Да зместу
Левы часопіс на беларускай мове
Праксіс

Гендар24 хвіліны чытання

Белыя слёзы, белая лютасць

2021 год. Брытанская сацыёлаг Элісан Фіпс тлумачыць, адкуль у слёз белых жанчын з сярэдняга класа такая палітычная сіла — ад #MeToo да адстаўкі Тэрэзы Мэй, — як каланіяльны ланцуг «белыя слёзы — белая лютасць» сёння працуе на турмы і межы і чаму трансвыключальны фемінізм знаходзіць агульную мову з ультраправымі.

Тэкст: Элісан Фіпс

Падзяліцца:TelegramBlueskyXFacebook
Калаж: гравюра Джона Тэніела да «Алісы ў Краіне цудаў» — дзяўчынка з доўгімі светлымі валасамі плыве ў моры ўласных слёз, выцягнуўшы руку наперад, над вадой відаць толькі галава і плячо; гравюра надрукавана паверх дыяганальных палос шасці колераў — чырвонай, аранжавай, жоўтай, зялёнай, сіняй і фіялетавай, — так што вада і Аліса пераліваюцца вясёлкай. Справа вялікі чорны круг, пад ім пурпурны клін і сіняя паласа, уверсе злева чорная паласа; унізе вялікі пурпурны надпіс «Слёзы» і дробны подпіс «Белыя слёзы, белая лютасць. Элісан Фіпс / 2021».
Аліса ў лужыне слёз: ілюстрацыя Джона Тэніела да «Прыгод Алісы ў Краіне цудаў» Льюіса Кэрала (1865), паводле нямецкага выдання 1869 года · Калаж: Праксіс. Ілюстрацыя: Джон Тэніел, грамадскі набытак

Элісан Фіпс — брытанская сацыёлаг, даследчыца гендару і сэксуальнага гвалту, доўгі час выкладала ва Ўніверсітэце Сасэкса. Артыкул выйшаў у студзені 2021 года ў European Journal of Cultural Studies і развівае думкі яе кнігі «Me, Not You: The Trouble with Mainstream Feminism» (2020). Фіпс піша як белая феміністка, якая крытыкуе ўласнае асяроддзе, — адсюль яе «мы». Яе мішэнь — «мэйнстрымны фемінізм»: медыйны, інстытуцыйны і карпаратыўны фемінізм англамоўнага свету, у якім галасы белых жанчын з сярэдняга класа гучаць найгучней. Некалькі паняццяў. «Белыя слёзы» (white tears) — іранічны выраз з антырасісцкай публіцыстыкі: так называюць сітуацыю, калі белы чалавек у адказ на закід у расізме крыўдуе ці плача, і ўвага пераключаецца з пацярпелых на яго пачуцці; «слёзы белай лэдзі» — выраз амерыканскай даследчыцы Брытні Купер. «Палітычная белізна» — паняцце самой Фіпс: не колер скуры, а стыль палітыкі, засяроджаны на ўласнай уразлівасці і на дзяржаўнай абароне. «Небелымі» мы перадаём англійскае people/women of colour. #MeToo пачаўся ў 2006 годзе як праект актывісткі Тараны Бёрк, а масавым стаў у кастрычніку 2017-га, пасля публікацый пра прадзюсара Харві Вайнштэйна і твіта акторкі Алісы Мілана. Жаночы марш — пратэсты ў студзені 2017 года, на наступны дзень пасля інаўгурацыі Трампа. Брэта Кавано ў 2018 годзе зацвердзілі суддзём Вярхоўнага суда ЗША, нягледзячы на абвінавачванне ў сэксуальным нападзе. Трансвыключальным (trans-exclusionary) называюць той фемінізм, які не лічыць транс-жанчын жанчынамі і выступае супраць іх доступу ў жаночыя прасторы; яго праціўнікі часта карыстаюцца абрэвіятурай TERF (trans-exclusionary radical feminist), якую самі прыхільніцы гэтых поглядаў лічаць абразлівай і называюць сябе «гендарна-крытычнымі» феміністкамі. Ва Вялікабрытаніі гэтая спрэчка абвастрылася з 2018 года, калі ўрад абмяркоўваў спрашчэнне юрыдычнай змены полу. Фіпс называе такі фемінізм, як і кампаніі супраць дэкрыміналізацыі сэкс-працы, «рэакцыйным». Анатацыю, ключавыя словы, спіс літаратуры, падзякі і заўвагі аўтаркі мы прапусцілі, бібліяграфічныя спасылкі ў дужках — таксама; адну заўвагу (пра «анаграматыку чорнасці») мы коратка ўключылі ў тэкст. Цытаты з «Алісы» Льюіса Кэрала перакладзеныя намі.


«Як табе не сорамна, — сказала Аліса, — такая вялікая дзяўчынка (тут яна мела рацыю, вялікая — не тое слова), а так равеш! Зараз жа перастань, чуеш!» Але тая плакала далей, праліваючы цэлыя вёдры слёз, пакуль вакол не разлілася вялікая лужына — у далонь глыбінёй і на паўзалы.
— Льюіс Кэрал, «Прыгоды Алісы ў Краіне цудаў» (1865)

Уводзіны: фемінізм у культуры сведчанняў

Мяне называюць адной з першых, хто загаварыў. Не. Я была першая. Гэта я патэлефанавала ў New York Times. Гэта я ўсё ўзарвала, а не яны. Яны атрымалі Пулітцэраўскую прэмію, а ў мяне цяпер няма грошай. Гэта агідна.
— Роўз Макгаўэн, 2019

Гэтая цытата — з інтэрв’ю газеце The Guardian 2019 года, у якім акторка Роўз Макгаўэн аспрэчвала, каму аддалі заслугу выкрыцця Харві Вайнштэйна. Як можна зразумець з яе слоў, быць першай, хто загаварыў, — гэта сіла ў культурах сведчанняў, характэрных для неалібералізму з яго гераічным, індывідуалізаваным «я». Публічнае прызнанне можа прынесці палітычныя дывідэнды: у ранейшых працах я апісвала досвед, асабліва траўматычны, як свайго роду інвестыцыйны капітал у тым, што Сара Ахмед называе «афектыўнымі эканомікамі» культуры сведчанняў. Траўму можна расказаць самой — або агучыць за іншых, — каб нарасціць капітал у форме пачуццяў і атрымаць палітычны выйгрыш. Быць першай, хто загаварыў, можа быць выгадна і матэрыяльна — асабліва ў медыйных «эканоміках абурэння», якія жывуць з канфліктаў і скандалаў.

