Да зместу
Левы часопіс на беларускай мове
Праксіс

Гісторыя5 хвілін чытання0 праглядаў

Не пакідайце ж мовы нашай беларускай

1891 год. Былы паўстанец і віленскі юрыст пад імем Мацей Бурачок друкуе ў Кракаве, лацінкай, кніжку беларускіх вершаў і ў прадмове пераконвае сялян: мова, якую завуць «мужыцкай», — такая ж людская і панская, як французская ці нямецкая. «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!»

Тэкст: Францішак Багушэвіч

Калаж у колеры вохры: партрэт Францішка Багушэвіча 1898 года ў дуатоне на высокай плоскасці; побач, крыху нахілены, тытульны ліст першага выдання «Dudka białaruskaja Macieja Buraczka», Kraków 1891; вохрысты круг, чорная планка і вялікі надпіс «Дудка», ніжэй подпіс «Мацей Бурачок · Кракаў · 1891».
Францішак Багушэвіч, 1898; тытульны ліст «Дудкі беларускай», Кракаў, 1891 · Калаж: Праксіс. Фота 1898 года (Нацыянальны гістарычны музей Беларусі) і кніга (Polona) — грамадскі набытак

Францішак Багушэвіч (1840–1900) — паэт, удзельнік паўстання 1863 года і віленскі юрыст — выдаў зборнік «Дудка беларуская» ў 1891 годзе ў Кракаве, у аўстрыйскай Галіцыі, пад імем Мацей Бурачок. У Расійскай імперыі беларускай кнізе ходу не было: яшчэ ў 1859 годзе цэнзура забараніла друкаваць беларускія тэксты лацінкай, а пасля паўстання 1863–1864 гадоў, калі Кастусь Каліноўскі звяртаўся да сялян па-беларуску ў «Мужыцкай праўдзе», улады бачылі ў «мужыцкай» мове інструмент бунту, і беларускае слова трапляла ў друк хіба як этнаграфічны запіс. Таму кніжку надрукавалі за мяжой, лацінкай — алфавітам «Мужыцкай праўды» і каталіцкай часткі краю, — і распаўсюджвалі нелегальна, а сапраўднае імя аўтара схавалі: былы паўстанец, які працаваў пры віленскім судзе, рызыкаваў бы і службай, і воляй. Прадмова да «Дудкі» стала першым маніфестам новага беларускага адраджэння, а словы пра мову як «адзежу душы» і заклік «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!» цытуюць дагэтуль. Мы перадаем лацінку першага выдання кірыліцай і прыводзім правапіс да сучаснага, але захоўваем словы і формы Багушэвіча: «братцы», «гдзе», «відзеў», «афяруючы», «замёрлі», «носе». Тлумачэнні рэдакцыі: «Маларосы» — украінцы; «жыды» — у беларускай і польскай мове XIX стагоддзя звычайная назва яўрэяў (гэтае слова, як і «чужы зброд», мы пакідаем аўтарскім); «ваша» — ветлівы зварот, «ваша міласць»; «шэсць мільёнаў» — тагачасная ацэнка колькасці беларусаў (пазнейшыя выданні пісалі «дзесяць»). Вітэнес — Віцень, вялікі князь літоўскі ў 1295–1316 гадах, Гядымін — яго наступнік Гедзімін; Камянец — Камянец-Падольскі, Дынабург — Даўгаўпілс, Крамянчык — Крамянчук. Гісторыя Вялікага Княства ў Багушэвіча — рамантычная, якой яе ведалі ў XIX стагоддзі, а «не вялікая, не малая, не чырвоная, не чорная… а белая» — гульня з назвамі Вялікай, Малой, Чырвонай, Чорнай і Белай Русі.


Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маёй! Вам афяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, ды і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя, «мужыцкай» завуць, а завецца яна «беларускай». Я сам калісь думаў, што мова наша — «мужыцкая» мова, і толькі таго! Але, паздароў Божа добрых людцоў, як навучылі мяне чытаць-пісаць, з той пары я шмат гдзе быў, шмат чаго відзеў і чытаў: і праканаўся, што мова нашая ёсць такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая. Чытаў я цімала старых папераў, па дзвесце, па трыста гадоў таму пісаных у нашай зямлі і пісаных вялікімі панамі, а нашай мовай чысцюсінькай, якбы вот цяпер пісалася. Увідзеўшы гэта, я часта думаў: «Божа ж мой Божа! Што ж мы за такія бяздольныя? — Якаясь маленькая Булгарыя — са жменя таго народу, — якіясьці Харваты, Чэхі, Маларосы і другія пабратымцы нашыя, і розны чужы зброд, жыды маюць па-свойму пісаныя і друкаваныя кніжачкі і газеты, і набожныя, і смешныя, і слёзныя, і гісторыйкі, і баечкі; і дзеткі іх чытаюць так, як і гавораць, а ў нас якбы захацеў цыдулку ці да бацькі лісток напісаць па-свойму, дык можа б і ў сваёй вёсцы людзі сказалі, што «піша па-мужыцку», і як дурня абсмяялі б! А можа і спраўды наша мова такая, што ёю нічога добрага ні сказаць, ні напісаць не можна? Ой не! Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам, і гаворым жа мы ёю шмат і добрага, але так ужо мы самі пусцілі яе на здзек, не раўнуючы, як і паны вялікія ахотней гавораць па-французску, як па-свойму. Нас жа не жменька, а з шэсць мільёнаў — больш і шмат больш, не раўнуючы, як жыдоў, напрыклад, або татар, ці армян, а пакажы ж, ваша, хоць адну кніжачку ці аб гаспадарцы, ці так аб жыцці нашым, каб па-нашаму?

