Да зместу
Левы часопіс на беларускай мове
Праксіс

Рух20 хвілін чытання0 праглядаў

Прамова да моладзі

1903 год. Жан Жарэс вяртаецца ў ліцэй, дзе калісьці выкладаў, і гаворыць з вучнямі пра Рэспубліку як вялікі акт даверу, пра сацыялізм і пра мір паміж нацыямі, які стане магчымым, калі яго захацець. І пра мужнасць: яна не ў тым, каб вечна забіваць, а ў тым, каб «шукаць праўду і гаварыць яе».

Тэкст: Жан Жарэс

Калаж: злева — партрэт Жана Жарэса ў чырвоным дуатоне: барадаты мужчына ў цёмным пінжаку і гальштуку, позірк просты і спакойны. Справа ўверсе — чорна-белае фота шчыльнага натоўпу ў саламяных капелюшах; далёка на ўзгорку, над морам людзей, прамоўца з чырвоным сцягам. Ніжэй — нахілены чорны квадрат і вялікі чырвоны круг. Унізе пад чорнай рысай — вялікі надпіс «Мужнасць» і подпісы «Жан Жарэс · ліцэй Альбі · 30 ліпеня 1903», «шукаць праўду і гаварыць яе».
Жан Жарэс на партрэце Надара, 1904; Жарэс выступае на антываенным мітынгу ў Пре-Сен-Жэрве пад Парыжам супраць закона пра трохгадовую вайсковую службу, 25 мая 1913 · Калаж: Праксіс. Фота: Надар; агенцтва Rol (Нацыянальная бібліятэка Францыі) — грамадскі набытак

Жан Жарэс (1859–1914) — філосаф, гісторык Французскай рэвалюцыі і лідар французскіх сацыялістаў. У 1881–1883 гадах ён выкладаў філасофію ў ліцэі горада Альбі на поўдні Францыі, а 30 ліпеня 1903 года, ужо дэпутат ад дэпартамента Тарн і віцэ-старшыня Палаты дэпутатаў, вярнуўся туды, каб выступіць на ўрачыстай раздачы ўзнагарод — традыцыйнай цырымоніі ў канцы навучальнага года. Краіна тады толькі выходзіла са справы Дрэйфуса: Жарэс быў адным з галоўных абаронцаў несправядліва асуджанага афіцэра-габрэя, і Рэспубліка, якую толькі што давялося бараніць ад нацыяналістаў, клерыкалаў і генералаў, не здавалася чымсьці само сабой зразумелым. Адсюль і будова прамовы: Рэспубліка як «акт даверу», што некалі здаваўся немагчымым, — а за ёй два новыя «парадоксы», сацыялізм і трывалы мір. Пасля паразы ў франка-прускай вайне 1870–1871 гадоў і страты Эльзаса і Латарынгіі ў Францыі моцна гучала ідэя рэваншу; калі Жарэс кажа, што «не разумее вяртання страчанага як рэваншу», ён спрачаецца менавіта з ёй. Некалькі тлумачэнняў ад рэдакцыі. Франсуа Гізо і Адольф Цьер — ліберальныя палітыкі і гісторыкі XIX стагоддзя, праціўнікі ўсеагульнага выбарчага права. «Рэвалюцыя 10 жніўня» — паўстанне 1792 года, якое скінула манархію; «свята 10 жніўня 1793 года» — Свята адзінства і непадзельнасці Рэспублікі ў гонар новай, дэмакратычнай канстытуцыі. Калі Жарэс просіць слухачоў паглядзець «на адно з вашых прадмесцяў», ён мае на ўвазе Рабочую шкляную фабрыку (Verrerie ouvrière) у Альбі — кааператыў, які ў 1896 годзе пры яго падтрымцы заснавалі шкларобы, звольненыя пасля страйку ў Кармо. Праз год пасля гэтай прамовы Жарэс заснаваў газету L’Humanité, у 1905 годзе стаў адным з бацькоў аб’яднанай Сацыялістычнай партыі (СФІА), а апошнія гады жыцця змагаўся супраць надыходзячай вайны. 31 ліпеня 1914 года, за тры дні да ўступлення Францыі ў Першую сусветную вайну, яго застрэліў у парыжскім кафэ «Круасан» нацыяналіст Рауль Вілен; у 1919 годзе суд прысяжных забойцу апраўдаў. Пераклад зроблены з французскага арыгінала; пераклад лацінскай цытаты ў квадратных дужках — наш.


Дамы! Спадары! Юныя вучні!

