Да зместу
Левы часопіс на беларускай мове
Праксіс

Тэорыя33 хвіліны чытання

Аграрная справядлівасць

1797 год. Томас Пэйн даводзіць, што зямля ад прыроды — агульная ўласнасць чалавецтва, і таму кожны ўладальнік зямлі вінен грамадству рэнту. З дзесяціны ад кожнай спадчыны ён прапануе стварыць нацыянальны фонд: 15 фунтаў кожнаму ў 21 год і па 10 фунтаў штогод кожнаму пасля 50. «Я дамагаюся не дабрачыннасці, а права».

Тэкст: Томас Пэйн

Падзяліцца:TelegramBlueskyXFacebook
Калаж: злева — гравюрны партрэт Томаса Пэйна ў сінім дуатоне: немалады мужчына з кучаравымі валасамі, у камзоле і шыйнай хустцы, глядзіць з лёгкай усмешкай. Справа ўверсе ў вялікім сінім крузе — чорна-белы гравюрны партрэт Гракха Бабёфа ў высокім капелюшы, побач нахілены чорны квадрат і подпіс «Гракх Бабёф · 1794 · «змова роўных»». Ніжэй — злёгку нахілены французскі асігнат на чатырыста ліўраў з арлом і словамі «République française». Унізе пад чорнай рысай — вялікі надпіс «Справядлівасць» і подпісы «Томас Пэйн · «Аграрная справядлівасць» · 1797», «не дабрачыннасць, а права».
Томас Пэйн на гравюры Уільяма Шарпа з партрэта Джорджа Ромні, 1793; Гракх Бабёф на гравюры Франсуа Банвіля, 1794; асігнат на 400 ліўраў, 1792 · Калаж: Праксіс. Гравюры: Нацыянальная партрэтная галерэя, Лондан (Пэйн), Wikimedia Commons (Бабёф, асігнат) — грамадскі набытак

Томас Пэйн (1737–1809) — англійскі памфлетыст, адзін з ідэолагаў Амерыканскай рэвалюцыі (памфлет «Здаровы сэнс», 1776) і абаронца Французскай («Правы чалавека», 1791–1792). У 1792 годзе яго, ганаровага грамадзяніна Францыі, абралі ў Нацыянальны канвент; там ён быў блізкі да жырандыстаў і выступаў супраць пакарання Людовіка XVI смерцю, а ў снежні 1793 года, пры якабінцах, быў арыштаваны і амаль год прасядзеў у турме Люксембург. Пасля вызвалення ён вярнуўся ў Канвент. «Аграрную справядлівасць» Пэйн, паводле яго ўласных слоў, напісаў зімой 1795–1796 года, калі пасля турмы цяжка хварэў і жыў у доме амерыканскага пасла Джэймса Манро. Францыя тады жыла паводле Канстытуцыі III года (1795): выканаўчую ўладу мела Дырэкторыя з пяці чалавек, заканадаўчую — два саветы, а галасаваць маглі толькі тыя, хто плаціў прамы падатак; супраць гэтага цэнзу Пэйн выступаў яшчэ ў Канвенце. Вясной 1796 года Гракх Бабёф і яго паплечнікі па «Змове роўных» рыхтавалі паўстанне, каб скінуць Дырэкторыю і ўсталяваць агульную ўласнасць на зямлю і яе плён; 10 мая 1796 года змову раскрылі, а 27 мая 1797 года, пасля суда ў Вандоме, Бабёфа і Агюстэна Дартэ пакаралі смерцю. Пэйн выдаў свой план у 1797 годзе ў Парыжы па-французску, з прысвячэннем Заканадаўчаму корпусу і Дырэкторыі, а неўзабаве і па-англійску (у Парыжы, Лондане і Філадэльфіі); англійскае выданне адкрывалася прадмовай, накіраванай супраць біскупа Рычарда Уотсана, які напісаў пропаведзь пра тое, што Бог «стварыў і багатых, і бедных». Шматкроп’і ў гэтай прадмове — пропускі лонданскіх выдаўцоў. «Аграрным законам» у Рыме называлі законы пра перадзел дзяржаўных зямель, звязаныя з імёнамі братоў Гракхаў (адсюль і псеўданім Бабёфа); у рэвалюцыйнай Францыі так называлі ідэю ўраўняльнага перадзелу ўсёй зямлі, і 18 сакавіка 1793 года Канвент увёў за прапанову такога закона смяротнае пакаранне. Пэйн адмаўляецца і ад перадзелу, і ад «аграрнай манаполіі»: уладальнік апрацаванай зямлі, лічыць ён, вінен грамадству рэнту за саму зямлю, і гэтую рэнту трэба браць дзясятай часткай кожнай спадчыны, каб з нацыянальнага фонду кожны — багаты і бедны — атрымліваў 15 фунтаў стэрлінгаў у 21 год, а пасля 50 гадоў — па 10 фунтаў штогод; тое ж атрымліваюць сляпыя і калекі. Таму «Аграрную справядлівасць» часта называюць адным з першых праектаў усеагульнага базавага даходу і «базавага капіталу» для моладзі, а таксама дзяржаўных пенсій і сацыяльнага страхавання. Некалькі тлумачэнняў ад рэдакцыі. «Цяперашняя вайна» — вайна Першай кааліцыі еўрапейскіх манархій, у тым ліку Вялікабрытаніі і Аўстрыі, супраць Францыі; Уільям Піт Малодшы — прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі, які падтрымліваў раялістаў-эмігрантаў. Бельгію Францыя анексавала ў 1795 годзе. «Нацыянальныя маёнткі» — канфіскаваныя ў царквы і эмігрантаў землі, якія дзяржава прадавала. Танціна — спосаб калектыўнага ўкладу, у якім даход з агульнага капіталу дзеляць паміж удзельнікамі. Самуэль Хорслі, біскуп Рачэстэрскі, у 1795 годзе заявіў у Палаце лордаў, што не ведае, якая справа масе народа да законаў, акрамя як падпарадкоўвацца ім. Вобраз індзейцаў Паўночнай Амерыкі як людзей у «натуральным стане» — тыповая для XVIII стагоддзя ідэалізацыя. Пераклад зроблены з англійскага тэксту паводле выдання Монкюра Конўэя (1895), дзе дададзеныя два сказы, прапушчаныя ў англійскіх выданнях 1797 года; прысвячэнне Заканадаўчаму корпусу і Дырэкторыі захавалася толькі ў французскім выданні, і мы перакладаем яго паводле англійскага перакладу Конўэя. Табліцы з разлікамі Пэйна мы падаём спісамі; лічбы — аўтарскія.


Да Заканадаўчага корпуса і Выканаўчай дырэкторыі Французскай Рэспублікі

План, выкладзены ў гэтай працы, не прыстасаваны для адной якой-небудзь асобнай краіны: прынцып, на якім ён грунтуецца, — агульны. Але правы чалавека — новая навука ў гэтым свеце, і ёй патрэбна абарона ад папоўскага ашуканства і ад нахабства прыгнёту, які занадта доўга панаваў; таму я палічыў правільным аддаць гэтую невялікую працу пад вашу ахову. Калі падумаць, у якой доўгай і густой ночы трымалі Францыю і ўсю Еўропу іх урады і іх святары, то разгубленасць, якую выклікаў першы выбліск святла, што разганяе цемру, мусіць нас не так здзіўляць, як засмучаць. Вока, звыклае да цемры, спачатку ледзь вытрымлівае ясны дзень. Вока вучыцца бачыць праз звычку, і так бывае пры любым пераходзе ад аднаго стану да процілеглага.

