Да зместу
Левы часопіс на беларускай мове
Праксіс

Тэхналогіі30 хвілін чытання0 праглядаў

«Маё жыццё каштуе больш за гэта»

2020 год. Сацыёлаг Карэн Грэгары гутарыць з 25 райдэрамі Deliveroo і паказвае, што «самазанятасць» перакладае на кур’ераў усе рызыкі — аварыі, траўмы, выдаткі на ровар, нават даўгі перад платформай, — а непразрысты алгарытм адбірае ў іх і тое, што платформа абяцае ўзамен: магчымасць самім вырашаць, калі праца таго вартая.

Тэкст: Карэн Грэгары

Калаж на амаль чорным фоне з гарызантальнымі лініямі, як на экране старога тэрмінала: злева ўверсе на шырокім ярка-зялёным прамавугольніку — старая фатаграфія хлопчыка ў капелюшы, які стаіць з роварам на тратуары перад крамай з надпісам на вітрыне «Meat-Market, Phone 181»; за ім на крэслах сядзяць двое мужчын, справа стаіць яшчэ адзін. Справа ад фота — два светлыя кругі-контуры, размешчаныя, як колы ровара, у адным з іх — зялёная кропка, пад імі вялікі зялёны трохвугольнік вастрыём уніз і подпіс «Пасыльны мясной крамы, Апеліка, 1914». Ніжэй — светлая паласа і вялікі светлы надпіс «Рызыка», унізе подпіс «Кур’еры дастаўкі ежы ў Эдынбургу / Work, Employment and Society, 2021».
Льюіс Хайн, «Адзінаццацігадовы пасыльны мясной крамы ў Апеліцы» (штат Алабама), 1914. Хайн фатаграфаваў дзяцей-работнікаў для Нацыянальнага камітэта па дзіцячай працы ЗША — у тым ліку хлопчыкаў, што развозілі на роварах пакупкі, тэлеграмы і пасылкі · Калаж: Праксіс. Фота: Льюіс Хайн, Нацыянальны камітэт па дзіцячай працы, Бібліятэка Кангрэса ЗША, грамадскі набытак

Карэн Грэгары — сацыёлаг з Эдынбургскага ўніверсітэта, якая даследуе лічбавую працу і гіг-эканоміку. Гэты артыкул з’явіўся анлайн у снежні 2020 года і выйшаў у красавіцкім нумары брытанскага сацыялагічнага часопіса Work, Employment and Society за 2021 год. Ён заснаваны на інтэрв’ю, узятых у Эдынбургу да пандэміі COVID-19, і цікавы тым, што аўтарка не столькі спрачаецца з платформай, колькі слухае саміх кур’ераў: як яны тлумачаць сабе небяспеку, грошы і логіку праграмы, якая раздае ім заказы. «Райдэрамі» (ад англійскага rider — «той, хто едзе верхам ці на ровары») платформы дастаўкі завуць кур’ераў на роварах і скутарах; так іх завуць і самі кур’еры. Некалькі брытанскіх рэалій. Брытанскае права адрознівае наёмных супрацоўнікаў, «работнікаў» (workers) з мінімальным заробкам і аплатным адпачынкам і самазанятых; райдэры Deliveroo лічацца самазанятымі. Прафсаюз IWGB, які з 2016 года дамагаўся для лонданскіх райдэраў Deliveroo права на калектыўныя перамовы, прайграў гэтую справу ва ўсіх інстанцыях — апошні раз у Вярхоўным судзе Вялікабрытаніі ў лістападзе 2023 года: суд палічыў, што райдэры не знаходзяцца з кампаніяй у працоўных адносінах, бо маюць права паслаць замест сябе іншага чалавека. Кіроўцам Uber той жа Вярхоўны суд яшчэ ў лютым 2021 года прызнаў статус «работнікаў». Эдынбургская Сетка кур’ераў, пра якую расказвае адзін з удзельнікаў даследавання, была звязаная з прафсаюзам «Індустрыяльныя работнікі свету» (IWW). Мы пераклалі ўвесь асноўны тэкст артыкула, ад уводзін да заключэння, разам з раздзелам пра метады. Анатацыю, ключавыя словы, спіс літаратуры, падзякі, звесткі пра фінансаванне і бібліяграфічныя спасылкі ў дужках мы прапусцілі; там, дзе фраза датычыцца канкрэтнага даследчыка, назвалі яго па імені. Агульны загаловак «Вынікі», пад якім у арыгінале ідуць тры раздзелы пра розныя віды рызыкі, мы апусцілі, а ў дзве цытаты кур’ераў дадалі кароткія тлумачэнні ў квадратных дужках.


Уводзіны

У ліпені 2018 года Даніэла Сміта, студэнта і райдэра Deliveroo з Эдынбурга, збіў сустрэчны аўтамабіль, калі той ехаў на ровары забіраць заказ. Даніэл атрымаў трэшчыну ў пазваночніку і лёгкія траўмы галавы; потым ён сказаў, што гэтая аварыя «нагадала мне, наколькі веласіпедысты безабаронныя ў горадзе». Праз некалькі месяцаў у французскім Бардо пад колы грузавіка трапіў і загінуў Франк Паж — васемнаццацігадовы студэнт і райдэр Uber Eats, які на ровары вёз заказ. Прадстаўнік Uber Eats заявіў, што кампанія «з глыбокім смуткам даведалася пра смерць кур’ера», а райдэры ў адказ арганізавалі памятны марш, каб звярнуць увагу на рызыкі, з якімі сутыкаюцца ў горадзе: небяспечны рух на дарогах і ціск, які прымушае іх вазіць як мага хутчэй. Кур’еры-веласіпедысты, што прыйшлі на марш, казалі журналістам: «Нам не плацяць дастаткова за рызыку, на якую мы ідзём» і «Мы робім тое самае. Я таксама студэнт, гэта мог быць я».

Дастаўка ежы — не новы занятак, але платформы дастаўкі «па выкліку» адкрываюць шлях да гэтай «бруднай», або рызыкоўнай, працы ўсё большай колькасці людзей. Гістарычна дастаўкай займаліся маладыя мужчыны, і ў Злучаных Штатах менавіта прыкметнасць і небяспека працы пасыльных дапамаглі прабіць законы аб кампенсацыях работнікам. Падобна было і ў Вялікабрытаніі: першае расследаванне паводле пашыранага Закона аб кампенсацыях работнікам (1906) тычылася гібелі пасыльнага-веласіпедыста Джэймса Хэйза, які страціў кіраванне і ўрэзаўся ў сцяну. Сёння кожны, хто можа даказаць сваё права на працу ў Вялікабрытаніі, можа сам уладкаваць сябе на працу праз платформы «па выкліку», такія як Deliveroo, — і гэтай платформе ўдалося прыцягнуць райдэраў на поўны і няпоўны дзень, у тым ліку студэнтаў, мігрантаў і тых, хто дапаўняе свой даход гіг-працай. Але калі б хтосьці з іх трапіў у аварыю, ніякай кампенсацыі, належнай работніку, ён бы не атрымаў. Райдэры Deliveroo лічацца не супрацоўнікамі кампаніі, а «самазанятымі падрадчыкамі».

