На пачатку мінулага года ў Вільні была распаўсюджана адозва на беларускай мове, падпісаная “Актывам Усебеларускага Антыкамуністычнага Фронту”, якая заклікала беларускае грамадзянства да дзейснай барацьбы з камунізмам — у сувязі з тым, што на Далёкім Усходзе вымалёўваўся прывід япона-савецкай вайны. Адозва мела выключна антысавецкі і праяпонскі характар. Таму “Беларуская крыніца”, падаючы вестку пра тую адозву, азначыла яе як “японскую”.
Хоць нават павярхоўны аналіз мовы адозвы паказвае, што яе мусіў пісаць расіянін, цалкам не выключана, што яна была інспіравана ці выдадзена японскімі агентамі. У такім разе мы мелі б справу з новаю чужацкаю агентураю, якая дзейнічае на беларускай тэрыторыі.
Калі маршал Пілсудскі з такімі глыбокімі горыччу і клопатам пра сваю айчыну падкрэсліваў згубную дзейнасць розных чужацкіх агентур для Польшчы, то згубнасць іх дзейнасці для беларусаў ў сто разоў большая: беларусы не маюць сваёй дзяржавы, не маюць арміі, якая б бараніла іх ад варожых замахаў, і таму адзіным сродкам нацыянальнай самаабароны з’яўляецца ўнутраная згуртаванасць народа, — а ўласна яе ўсякія чужацкія агентуры стараюцца разбіць перш за ўсё. Характэрна, што кожная з гэтых агентур дэкламуе аб неабходнасці нацыянальнай еднасці беларусаў, толькі разумее яе такім чынам, што ўсе беларусы павінны ісці пад кіраўніцтвам менавіта тае агентуры. Доказам таго ёсць незвычайная зацятасць, з якою дзеячы, свядома ці несвядома падпарадкаваныя чужацкай агентуры, змагаюцца з усімі тымі, хто гэтай агентуры асмельваецца супрацьстаяць. Гаворка тут зусім не аб творчым і нармальна пажаданым спаборніцтве паміж паасобнымі часткамі грамадзянства, паколькі мае на мэце службу свайму народу, узбагачэнне яго на ўсіх участках грамадскага жыцця. Наадварот: чужацкія агентуры імкнуцца перашкодзіць такой творчай працы, унемажлівіць яе ўсім тым, хто ад іх незалежны, да рэдукавання, памяншэння творчага размаху (rozpędu) народа як дыферэнцыяванага згуртавання. Барацьба даходзіць да выразнага жадання фізічна знішчыць суродзічаў, якія думаюць інакш, хоць такім чынам перш за ўсё аслабляецца сіла і жыццеўстойлівасць нацыянальнай сукупнасці (calości narodowej). І гэта найбольшая трагедыя беларусаў — з больш страшнейшымі наступствамі, чым нават падзел краіны сумежнымі дзяржавамі.
Выдадзеная адозва ўказвае на пачатак працы сярод беларусаў новай чужацкай агентуры: на разе гэта можа быць агентура японская. Пакіньма ўбаку пытанне сімпатый ці антыпатый да Японіі і яе палітычных імкненняў. Не чапаем таксама пытанне камунізму і барацьбы з ім, бо гэта праблема сусветнага маштабу і не ідэнтыфікуецца з японскімі памкненнямі. Жадаем коратка высветліць перспектывы, якія б паўсталі перад беларускім народам у сувязі з магчымасцю ўзброенага канфлікту паміж Саветамі ды іх суседзямі.
“Японская” адозва (так следам за “Krynicaj” будзем коратка яе называць) сцвярджае (слушна ці не — гэта ўжо іншае пытанне), што перамога Японіі над Расіяй ў 1904 годзе1 мела тое наступства, што прынесла беларусам свабоду слова2 і часткова свабоду дзейнасці. Далейшым вынікам стала існаванне суверэннай беларускай дзяржавы (акт 25 сакавіка 1918), але чырвоны маскоўскі імперыялізм знівечыў дзяржаватворчыя высілкі беларусаў. “Япона-бальшавіцкая вайна, якая набліжаецца, зруйнуе крывавую бальшавіцкую дыктатуру і дасць поўную свабоду ўярэмленым народам СССР, у тым ліку і беларускаму народу”.
