Да зместу
Левы часопіс на беларускай мове
Праксіс

Рух14 хвілін чытання

Клас, суб’ектнасць і грамадзянства ў беларускім пратэсце

2021 год. Хто выходзіў на вуліцы беларускіх гарадоў у 2020-м — і чаго яны хацелі? Сацыялагіня Алена Гапава шукае адказ у класавай структуры дзяржаўнага капіталізму, дзе краіну падзяляе мяжа «у сістэме» / «па-за сістэмай», і ў купалаўскім «людзьмі звацца»: пратэст як спосаб стаць палітычным суб’ектам.

Тэкст: Алена Гапава

Падзяліцца:TelegramBlueskyXFacebook
Калаж: чорна-белае фота — мужчына ў капелюшы стаіць спіной да гледача і трымае на дрэўку бел-чырвона-белы сцяг на амаль пустым праспекце ў Мінску; чырвоная паласа сцяга і яго чырвоная футболка — адзіныя каляровыя плямы. Фота ляжыць на чырвоным прамавугольніку. Справа — чорны круг, вялікі надпіс «Клас», пад ім кароткая чорная плашка «У сістэме» і даўжэйшая чырвоная «Па-за сістэмай», чорны клін і подпіс «Мінск / 16.08.2020».
Мінск, 16 жніўня 2020 года — дзень «Маршу за свабоду» · Калаж: Праксіс. Фота: Jana Shnipelson, CC0 (Wikimedia Commons)

Алена Гапава — беларуская сацыялагіня і даследчыца гендару, заснавальніца Цэнтра гендарных даследаванняў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, цяпер прафесарка сацыялогіі Універсітэта Заходняга Мічыгана (ЗША). Гэтае эсэ выйшла вясной 2021 года ў часопісе Slavic Review, у форуме пра беларускія пратэсты 2020 года, — калі масавыя мірныя маршы ўжо былі задушаныя, а пратэст сышоў у двары і ў эміграцыю. Англійскае agency мы перакладаем як «суб’ектнасць» (здольнасць дзейнічаць самастойна, ад свайго імя), citizenship — як «грамадзянства»: у Гапавай гэта не пашпартны статус, а ўдзел у палітычным жыцці і роўныя адносіны з дзяржавай. Пра рабочых, якіх згадвае аўтарка, варта дадаць наступнае (ад рэдакцыі). У жніўні 2020 года на буйных дзяржаўных прадпрыемствах — Мінскім трактарным заводзе (МТЗ), МАЗе, БелАЗе, «Беларуськаліі», «Гродна Азоце» і іншых — прайшлі сходы і забастоўкі, рабочыя стваралі страйкамы; 17 жніўня калона рабочых МТЗ прайшла па Мінску, а Лукашэнку на Мінскім заводзе колавых цягачоў сустрэлі воклічамі «Сыходзь!». Лідараў страйкамаў — сярод іх Анатоля Бокуна з «Беларуськалія» і Сяргея Дылеўскага з МТЗ — затрымлівалі і адпраўлялі пад арышт, на сяброў страйкама «Беларуськалія» завялі крымінальныя справы; нацыянальная забастоўка, якую Ціханоўская абвясціла з 26 кастрычніка 2020 года, масавай не стала. У верасні 2021 года рабочых і былых сяброў страйкамаў некалькіх дзяржпрадпрыемстваў затрымалі па падазрэнні ў «здрадзе дзяржаве» — справу звязалі з ініцыятывай «Рабочы рух», якую ўлады абвясцілі «экстрэмісцкай». У ліпені 2022 года Вярхоўны суд ліквідаваў Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў і незалежныя прафсаюзы, што ў яго ўваходзілі; яго старшыня Аляксандр Ярашук атрымаў чатыры гады калоніі і толькі ў верасні 2025 года быў вызвалены і вывезены з краіны. Бібліяграфічныя спасылкі і нумары зносак мы прапусцілі; змястоўныя зноскі аўтаркі (і імёны тых, каго яна цытуе) унесены ў тэкст у дужках, а радкі Янкі Купалы пададзеныя па арыгінале.