Такі юрыдычны статус ужо не раз разглядалі суды і правазнаўцы. Яго называюць «фіктыўнай самазанятасцю» ці формай «субпрадпрымальніцтва». Пакуль пытанне пра статус занятасці не вырашана ў судах і рашэнні не пачалі выконвацца на месцах, людзі, якія працуюць на Deliveroo (і на іншых платформах гіг-эканомікі), вымушаныя ўступаць з ёю ў адносіны як самазанятыя падрадчыкі — ва ўмовах «дэмутуалізацыі рызыкі», калі рызыкі вядзення бізнесу перакладзеныя ў асноўным або цалкам на работніка.

Зыходзячы з таго, што райдэры — самыя дасведчаныя эксперты ў сваім уласным досведзе такой самазанятасці, у гэтым артыкуле я даследую, як кур’еры дастаўкі ежы «па выкліку» асэнсоўваюць і апісваюць рызыкі, звязаныя з працай, і як даюць ім рады. Абапіраючыся на глыбінныя інтэрв’ю з 25 эдынбургскімі райдэрамі, я паказваю, як перанос дастаўкі ежы на платформы спараджае цэлы шэраг рызык, якія можна падзяліць на фізічныя рызыкі і цялесную шкоду, фінансавыя рызыкі і эпістэмічныя рызыкі — рызыкі няведання, што вынікаюць з нявызначанасці «алгарытмічнага кіравання». Гэтыя рызыкі залежаць і ад матэрыяльных умоў горада — не ў апошнюю чаргу таму, што сама праца адбываецца на гарадскіх вуліцах, у якіх свае мясцовыя небяспекі і праблемы. Райдэры выкарыстоўваюць стратэгіі, каб прыватызаваць, нармалізаваць і мінімізаваць рызыкі, якія яны бачаць, але гэтыя стратэгіі спрацоўваюць нераўнамерна. Калі з фізічнымі і фінансавымі рызыкамі можна да пэўнай ступені справіцца, звяртаючыся да прыватнага, прадпрымальніцкага «я», да «я», якое «выбірае», дык інтэрв’ю паказваюць: праца пад алгарытмічным кіраваннем стварае нявызначанасць і заблытвае само пытанне «выбару», што ляжыць у самым сэрцы самазанятасці. Райдэры не разумеюць, як алгарытм арганізоўвае і размяркоўвае працу, а значыць, не могуць вызначыць, ці і калі іх праца будзе для іх «таго вартая». Некаторыя райдэры звяртаюцца адно да аднаго па падтрымку, інфармацыю і парады, як лепш працаваць, але дастаўка ежы «па выкліку», як і яе гістарычныя папярэднікі, застаецца прыкметнай формай небяспечнай працы — і полем, што даўно саспела для юрыдычнага ўмяшання.

Кантэкст

Платформам «па выкліку» прыпісваюць стварэнне наватарскіх бізнес-мадэляў, якія даюць работнікам выбар і гнуткасць, а рэклама Deliveroo проста прапануе ім «быць сабе за боса» і «добра зарабляць». Такая рэклама старанна замоўчвае рызыкоўны бок працы і часта абапіраецца на выявы маладых, здаровых, дужых хлопцаў, што лёгка ляцяць на ровары праз гарадскія вуліцы. Гэтыя выявы звязваюць працу «па выкліку» з модным іміджам кур’ераў-веласіпедыстаў — і гэта тая ж маркетынгавая стратэгія, што і ў іншых платформ гіг-эканомікі, якія таксама паказваюць сваіх работнікаў маладымі, гнуткімі і бліскучымі. Але калі гарадскія кур’еры-веласіпедысты звычайна лічаць сябе кваліфікаванымі прафесіяналамі, для якіх рызыка — частка ідэнтычнасці, дык працоўныя платформы накшталт Deliveroo прадаюць стэрылізаваную версію кур’ерскай культуры: маўляў, гэтую працу як форму «самазанятасці» можа рабіць любы.

Пра самазанятасць на платформах часта гавораць у адным шэрагу з «будучыняй працы», але бальшыню такой працы варта разумець як працяг больш шырокай гістарычнай тэндэнцыі — прыватызацыі рызыкі. Поўны агляд сацыялогіі рызыкі (Зігмунт Бауман, Ульрых Бек, Энтані Гідэнс) выходзіць за межы гэтага артыкула, але гэтая літаратура дапамагае ўбачыць тры асобныя траекторыі, з якіх вырасла платформавая эканоміка. Калі казаць агульна, то разбурэнне фармальнай занятасці, рост прадпрымальніцкай культуры і тэхналагічная рацыяналізацыя працоўнага працэсу — усё гэта спараджае для работнікаў новыя формы рызыкі і нявызначанасці.

Па-першае, па меры таго як бізнес-мадэлі і карпаратыўная логіка імкнуліся паспець за ўсё больш схільнымі да рызыкі, няўстойлівымі рынкамі, зніжаліся і іх укладанні ў доўгатэрміновы і стабільны штат. Гэтая тэндэнцыя да нестабільнай (прэкарнай) працы — працы, якая, паводле вызначэння сацыёлага Арнэ Калеберга, «нявызначаная, непрадказальная і рызыкоўная з пункту гледжання работніка», — спалучаецца з ціскам на работнікаў, ад якіх патрабуюць быць спрытнымі, «прыдатнымі да працы» і гатовымі падладжвацца пад патрабаванні рынку. Літаратура ў сацыяльных навуках, якая вывучала развіццё прэкарнай працы, расказала перадгісторыю гіг-эканомікі: як з’явіліся выпадковыя, нефармальныя, афектыўныя, сеткавыя і «гнуткія» працоўныя дамоўленасці. У духу тэорыі «грамадства рызыкі»: па меры таго як старыя формы салідарнасці распадаюцца, работнікі апынаюцца менш абароненымі, менш палітычна ўплывовымі і ўсё больш вымушанымі кіраваць рызыкамі самастойна.

Разам з гэтай прэкарнасцю ўзнялася сацыяльная фігура прадпрымальніка, якога заахвочваюць прымаць рызыку як поле для самаразвіцця, магчымасцяў і прыбытку. Рэкламны слоган Deliveroo — «Будзь сабе за боса» — запрашае да такога засваення, падахвочвае людзей бачыць у сабе ўласнае начальства. Гэтае прадпрымальніцкае «я» мае шмат агульнага з тым, што антраполаг Элізабэт Павінэлі назвала «аўталагічным „я“», — гэта «я», якое само «выбірае» сваё жыццё і тым самым стварае для сябе новыя магчымасці і перспектывы. Праз прызму прадпрымальніцтва рызыку можна пераасэнсаваць як прыватную інвестыцыю, і гіг-платформы паспяхова перакладаюць фінансавыя выдаткі працы на асобных людзей і патрабуюць, каб работнікі самі забяспечвалі сябе матэрыяламі, абсталяваннем ці маёмасцю. Як пішуць Джэрэнт Гарві і яго суаўтары, такія прадпрымальніцкія і «гіпергнуткія» працоўныя дамоўленасці патрабуюць ад людзей «добраахвотна ўзваліць на сябе ўсю няпэўнасць і ўсе рызыкі статусу самазанятага».

