Тры Устаўныя граматы — асноўныя дакументы Беларускай Народнай Рэспублікі, выдадзеныя ў лютым і сакавіку 1918 года. Мы друкуем іх цалкам, у сучасным правапісе, але захоўваем словы і звароты арыгінала — «спаўняючы камітэт», «трымае атвет», «лічбенная перавага». Другая грамата падаецца паводле ўлёткі 1918 года: у віленскім «Беларускім календары Свайку на 1919 год» яе сёмы пункт, пра зямлю, надрукаваны з купюрай.
Зіма 1918 года. Ідзе Першая сусветная вайна, Расійская імперыя распалася, а бальшавікі ў Берасці вядуць перамовы з Германіяй пра мір. У снежні 1917 года ў Мінску сабраўся Першы Усебеларускі з’езд — амаль дзве тысячы дэлегатаў з усёй Беларусі. Бальшавікі разагналі яго, але з’езд паспеў выбраць Раду, і яе Выканаўчы камітэт працягваў працаваць падпольна.
У лютым 1918 года нямецкія войскі рушылі на ўсход, бальшавіцкія ўлады пакінулі Мінск, і Выканаўчы камітэт выйшаў з падполля. За адзін месяц ён выдаў тры Устаўныя граматы. Першая, 21 лютага, абвясціла часовую народную ўладу. Другая, 9 сакавіка, — ужо пры нямецкай акупацыі — абвясціла Беларускую Народную Рэспубліку і пералічыла правы яе грамадзян: свабоду слова, друку, сходаў і страйкаў, роўнасць моў, нацыянальна-персанальную аўтаномію меншасцей, зямлю тым, хто на ёй працуе, васьмігадзінны рабочы дзень. Трэцяя, 25 сакавіка, абвясціла незалежнасць.
Бальшавікі вярнуліся ў Мінск у снежні 1918 года, і Рада БНР пайшла ў выгнанне. Яна дзейнічае і сёння — гэта найстарэйшы ўрад у выгнанні ў свеце. А 25 сакавіка беларусы адзначаюць як Дзень Волі.

Першая Устаўная грамата · 21 лютага 1918
Родная старонка наша апынулася ў новым цяжкім стане. Дзе цяпер улада, што была тут, няма ведама, мы стаімо перад тым, што наш край можа быць заняты нямецкімі войскамі.
Мы павінны ўзяць свой лёс ва ўласныя рукі. Беларускі народ павінен здзейсніць сваё права на поўнае самаазначэнне, а нацыянальныя меншасці на нацыянальна-персанальную аўтаномію.
Правы нацыі павінны знайсці сваё здзяйсненне шляхам склікання на дэмакратычных асновах Устаноўчага Сойму.
Але і да склікання Устаноўчага Сойму ўся ўлада на Беларусі павінна належаць тым народам, якія на ёй жывуць.
Выканаўчы Камітэт Рады Першага Усебеларускага з’езду, папоўнены прадстаўнікамі рэвалюцыйнай дэмакратыі нацыянальных меншасцей, здзяйсняючы мэты З’езду, абвяшчае сябе часовай уладай на Беларусі для кіравання краем і склікання, як можна хутчэй, Усебеларускага Устаноўчага Сойму на аснове агульнага права для ўсякага дарослага, не лічачыся з нацыянальнасцю, вызнаннем і родам.
Часовую народную ўладу краю, якая ставіць мэтай абарону і зацвярджэнне заваяванняў рэвалюцыі, будзе здзяйсняць створаны намі Народны Сакратарыят Беларусі, які ад гэтага дня пачаў выконваць свае абавязкі. Персанальны склад Сакратарыяту будзе апублікаваны пасля.
Выканаўчы Камітэт Рады Усебеларускага З’езду.
Дадзена ў Мінску-Беларускім 21 (8) лютага 1918 г.

