Да зместу
Левы часопіс на беларускай мове
Праксіс

Гендар31 хвіліна чытання

Гоманацыяналізм праз межы

2022 год. Шведская даследчыца Мія Лійнасан паказвае, як Нарвегія і Данія робяць правы ЛГБТІ+ часткай нацыянальнага гонару, адначасова малюючы мігрантаў і мусульман «гамафобнымі чужымі», — і як актывісты з Усходняй Еўропы, мігранты і ўцекачы самі падхопліваюць гэты наратыў, бо не могуць «не хацець правоў».

Тэкст: Мія Лійнасан

Падзяліцца:TelegramBlueskyXFacebook
Калаж: стары фотаздымак у вясёлкавым дуатоне, расфарбаваны дыяганальнымі палосамі — чырвонай, аранжавай, жоўтай, зялёнай, сіняй і фіялетавай: перад каланадай і аркамі каралеўскага палаца ў Осла праходзіць шэсце дзяцей у светлым адзенні з маленькімі нарвежскімі сцяжкамі, побач стаяць жанчыны ў доўгіх сукенках і шырокіх капелюшах і мужчыны ў цыліндрах і паліто, з балкона глядзяць людзі; справа ўверсе вялікі малінавы круг, ніжэй нахілены чорны квадрат і малінавы клін, пад фота чорная паласа і вялікі чорны надпіс «Нацыя», побач дробны подпіс «Осла / 17.05.1906. Гоманацыяналізм праз межы».
Дзіцячае шэсце ў Дзень Канстытуцыі, 17 мая 1906 года, перад каралеўскім палацам у Крыстыяніі (сённяшнім Осла) — праз год пасля таго, як Нарвегія стала незалежнай · Калаж: Праксіс. Фота: невядомы аўтар, Нацыянальная бібліятэка Нарвегіі, грамадскі набытак

Мія Лійнасан — прафесарка гендарных даследаванняў Лундскага ўніверсітэта ў Швецыі; яна кіруе праектам «Прасторы супраціву» (Spaces of Resistance) пра транснацыянальныя сустрэчы феміністычнага і ЛГБТІ+-актывізму ў Скандынавіі, Расіі і Турцыі. Гэты артыкул выйшаў у 2022 годзе ў брытанскім часопісе Sexualities. Ключавое паняцце ў ім — гоманацыяналізм: так амерыканская даследчыца Джасбір Пуар у кнізе «Terrorist Assemblages» (2007) назвала сітуацыю, калі правы геяў і лесбіянак робяцца знакам «цывілізаванасці» нацыі. У часы «вайны з тэрорам» пасля 11 верасня, паказала Пуар, «талерантны» Захад пачаў супрацьпастаўляць сябе «гамафобным» мусульманам і мігрантам, і правы адных квір-людзей сталі апраўдваць выключэнне іншых. Лійнасан пераносіць гэтае паняцце ў Скандынавію і разглядае тры сцэны 2017–2018 гадоў: дыскусію на Осла-Прайдзе, дзе ЛГБТІ+-актывісты з Арменіі, Беларусі і Расіі спрачаліся з вобразам Нарвегіі як «узорнай краіны»; слуханне ў дацкім парламенце пра «падвойны прыгнёт» квір-мусульман; семінар для ЛГБТІ+-уцекачоў у Нарвегіі. Яе цікавіць «стратэгічны гоманацыяналізм» — калі актывісты і мігранты самі карыстаюцца мовай «прагрэсіўнай нацыі», каб атрымаць фінансаванне, прытулак ці прызнанне. «Наратывамі выратавання» аўтарка называе гісторыі, у якіх ЛГБТІ+-людзі з Глабальнага Поўдня ці Усходу паўстаюць ахвярамі, якіх трэба ратаваць або навучаць «звонку». Імёны актывістаў і суразмоўцаў у артыкуле змененыя па дамоўленасці з імі, арганізацыі названыя сапраўднымі назвамі. Мы перакладаем увесь асноўны тэкст, уключна з метадалогіяй, але прапусцілі анатацыю, ключавыя словы, спіс літаратуры, падзякі, звесткі пра фінансаванне, зноскі і бібліяграфічныя спасылкі ў дужках; імёны навукоўцаў пакінулі там, дзе гаворка ідзе пра іх саміх. Цытаты з інтэрв’ю, якія ў арыгінале вынесеныя асобна, мы таксама падаём асобнымі абзацамі.


Уводзіны

Небелыя квір-даследчыкі і посткаланіяльныя феміністкі паказалі, наколькі важныя транснацыянальныя абмены для таго, каб феміністычныя і ЛГБТІ+-сувязі выходзілі за межы краін і кідалі выклік нацыянальным выключэнням і іерархіям паміж Глабальнай Поўначчу і Глабальным Поўднем. Яны ж зрабілі важныя крытычныя ўмяшанні, паказаўшы, як логіка гоманацыяналізму ўмацоўвае нацыянальныя праекты ў цесным сваяцтве з неалібералізмам. Значна менш увагі, аднак, надавалася таму, якімі складанымі і неадназначнымі шляхамі транснацыянальнае супрацоўніцтва, дыяспарная палітыка і трансгранічныя абмены могуць таксама спрыяць нацыянальным праектам і падтрымліваць іх. Гэта і даследуе дадзены артыкул. Абапіраючыся на этнаграфічную палявую працу з ЛГБТІ+-актарамі ў Скандынавіі, я разглядаю, як канструюецца гоманацыяналізм у абменах паміж квір- і транс-актарамі з Глабальнага Поўдня, Усходу і Поўначы. Я змяшчаю артыкул у шырэйшую дыскусію пра чаканыя і нечаканыя наступствы таго, як неалібералізм і далей драбіць гендар і сексуальнасць, зрошчваючы іх з «прывілеямі белай расы, капіталу і грамадзянства» (словы Джасбір Пуар), і сцвярджаю, што гендар і сексуальнасць нельга разглядаць асобна ад выключальных нацыяналістычных праектаў — у якім бы то ні было кантэксце.

Далей я выкарыстоўваю паняцце стратэгічнага гоманацыяналізму, каб даследаваць, як транснацыянальная, дыяспарная і ўцякацкая ЛГБТІ+-палітыка і пазіцыі ў Скандынаўскім рэгіёне неадназначна і стратэгічна ўзаемадзейнічаюць з тымі ўяўленнямі пра ліберальнасць поглядаў, што тут маюць рэгулятыўную сілу, і з дыскурсамі пра «сапраўдную» ЛГБТІ+-суб’ектнасць. Мяне натхняе разважанне Крысцінэ М. Клапеер пра тое, як квір- і гендарныя актывісты з Глабальнага Поўдня і Усходу «стратэгічна ўзаемадзейнічаюць з “патрабаваннямі” і “мовамі” інстытуцый развіцця». Прызнанне таго, што гоманацыяналізм можа стратэгічна разгортвацца ў дыскурсе, не трэба чытаць як спробу пераменшыць парушэнні правоў чалавека, з якімі сутыкаюцца сексуальныя і гендарныя меншасці. Мая мэта ў іншым: высветліць і аспрэчыць выключальныя бакі дыскурсаў пра «заслужаных» імігрантаў, «годных» шукальнікаў прытулку, «здаровыя» сексуальнасці і «добрых» грамадзян — дыскурсаў, якія сёння набіраюць сілу і ў Скандынавіі, і далёка за яе межамі. Я звяртаю ўвагу на складаную палітыку, якую давядзецца весці, калі займаеш немагчымую пазіцыю: не можаш «не хацець правоў», як гэта называе Рахул Рао. Тут на мяне ўплываюць даследчыкі, якія настойваюць, што ў аналізе таго, як вырабляецца сексуальнае і (або) гендарнае адрозненне, трэба вярнуць увагу да расізацыі і нацыянальнай прыналежнасці і прызнаць гэтыя «немагчыма квірныя» суб’ектнасці, як іх назвала Гаятры Гапінат.