Акрамя таго, тэхналагічнае ўладкаванне гіг-эканомікі вырасла са спробы — з пункту гледжання кіраўніцтва — вызначыць, кантраляваць і абмежаваць неадназначнасць працоўнага працэсу. І тым самым яно стварыла для работнікаў цэлы шэраг новых формаў рызыкі і нявызначанасці. Даследаванні гіг-эканомікі паказалі, як платформы захоўваюць кантроль над графікамі работнікаў, над працоўным працэсам, над тым, калі і за што чалавека можна звольніць, і над заробкамі. Кантроль пераходзіць да платформаў праз формы «алгарытмічнага кіравання», якое дазваляе кампаніям выкарыстоўваць даныя і алгарытмічныя сістэмы, каб вымяраць працоўны працэс, сачыць за ім і кантраляваць яго. Такое кіраванне дазваляе некалькім людзям наглядаць за велізарнай (і патэнцыйна глабальнай) працоўнай сілай; як высветлілася, яно прыводзіць да разгубленасці работнікаў, якія спрабуюць зразумець алгарытм, расказаць пра яго ці «перахітрыць» яго.

Такія працоўныя дамоўленасці вядуць да хранічнай нявызначанасці наконт графікаў і чаканых заробкаў і звязаныя з трывожнасцю і перапрацоўкай. Сацыёлаг Алекс Вуд мяркуе, што трывогу ўзмацняюць страх звальнення і тое, як цяжка замяніць гэтую крыніцу даходу. Акрамя таго, даследчыкі высветлілі, што гіг-праца звязаная з павышанымі рызыкамі для бяспекі. Паводле аднаго брытанскага апытання, кіроўцы Uber значна часцей трапляюць у дарожныя аварыі. Тое ж апытанне паказала, што большасць кіроўцаў не прайшлі ніякага навучання, як спраўляцца з рызыкамі на дарозе (63%), і не атрымалі сродкаў абароны (65%). Канкурэнцыя на рынку паслуг «па выкліку» азначае, што кампаніі ўвесь час імкнуцца скараціць час дастаўкі, а гэта, у сваю чаргу, стварае ціск на тых, хто непасрэдна вязе заказы. Кіроўцам-падрадчыкам, што развозяць прадукты, проста загадвалі «ехаць хутка», каб выконваць нормы дастаўкі, а кур’еры Amazon Prime расказвалі, што ў іх няма часу на перапынкі. Такія жорсткія ўмовы працы прыводзілі да знясілення, хвароб і нават смерці работнікаў. Кур’еры дастаўкі ежы «па выкліку» сутыкаюцца з тым самым ціскам — вазіць хутка — і з пастаянным сачэннем, асабістай стомленасцю, гвалтам і пераследам.

Аднак гэтая глыбокая дэмутуалізацыя і прыватызацыя рызыкі ставіць многіх людзей, што працуюць у гіг-эканоміцы, у супярэчлівае становішча. Людзям гэтая праца падабаецца, і яны нават лічаць яе забавай і спосабам падтрымліваць форму — «вольным заняткам, які да таго ж прыносіць грошы». Удзельнікі гэтага даследавання таксама падкрэслівалі, што атрымліваюць ад працы задавальненне. Усе, апроч аднаго, сказалі, што аддаюць перавагу кур’ерскай працы «па выкліку» перад іншымі заняткамі — у фастфудзе, рознічным гандлі ці кол-цэнтрах, дзе праца гэтаксама можа быць нестабільнай, напружанай, кантраляванай і пад сачэннем. Гэтае задавальненне і парадокс самазанятасці на фоне нявызначанасці і стрэсу алгарытмічнага кіравання падштурхоўваюць даследаваць, як гіг-работнікі выпрацоўваюць уласныя, бытавыя веды пра рызыку — веды, якія, як нагадваюць Дэбора Лаптан і Джон Талак, заўсёды «кантэкстуальныя» і «лакальныя».

Метады

Каб зразумець, як райдэры прыходзяць да кур’ерскай працы ў дастаўцы ежы «па выкліку» праз праграмы ў Эдынбургу і як яны яе перажываюць, я правяла інтэрв’ю з 25 цяперашнімі і былымі райдэрамі. Удзельнікаў шукалі праз анлайн-анкету, якую распаўсюдзілі праз мясцовага пасярэдніка, знаёмага па палявой працы, і праз сацыяльныя сеткі, у тым ліку праз мясцовую групу райдэраў у WhatsApp. Усе апытаныя райдэры жывуць у Эдынбургу ці побач з ім і працуюць у горадзе. Узрост удзельнікаў — ад 18 да 45 гадоў, і сярод іх пераважалі мужчыны (72% мужчын і 28% жанчын). Гэтая гендарная прапорцыя адпавядае апытанню Каралеўскага таварыства мастацтваў, мануфактур і гандлю (RSA), якое паказала, што «работнікі гіг-эканомікі значна часцей бываюць мужчынамі, чым жанчынамі».

На пачатку набору мне ўдавалася дамаўляцца на інтэрв’ю пераважна са студэнтамі, бо анкета разыходзілася сярод суседзяў па кватэрах і па іншых студэнцкіх сетках. Але калі анкета пашырылася сярод райдэраў праз сацыяльныя сеткі і WhatsApp, на інтэрв’ю пагадзіліся і тыя, хто працуе поўны дзень, старэйшыя і больш уразлівыя райдэры. Адзінаццаць удзельнікаў цяпер вучацца ў Эдынбургскім універсітэце, Эдынбургскім універсітэце Нэп’ера ці Універсітэце Стэрлінга. Яшчэ пяцёра — былыя студэнты, якія пасля вучобы засталіся ў горадзе. Дзевяць чалавек ніколі не былі студэнтамі і спрабуюць працаваць кур’ерамі «па выкліку» поўны дзень або спалучаюць кур’ерскую працу з іншымі працамі на няпоўны дзень. Амаль усе апытаныя райдэры раней дзесьці працавалі, часта ў сферы паслуг ці ў рознічным гандлі. Рынак працы ў Эдынбургу цесны, а праца для студэнтаў звычайна пагадзінная і нізкааплатная, таму кур’ерская праца «па выкліку» выглядае спосабам зарабіць да амаль 10 фунтаў у гадзіну. Усе райдэры, з якімі я гутарыла, цяпер працуюць праз платформу дастаўкі ежы Deliveroo, хоць амаль палова бярэ заказы і праз іншыя платформы, такія як Uber Eats ці Beelivery.

Паўструктураваныя інтэрв’ю, кожнае каля гадзіны, праходзілі тварам у твар. Усім удзельнікам прапаноўвалі сертыфікат на 20 фунтаў на рамонт ровара ў мясцовым веласіпедным кааператыве — каб заахвоціць да ўдзелу і кампенсаваць гіг-работнікам іх час. Пытанні інтэрв’ю былі складзеныя так, каб абмеркаваць тры тэмы: як чалавек стаў кур’ерам «па выкліку», як ён суб’ектыўна ўспрымае ўмовы працы і як (калі ўвогуле) райдэры разумеюць рызыкі, звязаныя з працай. Усе інтэрв’ю запісвалі, і прафесіяналы іх расшыфравалі. Расшыфроўкі закадавалі, спалучаючы індуктыўнае і дэдуктыўнае кадаванне, і па кодах вылучылі тэмы, з якіх склаліся катэгорыі рызыкі.

