Да зместу
Левы часопіс на беларускай мове
Праксіс

Экалогія22 хвіліны чытання

Атлас мяса: клімат, лясы і людзі на бойнях

2021 год. Пяць мясамалочных гігантаў выкідаюць больш парніковых газаў, чым Exxon, соя для кармоў высякае лясы Бразіліі, а ковід выцягнуў на свет танную працу мігрантаў на бойнях. Раздзелы «Атласа мяса» пра клімат, работнікаў і карпарацыі — і пра тое, што можа зрабіць дзяржава.

Тэкст: Фонд Генрыха Бёля

Падзяліцца:TelegramBlueskyXFacebook
Калаж у зялёных колерах: доўгі цэх мясакамбіната пачатку XX стагоддзя, дзе рабочыя разбіраюць падвешаныя на крукох ялавічыя тушы, у зялёным тоне; справа — вялікі зялёны круг і чорны квадрат з подпісам «Swift & Co., Чыкага, 1917»; пад фота — чорная лінія, вялікі надпіс «Атлас мяса» і радок «2021 · клімат · бойні · карпарацыі».
Цэх разбору ялавічых туш на мясакамбінаце Swift & Co., Чыкага, 1917–1918 · Калаж: Праксіс. Фота: Swift & Co. / Нацыянальны архіў ЗША, грамадскі набытак

«Атлас мяса» (Meat Atlas) выдаюць нямецкі Фонд Генрыха Бёля, звязаны з партыяй «Саюз 90 / Зялёныя», еўрапейская сетка экалагічных арганізацый Friends of the Earth Europe («Сябры Зямлі — Еўропа») і яе нямецкі ўдзельнік BUND — Саюз аховы навакольнага асяроддзя і прыроды Германіі. Першы атлас выйшаў у 2013 годзе, новае, цалкам перапісанае выданне — у верасні 2021-га: каля трыццаці двухстаронкавых раздзелаў розных аўтараў, кожны з тэкстам і інфаграфікай. Мы пераклалі ўступ кіраўнікоў трох арганізацый, «Дванаццаць кароткіх урокаў» і пяць раздзелаў пра клімат і працу: «Бойні» (Петэр Бірке), «Карпарацыі» (Шэфалі Шарма), «Кармы» (Зільві Ланг), «Клімат» (Шэфалі Шарма) і «Актыўная дзяржава» (Лукас Паўль Фезенфельд). Астатнія раздзелы — пра спажыванне і гандаль, пестыцыды, ваду, антыбіётыкі, пандэміі, пастухоў-качэўнікаў, аграрную палітыку ЕС, «лабараторнае» мяса, насякомых і іншае — мы не перакладалі; прапушчаныя таксама інфаграфікі, подпісы да іх і спіс крыніц. Лічбы і падзеі даюцца па стане на 2021 год. Для кантэксту: пасля масавага заражэння на заводзе Tönnies Германія з 2021 года забараніла бойням і цэхам разбору туш наймаць работнікаў праз субпадрадчыкаў, а затым і праз агенцтвы часовай працы; Жаір Балсанару заставаўся прэзідэнтам Бразіліі да канца 2022 года. Адно ўдакладненне рэдакцыі пазначанае ў тэксце.


Уводзіны

Адно з галоўных патрабаванняў маладзёжнага кліматычнага руху Fridays for Future — «Слухайце навуку!». У часы ковіду ўрады часта раяцца з навукоўцамі і падладжваюць палітыку пад іх парады. А навукоўцы ўжо больш як дзесяць гадоў паўтараюць: рацыён, які шануе клімат і біяразнастайнасць, утрымлівае менш за палову таго мяса, што сёння ядуць у прамыслова развітых краінах.

Аднак амбіцыйны і рашучы паварот у аграрнай і харчовай палітыцы, які дапамог бы змагацца з кліматычным крызісам, усё яшчэ здаецца далёкім. Харчовы і аграрны сектар прамыслова развітых краін, на які прыпадае каля траціны сусветных выкідаў парніковых газаў, і блізка не робіць свайго справядлівага ўнёску ў іх скарачэнне.

Калі кліматычны крызіс не прымусіў біць трывогу, гэта павінен быў зрабіць ковід. Пашырэнне прамысловай сельскай гаспадаркі за кошт прыроды ставіць пад пагрозу здароўе ўсяго свету. Сусветная арганізацыя аховы здароўя не раз падкрэслівала, якую сур’ёзную небяспеку для здароўя чалавецтва нясуць зоанозы — інфекцыйныя хваробы, што перадаюцца праз жывёл, — цесна звязаныя з прамысловай вытворчасцю мяса і кармоў па ўсім свеце. Акрамя таго, у першую і другую хвалі пандэміі, калі мясакамбінаты ў многіх краінах ператварыліся ў ачагі інфекцыі, на свет выйшлі жахлівыя ўмовы працы на бойнях.

Мясная індустрыя праз усе крызісы застаецца з прыбыткам і пры гэтым амаль не падлягае рэгуляванню — і гэта прымушае спытаць, каго ж насамрэч слухаюць урады. Жывёлагадоўчыя карпарацыі распальваюць кліматычны крызіс, разганяюць высечку лясоў, ужыванне пестыцыдаў і страту біяразнастайнасці, зганяюць людзей з іхняй зямлі — і пры гэтым іх па-ранейшаму падтрымліваюць і фінансуюць наймагутнейшыя банкі і інвестары свету, многія з якіх еўрапейскія. Палітыка ж — ці то ў справе дабрабыту жывёл, ці гандлю, ці клімату — амаль не ставіць гэтай шкоднай галіне абмежаванняў. Строгіх і абавязковых правілаў для вытворцаў мяса часта ўдаецца дамагчыся толькі дзякуючы актыўнасці грамадзян — як у кампаніі End the Cage Age («Скончым эпоху клетак»). Гэтая Еўрапейская грамадзянская ініцыятыва за забарону трымаць жывёл у клетках у ЕС аб’яднала больш за 170 арганізацый, і яе падтрымалі 1,4 мільёна чалавек.