Мы не адмовіліся ад усіх сваіх памылак адным махам — і таму не можам адным махам спазнаць усе свае правы. Францыя мае гонар, што дадала да слова «Свабода» слова «Роўнасць»; а гэтае слова па сутнасці азначае прынцып, які не церпіць ніякіх ступеняў у тых рэчах, да якіх ён прыкладаецца. Але роўнасць часта разумеюць няправільна, часта ўжываюць не да месца і часта парушаюць.

«Свабода» і «Уласнасць» — словы, якімі мы называем усё, што маем, акрамя набытку інтэлектуальнага. Ёсць два роды ўласнасці. Па-першае, уласнасць натуральная, тая, што дасталася нам ад Стваральніка сусвету, — такая, як зямля, паветра, вада. Па-другое, уласнасць штучная, ці набытая, — вынаходства людзей. У гэтай апошняй роўнасць немагчымая: каб падзяліць яе пароўну, трэба было б, каб усе ўнеслі ў яе аднолькавы ўклад, а так не бывае ніколі; а калі так, то кожны трымаецца сваёй уласнасці як належнай яму долі. Роўнасць натуральнай уласнасці — вось тэма гэтага невялікага нарыса. Кожны чалавек на свеце нараджаецца з законнымі правамі на пэўны від уласнасці або на яе раўнацэннік.

Права галасаваць за людзей, якім даручана выконваць законы, што кіруюць грамадствам, закладзенае ў самім слове «Свабода» і складае роўнасць асабістых правоў. Але нават калі б гэтае права (галасаваць) было закладзенае ва ўласнасці — а я гэта адмаўляю, — выбарчае права ўсё роўна належала б усім пароўну, бо, як я сказаў, усе людзі ад нараджэння маюць законныя правы на пэўны від уласнасці.

Я заўсёды лічыў цяперашнюю Канстытуцыю Французскай Рэспублікі найлепш арганізаванай сістэмай, якую дагэтуль стварыў чалавечы розум. Але спадзяюся, мае былыя калегі не пакрыўдзяцца, калі я папярэджу іх пра памылку, што закралася ў яе прынцып. Роўнасць выбарчага права ў ёй не захаваная. Гэтае права звязана ў ёй з умовай, ад якой яно не павінна залежаць, — з выплатай пэўнай долі падатку, які называецца «прамым». Так прыніжаецца годнасць выбарчага права; і, кладучы яго на шалі разам з рэччу ніжэйшага парадку, мы змяншаем той запал, які гэтае права здольнае абудзіць. Для выбарчага права немагчыма знайсці ніякай раўнацэннай процівагі, бо толькі яно само вартае быць сваёй асновай і не можа квітнець як прышчэпа ці дадатак.

Пасля таго як Канстытуцыя была ўстаноўленая, мы бачылі, як разбіліся дзве змовы — Бабёфа і нейкіх цёмных асоб, што ўпрыгожваюць сябе пагардлівай назвай «раялістаў». Загана ў прынцыпе Канстытуцыі і стала крыніцай змовы Бабёфа. Ён скарыстаўся абурэннем, якое выклікала гэтая загана, і, замест таго каб шукаць выпраўлення законнымі і канстытуцыйнымі сродкамі або прапанаваць нейкую карысную для грамадства меру, змоўшчыкі рабілі ўсё, каб зноў пасеяць беспарадак і замяшанне, і самі абвясцілі сябе Дырэкторыяй, што па самой сваёй форме руйнуе выбары і прадстаўніцтва. Урэшце яны дайшлі да такой недарэчнасці, што спадзяваліся, быццам грамадства, занятае сваімі ўласнымі справамі, сляпа аддасць ім кіраўніцтва, захопленае гвалтам.

Праз некалькі месяцаў пасля змовы Бабёфа была змова раялістаў, якія па дурноце цешылі сябе думкай, што зробяць вялікія справы слабымі або подлымі сродкамі. Яны разлічвалі на ўсіх незадаволеных, з якой бы прычыны тыя ні былі незадаволеныя, і спрабавалі ў сваю чаргу ўзняць той клас людзей, што ішоў за іх папярэднікамі. Але гэтыя новыя правадыры паводзілі сябе так, быццам думалі, што грамадства больш за ўсё клапоціцца пра тое, каб утрымліваць прыдворных, пенсіянераў і ўсю іх світу пад пагардлівым тытулам каралеўскай улады. Мой невялікі нарыс развее іх ілюзіі: ён пакажа, што грамадства імкнецца да зусім іншай мэты — утрымліваць самога сябе.

Мы ўсе ведаем ці павінны ведаць, што час, калі рэвалюцыя яшчэ ідзе, — не той час, калі можна карыстацца яе плёнам. Але калі б Бабёф і яго паплечнікі ўзялі пад увагу становішча Францыі пры гэтай канстытуцыі і параўналі яго з тым, якім яно было пры трагічным рэвалюцыйным урадзе і ў часы агіднага панавання Тэрору, хуткасць перамен мусіла б уразіць і здзівіць іх. Голад змяніўся дастаткам і абгрунтаванай надзеяй на блізкі і ўсё большы дабрабыт.

Што да заганы ў Канстытуцыі, я цвёрда перакананы, што яе выправяць канстытуцыйным шляхам і што гэты крок неабходны: пакуль яна застаецца, яна будзе жывіць надзеі змоўшчыкаў і даваць ім сродкі; і ўвогуле шкада, што так мудра арганізаваная Канстытуцыя так моцна памыляецца ў сваім прынцыпе. Гэтая загана выстаўляе яе і на іншыя небяспекі, якія яшчэ дадуць пра сябе знаць. Кандыдаты-інтрыганы будуць хадзіць да тых, хто не мае чым заплаціць прамы падатак, і плаціць за іх — з умовай, што атрымаюць іх галасы. Будзем жа непарушна захоўваць роўнасць у святым праве голасу: больш трывалай асновы грамадская бяспека мець не можа. Прывітанне і братэрства.

Ваш былы калега

Томас Пэйн

Прадмова да англійскага выдання

Гэтая невялікая праца была напісаная зімой 1795–1796 года; і паколькі я не вырашыў, ці друкаваць яе падчас цяперашняй вайны, ці чакаць, пакуль настане мір, яна ляжала ў мяне без зменаў і дапаўненняў з таго часу, як была напісаная.

Надрукаваць яе цяпер мяне падштурхнула пропаведзь, якую прачытаў Уотсан, біскуп Ландафскі. Некаторыя мае чытачы памятаюць, што гэты біскуп напісаў кнігу пад назвай «Апалогія Бібліі» ў адказ на другую частку майго «Веку розуму». Я здабыў сабе асобнік яго кнігі, і ён можа быць упэўнены, што яшчэ пачуе ад мяне на гэтую тэму.

У канцы кнігі біскупа змешчаны спіс твораў, якія ён напісаў, і сярод іх — згаданая пропаведзь; яна называецца: «Мудрасць і дабрыня Божая ў тым, што Ён стварыў і багатых, і бедных; з дадаткам, які ўтрымлівае разважанні пра цяперашні стан Англіі і Францыі».

Памылка, што змяшчаецца ў гэтай пропаведзі, і прымусіла мяне выдаць маю «Аграрную справядлівасць». Няпраўда, быццам Бог стварыў багатых і бедных: Ён стварыў толькі мужчыну і жанчыну і даў ім зямлю ў спадчыну. …

Замест таго каб прапаведаваць, падбадзёрваючы адну частку чалавецтва ў нахабстве, … лепш было б, каб святары аддавалі свой час таму, каб зрабіць агульнае становішча чалавека менш жаласным, чым яно ёсць. Практычная рэлігія ў тым, каб рабіць дабро; і адзіны спосаб служыць Богу — старацца зрабіць шчаслівым Яго стварэнне. Усякая пропаведзь, у якой няма гэтай мэты, — лухта і крывадушнасць.