Цялесная рызыка і фізічная шкода: асабістая адказнасць

Самай вялікай небяспекай сваёй працы райдэры амаль аднагалосна называюць дарожныя аварыі, і гэтую рызыку яны перажываюць перадусім як крыніцу стрэсу і трывогі. Бэтані, былая студэнтка, якая цяпер працуе на Deliveroo поўны дзень, сказала пра гэта проста:

Я б сказала, тут два бакі. Адзін — фізічны бок працы. Ты працуеш і ўжо таму, што столькі часу праводзіш на дарозе, больш рызыкуеш трапіць у якую-небудзь аварыю. Гэта неад’емная частка працы.

Для Бэтані праца кур’ера «па выкліку» азначае, што ты ставіш сябе пад рызыку фізічнай шкоды, і магчымасць дарожнай аварыі афарбоўвае ўвесь яе досвед працы. Яна адчувае, што гэтая магчымасць адбілася на ёй: «Асабіста для мяне цяжкі бок працы — тое, як яна можа ўплываць на маё псіхічнае здароўе: трывога і, не ведаю, такі ціск. Часам я адчуваю, што для мяне асабіста гэта была рызыка, звязаная з працай». Падкрэсліваючы, што гэта можа быць «асабістая» праблема, Бэтані звязвае сваё адчуванне рызыкі са сваімі цяжкасцямі з псіхічным здароўем і з ціскам, які адчувала, калі працавала поўны дзень і адначасова вучылася.

Тое, што фізічная рызыка — неад’емная частка працы, паўтаралі амаль усе іншыя райдэры, а выразней за ўсіх гэта сфармуляваў Тай, які працуе на няпоўны дзень і вучыцца ва ўніверсітэце. Магчымасць аварыі вызначае яго досвед працы: «Думкі пра аварыю даволі моцна мяне займаюць, асабліва калі я кручу педалі… звычайна не перад зменай, а менавіта калі я ўжо на дарозе. Я проста пракручваю ў галаве магчымыя сцэнары аварыі! Нічога добрага і здаровага ў гэтым няма». Тут, як і ў Бэтані, магчымая аварыя прайграецца ў галаве падчас язды — гэта значыць, падчас працы. І «нічога добрага» ў гэтым няма: такія сцэнары могуць адцягваць увагу і адбіваюцца на здароўі ў цэлым.

Як расказаў далей Тай, яго заклапочанасць аварыямі падсілкоўваюць і эдынбургскія дарогі: «У Эдынбургу яны вельмі-вельмі жахлівыя, ямы такія, што могуць скінуць цябе з ровара; яны на кожнай вуліцы». На ямы скардзіцца ўвесь горад: газета Edinburgh News паведамляла, што ў гарадскі савет штодня паступае больш за 70 скаргаў на ямы. Акрамя дрэнных дарог, Эдынбург перасякае трамвайная лінія, на якой ужо здарылася шмат аварый з веласіпедыстамі, а сярод райдэраў горад славіцца агрэсіўнай манерай язды кіроўцаў. Майк, які працуе райдэрам поўны дзень, сказаў:

Тут веласіпедысты гінуць так, як, ведаеш, бачыш на дарозе збітую вавёрку, ці ката, ці сабаку, — вось так загінуў веласіпедыст каля Прынсэс-стрыт [галоўная вуліца Эдынбурга]. Ты ўразаешся ці проста падаеш, машына праязджае па табе і расціскае табе вантробы, ты ператвараешся ў хагіс [шатландская страва з бараніх вантробаў] і паміраеш — найчасцей не таму, што ўдарыўся галавой. Часам гэта вельмі сядзіць у мяне ў галаве, бо калі за табой едзе нехта асабліва агрэсіўны, і яму ўсё роўна, ці прыцісне ён цябе да ходніка, ці пакалечыць, ці заб’е, — ты проста думаеш: ды што ж з гэтым светам робіцца?
Калаж на амаль чорным фоне з гарызантальнымі лініямі: справа на светлым прамавугольніку — чорна-белая старая фатаграфія шырокай гарадской вуліцы: злева тэрасы саду і гатычная вежа помніка, справа шэраг высокіх дамоў, па бруку едуць двухпавярховыя конныя экіпажы і вазы, па тратуары ідуць людзі. Злева — вялікі зялёны круг, нахіленая светлая паласа, як быццам яго збіла, і роўная светлая паласа пад імі; подпісы «„Тут веласіпедысты гінуць так, як…“» і «ямы / трамвай / вецер →». Унізе вялікі светлы надпіс «Дарога» і подпіс «Эдынбург, Прынсэс-стрыт, фотахром, 1890-я».
Прынсэс-стрыт — галоўная вуліца Эдынбурга — з помнікам Вальтэру Скоту і садамі пад Замкавай скалой; фотахромная паштоўка 1890-х гадоў · Калаж: Праксіс. Фота: Detroit Publishing Co., калекцыя фотахромаў Бібліятэкі Кангрэса ЗША, грамадскі набытак

Да дарожных умоў дадаецца пераменлівае шатландскае надвор’е. Дэбора, адзінокая маці гадоў сарака пяці, якая на няпоўны дзень працуе на Deliveroo і Uber Eats, тлумачыць: «Вецер — гэта праблема… Аднойчы я выйшла ўсяго на гадзіну, каб ухапіць пікавую гадзіну. Зрабіла дзве ці тры дастаўкі, і ў нейкі момант мяне літаральна здзьмула на другі бок дарогі». Здзіўляе, што пры такіх характэрных для горада дарожных умовах райдэраў ніяк спецыяльна не вучаць вызначаць, калі ездзіць бяспечна. Больш за тое, Deliveroo часам выкарыстоўвае дрэннае надвор’е, каб заахвоціць — «стымуляваць» — больш райдэраў запісвацца на змены, як гэта было ў 2018 годзе падчас снежнай буры ў Эдынбургу, калі абвясцілі «чырвоны» ўзровень небяспекі.

Пытанне бяспекі пераплятаецца і з прыкметнасцю, і з рызыкай пераследу. Райдэры Deliveroo носяць адзенне з яркай фірмовай сімволікай, якое лёгка пазнаць, і становяцца мішэнню варожасці, якую кіроўцы адчуваюць да веласіпедыстаў увогуле. Эрык расказаў: «Таксісты і кіроўцы аўтобусаў — у іх такая звычка… Вядома, ёсць хлопцы, якія ездзяць вельмі дрэнна, а потым яны абвінавачваюць нас усіх». Такая прыкметнасць можа прыводзіць і да пераследу ці нападаў. Летам 2018 года на райдэраў у грамадскім парку Медаўз пракацілася хваля збіцця з боку падлеткаў. Веладарожкі парку — асноўныя веласіпедныя магістралі, а дзякуючы цэнтральнаму месцазнаходжанню парк служыць і месцам, дзе райдэры чакаюць заказаў. «Банда дзяцей», як яе апісвалі, раз за разам пазнавала райдэраў Deliveroo па фірмовым адзенні і рыштунку і сцягвала іх з ровараў. Хорхэ сказаў:

Месяц таму восем чалавек напалі на хлопца з Deliveroo. Ён, вядома, быў у поўнай уніформе. Яны схапілі ежу, здаецца, схапілі торбу і нават куртку. Ну, яшчэ была б нейкая выгада, калі б яны ўзялі скутар ці ровар, але яны білі яго проста ад нуды. Зноў жа, робіш з сябе мішэнь, а Deliveroo насраць. Прабачце, не люблю так выражацца. Ім насраць на такія рэчы.

