Коры Доктараў вядзе блог Pluralistic, дзе амаль штодня піша пра тое, як буйныя кампаніі падпарадкоўваюць сабе інтэрнэт, рынкі і працу. Гэты тэкст выйшаў у чацвер, 25 красавіка 2024 года, за паўгода да прэзідэнцкіх выбараў у ЗША, на якіх перамог Дональд Трамп. Пагадненне аб неканкурэнцыі (noncompete) — пункт працоўнай дамовы, які забараняе работніку пасля звальнення пераходзіць да канкурэнта. Правіла Федэральнай гандлёвай камісіі ЗША (FTC), пра якое ідзе гаворка, у жніўні 2024 года скасаваў федэральны суд у Тэхасе, а ў 2025 годзе новае кіраўніцтва камісіі адмовілася яго абараняць; затое зліццё Capri і Tapestry суд забараніў, і кампаніі ад яго адмовіліся. Спасылкі на крыніцы, якія ў арыгінале ідуць асобнымі радкамі, мы прапусцілі — іх можна знайсці ў арыгінале.
Гэта вялізная падзея: учора Федэральная гандлёвая камісія ЗША (FTC) канчаткова зацвердзіла правіла, якое забараняе пагадненні аб неканкурэнцыі для ўсіх амерыканскіх работнікаў. Гэта значыць, што чалавек, які стаіць за касай у Wendy’s, можа перайсці да фрыцюра ў McDonald’s за лішнія 25 цэнтаў у гадзіну — і бос не падасць на яго ў суд.
Тыповы работнік, звязаны пагадненнем аб неканкурэнцыі, — гэта работнік фастфуду, які зарабляе каля мінімальнай аплаты. А ведаеце, каму не трэба турбавацца пра неканкурэнцыю? Работнікам высокіх тэхналогій у Сіліконавай даліне, бо Каліфорнія ўжо забараніла такія пагадненні, як і Каларада, Ілінойс, Мэн, Мэрыленд, Нью-Гэмпшыр, Паўночная Дакота, Аклахома, Арэгон, Род-Айлэнд, Вірджынія і Вашынгтон.
Тое, што найбуйнейшыя эканомікі краіны, дзе засяроджаныя самыя «навукаёмістыя» галіны, могуць працаваць без таго, каб паскудныя босы прыкоўвалі сваіх лепшых работнікаў да сваіх дурных працоўных месцаў на гады пасля таго, як тыя паслалі іх куды падалей, паказвае, на якой чортавай хлусні трымаюцца пагадненні аб неканкурэнцыі. Ідэя, што кампаніі не могуць прыцягваць капітал і квітнець, калі іх ноу-хаў можа выйсці за дзверы, схаванае ў чарапах няўдзячных работнікаў, — лухта.
Памятаеце, як савет дырэктараў OpenAI ненадоўга звольніў заснавальніка Сэма Альтмана, а Microsoft прапанавала наняць яго і 700 яго тэхнароў? Калі б «неканкурэнцыя блакуе інвестыцыі» было праўдай, можна было б чакаць, што ім будзе цяжка прыцягнуць грошы. Але не: яны па-ранейшаму збіраюць мільярды інвестыцыйнага капіталу (галоўным чынам ад самой Microsoft!). Тое самае з Anthropic, галоўным канкурэнтам кампаніі, які заснавалі (увага!) двое былых супрацоўнікаў OpenAI.
Больш за тое, Сіліконавая даліна ўвогуле не магла б узнікнуць без каліфарнійскай забароны на неканкурэнцыю. Першую крамянёвую кампанію, Shockley Semiconductor, заснаваў злаякасны, трызнячы яўгеніст, які не змог бы кіраваць нават шапіком з ліманадам. Восем яго самых старэйшых супрацоўнікаў («Здрадніцкая васьмёрка») сышлі з яго паскуднай кампаніі і заснавалі Fairchild Semiconductor — даволі паспяховую вытворчасць чыпаў. Але і блізка не такую паспяховую, як кампанія, якую заснавалі двое лепшых супрацоўнікаў Fairchild, калі сышлі адтуль: Intel.
Гэтаксама хлусня — байка пра тое, што пагадненні аб неканкурэнцыі павышаюць заробкі. Гэтая тэорыя — любімая ў людзей, чые чарапы так напханыя мазгавымі чарвякамі гіпотэзы эфектыўнага рынку, што чарвякі звісаюць у іх з ноздраў і вачніц, — сцвярджае, што права падпісаць пагадненне аб неканкурэнцыі — гэта актыў, які работнікі могуць прапанаваць працадаўцу ў абмен на большую аплату. Гэта абсалютна праўда, калі не зважаць на рэальнасць.
Памятайце: тыповы работнік, звязаны неканкурэнцыяй, — гэта супрацоўнік фастфуду з заробкам каля мінімальнага. Галоўнае прымяненне пагадненняў аб неканкурэнцыі — не даць гэтаму работніку атрымаць павышэнне ў канкурэнта-франчайзі з суседняга фастфуду. Гэтыя работнікі губляюць у заробку праз неканкурэнцыю. А тым часам самыя высокааплатныя работнікі краіны сабраліся ў некалькіх гарадах на поўначы Каліфорніі і атрымліваюць касмічныя заробкі ў штаце, дзе пагадненні аб неканкурэнцыі незаконныя яшчэ з часоў залатой ліхаманкі.