Пад уплывам даследчыкаў, якія далёка ідучы крытыкуюць тое, як рэгіянальныя іерархіі і глабальныя падзелы падтрымліваюцца феміністычнай і квір-навукай і актывізмам, у гэтым артыкуле я хачу даследаваць, як трансгранічныя абмены ў феміністычным і квір-актывізме могуць умацоўваць такія выключальныя праекты. Паняцце трансгранічнага абмену, якім я тут карыстаюся, улічвае множныя прывязанасці і прыналежнасці ЛГБТІ+-суб’ектаў і дыскурсаў, што перасякаюць межы, у адносінах да той дынамікі, якой вызначаюцца розныя лакальныя і глабальныя пазіцыі гендарнай і сексуальнай палітыкі. Калі «транснацыянальнае» абазначае абмен праз межы — дыскурсіўны або матэрыяльны, на розных маштабах, адначасова ўкаранёны ў мясцовым і ўпісаны ў глабальныя дыскурсы, — то «трансгранічны абмен» засяроджвае ўвагу на тым, як прыналежнасці і прывязанасці падарожнічаюць праз межы і як яны рэзануюць транснацыянальна ў тых канкрэтных месцах, дзе праяўляюцца. Таму я крытычна стаўлюся да здагадкі, што наратывы выратавання цякуць толькі ў адным кірунку — з глабальнай Поўначы/Захаду на глабальны Усход/Поўдзень, — і паказваю, што такія наратывы падарожнічаюць у розных кірунках. Я імкнуся выявіць неадназначную і складаную ролю транснацыянальнага супрацоўніцтва, дыяспарнай палітыкі і трансгранічных абменаў ва ўмацаванні і легітымацыі гоманацыяналізму як выключальнага нацыянальнага праекта. Працуючы ў гэтых навуковых традыцыях, я пераасэнсоўваю гоманацыяналізм: з паняцця, якое ўзнікла ў амерыканскім кантэксце і ўкаранёнае ў ім, ён ператвараецца ў паняцце, што падарожнічае і па-рознаму фармуецца і падхопліваецца ў розных кантэкстах.

Метадалогія і матэрыял

Артыкул абапіраецца на даныя, сабраныя разам з ЛГБТІ+-групамі і ініцыятывамі ў Скандынавіі — гэта значыць у Даніі, Нарвегіі і Швецыі. Гэтыя краіны адметныя і розныя, але маюць некалькі важных агульных рыс: усе яны імкнуцца падаваць сябе як перадавікоў глабальнага прагрэсу ў справах жанчын і ЛГБТІ+-людзей. У Скандынавіі ЛГБТІ+-актывізм вельмі жывы: ён існуе і ў выглядзе даўно ўсталяваных арганізацый грамадзянскай супольнасці, і ў выглядзе больш свабодных нізавых ініцыятыў. Палявая праца ў гэтым кантэксце ахоплівала і невялікія рэгіёны, і буйныя гарады — Капенгаген, Гётэборг, Мальмё, Осла, Стакгольм, Крыстыянсанн, Тронхейм і Тромсё. Удзельнікі і ўдзельніцы даследавання асабліва вылучалі вялікія гарады — Осла, Мальмё ці Капенгаген — як важныя месцы для актывізму, асабліва для ЛГБТІ+-людзей з міграцыйным мінулым і для ЛГБТІ+-шукальнікаў прытулку.

Разважанні ў гэтым артыкуле вырастаюць з большага калектыўнага даследчага праекта, які вывучаў транснацыянальныя абмены ў феміністычнай і ЛГБТІ+-барацьбе ў Расіі, Турцыі і скандынаўскіх краінах. Праект быў пабудаваны як шматлакальнае даследаванне: палявая праца вялася ў некалькіх месцах. Шматмаштабная метадалогія вызначыла і аналітычную стратэгію праекта: мы выпрацавалі калектыўны працэс пошуку «сувязяў або кропак збліжэння ў нашым эмпірычным матэрыяле, сабраным у розных геапалітычных кантэкстах», як мы пішам у іншым месцы. Выпрацоўваючы гэтую стратэгію, мы натхняліся феміністычнымі і квір-даследаваннямі, якія выкарыстоўвалі дыялог як метад вытворчасці ведаў.

Матэрыял, на якім грунтуюцца разважанні ў гэтым артыкуле, узяты з гэтай шырэйшай палявой працы. Яна пачалася вясной 2017 года з інтэрв’ю і ўключанага назірання ў Даніі, дзе я хадзіла на мерапрыемствы некалькіх феміністычных, квір- і квір-феміністычных актывісцкіх груп, а летам і восенню пашырылася на Нарвегію і Швецыю. Для аналізу ў гэтым артыкуле я адабрала палявыя дзённікі і дзесяць паўструктураваных інтэрв’ю, сабраных на працягу двух гадоў (2017–2018) у працы з такімі ЛГБТІ+-арганізацыямі. Дацкая ЛГБТІ+-арганізацыя Sabaah — агульнанацыянальная арганізацыя для ЛГБТІ+-людзей з этнічных меншасцей, заснаваная ў 2006 годзе ў Капенгагене; яна ладзіць сацыяльныя, культурныя і палітычныя мерапрыемствы. Нарвежскі Хельсінкскі камітэт (NHC) — транснацыянальная няўрадавая арганізацыя, заснаваная ў 1977 годзе, якая імкнецца ўмацоўваць правы чалавека праз маніторынг, напісанне дакладаў, асвету і падтрымку дэмакратычных ініцыятыў; ЛГБТІ+-пытанні ўбудаваныя ва ўсе кірункі яе працы. «Квір-свет» (Skeiv verden) — нарвежская агульнанацыянальная арганізацыя падтрымкі ЛГБТІ+-людзей з меншасцей, заснаваная ў 2010 годзе. Імкнучыся паказаць плюралістычную барацьбу ў гэтым кантэксце, я ўключыла ў палявую працу гэтыя НДА, бо хацела сабраць матэрыял сярод феміністычных і ЛГБТІ+-супольнасцей і ініцыятыў, якія зазнаюць дыскрымінацыю і кажуць, што ім цяжка прыцягнуць увагу дзяржаўных актараў, СМІ і фундатараў. Але я хацела сабраць матэрыял і ў НДА, якія займаюць больш мейнстрымную пазіцыю ў мясцовай грамадзянскай супольнасці, — такіх, як Нарвежскі Хельсінкскі камітэт. Задума гэтага артыкула выспявала доўга, пакуль я наведвала розныя падзеі, семінары, канферэнцыі і сустрэчы. Багатыя і працяглыя палявыя сустрэчы дазволілі мне зразумець, як сексуальнасць адначасова і замацоўвае, і расхіствае такія дыхатамічныя падзелы, як цэнтр/перыферыя, Поўнач/Поўдзень, Усход/Захад. У гэтых арганізацыях і ініцыятывах выявіліся таксама складанасці дыяспарнай палітыкі і пазіцый і няроўнасць транснацыянальнага поля — пра гэта ніжэй. Паколькі я хацела глыбей зразумець, як трансгранічныя абмены, дыяспарная палітыка і транснацыянальнае супрацоўніцтва могуць таксама спрыяць узнаўленню імперыялістычных наратываў пра нацыянальны прагрэс, я адбірала для аналізу матэрыял, які высвятляў гэтыя бакі працы арганізацый і мог паказаць праявы гоманацыяналізму.

Мая стратэгія апрацоўкі і аналізу матэрыялу — кантрастыўны аналіз палявых даных. Кантрастыўны аналіз прадугледжвае ўважлівае чытанне матэрыялу, каб выявіць, у чым ён збягаецца і ў чым разыходзіцца. У цэнтры аналізу — тры падзеі, якія арганізавалі адпаведна Sabaah, «Квір-свет» і NHC у 2017 і 2018 гадах: мерапрыемства ў рамках Осла-Прайду, аднадзённая канферэнцыя ў дацкім парламенце на тэму падвойнага прыгнёту квір-мусульман у Даніі і трохдзённы курс пра каханне і інтымнасць для ЛГБТІ+-шукальнікаў прытулку ў Осла. Да матэрыялу належаць таксама дзесяць глыбінных інтэрв’ю, запісаных да і пасля гэтых падзей з людзьмі, якія ўдзельнічалі ў іх як арганізатары або ўдзельнікі. Я выбрала для аналізу менавіта гэтыя падзеі, бо яны розныя па арганізатарах і ўдзельніках, па тыпе месца і па мэце, — і гэта дазваляе ўбачыць, якія сэнсы аспрэчваюцца, а якія падтрымліваюцца ў розных кантэкстах узаемадзеяння і перамоў вакол ЛГБТІ+-правоў у дачыненні да нацыі. Я тэматычна ўпарадкавала матэрыял, чытала кожны прыклад з улікам астатніх і пазначала, дзе яны перакрываюцца і чым адрозніваюцца. Я звяртала ўвагу на тое, як праявы гоманацыяналізмаў выклікаюць «тут і цяпер» прагрэсіўнага нацыяналізму праз формы блізкасці і прыналежнасці.