У Беларусі пэўная рэпутацыя: апошнюю чвэрць стагоддзя яна была ўзорам электаральнага аўтарытарызму, дзе рэгулярныя «выбары без зместу» з загадзя вядомым вынікам хутчэй умацоўвалі рэжым Аляксандра Лукашэнкі, чым пагражалі яму. Пратэсты супраць фальсіфікацый, вядома, здараліся (і іх разганялі сілай), але «старая» апазіцыя не карысталася шырокай папулярнасцю: яе праграма правоў і справаў, тыповых для «позніх нацый», не «чаплялася» за постсацыялістычнае мадэрнізаванае грамадства, ад імя якога яна выступала. Аднак у 2020 годзе сітуацыя была іншай яшчэ да дня выбараў: творчыя, мірныя і неабыякавыя грамадзяне хадзілі па кватэрах і гадзінамі стаялі ў чэргах, каб паставіць подпіс за тое, каб іх кандыдаты трапілі ў бюлетэнь. Гэтымі кандыдатамі былі (былы) банкір Віктар Бабарыка, (былы) кіраўнік IT-кангламерата Валерый Цапкала і пратэстны блогер Сяргей Ціханоўскі. (Ніводзін з іх у бюлетэнь так і не трапіў: двое былі арыштаваныя і цяпер сядзяць у турме КДБ, аднаму давялося выехаць з краіны. [Стан на вясну 2021 года. — Рэд.])

Калі, як славута пісаў Гегель, сава Мінервы вылятае ў прыцемках, і сэнс і «намеры» гістарычных падзей становяцца зразумелымі толькі з часавай дыстанцыі, то асэнсоўваць грамадскі ўздым, пакуль ён яшчэ разгортваецца, — немалая задача; тым больш калі дзяржава забараняе збіраць сацыялагічныя даныя, як гэта ёсць у Беларусі. Аднак беларуская рэвалюцыя ўзбудзіла інтэртэкстуальную размову навукоўцаў, актывістаў і грамадскіх каментатараў на мностве лічбавых платформаў і праз дзяржаўныя межы: Славой Жыжэк даводзіў у The Independent, што беларусы спрабуюць дагнаць заходнюю ліберальную дэмакратыю якраз тады, калі тая ў крызісе, а антраполаг Андрэй Вазянаў адказаў яму адкрытым лістом у Facebook. Гэты бесперапынны акт калектыўнай вытворчасці ведаў, дзе палітычная ўцягнутасць і прафесійная рэфлексіўнасць зліваюцца ў жэсце супраціву ўстойлівым аўтарытарным звычкам у акадэміі і публічнай сферы, нарадзіў шэраг бліскучых здагадак, што ўпершыню прагучалі ў блогах, допісах у Facebook ці былі кінутыя мімаходзь на дыскусійных форумах. Я шмат чым абавязаная гэтаму «калектыўнаму розуму» ў сваёй спробе адказаць на два пытанні: «хто такія пратэстоўцы, з сацыялагічнага пункту гледжання?» і «чаго яны хочуць, палітычна?»

Беларускі пратэст: класавы аналіз

Папулярныя тлумачэнні беспрэцэдэнтнай мабілізацыі ў Беларусі звычайна засяроджваюцца на суб’ектнасці ўдзельнікаў — на іх здольнасці дзейнічаць самастойна. Палітычныя каментатары сцвярджаюць, што нядаўна ў сталы ўзрост увайшло новае, «непабітае» пакаленне, бо дзяржава страціла частку кантролю над грамадствам, і разважаюць пра сілу «канектыўнага дзеяння» (connective action), якое ажыўляюць лічбавыя медыя. Сацыёлагі ўказваюць на досвед валанцёрства падчас першай хвалі пандэміі, які дадаў людзям упэўненасці: гараджане самаарганізоўваліся, каб збіраць грошы на медычныя сродкі, раздаваць маскі і бясплатна карміць медыкаў. Пэўную ролю адыграла і адноснае пагаршэнне эканамічнага становішча з-за пандэміі, хоць беларускае паўстанне — не галодны бунт: рэжым купляў нехаці дадзеную згоду насельніцтва абяцаннем сацыяльнай дзяржавы і адносна нізкай эканамічнай няроўнасці. У сказаным вышэй ёсць больш чым зерне праўды, але ўсё гэта, кажучы марксісцкай мовай, датычыць «надбудовы» — або спускавых механізмаў мабілізацыі, якія спрацоўваюць толькі пры пэўных структурных умовах. Каб у антыаўтарытарных гарадскіх рэвалюцыях, падобных да беларускай, дзе «дзяржаўная ўлада стала тоесная свайму рэпрэсіўнаму апарату» (як піша Сяргей Бярэйшык), гэтыя механізмы спрацавалі, патрэбны пэўны дэмаграфічны склад і пэўныя класавыя падзелы.