Гэтак кажа адозва. І ў імя гэтае свабоды, у імя адбудовы незалежнае Беларусі заклікае ўсе партыйныя групоўкі і грамадскія арганізацыі да згуртавання і дзейнай барацьбы з Саветамі.

Ці сапраўды перамога Японіі над Саветамі магла б у цяперашнях міжнародных варунках прынесці беларусам тыя дабрадзействы, пра якія з такою ўпэўненасцю кажа “японская” адозва? Гэтае абяцанне (у дадатак — цалкам ананімнае) здаецца звычайным палітычным блефам. Мы пераканаемся ў гэтым, аналізуючы як цяперашнюю міжнародную кан’юнктуру, так і лозунгі ды мэты магчымых партнёраў Японіі ў партыі (rozgrywce) з Саветамі.
Перш за ўсё Японія наўрад ці вырашыць напасці на Саветы без упэўненасці, што адначасова на заходняй мяжы СССР выбухне вайна з заходнімі суседзямі Саветаў. У такім разе беларускія землі з абодвух бакоў мяжы, якая іх дзеліць, сталі б у першую чаргу тэрыторыяй збройнай барацьбы, а якія наступствы гэта прынясе для беларускага народа, ведаем з досведу сусветнай вайны. Паменшыла яна колькасць беларусаў з 12 мільёнаў да 8…3
Наступствы вайны былі б для Беларусі фатальныя і ў тым выпадку, калі б перамога схілілася на бок Саветаў (бо ў такім разе на землях Заходняе Беларусі было б вынішчана ўсё тое, што цяпер мае тут нацыянальны характар і выяўляе нацыянальна-незалежніцкія імкненні, а ў савецкай тэрміналогіі называецца “нацдэмаўшчынай”), і нават тады, калі б споўніліся прароцтвы аўтараў “японскай” адозвы. Што тычыцца першай магчымасці, яна не патрабуе адмысловога доказу: савецкая палітыка ў адносінах да нацыянальна настроеных беларусаў у БССР кажа пра гэта дастаткова вымоўна. Аднак другую магчымасць трэба абмеркаваць.
Каб беларусы маглі істотна выкарыстаць разгром Саветаў, прадбачаны аўтарамі адозвы, каб маглі арганізавацца для чыннага барацьбы з СССР (ці папулярнай у масах — іншае пытанне), неабходна было б, каб недзе па-за межамі Савецкае Беларусі яны мелі нейкі трамплін. Такім трамплінам для Польшчы на пачатку сусветнае вайны была Аўстрыя. Для беларускіх ірэдэнтыстаў трамплінам магла б быць толькі Польшча. Аднак ўся ранейшая польская палітыка ў дачыненні да беларусаў такую магчымасць перакрэслівае.
Аб стварэнні якіх-небудзь кадраў беларускіх узброеных сіл у межах польскае дзяржавы — няма і гаворкі. У час, калі ўкраінская праблема, здавалася, набліжаецца да развязкі, аналагічная беларуская праблема прадстаўнікамі [польскага] ўраду ва ўсіх іх соймавых і пазасоймавых дэкларацыях дэманстрацыйна замоўчвалася як “неіснуючая”
“Японскія” прапановы і абяцанні ў беларускай справе нагадваюць агульнавядомы факт з гісторыі сусветнае вайны. “Маніфест” з абяцаннем падарыць Польшчы аўтаномію (пасля перамогі Расіі!) быў выдадзены не царом Мікалаем ІІ, а вярхоўным галоўнакамандуючым в[ялікім] кн[язем] Мікалаем Мікалаевічам. І ўжо ў той час людзі, якія мысляць крытычна, указвалі, што з заканчэннем “пераможнай” вайны аўтаматычна скончыцца ўлада вярхоўнага галоўнакамандуючага, і за яго абяцанні цар адказваць не будзе. Цяпер тое ж самае з “японскімі” абяцаннямі беларусам: адзіным чыннікам, які ў выпадку разгрому Саветаў мог бы гэтую справу вырашыць, з’яўляецца Польшча, а ўласна Польшча захоўвае глыбокае маўчанне і нічым не выдае сваю гатоўнасць да супрацоўніцтва з беларусамі ў іх дзяржаватворчых імкненнях.
