Ота Нойрат (1882–1945) — аўстрыйскі філосаф і эканаміст, сацыяліст, адзін з заснавальнікаў Венскага гуртка. У 1919 годзе ён кіраваў Цэнтральным гаспадарчым ведамствам Баварскай савецкай рэспублікі; пасля яе разгрому суд у Мюнхене асудзіў яго на турму, і вызвалілі яго толькі дзякуючы заступніцтву аўстрыйскага ўрада. З 1921 года ў Вене Нойрат быў генеральным сакратаром Аўстрыйскага саюза пасёлкаў і агародаў (Österreichischer Verband für Siedlungs- und Kleingartenwesen) — аб’яднання пасяленцаў, якія пасля Першай сусветнай вайны, ратуючыся ад голаду і жыллёвай нястачы, пачалі самі будаваць дамы і разбіваць агароды на ўскраінах горада. Заснаваны ім Музей пасёлкаў і горадабудаўніцтва ў 1925 годзе ператварыўся ў Музей грамадства і гаспадаркі (Gesellschafts- und Wirtschaftsmuseum); там Нойрат са сваімі супрацоўнікамі распрацаваў «венскі метад выяўленчай статыстыкі», пазней названы Isotype. Гэты артыкул выйшаў у чэрвені 1924 года ў «Der Kampf», тэарэтычным штомесячніку Сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі Аўстрыі. З 1919 года Венай кіравалі сацыял-дэмакраты; у 1923 годзе горад увёў прагрэсіўны жыллёвы падатак, а ў верасні гарадская рада прыняла праграму: 25 000 кватэр за пяць гадоў. Пасяленцы хацелі, каб горад будаваў малапавярховыя пасёлкі з садамі; горад, якому не хапала зямлі і грошай, абраў пераважна вялікія шматкватэрныя дамы з унутранымі дварамі — «Höfe». Пра самы вядомы з іх мы ўжо друкавалі брашуру «Карл-Маркс-Хоф: дом на 1382 кватэры». Заўвагі рэдакцыі да тэксту: «англійскі рабочы ўрад» — першы лейбарысцкі ўрад Рамсея Макдональда (студзень — лістапад 1924), які не меў большасці ў парламенце; Пояс лясоў і лугоў — зялёная зона вакол Вены, якую гарадская рада ўзяла пад ахову ў 1905 годзе; Дом пакаяння (Sühnhaus) — неаготычны дом на Рынгу, пабудаваны на месцы Рынгтэатра, які згарэў у 1881 годзе разам з сотнямі гледачоў; Штайнгоф — псіхіятрычная лякарня на ўзгорку на захадзе горада з царквой Ота Вагнера; Дом апекі — гарадская багадзельня ў Лайнцы; Лаэрберг — узгорак на поўдні Фаварытэна. Оскар Штрнад, Ёзэф Франк, Адольф Лоос і Петэр Бэрэнс — архітэктары; Лоос у 1921–1924 гадах быў галоўным архітэктарам гарадскога пасяленчага ўпраўлення. Нямецкае «Siedlung» мы перакладаем як «пасёлак», «Kleingarten» — як «агарод». Разрадку, якой Нойрат выдзяляў асобныя словы, мы не захавалі. У лютым 1934 года, калі ўрад Энгельберта Дольфуса разграміў сацыял-дэмакратаў, Нойрат быў у Маскве і ў Аўстрыю не вярнуўся; ён працаваў у Гаазе, у 1940 годзе ўцёк у Англію і памёр у Оксфардзе ў снежні 1945 года.
Мінула, мабыць, шмат сотняў гадоў з таго часу, як у Вене апошні раз шырокія колы насельніцтва самі займаліся тым, як будуецца іхні горад. Цяпер у Вене зноў збіраюцца шматлюдныя рабочыя сходы, і людзі напружана слухаюць, калі гаворка ідзе пра бліжэйшую будучыню іхняга горада. Узрастанне сілы пралетарыяту выявіцца асабліва выразна якраз тут. Няхай нас гэтаму навучыць прыклад Вены.