Томас Пэйн

Аграрная справядлівасць, супрацьпастаўленая аграрнаму закону і аграрнай манаполіі

Захаваць дабрадзействы таго, што завецца цывілізаваным жыццём, і ў той жа час выправіць зло, якое яно спарадзіла, — вось што трэба лічыць адной з першых задач рэфармаванага заканадаўства.

Ці больш пасадзейнічаў агульнаму шчасцю чалавека, ці больш пашкодзіў яму той стан, які горда — а мабыць, і памылкова — называюць цывілізацыяй, — пытанне, пра якое можна заўзята спрачацца. З аднаго боку, гледача асляпляе бляск; з другога — жахаюць крайнасці галечы; і тое, і другое ўзвяла цывілізацыя. Найбагацейшых і найняшчаснейшых людзей на свеце трэба шукаць менавіта ў краінах, якія завуцца цывілізаванымі.

Каб зразумець, якім павінен быць стан грамадства, трэба мець нейкае ўяўленне пра натуральны і першапачатковы стан чалавека — такі, які і сёння можна бачыць у індзейцаў Паўночнай Амерыкі. У тым стане няма ніводнага з тых відовішчаў чалавечага няшчасця, якія беднасць і нястача выстаўляюць перад нашымі вачыма ва ўсіх гарадах і на ўсіх вуліцах Еўропы. Значыць, беднасць — гэта рэч, створаная тым, што завецца цывілізаваным жыццём. У натуральным стане яе не існуе. З другога боку, натуральны стан пазбаўлены тых выгод, што даюць земляробства, рамёствы, навука і мануфактуры.

Жыццё індзейца — суцэльнае свята ў параўнанні з жыццём еўрапейскага бедняка; і, з другога боку, яно здаецца жабрацкім у параўнанні з жыццём багатага. Такім чынам, цывілізацыя, ці тое, што так завецца, дзейнічала ў два бакі: адну частку грамадства яна зрабіла больш заможнай, а другую — больш няшчаснай, чым выпала б і той, і другой у натуральным стане.

З натуральнага стану заўсёды можна перайсці ў цывілізаваны, але з цывілізаванага ў натуральны вярнуцца немагчыма ніколі. Прычына ў тым, што чалавеку ў натуральным стане, які жыве з палявання, каб пракарміцца, трэба ўдзесяцера больш зямлі, чым спатрэбілася б яму ў стане цывілізаваным, дзе зямлю апрацоўваюць. Таму, калі краіна стала густанаселенай дзякуючы дадатковай падтрымцы земляробства, рамёстваў і навукі, гэты стан неабходна захоўваць, бо без яго пракарміцца змагла б, мабыць, не больш як дзясятая частка жыхароў. Такім чынам, цяпер трэба зрабіць вось што: выправіць зло і захаваць дабрадзействы, якія ўзніклі для грамадства пры пераходзе ад натуральнага стану да таго, што завецца цывілізаваным.

Калі падыходзіць да справы з гэтага боку, першым прынцыпам цывілізацыі павінна было быць — і павінна быць і цяпер — тое, што становішча кожнага чалавека, народжанага на свет пасля таго, як пачаўся цывілізаваны стан, не павінна быць горшым, чым калі б ён нарадзіўся раней. Але факт у тым, што становішча мільёнаў у кожнай краіне Еўропы куды горшае, чым калі б яны нарадзіліся да пачатку цывілізацыі або нарадзіліся сёння сярод індзейцаў Паўночнай Амерыкі. Я пакажу, як так атрымалася.

Нельга аспрэчыць таго палажэння, што зямля ў сваім натуральным, неапрацаваным стане была і заўсёды заставалася б агульнай уласнасцю роду чалавечага. У тым стане кожны чалавек нараджаўся б уласнікам. Ён быў бы пажыццёвым саўладальнікам, разам з усімі іншымі, глебы і ўсіх яе натуральных плёнаў, раслінных і жывёльных.

Але зямля ў натуральным стане, як ужо сказана, здольная пракарміць толькі невялікую колькасць жыхароў у параўнанні з тым, колькі яна можа пракарміць у стане апрацаваным. А паколькі немагчыма аддзяліць паляпшэнне, зробленае апрацоўкай, ад самой зямлі, на якой гэтае паляпшэнне зроблена, з гэтай непарыўнай сувязі і ўзнікла ідэя зямельнай уласнасці; і ўсё ж праўда і тое, што асабістай уласнасцю з’яўляецца толькі вартасць паляпшэння, а не сама зямля. Таму кожны ўладальнік апрацаванай зямлі вінен грамадству за зямлю, якую ён трымае, зямельную рэнту (лепшага слова для гэтай ідэі я не ведаю); і менавіта з гэтай зямельнай рэнты і павінен паходзіць фонд, прапанаваны ў гэтым плане.

І з прыроды самой рэчы, і з усіх гісторый, што да нас дайшлі, можна вывесці, што ідэя зямельнай уласнасці пачалася разам з земляробствам і што да таго часу ніякай зямельнай уласнасці не было. Яе не магло быць у першым стане чалавека — стане паляўнічых. Не было яе і ў другім стане — стане пастухоў: ні Абрагам, ні Ісаак, ні Якаў, ні Іоў, наколькі можна давяраць біблейскай гісторыі ў праўдападобных рэчах, не былі ўладальнікамі зямлі. Іх уласнасць, як там заўсёды пералічваецца, складалася з атар і статкаў, і яны вандравалі з імі з месца на месца. Частыя спрэчкі ў той час за карыстанне калодзежам у сухой краіне Аравіі, дзе жылі тыя людзі, таксама сведчаць, што зямельнай уласнасці не было. Не прызнавалася, што зямлю можна прысвоіць як уласнасць.

Першапачаткова ніякай зямельнай уласнасці быць не магло. Не чалавек стварыў зямлю, і хоць ён меў натуральнае права займаць яе, ён не меў права навечна прысвойваць як сваю ўласнасць ніякую яе частку; і Стваральнік зямлі таксама не адкрываў зямельнай канторы, адкуль выдаваліся б першыя дакументы на ўласнасць. Адкуль жа тады ўзнікла ідэя зямельнай уласнасці? Адказваю, як і раней: калі пачалося земляробства, з ім пачалася і ідэя зямельнай уласнасці — бо немагчыма было аддзяліць паляпшэнне, зробленае апрацоўкай, ад самой зямлі, на якой гэтае паляпшэнне было зроблена. Вартасць паляпшэння ў той час настолькі перавышала вартасць натуральнай зямлі, што паглынула яе; пакуль нарэшце агульнае права ўсіх не змяшалася з правам асобнага чалавека на апрацаванае. Але гэта, тым не менш, розныя віды правоў, і яны застануцца рознымі, пакуль стаіць зямля.