Падчас палявой працы мая пазіцыя ў дачыненні да геапалітычных кантэкстаў скандынаўскіх краін была позіркам «і звонку ўнутр, і знутры вонкі», як пісала бел хукс: я засяроджвала ўвагу і на цэнтры, і на ўскраінах. Жывучы ў Швецыі, я была прасякнутая наратывам пра гэтую краіну і ўвогуле пра Скандынаўскі рэгіён як пра свецкую, гендарна роўную і талерантную да ЛГБТІ+ групу краін, якую часта выстаўляюць палітычным узорам для ўсяго астатняга свету. Зыходзячы са сваёй структурнай сацыяльнай пазіцыі — квір-феміністычнай даследчыцы без міграцыйнага досведу — і са сваёй сацыяльнай пазіцыянальнасці, укаранёнай у крытычнай расавай тэорыі і квір-ведах, я вяла з партнёрамі па даследаванні размовы пра напружанні, што вызначаюць межы і магчымасці для жыцця і жыццяздольнасці феміністкаў, небелых людзей, транс*- і квір-людзей у Скандынавіі. Мая праца ўпісваецца ў веды, якія ствараюць феміністычныя, квір- і посткаланіяльныя даследчыкі ў гэтым кантэксце, і імкнецца ўзбагаціць іх; гэтыя даследчыкі паказваюць, што спробы пабудаваць прагрэсіўную нацыю абумоўленыя «расізаванымі працэсамі, гетэранарматыўнасцю і цыснарматыўнасцю».

Каб паглыбіць наша разуменне таго, як выключальныя нацыяналістычныя праекты ЛГБТІ+-правоў падтрымліваюцца трансгранічнымі дыскурсамі, прыналежнасцямі і абменамі, гэты артыкул паказвае, якімі рознымі спосабамі выключальныя формы нацыяналізму «вызначаюць нацыянальныя (расізаваныя) межы праз сексуальную палітыку», як піша Джэніфер Сачленд. Я карыстаюся транснацыянальным падыходам, каб улічыць перасячэнні ўладных адносін, якія ахопліваюць гендарную і сексуальную палітыку ў сувязі з нацыянальнымі праектамі, і абапіраюся на тэарэтызацыі сувязей паміж квірнасцю і вытворчасцю нацыі. Уводзячы паняцце гоманацыяналізму, Джасбір Пуар (2007) хацела асэнсаваць своеасаблівую сексуальную «выключнасць, выразна звязаную з нацыяй». Развіваючы ідэю Лізы Дагган пра гоманарматыўнасць — дэпалітызаваную і прыватызаваную гей-культуру эпохі неаліберальнага спажывецтва, — Пуар пашырыла гэты аналіз і паказала, што наратыў пра прагрэс у правах геяў залежыць ад выключэння расізаваных і сексуалізаваных іншых: у рыторыцы «вайны з тэрорам», якая прыйшла на змену халоднай вайне, узнік разрыў паміж «належнай, нацыянальнай (белай) гомасексуальнасцю» і «неналежнай (каляровай) ненацыянальнай квірнасцю». Пуар паказвае, што такія формы гоманацыяналізму магчымыя дзякуючы неаліберальным падзелам, у якіх гомасексуальнасць звязваецца з «прывілеямі белай расы, капіталу і грамадзянства». Гоманацыяналізм, такім чынам, — вынік таго, што праводзіцца мяжа паміж гоманацыяналістычнымі суб’ектамі і іншымі гомасексуальнымі расавымі і класавымі саюзамі. Ён становіцца асаблівым варыянтам белага ліберальнага алібі, якое дазваляе геям адмяжоўвацца ад расізму, ксенафобіі і нацыяналізму ў ЛГБТІ+-супольнасцях і арганізацыях. Падсілкоўваюць такую дынаміку квір-ліберальныя памкненні да дзяржаўнага прызнання, якія ўрэшце становяцца «неадрознымі ад расавых і нацыянальных выключэнняў, на якіх такія сцвярджэнні трымаюцца».

З часу свайго з’яўлення паняцце гоманацыяналізму падарожнічала па ўсім свеце, каб тэарэтызаваць самыя розныя геапалітычныя кантэксты. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што зрух значэнняў паняцця, яго адыход ад першапачатковага амерыканскага кантэксту аслабіў яго крытычную сілу: цяпер ім карыстаюцца як больш «абагульненай рысай імперыялістычных утварэнняў», і ён губляе сваю адметнасць. Іншыя выкарыстоўваюць паняцце гоматранснацыяналізму, каб паказаць, як гоманацыяналізм у форме імперскага гей-асімілятарства фармуецца праз універсалісцкія нормы і стандарты на транснацыянальнай арэне. Яго ажыццяўляюць ЛГБТІ+-НДА і палітычныя актары, калі прасоўваюць правы чалавека для ЛГБТІ+ праз палітыку дапамогі і стратэгіі развіцця. Гэты артыкул хоча паглыбіць разуменне стратэгічных форм гоманацыяналізму: я ўлічваю нарматыўную прыроду правоў у скандынаўскім кантэксце і немагчымую пазіцыю транснацыянальных, дыяспарных і ўцякацкіх ЛГБТІ+-суб’ектаў, якія не могуць «не хацець правоў». Паняцце стратэгічнага гоманацыяналізму дазваляе мне даследаваць, як ЛГБТІ+-мабілізацыі ў Скандынавіі неадназначна ўзаемадзейнічаюць з мовамі і патрабаваннямі дзяржаўных інстытуцый. Мой падыход зыходзіць з разумення гоманацыяналізму як «структуравальнай сілы неаліберальнага фармавання суб’ектаў». Сваю канцэптуалізацыю я абапіраю на азначэнне, якое Джасбір Пуар дае ў кнізе «Тэрарыстычныя асамбляжы» (Terrorist Assemblages): тры асобныя, але перакрыўныя праявы — (1) квірнасць як біяпалітычны праект, (2) сексуальная выключнасць у адносінах да нацыі і (3) узвышэнне беласці. Я імкнуся паказаць, якім асаблівым чынам гэтыя вымярэнні праяўляюцца ў мовах і патрабаваннях дзяржаўных інстытуцый скандынаўскіх краін і як ЛГБТІ+-актары стратэгічна з імі ўзаемадзейнічаюць. Звяртаючыся да больш неадназначных формаў ЛГБТІ+-мабілізацыі ў Скандынавіі, я абапіраюся на «плюральную логіку “і/або”» Сінціі Вебер і імкнуся паказаць множныя фігуры і логікі, якія выходзяць за межы дыхатамічнага «або — або».

Далей я разглядаю няроўнае поле транснацыянальнага супрацоўніцтва і складанасці дыяспарнай і ўцякацкай палітыкі і пазіцый у скандынаўскіх кантэкстах імперыялістычных наратываў пра нацыянальны прагрэс — і паказваю, як гоманацыяналістычныя праекты могуць падтрымлівацца і палягчацца рознымі ўжываннямі гоманацыяналізму. Спачатку я разглядаю, як ЛГБТІ+-памкненні да дзяржаўнага прызнання ў Нарвегіі перасякаюць межы ў транснацыянальнай прасторы і звязваюць гоманацыянальных суб’ектаў у розных месцах. Аналізуючы абмены паміж транснацыянальнымі ЛГБТІ+-актывістамі ў Нарвегіі, я паказваю, як гэтыя трансгранічныя ўзаемадзеянні праводзяць мяжу з іншымі класавымі і расавымі саюзамі, змяшчаючы сябе ў агульны лёс і агульны пункт прызначэння — прыязную да геяў белую нацыю і сусветнага лідара. Пасля гэтага я паказваю, як рэгулятыўныя дыскурсы ўльтраліберальнасці поглядаў, нібыта свабоднай ад культурных, этнічных і рэлігійных прывязанасцей, уплываюць на ЛГБТІ+-мабілізацыі ў Даніі. Я аналізую, як стратэгічныя праявы гоманацыяналізму ў дыяспарнай палітыцы і пазіцыях падтрымліваюць расколіну паміж, з аднаго боку, дзяржаўным прызнаннем, ЛГБТІ+-правамі і расавым прывілеем унутры нацыі, а з другога — транс- і ЛГБТІ+-фобнымі традыцыйнымі і рэлігійнымі (гэта значыць мусульманскімі) супольнасцямі і культурамі, арыентаванымі на сям’ю і пастаўленымі па-за нацыяй. Нарэшце, я разглядаю, як абмежавальнае ўяўленне пра «сапраўднага ЛГБТІ+-уцекача» падае мабілізацыю вакол ЛГБТІ+-уцекачоў у Нарвегіі як мабілізацыю стыгматызаваных або ўразлівых людзей, што сапраўды маюць патрэбу ў міжнароднай абароне. Я паказваю рэгулятыўную і выключальную вытворчасць і цыркуляцыю дыскурсаў пра «правільнага» квіра, «заслужанага» імігранта і «годнага» шукальніка прытулку ў гэтым кантэксце. Абапіраючыся на этнаграфічныя даныя пра квір- і транс-актывістаў, я паказваю, як гэтыя актары выклікаюць «тут і цяпер» прагрэсіўных формаў нацыяналізму ў Глабальнай Поўначы, супрацьпастаўленае кансерватыўнаму нацыяналізму глабальнага Поўдня або Усходу, які падаецца як «тады і там», ужо пакінутае ззаду. У гэтай дынаміцы, як я пакажу, прыязная да геяў нацыя паўстае канчатковым пунктам прызначэння для негетэрасексуальных людзей, якія ператвараюцца ў аднастайную супольнасць, калі агульная гейскасць сцірае адрозненні па расе ці класе. Не здольныя «не хацець правоў», гэтыя актары больш ці менш стратэгічна ўзаемадзейнічаюць з мовамі і патрабаваннямі нарвежскіх і дацкіх дзяржаўных інстытуцый. Гэта адлюстроўвае тыя «выключальныя ўключэнні», якімі вызначаецца ЛГБТІ+-палітыка ў гэтым кантэксце, і паказвае, як уяўленні пра «нармальныя» і, адпаведна, «адхіленыя» сексуальнасці і гендарныя ідэнтычнасці сталі часткай працэсаў праводжання нацыянальных межаў, якія сягаюць і за межы нацыі.