#MeToo, мабыць, можна лічыць узорным феміністычным рухам эпохі сведчанняў. Аднак пачынаўся ён інакш: у 2006 годзе чорная феміністка і праваабаронца Тарана Бёрк стварыла праграму, каб дапамагаць тым, хто перажыў сэксуальны гвалт, — асабліва маладым небелым жанчынам — знайсці шлях да ацалення. Фраза «me too» («я таксама») выражала галоўны прынцып Бёрк — «сіла праз эмпатыю»: маргіналізаваныя пацярпелыя знаходзяць адна адну і падтрымліваюць адна адну. Праз адзінаццаць гадоў гэтая фраза стала вірусным хэштэгам — пасля твіта акторкі Алісы Мілана і ўдзелу іншых белых знакамітасцей і палітыкаў. Аналіз больш як 600 000 допісаў з #MeToo паказаў, што сярод іх былі і асабістыя гісторыі, і словы падтрымкі, і спасылкі на артыкулы, і абмеркаванне меркаваных гвалтаўнікоў, і проста агульныя каментарыі. Але — магчыма, дзякуючы дэкларатыўнай прыродзе самога хэштэга і медыйнай культуры сведчанняў, у якой ім дзяліліся, — #MeToo ўспрымаўся перадусім як рух масавага прызнання.

Сведчанне заўсёды было асновай публічнага фемінізму ў пытаннях сэксуальнага гвалту. Вынесці сваю траўму «вонкі» — спосаб не даць ёй з’есці цябе «знутры», як казала Одры Лорд, спосаб вярнуць сабе суб’ектнасць і кантроль, якія ў цябе скраў сэксуальны гвалт. Аднак масавае публічнае сведчанне #MeToo і паўтарала прынцыпы феміністычнага «павышэння свядомасці», і адыходзіла ад іх. Як заўважала сама Тарана Бёрк, рухі ў сацыяльных сетках не забяспечваюць сам сабой далейшай падтрымкі; у інтэрв’ю часопісу Elle яна сказала: «Я [баялася], што людзі будуць пісаць „me too“, а потым не пойдуць у крызісны цэнтр для пацярпелых ад згвалтавання». Ды і склад руху разышоўся з тым, на чым засяроджвалася Бёрк, — з узаемападтрымкай самых маргіналізаваных пацярпелых.

Большасць ключавых фігур віруснай версіі #MeToo былі заходнімі, белымі жанчынамі з сярэдняга або вышэйшага класа — што адлюстроўвае склад мэйнстрымнага фемінізму, асабліва яго медыйных варыянтаў. Як сказала ў праграме Good Morning America чорная акторка і актывістка супраць сэксуальнага гвалту Габрыэль Юніён, «мне здаецца, для белых жанчын адчыніліся шлюзы». Метафара шлюзаў тут невыпадковая. CNN, CBS і CBC пісалі пра «паводку» гісторый пра сэксуальны гвалт, CNBC, Times of India, New York Times і National Post — пра «цунамі». Такія вобразы рысавалі траўму маштабу стыхіі і паказвалі рух як калектыўны плач, выліванне (белых) слёз.

«Параненыя прыхільнасці» палітычнай белізны

У кнізе 1995 года «Станы пашкоджання» (States of Injury) Вэндзі Браўн сцвярджала, што прагрэсіўныя рухі схільныя гуртавацца вакол «параненых ідэнтычнасцей», якія патрабуюць прызнання і абароны — ад мовы варожасці, пераследу ці гвалту. Паводле Браўн, такая палітыка не толькі робіць гэтыя ідэнтычнасці застылымі, але і ператварае траўму ў самую іх сутнасць, спараджаючы «палітыку папрокаў і злапамятнасці», глыбока ўкладзеную ў ролю ахвяры і ў пакуты. Асабліва гэта датычыць, на думку Браўн, фемінізму другой хвалі, які замацаваў «жанчыну» як ідэнтычнасць, заснаваную на пашкоджанні. Феміністычнае павышэнне свядомасці і практыку speak out — публічных выступаў з асабістымі сведчаннямі — яна параўноўвала з «сучаснай споведдзю», пра якую пісаў Фуко: і тое, і другое вырабляе аповеды, якія могуць прысвоіць карныя (і тэрапеўтычныя) механізмы дзяржаўнага кіравання. Замацаваць «праўду» жаночага досведу праз speak out, сцвярджала яна, — зусім не абавязкова азначае вызваліцца.

Як я ўжо пісала раней, «параненыя прыхільнасці», якія Браўн прыпісвала фемінізму, — хутчэй за ўсё прыхільнасці белізны сярэдняга класа: і ў першай, і ў другой хвалі мэйнстрымнага фемінізму панавалі буржуазныя белыя жанчыны (такія, як я). Пад «мэйнстрымным фемінізмам» я маю на ўвазе перадусім англа-амерыканскі публічны фемінізм. Гэта медыйны фемінізм (і некаторыя формы фемінізму ў сацыяльных сетках), інстытуцыйны, карпаратыўны фемінізм і фемінізм у сферы дзяржаўнай палітыкі. Гэта не згуртаваны і не адзіны рух, але ў яго ёсць выразныя кірункі і выразныя наступствы. Услед за Дэніэлам ХоСангам я называю modus operandi гэтага фемінізму «палітычнай белізной». Гаворка не толькі пра яўны ці няяўны прынцып «белыя — перш за ўсё», уласцівы большасці палітычных рухаў, дзе дамінуюць белыя: у палітычнай белізны складаны афектыўны ландшафт — прыхільнасць да сябе (часта да параненага сябе) і да ўлады (часта ў форме дзяржавы). Гэтыя прыхільнасці спараджаюць шэраг з’яў: нарцысізм, пільнасць да пагрозы (у выпадку белых жанчын — часта сэксуалізаванай) і звязаную з ёю патрэбу ў кантролі. Палітычная белізна ўласцівая і мэйнстрымнаму фемінізму, і антыфеміністычнай рэакцыі, калі тыя «сыходзяцца ў баі» на сучаснай культурнай сцэне.