Толькі прасачыўшы рэчы да іх пачатку, мы можам скласці пра іх правільныя ўяўленні; і толькі склаўшы такія ўяўленні, мы знаходзім мяжу, якая аддзяляе права ад бяспраўя і вучыць кожнага ведаць сваё. Я назваў гэты трактат «Аграрная справядлівасць», каб адрозніць яго ад аграрнага закону. Нішто не было б больш несправядлівым за аграрны закон у краіне, палепшанай апрацоўкай: бо хоць кожны чалавек як жыхар зямлі з’яўляецца яе саўладальнікам у яе натуральным стане, з гэтага не вынікае, што ён саўладальнік зямлі апрацаванай. Дадатковая вартасць, створаная апрацоўкай, пасля таго як гэтая сістэма была прынятая, стала ўласнасцю тых, хто яе стварыў, або тых, хто атрымаў яе ад іх у спадчыну, або тых, хто яе купіў. Першапачаткова ў яе не было ўладальніка. Таму, абараняючы права і ўступаючыся за цяжкую долю ўсіх тых, каго ўвядзенне сістэмы зямельнай уласнасці выкінула з іх натуральнай спадчыны, я гэтак жа бараню права ўладальніка на тую частку, што належыць яму.

Земляробства — гэта, прынамсі, адно з найвялікшых натуральных паляпшэнняў, якія калі-небудзь прыдумаў чалавек. Яно надало створанай зямлі ўдзесяцера большую вартасць. Але зямельная манаполія, што пачалася разам з ім, спарадзіла найвялікшае зло. Яна пазбавіла больш як палову жыхароў кожнага народа іх натуральнай спадчыны, не даўшы ім, як належала б, кампенсацыі за гэтую страту, і тым самым стварыла такую беднасць і галечу, якіх раней не было.

Уступаючыся за людзей, такім чынам пазбаўленых спадчыны, я дамагаюся права, а не дабрачыннасці. Але гэта такое права, якое, будучы спачатку занядбаным, не магло быць заяўлена пасля, пакуль неба не адкрыла шлях рэвалюцыяй у сістэме кіравання. Дык ушануем жа рэвалюцыі справядлівасцю і дадзім хаду іх прынцыпам праз дабрадзействы.

Выклаўшы, такім чынам, у некалькіх словах сутнасць справы, я перайду цяпер да плана, які хачу прапанаваць. Ён такі:

Стварыць нацыянальны фонд, з якога кожнаму чалавеку, калі яму споўніцца дваццаць адзін год, будзе выплачвацца сума ў пятнаццаць фунтаў стэрлінгаў — як частковая кампенсацыя за страту яго ці яе натуральнай спадчыны праз увядзенне сістэмы зямельнай уласнасці;

а таксама выплачваць па дзесяць фунтаў стэрлінгаў штогод, пажыццёва, кожнаму, хто цяпер жывы і каму ўжо споўнілася пяцьдзясят гадоў, і ўсім астатнім — па меры таго, як яны будуць дасягаць гэтага ўзросту.

Графічны калаж без фота: вялікі сіні круг з лічбай «15» і подпісам «фунтаў · у 21 год», побач нахілены чорны квадрат з лічбай «10» і подпісам «фунтаў штогод · з 50»; справа — сіні трохвугольнік, чорнае кальцо і сіняя рыса. Унізе пад чорнай рысай — вялікі надпіс «Зямля» і подпісы «агульная ўласнасць роду чалавечага», «зямельная рэнта · дзясятая частка спадчыны».
Дзве выплаты з плана Пэйна: 15 фунтаў стэрлінгаў кожнаму ў 21 год і 10 фунтаў штогод кожнаму пасля 50 · Калаж: Праксіс

Сродкі, з якіх будзе створаны фонд

Я ўжо ўстанавіў прынцып, а менавіта: што зямля ў сваім натуральным, неапрацаваным стане была і заўсёды заставалася б агульнай уласнасцю роду чалавечага; што ў тым стане кожны чалавек нараджаўся б уласнікам; і што сістэма зямельнай уласнасці праз сваю непарыўную сувязь з земляробствам і з тым, што завецца цывілізаваным жыццём, паглынула ўласнасць усіх тых, каго яна пазбавіла спадчыны, не даўшы, як належала б, кампенсацыі за гэтую страту.

Аднак віна тут не на цяперашніх уладальніках. Ніхто не збіраецца іх вінаваціць, і вінаваціць іх не трэба — хіба што яны самі возьмуць на сябе гэтае злачынства, супраціўляючыся справядлівасці. Віна ў сістэме: яна непрыкметна падкралася да свету, а пасля ёй дапамог аграрны закон мяча. Але гэтую віну можна выправіць паступова, праз чарговыя пакаленні; і, не памяншаючы і не парушаючы маёмасці ніводнага з цяперашніх уладальнікаў, фонд усё ж можа пачаць працаваць і разгарнуць усю сваю дзейнасць у першы ж год пасля ўстанаўлення або неўзабаве, як я пакажу.

Прапануецца, каб выплаты, як ужо сказана, атрымліваў кожны, багаты і бедны. Так лепш, каб пазбегнуць крыўдных адрозненняў. І так справядліва, бо гэта ўзамен натуральнай спадчыны, якая па праве належыць кожнаму чалавеку звыш той маёмасці, што ён мог стварыць сам або атрымаць у спадчыну ад тых, хто яе стварыў. Хто не захоча браць гэтых грошай, можа ўкласці іх у агульны фонд.

Прымаючы, такім чынам, за дадзенае, што ніхто, народжаны ў так званым стане цывілізацыі, не павінен быць у горшым становішчы, чым быў бы, калі б нарадзіўся ў стане прыроды, і што цывілізацыя павінна была — і павінна і цяпер — паклапаціцца пра гэта, зрабіць гэта можна толькі адным спосабам: адняўшы ад уласнасці частку, раўнацэнную той натуральнай спадчыне, якую яна паглынула.

Для гэтага можна прапанаваць розныя спосабы, але найлепшым здаецца такі (не толькі таму, што ён будзе дзейнічаць, не парушаючы правоў цяперашніх уладальнікаў і не перашкаджаючы збору падаткаў або пазык (emprunts), неабходных для патрэб урада і рэвалюцыі, але і таму, што ён будзе найменш абцяжарлівым і найбольш дзейсным, а таксама таму, што адлічэнне будзе рабіцца ў той момант, калі яго найлягчэй зрабіць): у той момант, калі маёмасць са смерцю аднаго чалавека пераходзіць ва ўладанне другога. У гэтым выпадку той, хто пакідае спадчыну, нічога не аддае, а той, хто яе атрымлівае, нічога не плаціць. Для яго ўся справа толькі ў тым, што манаполія на натуральную спадчыну, на якую ніколі не было права, на ім пачынае спыняцца. Шчодры чалавек не пажадаў бы, каб яна працягвалася, а справядлівы ўзрадуецца, убачыўшы, што яе скасавалі.

Стан майго здароўя не дазваляе мне як след даследаваць тэорыю імавернасцей, каб абапіраць на яе разлікі з такой дакладнасцю, на якую яны здольныя. Таму тое, што я прапаную ў гэтым пункце, — хутчэй плён назірання і разважання, чым атрыманых звестак; але я веру, што гэта даволі добра адпавядае фактам.

Перш за ўсё, калі лічыць дваццаць адзін год узростам сталасці, то ўся маёмасць нацыі, нерухомая і рухомая, заўсёды знаходзіцца ва ўладанні людзей, старэйшых за гэты ўзрост. Тады для разліку трэба ведаць, колькі ў сярэднім гадоў пражывуць людзі, старэйшыя за гэты ўзрост. Я прымаю гэтую сярэднюю за трыццаць гадоў: бо хоць многія пражывуць пасля дваццаці аднаго года яшчэ сорак, пяцьдзясят ці шэсцьдзясят гадоў, іншыя памруць значна раней, а нехта — у кожны год гэтага прамежку.