Як кажа Хорхэ, райдэры адчуваюць, што яны «мішэні» для нападаў і што, калі з імі такое здараецца, кампаніі ўсё роўна. Эрык, які працуе на няпоўны дзень, сказаў так:

Мы самазанятыя. Мы не іх работнікі, і таму я не адчуваю сябе часткай гэтай кампаніі і не хачу насіць яе імя… Я не адчуваю перад імі ніякіх абавязацельстваў, а насіць гэта [фірмовае адзенне] даволі небяспечна, бо на цябе нападаюць, і часта. Калі ніхто не ведае, хто я такі, да мяне ставяцца інакш. Таму я проста хачу быць нябачным… так мне проста бяспечней.

Што да фізічнай рызыкі, райдэры казалі, што самі робяць выбар і разлічваюць толькі на сябе, каб застацца ў бяспецы, — тым самым прыватызуючы рызыкі, з якімі сутыкаюцца, працуючы на гарадскіх вуліцах. Дэбора сказала пра гэта зусім ясна:

Я сказала: «Яно таго не вартае. Маё жыццё каштуе больш за гэта». Але потым я зноў выйшла ў вецер — не ў такі моцны, як тады. Але бывае, што я на ветры і… адзін парыў можа проста перакуліць мяне. Торба як ветразь; з торбай яшчэ горш, так, але гэта мая адказнасць… Мая бяспека — мая адказнасць; я не магу перакласці яе на Deliveroo. Я сама выбіраю, выходзіць мне ці не. Калі не выйду — мне не заплацяць, і бывае вельмі спакуслівым выбраць выйсці, калі зусім не бяспечна.

Дэбора разумее, што робіць «выбар», калі працаваць, і лічыць клопат пра сваю асабістую бяспеку «сваёй адказнасцю». Хоць яна разумее, што яе жыццё «каштуе больш», чым праца ў небяспечнае надвор’е, Дэбора разрываецца паміж тым, калі працаваць, а калі адмовіцца. Варта звярнуць увагу, што яна кажа: «не магу перакласці яе на Deliveroo», — значыць, канчаткова ацэньваць рызыку павінна сама Дэбора, якая, відаць, засвоіла дэмутуалізацыю рызыкі, звычайную для платформавай працы.

Тай таксама мяркуе, што рызыкаваць сваёй бяспекай «не трэба» і што гэта «таго не вартае»:

Я б сказаў, што шмат веласіпедыстаў, па-мойму, рызыкуюць без патрэбы — праязджаюць на чырвонае святло і ўсё такое, — а я так не раблю. Я б, напэўна, сказаў, што час, які ты так эканоміш, таго не варты, бо — ты сапраўды заўважаеш такую рэч: нават калі вельмі-вельмі выкладваешся, едзеш так хутка, як толькі можаш, звычайна развозіш столькі ж заказаў, бо выйграеш хвіліну-другую, не больш.

Аднак, як сказаў Іэн, з-за ціску, які прымушае ездзіць хутка, «многія лічаць, што гэта даволі небяспечна, але проста трэба ведаць сябе — ведаць, наколькі хутка табе трэба ехаць; што да маёй хуткасці — наколькі моцна я б падганяў сябе, каб выканаць заказ». Для Іэна рызыку аварыі змякчае менавіта тое, што ён «ведае» свае магчымасці на ровары і ўмее кіраваць сваёй хуткасцю на вуліцах. І ўсё ж «ведаць сябе» можа азначаць і свядомы выбар — парушаць правілы дарожнага руху. Як сказаў Эрык, студэнт, які працуе райдэрам на няпоўны дзень: «Не магу сказаць, што я ўсё раблю па правілах, бо часта трэба нешта зрабіць проста дзеля таго, каб зрабіць працу хутчэй, лепш. Часам нават бяспечней выбраць тое, што лічыцца недапушчальным». Эрык разумее, што не заўсёды робіць «па правілах», але адначасова мяркуе, што магчымасць самому выбіраць, як ездзіць, робіць яго ў большай бяспецы.

Фінансавыя рызыкі і рызыкі для будучыні: размытыя межы

Пра заробкі, пра выдаткі, звязаныя з працай, і пра страх, што праца можа апынуцца «таго не вартай», гаварылі ўсе апытаныя райдэры. Некаторыя адчуваюць, што могуць «паднаціснуць» (гэта значыць браць больш заказаў і ездзіць хутчэй) і зарабіць больш за брытанскі мінімальны заробак, але большасць казала пра трывогу за сваё фінансавае становішча. Не ўсе апытаныя райдэры Deliveroo фінансава залежаць ад Deliveroo, але большасць плаціць заробленымі грашыма за жыллё, купляе на іх прадукты ці дапаўняе імі іншыя даходы. Ніхто з райдэраў, з якімі я гутарыла, не мог нешта адкласці на выпадак аварыі. І ні ў кога з іх цяпер не было пенсійных зберажэнняў. Некаторыя студэнты казалі, што, калі б не змаглі працаваць, ім дапамаглі б бацькі, але іншыя работнікі Deliveroo — як Дэбора — трапляюць у сапраўдную пастку. Чым больш яны залежаць ад Deliveroo як ад асноўнай крыніцы заробку, тым большай рызыцы — і фізічнай, і фінансавай — яны сябе падвяргаюць. На пытанне, ці ёсць у яе сябры, сям’я ці нейкая іншая падтрымка, на якую можна разлічваць, калі яна не зможа працаваць, Дэбора адказала: «Магчыма, калі б я адважылася папрасіць, але тут ужо зусім іншая гісторыя — пра грошы і пра тое, каб браць грошы ў людзей». Дэбора сапраўды ўпала з ровара: «Я нешта не так разлічыла, зачапілася рулём за нешта. І вось я ўжо ляжу на дарозе, а ровар на мне». Яна пашкодзіла калена і тыдзень не ездзіла, але даўжэй без працы не магла, і, як яна кажа, «таму я зноў села на ровар. Мяне ўсю трэсла, я была вельмі насцярожаная і круціла педалі вельмі павольна, але ўсё роўна зрабіла столькі ж заказаў». Напрыканцы яна сказала мне: «Тое калена дагэтуль баліць — не ведаю, ці гэта ад таго падзення».

Незалежна ад таго, наколькі яны фінансава залежаць ад Deliveroo, усе райдэры нясуць пастаянныя выдаткі, звязаныя з гэтай працай, — найперш на догляд абсталявання. Сандра сказала:

У мяне былі нейкія праблемы з рулявой калонкай і з рулём, і я спрабавала сама разабрацца, у чым справа, нешта падкручвала. Не дапамагло, і ў выніку давялося везці ровар у майстэрню — не падчас змены, а калі я проста каталася, — і выкласці 30 фунтаў за рамонт. З роварам зараз трэба зрабіць яшчэ кучу ўсяго, ну, хутка трэба будзе, і вось гэтыя 30 фунтаў — напярэдадні я адпрацавала змену на Deliveroo, і ў галаве круцілася: гэта ж як… я, па сутнасці, аплачваю ўтрыманне ровара. Хоць гэта і нават міла — быццам мы з роварам робім гэта разам і ён сам сябе акупляе, — але адначасова трэба хаця б выйсці ў нуль па выдатках на ровар.