Роля ахвяры — у цэнтры гэтых баёў. Сэксуальны гвалт супраць жанчын стаяў на першым плане нядаўніх мэйнстрымных феміністычных кампаній — прыкладам могуць быць Жаночы марш і вірусная версія #MeToo. У адказ на гэта антыфеміністычная рэакцыя апанавана пытаннем, хто ж тут сапраўдныя ахвяры. Адно з яе галоўных сцверджанняў — што «фемінізм зайшоў занадта далёка» і што мужчыны цяпер баяцца, бо бяскрыўдны дотык абвясцілі гвалтам. Гэтыя наратывы падмацоўваюцца больш шырокімі аповедамі пра белых ахвяр, на якіх трымаліся Брэксіт, абранне Трампа і ўзлёт іншых ультраправых палітыкаў і партый па ўсім свеце.

«Слёзы белай лэдзі»

У Міжнародны мужчынскі дзень 2019 года вядучы праграмы Good Morning Britain Пірс Морган выйшаў у эфір з маналогам, у якім параўнаў белых мужчын сярэдняга класа з насарогамі, што знікаюць. «Так, нам патрэбны свой дзень, — сказаў ён. — Цяпер мы самая прыгнечаная група мужчын у свеце». Белыя феміністкі, якія часта ўжываюць выраз «мужчынскія слёзы», не цырымоняцца з такімі заявамі, што гучаць з самага сэрца антыфеміністычнай рэакцыі. У 2014 годзе пісьменніца Джэсіка Валенці выклала ў твітэр сваё фота ў футболцы з надпісам I BATHE IN MALE TEARS («Я купаюся ў мужчынскіх слязах»). Але ўласную схільнасць да слёз мы, белыя феміністкі, прызнаём куды больш неахвотна — а яна часта ёсць спробай пазбегнуць адказнасці, калі нас крытыкуюць небелыя жанчыны. Гістарычна ўлада буржуазных белых жанчын трымалася на ўяўленнях пра цноту і дабрыню: як паказвае Рубі Хамад, таму крытыка за дрэнныя паводзіны ўспрымаецца як глыбокая пагроза. Акрамя таго, белыя жанчыны могуць так моцна трымацца за свой прыгнёт як жанчын, што супраціўляюцца размове пра свой прывілей як белых.

Робін Дыянджэла сцвярджае, што белыя людзі ўвогуле існуюць у стане крохкасці, «у якім нават мінімальны расавы стрэс становіцца невыносным і запускае абарончыя манеўры». Дыянджэла крытыкавалі за тое, што яна засяроджваецца на індывідуальным самаўдасканаленні, а не на структурных зменах. Але калі разумець белізну як выкананне, перформанс структурнага панавання, яна ўсё роўна ўключае крохкасць — ці то гнеўную ломкасць гегеманічнай белай маскуліннасці, ці то «далікатнасць» белай буржуазнай жаноцкасці (у якой і крыецца яе сіла). Калі гнеў — галоўны выраз белай улады ў мужчынскім рэгістры, то слёзы — яго жаночы адпаведнік. Англійскае tear — і назоўнік, і дзеяслоў, і значэнняў у яго некалькі: буржуазная белая жаноцкасць лёгка рвецца (то бок раніцца і пашкоджваецца) — і таму лёгка заліваецца слязьмі. Гэтая «дама ў бядзе» выклікае жаданне яе абараніць — і адначасова ўступаюць у гульню каланіяльныя архетыпы небелых людзей як агрэсіўных і страшных. Вось той падстава, на якой раз’юшаныя белыя мужчыны раздзіраюць усё навокал на шматкі.

Хамад называе гэта Стратэгічнай Белай Жаноцкасцю — гістарычнай дынамікай, якая ў розных формах жыве і сёння. Яна апісвае паказальны эпізод 2018 года з удзелам кембрыджскіх прафесарак Мэры Бірд і Прыямвады Гопал. Гопал і іншыя аспрэчылі твіт Бірд пра абвінавачванні супрацоўнікаў Oxfam у сэксуальным гвалце на Гаіці і ў іншых месцах. «Цікава, наколькі цяжка, мусіць, захоўваць цывілізаваныя каштоўнасці ў зоне вайны», — гаварылася ў ім. У адказ на крытыку Бірд выклала ў твітэр сваё фота ў слязах; пасля гэтага менавіта Гопал стала мішэнню расісцкіх нападаў. Для Хамад гэта ўзор абюзіўных адносін, у якіх небелыя жанчыны знаходзяцца з белай жаноцкасцю. Калі становіцца горача, сцвярджае яна, белыя жанчыны «накіроўваюць свой узаконены статус ахвяры» супраць небелых жанчын. Пакуль прывілеяваныя белыя жанчыны купаюцца ў мужчынскіх слязах, небелыя жанчыны могуць тануць у нашых.

Наш узаконены статус ахвяры засцерагае прывілеяваных белых жанчын ад адказнасці — і ў асабістых зносінах, і ў палітыцы. Разважаючы пра Жаночы марш 2017 года, Брытні Купер звярнула ўвагу на экзіт-полы: 53 працэнты белых жанчын прагаласавалі за Трампа, тады як 94 працэнты чорных жанчын — за Клінтан (нягледзячы на свае сумневы). Глядзець, як белыя жанчыны пратэстуюць супраць абрання Трампа, за якое яны самі часткова адказныя, было для яе «самым што ні ёсць практыкаваннем у слязах белай лэдзі». Калі прачытаць яго структурна, Жаночы марш можна ўбачыць як акцыю, якая схавала саўдзел белых жанчын у перамозе Трампа, — словамі Хамад, Стратэгічную Белую Жаноцкасць у вялікім маштабе.

