Ненавіджу абыякавых. Я, як Фрыдрых Гебель, веру, што «жыць — значыць быць на чыімсьці баку». Не можа быць проста людзей, староннiх для горада. Хто сапраўды жыве, не можа не быць грамадзянінам і не выбіраць бок. Абыякавасць — гэта бязвольнасць, паразітызм, баязлівасць, а не жыццё. Таму я ненавіджу абыякавых.
Абыякавасць — мёртвы груз гісторыі. Гэта свінцовае ядро на назе ў наватара, інертная матэрыя, у якой часта тонуць самыя бліскучыя парыванні, багна, што акружае стары горад і бароніць яго лепш за самыя моцныя муры, лепш за грудзі яго воінаў, бо зацягвае нападнікаў у свае глеістыя віры, касіць іх, падразае ім дух, а часам і прымушае адмовіцца ад гераічнай справы.
Абыякавасць магутна дзейнічае ў гісторыі. Дзейнічае пасіўна, але дзейнічае. Яна — фатальнасць; тое, на што нельга разлічваць; тое, што руйнуе праграмы, перакульвае найлепш пабудаваныя планы; грубая матэрыя, якая паўстае супраць розуму і душыць яго. Тое, што адбываецца, — зло, якое абрушваецца на ўсіх, магчымае дабро, якое можа нарадзіць гераічны ўчынак (агульначалавечага значэння), — абумоўлена не столькі ініцыятывай нешматлікіх, хто дзейнічае, колькі абыякавасцю, абсентэізмам многіх. Тое, што здараецца, здараецца не столькі таму, што некаторыя хочуць, каб яно здарылася, колькі таму, што маса людзей адмаўляецца ад сваёй волі, дазваляе рабіць, дазваляе завязваць вузлы, якія потым зможа разсячы толькі меч, дазваляе абвяшчаць законы, якія потым скасуе толькі паўстанне, дазваляе прыходзіць да ўлады людзям, якіх потым скіне толькі бунт. Фатальнасць, якая быццам пануе над гісторыяй, — не што іншае, як ілюзорны выгляд гэтай абыякавасці, гэтага абсентэізму. Падзеі спеюць у ценю; некалькі рук, над якімі няма ніякага кантролю, ткуць палатно калектыўнага жыцця, а маса пра гэта не ведае, бо ёй усё роўна. Лёсы эпохі вырашаюцца паводле вузкіх поглядаў, бліжэйшых мэтаў, асабістых амбіцый і жарсцей невялікіх актыўных груп, а маса людзей пра гэта не ведае, бо ёй усё роўна. Але падзеі, якія саспелі, прарываюцца вонкі; але палатно, вытканае ў ценю, даходзіць да канца — і тады здаецца, што гэта фатальнасць змятае ўсё і ўсіх, што гісторыя — толькі вялізная прыродная з’ява, вывяржэнне, землятрус, ахвярамі якога становяцца ўсе: і тыя, хто хацеў, і тыя, хто не хацеў, і тыя, хто ведаў, і тыя, хто не ведаў, і тыя, хто быў актыўны, і тыя, хто быў абыякавы. І гэты апошні злуецца, ён хацеў бы ўхіліцца ад наступстваў, хацеў бы, каб усім было ясна: ён гэтага не хацеў, ён не адказны. Адны жаласна хныкаюць, іншыя брыдка лаюцца, але ніхто ці амаль ніхто не пытаецца ў сябе: а калі б і я выканаў свой абавязак, калі б паспрабаваў адстаяць сваю волю, сваю параду, ці здарылася б тое, што здарылася? Але ніхто ці амаль ніхто не ставіць сабе ў віну сваю абыякавасць, свой скептыцызм, тое, што не аддаў сваіх рук і сваёй працы тым групам грамадзян, якія змагаліся якраз за тое, каб пазбегнуць таго зла, і імкнуліся здабыць тое дабро.
Большасць з іх, наадварот, калі ўсё ўжо адбылося, бярэцца разважаць пра крах ідэалаў, пра праграмы, што канчаткова абрынуліся, і пра іншыя падобныя прыемнасці. Так яны зноў пачынаюць сваё адхіленне ад усякай адказнасці. І справа не ў тым, што яны не бачаць рэчы ясна і часам не здольныя прапанаваць цудоўныя рашэнні самых пільных праблем — або тых, што патрабуюць грунтоўнай падрыхтоўкі і часу, але гэтак жа пільныя. Але гэтыя рашэнні застаюцца цудоўна бясплённымі, але гэты ўклад у калектыўнае жыццё не ажыўлены ніякім маральным святлом: ён — плён інтэлектуальнай цікаўнасці, а не вострага пачуцця гістарычнай адказнасці, якое патрабуе, каб усе былі актыўныя ў жыцці, і не церпіць ніякага агнастыцызму і ніякай абыякавасці.
Ненавіджу абыякавых яшчэ і таму, што мне надакучыла іх ныццё вечна невінаватых. Я патрабую адказу ад кожнага з іх: як ён выканаў задачу, якую жыццё паставіла і штодня ставіць перад ім, што ён зрабіў і асабліва чаго не зрабіў. І я адчуваю, што маю права быць няўмольным, што не павінен марнаваць свайго спачування, не павінен дзяліць з імі сваіх слёз. Я на баку, я жыву, я адчуваю, як у мужных сумленнях маіх аднадумцаў ужо б’ецца праца будучага горада, які будуе мой бок. І ў ім грамадскі ланцуг не цісне на нешматлікіх, у ім усё, што адбываецца, — не выпадак і не фатальнасць, а разумная справа грамадзян. У ім няма нікога, хто стаіць ля акна і глядзіць, пакуль нешматлікія ахвяруюць сабой і сцякаюць крывёю ў гэтай ахвяры; няма таго, хто стаіць ля акна ў засадзе, каб скарыстацца тым дробным дабром, якое дае праца нешматлікіх, а сваё расчараванне выліць, ганьбячы таго, хто ахвяраваў сабой, хто сцёк крывёю, — за тое, што ў яго не атрымалася.
Я жыву, я на сваім баку. Таму ненавіджу тых, хто не выбірае бок, ненавіджу абыякавых.
Упершыню апублікавана ў адзіным нумары газеты «La Città futura» (Турын, 11 лютага 1917). Пераклад з італьянскай паводле тэксту на marxists.org. Тэкст Грамшы знаходзіцца ў грамадскім набытку.