Калаж: фрагмент старой нямецкай мапы Расіі і Скандынавіі з дробнымі назвамі гарадоў і рэк, у вясёлкавым дуатоне з дыяганальных палос; ад Осла, пазначанага вялікім малінавым кругам, адыходзяць тоўстыя чорныя лініі да Мінска, да Масквы і ўніз, да Каўказа; справа малінавая паласа, вялікі чорны надпіс «Узор» і подпіс «Осла-Прайд / 2018. Арменія · Беларусь · Расія», унізе чорны паўкруг і чорны клін.
Мапа «Расія і Скандынавія» з атласа Штылера, 1891 год: з Осла — да Мінска, Масквы і Каўказа · Калаж: Праксіс. Мапа: Stielers Hand-Atlas, Юстус Пертэс, Гота, 1891, грамадскі набытак

Падчас Осла-Прайду 2018 года Нарвежскі Хельсінкскі камітэт (NHC) арганізаваў панэльную дыскусію пра ЛГБТІ+-барацьбу і салідарнасць у аўтарытарных краінах. У панэлі ўдзельнічалі трое: Аляксандр — ЛГБТІ+-актывіст з Арменіі, Ігар — журналіст з Беларусі і Алена — ЛГБТІ+-актывістка з Расіі. Аляксандр меў досвед транснацыянальнага ЛГБТІ+-актывізму і на той час быў задзейнічаны ў розных ініцыятывах для ЛГБТІ+-людзей у Арменіі. Алена заснавала комьюніці-цэнтр у Маскве і пераключылася з актывізму на паслугі для супольнасці. Ігар, які сам называў сябе геем, працаваў журналістам у Беларусі і актыўна пісаў пра ЛГБТІ+-правы ў краіне і за яе межамі. Удзельнікі панэлі належалі да кола прафесійных, кваліфікаваных ЛГБТІ+-актывістаў з сярэдняга класа і ўвасаблялі новы прафесійны клас НДА-актывістаў: у іх былі няпэўныя, кароткатэрміновыя, праектныя працоўныя месцы, якія давалі ім «павагу і прэстыж»; праца надавала ім сіл, і яны валодалі «новай мовай» транснацыянальнай працы ў галіне гендару і ЛГБТІ. Мадэратарам быў нарвежскі журналіст, які звычайна працуе міжнародным рэпарцёрам на адным з грамадскіх тэлеканалаў Нарвегіі. Адкрываючы панэль, мадэратар падкрэсліў, што Нарвегія — узорная краіна ў справе ЛГБТІ-правоў. Па ходзе размовы ўдзельнікі расказвалі пра становішча геяў і транс-людзей у сваіх краінах, але таксама выказвалі пэўны супраціў палярызаваным умовам самой размовы, у якой Нарвегія малявалася ўзорнай краінай, а іх краіны былі «горшымі з горшых», як сказаў Ігар. Тут ён павярнуўся да астатніх удзельнікаў панэлі і рытарычна спытаўся: «Як вам, калі вас запісваюць у катэгорыю горшых з горшых?» Пазней Ігар пераключыў увагу на Нарвегію, павярнуўся да залы і сказаў: «Вам таксама давялося змагацца. Я бачу тут многіх са старэйшага пакалення, якія вялі гэтую барацьбу шмат гадоў таму. […] Цяжка параўноўваць [тут і там]». Аляксандр далучыўся да яго: «Я ніколі не стаў бы параўноўваць або спаборнічаць з іншымі краінамі, хто лепшы, а хто горшы. Але вы павінны ганарыцца тым, што маеце».

Пасля панэлі я пагаварыла з Соняй — супрацоўніцай NHC, арганізацыі, якая ладзіла гэтую прайдавую размову. Мы гаварылі пра тое, як уладная дынаміка паміж краінамі ўплывае на транснацыянальныя ўзаемадзеянні ў яе арганізацыі, і Соня прызнала, што такая дынаміка паміж транснацыянальнымі НДА і мясцовымі ЛГБТІ+-арганізацыямі існуе — не ў апошнюю чаргу таму, што ў транснацыянальных НДА ёсць грошы і магчымасць дапамагаць мясцовым арганізацыям здабываць фінансаванне, і гэта праблемна ўзнаўляе існыя ўладныя адносіны. Яна таксама падзялілася разважаннем пра гэтую дынаміку з уласнага досведу працы з актывістамі ў іншых краінах. Яна згадала сваю размову з Аленай, удзельніцай панэлі, і сказала: «Але… што да гэтага “Нарвегія ведае лепш” — гэта тыповы нарвежскі погляд, — ён, так бы мовіць, нас трохі пераследуе». І працягнула:

Я была здзіўленая, калі даведалася, наколькі актуальным [актывісты з іншых краін] лічаць нарвежскі досвед. Я спытала ў Алены: «Навошта табе марнаваць столькі часу на вывучэнне нарвежскага плана дзеянняў [па ЛГБТІ+], у Расіі ж у вас такога не будзе?» Яна адказала: «Калі ты складаеш стратэгію, ты задаволішся напалову добрым ці захочаш паглядзець, як добра можа быць, і пачаць адтуль?» Нарвежскі досвед… яны лічаць… актуальным.

У гэтых размовах актывісты і супрацоўнікі ўсведамлялі геапалітычную ўладную дынаміку вакол правоў геяў, і гэта падштурхоўвала іх пратэставаць супраць такога спаборніцкага падыходу, які ўсё больш пашыраецца. Як падкрэсліў Аляксандр, ён не згодны з ідэяй параўноўваць нацыі і ніколі не стаў бы ў гэтым удзельнічаць. І ўсё ж ён прызнаваў пачуццё гонару за нацыянальныя дасягненні ў справе правоў геяў. Ігар падкрэсліў, што раней і нарвежцам давялося змагацца за правы геяў. Адначасова, хоць выступы на панэлі моцна засяроджваліся на прызнанні з боку дзяржавы, яны абміналі тое, як праблемна прызнанне ЛГБТІ+-людзей перасякаецца з расавымі, класавымі і грамадзянскімі прывілеямі ўнутры нацыянальных кантэкстаў. Пазбягаючы гаворкі пра расізм, ксенафобію і нацыяналізм унутры квір-супольнасцей, удзельнікі выказвалі неадназначныя памкненні да прызнання: яны адначасова адкідалі нацыянальны гонар за квірнасць і прымалі квірнасць як нацыянальны гонар. Такую ж неадназначную дынаміку выявіў і пераказ Соняй яе размовы з Аленай: Нарвегію там і адкідалі, і прызначалі ўзорам для пераймання.

