Коры Доктараў — канадска-брытанскі пісьменнік-фантаст, журналіст і актывіст лічбавых правоў, звязаны з Electronic Frontier Foundation (EFF). Гэты тэкст — асноўнае эсэ выпуску яго блога Pluralistic ад 9 кастрычніка 2025 года; астатнія рубрыкі выпуску мы не перакладалі. Некалькі тагачасных рэалій (тлумачэнні рэдакцыі). RealPage — амерыканская кампанія з Тэхаса (з 2021 года належыць фонду прыватнага капіталу Thoma Bravo), чыя праграма YieldStar, пазней AI Revenue Management, падказвае арэндадаўцам, колькі браць за кватэры, і корміцца для гэтага непублічнымі данымі канкурэнтаў пра іх арэндную плату. Пасля расследавання ProPublica (кастрычнік 2022 года) арандатары падалі на RealPage дзясяткі пазоваў, а ў жніўні 2024 года Міністэрства юстыцыі ЗША разам з шэрагам штатаў абвінаваціла кампанію і буйных уладальнікаў жылля ў змове пра арэндную плату. Ужо пасля гэтага тэксту, у лістападзе 2025 года, міністэрства пры Трампе дамовілася з RealPage пра міравое пагадненне без штрафаў — толькі з абмежаваннямі на выкарыстанне даных; Доктараў потым назваў яго «лёгкім шлепаннем па руцэ». Agri Stats — сэрвіс «бенчмаркінгу» для мясной галіны, на які Міністэрства юстыцыі падало пазоў у 2023 годзе. Закон штата Каліфорнія AB 325 падпісаны губернатарам Гэвінам Ньюсамам у кастрычніку 2025 года і дзейнічае з 1 студзеня 2026 года. Словы пра штаты як «лабараторыі дэмакратыі» належаць суддзі Вярхоўнага суда ЗША Луісу Брэндайсу (1932). Мэт Столер — амерыканскі даследчык манаполій, аўтар кнігі «Goliath» і рассылкі BIG. «Выяўленая перавага» (revealed preference) — паняцце неакласічнай эканомікі: пра тое, чаго людзі хочуць, мяркуюць паводле таго, што яны ў выніку выбіраюць. Аптэчныя пасярэднікі (pharmacy benefit managers, PBM) — кампаніі, што ад імя страхоўшчыкаў дамаўляюцца пра цэны на лекі з вытворцамі і аптэкамі; тры найбуйнейшыя кантралююць большую частку рынку. Пра «займеннікі»: у пачатку 2025 года адміністрацыя Трампа загадала федэральным служачым прыбраць з подпісаў у электроннай пошце пазначэнне займеннікаў (she/her, he/him і г. д.) і згарнула праграмы разнастайнасці. Цытату з «Багацця народаў» Адама Сміта (1776) мы перакладаем самі. Спасылкі на крыніцы, якія ў арыгінале ідуць асобнымі радкамі, мы прапусцілі — іх можна знайсці ў арыгінале.
Як пісаў марксісцкі памфлетыст Адам Сміт у сваім ленінскім падручніку «Багацце народаў», «людзі аднаго рамяства рэдка збіраюцца разам, нават дзеля весялосці і забавы, але гутарка ў іх заўсёды завяршаецца змовай супраць грамадства або нейкай выдумкай, як падняць цэны».
Як на камуняку, гэты Адам Сміт выдатна разбіраўся ў тым, як думае бізнес. Змовы цэн старыя, як тыя лесапрамыслоўцы, што здзіралі з Ноя тры скуры за брусы для каўчэга, — і незаконныя, як мала што на свеце.
Але здзірцы на тое і здзірцы, каб здзіраць, а большую частку апошніх сарака гадоў рэгулятары манументальна не цікавіліся тым, каб бараніць грамадства ад гэтага грабяжу. Усё, чаго нашы рэгулятары патрабавалі ад здзірцаў, — каб тыя зачасалі на лысіну хоць самую рэдзенькую, самую непераканаўчую пасму, а рэгулятары ўзамен рабілі выгляд, што не бачаць бліскучай плешы, якая праз яе свеціцца.
«Адзін просты трук», да якога дадумаліся гэтыя хлопцы, — агульнагаліновыя «цэнавыя кансультацыі»: пасярэднікі, якія робяць выгляд, што даюць кожнаму прадаўцу на рынку асабістыя парады наконт цэн. Насамрэч такія кампаніі збіраюць цэны ўсіх буйных прадаўцоў на рынку, а потым раяць усім ім адначасова гэтыя цэны падняць.
Калі мы гаворым пра «інфляцыю прагнасці» (greedflation), мы маем на ўвазе не толькі аднаго прадаўца — скажам, буйную сетку крам, — які падымае цэны, бо ведае, што ўвесь рэгіён у яго ў кішэні. Такое таксама бывае, але куды шкадней, калі ўсе прадаўцы разам змаўляюцца падняць цэны праз пасярэдніка, які дазваляе ім рабіць выгляд (непераканаўча), быццам яны ўсяго толькі атрымліваюць «парады наконт цэн».