Для мяне вялікая радасць зноў апынуцца ў гэтым ліцэі ў Альбі і на хвіліну зноў узяць тут слова. Радасць вялікая, але крыху зацененая смуткам: калі вяртаешся сюды праз доўгія прамежкі часу, раптам бачыш, колькі ў цябе забраў і аддаў мінуламу непрыкметны бег дзён. Час крадком адбіраў нас у саміх сябе, часцінку за часцінкай, — і раптам мы бачым далёка ад сябе цэлую глыбу свайго жыцця. Доўгая мурашыная чарада хвілін, і кожная выносіць па зярнятку, моўчкі цягнецца сваім шляхам — і аднаго ціхага вечара свіран аказваецца пусты.

Але ці так ужо важна, што час патроху адбірае ў нас сілу, калі ён непрыкметна ўкладае яе ў вялікія справы, у якіх жыве далей штосьці ад нас? Дваццаць два гады таму менавіта я выступаў тут з традыцыйнай прамовай. Памятаю (і, магчыма, хтосьці з маіх тагачасных калег таксама памятае), што выбраў тады тэму «Чалавечыя меркаванні». Я прасіў тых, хто мяне слухаў, судзіць пра людзей прыхільна, гэта значыць справядліва; быць уважлівымі нават у самых пасрэдных душах і ў самых убогіх жыццях да праменьчыкаў святла, да мімалётных іскраў маральнай прыгажосці, у якіх выяўляецца пакліканне чалавечай натуры да веліччы. Я прасіў іх паблажліва тлумачыць намаганні няўпэўненага чалавецтва, што ідзе навобмацак.

Магчыма, у гады барацьбы, што настала пасля, я не раз забываў гэтыя парады шчодрай справядлівасці ў дачыненні да сваіх праціўнікаў. Крыху мяне суцяшае думка, што і ў дачыненні да мяне пра іх, мусібыць, часам забываліся, — і гэта аднаўляе раўнавагу. А праўдай застаецца — праз усе нашы нягоды, праз усе ўчыненыя і перажытыя несправядлівасці — вось што: чалавечай натуры трэба даваць шырокі крэдыт даверу; той, хто не адчувае веліч чалавецтва і не прадчувае яго незраўнанага лёсу, сам асуджае сябе на тое, каб не разумець яго.

Гэты давер — не дурны, не сляпы і не легкадумны. Ён ведае пра заганы, злачынствы, памылкі, забабоны, пра эгаізм усіх гатункаў — эгаізм асоб, эгаізм каст, эгаізм партый, эгаізм класаў, — які робіць цяжкай хаду чалавека і часта закручвае плынь ракі ў каламутны і крывавы вір. Ён ведае, што добрыя сілы — сілы мудрасці, святла, справядлівасці — не могуць абысціся без дапамогі часу і што ноч няволі і невуцтва не развейваецца раптоўным і поўным азарэннем, а толькі паступова святлее праз павольную чараду няпэўных світанкаў.

Так, людзі, якія вераць у чалавека, ведаюць гэта. Яны загадзя змірыліся з тым, што ўбачаць толькі няпоўнае здзяйсненне свайго шырокага ідэалу, які і сам калісьці будзе пераўзыдзены; ці, хутчэй, яны радуюцца, што не ўсе чалавечыя магчымасці выявяцца ў цесных межах іх уласнага жыцця. Яны поўныя пачцівага і балючага спачування да тых, каго жорстка пабіў непасрэдны досвед і хто прыйшоў да горкіх думак; да тых, чыё жыццё супала з эпохамі няволі, прыніжэння і рэакцыі і хто пад чорнай нерухомай хмарай мог паверыць, што дзень ужо ніколі не настане. Але самі яны сцерагуцца назаўсёды запісваць расчараванні пакаленняў, якія мінаюць, у пасіў чалавецтва, якое трывае. І яны сцвярджаюць з упэўненасцю, якая не хістаецца, што думаць і дзейнічаць варта, што чалавечае намаганне да яснасці і права ніколі не прападае дарма. Гісторыя вучыць людзей, якія цяжкія вялікія задачы і як павольна яны здзяйсняюцца, але яна апраўдвае непераможную надзею.

Што ж такое Рэспубліка ў нашай сучаснай Францыі? Гэта вялікі акт даверу. Устанавіць Рэспубліку — значыць абвясціць, што мільёны людзей здолеюць самі вызначыць агульнае правіла сваіх дзеянняў; што яны здолеюць спалучыць свабоду і закон, рух і парадак; што яны здолеюць змагацца адно з адным, не раздзіраючы адно аднаго; што іх рознагалоссі не дойдуць да хранічнага шаленства грамадзянскай вайны і што яны ніколі не будуць шукаць у дыктатуры, хай сабе і часовай, згубнага перамір’я і баязлівага спакою. Устанавіць Рэспубліку — значыць абвясціць, што грамадзяне вялікіх сучасных нацый, вымушаныя штодзённай працай забяспечваць патрэбы свайго прыватнага і сямейнага жыцця, усё ж будуць мець досыць часу і свабоды думкі, каб займацца агульнай справай. А калі гэтая Рэспубліка ўзнікае ў свеце, які ўсё яшчэ манархічны, — значыць быць упэўненым, што яна прыстасуецца да складаных умоў міжнароднага жыцця, не замахваючыся на больш павольнае развіццё іншых народаў, але і нічога не саступаючы са сваёй справядлівай годнасці і не прыглушаючы бляску свайго прынцыпу.

