Я з перапынкамі хварэю на дэпрэсію з падлеткавага ўзросту. Некаторыя эпізоды цалкам выбівалі мяне з жыцця: я рабіў сабе шкоду, замыкаўся ў сабе (месяцамі не выходзіў са свайго пакоя, хіба што каб адзначыцца на біржы працы ці купіць той мізэр ежы, які я тады з’ядаў), трапляў у псіхіятрычныя аддзяленні. Не скажу, што я вылечыўся, але рад, што ў апошнія гады дэпрэсіўныя эпізоды здараюцца значна радзей і праходзяць значна лягчэй. Часткова гэта вынік зменаў у маім жыцці, але таксама і таго, што я інакш зразумеў сваю дэпрэсію і тое, што яе выклікала. Я расказваю пра ўласны досвед псіхічных пакут не таму, што лічу яго нечым асаблівым ці выключным, а каб падмацаваць думку: многія формы дэпрэсіі найлепш разумець — і найлепш з імі змагацца — у безасабовых і палітычных рамках, а не ў індывідуальных і «псіхалагічных».
Пісаць пра ўласную дэпрэсію цяжка. Дэпрэсія часткова складаецца з насмешлівага «ўнутранага» голасу, які абвінавачвае цябе ў самалюбаванні: ніякая ў цябе не дэпрэсія, ты проста шкадуеш сябе, вазьмі сябе ў рукі, — і гэты голас лёгка прачынаецца, калі пра хваробу гаворыш публічна. Вядома, ніякі гэта не «ўнутраны» голас: гэта засвоенае выяўленне цалкам рэальных грамадскіх сіл, некаторыя з якіх кроўна зацікаўленыя ў тым, каб адмаўляць любую сувязь паміж дэпрэсіяй і палітыкай.
Мая дэпрэсія заўсёды была звязаная з перакананнем, што я літаральна ні на што не варты. Большую частку жыцця, да трыццаці гадоў, я быў упэўнены, што ніколі не буду працаваць. Пасля дваццаці я блукаў паміж аспірантурай, перыядамі беспрацоўя і часовымі працамі. І ўсюды адчуваў, што я тут не на сваім месцы. У аспірантуры — бо я дылетант, які нейкім чынам праслізнуў ашуканствам, а не сапраўдны навуковец. На беспрацоўі — бо я не сапраўдны беспрацоўны, як тыя, хто сумленна шукае працу, а гультай. На часовых працах — бо мне здавалася, што я раблю ўсё няўмела, ды і ўвогуле мне не месца ў гэтых офісах і на гэтых фабрыках: не таму, што я «завысокі» для іх, а якраз наадварот — таму, што я празмерна адукаваны і бескарысны і займаю месца таго, каму гэтая праца патрэбна і хто заслугоўвае яе больш за мяне. Нават у псіхіятрычным аддзяленні мне здавалася, што ў мяне не сапраўдная дэпрэсія: што я толькі сімулюю яе, каб не працаваць, або — паводле д’ябальскі парадаксальнай логікі дэпрэсіі — сімулюю, каб схаваць, што я не здольны працаваць і што ў грамадстве для мяне няма ніякага месца.
Калі я ўрэшце ўладкаваўся выкладчыкам у каледж далейшай адукацыі, нейкі час я быў у захапленні. Але ўжо сама гэтая эйфарыя паказвала, што я не пазбавіўся пачуцця ўласнай нікчэмнасці, якое неўзабаве прывядзе да новых перыядаў дэпрэсіі. Мне не хапала спакойнай упэўненасці таго, хто нарадзіўся для такой ролі. На нейкім не надта глыбокім узроўні я, відаць, усё яшчэ не верыў, што я з тых людзей, хто можа выкладаць. Але адкуль бралася гэтая вера? Пануючая школа ў псіхіятрыі шукае вытокі такіх «перакананняў» у збоях хіміі мозгу, якія трэба выпраўляць лекамі. Псіхааналіз і блізкія да яго віды тэрапіі, як вядома, шукаюць карані псіхічных пакут у сямейнай гісторыі, а кагнітыўна-паводзінную тэрапію не так цікавіць крыніца негатыўных перакананняў, як іх простая замена наборам пазітыўных гісторый. Справа не ў тым, што гэтыя мадэлі цалкам памылковыя, а ў тым, што яны не заўважаюць — і не могуць заўважыць — найверагоднейшую прычыну такога пачуцця непаўнавартаснасці: грамадскую ўладу. Найбольш на мяне паўплывала класавая ўлада, хоць, вядома, гендар, раса і іншыя формы прыгнёту дзейнічаюць так жа, ствараючы тое самае пачуццё анталагічнай непаўнавартаснасці. Яго найлепш выказвае якраз тая думка, якую я сфармуляваў вышэй: што ты не з тых людзей, хто можа выконваць ролі, адведзеныя пануючай групе.
