Праграма Беларускай Сацыялістычнай Грамады — першая беларуская партыйная праграма, напісаная тады, калі беларуская палітычная мова толькі складвалася. Мы прыводзім яе правапіс да сучаснага, але захоўваем словы і звароты арыгінала — польскія «кабеты» і «бяспечэнства», расейскія «гасударства» і «косвенныя падаткі», лацінскае «minimum». Пасля праграмы — урывак з успамінаў Антона Луцкевіча пра тое, як яе пераглядалі на з’ездзе ў 1905 годзе.
Канец 1902 года. У Мінску, Вільні і Пецярбургу беларускія студэнты і гімназісты — браты Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Іваноўскі, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Карусь Каганец, Аляксандр Бурбіс і іх таварышы — ствараюць Беларускую рэвалюцыйную грамаду. Гэта першая беларуская палітычная партыя. Яе першую адозву, надрукаваную на гектографе, яшчэ выдалі па-польску, але ўжо на першым з’ездзе ў Вільні ў 1903 годзе Грамада прымае ўласную праграму — па-беларуску і пад лозунгам «Працавіта бедната ўсіх краёў, злучайся!».
Праграма напісаная мовай, на якой тады яшчэ толькі вучыліся пісаць палітычныя тэксты: агульнага правапісу не было, частку слоў браў польскі ці расейскі. Але змест яе для 1903 года радыкальны: дэмакратычная рэспубліка, роўныя правы для ўсіх народаў і для жанчын, свабода слова, сходаў і забастовак, дармовыя суд і школа, падатак, які расце з даходам, восьмігадзінны рабочы дзень і зямля таму, хто працуе на ёй сваімі рукамі. Многае з гэтага праз пятнаццаць гадоў увойдзе ва Устаўныя граматы БНР.
Калі менавіта Грамада стала называцца сацыялістычнай, дакладна невядома: адны крыніцы называюць 1903 год, Антон Луцкевіч у сваіх успамінах — з’езд у Мінску ў канцы 1905 года. У 1906 годзе Грамада пачала выдаваць першыя легальныя беларускія газеты — «Нашу долю», а потым «Нашу ніву», вакол якой вырас увесь беларускі нацыянальны рух. У 1917 годзе ў партыі было каля дзесяці тысяч сяброў, і яе дзеячы склікалі Усебеларускі з’езд, з якога вырасла Беларуская Народная Рэспубліка.
Нарыс праграмы Беларускай Сацыялістычнай Грамады
Працавіта бедната ўсіх краёў, злучайся!
Беларуская Сацыялістычная Грамада ёсць арганізацыя сацыяльна-палітычная беларускага працавітага народу, хоча раскінуць цяперашні капіталістычны парадак і аддаць у рукі ўсяго народу зямлю, снасці рабочыя і ўсе спосабы камунікацыі для супольнага ўладання. У гэтай рабоце найбольшая завада — цяперашняя палітычная няволя, прато Б. С. Г. за найбліжшую палітычную цэль мае скінуць самадзяржаўе ў Расеі разам з пралетарыятам усіх народаў Расейскага Гасударства. Цяпер трудна сказаць, як зложацца палітычныя стасункі ў Расеі, а толькі мы з усякага здарэння будзем карыстаць для таго, каб усе народы мелі як найбольшую свабоду, уважаючы за найбольшае жаданне ў часе капіталізму незалежную рэспубліку дэмакратычную на фундаменце:
З палітычнай стараны
- Простае, агульнае, роўнае, тайнае галасаванне; станаўленне законаў праз народ, як ініцыятыва і як санкцыя.
- Роўныя правы для ўсіх народнасцей, жывучых на адной зямлі.
- Роўнасць усіх людзей у краі, як мужчын, так і кабет, не гледзячы, з якога яны народу і якой веры.
- Самаўпраўленне грамадскае і ўсялякае; выбарныя чыноўнікі да адміністрацыі і споўненне найвышэйшай уласці праз канстытуцыйны сход.
- Дармовы суд; выбарныя суддзі; падсуднасць чыноўнікаў.
- Поўная свабода слова, друку, сходаў, сяброўстваў — таварыстваў, забастовак; поўная свабода народнасці і веры.