Грамадзяне даўно зразумелі, у чым праблема. Апытанне, праведзенае ў Германіі на замову аўтараў гэтага атласа, паказвае, што больш як дзве траціны маладога пакалення не прымаюць сённяшняй мясной індустрыі. Маладыя людзі лічаць вытворчасць мяса пагрозай для клімату і ўдвая часцей за насельніцтва ў цэлым выбіраюць вегетарыянскае або веганскае харчаванне. І яны чакаюць дзеянняў ад дзяржавы.

Што б ні казалі палітыкі, законы і правілы здольныя схіляць наш спажывецкі выбар на карысць устойлівасці і здароўя. Інструментаў для гэтага шмат: фіскальныя, інфармацыйныя, прававыя. Яны павінны ўвайсці ў еўрапейскія і нацыянальныя харчовыя стратэгіі — разам з мерамі, што падтрымліваюць устойлівую жывёлагадоўлю і пераход галіны да мадэляў, глыбей укаранёных у мясцовае жыццё, каб стварыць справядлівае і ўстойлівае харчовае асяроддзе. Гэтыя стратэгіі павінны таксама ўмацаваць экалагічнае і сацыяльнае заканадаўства і законы пра дабрабыт жывёл, каб прамысловая вытворчасць мяса арыентавалася не на колькасць, а на якасць.

Восем гадоў таму мы выдалі першы «Атлас мяса». З таго часу ў Еўропе і ў свеце шмат што змянілася. Прамысловае мяса стала вострай тэмай для грамадства, медыя і навукі. Спажыўцы ўсё часцей выбіраюць вегетарыянскія прадукты або мяса ўстойлівай вытворчасці. Відавочна, што многія людзі (асабліва маладыя) больш не хочуць мірыцца са шкодай, якую дзеля прыбытку чыніць мясная індустрыя, і ўсё больш цікавяцца кліматам, устойлівым развіццём, дабрабытам жывёл і харчовым суверэнітэтам — і змагаюцца за іх. Мы лічым гэта крокам, які дае надзею на будучыню, і хочам падмацаваць іхнюю пазіцыю ведамі з гэтага атласа.

Атлас створаны ў падтрымку ўсіх, хто дамагаецца кліматычнай справядлівасці і харчовага суверэнітэту і хоча берагчы прыроду. Ён прыводзіць новыя даныя і факты, паказвае сувязі паміж ключавымі праблемамі — і так робіць важны ўнёсак у працу многіх людзей, якія высвечваюць праблемы прамысловай вытворчасці мяса.

Барбара Унмюсіг, Фонд Генрыха Бёля

Олаф Бандт, Саюз аховы навакольнага асяроддзя і прыроды Германіі (BUND)

Ягада Муніч, Friends of the Earth Europe

Дванаццаць кароткіх урокаў пра мяса і свет

  • Сусветная вытворчасць мяса расце. Але каб зберагчы біяразнастайнасць і клімат, развітым краінам давядзецца ўдвая скараціць спажыванне мяса.
  • Больш за мільярд чалавек па ўсім свеце зарабляюць на жыццё гадоўляй жывёлы. Традыцыйная, беражлівая да прыроды жывёлагадоўля адступае пад ціскам прамысловай сельскай гаспадаркі.
  • Амаль дзве траціны з 600 мільёнаў бедных жывёлаводаў свету — жанчыны. Яны ў горшым становішчы, бо маюць абмежаваны доступ да зямлі, паслуг і права ўласнасці на гаспадарку.
  • Канфліктаў за зямлю становіцца ўсё больш — збольшага праз прамысловую вытворчасць мяса. Усё больш людзей гінуць, абараняючы права на зямлю.
  • Ужыванне антыбіётыкаў у жывёлагадоўлі робіць мікробы ўсё больш устойлівымі да іх. Гэта пагражае эфектыўнасці антыбіётыкаў — аднаго з найважнейшых сродкаў лячэння ў медыцыне.
  • Найбуйнейшыя вытворцы кармавых культур — адны з найбуйнейшых спажыўцоў пестыцыдаў, якія забруджваюць грунтавыя воды і шкодзяць біяразнастайнасці.
  • Пяцёрка найбуйнейшых вытворцаў мяса і малака выкідае столькі ж парніковых газаў, колькі нафтавы гігант Exxon.
  • Абвадненне асушаных тарфянікаў, якія займаюць 3% сельгасугоддзяў ЕС, дазволіла б пазбегнуць да чвэрці шкодных для клімату выкідаў.
  • У многіх краінах звычкі, прыклады для пераймання і рэклама разам з культурнымі традыцыямі заахвочваюць есці мяса. Харчовая індустрыя мае з такога становішча выгаду.
  • Фінансавыя інстытуцыі — дзяржаўныя і прыватныя банкі, пенсійныя і інвестыцыйныя фонды — падтрымліваюць прамысловую жывёлагадоўлю сотнямі мільярдаў еўра.
  • Замяннікі мяса могуць скараціць яго спажыванне. Іх рынак хутка расце. Раслінныя альтэрнатывы ўжо адыгрываюць вялікую ролю, а мяса, вырашчанае з клетак, — пакуль не.
  • Нягледзячы на глабальны ўплыў мяса, ніводная краіна ў свеце не мае стратэгіі, каб скараціць яго спажыванне або перабудаваць вытворчасць. Урады могуць адыграць тут вялікую ролю — праз законы.