Відавочна, што ў маршах за сумленныя выбары, вызваленне палітвязняў і спыненне дзяржаўнага гвалту, якія пачаліся пасля 9 жніўня, удзельнічалі людзі рознага сацыяльнага паходжання і ўзросту і што, хоць найбольш масавымі яны былі ў Мінску, пратэсты ахапілі ўсю краіну. У першы дзень пратэставалі дзевятнаццаць гарадоў; за першы тыдзень, у адказ на паліцэйскі гвалт, мабілізаваліся па меншай меры сто гарадоў з насельніцтвам больш за 5000 чалавек, на ўсходзе краіны крыху радзей. Дваццаць працэнтаў пратэстоўцаў — ва ўзросце ад васямнаццаці да дваццаці дзевяці гадоў, і столькі ж — старэйшыя за пяцьдзясят пяць, што характэрна; пратэстоўцы таксама больш адукаваныя, чым насельніцтва ў цэлым. Большасць з іх рускамоўныя; большасць не належыць да заможных слаёў краіны (і яны менш заможныя за актывістаў украінскага Майдана); жанчыны складаюць пяцьдзясят пяць працэнтаў пратэстоўцаў, удзельнічаюць таксама пенсіянеры і людзі з інваліднасцю. Хоць сацыяльная тканіна пратэстаў неаднародная, іх рухаючай сілай была гарадская «рускамоўная інтэлігенцыя і новыя групы: настаўнікі, выкладчыкі ўніверсітэтаў, людзі творчых прафесій, работнікі культуры і медыя, і вельмі шмат людзей з інфармацыйных тэхналогій (IT)» (паводле сацыялагіні Аксаны Шэлест). Вось адна з прычын, чаму новыя кандыдаты — паспяховыя прафесіяналы і публічныя асобы, адукаваныя, дасціпныя, якія стараліся жыць паводле абвешчаных прынцыпаў, — аказаліся такімі прывабнымі: новыя гарадскія адукаваныя групы маглі атаясамліваць сябе з імі і бачыць у іх тое, кім самі хацелі б стаць. Пытанне, аднак, у тым, як аднесці банкіра і прэкарнага мастака-«хіпі» да адной групы. Відавочная спакуса — асцярожна звярнуцца да тэорыі «новага класа»: ці можна прыстасаваць яе да своеасаблівай рэальнасці беларускага дзяржаўнага капіталізму?

Паняцце «новага класа» з’явілася разам з узвышэннем прафесійных, інтэлектуальных і экспертных эліт у XX стагоддзі і збольшага выцесніла чыста эканамічныя азначэнні. Сёння паняцце класа стала азначаць сацыяльныя падзелы, прывілеі і выключэнне, заснаваныя на неэканамічных адрозненнях, якія ствараюцца праз культурныя светапогляды і ўплецены ў спосабы выключэння і/або панавання, што ствараюцца рознымі формамі капіталу і нават уладай дыскурсу. Такім чынам, клас ператварыўся ў шырокае арганізуючае паняцце для асэнсавання шырокага кола пытанняў, звязаных з няроўнасцю і дыферэнцыяцыяй, якія падтрымліваюцца адрозненнямі ў адукацыі, занятку (спосабах здабываць сродкі да існавання), ладзе жыцця, культуры, доступе да неэканамічных рэсурсаў і г. д. У постсацыялістычным рэгіёне фармаванні «новага класа» ўзнікалі паралельна з пераходам да рынкавай эканомікі і ўключэннем у глабальны капіталізм.