Пераварот 1918 года зрабіў пралетарыят будаўнічай сілай будучыні — і не ў адным сэнсе. З аднаго боку, групы рабочых і служачых пачалі будаваць самі — як пасяленцы і агароднікі. З другога боку, будаўніцтва дробных кватэр узяў на сябе горад Вена, бо пры ахове наймальнікаў пра жыллё на прыватны капітал не магло быць і гаворкі. Таму рабочы — і як той, хто будуе, і як заказчык (калі ён выбраў большасць гарадской рады) — радуецца будынкам як сваім стварэнням. Пятая выстава агародаў, пасёлкаў і жылога будаўніцтва восенню 1923 года паказала, як моцна цікавіць венцаў усё, што звязана з жыллём, з агародніцтвам і з тым, што іх аб’ядноўвае, — з будаўніцтвам пасёлкаў. Пасёлкі, народныя жылыя дамы — усё гэта дало пралетарскім масам пачуццё гонару: яны ведалі, што ўсё гэта стварылі менавіта яны. Рабочы і служачы, які бачыць за працай сваіх выбраных прадстаўнікоў, радуецца; але гэтак жа радуецца і рабочы ці служачы, які ўласнымі рукамі дапамагаў узводзіць пасёлкі. Там, дзе такая сумесная праца стварыла нешта значнае, воля да будаўніцтва найжывейшая. І не выпадкова пасяленцы і агароднікі праз сваю цэнтральную арганізацыю — Аўстрыйскі саюз пасёлкаў і агародаў — стварылі сабе будаўнічае бюро, у якім працуюць вядомыя архітэктары. Архітэктары бюро звязаныя з усёй гэтай арганізацыяй, што імкліва рухаецца наперад і сёння аб’ядноўвае па ўсёй Аўстрыі каля 250 таварыстваў і кааператываў, у якіх каля 30 000 сяброў. Горад Вена са сваімі штатнымі архітэктарамі прыцягвае да працы і прыватных архітэктараў, і будаўнічае бюро цэнтральнай арганізацыі.
Зразумела, што з такім уладкаваннем справы думаць пра будаўнічыя задачы сёння сталі значна больш людзей, чым раней, і што масы цяпер з шырэйшага пункту гледжання задаюцца пытаннем: як разумна спалучыць паміж сабой пасёлкі, агароды і шматпавярховыя дамы. Духу пралетарскай салідарнасці супярэчыла б, калі б пасяленцы і агароднікі хацелі любой цаной навязаць сваю волю: уплываць на аблічча горада яны могуць трывала толькі як частка ўсяго пралетарыяту. Толькі калі пасёлкаў і агародаў захочуць усе працоўныя, яны назаўжды ўвойдуць у цэлае горада. Вось чаму якраз пасяленцы і агароднікі, якія абараняюць справу, што выклікае сумнеў у многіх таварышаў па партыі, мусяць дбаць пра тое, каб уключыць яе ў адзіны план, які ахоплівае ўсю гарадскую забудову. Таму цалкам паслядоўна агароднікі і пасяленцы звярнуліся да ўсіх рабочых, каб дамагчыся агульнага прызнання планаў, якія прапанавалі іхнія архітэктары.