Бойні: рубяць па-старому

Успышкі ковіду на бойнях і мясакамбінатах — толькі апошняя з доўгага шэрагу праблем мясной індустрыі. Нізкія заробкі, цяжкая праца і непэўная занятасць — вось цана, якую плацяць работнікі, каб забяспечыць нас танным мясам. А галіна спрабуе ўхіліцца ад адказнасці за годныя ўмовы працы для свайго персаналу.

На пачатку 2020 года высветлілася, што больш за 200 з 3700 супрацоўнікаў Smithfield у Су-Фолсе — аднаго з найбуйнейшых свінаперапрацоўчых прадпрыемстваў ЗША — заразіліся ковідам. Пасля ўмяшання федэральнага ўрада завод залічылі да «крытычнай інфраструктуры» і не закрылі адразу: маўляў, спыненне выкліча дэфіцыт. Вытворчасць спынілі на тры тыдні толькі пасля таго, як вірус падхапілі 700 работнікаў.

Су-Фолс не быў выключэннем. Масавыя заражэнні работнікаў здараліся на шматлікіх бойнях і мясакамбінатах па ўсім свеце. У мясной індустрыі Бразіліі заразіліся дзясяткі тысяч работнікаў, і дзясяткі з іх памерлі ў першую хвалю пандэміі. Птушкафабрыкі найбуйнейшых мясных кампаній свету, JBS і BRF, крытыкавалі за тое, што яны адмаўляліся даваць работнікам неабходныя сродкі аховы ад інфекцыі. Улады штата Рыу-Грандзі-ду-Сул звязалі траціну ўсіх выпадкаў ковіду з мясцовымі халадзільнямі. У штаце Мату-Гросу-ду-Сул на бойні буйной рагатай жывёлы, што належыць JBS, станоўчы тэст атрымала чвэрць работнікаў. На галоўным заводзе Tönnies, найбуйнейшага перапрацоўшчыка свініны ў Германіі, вірус выявілі ў больш як 1500 з 6100 супрацоўнікаў.

Ковідны крызіс высвеціў, наколькі дрэнныя ўмовы працы ў мясаперапрацоўцы па ўсім свеце. Распаўсюду віруса ў галіне спрыяў доўгі шэраг прычын: немагчымасць трымаць дыстанцыю, дрэннае жыллё работнікаў, адсутнасць інспекцый, холад і слабая вентыляцыя. Кіраўніцтва ж любіць вінаваціць ва ўспышках саміх работнікаў. Нават калі ў 2018 і 2019 гадах на нямецкіх прадпрыемствах выяўлялі туберкулёз, мэнэджары адмаўлялі сваю адказнасць. Падчас ковіду палітыкі і мэнэджары «тлумачылі» заражэнні расісцкімі стэрэатыпамі пра працоўных мігрантаў: нібыта «ўмовы жыцця пэўных культур» схіляюць работнікаў сяліцца цесна.

Крытыка ўмоў працы ў мясной індустрыі зусім не новая. У многіх краінах бойні наймаюць людзей, якіх іхні міграцыйны статус прымушае згаджацца на нізкія заробкі і дрэнныя ўмовы. Адпаведна, у многіх частках Еўропы тут вельмі высокая цякучасць кадраў. Вялікая частка персаналу мясной галіны — транскардонныя работнікі або мігранты як з краін ЕС, так і — усё часцей — з-за яго межаў. Праца часта фізічна цяжкая: аднастайныя паўторныя рухі рук, празмерна доўгія змены, небяспека для здароўя.

Даклад EFFAT, Еўрапейскай федэрацыі прафсаюзаў харчовай прамысловасці, сельскай гаспадаркі і турызму, папярэджвае: многіх работнікаў наймаюць праз агенцтвы часовай працы або субпадрадчыкаў, і гэта дазваляе мясакамбінатам ухіляцца ад адказнасці. У некаторых краінах субпадрадчыкі дзейнічаюць як фіктыўныя кааператывы, а работнікі лічацца самазанятымі. Практыка «камандзіравання» — калі работнікаў наймаюць у адной краіне, а працуюць яны ў іншай — яшчэ трапляецца, хоць і радзей. Часта сустракаюцца і фірмы-«паштовыя скрыні»: у іх паштовы адрас у адной краіне, а дзейнасць — у іншай. Такія хітрыкі дазваляюць наймальнікам абыходзіць больш строгія правілы краіны, дзе выконваецца праца, — пра аплату, сацыяльнае страхаванне і падаткі.

Велізарнае пашырэнне мясакамбінатаў і боень за апошнія гады суправаджалася ростам колькасці мігрантаў у галіне. Іншая яе прыкмета — інтэрнацыяналізацыя карпаратыўных структур. Напрыклад, Smithfield, найбуйнейшы вытворца свініны ў заходнім свеце з больш як 100 000 супрацоўнікаў, цяпер уваходзіць у WH Group са штаб-кватэрай у Ганконгу. JBS, бразільская ялавічная кампанія з больш як 200 000 работнікаў, ужо шмат гадоў працуе на рынку ЗША. У ЗША пагаршэнне ўмоў працы суправаджалася жорсткімі канфліктамі. З 1994 па 2008 год на Smithfield ішла працяглая барацьба за прафсаюзныя правы і годныя ўмовы працы. Хоць тая барацьба скончылася паразай работнікаў, патрабаванні лепшых працоўных і сацыяльных правоў і надзейнага права на жыхарства і сёння застаюцца на парадку дня. (Тут атлас недакладны: у снежні 2008 года работнікі найбуйнейшага завода Smithfield у Тар-Хіле, Паўночная Караліна, усё ж прагаласавалі за прафсаюз UFCW. — Заўв. рэд.)