Ва ўсіх скандынаўскіх краінах гендарныя і сексуальныя правы прасоўваюцца як частка ліберальнай ідэалогіі, што ляжыць у аснове нацыянальнага і рэгіянальнага самаўспрымання. Скандынаўскія краіны называлі маральнай звышдзяржавай і гарманічнай групай нацый, звязанай з «дапамогай развіццю, міратворчасцю і супрацоўніцтвам». Іх сённяшняе пазіцыянаванне працягвае ранейшыя спробы абараняць правы чалавека ва ўсім свеце і будуецца праз праводжанне мяжы паміж талерантнымі да гомасексуальнасці «намі», часткай ліберальна-дэмакратычнай Поўначы/Захаду, і гамафобнымі «імі» — глабальным Поўднем і Усходам. У неаліберальныя часы такое пазіцыянаванне дазваляе Нарвегіі і іншым скандынаўскім урадам карыстацца дыскурсамі правоў чалавека і гендарнай і сексуальнай роўнасці, каб дамінаваць над краінамі і рэгіёнамі свету, якія выглядаюць менш гендарна роўнымі ці менш талерантнымі да гомасексуальнасці. Адначасова ўнутры гэтых краін расце супраціў міграцыі, які выказваецца праз дыскурсы пра культурныя напружанні паміж імігрантамі і нацыянальнай супольнасцю і грамадствам. У Даніі і Нарвегіі гэты дыскурс ператварыўся ў шырока распаўсюджаную рыторыку, якая апісвае імігрантаў як нецярпімых да аднаполай сексуальнасці і да правоў транс-людзей. У выніку гоманацыянальнае пазіцыянаванне гэтых краін фармуецца і на транснацыянальным, і на субнацыянальным узроўнях: з аднаго боку, яно ўзнаўляе геапалітычныя іерархіі паміж Глабальнай Поўначчу, Поўднем і Усходам, а з другога — будуе падзелы паміж ЛГБТІ+-людзьмі і імігрантамі ўнутры краіны.

Транснацыянальныя абмены паміж удзельнікамі панэлі на Осла-Прайдзе паказалі складаныя перамовы вакол уяўленняў пра прагрэс і геапалітычнае параўнанне. Удзельнікі панэлі і члены НДА адначасова дыстанцыяваліся ад уяўлення пра Нарвегію як пра прыязную да геяў нацыянальную дзяржаву — і прымалі яго. Але найперш, калі Нарвегію супрацьпастаўлялі іншай культуры, нацыі або супольнасці — у дадзеным выпадку на глабальным Усходзе, — апісанай як глыбока транс- і гамафобная, прыязная да геяў нацыя паўставала канчатковым лёсам і пунктам прызначэння для ЛГБТІ+-людзей. Тыя ж у гэтым працэсе складаліся ў аднастайную супольнасць праз розныя перасячэнні негетэрасексуальнасці, небінарнасці, беласці і прыналежнасці да сярэдняга класа. Падкрэсліваючы перавагі Нарвегіі як прыязнай да геяў нацыянальнай дзяржавы і выказваючы жаданне падобнага біяпалітычнага рэгулявання квірнасці, удзельнікі панэлі паўтаралі асаблівы скандынаўскі варыянт сексуальнай выключнасці, у якім сексуальныя правы ўбудаваныя ў самую сутнасць нацыянальнага самаўспрымання і глабальнай маральнай місіі. Аднак гэтыя выказванні пра нацыянальны гонар і пра ўзор для пераймання іншымі краінамі мелі сэнс толькі таму, што адрозненні па расе, этнічнасці і класе сціраліся, і таму, што ў скандынаўскім кантэксце не прызнаваліся расізм, ісламафобія, ксенафобія і выключальныя (неаасімілятарскія) формы нацыяналізму.

Як паказаў Сонін успамін пра вялікую цікавасць расійскіх актывістаў да нарвежскага плана дзеянняў па ЛГБТІ+, апісаныя абмены засведчылі таксама, што наратывы прагрэсу і выратавання неабавязкова падарожнічаюць толькі ў адным кірунку — з глабальнай Поўначы/Захаду на глабальны Поўдзень/Усход, — а могуць рухацца ў розных кірунках. У размове вышэй такія наратывы прагрэсу і выратавання ствараліся не толькі тым, што мадэратар настойліва называў Нарвегію ўзорнай краінай і тым самым ператвараў яе ў квір-прыстанак, але і словамі Алены, якая лічыла нарвежскі досвед «актуальным» і хацела выкарыстаць яго, каб пачынаць з таго, «як добра можа быць». Больш за тое, такія шматкірункавыя плыні — з глабальнай Поўначы на Усход/Поўдзень і з глабальнага Усходу на Поўнач, як паказана вышэй, — могуць нават палягчацца трансгранічнымі абменамі. Калі Соня спачатку скептычна ставілася да ўзнаўлення наратыву пра прагрэс Нарвегіі, то, калі падобны наратыў прынесла ў размову Алена, ён змяніў сваю валентнасць і мог быць пераказаны нанава — зрабіўшы круг праз калегу-актывістку з Расіі.

Падобная неадназначнасць праявілася і на мерапрыемстве «På tværs og imellem» («Упоперак і паміж»), якое Sabaah арганізавала ў 2017 годзе ў дацкім парламенце ў Крысціянсбаргу. Гэта было слуханне з удзелам палітыкаў, скліканае, каб пашырыць веды пра ЛГБТІ+-мігрантаў у Даніі. Уступнае слова на канферэнцыі належала Адрыі — небелай квір- і транс-асобе мусульманскага веравызнання з міграцыйным мінулым, якая жыве ў Даніі і працуе ў Sabaah. Паводле Адрыі, квір-мусульмане зазнаюць падвойны прыгнёт, бо апынаюцца паміж дзвюма культурамі: адна моцна арыентаваная на сямейную супольнасць, другая, дацкая, — моцна індывідуалістычная. Як прагучала ў выступе, «гэтую пазіцыю “паміж”, у якой апынаюцца многія квір-людзі з ліку новых датчан, важна прызнаць, каб сфармаваць больш інклюзіўную культуру». Выступ падкрэсліваў, што квір-мігранты сутыкаюцца ў Даніі з расісцкім выключэннем, але і што ЛГБТІ+-людзям з ліку новых датчан трэба змагацца з транс- і гамафобіяй у сваіх этнічных супольнасцях. Каб пашырыць усведамленне множных формаў прыгнёту, у выступе гаварылася пра перасячэнне ўладных адносін паводле расы, этнічнасці, рэлігіі, гендару і сексуальнасці. Тым самым прамова крытыкавала расколіну паміж «належнымі» нацыянальнымі белымі гомасексуальнымі суб’ектамі і «неналежнай» каляровай квірнасцю і адсылала да падзелу паміж квірам і расай у шырэйшым кантэксце «вайны з тэрорам» — падзелу, знаёмага па амерыканскім гоманацыянальным парадку, у якім правы геяў супрацьпастаўляюцца правам мусульман і (або) небелых людзей. Але прамова ўвяла і новы падзел: з аднаго боку — мусульманская супольнасць, апісаная як сямейная, рэлігійная, транс- і гамафобная і пастаўленая па-за дацкай нацыяй, з другога — правы геяў, прывязаныя да беласці і дацкай нацыянальнай свецкай прыналежнасці. Ствараючы такі падзел, прамова ўмацоўвала транснацыянальныя дыскурсы глабальнай Поўначы/Захаду пра іслам як «ўзорнага “іншага”»; пры гэтым сувязь гендарных і сексуальных правоў з прывілеямі белага грамадзянства ў Даніі адыходзіла ў цень, мусульманскія супольнасці вызначаліся як не частка Даніі, а гендар і сексуальнасць (антытрансгендарныя і антыгейскія рэлігійныя мусульманскія супольнасці) разводзіліся з расай (белая дацкая свецкая нацыянальная супольнасць, прыязная да геяў і транс-людзей).

У прыкладзе з панэллю на Осла-Прайдзе гоманацыянальнае пазіцыянаванне складалася з неадназначных памкненняў да дзяржаўнага прызнання і гонару за тое, што квірнасць стала часткай нарвежскай нацыі, — прывязанасцей, якія трымаліся разам дзякуючы таму, што расізм і ісламафобія заставаліся па-за ўвагай. На мерапрыемстве Sabaah, наадварот, пытанні расізму і ісламафобіі былі ў цэнтры. І ўсё ж, хоць гэтыя абмены прызнавалі падвойны прыгнёт квір-мусульман, яны адначасова паўтаралі скандынаўскі гоманацыянальны парадак, які звязвае транс- і гомататалерантнасць з дацкай нацыянальнай прыналежнасцю, а мусульманскія супольнасці ў адказ канструюе як транс- і гамафобныя. Квір-мігрант тут апынаўся ў становішчы ахвяры паміж мусульманскай этнізаванай культурай і дацкай беласцю і нацыянальнасцю. Праз гэтыя хады квір-мусульман адначасова прызнавалі аб’ектамі-ахвярамі, якім патрэбна дапамога, і выключалі з нацыянальнай супольнасці, пабудаванай вакол беласці і выключальнай нацыянальнай прыналежнасці.

