікая фаўна, адпачынак, вадазборы, абшары некранутай прыроды. На маю думку, у групе B варушыцца экалагічнае сумленне.
У галіне аховы дзікай фаўны існуе такі ж раскол. Для групы A асноўныя тавары — спорт і мяса; мерка вытворчасці — лічбы здабычы фазанаў і стронгі. Штучнае развядзенне прымальнае як пастаянны, а не толькі часовы сродак — калі гэта дазваляе сабекошт. Група B, наадварот, турбуецца пра цэлы шэраг біятычных пабочных пытанняў. Колькі драпежнікаў каштуе вырошчванне «ўраджаю» дзічыны? Ці варта нам і далей звяртацца да чужаземных відаў? Як гаспадаранне можа аднавіць віды, што скарачаюцца, — такія як прэрыйныя цецерукі, на якіх ужо безнадзейна і думаць паляваць? Як яно можа аднавіць рэдкія віды пад пагрозай — такія як лебедзь-трубач і амерыканскі журавель? Ці можна пашырыць прынцыпы гаспадарання на дзікія кветкі? І тут мне ясна, што перад намі той самы раскол A–B, што і ў лясной гаспадарцы.
Пра шырэйшую галіну, сельскую гаспадарку, я магу казаць з меншай кампетэнтнасцю, але і там, здаецца, ёсць падобныя расколы. Навуковае земляробства актыўна развівалася яшчэ да таго, як нарадзілася экалогія, таму можна чакаць, што экалагічныя ўяўленні пранікаюць туды павольней. Да таго ж фермер з самой прыроды сваіх метадаў мусіць мяняць біёту больш радыкальна, чым ляснік ці ахоўнік дзікай фаўны. І ўсё ж у сельскай гаспадарцы шмат незадаволенасцей, якія, здаецца, складаюцца ў новае бачанне — «біятычнае земляробства».
Мабыць, найважнейшая з іх — новыя сведчанні таго, што фунты ці тоны не мераюць харчовай каштоўнасці ўраджаю: плён урадлівай глебы можа быць лепшы не толькі колькасна, але і якасна. Мы можам падняць фунты з выснажаных глеб, выліваючы на іх прывазную ўрадлівасць, але харчовую каштоўнасць мы пры гэтым не абавязкова падымаем. Магчымыя далёкія наступствы гэтай ідэі такія велізарныя, што іх выкладанне я мушу пакінуць больш здольным пёрам.
Незадаволенасць, якая называе сябе «арганічным земляробствам», хоць і мае некаторыя рысы культу, усё ж біятычная па сваім кірунку — асабліва ў тым, як яна настойвае на значэнні глебавай флоры і фаўны.
Экалагічныя асновы сельскай гаспадаркі грамадскасць ведае гэтак жа дрэнна, як і ў іншых галінах землекарыстання. Напрыклад, мала хто з адукаваных людзей разумее, што дзівосныя тэхнічныя дасягненні апошніх дзесяцігоддзяў — гэта ўдасканаленні помпы, а не калодзежа. Акр за акрам, іх ледзь хапіла, каб кампенсаваць падзенне ўзроўню ўрадлівасці.
Ва ўсіх гэтых расколах паўтараюцца тыя самыя асноўныя парадоксы: чалавек-заваёўнік супраць чалавека — біятычнага грамадзяніна; навука, што точыць яго меч, супраць навукі — пражэктара, што асвятляе яго сусвет; зямля — рабыня і служка супраць зямлі — калектыўнага арганізма. Наказ Робінсана Трыстраму можна ў гэтай кропцы аднесці і да Homo sapiens як віду ў геалагічным часе:
Хочаш ты таго ці не, / Ты — кароль, Трыстрам, бо ты з тых нямногіх, / Выпрабаваных часам, хто пакідае свет / Пасля сябе не тым, якім ён быў. / Глядзі, што пакідаеш.
Перспектыва
Я не магу ўявіць, каб этычныя адносіны да зямлі маглі існаваць без любові, павагі і захаплення зямлёй і без высокай ацэнкі яе каштоўнасці. Пад каштоўнасцю я, вядома, разумею нешта значна шырэйшае за простую эканамічную каштоўнасць; я разумею каштоўнасць у філасофскім сэнсе.
Мабыць, найсур’ёзнейшая перашкода на шляху эвалюцыі этыкі зямлі — тое, што наша адукацыйная і эканамічная сістэма рухаецца не да напружанага ўсведамлення зямлі, а прэч ад яго. Сапраўдны сучасны чалавек аддзелены ад зямлі мноствам пасярэднікаў і незлічонымі механічнымі цацкамі. Ніякай жывой сувязі з ёй у яго няма; для яго гэта прастора паміж гарадамі, на якой растуць пасевы. Выпусціце яго на дзень на зямлю, і калі гэта месца не апынецца полем для гольфа ці «маляўнічым» куточкам, ён засумуе да адурэння. Калі б пасевы можна было вырошчваць гідрапонікай, а не на полі, яго б гэта цалкам задаволіла. Сінтэтычныя замяняльнікі дрэва, скуры, воўны і іншых натуральных прадуктаў зямлі задавальняюць яго больш, чым арыгіналы. Карацей, зямлю ён «перарос».