Так, Рэспубліка — гэта вялікі акт даверу і вялікі акт смеласці. Задума гэтая была такая смелая, такая парадаксальная, што нават адважныя людзі, якія сто дзесяць гадоў таму перавярнулі свет, спачатку адкінулі яе. Творцы канстытуцыі 1789 і 1791 гадоў, нават заканадаўцы 1792 года лічылі, што традыцыйная манархія — неабходная абалонка новага грамадства. Яны адмовіліся ад гэтага прыстанку толькі пад паўторнымі ўдарамі каралеўскай здрады. І калі яны нарэшце вырвалі каралеўскую ўладу з коранем, Рэспубліка паўстала перад імі не столькі як наканаваны лад, колькі як адзіны спосаб запоўніць пустэчу, што засталася пасля манархіі. Аднак неўзабаве, пасля некалькіх гадзін здзіўлення і амаль трывогі, яны прынялі яе ўсёй сваёй думкай і ўсім сваім сэрцам. Яны сабралі ў ёй, яны злілі з ёю ўсю Рэвалюцыю. І яны не спрабавалі падманваць сябе. Яны не шукалі суцяшэння ў прыкладзе антычных рэспублік ці рэспублік швейцарскіх і італьянскіх. Яны добра бачылі, што ствараюць справу новую, смелую і небывалую. Гэта не была алігархічная свабода грэчаскіх рэспублік — раздробленых, малюсенькіх і заснаваных на працы рабоў. Гэта не быў пыхлівы прывілей рымскай рэспублікі — высокай цытадэлі, з якой заваёўніцкая арыстакратыя панавала над светам і злучалася з ім праз іерархію няпоўных і ўсё бяднейшых правоў, што спускалася аж да поўнага бяспраўя, — праз лесвіцу з усё больш збітымі і цёмнымі прыступкамі, якая нарэшце гублялася ў нізкасці рабства, цёмнай мяжы жыцця, што датыкаецца да падземнай ночы. Гэта не быў купецкі патрыцыят Венецыі і Генуі. Не, гэта была Рэспубліка вялікага народа, дзе былі толькі грамадзяне і дзе ўсе грамадзяне былі роўныя. Гэта была Рэспубліка дэмакратыі і ўсеагульнага выбарчага права. Гэта была навізна велічная і хвалюючая.

Людзі Рэвалюцыі гэта ўсведамлялі. І калі на свяце 10 жніўня 1793 года яны ўшаноўвалі гэтую Канстытуцыю, якая ўпершыню ад пачатку гісторыі ўвасобіла ў нацыянальным суверэнітэце суверэнітэт усіх, калі рамеснікі і рабочыя, кавалі, сталяры, працаўнікі палёў ішлі ў працэсіі побач з народнымі магістратамі і замест сцягоў неслі свае прылады працы, — старшыня Канвента мог сказаць, што гэта дзень, не падобны ні да якога іншага дня, найпрыгажэйшы дзень з таго часу, як сонца павісла ў бязмежжы прасторы! Усе волі ўздымаліся, каб стаць вартымі гэтай гераічнай навізны. За яе гэтыя людзі змагаліся і паміралі. У яе імя яны адкінулі каралёў Еўропы. У яе імя яны знішчалі адзін аднаго. І яны ўклалі ў яе такое палкае і страшнае жыццё, нарадзілі праз яе столькі ўчынкаў і столькі думак, што можна было паверыць: гэтая зусім новая Рэспубліка, без узораў і без традыцый, за некалькі гадоў набыла сілу і плоць стагоддзяў.

Калаж: тры круглыя медальёны з гравюры 1793 года. Самы вялікі, у чырвоным дуатоне, — алтар айчыны: высокая калона са сцягамі, вакол прыступкі, дымныя трыножнікі і натоўп. Меншы, чорна-белы, — трыумфальная арка, пад якой ідуць людзі. Трэці, чорна-белы на чырвоным квадраце, — статуя Свабоды на пастаменце. Унізе пад чорнай рысай — вялікі надпіс «Рэспубліка» і подпіс «Свята адзінства і непадзельнасці · Парыж · 10 жніўня 1793».
«Від шасці розных станцый Свята адзінства і непадзельнасці Рэспублікі», гравюра, Парыж, 1793 (Музей Карнавале): алтар айчыны, трыумфальная арка, статуя Свабоды · Калаж: Праксіс. Гравюра — Paris Musées / Музей Карнавале, CC0