Каб пакласці канец дрэнным умовам працы ў мясной індустрыі, еўрапейскія прафсаюзы харчовікоў патрабуюць ад ЕС юрыдычна абавязковага інструмента, які зрабіў бы наймальнікаў салідарна адказнымі па ўсім ланцужку субпадраду. Ён павінен прадугледжваць санкцыі, выплату запазычанасці і кампенсацыі, калі галіна парушае працоўнае заканадаўства. Патрэбнае менавіта агульнаеўрапейскае рашэнне, бо галіна мабільная. Бум нямецкай мясной індустрыі вырас з пераносу вытворчасці з Даніі і Нідэрландаў, дзе заробкі вышэйшыя, а калектыўныя дагаворы звычайна лепш абараняюць работнікаў.

Петэр Бірке

Калаж у зялёных колерах: рад рабочых у белых халатах і шапках стаіць уздоўж падвешаных на канвееры свіных туш, кожны робіць сваю аперацыю; справа — чорная рэйка з падвескамі рознай даўжыні і зялёны круг; унізе вялікі надпіс «Канвеер» і подпіс «Кожнаму — свая аперацыя. Swift & Co., Чыкага, 1917–1918».
Цэх разбору свіных туш на мясакамбінаце Swift & Co.: «у кожнага — сваё заданне». Чыкага, 1917–1918 · Калаж: Праксіс. Фота: Swift & Co. / Нацыянальны архіў ЗША, грамадскі набытак

Карпарацыі: ад фермы да вітрыны

Глабальныя мясныя кампаніі шмат у чым вызначаюць, як вырабляюць, перавозяць і прадаюць мяса і кармы. Ежа — гэта вялікі бізнес: сярод 100 найбуйнейшых вытворцаў ежы і напояў у свеце — 10 галоўных вытворцаў і перапрацоўшчыкаў мяса.

Дзесяць найбуйнейшых кампаній мясной галіны маюць штаб-кватэры ўсяго ў пяці месцах: у Бразіліі, ЗША, Кітаі, Японіі і Еўрапейскім Саюзе. Але яны пануюць на рынках па ўсім свеце і прысутнічаюць ва ўсіх галоўных мясных рэгіёнах. Гэтыя фірмы адказваюць за прамысловую гадоўлю і забой велізарнай колькасці жывёл. Бразільскі волат JBS засланяе ўсіх астатніх. У яго больш як 400 філіялаў у 15 краінах, і штодня ён забівае да 75 000 галоў буйной рагатай жывёлы, 115 000 свіней, 14 мільёнаў птушак і 16 000 ягнят. Разам гэта больш за 210 000 тон мяса на месяц. Другі па велічыні перапрацоўшчык, амерыканскі гігант Tyson Foods, забівае значна менш — але і гэта ашаламляльная колькасць жывёл: 22 000 галоў буйной рагатай жывёлы, 70 000 свіней і 7,8 мільёна курэй у дзень.

JBS, Tyson, Cargill і WH Group маюць філіялы па ўсёй Еўропе. Еўрапейскі прыбытак яны атрымліваюць, прадаючы свежае і замарожанае мяса, выгадаванае ў Еўропе або прывезенае з такіх краін, як Бразілія і Тайланд. Бразільскія кампаніі BRF і Marfrig пастаўляюць прадукцыю па Еўропе непасрэдна або праз размеркавальныя цэнтры. Праз зліцці і паглынанні гэтыя мясныя гіганты праглынаюць малыя і вялікія фірмы, каб умацаваць сваю ўладу на рынку.

Tyson умацаваў свае пазіцыі ў Еўропе, скупіўшы еўрапейскі бізнес BRF. JBS набыў брытанскага перапрацоўшчыка свініны, каб павялічыць сваю долю рынку, і рыхтуецца купіць нямецкую мясную кампанію Tönnies. Мільярдныя абароты маюць і еўрапейскія фірмы. Danish Crown (Данія), Groupe Bigard (Францыя), Tönnies (Германія), Coren (Іспанія) і Westfleisch (Германія) — сярод найбуйнейшых вытворцаў ялавічыны і свініны. Dawn Meats (Ірландыя) — лідар Еўропы па ялавічыне і бараніне, а LDC (Францыя), Plukon Food Group (Нідэрланды), Gruppo Veronesi (Італія) і PHW-Gruppe (Германія) — найбуйнейшыя перапрацоўшчыкі птушкі.

Такая ўлада на рынку дазваляе гэтым фірмам навязваць вытворцам нізкія закупачныя цэны, а часам і прымушаць фермераў прадаваць ніжэй за сабекошт. Наступствы не прымушаюць сябе чакаць: фермерам даводзіцца трымаць вялікае пагалоўе, каб не страціць магутных пакупнікоў, і часта яны трымаюцца толькі на дзяржаўных субсідыях.

У Германіі пяць кампаній — Tönnies, Westfleisch, Vion, Müller Group і Danish Crown — кантралююць дзве траціны ўсёй перапрацаванай свініны. У ЗША мясаперапрацоўка ў руках некалькіх карпарацый. На рынку ялавічыны JBS, Tyson, Cargill і Marfrig разам кантралююць 85%. На JBS, Tyson і Hormel прыпадае 66% свініны, а Tyson, JBS, Sanderson Farms і Perdue апрацоўваюць 51% курэй.

Міжнародная некамерцыйная сетка Agri Benchmark у 2019 годзе паведаміла, што дзякуючы аграрным субсідыям ЕС гаспадаркі ў цэлым заставаліся прыбытковымі, хоць на гадоўлі кароў і цялят неслі страты. Фірмы, што перапрацоўваюць ялавічыну, страцілі нават больш, чым фермеры, якія гадавалі жывёлу. Але і ад субсідый яны выйгравалі больш, бо многія з іх вырошчваюць яшчэ і кармавое збожжа. У 2016 годзе еўрапейская свініна каштавала ў сярэднім усяго 1,48 еўра за кілаграм. Еўрапейскія свінагадоўцы — акрамя бельгійскіх, дацкіх і іспанскіх — у сярэднім трацілі 7 цэнтаў на кожным выгадаваным кілаграме мяса.