Спачатку, калі горад будаваў няшмат, пасяленцы і агароднікі з пэўнай падставай маглі патрабаваць, каб усе жылыя дамы ўзводзіліся малапавярховымі і групаваліся ў агародных калоніях і садовых прадмесцях. Удалося дамагчыся, што ў 1923 годзе горад Вена аддаў пасяленчым кааператывам 30% усіх сродкаў, выдаткаваных на жыллё. Але цяпер у горада такая велізарная праграма жылога будаўніцтва — за пяць гадоў мае быць пабудавана больш за 25 000 кватэр, — што пры цяперашніх гістарычных умовах будаўніцтвам пасёлкаў патрэбу ў жыллі не пакрыць. Не хапае зямлі; ды і, мабыць, цяжка было б адразу стварыць дастаткова добра наладжаных пасяленчых арганізацый, здольных узяцца за гэтую задачу. Пакуль зямельная рэформа дасць новую зямлю, пройдзе час. Таму нават тыя, хто дзеля здароўя і як змагар супраць старога вялікага горада аддае перавагу пасёлкам, мусяць яшчэ нейкі час практычна лічыцца і з шматпавярховым будаўніцтвам; прадстаўнікам руху пасяленцаў і агароднікаў даводзіцца непасрэдна займацца праблемай высокай забудовы. Таму сёння ў Вене пытанне не ў тым, ці будаваць наогул шматпавярховыя дамы, а ў тым, дзе і ў якой форме. Вялікія і прыгожыя планы, на якія магутны пралетарыят, што ўзнімаецца, з камунальным рабочым урадам натхняе поўных веры ў будучыню архітэктараў, тармозіць найперш варожы ім буржуазна-капіталістычны лад, які закрывае зямлю ад тых, хто хоча будаваць. Пралетарыят усюды натыкаецца на межы старога ладу. І тут ён ледзь можа паварушыцца: у Вены ж у параўнанні з іншымі вялікімі гарадамі Еўропы асабліва мала ўласнай зямлі! Як англійскі рабочы ўрад мусіць брацца за свае вялікія задачы звязаным па руках і нагах унутры капіталістычнага ладу, так і рабочы ўрад Вены: ён хоць і мае рашучую большасць і шэраг поспехаў у кіраванні, але мусіць дзейнічаць унутры дзяржавы, якая шмат у чым адразае яму крыніцы грошай.
Якраз усеахопны план забудовы гарадоў і стане адным са штуршкоў да таго, каб найперш пакончыць са старым зямельным парадкам. Тут надзеі на поспех не такія ўжо кепскія, бо зямельную рэформу часта прызнавалі нават з буржуазнага боку, і ў некаторых буржуазных колах у яе ёсць прыхільнікі. Банкаўскія і прамысловыя групы зусім не абавязкова гатовыя дзеля салідарнасці шмат ахвяраваць на карысць спекулянтаў зямлёй і домаўласнікаў. Яны цалкам могуць уявіць сабе капіталістычную гаспадарку, якая выдатна квітнее і ў якой важныя патрабаванні зямельных рэфарматараў па сутнасці ажыццёўленыя. Калі бачыш горад як асэнсаванае цэлае, асабліва прыгнятае, што распараджацца зямлёй не можа тая сіла, якая можа і хоча будаваць. Дык якім жа вялікім будаўнічым ідэям магла б адкрыць дарогу пераможная ўлада рабочых?

Перамога сацыял-дэмакратычнай партыі ў Вене — першая ўмова, каб наогул можна было ўзяцца за перабудову аблічча горада. Цяпер у першую чаргу будуць забудоўвацца рабочыя раёны — Фларыдсдорф, Фаварытэн, Отакрынг, Гернальс. Дзесяцігоддзямі гэтыя раёны былі для горада пасынкамі, хоць у адным дачыненні венскі пралетарыят мусіў бы захаваць удзячную памяць пра сваю буржуазію. У адрозненне ад некаторых іншых вялікіх гарадоў, у Вене няма трушчоб, няма рабочых кварталаў з цеснымі, задушлівымі вуліцамі, дзе пануюць смурод і цвіль. Беднацкія кватэры раскіданыя па горадзе. Уласна рабочыя раёны, напрыклад Фаварытэн, былі закладзеныя па планах архітэктараў з размахам, з асабліва шырокімі вуліцамі — хоць і надзвычай панурыя, без садоў, дзе можна было б адпачыць, без установаў культуры і падобных будынкаў; ды і кватэры там пакідаюць жадаць лепшага. Само сабой зразумела, што рабочы ўрад у Вене падумае пра тое, каб, скажам, у Фаварытэне ці Фларыдсдорфе пабудаваць для шматлікіх жыхароў асабліва вялікія тэатры, што туды прыйдуць і новыя школы, лабараторыі і іншае падобнае — а такія ўстановы, як вядома, маюць вялікі культурны ўплыў. Пралетарыят не будзе і далей збіраць грамадскія будынкі вакол старога цэнтра. Новыя знакі Вены паўстануць далёка на ўскраінах — знакі такога значэння і такой сілы, што і прыезджага павабяць выбрацца ў рабочыя раёны. Магчыма, найноўшыя творы можна будзе ўбачыць менавіта там, дзе новы клас, які прыходзіць да ўлады, дае развярнуцца новым людзям.