- Бяспечэнства асобы і дому кожнага чалавека.
- Дармовая, канечная, поўная навука для ўсіх на кошт краю.
- Скасаванне салдацкай службы; замест салдацкай службы агульнае апалчэнне народу.
- Растучы падатак ад даходу і ад наследства; скасаванне ўсіх косвенных падаткаў.
- Аддзяленне царквы ад гасударства і школы ад царквы.

З палітычна-сацыяльнай стараны
I. У справе зямельнай Б. С. Г. хоча скасаваць права асабістай земскай уласнасці і даць кожнаму чалавеку права выбраць зямлю сваімі рукамі без карыстання з чужой працы, расшыраючы адначасна, каб перайсці да сацыялістычнай гаспадаркі, ідэі ўсестаронняга сябравання і таварыстваў.
II. У справе працавітага народу:
- 8 гадзін работы ў дзень (можна даўжэй у жніво і другія незвычайныя часы).
- Устанаўленне minimum платы за работы.
- Роўная заплата для мужчын, кабет і дзяцей пры роўнай працы.
- Забаранённе начной працы, апроч незвычайнай патрэбы.
- Аздараўленне варункаў працы.
- Страхоўка краёвая ад няшчаснага прыпадку, недастатку працы, хваробы і старасці.
- Інспекцыя фабрычная і інспекцыя сельскай гаспадаркі.
- Біржы працы і сакратарыят работнікаў.
- Свабода змоў і забастовак работнікаў.
- Дармовая помач доктарская.
- Выплаты ў гадзінах работы.
- Апека над адходнымі работнікамі.
- Краёвая страхоўка ад граду і заразы.
- Пераход на ўласнасць краю лесапашы і вадзяной сілы.

Як праграму пераглядалі: з успамінаў Антона Луцкевіча
Урывак з успамінаў Антона Луцкевіча «За дваццаць пяць гадоў» (Вільня, 1928), скарочаны. Іван — яго брат Іван Луцкевіч.
Рэвалюцыйныя падзеі 1905 году асабліва вымагалі адзінства: пасля кастрычнікавага маніфесту і пераходу ўлады ад абароны да наступлення трэба было вельмі добра абдумаць шлях далейшай працы. Дзеля гэтага ў канцы 1905 году быў скліканы партыйны (дэлегацкі) з’езд Б. Р. Г.
З’езд быў скліканы ў Менску, дзе Грамада была найдужэйшая і мела найбольш актыўных сіл. Кватэру даў Віктар Зелезей (недзе на шляху ў Кальварыю — на канцы места).
На парадку дня стаялі гэткія справы: перагляд партыйнай праграмы, апрацоўка зямельнай праграмы, тактыка (справа тэрору), арганізацыйныя справы і выбар Цэнтральнага Камітэта. Падрыхтоўка зямельнага пытання была загадзя даручана мне і Уласаву, і мы апрацавалі на з’езд свой праект нацыяналізацыі зямлі ў духу Маслова.
На з’ездзе былі: з Менску — Іван, я, Уласаў, Каганец, Зелезей, Шабуня, Земенцкі ды рад сялянскіх дэлегатаў з Ігуменскага, Менскага і Слуцкага паветаў; з Вільні — «Цётка», Бурбіс, Стэцкевіч ды Аўген Хлебцэвіч; з Пецярбургу — Іваноўскі ды йшчэ нехта, каго не прыпамінаю. Усяго было душ 20. Большая частка прысутных не была між сабой знаёма і сустракалася першы раз; дзеля канспірацыі кожнаму напісалі мелам нумар на грудзях і называлі сябе нумарамі.
З’езд пачаўся агульным аглядам тагачаснага палітычнага палажэння, які зрабіў Іван. Пасля перайшлі да справы ідэалогіі Грамады. У выніку гарачай дыскусіі выявілася, што эсэраўшчына мае дужа слабыя карані сярод грамадаўцаў, а пераважае кірунак с.-д. — пераважна ў пэпээсаўскай інтэрпрэтацыі ў адносінах да нацыянальнага пытання. Сцвярджэнне пры гэтым, што наагул у партыі цалкам пануе сацыялістычная ідэалогія, мела сваім вынікам змену партыйнага назову на «Беларуская Сацыялістычная Грамада», што было прынята аднагалосна.