У маі 2019 года Тэрэза Мэй, абвяшчаючы пра адстаўку з пасады прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі, расплакалася каля дома 10 на Даўнінг-стрыт. Гэтыя слёзы зрабілі сваю палітычную работу: у некаторых колах яны выклікалі амнезію наконт таго, што Мэй рабіла як прэм’ер-міністр, а раней — як міністр унутраных спраў. Мабыць, найярчэй гэта праявілася, калі дабрачынная арганізацыя Women’s Aid, якая дапамагае пацярпелым ад хатняга гвалту, выклала (і потым выдаліла) твіт з падзякай Мэй за яе служэнне жанчынам і пацярпелым. Гэта выклікала крытыку: перад адстаўкай Мэй так і не гарантавала, што пры рэформе сацыяльнага жылля не закрыюцца жаночыя прытулкі. У 2015 годзе яе абвінавачвалі ў тым, што яна дапусціла «санкцыянаваныя дзяржавай» згвалтаванні і гвалт над безабароннымі жанчынамі-мігранткамі ў цэнтры ўтрымання Ярлс-Вуд. Яе ўрад укараняў Універсальны крэдыт — карную сістэму сацыяльных выплат, з-за якой жанчынам стала цяжэй сыходзіць ад партнёраў-гвалтаўнікоў. Здавалася, што для некаторых слёзы Мэй змылі ўсё гэта з карціны.

У адказ на фота Мэй у слязах тэлевядучы Эйлан Леві напісаў у твітэры: «Якое пранізлівае фота. Што б вы ні думалі пра Тэрэзу Мэй як прэм’ер-міністра, немагчыма не паспачуваць ёй як чалавеку». Гэтая спроба аддзяліць асабістае ад палітычнага — галоўнае ў слязах белых жанчын як стратэгічным прыёме. Мы патрабуем, каб да нас ставіліся «проста як да чалавека», якому трэба верыць на слова і які існуе па-за расавымі структурамі і адносінамі ўлады, — нават калі нашы ўчынкі іх і ўзнаўляюць. Аднак калі прывілеяваныя белыя феміністкі, адказваючы на крытыку, адмаўляюць сувязь асабістага і палітычнага, то ў нашай уласнай тэорыі і палітыцы гэтая сувязь (і асабліва наш асабісты досвед — ці досвед такіх жанчын, як мы) займае цэнтральнае месца. Гэта больш чым крывадушнасць; гэта белае панаванне (white supremacy). Ці адмаўляем мы сувязь асабістага і палітычнага, ці падкрэсліваем яе — слёзы белых жанчын дазваляюць нам ставіць у цэнтр сябе і выцясняць на ўзбочыну небелых жанчын.

У артыкуле пра #MeToo Джаміла Лем’ё заўважыла: «Белыя жанчыны ўмеюць быць ахвярамі. Яны ведаюць, як сыходзіць крывёю і плакаць на гарадской плошчы, яны да глыбіні душы разумеюць, што маюць права на спачуванне». Лем’ё не сцвярджала, што прызнанні #MeToo былі несапраўднымі; яна паказвала, якую сілу дае мэйнстрымнаму фемінізму сіла слёз белых жанчын. «Слёзы белай лэдзі», карыстаючыся выразам Купер: слёзы буржуазных белых жанчын — найвышэйшы сімвал жаноцкасці, яны выклікаюць вобраз дамы ў бядзе і жанчын з міфаў, што аплакваюць і галосяць. Хутчэй за ўсё, белым жанчынам з рабочага класа гэтая сіла даступная не цалкам: яны самі часта становяцца аб’ектам класавай агіды. І хоць яе карані, магчыма, сыходзяць у антычнасць, сіла слёз буржуазных белых жанчын умацавалася ў каланіяльную эпоху Новага часу, калі «абарона жанчын» стала ключавой для смяротнай дысцыплінарнай улады, што трымала расавыя і класавыя рэжымы выкачвання багаццяў і эксплуатацыі.

Калаж: фотаздымак у пурпурным дуатоне — над дахамі гарадскіх кварталаў з цаглянымі шматпавярховымі будынкамі паднімаюцца велізарныя клубы чорнага дыму, што закрываюць паўнеба; злева круг з дыяганальных вясёлкавых палос, пад ім чорная паласа, подпіс «Грынвуд, Талса / 1.06.1921» і чорны клін, які ўпіраецца ў фотаздымак; унізе вялікі чорны надпіс «Лютасць».
Дым над Талсай (Аклахома) 1 чэрвеня 1921 года: белыя натоўпы паляць чорны раён Грынвуд пасля ілжывага абвінавачвання чорнага юнака ў нападзе на белую ліфцёршу · Калаж: Праксіс. Фота: Alvin C. Krupnick Co., Бібліятэка Кангрэса ЗША, грамадскі набытак

Белыя слёзы, белая лютасць, белая чалавечнасць

Белае панаванне спараджае і белыя слёзы, і белую лютасць, а каланіялізм трымаўся на ланцугу, які злучаў слёзы буржуазных белых жанчын з карнай уладай белых мужчын. Часта гэты ланцуг замыкала слова «згвалтаванне»: карэнных, каланізаваных і заняволеных мужчын калечылі і забівалі пасля абвінавачванняў з боку буржуазных белых жанчын. Як паказвае Анджэла Дэвіс, і масавыя згвалтаванні чорных жанчын, і абвінавачванні чорных мужчын у згвалтаванні былі прыладамі белага панавання. На ранейшых этапах капіталізму законы пра згвалтаванне абаранялі мужчын з вышэйшых класаў, чые жонкі ці дочкі (іх уласнасць) маглі быць зняважаныя. А ў генацыдна-гвалтоўных адносінах рабавання, захопу і чалавека-рэчы, якія вызначалі каланіяльны капіталізм, забароны на згвалтаванне набылі падобны сэнс на ўзроўні супольнасці, нацыі і расы.

У каланіяльнай Аўстраліі згвалтаванне было «парушэннем жаночай чысціні» і каралася смерцю: палітыкі настойвалі, што гэта неабходна, каб трымаць у руках абарыгенаў і «непаважаных» (бедных) белых мужчын. Безабаронная буржуазная белая жанчына была ў цэнтры аповедаў пра такія паўстанні, як паўстанне сіпаяў у Індыі і паўстанне ў Морант-Бэі на Ямайцы: страх згвалтавання быў страхам рэвалюцыі. У ЗША пасля Пракламацыі аб вызваленні рабоў 1863 года белыя амерыканцы праз суды Лінча тэрарызавалі чорных і трымалі іх пад кантролем. Згвалтаванне белай жанчыны было адной з самых частых падстаў для нападаў на чорных, чыя сацыяльная і эканамічная сіла расла. У 1921 годзе ў раёне Грынвуд у Талсе белыя натоўпы (многім іх удзельнікам гарадскія ўлады выдалі паўнамоцтвы памочнікаў шэрыфа і/або зброю) забілі ад 100 да 300 чорных і знішчылі 1000 дамоў — пасля таго, як чорнага мужчыну ілжыва абвінавацілі ў нападзе на белую ліфцёршу. Грынвуд-авеню называлі «Чорнай Уол-стрыт»: гэта была адна з самых заможных афраамерыканскіх абшчын пачатку XX стагоддзя.