І ўсё ж колькі перыпетый і выпрабаванняў давялося перажыць, перш чым гэтая Рэспубліка, якую людзі Рэвалюцыі лічылі неўміручай, нарэшце ўмацавалася на нашай зямлі! Мала таго што пасля некалькіх бурных гадоў яна пераможаная, — здаецца, яна назаўсёды знікае з гісторыі і нават з памяці людзей. З яе кпяць, яе зневажаюць; больш за тое — пра яе забываюць. Паўстагоддзя, калі не лічыць некалькіх глыбокіх сэрцаў, што захоўвалі памяць і надзею, людзі адракаюцца ад яе ці нават не ведаюць пра яе. Прыхільнікі старога рэжыму ўзгадваюць яе толькі для таго, каб пасароміць ёю Рэвалюцыю: «Вось куды завяло рэвалюцыйнае трызненне!» І нават сярод тых, хто называе сябе абаронцамі сучаснага свету і прадаўжальнікамі традыцыі Рэвалюцыі, большасць адракаецца ад Рэспублікі і дэмакратыі. Можна падумаць, што яны нават не памятаюць. Гізо выгуквае: «Усеагульнае выбарчае права ніколі не дачакаецца свайго дня». Як быццам яно ўжо не мела сваіх вялікіх гістарычных дзён, як быццам не з яго вырас Канвент! Цьер, апавядаючы пра рэвалюцыю 10 жніўня, забывае сказаць, што яна абвясціла ўсеагульнае выбарчае права, — як быццам гэта нязначная выпадковасць і дзівацтва аднаго дня. Рэспубліка, усеагульнае выбарчае права, дэмакратыя — усё гэта, калі верыць мудрацам, было гарачкавым сном людзей Рэвалюцыі. Іх справа засталася, але іх гарачка мінула, і сучасны свет, які яны заснавалі, калі і мусіць працягваць іх справу, то зусім не мусіць працягваць іх трызнення. І раптоўнае ўваскрэсенне Рэспублікі, якая з’явілася ў 1848 годзе, каб знікнуць у 1851-м, і праўда здавалася кароткім вяртаннем кашмару, які хутка развеяўся.

І вось цяпер гэтая Рэспубліка, што так высока ўзнялася над вякавым досведам людзей і над звычайным узроўнем думкі, што, калі яна ўпала, загінулі нават яе руіны і рассыпалася памяць пра яе, — гэтая Рэспубліка дэмакратыі, усеагульнага выбарчага права і ўсеагульнай чалавечай годнасці, якая не мела ўзору і, здавалася, не мела будучыні, стала трывалым законам нацыі, канчатковай формай французскага жыцця, тым узорам, да якога павольна рухаюцца ўсе дэмакратыі свету.

І вось — на гэта я асабліва звяртаю вашу ўвагу — сама смеласць спробы паспрыяла яе поспеху. Ідэя вялікага народа, які кіруе сабой сам, была такая высакародная, што ў гадзіны цяжкасцей і крызісаў яна сама прыходзіла на памяць нацыі. Аднойчы, у 1793 годзе, народ Францыі ўжо падняўся на гэтую вяршыню і адчуў там такі высокі гонар, што заўсёды, пад уяўным забыццём і ўяўнай абыякавасцю, у ім жыла патрэба зноў перажыць гэтае незвычайнае хваляванне. Непераможная сіла Рэспублікі была ў тым, што яна з’яўлялася час ад часу, сярод катастроф і разгубленасці іншых рэжымаў, не толькі як неабходны выхад і вымушанае рашэнне. Яна была суцяшэннем і гонарам. Толькі ў яе было досыць маральнай высакароднасці, каб даць нацыі сілу забыцца на расчараванні і ўзняцца над катастрофамі. Вось чаму апошняе слова мусіла застацца за ёй. На стромах, што вядуць да вяршынь, шмат хто спаўзае і шмат хто зрываецца; але вяршыні вабяць. Рэспубліка перамагла, бо яна ляжыць у кірунку вышынь і чалавек не можа ўзвысіцца, не падымаючыся да яе. Закон прыцяжэння не ўладарыць над чалавечымі грамадствамі беспадзельна, і не ў нізінах знаходзяць яны сваю раўнавагу. Тыя, хто ўсё мінулае стагоддзе ставіў свой ідэал вельмі высока, атрымалі апраўданне ад гісторыі.

І апраўдання дачакаюцца таксама тыя, хто ставіць яго яшчэ вышэй. Бо пралетарыят у цэлым пачынае сцвярджаць, што сапраўдную свабоду, роўнасць і справядлівасць трэба ўвесці не толькі ў палітычныя адносіны паміж людзьмі, але і ў іх эканамічныя і сацыяльныя адносіны. Не толькі дзяржаву, але і майстэрню, працу, вытворчасць, уласнасць хоча ён уладкаваць па рэспубліканскім узоры. Замест сістэмы, якая падзяляе і прыгнятае, ён мае намер стварыць шырокую грамадскую кааперацыю, дзе ўсе работнікі ўсіх відаў — работнікі рук і работнікі розуму — пад кіраўніцтвам свабодна выбраных імі кіраўнікоў самі будуць кіраваць вытворчасцю, нарэшце арганізаванай.