Калі прыкласці гэтыя развагі да беларускага выпадку, падаецца, што «непабітае» пакаленне можа мець прыроду «новага класа» (хоць узрост таксама мае значэнне): яго прадстаўнікі выкарыстоўваюць інтэлектуальны, культурны і адукацыйны капітал, каб зарабляць і ўтрымліваць прывілеі. Большасць пратэстоўцаў — кваліфікаваныя спецыялісты, і сярод іх вылучаюцца дзве групы. Адну складаюць занятыя ў беларускім IT-сектары — гэта выдатная гісторыя поспеху, вытокі якой у халоднай вайне. Савецкі ўрад шмат укладаў у ваенныя даследаванні і распрацоўкі, а пасля сацыялізму высокакваліфікаваныя кадры і сістэма адукацыі зрабілі Беларусь месцам аўтсорсінгу для заходніх высокатэхналагічных кампаній. IT выраслі ў магутны сектар эканомікі пасля штуршка 2005 года, калі галіна атрымала падатковыя льготы і асаблівыя прэферэнцыі. Сёння беларускі IT дае 5,6% ВУП Беларусі і стварае амаль пятнаццаць працэнтаў усіх новых працоўных месцаў; тут працуе, напрыклад, EPAM Systems — адзін з найбуйнейшых распрацоўшчыкаў праграмнага забеспячэння ва Усходняй Еўропе, акцыі якога гандлююцца на Нью-Ёркскай фондавай біржы. «Айцішнікаў», прыкметную групу дзякуючы іх валоданню экспертным і эканамічным капіталам, аб’ядноўвае асаблівае дачыненне да тэхналагічнага базісу сучаснай глабальнай эканомікі. Другая важная фракцыя пратэстоўцаў — адукаваны прэкарыят; многія з яго прадстаўнікоў — фрылансеры, якія зарабляюць на глабальным медыйным рынку або на разавых праектах, што трапляюць да іх праз міжнародныя экалагічныя, праваабарончыя ці феміністычныя інфармацыйныя сеткі. Іх занятасць залежыць ад уключанасці ў праектныя сеткі, ад незалежнай вытворчасці кантэнту, заснаванай на ўласнай знаходлівасці, і ад таго, ці ўдаецца зрабіць сябе «цікавым».

На першы погляд, палітычныя падзелы ў Беларусі ідуць па лініі «спосабу» атрымання даходу (у вэбераўскім сэнсе): з аднаго боку — постіндустрыяльная эканоміка паслуг і творчасці, з другога — тыя, хто залежыць ад дзяржавы ў сваім пражытку або заняты ў вытворчасці. Аднак гэтую акуратную карціну размываюць прамысловыя рабочыя, якія ў першы тыдзень складалі каля дваццаці аднаго працэнта пратэстоўцаў. У вытворчасці ў Беларусі занята больш за мільён чалавек: савецкія прамысловыя гіганты тут «захавалі» і пераарыентавалі на расійскі рынак. За выключэннем «канцэрна „Белнафтахім“ (нафтаперапрацоўка) і „Беларуськалія“ (аднаго з найбуйнейшых у свеце вытворцаў калійных угнаенняў), беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы збольшага неканкурэнтаздольныя якраз таму, што ўрад „абцяжарыў“ іх сацыяльнымі функцыямі» — забеспячэннем працоўных месцаў і льгот, — і яны жывуць на датацыях (як піша Ксенія Заіка). Удзел рабочых у пратэстах справакаваў жахлівы паліцэйскі гвалт (дзясяткі іх таварышаў з цэхаў былі затрыманыя і пакалечаныя), і з часам ён пайшоў на спад, бо рабочыя больш, чым занятыя ў інфармацыйнай эканоміцы, рызыкуюць страціць працу і трапіць пад рэпрэсіі. Але іх «крыўды» нікуды не зніклі, пра што сведчаць няспынныя спробы пачаць забастоўку.