Амаль такая ж сур’ёзная перашкода для этыкі зямлі — стаўленне фермера, для якога зямля па-ранейшаму вораг або прыганятай, што трымае яго ў рабстве. Тэарэтычна механізацыя земляробства павінна была б разбіць фермеру кайданы, але ці праўда яна гэта робіць — пытанне спрэчнае.
Адна з умоў экалагічнага разумення зямлі — разуменне экалогіі, а яно зусім не супадае з «адукацыяй»; больш за тое, значная частка вышэйшай адукацыі, здаецца, свядома абмінае экалагічныя паняцці. Разуменне экалогіі не абавязкова паходзіць з курсаў з экалагічнымі назвамі; з такой жа верагоднасцю яны могуць называцца геаграфіяй, батанікай, аграноміяй, гісторыяй ці эканомікай. Так і павінна быць, але як бы гэта ні называлася, экалагічнай падрыхтоўкі мала.
Справа этыкі зямлі здавалася б безнадзейнай, калі б не меншасць, якая адкрыта паўстае супраць гэтых «сучасных» плыняў.
«Ключавое бервяно», якое трэба зрушыць, каб вызваліць эвалюцыйны рух да этыкі, — вось яно: кіньце думаць пра добрае землекарыстанне толькі як пра эканамічную праблему. Разглядайце кожнае пытанне з пункту гледжання таго, што правільна этычна і эстэтычна, а не толькі што выгадна эканамічна. Правільна тое, што імкнецца захаваць цэласнасць, устойлівасць і прыгажосць біятычнай супольнасці. Няправільна тое, што імкнецца да адваротнага.
Само сабой зразумела, што эканамічная магчымасць вызначае, наколькі доўгі повад у таго, што можна і чаго нельга зрабіць для зямлі. Так было заўсёды і так будзе заўсёды. Памылка, якую эканамічныя дэтэрміністы навязалі на нашу калектыўную шыю і якую нам цяпер трэба скінуць, — гэта вера ў тое, што эканоміка вызначае ўсё землекарыстанне. Гэта проста няпраўда. Незлічонае мноства ўчынкаў і поглядаў, якія складаюць, магчыма, большую частку ўсіх адносін да зямлі, вызначаюцца густамі і схільнасцямі землекарыстальніка, а не яго кашальком. Большая частка ўсіх адносін да зямлі трымаецца на ўкладаннях часу, прадбачлівасці, умельства і веры, а не на ўкладаннях грошай. Якія думкі ў землекарыстальніка, такі і ён сам.
Я наўмысна паказаў этыку зямлі як плён грамадскай эвалюцыі, бо нічога такога важнага, як этыка, ніколі не «пішуць». Толькі самы павярхоўны знаўца гісторыі мяркуе, што Майсей «напісаў» Дзесяць запаведзяў: яны выспелі ў розумах супольнасці, якая думала, а Майсей напісаў іх папярэдні канспект для «семінара». Я кажу «папярэдні», бо эвалюцыя ніколі не спыняецца.
Эвалюцыя этыкі зямлі — працэс не толькі пачуццёвы, але і інтэлектуальны. Ахова прыроды выбрукавана добрымі намерамі, якія аказваюцца марнымі ці нават небяспечнымі, бо ім не стае крытычнага разумення ці то зямлі, ці то эканамічнага землекарыстання. Думаю, гэта агульнавядомая ісціна: чым далей этычная мяжа пасоўваецца ад асобы да супольнасці, тым большы яе інтэлектуальны змест.
Механізм дзеяння ў любой этыкі адзін: грамадскае ўхваленне правільных учынкаў, грамадскае асуджэнне няправільных.
Увогуле, наша цяперашняя праблема — гэта праблема поглядаў і прылад. Мы перабудоўваем Альгамбру паравым экскаватарам і ганарымся колькасцю вынятых кубаў. Ад экскаватара мы наўрад ці адмовімся — у рэшце рэшт, у ім шмат добрага, — але нам патрэбныя больш далікатныя і больш аб’ектыўныя крытэрыі, каб карыстацца ім з поспехам.
Aldo Leopold, «The Land Ethic», у кн.: A Sand County Almanac and Sketches Here and There (New York: Oxford University Press, 1949). Пераклад з англійскай паводле тэксту выдання 1949 года (вучэбная перадрукоўка Універсітэта штата Луізіяна), зверанага з перавыданнем кнігі на archive.org. Леапольд памёр у 1948 годзе, і яго тэкст знаходзіцца ў грамадскім набытку.