Спадары, я не забываю, што слова тут маю толькі я і што гэты прывілей патрабуе ад мяне вялікай стрыманасці. Я не стану злоўжываць ім, каб узняць на гэтым свяце ідэю, вакол якой ідуць і яшчэ будуць ісці жорсткія бітвы. Але як мог я гаварыць перад гэтай моладдзю, якая і ёсць будучыня, і не выказаць сваёй думкі пра будучыню? Я пакрыўдзіў бы вас залішняй асцярожнасцю: бо, што б вы ні думалі пра сутнасць справы, усе вы маеце занадта свабодны розум, каб ставіць мне ў віну тое, што я выказаў тут гэтую высокую сацыялістычную надзею, якая ёсць святлом майго жыцця.

Я хачу сказаць толькі дзве рэчы, бо яны датычаць не сутнасці праблемы, а метаду розуму і спосабу мыслення. Па-першае, да смелай ідэі, якая мусіць пахіснуць столькі інтарэсаў і столькі звычак і хоча абнавіць самыя асновы жыцця, вы маеце права быць патрабавальнымі. Вы маеце права патрабаваць ад яе доказаў, гэта значыць, каб яна дакладна паказала, як яна звязаная з усім палітычным і сацыяльным развіццём і як можа ўвайсці ў яго. Вы маеце права спытаць у яе, праз якую паслядоўнасць прававых і эканамічных формаў яна забяспечыць пераход ад існага ладу да новага. Вы маеце права патрабаваць ад яе, каб першыя яе практычныя крокі дадавалі нацыі эканамічнай і маральнай жыццёвай сілы. І яна мусіць даказаць — паказаўшы, што здольная абараніць тое высакароднае і добрае, што ўжо ёсць у спадчыне чалавецтва, — што яна прыходзіць не растраціць гэтую спадчыну, а памножыць. Мала ж было б у яе веры ў сябе, калі б яна не прымала гэтых умоў.

Затое вы абавязаныя вывучаць яе свабодным розумам, які не дае збіць сябе з панталыку ніякаму класаваму інтарэсу. Вы абавязаныя не адказваць ёй тымі легкадумнымі кпінамі, тымі сляпымі ці наўмысна раздзьмутымі панікамі і тым загадзя вырашаным іранічным ці грубым адмаўленнем, якімі так часта, на працягу цэлага стагоддзя, мудрацы сустракалі Рэспубліку, цяпер прынятую ўсімі — прынамсі ў яе форме. А калі вас усё яшчэ спакушае сказаць, што не варта марнаваць час на разгляд і абмеркаванне мараў, — паглядзіце на адно з вашых прадмесцяў! Колькі кпінаў, колькі злавесных прароцтваў было пра справу, якая стаіць там! Колькі змрочных прадказанняў чулі рабочыя, што намерыліся кіраваць сабой самі, паспрабаваць на вялікай вытворчасці форму калектыўнай уласнасці і сілу свабоднай дысцыпліны! А справа ўсё ж выстаяла; яна вырасла; яна дазваляе ўбачыць, што можа даць калектывісцкая кааперацыя. Сціплая пупышка, вядома, — але яна сведчыць пра рух сокаў, пра павольны ўздым новых ідэй, пра пераўтваральную сілу жыцця. Няма нічога больш хлуслівага за старую песімістычную і рэакцыйную прымаўку расчараванага Эклезіяста: «Няма нічога новага пад сонцам». Само сонца некалі было нечым новым, і зямля была нечым новым, і чалавек быў нечым новым. Чалавечая гісторыя — гэта няспыннае намаганне вынаходства, і вечная эвалюцыя — гэта вечнае тварэнне.

Дык жа таксама свабодным розумам сустрэньце і другую вялікую навізну, якая абвяшчае пра сябе шматлікімі прыкметамі: трывалы мір паміж нацыямі, канчатковы мір. Гаворка не пра тое, каб ганьбіць вайну мінулага. Яна была часткай вялікага чалавечага дзеяння, і чалавек ушляхетніў яе думкай і мужнасцю, узнёслым гераізмам, велікадушнай пагардай да смерці. Без сумневу, у хаосе неўладкаванага чалавецтва, перапоўненага грубымі інстынктамі, яна доўгі час была адзіным спосабам вырашаць канфлікты; яна была і той суровай сілай, якая, сутыкаючы плямёны, народы, расы, перамешвала чалавецтва і рыхтавала вялікія аб’яднанні. Але надыходзіць дзень — і ўсё кажа нам, што ён блізка, — калі чалавецтва досыць арганізаванае, досыць уладарыць сабою, каб вырашаць канфлікты сваіх груп і сваіх сіл розумам, перамовамі і правам. І вайна, ненавісная і велічная, пакуль яна была неабходная, становіцца жахлівай і злачыннай, калі пачынае выглядаць непатрэбнай.