Прамова Адрыі, нацэленая шырэй на тое, каб дацкія палітыкі больш ведалі пра множныя формы прыгнёту, адлюстроўвала дыхатамічны падзел паміж дацкай/нацыянальнай/сучаснай транс- і гомататалерантнасцю і мусульманскай/сямейнай/традыцыйнай транс- і гамафобіяй у Даніі. Хоць гэтая дыхатамія, здавалася, трымалася на выключэнні той самай групы квір-мусульман, якую Адрыя прадстаўляе ў Sabaah і якая вельмі разнастайная па паходжанні, — гэтую неадназначную пазіцыю можна пачаць разблытваць як форму стратэгічнага гоманацыяналізму: стратэгічнае выкарыстанне нормаў, што фармуюць гоманацыяналізм у Даніі, каб расхістаць або парушыць патрабаванні і дыскурсы нацыябудаўніцтва.

Дацкі ўрад, падтрымліваючы свабоды і правы ЛГБТІ+, падае дацкую нацыю як сусветнага лідара, як выключную і як «першую краіну ў свеце», што надала пэўныя правы ЛГБТІ+-людзям. У гэтым кантэксце дацкі ўрад усталяваў асаблівы від ліберальнасці поглядаў, заснаваны на такім разуменні чалавечай прыроды, паводле якога чалавек — індывід раней, чым носьбіт рэлігійных і культурных нормаў і традыцый. Гэта выяўляе маралізатарскі погляд на дыскурсы правоў чалавека, які падхопліваюць і ЛГБТІ+-арганізацыі і актары ў грамадзянскай супольнасці. Ухваляючы адкрытага і цалкам рэалізаванага ЛГБТІ+-чалавека, такая нацыянальная пазіцыя вызначае тых, хто не падзяляе гэтага ліберальнага погляду на чалавечую прыроду, як нечленаў нацыянальнай супольнасці. Прызнаючы ЛГБТІ+-людзей з этнічных меншасцей самай уразлівай падгрупай — асабліва тых, хто паходзіць з «асяроддзяў і сем’яў, для якіх характэрныя […] моцныя традыцыйныя сямейныя ўзоры і нормы», як сказана ва ўрадавым плане дзеянняў 2018 года, — урад прыпісвае культуру, традыцыю і рэлігію менавіта выхадцам з этнічных меншасцей і «асабліва мусульманам-ЛГБТ, [якія] зазнаюць гвалт і сацыяльны кантроль», як выказаўся міністр па пытаннях роўнасці. Правільная ЛГБТІ+-суб’ектнасць паўстае тут як суб’ектнасць, адарваная ад культуры, традыцыі і рэлігіі, што характэрныя для супольнасцей этнічных меншасцей, і гатовая зліцца з ліберальнай суб’ектнасцю (белага) дацкага грамадзяніна, народжанага ў краіне і належнага да большасці.

Прамову Адрыі можна разглядаць як своеасаблівы перформанс мімікрыі ў сэнсе Хомі Бхабхі — як стратэгічны гоманацыяналізм, неадназначнае, крытычнае ўзаемадзеянне з мовай і патрабаваннямі дацкага ўрада і яго імкненнем да белага панавання на глабальнай Поўначы/Захадзе. Калі засяродзіцца на тым, «якую працу» робіць такі стратэгічны гоманацыяналізм, можна ўбачыць шырэйшыя структуры і сацыяльныя адносіны, якія вызначаюць (не)магчымасці для ЛГБТІ+-мусульман у Даніі. З 2010 года Sabaah атрымлівала фінансавую падтрымку ад муніцыпалітэта Капенгагена; у 2015 годзе яе падоўжылі, а ў канцы 2018-га тэрмін падтрымкі заканчваўся. Мерапрыемствам у Крысціянсбаргу ў 2017 годзе Sabaah змагла паказаць дацкім палітыкам важнасць сваёй працы: прадставіць квір-мусульман як людзей, што зазнаюць падвойны прыгнёт, і пацвердзіць асаблівы дацкі варыянт гоманацыяналізму, апісаны вышэй. Пазней той самай восенню Sabaah абвясціла на сваім сайце, што падтрымку ў 2,4 мільёна дацкіх крон падоўжылі яшчэ на пяць гадоў, а дакумент муніцыпалітэта Капенгагена з гэтым рашэннем абгрунтоўвае новае фінансаванне той самай фармулёўкай, што гучала на мерапрыемстве ў Крысціянсбаргу: квір-мусульмане належаць да «падвойнай меншасці […] з іншым, не дацкім, этнічным паходжаннем». Такія формы стратэгічнага гоманацыяналізму паказваюць складанасць дыяспарнай палітыкі і пазіцый і звяртаюць нашу ўвагу на нарматыўную і рэгулятыўную прыроду правоў і на неадназначнасць становішча, калі не можаш «не хацець правоў». Такія дзеянні, магчыма, патэнцыйна могуць кінуць выклік выключальнаму ліберальнаму індывідуалізму дацкага гоманацыяналізму. Але найперш гэты прыклад паказвае, як у дацкім кантэксце мейнстрымныя ксенафобскія дыскурсы раздзімаюць напружанне паміж імігрантамі і нацыянальнай супольнасцю. Імігрантаў, вызначаных як нецярпімых да ЛГБТІ+-правоў, супрацьпастаўляюць ЛГБТІ+-людзям, а ЛГБТІ+-людзей уключаюць у нацыю. У адрозненне ад амерыканскага наратыву пра прагрэс у правах геяў, дзе ЛГБТІ+-правы супрацьпастаўляюцца правам мусульман і (або) небелых людзей, гэты скандынаўскі варыянт гоманацыяналізму будуецца на маральна вышэйшым, ліберальна-прагрэсіўным уключэнні ў нацыянальную супольнасць, якое становіцца магчымым дзякуючы выключэнню культуры, расы, этнічнасці і рэлігіі з нацыі і малюе этнічныя і рэлігійныя меншасці як маральна ніжэйшыя.

Калаж: чорна-белы кадр з хронікі ў тоўстай чорнай рамцы — шэраг жанчын у доўгіх белых сукенках з цёмнымі стужкамі цераз плячо стаіць на брукаванай плошчы перад палацам, адна з іх у цэнтры трымае дацкі сцяг, злева відаць вышыты сцяг-харугва, ззаду вялікі натоўп у капелюшах; справа нахілены малінавы квадрат з вялікім светлым надпісам «Паміж», злева ўверсе чорны круг, унізе паласа з шасці колераў вясёлкі і подпіс «Капенгаген / 5.06.1915 / выбарчае права жанчын».
Шэсце дацкіх жанчын у Капенгагене 5 чэрвеня 1915 года, у дзень, калі новая канстытуцыя дала ім выбарчае права; кадр з хронікі · Калаж: Праксіс. Кадр: хроніка Юлі Лаўрберг і Францыскі Гад, 1915, грамадскі набытак

Неадназначныя пазіцыі ў дачыненні да квір-памкненняў да дзяржаўнага прызнання праявіліся і на трохдзённым семінары пра сексуальнасць і інтымнасць для ЛГБТІ+-людзей з меншасцей, які «Квір-свет» правёў у Нарвегіі ў 2017 годзе. Я ўдзельнічала ў гэтым курсе ў рамках свайго даследавання транснацыянальнага феміністычнага і ЛГБТІ+-актывізму ў Скандынавіі, Турцыі і Расіі. Як даследчыца я працавала ў рамцы, вельмі крытычнай да ўключэння гендарных і сексуальных правоў у нацыянальныя праекты і наратывы пра прагрэс: я разумела іх як праявы імперыялізму. Зыходзячы з гэтага, я імкнулася лепш зразумець, як становяцца магчымымі дыскурсы ўлады і адносіны панавання і як робіцца немагчымай крытыка, — але таксама паказаць шматлікую плюралістычную барацьбу, што існуе на ўскраінах. Да семінара я супрацоўнічала з «Квір-светам» каля трох-чатырох месяцаў, і мне дазволілі прыйсці на курс у падвойнай ролі даследчыцы і ўдзельніцы. На курсе я так сябе і прадставіла — і ўдзельніцай, і даследчыцай. За тыя дні ў мяне склаліся прафесійныя сяброўствы з некаторымі ўдзельнікамі, і я падтрымлівала з імі кантакт яшчэ доўга пасля заканчэння семінара.