Гісторыя Эмета Тіла — мабыць, самы вядомы эпізод гэтай гісторыі таго, што Крысціна Шарп называе «нязменнасцю ўмоў палону». Чатырнаццацігадовага Тіла ў 1955 годзе ў Місісіпі закатавалі і забілі двое белых мужчын пасля таго, як Кэралін Браянт ілжыва абвінаваціла яго ў тым, што ён «казаў непрыстойнасці» і схапіў яе за талію. Джэсі Дэніэлс назвала Браянт «прамаці сучасных белых жанчын, якія выклікаюць паліцыю на чорных, што сядзяць у Starbucks, смажаць барбекю ў парку ці дрэмлюць у інтэрнаце», — і такія выклікі таксама заканчваліся смерцю. Пратэсты Black Lives Matter 2020 года пасля таго, як паліцыя забіла Джорджа Флойда, зноў паказалі, што жыцці чорных па-ранейшаму — цана эмацыйнага спакою белых, а смерць чорных па-ранейшаму неабходная для работы дзяржавы белага панавання. «Бяспека» белых жанчын — у цэнтры і сучасных памежных рэжымаў, якія нібыта абараняюць нас ад імігрантаў і гандляроў людзьмі, а насамрэч ствараюць умовы для масавай эксплуатацыі і гвалту.

Палітычная белізна ўключае волю да ўлады — і буржуазныя белыя жанчыны дасягалі і дасягаюць яе часта праз дэманстрацыю бяссілля. Мы існуем на скрыжаванні капіталізму, белага панавання і гетэрапатрыярхату: мы амаль не кантралюем сродкаў вытворчасці, але валодаем расавай і класавай перавагай, якая патрабуе жаноцкай пакорлівасці. Як Пенелопа ў «Адысеі» Гамера, мы кідаемся на падлогу і плачам. Гэта запускае помсту пасяленца і гаспадара, увасобленую сёння ў некрапалітычных (паводле тэрміна Ашыля Мбембе) сістэмах крымінальнага пакарання і памежнага кантролю, якія ловяць чорных і смуглых людзей і/або пакідаюць іх паміраць: гэта тое, што Шарп называе «з’яўленнем нявольніцкага карабля ў паўсядзённым жыцці». З-за гэтага ланцуга паміж белымі слязьмі і белай лютасцю сувязь асабістага і палітычнага ў белым фемінізме заўсёды была падатлівая на псаванне — а магчыма, і сапсаваная ад самага пачатку.

У адрозненне ад дамы ў бядзе, небелую жанчыну каланіялізм пазбавіў нявіннасці — часта праз згвалтаванне. Як паказвае Анджэла Дэвіс, каланіяльныя ўяўленні пра сэксуальную «дзікасць» чорных стварылі і вобраз чорнага мужчыны-гвалтаўніка, і вобраз чорнай жанчыны, якую «немагчыма згвалтаваць», — і абодва трымаліся на ўяўленні пра цела чорных як пра аб’екты, з якімі можна рабіць што заўгодна. Падчас #MeToo Харві Вайнштэйн публічна абвяргаў толькі абвінавачванні акторак Сальмы Хаек і Люпіты Ніёнга: Хамад мяркуе, што таму, што смуглых і чорных жанчын лягчэй дыскрэдытаваць. Небелыя жанчыны, і асабліва чорныя, не могуць ператварыць свой боль у палітыку так, як гэта робяць белыя: гэта і адлюстроўвае, і ўвекавечвае іх «ператварэнне ў рэч», пра якое пісаў Эме Сезэр, і іх «выключэнне з царства чалавечага».

Справа не толькі ў тым, што слёзы белых жанчын цэняць, а слёзы чорных жанчын адмятаюць. Справа ў тым, што сама раса (а магчыма, у пэўнай ступені і клас) вызначаецца праз уяўную здольнасць плакаць, што праз выкананне буржуазных белых эмоцый і адбываецца дэгуманізацыя небелых людзей. Як паказала Кайла Шулер, у полавай і расавай «навуцы» XIX стагоддзя ўяўленні пра адрозненне полаў (якое лічылася ўласцівасцю буржуазнай белізны) пераплятаюцца з уяўленнямі пра пачуцці. «Цывілізаванае» цела дзялілася на дзве паловы: «сентыментальную жанчыну… і менш уражлівага, больш рацыянальнага мужчыну». Здольнасць буржуазнай белай жанчыны плакаць была асновай яе панавальнага статусу — як і здольнасць яе мужчынскага адпаведніка адказваць на яе слёзы дзеяннем. Чалавечнасць стала азначаць і меркаваную здольнасць адчуваць, і здольнасць кантраляваць пачуцці.

Чорныя ж, паводле Шулер, лічыліся істотамі, якімі кіруюць імпульсы і адчуванні. Іншых небелых людзей вызначалі па-рознаму, але таксама адмаўлялі ім у чуллівасці: азіяты станавіліся «знясіленымі» і «застойнымі» рэшткамі мінулага, а карэнныя народы — «ажыўленымі выкапнямі, якім наканавана пайсці шляхам дыназаўраў». Гэтая расавая сімволіка па-рознаму падганяла жывыя целы пад працу на назапашванне капіталу. Расіялізаваныя супольнасці вярбавалі, прысвойвалі ці выкрадалі з розных кантынентаў — для вольнай і рабскай працы, прымусовага дзетанараджэння і прымусовых эксперыментаў, «на той падставе, што ў іх не хапае нервовай здольнасці адчуваць шкоду». Расавая канструкцыя пачуццяў стварала і патрэбу абараняць вытанчанага, адчувальнага і цывілізаванага буржуазнага белага суб’екта ад «грубых, закасцянелых і дзікіх элементаў насельніцтва, назаўсёды завіслых у стане плоці».