Я не прапаную вам ідылічнай і пустой мары. Занадта доўга ідэі міру і адзінства чалавецтва былі толькі высокім ілюзорным святлом, якое з іроніяй асвятляла разню, што ўсё не спынялася. Ці памятаеце вы цудоўную карціну падзення Троі, якую пакінуў нам Вергілій? Ноч; захоплены знянацку горад заліваюць жалеза і агонь, забойствы, пажар і роспач. Палац Прыама ўзяты, і праз выбітыя дзверы відаць доўгі шэраг пакояў і галерэй. З пакоя ў пакой паходні і мячы гоняцца за пераможанымі; дзеці, жанчыны, старыя марна шукаюць прытулку ля хатняга алтара, які свяшчэнны лаўр ужо не бароніць ад смерці і ганьбы; кроў льецца ракой, і ўсе вусны крычаць ад жаху, болю, праклёнаў і нянавісці. Але над разгромленым домам, поўным выцця, праз унутраныя дварыкі і абваленыя дахі відаць вялікае ясна-спакойнае неба, і ўвесь чалавечы лямант гвалту і агоніі ўздымаецца да залатых зор: «Ferit aurea sidera clamor» [«Крык б’е ў залатыя зоры». — Рэд.].

Калаж: чорна-белая карціна «Пажар Троі» — над крапасной сцяной і вежамі б’е полымя, неба ў дыме, на першым плане натоўп уцекачоў з дзецьмі і скарбамі, воін з паходняй. На начным небе — тры маленькія чырвоныя кругі, як зоркі. Справа — вялікі чырвоны круг, чорная рыса і вялікі надпіс «Мір». Пад карцінай — лацінскі радок «Ferit aurea sidera clamor» і пераклад «крык б’е ў залатыя зоры · Вергілій, «Энеіда», II».
«Пажар Троі», карціна кола Гіліса Мостарта, 1580-я · Калаж: Праксіс. Карціна — грамадскі набытак

Гэтак жа і на працягу дваццаці стагоддзяў, раз за разам, кожны раз, калі над людзьмі ўзыходзіла зорка адзінства і міру, раздзёртая і змрочная зямля адказвала ёй ваенным лямантам.

Спачатку гэта было ўладнае свяціла заваёўніцкага Рыма, які думаў, што растварыў усе канфлікты ва ўсеагульным ззянні сваёй сілы. Імперыя рушыцца пад націскам варвараў, і жахлівы гул адказвае на пыхлівую прэтэнзію рымскага міру. Потым была хрысціянская зорка, якая ахінула зямлю ззяннем пяшчоты і абяцаннем міру. Але, прыглушаная і лагодная над галілейскімі далягладамі, яна ўзышла ўладарнай і суровай над феадальнай Еўропай. Імкненне папства ўтаймаваць свет пад сваім законам і ў імя каталіцкага адзінства толькі памножыла смуты і канфлікты гаротнага чалавецтва. Канвульсіі і забойствы Сярэднявечча, крывавыя сутычкі сучасных нацый былі здзеклівым адказам на вялікае хрысціянскае абяцанне міру. Рэвалюцыя ў сваю чаргу ўздымае высокі сігнал усеагульнага міру праз усеагульную свабоду. І вось з самой барацьбы Рэвалюцыі супраць сіл старога свету разгараюцца страшэнныя войны.

Што ж? Няўжо мір заўсёды будзе ўцякаць ад нас? Няўжо лямант людзей, заўсёды шалёных і заўсёды ашуканых, і далей будзе ўздымацца да залатых зор — з сучасных сталіц, запаленых снарадамі, як з антычнага палаца Прыама, запаленага паходнямі? Не! Не! І насуперак перасцярогам, якія даюць нам гэтыя грандыёзныя расчараванні, я адважваюся сказаць разам з мільёнамі людзей, што цяпер вялікі чалавечы мір магчымы і, калі мы захочам, ён блізкі. Над ім працуюць новыя сілы: дэмакратыя, метадычная навука, усеагульны салідарны пралетарыят. Вайна становіцца цяжэйшай справай, бо пры свабодных урадах сучасных дэмакратый яна становіцца адначасова небяспекай для ўсіх — праз усеагульную вайсковую павіннасць — і злачынствам усіх — праз усеагульнае выбарчае права. Вайна становіцца цяжэйшай справай, бо навука ахінае ўсе народы шматслойнай сеткай, з кожным днём усё шчыльнейшай тканінай сувязей, абменаў, пагадненняў; і хоць першым вынікам адкрыццяў, што знішчаюць адлегласці, часам бываюць вастрэйшыя трэнні, з часам яны ствараюць салідарнасць, чалавечую блізкасць, якія робяць з вайны пачварны замах і нешта накшталт калектыўнага самагубства.