Апроч ускосных субсідый, глабальныя мясныя гіганты атрымліваюць і асаблівую дзяржаўную дапамогу. Напрыклад, JBS атрымала 78 мільёнаў долараў з пакета дапамогі фермерам, які адміністрацыя Трампа ўвяла падчас гандлёвай вайны з Кітаем. Дарэчы, 20% JBS належыць Бразільскаму банку развіцця, які фінансуецца з падаткаў. У 2017 годзе бразільская пракуратура наклала на кампанію адзін з найбуйнейшых штрафаў за карупцыю ў карпаратыўнай гісторыі: высветлілася, што кіраўнікі JBS далі хабар амаль 1900 чыноўнікам, каб прасунуць свае бізнес-інтарэсы.

Некаторыя мясныя гіганты, як Cargill, цалкам належаць прыватным уласнікам. Іншыя хаця б часткова прадстаўленыя на біржах. Фінансавыя кампаніі — галоўныя інвестары, андэррайтары і крэдыторы галіны. Па даных няўрадавай арганізацыі Feedback, з 2015 па 2020 год больш як 2500 інвестыцыйных банкаў, прыватных банкаў і пенсійных фондаў з усяго свету ўклалі ў мясныя і малочныя кампаніі агулам 478 мільярдаў долараў. Сярод найбуйнейшых інвестараў — BlackRock, Capital Group, Vanguard і Дзяржаўны пенсійны фонд Нарвегіі.

Шэфалі Шарма

Кармы: соя, лес і саванна

Больш за траціну ўсіх сельскагаспадарчых культур свету трапляе ў страўнікі жывёлы. Толькі сої і кукурузы — мільярд тон на год. А кармавая і жывёлагадоўчая галіны хочуць павялічыць гэтую долю яшчэ больш.

Сусветнае спажыванне мяса расце ўжо шмат гадоў, а з ім — і попыт на кармы. Для інтэнсіўнай жывёлагадоўлі соя — адна з найважнейшых крыніц бялку ў кармах. З 2001 года міжнародны гандаль ёю вырас больш як упяцёра. Сою ўжываюць таксама ў ежы для людзей, у паліве і ў прамысловых матэрыялах, але амаль 90% яе трапляе ў кармушкі.

Найбуйнейшыя вытворцы сої — Бразілія (133 мільёны тон), ЗША (117 мільёнаў) і Аргенціна (53 мільёны). На гэтыя тры краіны ў 2019 годзе прыпала амаль 90% сусветнага экспарту сої. Найбуйнейшы экспарцёр — Бразілія з 74 мільёнамі тон, за ёй ідуць ЗША. Разам з пасевамі расла і доля зямлі пад генетычна мадыфікаванай соевай. У ЗША гэта цяпер 94%, а ў Бразіліі ўраджай 2017 года на 97% складаўся з генетычна мадыфікаваных сартоў. На сою прыпадае амаль палова ўсіх генетычна мадыфікаваных арганізмаў (ГМА) у свеце. Праз рост попыту на кармы плошчы пад соевай за апошнія 20 гадоў павялічыліся больш як на 70 мільёнаў гектараў.

Кітай — з вялікім адрывам найбуйнейшы вытворца і спажывец мяса ў свеце. Адпаведна вялікі і ягоны апетыт на кармы: Кітай — найбуйнейшы імпарцёр сої. У 2019 годзе ён купіў 74 мільёны тон бабоў — амаль дзве траціны ўсяго экспарту. Далей ідзе Еўрапейскі Саюз з 13 мільёнамі тон. Гандлёвыя патокі могуць мяняцца вельмі рэзка: са студзеня па травень 2020 года Кітай імпартаваў з Бразіліі амаль на 37% больш сої, а ў ЗША праз гандлёвую напружанасць купляў менш.

Сою перапрацоўваюць на кармы і прадаюць аграгандлёвыя кампаніі, што ўкладаюць грошы ў парты, судны і лагістыку па ўсім свеце. Найбуйнейшыя збожжатрэйдары — так званая чацвёрка ABCD: Archer Daniels Midland, Bunge, Cargill і Louis Dreyfus Commodities. У 2018 годзе разам з бразільскім трэйдарам Amaggi яны адказвалі за 56% бразільскага экспарту сої. Паколькі попыт расце, а ўраджайнасць на існых палях падняць цяжка, пад сою патрэбна ўсё больш зямлі. За 20 гадоў да 2019-га пасяўныя плошчы выраслі з 77 да 125 мільёнаў гектараў. Вырошчванне сої — цяпер другая ў свеце прычына высечкі лясоў пасля жывёлагадоўлі. Найперш у Бразіліі і Аргенціне лясы і стэпы ператвараюць у соевыя палі.

З 2006 па 2017 год у трапічным лесе Амазоніі і ў саване Серада — бразільскім сухім лесе, каштоўным сваёй біяразнастайнасцю, — было высечана і выкарчавана каля 220 000 квадратных кіламетраў. Гэта плошча Англіі, Уэльса і Шатландыі разам, або палова Францыі. Паводле даследавання ініцыятывы Trase (Transparency for Sustainable Economies — «Празрыстасць для ўстойлівай эканомікі»), большую частку гэтай зямлі ператварылі ў пашы, але 10% адразу пайшлі пад сою. Масавая высечка ў Серада мае простую прычыну — амазонскі мараторый, які з 2008 года паспяхова забараняе гандаль соей з участкаў, дзе высеклі трапічны лес, але толькі ў Амазоніі. Вытворчасць сої проста перамясцілася ў Серада.