Цяпер у Саветах беларусам кепска — гэта праўда. Аднак нішто не паказвае, што ў разе перамогі Японіі і яе саюзнікаў сітуацыя ў Беларусі ў галіне нацыянальна-культурнай і грамадскай мела б палепшыцца. Затое пэўным ёсць, што ўвесь тамтэйшы беларускі культурны даробак, прымусова пафарбаваны ў чырвоны колер, быў бы — як камуністычны — сцёрты з аблічча зямлі “пераможнымі антыбальшавікамі”. І да ўдзелу ў такой ваеннай акцыі “японская адозва” заклікае беларускае грамадства ў Польшчы!..
Няўжо японскія палітыкі (калі сапраўды тут гаворка пра іх) былі аж так глыбока пазбаўленыя разумення сітуацыі, у якой знаходзяцца беларусы?! Не ведаем. Затое ведаем, што за грошы могуць заўсёды знайсці безыдэйных людзей, якія гатовыя ў дачыненні да Савецкай Беларусі выконваць функцыі, ідэнтычныя тым, якія ў дачыненні да СССР выконваюць расійскія “белыя” эмігранты на Далёкім Усходзе, а таксама і дзе-нідзе яшчэ…4
Разлічваць у цяперашніх умовах на ідэйную падтрымку распачатай “японскай” акцыі з боку беларускага грамадства яе аўтары не могуць — незалежна ад сімпатыі ці антыпатыі гэтага грамадства да камунізму і чырвонай вялікадзяржаўнай (mocarstwowej) Расіі. Надта шмат балячак маюць беларусы ў Заходняй Беларусі, надта шмат абавязкаў перад сваім народам ляжыць тут на нешматлікай беларускай інтэлігенцыі, каб яна магла свае сціплыя сілы кідаць на шалі вагаў, на якіх мае вырашаць сусветнае пытанне аб будучым грамадскім ладзе.
На заканчэнне трэба падкрэсліць тую акалічнасць, што “Актыў Усебеларускага Антыкамуністычнага Фронту” ананімны і акружаны глыбокай таямнічасцю, хоць і заклікае да шырокай, яўнай і анітрохі не супярэчнай польскаму крымінальнаму кодэксу акцыі партыі і таварыствы, якія дзейнічаюць таксама яўна і легальна. Нешта тут не ў парадку — у кожным разе дае гэта падставу для высновы, што гэтая нібыта японская агентура не атрымала “placet”5 польскага ўрадуна сваю акцыю, распачатую выданнем згаданае адозвы. У такім разе мы мелі б яшчэ яшчэ адзін довад, што і “японскае” абяцанне свабоды беларускаму народу пасля магчымае перамогі Японіі над Саветамі не было контрасігнавана польскай дзяржавай, што канчаткова пазбаўляе яго ўсякае рэальнае вартасці.
Каментары
Публікуецца ў перакладзе з польскай паводле: Przegląd Wileński. — 1937. — 21. lutego. — Nr 2, дзе надрукаваны пад крыптанімам A. Ł.
Змяшчаючы гэты артыкул на старонках Przeglądu Wileńskiego, рэдакцыя зрабіла такую заўвагу: “Гэты артыкул быў дадзены нам вельмі даўно, аднак ён не страціў вартасці і цяпер, бо сітуацыя істотна не памянялася”.
У працягу свайго ўласнаручнага паказання ад 20 лістапада 1939 г. арыштаваны А. Луцкевіч пісаў:
Хотя я совершенно отошел за последние (1930-я — А. С.) годы от политической деятельности, мое имя было довольно широко известно по старой политической работе в период Белорусской Народной Республики. Очевидно в связи с этим в начале 1937 г. я оказался в числе лиц, которым были разосланы анонимные письма следующего содержания, отпечатанные на машинке на белорусском языке. В этих письмах указывалось, что на Дальнем Востоке назревает неизбежный вооруженный конфликт между Японией и Советским Союзом. Япония очень благожелательно относится к белорусам и хотела бы им помочь в их стремлении к независимости. Как в 1904 году после победы Японии над Россией белорусы получили национальные права в связи с вспыхнувшей революцией169, так и теперь, если победит Япония, белорусы получат независимость. Белорусские деятели должны только пропагандировать в белорусских массах симпатии к Японии. С этой целью японцы дадут белорусам возможность издания большой белорусской газеты. Если я пожелаю взяться за такую работу, то я должен либо напечатать где-либо статью в прояпонском духе, либо прочитать на эту тему публичную лекцию, — тогда ко мне явятся ответственные лица для личных переговоров. Я на это письмо совершенно не реагировал, считая, что это есть не более и не менее как попытка использовать белорусские силы для организации на границе с Советским Союзом шпионско-саботажной акции. Такую акцию, как я понимал, японцы вели в Латвии при помощи русских белогвардейцев, — так же, как и на Дальнем Востоке. Считая подобную работу позорной и отвратительной и не думая содействовать японцам в их предполагаемой борьбе с Советским Союзом, я и не думал заводить какие-либо связи с японцами. Осенью того же 1937 года в Вильно приехал военный атташе японского посольства в Риге, который хотел повидать меня и ряд других белорусских деятелей. Меня тогда в Вильне не было, т. к. я выехал на недельку на отдых к одному из моих друзей в деревню. Японский делегат встретился у всех белорусов, которых навещал, с более чем холодным приемом. После моего возвращения в Вильно я написал статью по поводу японских предложений, предостерегая белорусов перед ловушкой, имевшей целью использовать белорусские силы против Советского Союза. Статья эта появилась в польском демократическом органе “Przegląd Wileński” в самом начале 1938 г., т. к. по своему содержанию не могла раньше найти орган, который согласился бы ее напечатать. Номер газеты был послан в японское посольство в Риге как мой ответ, исключающий возможность каких-либо разговоров на эту тему с японским посольством.