Нарэшце, агульны ідэал, які натхняе і яднае пралетарыяў усіх краін, з кожным днём робіць іх усё больш неўспрымальнымі да ваеннага ап’янення, да нянавісці і суперніцтва нацый і рас. Так, як гісторыя аддала апошняе слова Рэспубліцы, якую так часта зневажалі і тапталі, так яна аддасць апошняе слова і міру, з якога так часта кпілі людзі і абставіны, які так часта таптала шаленства падзей і жарсцей. Я не кажу вам: гэта гатовая пэўнасць. У гісторыі не бывае гатовай пэўнасці. Я ведаю, колькі яшчэ на стыках нацый хворых месцаў, адкуль можа раптам пайсці часовае агульнае запаленне. Але я ведаю таксама, што імкненні да міру такія моцныя, такія глыбокія, такія істотныя, што ад вас залежыць — свядомай, абдуманай, нястомнай воляй — сабраць гэтыя імкненні ў сістэму і нарэшце ажыццявіць парадокс вялікага чалавечага міру, як вашы бацькі ажыццявілі парадокс вялікай рэспубліканскай свабоды. Справа цяжкая, але ўжо не немагчымая. Згасанне забабонаў і нянавісці, усё шырэйшыя саюзы і федэрацыі, міжнародныя пагадненні ў эканамічнай і сацыяльнай сферы, міжнародны арбітраж і адначасовае раззбраенне, яднанне людзей у працы і ў святле — вось што будзе, маладыя людзі, найвышэйшым намаганнем і найвышэйшай славай пакалення, якое ўздымаецца.

Не, я не прапаную вам ашуканай мары; і не прапаную мары, якая расслабляе. Хай ніхто з вас не думае, што ў той яшчэ цяжкі і няпэўны час, які папярэдзіць канчатковую згоду нацый, мы хочам аддаць на волю нашых надзей хоць найменшую часцінку бяспекі, годнасці, гонару Францыі. Ад любой пагрозы і любога прыніжэння яе трэба было б бараніць: яна двойчы святая для нас — бо яна Францыя і бо яна чалавечная.

Нават згода нацый у канчатковым міры не сатрэ айчын, якія захаваюць сваю глыбокую гістарычную адметнасць і сваю ўласную ролю ў агульнай справе прыміранага чалавецтва. І калі мы не хочам чакаць, каб закрыць кнігу вайны, пакуль сіла не выправіць усе несправядлівасці, учыненыя сілай, калі мы не разумеем вяртання страчанага як рэваншу, — то мы добра ведаем, што Еўропа, прасякнутая нарэшце дабрачыннай сілай дэмакратыі і духам міру, здолее знайсці такія формулы прымірэння, якія вызваляць усіх пераможаных ад няволі і пакут, што прыносіць з сабой заваёва. Але спачатку, але перадусім трэба разарваць кола фатальнасці, жалезнае кола, кола нянавісці, дзе нават справядлівыя патрабаванні выклікаюць адплату, якая таксама лічыць сябе справядлівай, дзе вайна за вайной круціцца ў руху без выхаду і без канца, дзе права і гвалт у аднолькавай крывавай ліўрэі амаль немагчыма адрозніць адно ад аднаго і дзе раздзёртае чалавецтва плача ад перамогі справядлівасці амаль гэтак жа, як ад яе паразы.