Новая Вена, якая так паўстае, будзе ўсё больш адлюстроўваць дух, што напаўняе арганізаваны пралетарыят, — гэтак жа, як Вена апошніх дзесяцігоддзяў адлюстроўвае дух, што напаўняе нашу буржуазію, якая сыходзіць у нябыт. Сярэднявечныя гараджане мелі адзіную волю да будаўніцтва. Вялікія саборы паўсталі з сумеснай працы тысяч людзей: над імі працавалі цесна звязаныя групы майстроў і чаляднікаў. Потым кіраўніцтва перанялі дваранства і дынастыя, а заможныя гараджане былі для іх толькі фонам. З гэтага часу паходзяць Карлскірхэ, Гофбург, Шэнбрун. Потым да ўлады прыйшла капіталістычная буржуазія. У самых ранніх частках Рынгштрасэ яшчэ адчуваюцца рэшткі старой традыцыі: пэўнае пачуццё адзінства і сувязі там яшчэ ёсць. Але пазнейшыя часткі ўжо разарваныя і беспланавыя. Згадайма хоць бы псеўдаготычны Дом пакаяння, які, як непрошаны госць, разваліўся паміж шэрагамі дамоў, што цягнуцца да Рэнесансу. Поўны распад паўстае перад намі, напрыклад, на Марыягільфер-штрасэ: не кажучы ўжо пра тое, што большасць тамтэйшых дамоў — пустая бутафорская архітэктура, абклееная бессэнсоўнымі арнаментамі, кожны дом там б’е суседні. Нават калі б кожны з гэтых дамоў быў па-свойму дасканалым творам мастацтва, такая мяшаніна ўсё адно знішчыла б усякае адзінства. Калі адзін архітэктар упрыгожыў свой дом завостранымі вежачкамі і закручанымі эркерамі, дык архітэктар, якому выпала будаваць суседні дом, хутчэй за ўсё возьме сплюшчаныя аркі, класіцыстычныя формы і амаль непрыкметны дах. Што дамы разам могуць утвараць вуліцу як завершанае цэлае — гэта для эпохі свабоднай канкурэнцыі стала зусім чужым. Усё — рэклама, усё — каб вылучыцца! У Вене гэта відаць асабліва выразна, бо тут амаль зусім няма традыцыйнай буржуазіі з пэўным пачуццём сацыяльнай адказнасці, якую мы ведаем, напрыклад, у Англіі. Вуліца сучаснай буржуазнай Англіі куды больш цэласная, чым вуліца сучаснай Вены. Там не бачаць сваёй мэты ў тым, каб выглядаць інакш за суседа. Зусім гратэскава гэта выяўляецца і ў катэджным квартале Вэрынга: сам па сабе ён спланаваны цалкам ясна, але складаецца з выпадковай кучы віл самых розных архітэктурных формаў. Калі адзін збудаваў просты цагляны дом франтонам да вуліцы, дык сусед напэўна паспрабуе імітаваць рэнесансавы замак з франтонам збоку. Нядзіўна, што ніякага адзінства няма. Бо што магло б звязваць універсітэцкага прафесара, дырэктара банка, танцорку, мастака, прадпрымальніка, высокага чыноўніка, адваката? Таму там няма і ніводнага цэнтральнага будынка, ніводнай прасторы, якая трывала аб’ядноўвала б людзей.