Дональд, студэнт, які працуе райдэрам на няпоўны дзень, сказаў, што догляд ровара — справа бясконцая і што больш за ўсё ён баіцца, каб ровар не скралі: тады ён не зможа працаваць, пакуль не купіць новы. Для Дональда праблема і ў нікчэмным рыштунку, які выдае Deliveroo:

Я лічу, нам патрэбна нейкая страхоўка на выпадак, калі іх рыштунак ламаецца, бо я ведаю людзей, якія адмянялі змены, таму што ў іх зламалася скрыня ці нешта такое, і гэта віна Deliveroo, бо яны раздаюць гэтае барахло. Deliveroo ўсё роўна, бо для іх гэта невялікая страта.

Райдэрам бывае цяжка ўлічваць гэтыя выдаткі, і таксама цяжка прадбачыць, у колькі ім абыдзецца пачаць працаваць на Deliveroo. Сандра, напрыклад, не толькі ўклалася ў ровар, але і заплаціла Deliveroo за фірмовую скрыню для дастаўкі і куртку:

Потым я была вінная Deliveroo 150 фунтаў… Не трэба было плаціць усё адразу. Яны проста ўтрымлівалі часткамі, не больш за 50% твайго заробку, пакуль не набяруцца 150 фунтаў, але з-за гэтага было зусім немагчыма разлічыць, колькі грошай ты насамрэч атрымаеш, бо не было так, што «будзем утрымліваць па 10 фунтаў у тыдзень». Сума была выпадковая, часам зусім маленькая, а часам вялікая. Нават ніякай логікі не было.

Пры такім парадку работнікі апынаюцца ў даўгу перад кампаніяй яшчэ да таго, як пачнуць працаваць, — і гэта перагукваецца з асцярогамі даследчыкаў, што гіг-эканоміка стварае ўмовы «новага прыгону» («neovilleiny»), пры якіх работнікі плацяць працадаўцу нешта накшталт арэнды без гарантыі даходу. Хоць Сандра не разлічвае на Deliveroo, каб аплачваць рахункі, з-за даўгу перад кампаніяй яна брала змены, якія ў звычайных умовах не ўзяла б.

Калаж на амаль чорным фоне з гарызантальнымі лініямі: злева на зялёным прамавугольніку — начная фатаграфія хлопчыка ў кепцы з кукардай і ў кароткіх штанах, які едзе на ровары па цёмнай пустой вуліцы. Справа — рад з зялёнага квадрата, светлага контуру квадрата і светлага контуру круга, подпіс «„Потым я была вінная Deliveroo 150 фунтаў“», светлая паласа і подпіс «Пасыльны A.D.T., 10 гадзін вечара, Індыянапаліс, 1908». Унізе вялікі светлы надпіс «Доўг» і побач зялёны «£150».
Льюіс Хайн, «Пасыльны A.D.T. 10 гадзін вечара. Індыянапаліс», жнівень 1908. Хлопчыкі-пасыльныя кампаніі American District Telegraph развозілі на роварах тэлеграмы і пакункі ўдзень і ўначы · Калаж: Праксіс. Фота: Льюіс Хайн, Нацыянальны архіў ЗША (NARA 523085), грамадскі набытак

Фінансавую рызыку яшчэ больш ускладняе сістэма аплаты Deliveroo «за дастаўку», якая прымушае райдэраў узважваць рызыкі, на якія яны гатовыя пайсці, супраць заробку, на які яны спадзяюцца ці які ім патрэбны. Тэйлар, студэнт і райдэр на няпоўны дзень, які збіраецца ў магістратуру, сказаў, што нестабільнасць аплаты яго вельмі раздражняе. Ён спадзяваўся, што Deliveroo «скажа людзям: калі вам плацяць за дастаўку, вы насамрэч будзеце зарабляць менш». Хоць Тэйлар працуе толькі на няпоўны дзень і гэтыя грошы — для яго дадатак на кішэнныя выдаткі, ён усё ж лічыць, што Deliveroo «павінна наймаць роўна столькі людзей, колькі трэба, і мець пастаянны штат, якому нармальна плаціць, замест натоўпу людзей, якія не надта адданыя працы і марнуюць свой час». Ці вартая праца таго — для Тэйлара гэтае пытанне застаецца адкрытым.

Акрамя выдаткаў на працу і нестабільных, непрадказальных заробкаў, райдэры гаварылі пра тое, што, працуючы на Deliveroo, не могуць нічога адкладваць і не маюць рэкамендацый (бо ў Deliveroo няма «боса», няма і менеджара ці кіраўніка, які мог бы даць райдэру рэкамендацыю), — і гэта ставіць пытанні пра больш доўгатэрміновыя перспектывы. Ана, студэнтка і райдэрка на няпоўны дзень, сказала:

Я не вельмі хачу быць самазанятай; у маім узросце людзі хочуць рэкамендацый ад папярэдніх працадаўцаў. Я падавалася ў Camp America [праграма летняй працы ў дзіцячых лагерах ЗША], і мне кажуць: добра, дайце рэкамендацыю ад папярэдняга працадаўцы, — а ў мяне ёсць толькі адна, з цэнтра актыўнага адпачынку пару гадоў таму. Калі здымаеш кватэру, часам таксама патрэбна рэкамендацыя ад папярэдняга працадаўцы, проста каб паказаць, што на цябе можна пакласціся. На мяне можна пакласціся, але няма нікога, хто б гэта пра мяне сказаў.

Калі гаворка пра фінансавую рызыку, «я», якое выбірае, пачынае блытацца: ці плацяць райдэрам за тое, што яны катаюцца на ровары, і ці працуюць яны на сябе ці на Deliveroo. Укладанні ў працу нармалізуюцца як частка ідэальнай працы ці фітнес-праграмы, якой чалавек «і так займаўся б». Іэн, студэнт, які на няпоўны дзень развозіць заказы для Deliveroo і Uber Eats, сказаў: «Я люблю ровар… Мне падабаецца быць фізічна актыўным. Я маю на ўвазе, так, калі табе плацяць за язду на ровары — гэта праца маёй мары, ну, праца маёй-маёй мары, сапраўды». Тое, што Deliveroo прапануе такую «працу мары» — асабліва тым, хто аддае перавагу актыўнай працы перад сядзячай працай па раскладзе, — часта азначае, што людзям цяжка зразумець, ці выдаткі на пачатак працы і на догляд абсталявання звязаныя з працай ці з асабістым жыццём. Сандра, студэнтка і райдэрка на няпоўны дзень, сказала:

Мне даволі цяжка адрозніць рэчы, якія карысныя мне і маёй здольнасці працаваць на Deliveroo, ад рэчаў, якія я хачу зрабіць і ўкласціся ў ровар у любым разе, бо я люблю ровар як, ну, хобі. Рана ці позна мне ўсё роўна спатрэбяцца новыя колы, але, напэўна, праца на Deliveroo азначае, што давядзецца купіць іх раней.