На курсе было 16 удзельнікаў ва ўзросце ад 16 да 45 гадоў. Большасць складалі мужчыны, тры былі жанчыны, а чацвёра не ідэнтыфікавалі сябе ні як мужчыны, ні як жанчыны; яны таксама не называлі сябе выразна транс-людзьмі, але прасілі звяртацца да іх па імені або як да «яны». Адна асоба называла сябе гендарквір. Большасць удзельнікаў былі мігранты, якія больш ці менш нядаўна прыехалі ў Нарвегію як уцекачы з самых розных краін Паўднёва-Усходняй Азіі, Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі, Усходняй Афрыкі і Усходняй Еўропы. Падчас курса ніхто прама не расказваў пра досвед расізму, але ён выяўляўся ў больш тонкіх заўвагах — напрыклад, калі адна небелая асоба з удзельнікаў курса згадала, што яе не прынялі ў кампанію сяброў, бо яна «выглядала іначай». У тыя дні многія казалі, што ім падабаецца жыць у Нарвегіі, бо «тут дазволена быць гомасексуалам», як яны тлумачылі. Калі я спытала Мануэля, супрацоўніка арганізацыі, які нарадзіўся і вырас у адной з краін Лацінскай Амерыкі і ў пачатку 2000-х пераехаў у Нарвегію, каб жыць са сваім партнёрам, ці сутыкаўся ён у Нарвегіі з расізмам, ён адказаў, што не. Але ён расказаў, што мігранты, якія шукаюць працу ў Нарвегіі, сутыкаюцца з цяжкасцямі, і што ён сам заснаваў уласную фірму, бо зазнаў падобныя цяжкасці. Мануэль казаў, што для яго найважнейшае — магчыма трымаць партнёра за руку або цалаваць яго ў горадзе, не баючыся нападу. У Нарвегіі, казаў ён, гэта магчыма, і таму ён любіць Нарвегію. На курсе я пагаварыла і з Абрам. Абра вучыўся ва ўніверсітэце ў Осла і падпрацоўваў у бары вечарамі і на выходных. Пасля курса мы сустрэліся для інтэрв’ю. На гэтай сустрэчы Абра растлумачыў:

У Нарвегіі мяне ставяць у пазіцыю чалавека з Сірыі. Але я больш ідэнтыфікую сябе як нарвежца, чым як сірыйца. Я прыклаў намаганні, каб інтэгравацца ў грамадства. Сірыя была мне дадзеная, я там нарадзіўся. У Нарвегіі ў мяне ёсць мае правы, і праз гэта я адчуваю, што я частка Нарвегіі.

Абра сказаў, што яго сям’я, якая засталася ў Сірыі, ведае, што ён гей, і што ў іх добрыя адносіны, але сям’я не прызнае яго сексуальнасці. Для яго сям’я — гэта людзі, якія могуць яго прыняць, і ён падсумаваў, што «адчувае сябе свабадней, бо [мая сям’я] за тры кантыненты адсюль». У нашай размове Абра падкрэсліваў сваю адданасць правам, якія дала яму нацыя, — як прызнанню з боку дзяржавы, — і супрацьпастаўляў гэта адсутнасці такога прызнання з боку сям’і. Адчуваючы блізкасць да правоў і свабод у Нарвегіі і адлегласць ад сваёй сям’і, Абра выказваў сваю свабоду праз прасторавае мысленне: ён выклікаў квір-пазітыўнае «тут», дзе сексуальныя правы ўваходзяць у нацыянальны парадак дня, і супрацьпастаўляў яго квір-негатыўнаму і неадназначнаму «там».

Пазней я ўзяла інтэрв’ю ў Манду з таго ж курса. Манду прыехаў у Нарвегію з Ірана па палітычных прычынах. Ён пакінуў Іран не таму, што быў геем, але сям’я не прымала яго гомасексуальнасці. На момант інтэрв’ю Манду жыў са сваім партнёрам у рэгіянальным горадзе на поўдні Нарвегіі і не падтрымліваў сувязі з сям’ёй у Іране. Прычынай былі рознагалоссі вакол рэлігійнасці: «яны мусульмане, а я атэіст». Калі мы гаварылі пра Нарвегію, Манду растлумачыў:

Як іранец, я маю ў Нарвегіі такія ж правы, як нарвежац. У мігрантаў у Нарвегіі ёсць правы. Калі з інтэграцыяй мігрантаў у Нарвегіі ёсць праблема, гэта не нарвежская праблема, гэта праблема мігрантаў.

Мае размовы з Манду і Абрам закраналі шмат што. Тут, аднак, я хачу вылучыць тыя вымярэнні, якія могуць дапамагчы лепш зразумець, як сексуальнасць перасякаецца з нацыянальнымі прыналежнасцямі, дзяржаўнымі праектамі і працэсамі міграцыі і расізацыі, і праліць святло на немагчымую пазіцыю ЛГБТІ+-уцекачоў у гэтых рэжымах кіравальнасці.

Нарвегія стала вядомая ва ўсім свеце тым, што падае сексуальную свабоду і талерантнасць да ЛГБТІ+ як адметную рысу нацыі, — не ў апошнюю чаргу праз сваю палітыку развіцця, якая робіць ЛГБТІ+-правы сваім сцягам у міжнародных кантэкстах. Адначасова ўнутры краіны ўсё мацнее рыторыка, што апісвае мігрантаў як нецярпімых да сексуальнай разнастайнасці, і ўсё гучней гучыць супраціў іміграцыі. У гэтай рамцы, як паказваюць даследчыкі, дыскурсіўна канструюецца «сапраўдны ЛГБТІ+-уцякач», ад якога чакаюць, што ён будзе ўразлівай ахвярай, што мае патрэбу ў міжнароднай абароне. Гэтыя рамкі пазнавальнасці для ЛГБТІ+-уцекачоў у Нарвегіі фармуюць разам «супрацоўнікі, што разглядаюць справы аб прытулку, закон і самі шукальнікі прытулку», бо яны вызначаюць і абмяжоўваюць, якія гісторыі ў справах аб прытулку будуць прызнаныя праўдзівымі. Дэніз Акін падкрэслівае ролю лабісцкіх намаганняў ЛГБТІ+-актараў грамадзянскай супольнасці — праваабарончых і актывісцкіх арганізацый, якія ў спалучэнні з гоманацыяналістычнымі дзяржаўнымі праектамі паўтараюць, што сексуальныя правы — гэта «канстытутыўная рыса заходніх нацыянальнасцей». Гэтая дынаміка — вынік зруху ў Нарвегіі: ад ранейшай увагі да таго, як ЛГБТІ+-чалавек сябе паводзіць, да сённяшняй увагі да «правільнай ЛГБТІ+-ідэнтычнасці», якая выяўляецца ў дэманстрацыі ўразлівасці і віктымнасці. Так паўстае чалавек, годны абароны, які выглядае як сапраўдны ЛГБТІ-чалавек. Гэтыя зрухі ўплываюць на спосабы быць ЛГБТІ+ і ўвогуле, і ствараюць маналітны наратыў пра сексуалізаваных і расізаваных шукальнікаў прытулку ў прыватнасці, узводзячы бар’еры для тых, чые прэтэнзіі прызнаюцца непазнавальнымі канфігурацыямі сексуальнасці.