Наколькі ж інакш выглядае сучасны венскі пасёлак! Удалы ён архітэктурна ці не вельмі, у кожным разе ён — завершанае цэлае, у якога ёсць свой цэнтр: дом кааператыва, агульныя збудаванні. Асобны дом тут — як цаглінка, частка большага цэлага! Сутнасць бачаць не ў тым, каб кожны домік вылучаўся, не ў розных упрыгожаннях і іншай знешняй мішуры. Значнага архітэктурнага эфекту дасягаюць формай вуліц, плошчамі і іншым падобным. І сучаснае народнае жыллёвае будаўніцтва таксама буйнамаштабнае: цэлыя кварталы праектуюцца як адно цэлае. У архітэктуры, якую так стварае сабе пралетарыят, выяўляюцца, мабыць, перш за ўсё дзве рэчы. Знутры ідзе тая дробнабуржуазнасць, што яшчэ ўласцівая асобнаму пралетарыю, — імкненне зрабіць сваю кватэру падобнай да кватэры дробнага буржуа. Пралетар, які яшчэ не ўсвядоміў сябе, гэтак жа, як дробны буржуа, захоча пераймаць палацы і таму, калі ўжо даводзіцца эканоміць, хутчэй пажадае пакояў вузкіх і высокіх, чым шырокіх і нізкіх. Ён часта марыць пра ложак з навершам-ракавінай, якое бяссэнсава малпуе феадальнае мінулае, і радуецца тоўстай залатой раме кепскай алеаграфіі. Вельмі паволі пралетар скіне з сябе гэтую старую шкарлупіну. Затое ў сваёй арганізацыі пралетар прывык думаць і адчуваць буйнамаштабна. Прадстаўнік рабочых мусіць умець весці перамовы з прадстаўніком прадпрымальнікаў у тых самых маштабах. Абодва будуць гаварыць пра цэны на вугаль у Англіі, пра сусветную цану медзі, пра трэсты і карцелі. Калі б арганізаваныя рабочыя не ўмелі думаць у маштабах буйных прамыслоўцаў, яны не дасягнулі б ніякіх поспехаў. Усе нашы рабочыя арганізацыі — найбуйнейшага маштабу: партыя, прафсаюз, саюз спажывецкіх кааператываў, а цяпер і саюз пасяленцаў і агароднікаў, наймалодшая цэнтральная арганізацыя. Гэтая буйнамаштабнасць адбіваецца і на абліччы вуліц: у любові да доўгіх вуліц, замкнёных, цэласных плошчаў, магутных будынкаў. І таму не выпадкова архітэктары, якія ў сучасным сэнсе імкнуцца да мэтазгоднасці, да яснага будаўніцтва, бачаць тут жаданае поле працы — да якіх бы ідэйных і мастацкіх кірункаў яны ні належалі. Звонку новая архітэктура адпавядае духу супольнасці, а ўнутры яна больш, чым ранейшае будаўніцтва прагных да прыбытку падрадчыкаў, будзе зважаць на шчасце асобнага чалавека і ствараць кватэры з тугі па будучыні. З высілкаў розных архітэктараў, якія спаборнічаюць паміж сабой, паўстане новы свет формаў — свет формаў, адпаведны новаму грамадскаму і гаспадарчаму ладу, асновы якога закладае пралетарыят. Будынкі разлічаныя на дзесяцігоддзі, на стагоддзі, і таму значныя архітэктары адчуваюць патрэбу прадбачыць будучае, а не чапляцца толькі за патрабаванні дня. Такая архітэктура, створаная значнымі майстрамі, можа тады ў пэўным сэнсе выхоўваць і дапамагаць нараджэнню ў пралетарыяце новага мыслення і новага пачування!