Словы Сандры высвечваюць ключавую для многіх райдэраў праблему: размытасць мяжы паміж тым, ці працуе яна на сябе, ці на Deliveroo. Райдэры — самазанятыя падрадчыкі, якія самі забяспечваюць сябе абсталяваннем, у тым ліку роварам, скутарам, смартфонам, мабільным інтэрнэтам і ахоўным рыштункам. Як кажа Сандра, ёй «у любым разе» трэба было б абнавіць ровар, але яна не ведае, наколькі знос ад працы на Deliveroo павялічвае гэтыя выдаткі. Акрамя таго, доўгатэрміновыя фінансавыя рызыкі працы на Deliveroo прымяншаюць тыя работнікі, хто бачыць у Deliveroo часовую падпрацоўку. Андрэас сказаў: «Для мяне Deliveroo — гэта такі запасны варыянт, пакуль не знайду іншую працу, бо я не ўпэўнены, што застануся ў Эдынбургу… Я дакладна буду працаваць на Deliveroo, пакуль не знайду працу, якая, не ведаю, ну, сапраўдная праца, мабыць!»

Эпістэмічныя рызыкі: непразрыстасць

На першы погляд праца па дастаўцы выглядае даволі простай. Паступаюць заказы, і райдэраў адпраўляюць забраць ежу ў рэстаране і завезці яе кліенту. У некалькіх інтэрв’ю райдэры казалі, што для працы патрэбны проста «здаровы сэнс», і называлі яе «лёгкай» ці «нічога асаблівага». І ўсё ж, калі райдэры падрабязней расказвалі пра свой досвед, стала ясна, што яны не разумеюць, як алгарытм Deliveroo размяркоўвае працу паміж імі асабіста і як ён арганізуе працу ў горадзе ў цэлым. Гэтае няведанне раздражняе райдэраў у штодзённым жыцці і, шырэй, заблытвае іх адчуванне самазанятасці і ўласнай свабоды дзеяння. Сандра растлумачыла: «Найчасцей ты проста робіш, што табе кажуць. Яны даюць табе заказ, ты яго прымаеш і едзеш туды». Гэта гучыць даволі проста, але Сандра працягвала:

Мне, мусіць, уяўляецца, што быць самазанятай — гэта калі ты сама выходзіш і шукаеш працу, і кантакты, і ўсё такое, а Deliveroo цалкам бярэ гэты працэс на сябе. Яны могуць прапанаваць табе працу, і ты не абавязаная яе браць, але, не ведаю, табе не надта шмат даюць… Карацей, калі ты на змене, яны прызначаюць табе новы заказ, і ты можаш ад яго адмовіцца, але тады ў цябе ніжэйшы працэнт прынятых заказаў, і гэта, не ведаю, можа, ідзе табе ў мінус.

Deliveroo не толькі «цалкам бярэ на сябе», гэта значыць кантралюе, працоўны працэс, але і збірае статыстыку эфектыўнасці райдэраў. Ад гэтай статыстыкі залежыць, калі райдэр можа запісацца на змены. Чым раней можна запісацца, тым больш шанцаў атрымаць змены ў самыя гарачыя гадзіны, калі заказаў шмат. Але, як кажа Сандра, яна баіцца, што адмовы ад заказаў, хоць іх і няма ў афіцыйных паказчыках эфектыўнасці, усё роўна пойдуць ёй у мінус. Тай таксама кажа, што, на яго адчуванне, гэтая статыстыка падсілкоўвае ціск — вазіць хутка: «Некалькі разоў я заходзіў не ў той будынак, стукаў не ў тыя дзверы. Гэта можа нерваваць — найперш з-за адчування, што цябе падганяе час, якое я дагэтуль не… — ды няма ніякіх падстаў думаць, што нехта цябе падганяе!» Хоць Тай і лічыць, што для гэтага ціску «няма ніякіх падстаў», ён усё роўна яго адчувае.

Большасць райдэраў бяруць змены, каб суцішыць трывогу, што іх паказчыкі могуць упасці. Ад гэтых паказчыкаў залежыць, колькі працы бярэ Дональд, і праз іх ён увесь час «як на іголках», каб атрымаць змены:

Калі я на мяжы паміж трэцяй і пятай гадзінай, я стараюся працаваць як мага больш, каб застацца на трэцяй, бо калі ты на пятай, ты не атрымліваеш нічога; трохі выходных — і ўсё. Калі я на трэцяй, у мяне на тэлефоне стаіць будзільнік недзе на 2:58. Я ўваходжу, як толькі настае роўна тры, бо тады магу забраніраваць, па сутнасці, тыя змены, якія хачу, — ну, большасць, — а калі ўвойдзеш у дзесяць хвілін на чацвёртую, ужо не атрымаецца.

Але, апроч таго, як працуюць паказчыкі работнікаў, райдэраў моцна непакоіць, як «Фрэнк» — уласны алгарытм Deliveroo — размяркоўвае працу. Як сказаў Томас: «Нядаўна яны пачалі рассылаць нам лісты пра, ну, алгарытм, на якім працуе праграма, але, па-мойму, ён даволі непразрысты. Не думаю, што хоць нехта насамрэч разумее, як ён працуе». Амаль у кожнага райдэра было сваё ўяўленне пра тое, як размяркоўваецца праца, і ўсе складалі ўласныя гісторыі пра тое, як дзейнічае сістэма. Напрыклад, Джонатан сказаў: «Мы гэта вылічылі. Мы думаем, там ёсць алгарытм ці штосьці такое. Калі ты хутчэйшы райдэр, табе даюць больш дастаўкі». Стратэгія Дональда такая: «У мяне ёсць адно-два месцы [у горадзе], і я проста там застаюся, бо яны бліжэй да цэнтра, і, статыстычна, там больш шанцаў атрымаць заказ». Андрэас мяркуе, што «алгарытм працуе так, што, калі на дарогах не хапае райдэраў, яны [Deliveroo] абмяжоўваюць адлегласць ад кліента да рэстарана, з якога ён можа заказаць». Тай расказвае:

Шмат разоў людзі кажуць: «Мне здаецца, алгарытм змяніўся», — і ніякіх рэальных доказаў. Я не надта схільны верыць, калі такое кажуць. А потым, так, калі каго-небудзь бачу, сам пытаюся: «Ты не заўважыў, што табе даюць менш заказаў, ці менш падвойных заказаў, ці адлегласці карацейшыя?» Вакол алгарытму шмат здагадак.

Як выказаўся Тэйлар, магла б дапамагчы празрыстасць у тым, як працуе алгарытм: «Проста празрыстасць. Мы ведаем, што гэта не надта добра, але хаця б будзьце шчырымі і скажыце нам: так, вось гэта, вось так яно працуе». Тэйлар трапляе ў тэму, якая ўвесь час узнікала ў інтэрв’ю: раздражненне ідзе ад таго, што райдэры не ведаюць і не разумеюць, як алгарытмічна функцыянуе платформа. Цікава, што райдэры не абавязкова супраць таго, каб працаваць праз праграму ці на праграму, але іх абурае непразрыстасць сістэмы — тое, што яе ператварылі ў «чорную скрыню». Такая «чорная скрыня» заблытвае «я», якое выбірае: яго пазбаўляюць усякага зразумелага кантэксту, у якім можна было б зрабіць выбар. Большасць апытаных выказвалі раздражненне з-за таго, што не маюць ніякага ўяўлення пра тое, як кампанія абыходзіцца з данымі, — як даныя збіраюць, аналізуюць і выкарыстоўваюць, каб уладкаваць іх працу.