У каментары да публікацыі ўласнаручнага паказання я адзначыў, што ў 1938 г. выйшла 5 нумароў Przeglądu Wileńskiego і што адпаведны артыкул А. Луцкевіча не выяўлены. Пазней я мусіў канстатаваць, што А. Луцкевіч памыліўся: насамрэч яго артыкул быў змешчаны ў газеце на пачатку 1937 г.
Беручы пад увагу нататку рэдакцыі Przeglądu Wileńskiego пра тое, што артыкул А. Луцкевіча паступіў вельмі даўно (b[ardzo] dawno), а таксама тое, што ў першым сказе артыкула напісана пра пачатак “мінулага года”, можна думаць, што адозву “Актыву Усебеларускага Антыкамуністычнага Фронту” Луцкевіч атрымаў у першыя месяцы 1936 г. і што тады ж напісаў артыкул “”Японская” агентура”. Аднак у газеце ён змешчаны не быў хутчэй за ўсё таму, што ў 1936 г. выйшла ўсяго пяць нумароў Przeglądu Wileńskiego, апошні з іх — 14 сакавіка. Значыць артыкул “”Японская” агентура” быў дастаўлены ў рэдакцыю бліжэй да гэтае даты.
Што тычыцца аўтараў адозвы “Актыву Усебеларускага Антыкамуністычнага Фронту”, Луцкевіч быў перакананы, што тэкст пісаў небеларус. З тае прычыны, што ў Японіі з 1931 г. быў яўны канфлікт з Кітаем (Токіо узяў пад сваю апеку манчжураў і дапамог ім вырвацца з-пад улады Пекіна), а канфлікт з Кітаем аўтаматычна вёў да абвастрэння старога канфлікту са Злучанымі Штатамі Амерыкі, якія жадалі панаваць ва Усходняй Азіі, прывід японска-савецкай вайны мог малявацца каму заўгодна, але не японскаму генеральнаму штабу. Аўтары адозвы памыліліся: Японія рыхтавалася да вайны з Кітаем, які карыстаўся з амерыканскае дапамогі і пагражаў японскім пазіцыям у Манчжурыі.
Артыкул Луцкевіча апублікаваны ў лютым 1937 г., а 7 ліпеня пачнецца вайна з Кітаем, якая стала другім вогнішчам Другое сусветнае вайны і скончыцца 2 верасня 1945 г. – у дзень заканчэння гэтае вайны. (Першае вогнішча разгарэлася ў Абісініі, і вайна Брытаніі ды яе саюзнікаў з Італіяй і Нямеччынай перакінецца на поўнач Афрыкі і скончыцца на Апенінскім паўвостраве на самым пачатку мая 1945 г., за тыдзень да капітуляцыі Нямеччыны). Японіі не патрэбны быў у дадатак да канфлікту з Амерыкай і Кітаем канфлікт з Савецкім Саюзам. Савецкі Саюз меў свае інтарэсы на Далёкім Усходзе (як ён называў Усходнюю Азію). Масква распальвала антыяпонскую істэрыю і рыхтавалася да вайны з Японіяй. Таму не выключана, што аўтарамі адозвы “Актыву Усебеларускага Антыкамуністычнага Фронту” былі яе агенты. Бальшавікі добра памяталі, што ў час расійска-японскай вайны 1904–1905 гг. апазіцыйныя і рэвалюцыйныя партыі Расіі карысталіся з падтрымкі Токіо. Не грэбаваў японскімі грашыма і Ленін. Таму адозва магла быць і праверкай настрояў беларускай непракамуністычнай і не прамаскоўскай інтэлігенцыі, і правакацыяй. Зрэшты, відаць, што Луцкевіч добра разумеее гэта, калі ў загалоўку артыкула слова японская бярэ ў двукоссе.