Прыняўшы ж трыццаць гадоў за сярэдні тэрмін, мы атрымаем, без істотных адхіленняў у той ці іншы бок, сярэдні час, за які ўся маёмасць, ці капітал, нацыі — або раўнацэнная яму сума — пройдзе адзін поўны кругазварот спадкавання, гэта значыць праз смерці перайдзе да новых уладальнікаў. Бо хоць у многіх выпадках некаторыя часткі гэтага капіталу застануцца ва ўладанні аднаго чалавека сорак, пяцьдзясят ці шэсцьдзясят гадоў, іншыя часткі зробяць два ці тры абароты, перш чым мінуць гэтыя трыццаць гадоў, і гэта дасць у выніку тую самую сярэднюю: бо калі б палова капіталу нацыі абярнулася за трыццаць гадоў двойчы, гэта дало б такі самы фонд, як калі б увесь капітал абярнуўся адзін раз.

Прыняўшы, такім чынам, трыццаць гадоў за сярэдні час, за які ўвесь капітал нацыі, або раўнацэнная яму сума, абернецца адзін раз, мы атрымаем, што трыццатая яго частка — гэта сума, якая будзе абарочвацца кожны год, гэта значыць праз смерці пераходзіць да новых уладальнікаў; а калі гэтая сума вядомая і вызначана, які працэнт з яе трэба адлічыць, мы атрымаем штогадовую суму, ці даход, прапанаванага фонду, які пойдзе на тое, пра што ўжо сказана.

Праглядаючы прамову англійскага міністра Піта, якой ён адкрываў тое, што ў Англіі завецца бюджэтам (фінансавы план на 1796 год), я знаходжу ў ёй ацэнку нацыянальнага капіталу гэтай краіны. Паколькі гэтая ацэнка ўжо гатовая ў мяне пад рукой, я бяру яе за зыходныя дадзеныя. Калі разлік зроблены на падставе вядомага капіталу якой-небудзь нацыі ў спалучэнні з колькасцю яе насельніцтва, ён будзе служыць маштабам і для любой іншай нацыі — у залежнасці ад таго, большыя ці меншыя ў яе капітал і насельніцтва. Я тым больш ахвотна бяру гэтую ацэнку спадара Піта, каб паказаць гэтаму міністру на яго ж уласных разліках, наколькі лепш можна выкарыстаць грошы, чым марнаваць іх, як ён рабіў, на шалёную задуму вярнуць на трон каралёў з дому Бурбонаў. Што, на бога, людзям Англіі да каралёў з дому Бурбонаў? Лепш, каб у людзей быў хлеб.

Спадар Піт ацэньвае нацыянальны капітал Англіі, нерухомы і рухомы, у тысячу трыста мільёнаў фунтаў стэрлінгаў, што складае прыкладна чвэрць нацыянальнага капіталу Францыі разам з Бельгіяй. Апошні ўраджай у абедзвюх краінах даказвае, што глеба Францыі ўрадлівейшая за англійскую і што яна лягчэй пракорміць дваццаць чатыры ці дваццаць пяць мільёнаў жыхароў, чым англійская — сем ці сем з паловай мільёнаў.

Трыццатая частка гэтага капіталу ў 1 300 000 000 фунтаў складае 43 333 333 фунты — гэта тая частка, што будзе кожны год праз смерці пераходзіць у гэтай краіне да новых уладальнікаў; а сума, што будзе штогод абарочвацца ў Францыі ў прапорцыі чатыры да аднаго, складзе каля ста сямідзесяці трох мільёнаў фунтаў стэрлінгаў. З гэтай сумы ў 43 333 333 фунты, што штогод абарочваецца, трэба адлічыць вартасць паглынутай ёю натуральнай спадчыны, якую, па сумленнай справядлівасці, мабыць, нельга ацаніць менш і не варта ацэньваць больш, чым у дзясятую частку.

Заўсёды будзе так, што з маёмасці, якая такім чынам штогод абарочваецца праз смерці, адна частка пяройдзе па прамой лініі да сыноў і дачок, а другая — да бакавых сваякоў, і прапорцыя будзе прыкладна тры да аднаго: гэта значыць, каля трыццаці мільёнаў названай сумы пяройдзе прамым спадкаемцам, а астатнія 13 333 333 фунты — больш далёкім сваякам і часткова чужым людзям.

Калі ўлічыць, што чалавек заўсёды звязаны з грамадствам, то гэтая сувязь будзе тым мацнейшай, чым далейшы яго найбліжэйшы сваяк; таму цалкам адпавядае цывілізацыі, каб там, дзе няма прамых спадкаемцаў, грамадства атрымлівала ў спадчыну частку звыш той дзясятай, што і так яму належыць. Калі гэтая дадатковая частка складзе ад пяці да дзесяці ці дванаццаці працэнтаў — у залежнасці ад таго, наколькі блізкі ці далёкі найбліжэйшы сваяк, — так, каб у сярэднім, разам з выморачнай маёмасцю, якая павінна заўсёды ісці грамадству, а не ўраду, гэта дало яшчэ дзесяць працэнтаў, то даход са штогадовай сумы ў 43 333 333 фунты будзе такі:

  • з 30 000 000 фунтаў па дзесяць працэнтаў — 3 000 000 фунтаў;
  • з 13 333 333 фунтаў па дзесяць працэнтаў і яшчэ дзесяць працэнтаў зверху — 2 666 666 фунтаў;
  • разам з 43 333 333 фунтаў — 5 666 666 фунтаў.

Выйшаўшы, такім чынам, на штогадовую суму прапанаванага фонду, я перайду далей да колькасці насельніцтва ў адносінах да гэтага фонду і параўнаю яе з тым, на што фонд павінен ісці.

Насельніцтва (я маю на ўвазе Англію) не перавышае сямі з паловай мільёнаў, і людзей, старэйшых за пяцьдзясят гадоў, будзе ў такім разе каля чатырохсот тысяч. Тых жа, хто прыме прапанаваныя дзесяць фунтаў стэрлінгаў у год, будзе не больш, хоць права на іх мелі б усе. Не думаю, што іх стала б браць шмат людзей з гадавым даходам у дзвесце ці трыста фунтаў стэрлінгаў. Але паколькі мы часта бачым, як багатыя раптам трапляюць у беднасць, нават у шэсцьдзясят гадоў, яны заўсёды мелі б права атрымаць усе належныя ім, але не ўзятыя выплаты. Такім чынам, з названай штогадовай сумы ў 5 666 666 фунтаў чатыры мільёны спатрэбяцца на чатырыста тысяч старых людзей, па дзесяць фунтаў стэрлінгаў кожнаму.

Цяпер пра тых, каму штогод спаўняецца дваццаць адзін год. Калі б усе, хто памірае, былі старэйшыя за дваццаць адзін год, то колькасць тых, хто штогод дасягае гэтага ўзросту, павінна была б раўняцца штогадовай колькасці смерцяў, каб насельніцтва не змянялася. Але большая частка памірае, не дажыўшы да дваццаці аднаго года, і таму тых, хто штогод дасягае дваццаці аднаго года, будзе менш за палову ад колькасці смерцяў. Пры насельніцтве ў сем з паловай мільёнаў штогод будзе паміраць каля 220 000 чалавек. Дваццаць адзін год будзе спаўняцца каля 100 000. Не ўсе яны атрымаюць прапанаваныя пятнаццаць фунтаў — па ўжо названых прычынах, — хоць, як і ў папярэднім выпадку, права на іх мелі б усе. Калі дапусціць, што дзясятая частка адмовіцца іх браць, рахунак будзе такі:

  • штогадовы фонд — 5 666 666 фунтаў;
  • 400 000 старым людзям па 10 фунтаў — 4 000 000 фунтаў;
  • 90 000 асобам, якім споўніўся 21 год, па 15 фунтаў стэрлінгаў — 1 350 000 фунтаў;
  • разам выдаткаў — 5 350 000 фунтаў;
  • застаецца — 316 666 фунтаў.