Ніводзін з буйных збожжатрэйдараў не падтрымлівае патрабавання распаўсюдзіць мараторый на Серада. Cargill нават публічна выступіў супраць гэтай ідэі. Ды і ў Амазоніі мараторый дзейнічае толькі на землі, расчышчаныя менавіта пад сою. Соі, вырашчанай на зямлі, якую калісьці расчысцілі з іншай мэтай, ён не тычыцца. Таму большая частка новых соевых палёў — гэта былыя пашы, на месцы якіх калісьці быў лес або саванна.

Дасягнутае можна хутка страціць. Гэта паказалі лясныя пажары 2019 і 2020 гадоў — найперш вынік падсечна-агнявога земляробства, у тым ліку пад сою. Калі параўнаць спадарожнікавыя здымкі пажараў з картамі найбуйнейшых мясакамбінатаў і соевых элеватараў, відаць, што многія пажары бушавалі ў непасрэднай блізкасці ад гэтых заводаў, складоў і іншай інфраструктуры. Гэтаму спрыяла палітыка прэзідэнта Бразіліі Жаіра Балсанару, які ўвесь час аслабляў экалагічныя нормы краіны. Ён не толькі вітаў экспансію аграбізнесу ў трапічны лес і саванну, але і легалізаваў яе. У 2019 годзе тэмпы высечкі ў Бразіліі дасягнулі найвышэйшага ўзроўню з 2007/2008 года. Прагнозы абяцаюць далейшы рост.

Даследаванне, апублікаванае ў 2020 годзе ў аўтарытэтным часопісе Science, паказала, што 20% сої, якую ЕС імпартуе з Амазоніі і Серада, вырошчваюць на незаконна расчышчаных землях. Такім чынам, спажыванне мяса ў Еўропе наўпрост звязанае з высечкай лясоў у Бразіліі і з канфліктамі, якія яна спараджае. Апроч шкоды клімату і біяразнастайнасці, высечка выклікае спрэчкі за зямлю і парушае правы карэнных супольнасцей. Няўрадавая арганізацыя Global Witness кажа, што канфліктаў паміж мясцовымі супольнасцямі і вытворцамі сої і мяса становіцца ўсё больш — як і пагроз і гвалту супраць тых, хто абараняе зямлю продкаў і клімат. У 2019 годзе ў Бразіліі забілі 24 экаактывістаў, 90% з іх — у Амазоніі.

Зільві Ланг

Калаж у зялёных колерах: каўбоі на конях зганяюць вялікі статак кароў на бязмежнай прэрыі; за фота — чорны круг, справа — тры зялёныя слупкі, што растуць, як дыяграма выкідаў; унізе вялікі надпіс «14,5%» і подпіс «Доля жывёлагадоўлі ў сусветных выкідах. Збор статка, Дакота, 1887».
Збор статка на рацэ Бель-Фуш, тэрыторыя Дакота, 1887. Фота Джона Грабіла · Калаж: Праксіс. Фота: Джон Грабіл / Бібліятэка Кангрэса ЗША, грамадскі набытак

Клімат: лягчэйшы след капыта

Долю жывёлагадоўлі ў сусветных выкідах парніковых газаў прымяншаюць. Кліматычны след жывёл і кармоў, якія ім патрэбныя, вялікі. Але ёсць спосабы гэта змяніць.

Паводле Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (ФАО), у 2013 годзе на жывёлагадоўлю прыпадала 14,5% сусветных выкідаў парніковых газаў. ФАО ацэньвае, што 45% выкідаў, звязаных з жывёлагадоўляй, дае вытворчасць і перапрацоўка кармоў, а яшчэ 39% — кішачная ферментацыя, гэта значыць метан, які ўтвараецца ў стрававальным тракце жвачных: кароў, авечак, коз. Яшчэ 10% прыпадае на захоўванне і перапрацоўку гною.

Разам гэтыя выкіды складаюць 56–58% выкідаў харчовага сектара — хоць жывёла дае толькі 18% калорый і 37% бялку ў рацыёне насельніцтва Зямлі. Паводле Міжурадавай групы экспертаў па змене клімату (IPCC), на харчовы сектар прыпадае ад 21 да 37% сусветных выкідаў парніковых газаў. У 2018 годзе 17% выкідаў ЕС далі жывёлагадоўчыя гаспадаркі.

Пад жывёлагадоўлю занята каля 70% усіх сельскагаспадарчых зямель. Яе пашырэнне на лугі — пад пашы — і на іншыя экасістэмы — пад кармавыя культуры — прывяло да дэградацыі зямель, высечкі лясоў і страты біяразнастайнасці. Каля 40% сусветнай ворнай зямлі ідзе пад кармы. Калі кармоў спатрэбілася больш, бо вырасла вытворчасць свініны і птушкі, змена землекарыстання абярнулася стратай вугляроду і дадатковымі парніковымі газамі ад вытворчасці і ўнясення ўгнаенняў пад кармавыя культуры. Таму за апошнія два дзесяцігоддзі значныя выкіды давалі не толькі жвачныя, але і птушка і свінні.

У 2018 годзе дзве некамерцыйныя арганізацыі — GRAIN і Інстытут сельскагаспадарчай і гандлёвай палітыкі (IATP) — падлічылі выкіды 35 найбуйнейшых вытворцаў мяса і малочных прадуктаў у свеце. Вынікі ўразілі: усяго пяць мясамалочных гігантаў — JBS, Tyson, Cargill, Dairy Farmers of America і Fonterra — разам выкідаюць за год больш, чым такія нафтавыя волаты, як Exxon, Shell ці BP. А 20 жывёлагадоўчых кампаній агулам адказваюць за большыя выкіды парніковых газаў, чым Германія, Брытанія ці Францыя.