Такім чынам, можна выказаць здагадку, што палітычная лінія падзелу раздзяляе два «мегакласы», народжаныя своеасаблівым постсавецкім дзяржаўным капіталізмам. З аднаго боку — тыя, хто «ўключаны ў сістэму», з другога — тыя, хто «па-за сістэмай» (як фармулюе Уладзімір Пастухоў). Уключанасць і выключанасць вызначаюцца не толькі заняткам (хоць і ім таксама): кіроўца высокапастаўленага дзяржаўнага чыноўніка будзе «ўключаны», а прадпрымальнік без сувязяў ва ўладзе — выключаны (і ўвесь час жыве пад пагрозай арышту па адвольных абвінавачаннях). Тыя, хто ўнутры «сістэмы», калектыўна кантралююць дзяржаву, маюць доступ да таго, каб распараджацца публічнымі грашыма, і з’яўляюцца бенефіцыярамі дзяржаўнага капіталізму. «Сістэма» таксама кантралюе, як прымяняецца (або не прымяняецца) закон, вызначае і навязвае «дзяржаўную ідэалогію» — расплывістую дактрыну патрыятызму і лаяльнасці да ўрада (а дакладней, да прэзідэнта), якую выкладаюць у школах і ўніверсітэтах і прасоўваюць дзяржаўныя медыя і мастацтва. Такім чынам, «сістэма» кантралюе столькі сацыяльнай прасторы, колькі здольная ахапіць. Гэтым тлумачыцца, чаму ўрачы (занятыя ў дзяржаўным сектары, але не ўключаныя ў кантроль над актывамі) апынуліся сярод пратэстоўцаў (да таго ж яны ведаюць маштаб гвалту, бо лечаць параненых) нароўні з дробнымі прадпрымальнікамі і творчымі людзьмі без пастаяннай працы, тады як дзяржаўныя бюракраты, адміністрацыя ўніверсітэтаў, чыноўнікі мясцовай улады і людзі з дзяржаўнага «шоў-бізнесу», якія жывуць з прапагандысцкіх праграм дзяржаўнага тэлебачання, — на супрацьлеглым баку. Паводле прафесійных кампетэнцый усе людзі мастацтва павінны былі б належаць да аднаго класа; у рэальнасці яны належаць да розных рэсурсных груп. Канчатковы «ўласнік» гэтай карпарацыі-нацыі-дзяржавы — прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, які абапіраецца на войска і сілавыя структуры.

Калаж: плакаты пратэстоўцаў, наклееныя на гранітны цокаль, у чырвоным дуатоне — «Света наш президент», «Синие пальцы уже не синие», «Лукошизму нет!», «Эту кровь не отмыть», «80% кричат», выразаны з кардону шлёпанец з надпісам «Стоп 80%» і бел-чырвона-белы плакат з радкамі Уладзіміра Караткевіча «Дзе мой край? Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі». Справа — чорны круг і чырвоны прамавугольнік, унізе вялікі надпіс «Людзьмі звацца» і подпіс «Янка Купала / Мінск, жнівень 2020».
Плакаты на пратэсце ў Мінску, 16 жніўня 2020 года · Калаж: Праксіс. Фота: Jana Shnipelson, CC0 (Wikimedia Commons)

«Клас для сябе»: суб’ектнасць і грамадзянства

У жніўні мая сяброўка зняла на відэа мірны дзённы марш у Мінску. Яго ўзначальвалі католікі (якія спявалі псальмы), а рушыў ён з плошчы каля праваслаўнай царквы; за імі ішла група ЛГБТ-актывістаў, потым анархісты і мноства пазапартыйных грамадзян і актывістаў любых «формаў» і арыентацый. Калі пратэст — гэта форма палітычнай камунікацыі, то якое паведамленне можа быць агульным для такой разнастайнай групы? Інакш кажучы, што прымусіла тыя семдзесят працэнтаў пратэстоўцаў, якія ніколі раней у пратэстах не ўдзельнічалі, далучыцца да іх?

Больш за стагоддзе таму Янка Купала напісаў верш, дзе ёсць такія радкі: «А хто там ідзе, а хто там ідзе / У агромністай такой грамадзе? / — Беларусы. <…> А чаго ж, чаго захацелася ім, / Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім? / — Людзьмі звацца». Сёння верш — класіка і ёсць у школьных хрэстаматыях, а выраз «людзьмі звацца» стаў ідыёмай. Менавіта да гэтага выразу звярталіся многія рабочыя, што пратэставалі (а дакладней, ён узнікаў «сам сабой»), калі размаўлялі з гарадскімі ўладамі і адміністрацыяй дзяржаўных прадпрыемстваў у самы разгар пратэстаў. Так было на хімічным заводзе «Гродна Азот»; на шахтах у Салігорску; у публічнай размове са старшынёй (дэкаратыўнай) парламенцкай камісіі па правах чалавека — і не толькі. У Гродне адзін рабочы, звяртаючыся да мэра горада, падкрэсліў: «Зараз мы не вылучаем ніякіх патрабаванняў [павысіць] зарплату ці забяспечыць нас нармальнай спецвопраткай…»