Самая гарачая дыскусія ўзнялася на грунце зямельнай праграмы. Тут спрэчку вялі між сабой Іван і я, ды мы толькі той раз разыходзіліся ў сваіх паглядах, бо далей ніколі ніякага разыходжання ў нашых паглядах не бывала. Справа ў тым, што мой і Уласаўскі праект праграмы па зямельным пытанні як быццам прадбачыў наперад доўгі шлях да здзейснення яе: мы схіляліся да таго погляду, што выбух рэвалюцыі ўжо канчаецца і пачынаецца рэакцыя, проці якой мы сёння бяссільныя. Наадварот, Іван лічыў неабходным кінуць сялянству найбольш зразумелы яму лозунг: дзялі зямлю! — маючы на ўвазе прадоўжыць і ўзмацаваць слабеючы размах рэвалюцыі. Іван глядзеў на далейшае развіццё рэвалюцыі больш аптымістычна, чым мы, і прапанаваў сваю формулу ў сказаным духу. Аднак і большасць з’езду не падзяляла Іванавага аптымізму, і наш праект перамог.
Галоўныя пункты нашай зямельнай праграмы, наколькі цяпер помніцца, былі такія:
1) Канфіскацыя ўсіх дворных, царкоўных, касцельных, «удзельных» і іншых зямель ды ўтварэнне з іх — разам з землямі казённымі — нацыянальнага зямельнага фонду, з якога будуць карыстаць малазямельныя і беззямельныя сяляне.
2) Гаспадар нацыянальнага зямельнага фонду ў межах Беларусі — краёвы самаўрад (аўтаномны Сойм), незалежны ад расейскага цэнтральнага ўраду ў справах зямельнага распарадку.
3) Зямлёй надзяляюцца (ведама, без ніякага «выкупу») малазямельныя і беззямельныя сяляне — па прынцыпе тварэння рацыянальна пастаўленых дробных гаспадарчых адзінак, здольных быць прадуцэнтамі хлеба, ад чаго ўзалежняецца і велічыня надзелаў.
4) Дыферэнцыяльная зямельная рэнта канфіскуецца на карысць Краю шляхам увядзення дыферэнцыяльнага зямельнага падатку.
Не памятаю цяпер дэталяў; не магу іх узнавіць і паводле дакументаў, якія ў 1913 годзе былі здадзены на схоў у Вільні несумленнаму чалавеку, які іх прысабечыў і адмовіўся вярнуць. Калі знішчаны, дык гэта непапраўная шкода, бо там былі не толькі ўсе грамадаўскія друкі за час існавання партыі, але і ўсе недрукаваныя рэзалюцыі і пратаколы з’ездаў і канферэнцый, у тым ліку і пашыраная ў рукапісе матыўвоўка нашай зямельнай праграмы. Прыпамінаю, што на апісаным з’ездзе быў прыняты цэлы рад рэзалюцый культурна-нацыянальнага характару, якія вызначылі ўвесь далейшы шлях беларускага адраджэнскага руху да самай вайны 1914 году. Была там справа беларускага школьніцтва, і друкаў, і правоў для мовы, і г. д.
Цікавыя былі абставіны, у якіх адбываўся з’езд. Дзеля канспірацыі было пастаноўлена распачаць з’езд з самай раніцы, як толькі прыедуць віленскім поездам дэлегаты з Вільні і Пецярбурга (нешта каля 8 гадзін), ды сядзець у хаце Зелезея бязвыхадна датуль, пакуль усё не будзе абгаворана. Дык і правялі мы ў гасціннага гаспадара роўна 24 гадзіны — да наступнай раніцы — і разышліся тады, як усё скончылі.
«Нарыс програму Беларуской Соціалістычной Громады» (1903) — паводле публікацыі ў Вікікрыніцах; урывак — паводле кнігі: Антон Луцкевіч. За дваццаць пяць гадоў (1903–1928). Вільня, 1928. Тэксты прыведзеныя да сучаснага правапісу і знаходзяцца ў грамадскім набытку.