У «пасмяротным жыцці» каланіялізму і рабства, як называе гэта Саідыя Хартман, гэтая дынаміка не знікае. Белым жанчынам сярэдняга класа дазваляюць мець эмоцыі і ўнутраны свет, а небелым жанчынам — не. «Абарона жанчын» (белых) падтрымлівае ўвесь гмах крымінальнага пакарання і гвалт нацыянальнай мяжы, а небелыя людзі ператвараюцца ў безаблічную масу, чые трагедыі — як «міграцыйны крызіс» — часта спажываюць і забываюць. Супраціў чорных і іншых небелых людзей часта не заўважаюць нават тыя, хто з імі салідарны, а тыя, хто не салідарны, адмятаюць яго як «бессэнсоўную лютасць». Белы фемінізм са слязьмі ў цэнтры — адзін з чыннікаў гэтага расавага разліку. Больш за тое, некаторыя рэакцыйныя плыні белага фемінізму нажылі палітычны капітал на наратывах пра статус ахвяры і «абарону жанчын» — і ў выніку перапляліся з сучаснымі ультраправымі.

Калаж: доўгі план ніжняй палубы нявольніцкага карабля «Брукс» з аболіцыянісцкага плаката XVIII стагоддзя — у корпусе, падобным на выцягнуты авал з закругленым носам, шчыльнымі радамі, плячо да пляча, намаляваныя сотні ляжачых чалавечых фігурак, з краю дзве пустыя каморы з подпісам «Store Room». Карабель нахілены і напалову апушчаны ў шырокую пурпурную паласу, так што ніжнія рады фігурак праступаюць праз пурпур. Уверсе злева чорны паўкруг, вялікі пурпурны надпіс «Карабель», унізе чорная паласа і подпіс «Нявольніцкі карабель „Брукс“ / 1788».
«Размяшчэнне брытанскага нявольніцкага карабля „Брукс“ паводле Закона аб рэгуляванні гандлю рабамі 1788 года»: славуты плакат брытанскіх праціўнікаў рабства, які паказваў, як у трумах перавозілі сотні заняволеных афрыканцаў · Калаж: Праксіс. Плакат: брытанскія аболіцыяністы (1788–1789), Бібліятэка Кангрэса ЗША, грамадскі набытак

Феміністкі і ультраправыя

Рэакцыйныя фемінізмы, што складваюцца вакол спрэчак пра правы сэкс-работніц і роўнасць трансгендарных людзей, узмацняюць палітычную белізну мэйнстрыму і свядома адмаўляюць маргіналізаваным Іншым у праве быць жанчынамі — і быць людзьмі. Транс-жанчын вызначаюць як «біялагічных мужчын», а трансвыключальныя феміністкі — гэта «дарослыя асобіны чалавека жаночага полу». Правы сэкс-работніц супрацьпастаўляюць «бяспецы жанчын» — і гэтым манеўрам няяўна адмаўляюць сэкс-работніцам у тым, што яны жанчыны. Так зноў сцвярджаецца нарматыўнае, эканамічна прадуктыўнае цела і рэпрадуктыўны пол. Так выклікаецца з нябыту каланіяльнае адрозненне полаў і буржуазная белая жаноцкасць як сімвал маральнага парадку — процістаўлены расіялізаваным і заняволеным жыхарам каланізаваных і заселеных каланістамі зямель і шматрасавым «небяспечным, амаральным і распусным ніжэйшым класам» метраполіі. Пры такім мысленні ні «ненатуральная», ні «непрыстойная» жанчына ніколі не можа быць сапраўднай жанчынай.

Статус ахвяры — уласны ці агучаны за іншых — у цэнтры гэтай дынамікі. У спрэчках пра сэкс-індустрыю жудасныя аповеды пра пакуты ў парнаграфіі, прастытуцыі і гандлі людзьмі выкарыстоўваюць, каб заклікаць «слухаць тых, хто выжыў». Гэты траўматычны досвед ставяць на службу каланіяльна-феміністычнай рамцы, якая патрабуе памежных рэжымаў і такога рэгулявання, супраць якога выступаюць самі сэкс-работніцы. Сярод яго — «паўночная мадэль», якая крыміналізуе кліентаў, і забарона інтэрнэт-рэкламы сэксуальных паслуг: даказана, што абедзве меры заганяюць сэкс-працу ў падполле і ствараюць дадатковую рызыку. Праекты «дабрацца» да сутэнёраў і гандляроў людзьмі не закранаюць умоў — аўстэрыці, «Крэпасці Еўропа», самой крыміналізацыі, — якія гэтыя фігуры і спараджаюць. І ўсё ж калі сэкс-работніцы на гэта ўказваюць, іх часта запісваюць у «шчаслівыя прастытуткі», якім няма справы да «бяспекі жанчын».

Трансвыключальны (ці «гендарна-крытычны») фемінізм гэтак жа абапіраецца на аповеды пра сэксуальны гвалт, а побач ставіць вобраз транс-жанчын як драпежніц і па сутнасці мужчын. Гаворка пра тое, ці можна ўключаць транс-жанчын у жаночыя службы і іншыя прасторы — турмы, туалеты, раздзявальні. Транс-жанчын робяць адказнымі за гвалт, які ўчыняюць цысгендарныя мужчыны, — праз наратывы, якія натуралізуюць пеніс як гвалт і «прыклейваюць» гэты орган да транс-жанчыны праз назойлівую і гвалтоўную апантанасць тым, ці перанесла яна аперацыю. Адначасова (як і іншая рэакцыйная палітыка) трансвыключальны фемінізм робіць пачвар з транс-жанчын увогуле, раздзімаючы адзінкавыя выпадкі гвалту, учыненыя асобнымі прадстаўніцамі гэтай групы. Абедзве тактыкі перафарбоўваюць роўнасць трансгендарных людзей у драпежнасць: патрабаванне транс-жанчын прызнаць іх жанчынамі тлумачыцца як уварванне і сэксуальная пагроза.