Уражвае, як часта пратэстоўцы звярталіся да лексікі годнасці і вартасці (а часам і выбару); у адзін з кульмінацыйных момантаў філосафы публічна чыталі працу Джона Лока пра свабоду на плошчы ў цэнтры Мінска, і ў паветры гучала: «Паколькі людзі… ад прыроды ўсе свабодныя, роўныя і незалежныя, ніхто не можа быць… падпарадкаваны палітычнай уладзе іншага…» Аднак «годнасць» сёння амаль модная фраза. Украінскі Майдан назвалі «рэвалюцыяй годнасці»; групы ідэнтычнасці па ўсім свеце змагаюцца за самыя розныя справы дзеля прызнання сваёй годнасці, і гэтак далей. І ўсё ж годнасць (гонар, вартасць) — паняцце хітрае: якую «субстанцыю» яно азначае ў беларускім выпадку? Прааналізаваўшы мноства якасных крыніц, я мяркую, што яно азначае групавую суб’ектнасць, з якой вынікае самасвядомасць і праз якую заслугоўваецца прызнанне. На працягу некалькіх месяцаў пратэстоўцы рабілі больш, чым проста хадзілі на мітынгі (што на пачатак сакавіка стала небяспечным), — яны асвойвалі іншыя «рэжымы ўцягнутасці» (кажучы словамі Мішы Габовіча). Яны вядуць кампаніі ў падтрымку палітвязняў і збіраюць грошы для пераследаваных; ператвараюць свае двары ў «агоры», дзе выступаюць паэты, музыкі і інтэлектуалы; малююць на публічных паверхнях падрыўныя графіці (якія паліцыя гвалтоўна знішчае); вывешваюць БЧБ-сцягі, а калі паліцыя іх здымае, робяць выказванне жаночай бялізнай «палітычных колераў» (белыя, чырвоныя і белыя майткі запар) на вяроўках для бялізны на сваіх балконах — і гэтак далей. Асабліва актыўныя «айцішнікі», якія валодаюць экспертным капіталам, укаранёным у спецыфічных кампетэнцыях, — у эпоху глабальнай працоўнай сілы ён стаў асновай эканамічнага капіталу. Тыя з іх, хто з’ехаў з Беларусі ў Сіліконавую даліну, заснавалі Беларускі фонд салідарнасці (BYSOL), у які можа ахвяраваць кожны і які дае фінансавую дапамогу «ўсім, хто быў рэпрэсаваны, падвергнуўся пераследу ці страціў працу за ўдзел у страйках і мірных пратэстах у Беларусі».

Такая дзейнасць, з яе «будзённым», штодзённым характарам, падтрымлівае фармаванне ідэнтычнасці. Пратэстоўцы падкрэсліваюць, што робяць тое, што робяць, выключна з уласнай волі. Як патлумачыў адзін пратэстовец у Facebook (допіс быў даступны толькі сябрам, таму аўтар ананімізаваны), «старая апазіцыя [якая фармулявала лозунгі і ідэалогіі і займалася палітычнай арганізацыяй] спрабавала вярнуць нам нашы правы, а новая вярнула нас саміх сабе». А новая казала: «Вы ведаеце, што трэба рабіць. Ідзіце і рабіце». Іншымі словамі, пратэстоўцы дзейнічаюць як свабодныя і аўтаномныя суб’екты, якія імкнуцца, каб іх пачулі — а дакладней, убачылі; робячы гэта, яны дасягаюць самасвядомасці і становяцца «сабой», г. зн. тымі, кім яны сябе лічаць. Гэтае азначэнне мае палітычны сэнс, бо звязанае з палітычнай суб’ектнасцю, або грамадзянствам, — статусам асобы ў яе палітычных і прававых адносінах з дзяржавай. (Ліберальнае) грамадзянства прадугледжвае аўтаномію, прызнанне асобы роўным партнёрам і яе здольнасць супрацьстаяць дзяржаве (і судзіцца з ёй). Паводле сацыялагіні Аксаны Шэлест, шматлікія інфарманты называлі галоўнай прэтэнзіяй да рэжыму Лукашэнкі немагчымасць (асабістага і прафесійнага) развіцця — таго, што яны лічылі рэалізацыяй свайго жыццёвага праекта. Пошук новымі палітычнымі суб’ектамі новага грамадскага дагавору з дзяржавай, які грунтаваўся б на прызнанні іх голасу і правоў, добра ілюструе гісторыя Вадзіма Пракопьева — вядомага рэстаратара і публічнай асобы, які з’ехаў з Беларусі, але з таго часу запісвае і выкладвае на YouTube папулярныя відэа, дзе высоўвае прэзідэнту палітычныя патрабаванні. Дома ён мог бы жыць у дастатку, але каб удзельнічаць у палітычным грамадзянстве, яму давялося з’ехаць.