У кожнай краіне ёсць пэўная колькасць сляпых і калек, зусім няздольных зарабіць сабе на жыццё. Але паколькі заўсёды будзе так, што большасць сляпых — сярод тых, каму за пяцьдзясят, яны атрымаюць забеспячэнне ў гэтым разрадзе. Астатняя сума ў 316 666 фунтаў забяспечыць калек і сляпых маладзейшых за гэты ўзрост — па той самай стаўцы, 10 фунтаў у год на кожнага.

Калаж: злева ў вялікім крузе — партрэт пажылога Томаса Пэйна ў сінім дуатоне: сівыя валасы, белая шыйная хустка, цёмны сурдут. Справа на сінім прамавугольніку — французскі асігнат на чатырыста ліўраў, таксама ў сінім: арол, фасцыя, надпісы «République française», «Assignat de quatre cents livres», «Domaines nationaux». Пад ім подпіс «асігнат · 400 ліўраў · 1792 · забяспечаны нацыянальнымі маёнткамі». Унізе пад чорнай рысай — вялікі надпіс «Права» і подпісы «не дабрачыннасць, а права», «не міласць, а справядлівасць · Томас Пэйн».
Томас Пэйн на партрэце Джона Уэслі Джарвіса, каля 1806–1807 (Нацыянальная галерэя мастацтваў, Вашынгтон); асігнат на 400 ліўраў, забяспечаны нацыянальнымі маёнткамі, 1792 · Калаж: Праксіс. Партрэт — Нацыянальная галерэя мастацтваў, Вашынгтон, CC0; асігнат — Wikimedia Commons, грамадскі набытак

Цяпер, правёўшы ўсе неабходныя разлікі і выклаўшы падрабязнасці плана, я скончу некалькімі заўвагамі.

Я дамагаюся не дабрачыннасці, а права, не міласці, а справядлівасці. Цяперашні стан цывілізацыі гэтак жа агідны, як і несправядлівы. Ён — поўная процілегласць таму, якім павінен быць, і ў ім неабходна ўчыніць рэвалюцыю. Кантраст багацця і галечы, якія ўвесь час сустракаюцца і рэжуць вока, — як мёртвыя і жывыя целы, скаваныя разам. Хоць мяне багацце займае не больш, чым каго-небудзь іншага, я сябар багацця, бо яно здольнае рабіць дабро. Мне ўсё роўна, наколькі багатымі будуць некаторыя, абы толькі ніхто праз гэта не быў няшчасным. Але немагчыма цешыцца багаццем з тым шчасцем, якое яно здольнае даваць, пакуль вакол столькі няшчасця. Від гэтага няшчасця і прыкрыя пачуцці, якія ён выклікае, — іх можна задушыць, але нельга пагасіць, — псуюць шчасце багацця больш, чым вартыя прапанаваныя дзесяць працэнтаў з маёмасці. Хто не аддасць адно, каб пазбавіцца ад другога, той не мае літасці нават да самога сябе.

У кожнай краіне ёсць некалькі пышных дабрачынных устаноў, заснаваных прыватнымі асобамі. Аднак адзін чалавек можа зрабіць вельмі мала, калі ўлічыць увесь абсяг няшчасця, якое трэба палегчыць. Ён можа задаволіць сваё сумленне, але не сэрца. Ён можа аддаць усё, што мае, і ўсё гэта палегчыць зусім мала. Толькі калі арганізаваць цывілізацыю на такіх прынцыпах, каб яна дзейнічала як сістэма блокаў, можна зняць увесь цяжар няшчасця.

План, прапанаваны тут, ахопіць усіх. Ён адразу палегчыць лёс і прыбярэ з вачэй тры разрады няшчасных — сляпых, калек і бедных старых; ён дасць пакаленню, што падрастае, сродкі, каб не стаць беднымі; і зробіць гэта, не парушаючы ніякіх нацыянальных мер і не ўмешваючыся ў іх. Каб паказаць, што так і будзе, дастаткова заўважыць, што дзеянне і вынік плана ва ўсіх выпадках будуць такія самыя, як калі б кожны чалавек дабравольна склаў тэстамент і распарадзіўся сваёй маёмасцю так, як тут прапанавана.

Але прынцып плана — справядлівасць, а не дабрачыннасць. Ва ўсіх вялікіх справах патрэбны прынцып, больш усеагульна дзейсны, чым дабрачыннасць; а што да справядлівасці, то нельга пакідаць на выбар асобных людзей, чыніць яе ці не. Таму, калі разглядаць план з пункту гледжання справядлівасці, ён павінен быць справай усіх, вырастаць сам сабою з прынцыпаў рэвалюцыі, і слава за яго павінна быць нацыянальнай, а не асабістай.

План на такім прынцыпе пайшоў бы на карысць рэвалюцыі — праз тую энергію, што нараджаецца з усведамлення справядлівасці. Ён памножыў бы і нацыянальныя рэсурсы: бо ўласнасць, як расліна, памнажаецца атожылкамі. Калі маладая пара пачынае жыццё, розніца надзвычай вялікая — ці пачынаюць яны з нічога, ці з пятнаццаці фунтаў кожны. З такой дапамогай яны маглі б купіць карову і прылады, каб апрацаваць некалькі акраў зямлі; і замест таго каб стаць цяжарам для грамадства — а так заўсёды бывае, калі дзеці нараджаюцца хутчэй, чым іх можна пракарміць, — яны сталі б на шлях да таго, каб быць карыснымі і прыбытковымі грамадзянамі. І нацыянальныя маёнткі прадаваліся б лепш, калі б былі грашовыя дапамогі, каб апрацоўваць іх невялікімі ўчасткамі.

Тое, што несправядліва атрымала назву цывілізацыі, мае звычай (і гэты звычай не заслугоўвае называцца ні дабрачыннасцю, ні разумнай палітыкай) клапаціцца пра людзей, якія становяцца беднымі і няшчаснымі, толькі тады, калі яны ўжо такімі сталі. Ці не было б куды лепш — нават з пункту гледжання ашчаднасці — прыняць меры, каб яны не станавіліся беднымі? Лепш за ўсё гэта зрабіць так: кожны чалавек, якому спаўняецца дваццаць адзін год, атрымлівае ў спадчыну хоць нешта, з чаго можна пачаць. Шурпаты твар грамадства, пярэсты ад крайнасцей багацця і нястачы, даказвае, што над ім учынілі нейкі надзвычайны гвалт, і заклікае справядлівасць да выпраўлення. Вялікая маса бедных ва ўсіх краінах ператварылася ў спадчынную пароду, і самім выбрацца з гэтага стану ім амаль немагчыма. Трэба таксама заўважыць, што ва ўсіх краінах, якія завуцца цывілізаванымі, гэтая маса расце. Штогод у яе трапляе больш людзей, чым з яе выбіраецца.

Хоць у плане, асноўныя прынцыпы якога — справядлівасць і чалавечнасць, не варта ўводзіць у разлік карысць, усё ж для ўстанаўлення любога плана заўсёды добра паказаць, што ён выгадны і з пункту гледжання інтарэсу. Поспех любога плана, вынесенага на грамадскае абмеркаванне, у рэшце рэшт залежыць ад колькасці тых, хто зацікаўлены яго падтрымаць, у спалучэнні са справядлівасцю яго прынцыпаў.