Каля 90% выкідаў мясных кампаній узнікае ў ланцужку паставак або паходзіць ад саміх жывёл. І ўсё ж ніводзін урад у свеце не абавязвае вытворцаў мяса ўлічваць свае выкіды або стандартызаваць мэты іх скарачэння так, каб кампаніі галіны можна было параўноўваць. Замест гэтага сектар абапіраецца на дабраахвотную справаздачнасць. Але свае выкіды раскрываюць нямногія кампаніі, не кажучы ўжо пра мэты іх скарачэння. У 2016 годзе толькі 3 мясныя кампаніі (JBS, Marfrig і NH Foods) паведамілі пра частку выкідаў са сваіх ланцужкоў паставак, і толькі адна з іх (NH Foods) дала праўдападобныя лічбы, што супалі з разлікамі даследчыкаў. Выкіды, пра якія справаздачыла JBS, склалі ўсяго 3% ад ацэнкі даследчыкаў. У 2016 годзе ніводная мясная кампанія ЕС не раскрыла выкідаў свайго ланцужка паставак.

Прапанаваныя рашэнні кліматычнай праблемы жывёлагадоўлі бываюць розных відаў. Мясныя кампаніі аддаюць перавагу зніжэнню выкідаў на кілаграм вырабленага мяса — так званай «інтэнсіўнасці выкідаў». Гэты падыход абапіраецца на далейшую інтэнсіфікацыю вытворчасці: больш мяса з адной жывёлы або менш корму на жывёлу — без абавязковага скарачэння пагалоўя. Аграрная навука і многія няўрадавыя арганізацыі лічаць ключом да аховы клімату скарачэнне вытворчасці і спажывання прадуктаў жывёльнага паходжання; іх галоўны лозунг — «менш, але лепш».

Трэці, дадатковы падыход, які навукоўцы рэкамендуюць, каб скараціць вытворчасць і спажыванне прадуктаў жывёлагадоўлі, — меры, што памяншаюць канкурэнцыю паміж ежай для людзей і кармамі для жывёл. Напрыклад, біямасу, непрыдатную ў ежу людзям, — рэшткі ўраджаю, харчовыя адходы і рэшткі раслін пасля перапрацоўкі — можна ператвараць у корм. Даследчыкі ацэньваюць, што так можна атрымаць ад 9 да 23 грамаў жывёльнага бялку на чалавека ў дзень — пры агульнай патрэбе ў 50–60 грамаў. Яны таксама высветлілі, што такое недарагое кармленне разам з адмовай ад канкурэнцыі паміж кармавымі і харчовымі культурамі можа скараціць выкіды парніковых газаў на 19–50%.

Акрамя таго, такія сістэмы ўтрымання жывёлы, як «адаптыўны выпас на шматлікіх загонах» (adaptive multi-paddock grazing), здольныя скараціць выкіды жывёлагадоўлі больш як напалову. Пры такой сістэме жывёла пераходзіць з аднаго асобнага загона ці пашы на іншы. Гэта не дае пашы выбівацца, дазваляе травам адрастаць паміж цыкламі выпасу і паўтарае рух пасвішчых жывёл у дзікай прыродзе. Даказана, што ў параўнанні са звычайнымі метадамі, калі шматлікае пагалоўе ўвесь час трымаюць на адной і той жа пашы, такая сістэма павышае ўраджайнасць пашы, паглынанне вугляроду і якасць корму. А калі ў інтэграванай сістэме жывёлагадоўлі адмовіцца ад збожжавых і замяніць іх бабовымі, што звязваюць азот, і сумессю шматгадовых траў, вытворчасць стане яшчэ і больш устойлівай да змены клімату.

Шэфалі Шарма

Актыўная дзяржава: як перабудаваць мясную сістэму

Рэпрэзентатыўныя апытанні ў розных краінах паказваюць нечакана шырокую падтрымку скарачэння спажывання мяса. Палітыкам трэба знайсці правільны пакет мер і правільны парадак іх увядзення, каб падштурхнуць пераход да больш устойлівай будучыні.

Калі свет хоча дасягнуць Парыжскіх кліматычных мэтаў і Мэтаў устойлівага развіцця ААН, нам давядзецца скараціць вытворчасць і спажыванне мяса. Найперш гэта тычыцца прамыслова развітых краін. Ключавую ролю павінна адыграць дзяржаўная палітыка. З боку прапановы магчымыя такія меры: больш строгія стандарты дабрабыту жывёл і экалагічныя нормы, адрасныя субсідыі на экалагічна прыязную вытворчасць, падтрымка раслінных прадуктаў і абмежаванне колькасці жывёл на гектар. З боку попыту — зніжкі на раслінныя прадукты, вышэйшыя падаткі на мяса, маркіроўка, што паказвае ўстойлівасць прадуктаў, і правілы, якія павялічваюць долю вегетарыянскіх страў у грамадскім харчаванні — у сталоўках прадпрыемстваў ці школ.

Такія меры трэба спалучаць у цэласныя палітычныя пакеты. Галоўная перашкода тут не тэхнічная, а палітычная. Пануючая ідэя «адказнасці спажыўца» іграе на руку ўплывовым групам інтарэсаў, якія выйграюць ад цяперашняй сістэмы і імкнуцца абмежаваць умяшанне дзяржавы ў тое, што людзі ядуць. Палітыкі баяцца канфлікту з такімі групамі і не хочуць грамадскага абурэння мерамі, што ўмешваюцца ў штодзённае жыццё людзей. Аднак даследаванні грамадскай думкі ў Кітаі, Бразіліі, ЕС, Індыі, Японіі, Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, Швейцарыі і ЗША паказваюць, што людзі на справе гатовыя скараціць спажыванне мяса і прымаюць палітычныя змены лягчэй, чым звычайна мяркуюць. Напрыклад, нядаўняе апытанне Еўрапейскага інвестыцыйнага банка — 30 000 рэспандэнтаў у 30 краінах — паказала, што скарачэнне спажывання чырвонага мяса дзеля барацьбы са змяненнем клімату падтрымліваюць 78% апытаных у Кітаі, 65% у ЕС і 54% у ЗША.