Што можна прадбачыць? Які выгляд будзе мець горад будучыні? Перш за ўсё над ім працуюць сучасная, буйна арганізаваная прамысловасць і гандаль, што ахоплівае ўвесь свет. Порты, вакзалы, элеватары, склады, фабрыкі, смела выгнутыя эстакады гарадской чыгункі, жалезныя канструкцыі — вось прыкметы горада будучыні; горда ўзносяцца хмарачосы — у пэўных месцах, дзе іх патрабуюць пэўныя мэты, і, можа быць, цалкам гарманічна ўпісаныя ў агульную карціну. А як будзе размеркавана жыллё? Усё менш верагодна, што людзей будуць ціснуць яшчэ цясней. Шмат што сведчыць за тое, што цэнтральныя часткі гарадоў стануць чыста дзелавымі раёнамі, а жылыя раёны, хутчэй за ўсё, будуць рассейвацца. Як гэта можна зрабіць — над гэтым сёння думаюць вядучыя архітэктары. Справа не толькі ў тым, каб правільна размеркаваць прамысловыя і жылыя будынкі, правільна звязаць жыллё з транспартнымі шляхамі; справа і ў тым, каб усё створанае гарманічна звесці разам архітэктурна, каб глядзець на горад як на адно архітэктурнае цэлае! Генеральны архітэктурны план можа стаць агульным набыткам шырокіх мас яшчэ да таго, як генеральны гаспадарчы план дапаможа размяркоўваць вытворчасць і ўмовы жыцця. І як філасофія Асветніцтва магутна ўзнялася, калі вялікія перавароты гаспадарчага і грамадскага ладу толькі пачыналіся, так, магчыма, архітэктура стане той галіной культуры, у якой новая эпоха пралетарскага сацыялізму ўпершыню заявіць пра сябе на поўны голас. Архітэктура мацней залежыць ад новага грамадскага ладу, чым, скажам, жывапіс, бо архітэктура цалкам падпарадкаваная мэце, а жывапісец можа, не зважаючы на мітусню дня, маляваць тое, што, магчыма, цешыць толькі яго аднаго.

Якія ж архітэктурныя ідэі жывуць цяпер у архітэктарах і арганізатарах, якія архітэктурныя ідэі ўбіраюць шырокія масы? Ад думкі, што шматпавярховае ядро вялікага горада можна нарошчваць без канца, адыходзяць усё далей. У Вене само напрошваецца: працягнуць ад Пояса лясоў і лугоў «зялёныя языкі» як мага бліжэй да шматпавярховых дамоў, каб працоўныя, калі шукаюць адпачынку, як мага хутчэй трапілі на зялёную паласу, а яна вывела б іх да Пояса лясоў і лугоў. Такія зялёныя палосы, якія можна звязаць паміж сабой і папярочнымі алеямі і паркамі, могуць з абодвух бакоў абрамляцца шматпавярховымі дамамі. Вядучыя архітэктары, блізкія да руху пасяленцаў і агароднікаў, распрацавалі планы, як размясціць агароды і пасёлкі ўнутры гэтых зялёных языкоў. Оскар Штрнад, напрыклад, накідаў для Фаварытэна план, паводле якога такую паласу агародаў абкружаюць тэрасныя дамы — такія, як у іншай форме прапануюць і Адольф Лоос і Петэр Бэрэнс. З боку горада гэты ансамбль замыкаюць два хмарачосы, а вонкі дамы ступенямі паніжаюцца і адкрываюцца да пасёлка. Вось прыклад таго, як сучасныя архітэктары спалучаюць гэтыя крайнасці. Шпацыруючы, можна будзе ад апошніх шматпавярховых дамоў прайсці праз агароды і пасёлкі аж да Лаэрберга, дзе, скажам, тэраса магла б адкрываць від на ўсю Вену. Духу новага часу адпавядала б перанесці туды, на карысць Фаварытэна, установы культуры, што высока ўзносіліся б над Венай, — у пэўным сэнсе процівага комплексу Штайнгоф і Дому апекі. Падобныя праекты зялёных языкоў распрацавалі таксама Ёзэф Франк і Петэр Бэрэнс.
Такое спалучэнне шматпавярховых дамоў і агародаў, ператвораных у грамадскія паркі, дзе замест купаў дрэў былі б пладовыя дрэвы, а замест лугоў — гародніна, магло б стаць знакам нашай эпохі, у якой дэмакратычнае аб’яднанне ў групы спалучаецца з цэнтралізмам кіравання. Такія ансамблі з дзіцячымі і спартыўнымі пляцоўкамі ды іншымі ўстановамі могуць зрабіць глыбокае ўражанне на рабочых таго ці іншага раёна. Гэта сведчыць пра глыбокае разуменне сутнасці ўсякай архітэктуры, калі адзін рабочы, глыбока ўчуўшыся ў праект Штрнада, сказаў: паміж хмарачосамі выходзіш з цёмнага горада, як праз браму ў рай!