Гэтая рэакцыйная феміністычная палітыка — узор пагражанай буржуазнай жаноцкасці палітычнай белізны. Яшчэ ярчэй гэта відаць у заявах, што рэакцыйным феміністкам затыкаюць рот і іх прыгнятаюць, — такія заявы гучалі ад саміх гэтых феміністак (ці мужчын, якія гаварылі ад іх імя) у самых уплывовых медыя. Гэты наратыў — сапраўдныя ахвяры тут рэакцыйныя феміністкі, але іх галасоў ніхто не чуе — дасягае адразу некалькіх мэт. Ён распаўсюджвае рэакцыйныя феміністычныя ідэі; ён задзейнічае Стратэгічную Белую Жаноцкасць, каб пазбегнуць адказнасці; ён карыстаецца прыёмам слёз белых жанчын, каб адмовіць Іншаму ў чалавечнасці. Рэакцыйныя феміністкі прысвойваюць сабе права быць жанчынамі — і права быць людзьмі, а сэкс-работніцы ператвараюцца ў бяздушных «шчаслівых прастытутак», транс-жанчыны — у цёмную пагрозу. Мы бачым плачучую Мадонну супраць бесчулай блудніцы. Мы бачым плачучую ахвяру супраць грознага драпежніка. Ні сэкс-работніцы, ні транс-жанчыны не маюць права на складаныя пачуцці і на тое, каб самім гаварыць пра гвалт, якога яны зазналі.

Многія з самых маргіналізаваных сэкс-работніц і транс-жанчын — небелыя жанчыны, і чорныя феміністкі пісалі таксама пра тое, што сімвалічна гэтыя катэгорыі звязаныя з чорнасцю. Як піша Шарп, чорнасць ужо трансгендарная і квірная, бо бінарны гендар — канструкцыя буржуазнай і каланіяльнай белізны. Буржуазная белізна рэзка вылучаецца на фоне чорных людзей, «пазбаўленых гендару» ў трумах нявольніцкіх караблёў, як пісала Гартэнс Спілерс, і на фоне «будучых злачынцаў», «прастытутак», «бандзюкоў» і «нараджальніц тэрору», якія выцясняюць дзяўчынак і хлопчыкаў, мужчын і жанчын у «анаграматыцы чорнасці» — так Шарп называе працэс, у якім словы губляюць граматычны род і звычайнае значэнне: «дзяўчынка» азначае ўжо не дзяўчынку, а, скажам, «прастытутку» ці «злачынніцу». Хартман звяртае ўвагу на ўстойлівую асацыяцыю чорнасці з прастытуцыяй — яна сыходзіць каранямі ва ўяўленні пра ператварэнне чалавека ў тавар, што яднаюць заняволеных людзей і сэкс-работніц, і ў каланіяльныя канструкцыі сэксуальнай «празмернасці» чорных.

Флавія Дзодан лічыць трансвыключальны фемінізм мысленнем пасяленцкага каланіялізму — бо ён імкнецца замацаваць сістэму «пол/гендар/сэксуальнасць», якая пераплятаецца з расай і класам у падзеле працы паводле адрозненняў. Яго эсэнцыялісцкі склад розуму паўтарае тое, як «каланізатар мог даваць нам імёны, вызначаць нам месца і ролю ў іерархіях», — такі склад розуму ўвасабляе кніга ўліку, у якой чорных немагчыма было прачытаць як людзей і якая зноў з’яўляецца ў сучасных памежных рэжымах. Рэакцыйна-феміністычны ўпор на «сацыяльную чысціню» (кампанія супраць кантраляванай зоны прастытуцыі ў Лідсе адкрыта называлася «Беражыце нашы вочы») таксама выклікае каланіяльных прывідаў — буржуазных белых жанчын, місіянерак, сацыяльных рэфарматарак і філантропак, якіх пасылалі «цывілізаваць» небелых людзей і белых з рабочага класа і за морам, і ў самой метраполіі.

Антытрансгендарны фемінізм і фемінізм, накіраваны супраць сэкс-работніц, працягваюць спадчыну «прыстойнай» жаноцкасці як прылады капіталістычнага і каланіяльнага панавання. Яны саўдзельнічаюць з сучаснымі ультраправымі, якія сцвярджаюць, што дзеля «бяспекі (белых) жанчын» трэба ўварвацца ў іншыя краіны, зачыняць межы, будаваць сцены і саджаць маргіналізаваных людзей за краты. Паміж рэакцыйнымі феміністкамі і ўльтраправымі групамі ёсць значныя і ўсё мацнейшыя фінансавыя і іншыя матэрыяльныя сувязі — і гэтыя групы эксплуатуюць ланцуг паміж белымі слязьмі і белай лютасцю. Вось, напрыклад, як вызначае сваю місію аб’яднанне Hands Across the Aisle («Рукі праз праход», ідыёма пра супрацоўніцтва паміж палітычнымі лагерамі):

Мы — радыкальныя феміністкі, лесбіянкі, хрысціяне і кансерватары, якія адкладаюць убок ідэалагічныя рознагалоссі, каб салідарна выступіць супраць заканадаўства пра гендарную ідэнтычнасць, у якім мы бачым сціранне нашых уласных цяжка заваяваных грамадзянскіх правоў.

Праз гэтую ініцыятыву трансвыключальныя феміністкі звязаныя з Нацыянальным каталіцкім цэнтрам біяэтыкі ЗША, Амерыканскім каледжам педыятраў (антыЛГБТ-групай, якую не варта блытаць з Амерыканскай акадэміяй педыятрыі) і сайтам Такера Карлсана Daily Caller.

Мне гэтыя саюзы нагадваюць артыкул Патрыцыі Хіл Колінз «Вучыцца ў чужой сярод сваіх» (Learning from the Outsider Within), дзе яна прыводзіць цытату з інтэрв’ю, якое Джон Гвалтні запісаў у 73-гадовай Нэнсі Уайт:

Мая маці казала, што чорная жанчына — мул белага чалавека, а белая жанчына — ягоны сабака. І казала яна гэта вось да чаго: мы робім цяжкую работу і атрымліваем пабоі, добра мы яе робім ці не. А белая жанчына бліжэй да гаспадара, ён гладзіць яе па галаве і пускае спаць у доме, але ні з адной, ні з другой ён не будзе абыходзіцца як з чалавекам.