Падобным чынам даследаванне Швейцарскай вышэйшай тэхнічнай школы (ETH) у Цюрыху паказала, што больш за 50% грамадзян Кітая, Германіі і ЗША падтрымліваюць меры па скарачэнні спажывання мяса, нават калі гэта азначае вышэйшыя цэны і ўмяшанне ў прыватнае жыццё. Асабліва прыхільна ўспрымаліся меры, што ахопліваюць і вытворчасць, і спажыванне, — напрыклад, спалучэнне больш высокіх стандартаў дабрабыту жывёл, вышэйшых падаткаў на мяса, зніжак на раслінныя замяннікі мяса і фінансавай дапамогі малазабяспечаным сем’ям на куплю экалагічна прыязнай ежы.

Апытанне выявіла вялікую розніцу ў падтрымцы розных палітычных прапаноў: найпапулярнейшы пакет падтрымлівалі на 55% больш людзей, чым найменш папулярны. Значыць, калі правільна скампанаваць меры і ўводзіць іх у правільным парадку, можна знізіць палітычныя рызыкі і сабраць кааліцыі падтрымкі. Палітыкі павінны тлумачыць, навошта патрэбныя меры, якія скарачаюць попыт на мяса, — напрыклад, падкрэсліваючы іх карысць для клімату, а не спрабуючы перафарбаваць і схаваць выдаткі.

Апытанне таксама паказала, што ў Кітаі, Германіі і ЗША высокую падтрымку маюць меры на карысць замяннікаў мяса (напрыклад, адрасныя субсідыі іх вытворцам) і стымулы для расліннага харчавання (праз падатковыя льготы). Такія меры могуць запусціць змены ў спажыванні і поглядах, пасля якіх больш жорсткія меры па скарачэнні попыту — напрыклад, вышэйшыя падаткі на мяса — стануць палітычна магчымымі.

Нядаўняе даследаванне ў Кітаі і ЗША падкрэслівае: каб перабудаваць мясную сістэму, вельмі важны ўласны досвед людзей з расліннымі замяннікамі мяса. Хто ўжо спрабаваў іх, той з большай верагоднасцю скароціць спажыванне мяса і падтрымае палітыку, якая яго памяншае.

Палітыка можа таксама пашыраць выбар вегетарыянскіх страў у грамадскім харчаванні, зніжаць для спажыўцоў кошт раслінных варыянтаў і ствараць кааліцыі паміж вытворцамі такіх прадуктаў, рознічным гандлем, інвестарамі, няўрадавымі арганізацыямі і спажывецкімі суполкамі. Спалучэнне кампаній і маркіроўкі з большай даступнасцю замяннікаў мяса і вегетарыянскіх страў можа запусціць дабратворнае кола перамен. А большая грамадская падтрымка і лепшае разуменне праблем устойлівасці, звязаных з мясам, могуць адчыніць «вокны магчымасцей» для больш глыбокіх пераўтварэнняў.

Лукас Паўль Фезенфельд


Heinrich-Böll-Stiftung, Friends of the Earth Europe, BUND, «Meat Atlas: Facts and figures about the animals we eat», верасень 2021. Пераклад з англійскай паводле выдання на eu.boell.org; перакладзеныя ўступ, «Дванаццаць кароткіх урокаў» і раздзелы са с. 20–21, 26–27, 32–35 і 52–53, астатнія раздзелы, інфаграфікі і спіс крыніц прапушчаныя. Арыгінал (акрамя вокладкі і лагатыпаў) распаўсюджваецца паводле ліцэнзіі Creative Commons Attribution 4.0 (CC BY 4.0), пераклад — на тых жа ўмовах.

Падзяліцца:TelegramBlueskyXFacebook

Яшчэ ў рубрыцы «Экалогія»

Экалогія

Ціхія палі: насякомыя, пестыцыды і аграбізнес

2020 год. «Атлас насякомых» Фонду Генрыха Бёля і «Сяброў Зямлі»: насякомыя знікаюць найперш з палёў, а пестыцыдаў выліваецца ўсё больш — і дзве траціны рынку трымаюць чатыры канцэрны. Забароненае ў ЕС прадаюць у Кенію і Бразілію, субсідыі плацяць за гектары, а не за прыроду. Што трэба змяніць у палітыцы і на полі.

Фонд Генрыха Бёля ·

Экалогія

Этыка зямлі

1949 год. Лясны інжынер і эколаг Олда Леапольд, які не дажыў да выхаду сваёй кнігі, прапануе пашырыць этыку з адносін паміж людзьмі на зямлю — глебы, воды, расліны і жывёл. Ахова прыроды, што трымаецца толькі на эканамічнай выгадзе, не працуе: патрэбнае экалагічнае сумленне, якое робіць чалавека не заваёўнікам, а грамадзянінам супольнасці зямлі.

Олда Леапольд ·

Экалогія

Зялёны новы курс

2019 год. Кангрэсвумен Аляксандрыя Акасіа-Картэс і больш як шэсцьдзясят яе калег прапануюць ЗША дзесяцігадовую мабілізацыю: нулявыя выкіды, мільёны прафсаюзных працоўных месцаў, гарантаваная праца, жыллё і медыцына — і справядлівы пераход для тых, хто першым пакутуе ад змены клімату. Поўны тэкст рэзалюцыі H.Res.109.

Аляксандрыя Акасіа-Картэс ·