Да такіх чаканняў сапраўднасці ўдзельнікі курса ставіліся па-рознаму. Адны трымаліся прагматычна і (або) стратэгічна, другія былі больш крытычныя, трэція выказвалі трывогу і непакой. Абра і Манду сцвярджалі, што ў Нарвегіі ім далі правы як геям і як мігрантам і праз гэта яны адчуваюць сябе часткай Нарвегіі і належаць да нацыянальнай супольнасці. У фрагментах інтэрв’ю прыналежнасць да нарвежскай супольнасці, здавалася, патрабавала вылучаць на першы план гейскасць і прыглушаць расавыя ці этнічныя адрозненні; а індывідуальныя намаганні стаць правільнымі грамадзянамі, вартымі прызнання з боку дзяржавы, уключалі барацьбу за тое, каб быць не толькі зразумелым, але і жаданым будучым грамадзянінам. Розныя, але звязаныя між сабой наратывы Абры і Манду паказалі шматкірункавасць падарожжаў гоманацыяналізму і яго шматмаштабную прыроду: гоманацыяналізм фармуецца не толькі ад дзяржавы да суб’ектаў, але і ад суб’ектаў да дзяржавы — праз стратэгічныя выказванні прыхільнасці да мовы і патрабаванняў дзяржаўных інстытуцый і да сексуальных правоў як нацыянальнага праекта. Яшчэ адно вымярэнне таго, што рабілі Абра і Манду, ляжала ў міжасабовым маштабе і адлюстроўвала маю ўласную пазіцыю: іх выказванні, звернутыя да мяне, ставілі пытанне, ці бачылі яны ўва мне — і калі так, то чаму — таго, перад кім трэба прад’яўляць такі «сапраўдны» статус.

Прызнанне дыскурсіўна сканструяванай сапраўднасці ЛГБТІ+-уцекачоў не імкнецца пераменшыць шматлікія парушэнні правоў чалавека, з якімі сутыкаюцца сексуальныя меншасці. Мэта ў іншым — высветліць і аспрэчыць выключальныя бакі таго, як гэтая сапраўднасць размяркоўваецца. Яно заклікае нас звяртаць увагу на вытворчасць і цыркуляцыю іерархічных і выключальных дыскурсаў пра «правільнага» квіра, «заслужаных» імігрантаў, «годных» шукальнікаў прытулку і «здаровыя» сексуальнасці. У гэтай складанай сітуацыі стратэгічныя ўжыванні моў і патрабаванняў дзяржаўных інстытуцый паказваюць няроўнае поле супрацоўніцтва ЛГБТІ+-актывістаў на межах нацыі і асвятляюць вельмі заблытаную палітыку, якую даводзіцца весці, займаючы немагчымую пазіцыю: не маючы магчымасці «не хацець правоў».

Калаж: вокладка дакумента ў малінавым дуатоне, нахіленая і ў чорнай рамцы, — французскі ўзор «Passeport Nansen», «Certificat d’identité et de voyage», «Gratuit», нумар AS44233 і штамп «Specimen» на месцы імені ўладальніка; за ім вертыкальная паласа з шасці колераў вясёлкі; злева вялікі чорны круг, вялікі чорны надпіс «Сапраўдны», пад ім малінавая паласа і подпіс «Нансенаўскі пашпарт / 1922. Для тых, у каго няма дзяржавы», унізе чорны клін.
Узор нансенаўскага пашпарта, выдадзенага ў Францыі. З 1922 года па ініцыятыве нарвежца Фрыцьёфа Нансена, вярхоўнага камісара Лігі Нацый па справах уцекачоў, такія пасведчанні асобы атрымлівалі ўцекачы з былой Расійскай імперыі, а потым і іншыя ўцекачы без грамадзянства · Калаж: Праксіс. Дакумент: Нацыянальная бібліятэка Нарвегіі, грамадскі набытак

Заключэнне

У гэтым артыкуле я пераасэнсавала гоманацыяналізм — паняцце, якое ўзнікла ў ЗША, — каб паказаць шматкірункавыя падарожжы гоманацыяналізму, які падхопліваюць і фармуюць розныя актары ў мностве канкрэтных месцаў. Аналіз паказаў, што ў скандынаўскім кантэксце гоманацыяналізм складаецца з маралізатарскай пазіцыі перавагі і выражаецца праз наратыў пра сексуальную і гендарную свабоду, які залежыць ад выключэння або прыніжэння культуры, расы, этнічнасці і рэлігіі на фоне супраціву іміграцыі. Як было паказана, і Данія, і Нарвегія падавалі сябе як прыязныя да геяў нацыі праз дзяржаўнае прызнанне і правы геяў унутры нацыі — наратыў, пабудаваны на выключэнні этнічных і рэлігійных меншасцей як маральна ніжэйшых. У Даніі ім супрацьпастаўляліся транс- і гамафобныя традыцыйныя і рэлігійныя (гэта значыць мусульманскія) супольнасці і культуры, арыентаваныя на сям’ю і пастаўленыя па-за нацыяй. У Нарвегіі патрабаванне сапраўднасці, што праяўляецца праз дэманстрацыю ўразлівасці і віктымнасці, ператварала нацыю ў прастору абароны. Але ўмовай гэтага было тое, што ЛГБТІ+-суб’екты мусілі сыграць ролю людзей, годных абароны.

Як было паказана ў артыкуле, у гэтых кантэкстах прывілеі сексуальнага грамадзянства, класа і беласці падтрымліваліся трансгранічнымі абменамі, і адначасова праводзілася мяжа з іншымі класавымі і расавымі саюзамі. Я падкрэсліла, што наратывы выратавання трэба разглядаць як такія, што цякуць па ўсім свеце ў розных кірунках дзякуючы матэрыяльным і дыскурсіўным трансгранічным абменам, а не рухаюцца толькі ў адзін бок. У гэтым кантэксце стратэгічнае ўжыванне гоманацыяналізму адкрывала магчымасці расхістаць выключэнні нацыянальных праектаў з немагчымай пазіцыі тых, хто не можа «не хацець правоў».

У гэтых кантэкстах гоманацыяналізму прасоўванне правоў транс-людзей і геяў як нацыянальных праектаў застаецца палкай пра два канцы: такія праекты пераплятаюцца з нацыянальнымі дыскурсамі пра гендар і сексуальнасць, якія «кадуюць расу і клас у сексуальных тэрмінах», як піша Міріям Тыкцін. З аднаго боку, гэтыя дыскурсы ствараюць перашкоды для транс- і квір-людзей, якія адмаўляюцца паўтараць такія выключальныя тропы і каму можа быць цяжка прыцягнуць увагу так званай прыязнай да транс-людзей або геяў дзяржавы глабальнай Поўначы/Захаду. З другога боку, калі гендар і сексуальнасць становяцца ключавымі элементамі аховы межаў сучаснай нацыі глабальнай Поўначы, розныя гоманацыяналістычныя праекты выкарыстоўваюць дыскурсы гендару і сексуальнасці, каб нанава перакроіць «матэрыяльную і сімвалічную прыналежнасць» да нацыі. Улічваючы, што прывязанасці і прыналежнасці ў такіх намаганнях накіраваныя ў розныя бакі, я лічу, што ў аналізе таго, як вырабляецца сексуальнае і (або) гендарнае адрозненне, і ў аналізе множных — і залежных ад кантэксту, і трансгранічных — формаў улады патрэбнае больш сістэмнае разуменне расізацыі і нацыянальнай прыналежнасці.


Mia Liinason, «Homonationalism across borders. Exploring cross-border exchange and strategic homonationalism in the construction of progressive nationalism», Sexualities, т. 26, № 1–2 (2023), с. 86–104; апублікавана анлайн 3 верасня 2022 г. Пераклад з англійскай паводле тэксту на сайце часопіса. Мы прапусцілі анатацыю, ключавыя словы, спіс літаратуры, падзякі, звесткі пра фінансаванне, зноскі і бібліяграфічныя спасылкі ў тэксце. Арыгінал распаўсюджваецца паводле ліцэнзіі Creative Commons Attribution 4.0 (CC BY 4.0), пераклад — на тых жа ўмовах.

Падзяліцца:TelegramBlueskyXFacebook

Яшчэ ў рубрыцы «Гендар»

Гендар

Свабода або смерць

1913 год. Лідарка брытанскіх суфражэтак Эмелін Панкхёрст тлумачыць амерыканскай публіцы, чаму жанчыны без права голасу вядуць грамадзянскую вайну, — і чаму ўраду застаецца толькі адзін выбар: даць ім свабоду або даць ім смерць.

Эмелін Панкхёрст ·

Гендар

Выбарчае права для жанчын

1851 год. Харыет Тэйлар Міл піша пра Нацыянальную канвенцыю за правы жанчын у Вустэры і даводзіць: роўныя правы — справа не ласкі і не спачування, а справядлівасці і дэмакратыі.

Харыет Тэйлар Міл ·

Гендар

Дэкларацыя правоў жанчыны і грамадзянкі

1791 год. Французская рэвалюцыя абвясціла правы чалавека і грамадзяніна — і забылася на палову грамадзян. Алімпія дэ Гуж адказала на гэта артыкул за артыкулам. Праз два гады яе пакаралі смерцю на гільятыне.

Алімпія дэ Гуж ·