Ці звязаны пошук удзелу ў прыняцці палітычных рашэнняў, які стаіць у цэнтры беларускай рэвалюцыі, з перабудовай класавай структуры? Арыстоцель, які прыпісваў грамадзянства свабодным мужчынам (тым, хто меў доступ да суб’ектнасці), прывучыў нас думаць, што грамадзянінам становяцца як сябра класа ці групы. Аднак сёння сацыёлагі наўрад ці ўяўляюць сабе класы як супольнасці «прэт-а-партэ» з «аб’ектыўнымі» рысамі — хутчэй як тое, што людзі робяць: клас можна разглядаць як калектыўнае дасягненне, бо ён складваецца, «ствараючы» сябе для сябе, калі «сэнс вынікае з барацьбы за сэнс» (словы Яны Цоневай). «У пэўнай ступені… клас — гэта не рэч, а падзея», — пісаў Эдвард П. Томпсан у кнізе «Станаўленне англійскага рабочага класа». У гэтым кантэксце паказальна, што беларускія пратэстоўцы часта выходзяць на вуліцы і робяць заявы ў кіберпрасторы як сябры працоўных або прафесійных калектываў: як групы ўрачоў, настаўнікаў, выкладчыкаў універсітэтаў, музыкаў і пісьменнікаў. Так адбываецца таму, што дагэтуль (і гэта адна са спадчын сацыялізму) іх «паважалі» і прызнавалі менавіта як работнікаў, што ўносяць свой уклад у агульнае дабро. Цяпер, у момант пераходу да іншага грамадскага дагавору, сябры беларускага грамадства шукаюць шляхоў увайсці ў грамадзянства — універсальную, хоць і не беспраблемную катэгорыю — як аўтаномныя палітычныя суб’екты.


Elena Gapova, «Class, Agency, and Citizenship in Belarusian Protest», Slavic Review 80, no. 1 (2021), с. 45–51, DOI 10.1017/slr.2021.21. Пераклад з англійскай паводле тэксту на Cambridge Core; бібліяграфічныя спасылкі і нумары зносак прапушчаныя, змястоўныя зноскі ўнесеныя ў тэкст у дужках, радкі Янкі Купалы пададзеныя па арыгінале. Арыгінал распаўсюджваецца паводле ліцэнзіі Creative Commons Attribution 4.0 (CC BY 4.0), пераклад — на тых жа ўмовах.

Падзяліцца:TelegramBlueskyXFacebook

Яшчэ ў рубрыцы «Рух»

Рух

Праграма Беларускай Сацыялістычнай Грамады

1903 год. Першая беларуская палітычная партыя патрабуе дэмакратычнай рэспублікі, роўных правоў для ўсіх народаў і для жанчын, свабоды слова і забастовак, дармовых суда і школы, восьмігадзіннага рабочага дня — і зямлі таму, хто працуе на ёй сваімі рукамі.

Беларуская Сацыялістычная Грамада ·

Рух

Выйсці з Замка вампіраў

2013 год. Марк Фішэр піша пра тое, чаму левыя ў сацыяльных сетках занятыя цкаваннем і распаўсюджваннем віны, а не барацьбой, — і заклікае вярнуць у цэнтр левай палітыкі клас, таварыскасць і салідарнасць замест маралізатарства і ідэнтытарызму.

Марк Фішэр ·

Рух

Ад прыгону да сацыялізму

1907 год. Заснавальнік Лейбарысцкай партыі Кір Хардзі тлумачыць простымі словамі, што такое сацыялізм і чаму ён пачынаецца з горада: вада, газ, трамваі і зямля павінны належаць грамадзе, а не прыватнаму ўласніку.

Кір Хардзі ·