Ці ж ужо нам канечне толькі на чужой мове чытаць і пісаць можна? Яно добра, а навет і трэба знаць суседскую мову, але наперш трэба знаць сваю». Перадумаўшы ўсё гэта, я, братцы, адважыўся напісаць для вас сякія-такія вершыкі: хто іх спадабае, таму дзякуй! а хто падумае лепш і больш напісаць, таму чэсць вечная і ад жывых людзей, і ад бацькавых касцей! А пісаць ёсць шмат чаго!

Калаж у колеры вохры: злева, крыху нахілена, улётка паўстання 1863 года на беларускай лацінцы «Pismo ad Jaska haspadara s pad Wilni da mużykow ziemli polskoj» з пячаткай друкарні Нацыянальнага ўраду; справа ў вохрыстым дуатоне карціна Фердынанда Рушчыца «Зямля» — селянін з пугай гоніць пару валоў з плугам па ўзгорку пад вялізнымі хмарамі; чорны круг, чорны клін і вялікі надпіс «Мова», побач подпіс «адзежа душы · 1863 · 1891».
Улётка паўстанцаў 1863 года «Пісьмо ад Яські-гаспадара з-пад Вільні да мужыкоў зямлі польскай» (аўтарства прыпісваюць Кастусю Каліноўскаму); Фердынанд Рушчыц, «Зямля», 1898 · Калаж: Праксіс. Улётка (паводле альбома памятак 1863 года, Львоў, 1913) і карціна (Нацыянальны музей у Варшаве) — грамадскі набытак

Спрадвеку, як наша зямелька з Літвой злучылася, як і з Польшчай з’ядналася добравольная, дык усё яе «Беларусяй» звалі, і не дарма ж гэта! Не вялікая, не малая, не чырвоная, не чорная яна была, а белая, чыстая: нікога не біла, не падбівала, толькі баранілася.

Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе; ото ж гаворка, язык і ёсць адзежа душы.

Ужо больш як пяцьсот гадоў таму, да панавання князя Вітэнеса на Літве, Беларусія разам з Літвой баранілася ад крыжацкіх напасцей, і шмат местаў, як Полацк, прызнавалі над сабой панаванне князёў літоўскіх, а после Вітэнеса літоўскі князь Гядымін злучыў зусім Беларусію з Літвой у адно сільнае каралеўства і адваяваў шмат зямлі ад крыжакоў і ад другіх суседаў. Літва пяцьсот дваццаць гадоў таму назад ужо была ад Балтыцкага мора ўдоўжкі аж да Чорнага, ад Дняпра і Днястра ракі да Нёмана; ад Камянца-места аж да Вязьмы — у сярэдзіне Вялікаросіі; ад Дынабурга і за Крамянчык, а ў сярэдзіне Літвы, як тое зерне ў гарэху, была наша зямліца — Беларусь! Можа хто спытае: гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільна да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Мінск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак…

Мацей Бурачок


Maciej Buraczok, «Pradmowa» // Dudka białaruskaja Macieja Buraczka. Kraków, 1891 — паводле вычытанай публікацыі ў Вікікрыніцах (са сканам першага выдання). Тэкст транслітараваны з лацінкі і прыведзены да сучаснага правапісу; знаходзіцца ў грамадскім набытку.

Яшчэ ў рубрыцы «Гісторыя»

Гісторыя

Тры Устаўныя граматы

1918 год. За адзін месяц Рада Усебеларускага з’езда абвясціла Беларускую Народную Рэспубліку, запісала ў яе асновы свабоду слова, сходаў і страйкаў, роўнасць моў і зямлю тым, хто на ёй працуе, — і абвясціла незалежнасць. Тры Устаўныя граматы БНР цалкам.

Рада БНР ·

Гісторыя

«Японская» агентура

1936–1937 гады, Вільня. Беларускім дзеячам прыходзяць ананімныя лісты, якія абяцаюць незалежнасць пасля перамогі Японіі над СССР. Антон Луцкевіч папярэджвае: беларусам гэта нічога не дасць, а чужыя «агентуры» толькі раскалоць народ.

Антон Луцкевіч ·