План, прапанаваны тут, пойдзе на карысць усім і нікому не пашкодзіць. Ён зліе інтарэс Рэспублікі з інтарэсам асобнага чалавека. Для шматлікага класа, які сістэма зямельнай уласнасці пазбавіла натуральнай спадчыны, ён стане актам нацыянальнай справядлівасці. Для тых, хто памірае, маючы сціплую маёмасць, ён будзе дзейнічаць як танціна для іх дзяцей, больш выгадная, чым сума, унесеная ў фонд; і ён дасць назапашванню багацця такую ступень бяспекі, якой не можа даць ніводзін са старых урадаў Еўропы, што цяпер хістаюцца на сваіх асновах.

Я не думаю, што ў якой-небудзь краіне Еўропы больш чым адна сям’я з дзесяці, калі памірае яе галава, атрымлівае чыстую спадчыну ў пяцьсот фунтаў стэрлінгаў. Для ўсіх такіх сем’яў план выгадны. З такой маёмасці ў фонд пайшло б пяцьдзясят фунтаў; і калі б засталося хоць бы двое непаўналетніх дзяцей, яны атрымалі б па пятнаццаць фунтаў кожнае (трыццаць фунтаў), калі дасягнуць паўналецця, і мелі б права на дзесяць фунтаў у год пасля пяцідзесяці. Фонд будзе трымацца на непамерна вялікіх маёнтках; і я ведаю, што ўладальнікі такой маёмасці ў Англіі — хоць у выніку яны выйгралі б, бо дзевяць дзясятых яе былі б абароненыя, — падымуць крык супраць гэтага плана. Але, не ўваходзячы ў пытанне, як яны набылі гэтую маёмасць, хай яны ўспомняць, што былі прыхільнікамі гэтай вайны і што спадар Піт ужо ўвёў больш новых падаткаў, якія штогод спаганяюцца з народа Англіі — і дзеля таго, каб падтрымліваць дэспатызм Аўстрыі і Бурбонаў супраць свабоды Францыі, — чым трэба было б, каб штогод выплачваць усе сумы, прапанаваныя ў гэтым плане.

Свае разлікі ў гэтым плане я рабіў, зыходзячы як з так званай рухомай, так і з зямельнай уласнасці. Чаму я рабіў іх на падставе зямлі, ужо растлумачана; а падстава ўлічваць у разліку рухомую маёмасць гэтаксама трывалая, хоць і грунтуецца на іншым прынцыпе. Зямля, як ужо сказана, — дармовы дар Стваральніка ўсяму роду чалавечаму агулам. Рухомая маёмасць — плён грамадства; і асобнаму чалавеку гэтак жа немагчыма набыць рухомую маёмасць без дапамогі грамадства, як немагчыма першапачаткова стварыць зямлю. Аддзяліце чалавека ад грамадства, дайце яму ва ўладанне востраў ці кантынент — і ён не зможа набыць рухомай маёмасці. Ён не зможа стаць багатым. Сродкі і мэта ва ўсіх выпадках так непарыўна звязаныя, што там, дзе няма першых, нельга дасягнуць і другой. Такім чынам, усё назапашванне рухомай маёмасці звыш таго, што вырабляюць уласныя рукі чалавека, дастаецца яму дзякуючы жыццю ў грамадстве; і паводле ўсіх прынцыпаў справядлівасці, удзячнасці і цывілізацыі ён вінен вярнуць частку гэтага назапашанага грамадству, адкуль прыйшло ўсё. Так справа ставіцца на агульны прынцып, і, мабыць, так лепш за ўсё; бо калі разгледзець яе ўважліва, то выявіцца, што назапашванне рухомай маёмасці ў многіх выпадках — вынік таго, што за працу, якая яе стварыла, заплацілі занадта мала; а наступства гэтага ў тым, што той, хто працаваў рукамі, на старасці гіне, а гаспадар купаецца ў багацці. Мабыць, немагчыма дакладна суразмерыць цану працы з прыбыткам, які яна дае; і яшчэ скажуць, апраўдваючы несправядлівасць, што калі б работнік штодня атрымліваў большую плату, ён не адкладаў бы яе на старасць і не надта выйграў бы ад яе і цяпер. Дык зрабіце ж грамадства скарбнікам, каб яно захоўвала гэта для яго ў агульным фондзе: бо з таго, што ён мог бы не найлепш скарыстаць гэта сам, зусім не вынікае, што гэта павінен узяць другі.

Стан цывілізацыі, які панаваў па ўсёй Еўропе, гэтак жа несправядлівы ў сваім прынцыпе, як і жахлівы ў сваіх выніках; і менавіта ўсведамленне гэтага і страх, што такі стан не зможа трываць, калі ў якой-небудзь краіне пачнуць у ім разбірацца, прымушаюць уласнікаў баяцца самой думкі пра рэвалюцыю. Рух рэвалюцый стрымлівае небяспека, якую яны нясуць, а не іх прынцып. А калі так, то і дзеля абароны ўласнасці, і дзеля справядлівасці і чалавечнасці неабходна стварыць сістэму, якая, ратуючы адну частку грамадства ад галечы, абароніць другую ад рабавання.

Забабонны страх і рабская павага, што калісьці акружалі багацце, ва ўсіх краінах знікаюць, пакідаючы ўласніка на волю ўзрушэнняў і выпадковасцей. Калі багацце і пышнасць замест таго, каб зачароўваць натоўп, выклікаюць агіду; калі на іх глядзяць не з захапленнем, а як на абразу галечы; калі сама паказная раскоша прымушае сумнявацца ў праве на яе, — тады становішча ўласнасці робіцца крытычным, і толькі ў сістэме справядлівасці ўладальнік можа знайсці бяспеку.

Каб прыбраць небяспеку, трэба прыбраць варожасць, а гэта можна зрабіць, толькі калі ўласнасць будзе прыносіць нацыянальнае дабро, што даходзіць да кожнага. Калі тое, на колькі адзін чалавек багацейшы за другога, у той жа прапорцыі будзе павялічваць нацыянальны фонд; калі ўбачаць, што дабрабыт гэтага фонду залежыць ад дабрабыту асобных людзей; калі чым больш багацця набудзе чалавек, тым лепш будзе для ўсёй масы, — тады варожасць спыніцца, і ўласнасць стане на трывалую аснову нацыянальнага інтарэсу і нацыянальнай аховы.

У мяне няма ў Францыі маёмасці, на якую пашыраўся б прапанаваны мной план. Тое, што ў мяне ёсць, — а гэта няшмат, — знаходзіцца ў Злучаных Штатах Амерыкі. Але я заплачу ў гэты фонд у Францыі сто фунтаў стэрлінгаў у той жа момант, як ён будзе ўстаноўлены; і заплачу такую ж суму ў Англіі, калі падобная ўстанова з’явіцца ў той краіне.

Рэвалюцыя ў стане цывілізацыі — неабходны спадарожнік рэвалюцый у сістэме кіравання. Калі рэвалюцыя ў якой-небудзь краіне вядзе ад дрэннага да добрага ці ад добрага да дрэннага, стан таго, што завецца ў гэтай краіне цывілізацыяй, трэба прывесці ў адпаведнасць з ёй, каб гэтая рэвалюцыя дала вынік. Дэспатычны ўрад трымаецца на прыніжанай цывілізацыі, галоўныя прыкметы якой — заняпад чалавечага розуму і галеча ў масе народа. Такія ўрады глядзяць на чалавека проста як на жывёлу; лічаць, што карыстацца розумам — не яго прывілей, што ён не мае ніякіх спраў з законамі, акрамя як падпарадкоўвацца ім (выраз Хорслі, англійскага біскупа, у англійскім парламенце. — Заўвага аўтара); і ў сваёй палітыцы яны больш разлічваюць зламаць дух народа беднасцю, чым баяцца давесці яго да шаленства роспаччу.