Пасяленцы і агароднікі выраслі з малых і вузкіх пачаткаў, і ў іх яшчэ шмат вузкага і дробязнага, але праз сваю цэнтральную арганізацыю яны набылі буйнамаштабныя ідэі; поўныя напорыстай сілы і моцнай волі да будаўніцтва, яны сёння, што да цікавасці да архітэктуры, ідуць наперадзе пралетарыяту. Праз сваіх архітэктараў ім удаецца зацікавіць сваёй справай і астатні пралетарыят. І неўзабаве балець будзе не толькі агароднікам, а ўсім рабочым, калі з-за супраціву буржуазнага ладу горад праз недахоп зямлі мусіць будаваць шматпавярховыя дамы там, дзе ён, як і пасяленцы, агароднікі і ўвесь пралетарыят, можа, хацеў бы бачыць агароды. Тое, што такія прыгожыя і значныя планы сёння можна ажыццявіць толькі ўрыўкамі, а часткова давядзецца на нейкі час адкласці ці нават загадзя скалечыць, яшчэ больш узмоцніць у шырокіх масах абурэнне тым, як размеркаваная зямля. Хутка пралетарыяту будзе ўжо не ўсё адно, дзе паставяць шматпавярховы дом з малымі кватэрамі — тут ці там; хутка ён будзе змагацца за тое, каб шматпавярховыя дамы, пасёлкі і агароды размяшчаліся ў інтарэсах усіх, не зважаючы на прыватны прыбытак спекулянтаў зямлёй. Волю да будаўніцтва рабочых, волю да будаўніцтва горада Вены душаць сілы, у руках якіх зямля. Гаворка пра вялікую і сур’ёзную справу — пра тое, каб абліччам горада распараджаўся пралетарыят.
Вялікія, ясныя, унутрана праўдзівыя будаўнічыя ідэі зноў стануць гістарычнай рэальнасцю, бо пралетарыят — клас, які ўзыходзіць, які ведае, чаго хоча, і якому не патрэбная пустая бачнасць, гэтак жа як не мелі ў ёй патрэбы сярэднявечныя гараджане. І новы стыль гэта пакажа! Ён вядзе прэч ад твораў буржуазіі, што рушыцца і скончыла панурай пустэчай. Што такое купал Карлскірхэ? Вобраз неба. Хто ўваходзіць, таго залівае святло, а позірк праз светлыя і цёмныя плямы вядзе ў далёкую вышыню. І звонку гэтае скляпенне магутна відаць! А што такое купал Прыдворнага музея гісторыі мастацтваў? Непатрэбнае скляпенне над непатрэбнай прасторай! Хто, седзячы пад купалам, глядзіць уніз, у вестыбюль, той пытаецца ў сябе, навошта гэта ўсё, а калі ён глядзіць угору — нішто не вабіць затрымаць там позірк. А што такое купал Ваеннага міністэрства? Кавалак пустога гарышча! Ён ужо нічога не накрывае, ён стаў дэкарацыяй! Карлскірхэ — твор самасвядомага, поўнага моцы барока! Прыдворныя музеі — пампезныя будынкі эпохі грундэрства; Ваеннае міністэрства — будынак, які паставілі пануючыя класы, што ўжо не маглі верыць у саміх сябе. Вось які шлях! Рабочыя не будуць будаваць купалаў, якія нешта ўдаюць, — але, мабыць, не будуць будаваць і нябесных сабораў; яны будуць будаваць самасвядомыя, магутныя залы для сходаў, канцэртныя залы, тэатры, дамы навукі і весялосці — будынкі, якія ёсць тым, чым выглядаюць з першага позірку! Ці абцяжарыць нас далейшая будучыня зноў цьмяным бутафорствам? Няхай гэтае пытанне сёння застаецца адкрытым.