Перадусім хай нас не вінавацяць у тым, што мы прыніжаем і расслабляем мужнасць. Праклятае чалавецтва, калі, каб даказаць сваю мужнасць, яно асуджанае вечна забіваць. Мужнасць сёння — не ў тым, каб трымаць над светам змрочную хмару Вайны, хмару страшную, але дрымотную, пра якую заўсёды можна цешыць сябе думкай, што яна разразіцца над кімсьці іншым. Мужнасць — не ў тым, каб пакідаць у руках сілы вырашэнне канфліктаў, якія можа вырашыць розум: бо мужнасць — гэта ўзвышэнне чалавека, а гэта — яго адрачэнне. Мужнасць для ўсіх вас, мужнасць кожнай гадзіны — гэта не зламіцца пад выпрабаваннямі ўсіх відаў, фізічнымі і маральнымі, якія так шчодра дорыць жыццё. Мужнасць — гэта не аддаваць сваю волю на волю выпадковых уражанняў і сіл; гэта захоўваць і ў непазбежнай стомленасці звычку працаваць і дзейнічаць. Мужнасць у бясконцым хаосе жыцця, якое кліча нас з усіх бакоў, — гэта выбраць сабе справу і рабіць яе добра, якой бы яна ні была; гэта не пасаваць перад дробнай ці аднастайнай дэталлю; гэта стаць, наколькі можаш, дасканалым майстрам; гэта прыняць і зразумець закон спецыялізацыі працы, які ёсць умовай карыснага дзеяння, і ўсё ж пакідаць свайму позірку і свайму розуму некалькі прасветаў у шырокі свет і ў больш шырокія перспектывы. Мужнасць — гэта быць адначасова, якой бы ні была твая справа, практыкам і філосафам. Мужнасць — гэта разумець сваё ўласнае жыццё, удакладняць яго, паглыбляць, мацаваць — і ўсё ж узгадняць яго з агульным жыццём. Мужнасць — гэта пільна сачыць за сваёй прадзільнай ці ткацкай машынай, каб не парвалася ніводная нітка, і ўсё ж рыхтаваць шырэйшы і больш братэрскі грамадскі лад, дзе машына будзе агульнай служкай вызваленых працаўнікоў. Мужнасць — гэта прыняць новыя ўмовы, якія жыццё стварае для навукі і мастацтва, прыняць і даследаваць амаль бясконцую складанасць фактаў і дэталяў — і ўсё ж асвятляць гэтую велізарную і заблытаную рэальнасць агульнымі ідэямі, упарадкоўваць яе і ўзвышаць свяшчэннай прыгажосцю формаў і рытмаў. Мужнасць — гэта браць верх над уласнымі памылкамі, пакутаваць ад іх, але не ламацца пад іх цяжарам і ісці далей сваёй дарогай. Мужнасць — гэта любіць жыццё і глядзець на смерць спакойным позіркам; гэта імкнуцца да ідэалу і разумець рэальнасць; гэта дзейнічаць і аддаваць сябе вялікім справам, не ведаючы, якую ўзнагароду рыхтуе нашым намаганням глыбокі сусвет і ці рыхтуе ён нейкую ўзнагароду ўвогуле. Мужнасць — гэта шукаць праўду і гаварыць яе; гэта не падпарадкоўвацца закону хлусні, што трыумфуе і мінае, і не адгукацца рэхам — ні душой, ні вуснамі, ні рукамі — на тупыя воплескі і фанатычнае ўлюлюканне.

Ах, як жа бедна мы разумеем жыццё, як жа кароткая наша навука жыць, калі мы думаем, што, калі вайну скасуюць, людзям забракне нагодаў праявіць і выпрабаваць сваю мужнасць і што трэба і далей біць у барабаны, ад дробу якіх у ліцэях Першай імперыі скакалі сэрцы! Тады гэты дроб гучаў гераічна; у нашым дваццатым стагоддзі ён гучаў бы пуста. А вы, маладыя людзі, хочаце, каб ваша жыццё было жывым, шчырым і поўным. Вось чаму я сказаў вам, як дарослым людзям, некаторыя з тых рэчаў, якія насіў у сабе.


Jean Jaurès, «Discours à la jeunesse», прамова на ўрачыстай раздачы ўзнагарод у ліцэі Альбі, 30 ліпеня 1903 года. Пераклад з французскай паводле тэксту ў французскіх Вікікрыніцах (выданне: Les carnets de Baudasser, № 8, Villefranche-d’Albigeois, 1975); тэкст звераны са сканам выдання, тэксталагічная заўвага выдаўца пра рукапіс не перакладзеная. Прамова знаходзіцца ў грамадскім набытку.

Яшчэ ў рубрыцы «Рух»

Рух

Праграма Беларускай Сацыялістычнай Грамады

1903 год. Першая беларуская палітычная партыя патрабуе дэмакратычнай рэспублікі, роўных правоў для ўсіх народаў і для жанчын, свабоды слова і забастовак, дармовых суда і школы, восьмігадзіннага рабочага дня — і зямлі таму, хто працуе на ёй сваімі рукамі.

Беларуская Сацыялістычная Грамада ·

Рух

Выйсці з Замка вампіраў

2013 год. Марк Фішэр піша пра тое, чаму левыя ў сацыяльных сетках занятыя цкаваннем і распаўсюджваннем віны, а не барацьбой, — і заклікае вярнуць у цэнтр левай палітыкі клас, таварыскасць і салідарнасць замест маралізатарства і ідэнтытарызму.

Марк Фішэр ·

Рух

Ад прыгону да сацыялізму

1907 год. Заснавальнік Лейбарысцкай партыі Кір Хардзі тлумачыць простымі словамі, што такое сацыялізм і чаму ён пачынаецца з горада: вада, газ, трамваі і зямля павінны належаць грамадзе, а не прыватнаму ўласніку.

Кір Хардзі ·