Менавіта рэвалюцыя ў стане цывілізацыі надасць дасканаласць рэвалюцыі ў Францыі. Перакананне, што прадстаўнічае кіраванне — гэта сапраўдная сістэма кіравання, ужо хутка пашыраецца па свеце. Яго разумнасць бачная кожнаму. Яго справядлівасць адчуваюць нават яго праціўнікі. Але калі сістэма цывілізацыі, якая вырастае з гэтай сістэмы кіравання, будзе так арганізаваная, што кожны мужчына і кожная жанчына, народжаныя ў Рэспубліцы, атрымаюць у спадчыну нейкія сродкі, каб пачаць жыццё, і будуць бачыць перад сабой пэўнасць, што пазбегнуць тых бед, якія пры іншых урадах суправаджаюць старасць, — тады Французская рэвалюцыя будзе мець абаронцу і саюзніка ў сэрцы кожнага народа.

Армія прынцыпаў пранікне туды, куды не пройдзе армія салдат; яна дасягне поспеху там, дзе дыпламатычныя хітрыкі пацерпяць няўдачу; ні Рэйн, ні Ла-Манш, ні акіян не спыняць яе ходу: яна пройдзе маршам па далягляду свету — і пераможа.

Сродкі для ажыццяўлення прапанаванага плана, якія зробяць яго адначасова карысным для грамадскага інтарэсу

I. Кожны кантон на сваіх першасных сходах выбірае трох чалавек камісарамі гэтага кантона; яны разглядаюць і рэгіструюць усе выпадкі, што здараюцца ў кантоне, згодна са статутам, які будзе ўстаноўлены законам для ажыццяўлення гэтага плана.

II. Закон вызначае, як устанаўліваецца памер маёмасці памерлых.

III. Калі памер маёмасці памерлага ўстаноўлены, галоўны спадкаемца гэтай маёмасці, або старэйшы з суспадкаемцаў, калі ён паўналетні, або, калі непаўналетні, асоба, упаўнаважаная тэстаментам памерлага прадстаўляць яго ці іх, дае камісарам кантона абавязацельства выплаціць згаданую дзясятую частку чатырма роўнымі штоквартальнымі ўзносамі на працягу года або раней, па выбары плацельшчыкаў. Палова ўсёй маёмасці застаецца ў закладзе, пакуль абавязацельства не будзе пагашана.

IV. Абавязацельства рэгіструецца ў канторы камісараў кантона, а арыгіналы абавязацельстваў здаюцца на захаванне ў нацыянальны банк у Парыжы. Банк кожны квартал публікуе агульную суму абавязацельстваў, што ў яго ёсць, а таксама абавязацельствы, пагашаныя цалкам ці часткова з часу апошняй квартальнай публікацыі.

V. Нацыянальны банк выпускае банкноты пад заклад абавязацельстваў, што ў яго ёсць. Выпушчаныя так банкноты ідуць на выплату пенсій старым і кампенсацый тым, каму спаўняецца дваццаць адзін год. Разумна і высакародна будзе меркаваць, што людзі, якія не адчуваюць неадкладнай патрэбы, адкладуць сваё права браць з фонду, пакуль ён не набярэцца — а ён набярэцца — большай сілы. На гэты выпадак прапануецца весці ў кожным кантоне ганаровы спіс імёнаў тых, хто так адклаў сваё права, — прынамсі на час цяперашняй вайны.

VI. Паколькі спадкаемцы маёмасці заўсёды павінны пагашаць свае абавязацельствы чатырма штоквартальнымі ўзносамі або раней, калі пажадаюць, то пасля першага квартала ў банк заўсёды будуць паступаць наяўныя грошы (numéraire), каб абменьваць на іх банкноты, якія будуць прыносіць.

VII. Калі банкноты такім чынам пушчаныя ў абарот — пад найлепшы з усіх магчымых заклад, рэальную маёмасць, вартасць якой больш як у чатыры разы перавышае суму абавязацельстваў, пад якія выпушчаныя банкноты, — і калі ў банк увесь час паступаюць наяўныя грошы, каб абменьваць ці пагашаць іх, як толькі іх прад’явяць, — яны набудуць устойлівую вартасць ва ўсіх частках Рэспублікі. Таму іх можна будзе прымаць у аплату падаткаў або пазык нароўні з наяўнымі грашыма, бо ўрад заўсёды можа атрымаць за іх у банку наяўныя.

VIII. Неабходна, каб на працягу першага года з моманту ўстанаўлення плана дзесяць працэнтаў выплачваліся наяўнымі грашыма. Але пасля таго як мінае першы год, спадкаемцы маёмасці могуць плаціць дзесяць працэнтаў або банкнотамі, выпушчанымі пад фонд, або наяўнымі. Калі плацяць наяўнымі, яны ляжаць у банку як дэпазіт, каб абменьвацца на такую ж суму ў банкнотах; а калі плацяць банкнотамі, выпушчанымі пад фонд, то яны ў той жа суме вяртаюцца ў фонд як патрабаванне да яго; і такім чынам дзеянне плана само створыць сродкі для свайго ажыццяўлення.

Томас Пэйн


Thomas Paine, «Agrarian Justice, Opposed to Agrarian Law, and to Agrarian Monopoly», 1797. Пераклад з англійскай паводле тэксту ў Праекце Гутэнберг (The Writings of Thomas Paine, рэд. Moncure D. Conway, т. III, New York, 1895); тэкст звераны з філадэльфійскім выданнем 1797 года ў англійскіх Вікікрыніцах, прадмова рэдактара Конўэя не перакладзеная. Твор знаходзіцца ў грамадскім набытку.

Падзяліцца:TelegramBlueskyXFacebook

Яшчэ ў рубрыцы «Тэорыя»

Тэорыя

Як забіць зомбі: стратэгія канца неалібералізму

2013 год. Марк Фішэр тлумачыць, чаму неалібералізм перажыў крызіс 2008 года і цягнецца далей як зомбі, — і заклікае левых пакінуць ілюзіі гарызанталізму, вярнуць сабе волю да перамогі і нанова вынайсці салідарнасць.

Марк Фішэр ·

Тэорыя

Вольны саюз: праграма свабоды і самакіравання

1884 год. Украінскі эмігрант у Жэневе прапануе ператварыць Расійскую імперыю ў саюз самакіравальных абласцей: правы чалавека, якія не можа скасаваць ніводны закон, выбарныя думы ад вёскі да вобласці, дзве агульнадзяржаўныя думы, падаходны падатак і забарона фабрычнай працы дзяцей. Беларусь у яго схеме — асобная вобласць.

Міхайла Драгаманаў ·

Тэорыя

Што такое поступ?

1903 год. Чалавецтва багацее, а мільёны бяднеюць — дык ці вядзе поступ да лепшага? Разабраўшы Талстога, дарвіністаў, анархістаў і камуністаў, Іван Франко папярэджвае: усеўладная «народная дзяржава» сацыял-дэмакратаў стала б «велізарнай народнай турмой», а яе кіраўнікі мелі б больш улады, чым любы дэспат.

Іван Франко ·