Вазьміце Agri Stats — змову, якая ні ад кога не хаваецца: яна збірае цэны ўсіх буйных мясакамбінатаў, а потым кажа ім усім задраць цэны на мяса.
А яшчэ ёсць RealPage — змова, якая збірае арэндную плату ўсіх уладальнікаў жылля ў вашым горадзе і «раіць» ім усім яе задраць. Арэндадаўцаў, якія не слухаюцца гэтых «парад», са змовы выкідваюць.
Вось праз гэтыя «цэнавыя кансультацыі» вы больш і не можаце дазволіць сабе ні гамбургер, ні кватэру. За адміністрацыі Байдэна Федэральная гандлёвая камісія ЗША (FTC) рыхтавала агульнанацыянальную забарону на ўсё гэта.
Вядома, калі ўладу ўзяў Трамп, яго FTC згарнула ўсю тую працу і замест яе завяла «лінію для даносаў», дзе супрацоўнікі FTC могуць паведамляць адзін на аднаго за «вокізм» (woke). І, ведаеце, справядліва: сачыць, каб ніхто на федэральнай службе не меў займеннікаў, куды важней, чым сачыць, каб вы маглі дазволіць сабе павячэраць і спаць пад дахам.

Але (як кажуць) штаты — лабараторыі дэмакратыі. Заканадаўчыя сходы штатаў (часам) бяруцца запаўняць пустэчы там, дзе Трамп падвёў амерыканскі народ. Якраз гэта і здарылася ў Каліфорніі, чацвёртай эканоміцы свету: губернатар Ньюсам толькі што падпісаў закон AB 325 і забараніў гэтыя цэнавыя кансультацыі.
Калі быць дакладным, закон робіць «незаконным для асобы выкарыстанне або распаўсюджванне агульнага алгарытму цэнаўтварэння, калі гэтая асоба прымушае іншую асобу ўсталяваць або прыняць цану ці камерцыйную ўмову, рэкамендаваную агульным алгарытмам цэнаўтварэння, для тых самых або падобных тавараў ці паслуг».
Як піша Мэт Столер, гэта можа падацца дробяззю, але насамрэч гэта вялізная ідэалагічная перамога і важная новая веха ў доўгай барацьбе за тое, каб дабіць палітычную ідэалогію, якая гасцінна сустракае алігархію.
Столер пераказвае гісторыю гэтага праалігархічнага руху і апісвае, як ён пачаўся з адмовы ад ранейшых рашэнняў Вярхоўнага суда, што забаранялі цэнавы прымус — напрыклад, калі картэль прымушае сваіх удзельнікаў трымаць высокія цэны. Чыкагская школа — фракцыя эканамістаў, якая ў гады Рэйгана заваявала свет, — адкідала любую палітыку, што брала пад увагу ролю ўлады ў эканоміцы. Яны настойвалі: калі работнікі згаджаюцца на галодны заробак, значыць, у іх «выяўленая перавага» (revealed preference) галадаць, — а зусім не таму, што ім патрэбны прафсаюз, які прымусіў бы начальства плаціць ім столькі, каб можна было жыць.
На месца такога аналізу, у цэнтры якога стаяла ўлада, Чыкагская школа паставіла тое, што назвала «эфектыўнасцю»:
Калі вас прымушаў дамінантны пастаўшчык, але эканаміст паказваў, што страт у аб’ёмах вытворчасці няма, — значыць, гэта была проста бойкая канкурэнцыя. Паступова ўяўленне, што антыманапольныя законы бароняць бізнес ад эканамічнага гвалту, сышло ў нябыт. Вынік — эканоміка машын прымусу: ад Amazon да аптэчных пасярэднікаў (pharmacy benefit managers) і RealPage.
Сама наяўнасць закона, у якім — у 2025 годзе, амаль праз паўстагоддзя неаліберальнай эпохі, — гаворыцца пра «прымус», азначае глыбокі ідэалагічны зрух, вяртанне да думкі, што над намі заўсёды вісіць пагроза «змовы супраць грамадства… нейкай выдумкі, як падняць цэны».
У пэўным сэнсе гэта толькі даводзіць, як мае рацыю Трамп: амерыканскаму ладу жыцця сапраўды пагражае радыкальная марксісцкая ідэалогія… Адама Сміта.
Cory Doctorow, «California bans algorithmic price-fixing», Pluralistic, 9 кастрычніка 2025. Пераклад з англійскай паводле тэксту на pluralistic.net; перакладзена асноўнае эсэ выпуску, спасылкі на крыніцы прапушчаныя. Арыгінал распаўсюджваецца паводле ліцэнзіі Creative Commons Attribution 4.0 (CC BY 4.0), пераклад — на тых жа ўмовах; цытаты іншых аўтараў пад гэтую ліцэнзію не падпадаюць.