Як тлумачыць Хіл Колінз, белая жанчына можа адчуваць сябе «часткай сям’і», хоць насамрэч яна — «дагледжаная хатняя жывёла». Буржуазныя белыя жанчыны набываюць статус асобы толькі адносна — і пераважна праз дэгуманізацыю небелых людзей. Некрапалітычную лютасць белых мужчын мы можам перажываць як апасродкаваную ўладу ў форме абароны, хоць у канчатковым рахунку мы таксама ўласнасць, з якой можна рабіць што заўгодна (так што, магчыма, не заўсёды такая ўжо дагледжаная), але якую гвалтоўна абараняюць ад Іншых. Нашы слёзы рэдка прымушаюць уплывовых белых мужчын (такіх, як Брэт Кавано ці Дональд Трамп) адказваць за свае ўчынкі — затое самі гэтыя мужчыны карыстаюцца імі дзеля панавання і кантролю. Рэакцыйны фемінізм, здаецца, задаволены тым, што жанчын бяруць пад апеку мужчыны, якія пакідаюць за сабой права самім учыняць гвалт. Так ён умацоўвае расавую і класавую перавагу сваіх прыхільніц — і гендарнае падпарадкаванне ўсіх жанчын.

Заключэнне

«Лепш бы я так не равела! — сказала Аліса, плаваючы туды-сюды і шукаючы, як выбрацца. — Цяпер мяне, мусіць, за гэта пакараюць: я патану ва ўласных слязах! Вось будзе дзіўная справа! Хоць сёння ўсё дзіўнае». І тут яна пачула, як непадалёк нешта плёскаецца… гэта была ўсяго толькі мыш, якая, як і яна, сюды звалілася.
— Льюіс Кэрал, «Прыгоды Алісы ў Краіне цудаў»

Культурная сіла белых слёз, на якой трымаюцца такія рухі, як вірусная версія #MeToo, — гэта расавая і класавая сіла, якая залежыць ад таго, што небелых жанчын, і асабліва чорных, не відаць як ахвяр. Перафразуючы Крысціну Шарп, справа не толькі ў тым, што чорных жанчын выключаюць з мэйнстрымнага фемінізму. Паколькі эмацыйнасць канструюецца як процілегласць чорнасці, чорныя жанчыны могуць аказацца тым «выкідам, адкідам, праз які, на якім, дзякуючы якому» складваецца палітыка сведчанняў гэтага руху. Роля ахвяры апранута ў белае. «Узаконены статус ахвяры» буржуазных белых жанчын асабліва лёгка павярнуць супраць небелых жанчын у асабістых зносінах: тут прыгадваецца хутчэй не лужына Алісы (якая ўрэшце аказалася даволі бяскрыўднай), а салёная магіла.

Структурна слёзы буржуазных белых жанчын падтрымліваюць тое, што Шарп называе «новымі з’яўленнямі нявольніцкага карабля»: «абарона (белых) жанчын» жывіць некрапалітыку крымінальнага пакарання і памежных рэжымаў «Крэпасці Еўропа», Паўночнай Амерыкі і іншых частак свету. Гэтыя слёзы трапляюць у свет, дзе маргіналізаваныя людзі — расходны матэрыял: ці то чорныя, забітыя паліцыяй, ці то мігранты, якіх пакідаюць паміраць з голаду ці тануць, ці то транс-людзі і сэкс-работніцы (многія з іх небелыя), якім непрапарцыйна часта даводзіцца выжываць па-за буржуазнай сям’ёй, супольнасцю і законам. Ланцуг паміж слязьмі белых жанчын і лютасцю белых мужчын азначае: таму што мы плачам, маргіналізаваныя людзі могуць загінуць. І паколькі некаторыя формы рэакцыйнага фемінізму, звязваючыся з ультраправымі, эксплуатуюць гэты ланцуг, іх наратывы пра статус ахвяры самі па сабе можна разумець як гвалт. Карабель, такім чынам, не тоне: камандуюць ім белыя мужчыны, а трымаецца ён на лужыне слёз белых жанчын.


Alison Phipps, «White tears, white rage: Victimhood and (as) violence in mainstream feminism», European Journal of Cultural Studies 24(1), 2021, doi:10.1177/1367549420985852. Пераклад з англійскай паводле тэксту на сайце SAGE; анатацыя, ключавыя словы, спіс літаратуры, падзякі, заўвагі аўтаркі і бібліяграфічныя спасылкі ў тэксце прапушчаныя, адна заўвага коратка ўключаная ў тэкст. Арыгінал распаўсюджваецца паводле ліцэнзіі Creative Commons Attribution 4.0 (CC BY 4.0), пераклад — на тых жа ўмовах.

Падзяліцца:TelegramBlueskyXFacebook

Яшчэ ў рубрыцы «Гендар»

Гендар

Па той бок гендарнай роўнасці?

2021 год. Даследчыца правоў чалавека Ларэна Соса паказвае, як антыгендарныя кампаніі — ад Ватыкана да «Manif pour tous» і CitizenGo — памянялі рэлігійныя аргументы на мову правоў, суверэнітэту і «большасці», дайшлі да ўрадаў і міжнародных арганізацый і чаму гэта падточвае не толькі гендарную роўнасць, але і правы чалавека і дэмакратыю.

Ларэна Соса ·

Гендар

Сацыяльнае ўзнаўленне і пандэмічны неалібералізм

2022 год. Ковід не стаў крызісам неалібералізму — ён яго вынік і паглыбленне, сцвярджае феміністычная палітэканамістка Алесандра Мецадры. Праз тры тэорыі сацыяльнага ўзнаўлення яна паказвае, як пандэмія перабудавала догляд, працу і смерць — ад медсясцёр-мігрантак у Брытаніі да зыходу работнікаў у Індыі, — і чаму выйсці з гэтага можна толькі праз палітычную барацьбу.

Алесандра Мецадры ·

Гендар

Гоманацыяналізм праз межы

2022 год. Шведская даследчыца Мія Лійнасан паказвае, як Нарвегія і Данія робяць правы ЛГБТІ+ часткай нацыянальнага гонару, адначасова малюючы мігрантаў і мусульман «гамафобнымі чужымі», — і як актывісты з Усходняй Еўропы, мігранты і ўцекачы самі падхопліваюць гэты наратыў, бо не могуць «не хацець правоў».

Мія Лійнасан ·