Тэйлар працягваў: «Адно, на што я спадзяваўся з гэтай кур’ерскай сеткай, — што мы станем дастаткова вялікімі, каб весці перамовы з Deliveroo, асабліва пра тое, што вы называеце „працай“ і чаго дакладна вы хочаце, дакладна?» Як паказана вышэй, райдэры расказваюць розныя і самыя разнастайныя гісторыі пра тое, як, на іх думку, працуе іх алгарытмічны бос, але гэтыя гісторыі застаюцца няпоўнымі, частковымі і суб’ектыўнымі. Таму работнікі звяртаюцца адно да аднаго — не толькі па падтрымку, каб даць рады рызыкам, але і каб развянчаць міфы, даследаваць і выкрываць унутраную працу платформы. Гэта адбываецца ў сацыяльных сетках, у закрытых чатах WhatsApp і праз фармальную арганізацыю. Як кажа Тэйлар, ён спадзяваўся, што праз Сетку кур’ераў (Couriers Network), якая ўзнікла пры падтрымцы прафсаюза «Індустрыяльныя работнікі свету» (IWW), райдэры змогуць весці перамовы з кампаніяй і атрымаць хоць нейкую яснасць наконт алгарытмічнай прыроды сваёй працы. Не ўсе апытаныя райдэры ўступілі ў IWW, але большасць казала, што празрыстасць ці разуменне алгарытму — гэта «тое адно, што кампанія магла б зрабіць, каб дапамагчы райдэрам». Ці дапаможа такое разуменне райдэрам кіраваць рызыкамі ці дамаўляцца пра іх — пакажа час.

Заключэнне

Тое, як чалавек пачынае разумець рызыку і даваць ёй рады, да глыбіні вызначае і сам шлях да працы райдэра «па выкліку», і досвед гэтай працы. Кожная з апісаных тут катэгорый рызыкі ўплывае на іншыя, але, раздзяляючы іх, мы лепш бачым, як людзі спраўляюцца з канкрэтнымі ўмовамі самазанятасці на платформах. Райдэры выпрацоўваюць стратэгіі, каб прыватызаваць, нармалізаваць і мінімізаваць рызыку, але гэтыя стратэгіі не спрацоўваюць, калі гаворка пра працу праз алгарытм, які хавае ад вачэй саму арганізацыю працы. Па сутнасці, райдэры Deliveroo пакінутыя сам-насам са сваім адчуваннем рызыкі і павінны самі вырашаць, калі праца «таго вартая», а калі не, — але паслядоўна зрабіць такі выбар немагчыма, не маючы ключавой інфармацыі пра тое, як даныя работнікаў збіраюцца, аналізуюцца і выкарыстоўваюцца, каб вызначаць, як часта, у якім парадку і на якую адлегласць вазіць заказы. Гэтае няведанне дадаткова ўзмацняе фізічную і фінансавую рызыкі. Такім чынам, алгарытмічная нявызначанасць спараджае ўласныя рызыкі, бо стварае ўмовы, у якіх работнікі ў прынцыпе не ведаюць правілаў працы.

Без гэтай інфармацыі работнікі сапраўды звяртаюцца адно да аднаго — каб запоўніць прабелы ў разуменні, папрасіць падтрымкі і фармальна арганізавацца. Пакуль рыхтаваўся гэты артыкул, райдэры платформаў «па выкліку» стварылі транснацыянальную сетку салідарнасці — збольшага ў адказ менавіта на фізічную рызыку і на гібель кур’ераў дастаўкі ежы ў Вялікабрытаніі і Еўропе. Гэтае даследаванне паказвае, што ўзрост, студэнцкі статус і гендар варта глыбей даследаваць у сувязі з фізічнай і фінансавай рызыкай, але яно таксама ясна паказвае: умовы платформавай працы пад алгарытмічным кіраваннем не дазваляюць людзям «быць сабе за боса» і нават — як мінімум — забяспечыць уласную фізічную бяспеку. Даследаванне праводзілася да пандэміі COVID-19, але нядаўнія падзеі толькі вывелі на першы план фізічныя і фінансавыя рызыкі, з якімі сутыкаюцца кур’еры дастаўкі ежы «па выкліку»: многія з іх працягвалі працаваць без фармальных правілаў аховы здароўя і бяспекі, хоць у часы пандэміі іх і прызналі ключавымі работнікамі.

Работнікі працягваюць арганізоўвацца і змагацца за статус наёмных работнікаў, павышэнне заробкаў і абарону бяспекі, але гэтае даследаванне паказвае, што ім патрэбна яшчэ і ясная, даступная інфармацыя пра тое, як алгарытм арганізуе працу. Без яе абяцанне самазанятасці, якое трымаецца на магчымасці абапірацца на «я», што выбірае, — на «аўталагічнае „я“», — будзе падарванае.


Karen Gregory, «‘My Life Is More Valuable Than This’: Understanding Risk among On-Demand Food Couriers in Edinburgh», Work, Employment and Society, т. 35, № 2, 2021, с. 316–331. Пераклад з англійскай паводле артыкула ў часопісе Work, Employment and Society; анатацыя, ключавыя словы, спіс літаратуры, падзякі, звесткі пра фінансаванне і бібліяграфічныя спасылкі прапушчаныя, агульны загаловак раздзела «Вынікі» апушчаны, у дзве цытаты дададзеныя кароткія тлумачэнні ў квадратных дужках. Арыгінал распаўсюджваецца паводле ліцэнзіі Creative Commons Attribution-NonCommercial 4.0 International (CC BY-NC 4.0), пераклад — на тых жа ўмовах.

Яшчэ ў рубрыцы «Тэхналогіі»

Тэхналогіі

Аспрэчваць алгарытмы

2020 год. Платформы даручаюць машынам вырашаць, што можна сказаць у інтэрнэце, і прыватная кампанія становіцца заканадаўцам, суддзём і выканаўцам адначасова. Даследчыца права Ніва Элкін-Корэн прапануе спаборніцтва: перш чым нешта выдаліць, платформа павінна праверыць рашэнне праз незалежны «Грамадскі ШІ», які абараняе свабоду слова, пародыю і добрасумленнае выкарыстанне.

Ніва Элкін-Корэн ·

Тэхналогіі

Дэкаланіяльны ШІ: дэкаланіяльная тэорыя як сацыятэхнічнае прадбачанне

2020 год. Тры даследчыкі з DeepMind і Оксфарда даводзяць, што штучны інтэлект не нейтральны: алгарытмы, якія дыскрымінуюць, «прывідная праца» размётчыкаў даных у былых калоніях, выпрабаванні тэхналогій на тых, хто горш абаронены, паўтараюць старыя ўзоры каланіяльнай улады. Каб прадбачыць шкоду ад ШІ, галіне трэба глядзець у гісторыю і вучыцца ў тых, на кім яе тэхналогіі выпрабоўваюць.

Шакір Махамед, Мары-Тэрэз Пнг і Уільям Айзак ·

Тэхналогіі

Код — гэта закон

2006 год. Лорэнс Лесіг сцвярджае, што інтэрнэт не свабодны ад прыроды: тое, што ў ім можна і чаго нельга, вызначае код — праграмы і апаратура, — і таму галоўнае пытанне не ў тым, ці будзе кіберпрастора рэгулявацца, а ў тым, хто напіша яе код і з якімі каштоўнасцямі.

Лорэнс Лесіг ·