Па парадзе аднаго з чытачоў маёй кнігі «Капіталістычны рэалізм» я ўзяўся за працы Дэвіда Смэйла. Смэйл — псіхатэрапеўт, але такі, для якога пытанне ўлады стаіць у цэнтры практыкі, — пацвердзіў гіпотэзы пра дэпрэсію, да якіх я дабраўся навобмацак. У сваёй ключавой кнізе «Вытокі няшчасця» (The Origins of Unhappiness) Смэйл апісвае, як знакі класа задуманыя быць незмыўнымі. Тым, каго з нараджэння вучаць лічыць сябе горшымі, дыпломы ці багацце рэдка дапамагаюць сцерці — у сваіх уласных вачах ці ў вачах іншых — тое першаснае пачуццё нікчэмнасці, якое кладзе на іх свой знак так рана. Таму, хто выходзіць з той грамадскай сферы, якую ён «павінен» займаць, заўсёды пагражае галавакружэнне, паніка і жах: «…ізаляваны, адрэзаны, акружаны варожай прасторай, ты раптам застаешся без сувязяў, без апоры, без нічога, што трымала б цябе на нагах ці на месцы; цябе ахоплівае галавакружная, млосная нерэальнасць; табе пагражае поўная страта ідэнтычнасці, пачуццё ўласнай поўнай фальшывасці; ты не маеш права быць тут, цяпер, жыць у гэтым целе, быць так апранутым; ты — нішто, і ў «нішто», як ты літаральна адчуваеш, ты вось-вось ператворышся».
Ужо даўно адна з самых паспяховых тактык пануючага класа — рэспансібілізацыя. Кожнага члена падпарадкаванага класа падштурхоўваюць адчуваць, што яго беднасць, адсутнасць магчымасцяў ці беспрацоўе — яго віна і толькі яго. Людзі вінавацяць сябе, а не грамадскія структуры, у існаванне якіх іх і так прывучылі не верыць (маўляў, гэта толькі адгаворкі, за якія хаваюцца слабыя). Тое, што Смэйл называе «магічным валюнтарызмам», — вера ў тое, што кожны можа зрабіць сябе кім пажадае, — пануючая ідэалогія і неафіцыйная рэлігія сучаснага капіталістычнага грамадства. Яе прасоўваюць і «эксперты» рэаліці-шоу, і бізнес-гуру, і палітыкі. Магічны валюнтарызм — адначасова і вынік, і прычына гістарычна нізкага сёння ўзроўню класавай свядомасці. Гэта адваротны бок дэпрэсіі, у аснове якой ляжыць перакананне, што кожны з нас асабіста адказны за ўласнае няшчасце і таму яго заслугоўвае. На доўгатэрміновых беспрацоўных у Брытаніі сёння накладзеная асабліва жорсткая падвойная пастка: людзям, якім усё жыццё даводзілі, што яны ні на што не вартыя, адначасова кажуць, што яны могуць зрабіць усё, што захочуць.
Пакорлівую згоду насельніцтва Брытаніі з палітыкай ашчаднасці трэба разумець як вынік свядома вырошчанай дэпрэсіі. Гэтая дэпрэсія выяўляецца ў згодзе з тым, што ўсё будзе толькі горш (для ўсіх, акрамя невялікай эліты), што нам пашанцавала ўжо таму, што ў нас наогул ёсць праца (і таму нечага чакаць, каб заробкі ішлі ўслед за інфляцыяй), што мы не можам дазволіць сабе калектыўнае забеспячэнне дзяржавы дабрабыту. Калектыўная дэпрэсія — вынік праекта пануючага класа па паўторным падпарадкаванні. Ужо даўно мы ўсё больш згаджаемся з думкай, што мы не з тых людзей, якія могуць дзейнічаць. Гэта не слабасць волі — гэтаксама як асобны чалавек у дэпрэсіі не можа проста «ўзяць сябе ў рукі». Аднавіць класавую свядомасць — задача сапраўды грандыёзная, і гатовыя рашэнні тут не дапамогуць. Але, насуперак таму, што кажа нам наша калектыўная дэпрэсія, гэта магчыма. Вынаходзіць новыя формы палітычнага ўдзелу, ажыўляць інстытуцыі, якія заняпалі, ператвараць прыватнае расчараванне ў палітызаваны гнеў — усё гэта можа здарыцца. А калі здарыцца, хто ведае, што стане магчымым?
Эсэ ўпершыню апублікаванае ў The Occupied Times 18 сакавіка 2014 года пад назвай «Good For Nothing» і пад ліцэнзіяй Creative Commons Attribution-NonCommercial-ShareAlike 3.0. Пераклад з англійскай: Праксіс. Пераклад распаўсюджваецца пад той жа ліцэнзіяй (CC BY-NC-SA 3.0).