Другая Устаўная грамата · 9 сакавіка 1918
У часе сусветнай вайны, што бурыць адны моцныя дзяржавы і аслабаняе другія, абудзілася Беларусь да дзяржаўнага жыцця. Пасля трох з паловаю вякоў няволі ізноў на ўвесь свет кажа беларускі народ аб тым, што ён жыве і будзе жыць. Вялікі Народны Збор — Усебеларускі З’езд 5–17 снежня 1917 году, дбаючы аб долі Беларусі, зацвердзіў на яе землях рэспубліканскі лад. Выпаўняючы волю З’езду і бароняючы дзяржаўныя правы народу, Спаўняючы Камітэт Рады З’езду гэтак пастанаўляе аб дзяржаўным устрою Беларусі і аб правох і вольнасцях яе грамадзян і народаў:
1. Беларусь у рубяжох рассялення і лічбеннай перавагі беларускага народу абвяшчаецца Народнаю Рэспублікай.
2. Асноўныя законы Беларускай Народнай Рэспублікі зацвердзіць Устаноўчы Сойм Беларусі, скліканы на асновах агульнага, роўнага, простага, патаемнага і прапарцыянальнага выбарчага права, не зважаючы на пол, народнасць і рэлігію.
3. Да часу, пакуль збярэцца Устаноўчы Сойм Беларусі, заканадаўчая ўлада ў Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Радзе Усебеларускага З’езду, дапоўненай прадстаўнікамі нацыянальных меншасцей Беларусі.
4. Спаўняючая і адміністратыўная ўлада ў Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Народнаму Сакратарыяту Беларусі, які назначаецца Радаю З’езду і перад ёю трымае атвет.
5. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі абвяшчаецца вольнасць слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў; безумоўная вольнасць сумлення, незачэпнасць асобы і памешкання.
6. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі ўсе народы маюць права на нацыянальна-персанальную аўтаномію; абвяшчаецца роўнае права ўсіх моваў народаў Беларусі.
7. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі права прыватнай уласнасці на зямлю касуецца. Зямля перадаецца без выкупу тым, хто самі на ёй працуюць. Лясы, вазёры і нутро зямлі абвяшчаюцца ўласнасцю Беларускай Народнай Рэспублікі.
8. У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі ўстанаўляецца найбольшы 8-гадзінавы рабочы дзень.
Абвяшчаючы ўсе гэтыя правы і вольнасці грамадзян і народаў Беларускай Народнай Рэспублікі, мы, Спаўняючы Камітэт Рады З’езду, абавязваемся пільнаваць законнага парадку жыцця ў Рэспубліцы, сцерагчы інтарэсаў усіх грамадзян і народаў Рэспублікі і захаваць правы і вольнасці працоўнага люду. А таксама даложым усіх сіл, каб склікаць у найбліжэйшым часе Устаноўчы Сойм Беларусі.
Усіх верных сыноў Беларускай зямлі клічам памагчы нам у цяжкой і атветнай нашай працы.
Спаўняючы Камітэт Рады 1-га Усебеларускага З’езду.
Выдана ў Мінску-Беларускім 9 сакавіка 1918 году.

Трэцяя Устаўная грамата · 25 сакавіка 1918
Год назад народы Беларусі разам з народамі Расіі скінулі ярмо расійскага царызму, які найцяжэй прыціснуў быў Беларусь; не пытаючыся народу, ён укінуў наш край у пажар вайны, якая чыста зруйнавала гарады і вёскі беларускія.
Цяпер мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасці, якое гвалтам накінулі расійскія цары на наш вольны і незалежны край.
Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца Незалежнай і Вольнай Дзяржавай. Самі народы Беларусі, у асобе свайго Устаноўчага Сойму, пастановяць аб будучых дзяржаўных звязях Беларусі.
На моцы гэтага трацяць сілу ўсе старыя дзяржаўныя звязі, якія далі магчымасць чужому ўраду падпісаць і за Беларусь трактат у Берасці, што забівае на смерць беларускі народ, дзелячы зямлю яго на часткі.
На моцы гэтага ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі мае ўвайсці ў адносіны з зацікаўленымі старанамі, прапануючы ім перагледзіць тую часціну Берасцейскага трактату, якая датычыць Беларусі, і падпісаць міравую ўмову з усімі ваяваўшымі дзяржавамі.
Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічбенную перавагу беларускі народ, а ласне: Магілёўшчыну, беларускія часці Меншчыны, Гродзеншчыны (з Гроднай, Беластокам і інш.), Віленшчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежныя часці суседніх губерняў, заселеныя беларусамі.
Беларуская Народная Рэспубліка падцвярджае ўсе тыя правы і вольнасці грамадзян і народаў Беларусі, якія абвешчаны Устаўной Граматай ад 9 сакавіка 1918 году.
Абвяшчаючы аб незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада яе пакладае свае надзеі на тое, што ўсе любячыя волю народы дапамогуць беларускаму народу ў поўнай меры здзейсніць яго палітычна-дзяржаўныя ідэалы.
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі.
Дана ў Менску-Беларускім 25 сакавіка 1918 году.
Першая Устаўная грамата — паводле дакумента 21 лютага 1918 г.; другая — паводле ўлёткі 9 сакавіка 1918 г.; трэцяя — паводле ўлёткі 25 сакавіка 1918 г. Тэксты прыведзеныя да сучаснага правапісу. Тэксты і сканы дакументаў — у Вікікрыніцах. Дакументы знаходзяцца ў грамадскім набытку.