Што тычыць зместу артыкула А. Луцкевіча, то першае, што трэба адзначыць: Луцкевіч выдатна разумеў, што яго і яго аднадумцаў чакае ў разе прыходу бальшавікоў у Заходнюю Беларусь. Разумеў ён і другое, калі гіпатэтычны напад Японіі на СССР падтрымаюць з Захаду, перш-наперш Польшча, то прыход у БССР магчымага саюзніка Японіі будзе азначаць знішчэнне ўсіх беларускіх дасягненняў (школьніцтва, друку і г. д.) пад прэтэкстам барацьбы з камунізмам.
Артыкул, нагадаю, напісаны на пачатку 1936 г. Пакуль ён ляжаў у рэдакцыі, быў аформлены Антыкамінтэрнаўскі пакт Японіі і Нямеччыны, да якога не далучыцца Польшча, але далучацца Італія, Венгрыя і Манчжурыя. Аднак гэты пакт парушаць і Нямеччына (пакт Рыбентропа-Молатава), і Японія, якая, ведучы вайну ў Кітаі і маючы канфлікт з Амерыкай, красавіку 1941 г. заключыла з СССР пакт аб нейтралітэце. Токіо будзе дакладна яго выконваць, каб не справакаваць вайну з Савецкім Саюзам.
1 Расійска-японская вайна скончылася перамогаю Японіі і падпісаннем 5 верасня 1905 г. Портсмуцкага мірнага дагавору. Расія аддала Японіі паўднёвую частку Сахаліна і тыя Курыльскія астравы, якія належалі ёй да вайны, прызнала Карэю сфераю японскага ўплыву, саступіла Японіі права на арэнду Ляадунскага паўвострава з Порт-Артурам і Дальнім (кіт. Далянь, яп. Дайрэн), а таксама ўчыніла іншыя саступкі Японіі.
2 Маецца на ўвазе ўказ Мікалая ІІ ад 12 снежня 1904 г. “О предначертаниях к усовершенствованию Государственнаго порядка”, яго параграф 8, якім урадаваму сенату прадпісвалася “устранить из ныне действующих о печати постановлений излишние стеснения и поставить печатное слово в точно определенные законом пределы”. З тае прычыны, што беларускі друк лацінкаю быў забаронены не законам, а друк кірыліцай і наогул забаронены не быў, сенат у адпаведнасці з указам зняў “стеснения” з беларускага друку як лацінкаю, гэтак і кірыліцаю, пакінуўшы яго ў рамках законных абмежаванняў. У 1906 г. пачалася легальная беларуская выдавецкая справа ХХ і ХХІ стст.
3 Падлікі паказваюць, што 12 мільёнаў беларусаў жылі на тэрыторыі, якую на пачатку 1919 г. меркавалася ўключыць у склад ССРБ (гл.: Пратакол І з’езда Комуністычнай партыі (большэвікоў) Беларусі / падр. да друку Ю. Майзель; пад рэд. С. Агурскага і М. Леўкова. — Мінск: Партыйнае выдавецтва, 1934. — С. 33 – 34).
4 У працягу ўласнаручнага паказання ад 21 лістапада 1939 г. Луцкевіч са спасылкаю на дэпутата Сойму Латвійскай Рэспублікі Уладзіміра Пігулеўскага пісаў, што японская агентура дзейнічала ў Латвіі¸на латвійска-савецкім памежжы.
5 Placet (лац.) — тут: згода.
Антон Луцкевіч. «Japońska» agentura // Przegląd Wileński. 1937. 21 lutego. Nr 2 (пад крыптанімам A. Ł.). Пераклад з польскай і каментары — Анатоль Сідарэвіч; упершыню апублікавана ў ягоным блогу.