Як калісьці архітэктары прыходзілі да папаў і каралёў, да князёў і прадпрымальнікаў, каб даведацца, чаго тыя хочуць, так цяпер архітэктары будуць прыходзіць да ўладароў новага часу — да рабочых — і разам з імі ствараць новую форму будаўніцтва. Усе гэтыя магчымасці ўсур’ёз адкрыліся толькі з таго часу, як у нас у Вене рабочы ўрад, як рабочыя ўсвядомілі сваю сілу і паступова выпрацоўваюць сваю волю! Новая архітэктура — адна з найважнейшых культурных задач рабочага руху. Магчыма, якраз тут пралетарыят дапаможа нарадзіцца першым самабытным творам, якія змогуць пераўзысці творы буржуазіі. Гэтую важную магчымасць нельга выпускаць з-пад увагі ніколі! Асабліва таму, што пакуль у нас мала прыкметна пралетарска-сацыялістычнай паэзіі, жывапісу, музыкі. Мастакі ў гэтых галінах, нават калі яны настроеныя апазіцыйна, схіляюцца да ліберальна-буржуазнага светапогляду, і многія з іх цалкам поўныя старога духу. Сярод архітэктараў новае адчуваецца мацней. Тое, што значныя архітэктары стаяць за новы кірунак у будаўніцтве, аддалі сябе ў распараджэнне будаўнічага бюро Аўстрыйскага саюза пасёлкаў і агародаў і разам з іншымі распрацоўваюць усялякія планы для многіх гарадоў і гмін Аўстрыі, — зусім не выпадковасць. У іх працуе і ідэя генеральнага архітэктурнага плана, і, мабыць, неўзабаве кожны горад, дзе кіруе пралетарыят, будзе імкнуцца забудоўвацца далей па адзіным плане — усё адно, хто будуе: прыватныя асобы ці грамадства. У Вене абмяркоўваюцца ўсялякія планы, і грамадства па-сапраўднаму зацікавілася гэтымі пытаннямі. Вось што істотна: нараджаецца новы дух. Кожны зноў адчувае сябе адказным за аблічча горада, ён адчувае новую забудову як сваю заслугу або як свой грэх!
Цэнтралізм, уласцівы пралетарскаму сацыялізму, спалучаецца ў архітэктуры з дэмакратыяй і самакіраваннем, што растуць знізу. Супрацоўніцтва архітэктараў з рабочымі трэба давесці да таго, каб у новую манеру будаваць увайшло нешта з тых жаданняў, з той тугі, якая жыве ва ўсіх. І там, дзе архітэктар як спецыяліст мусіць мець вырашальны голас, жыццё асобнага чалавека ўсё ж можа на нешта ўплываць. Архітэктары будуць выходзіць да рабочых з надзеяй, што тое, пра што яны мараць у будаўнічай форме, захочуць і рабочыя. Ім давядзецца прыслухоўвацца да таго, што абвяшчае ім развіццё грамадства, каб заставацца з ім у згодзе. Разгадаць і зразумець гэта і ў гэтым духу, больш ці менш свядома, ствараць прастору — адна з бліжэйшых мастацкіх і арганізацыйных задач. Каб шырокі рух ахапіў усё будаўніцтва, спатрэбіцца, мабыць, цэлае пакаленне. Пераменлівы лёс пралетарскай улады і пралетарскай арганізаванасці выразна адаб’ецца ў архітэктуры часу. Архітэктуру ўжо можна лічыць істотнай часткай пралетарскага культурнага руху.
Otto Neurath, «Städtebau und Proletariat», Der Kampf. Sozialdemokratische Monatsschrift, Jg. 17, Nr. 6, чэрвень 1924, с. 236–242. Пераклад з нямецкай паводле скана ў ANNO (Аўстрыйская нацыянальная бібліятэка). Ота Нойрат памёр у 1945 годзе; яго тэкст знаходзіцца ў грамадскім набытку.