Калі капіталіст хоча ўтрымаць сваіх работнікаў, ён можа канкурыраваць. Стаўцеся да работнікаў лепш і плаціце ім больш. Менавіта так і павінна працаваць алхімія капіталізму: канкурэнцыя ператварае простае жалеза капіталістычнай прагнасці ў высакароднае золата грамадскай карысці, бо поспех залежыць ад таго, ці прапануеш ты кліентам лепшыя тавары, чым супернікі, а работнікам — лепшыя працоўныя месцы, чым гатовыя даць тыя самыя супернікі. Аднак капіталісты ненавідзяць капіталізм.
Капіталісты так ненавідзяць капіталізм, што падаюць у суд на FTC — у любімым MAGA Пятым апеляцыйным акрузе, перад суддзёй, прызначаным Трампам. Пазоў падала Ryan LLC — фінансавыя кансультанты Трампа, якія карыстаюцца ім, каб набраць кліентаў сярод карпарацый, што ненавідзяць новыя падаткі Байдэна на багатых і ўзмоцненую праверку багатых ухілістаў з боку падатковай службы.
Ці выйграюць яны? Цяжка сказаць. Што б вы ні чулі, пазоў супраць правіла FTC вельмі слабы, як тлумачыць Мэт Столер.
Паўнамоцтвы FTC забараняць неканкурэнцыю вынікаюць з раздзела 5 Закона аб FTC, які забараняе «несумленныя метады канкурэнцыі» (цяжка ўявіць менш сумленны метад, чым ператварыць работнікаў у кабальных). Раздзел 6(g) Закона дазваляе FTC прымаць правілы, каб забяспечыць забарону несумленнасці з раздзела 5. Абедзве нормы — дзеючае права: раздзел 6(g) ужываўся шмат разоў (26 разоў толькі за пяць гадоў, з 1968 па 1973-ы!).
У 1973 годзе апеляцыйны суд акругі Калумбія пацвердзіў права FTC «прымаць правілы, што вызначаюць сэнс заканадаўчых стандартаў незаконнасці, якую Камісія ўпаўнаважаная прадухіляць», а ў 1974 годзе Кангрэс змяніў Закон аб FTC, але гэтае права на нарматворчасць пакінуў некранутым.
У юрыста, які судзіцца з FTC, — лічынкі Антаніна Скаліі, мурашкі па імені Юджын Скалія, — ёсць некалькі дзікіх тэорый, чаму ўсё гэта не мае значэння. Ён кажа, што паколькі закон не ўжываўся са старажытных часоў (зазірае ў нататкі) 1970-х, ён больш не дзейнічае. Ён кажа, што гара прэцэдэнтаў на карысць паўнамоцтваў FTC «кепска пастарэла». Ён кажа, што іншыя антыманапольныя законы працуюць не так, як Закон аб FTC. Нарэшце, ён кажа, што гэтае правіла — вялікі эканамічны крок і вырашаць такое павінен Кангрэс.
Столер хутка разбірае гэтыя аргументы. Тое, ці добры закон, вызначаюць яго тэкст і прэцэдэнты, «а не тое, ці лічыць нейкі юрыст прэцэдэнт старым і дрэнным». Гэтаксама тое, што іншыя антыманапольныя законы адрозніваюцца, не мае значэння, «бо, ну, гэта іншыя антыманапольныя законы, а не гэты антыманапольны закон». А што да таго, ці справа гэта Кангрэса, бо яна эканамічна значная, — «ну і што?» Кангрэс даў FTC гэтае паўнамоцтва.
Праўда, усё гэта не будзе мець значэння, калі Вярхоўны суд скасуе правіла, а да таго ж, калі ён гэта зробіць, ён можа заадно выхалашчыць і права FTC на нарматворчасць. Але зноў жа: ну і што? Чым лепш, каб FTC нічога не рабіла і захоўвала паўнамоцтва, якім ніколі не карыстаецца, чым каб Камісія вызваліла 35–40 мільёнаў амерыканскіх работнікаў, чые босы могуць праз амерыканскія суды прымушаць іх рабіць працу, якую яны ненавідзяць?
Правіла FTC забараняе не толькі неканкурэнцыю — яно забараняе і TRAP (training repayment agreement provisions, «умовы пагадненняў аб вяртанні выдаткаў на навучанне»), паводле якіх работнікі мусяць заплаціць босам тысячы долараў, калі звальняюцца самі, трапляюць пад скарачэнне ці іх звальняюць.
Справа FTC — абараняць амерыканцаў ад бізнесу, які ашуквае. Вось яны і робяць сваю справу. Калі Вярхоўны суд гэта скасуе, ён яшчэ больш пазбавіць сябе легітымнасці і наглядна пакажа, на каго працуе Рэспубліканская партыя.
Гэта частка доўгай гісторыі антыманапольнага права і працы. З самых першых дзён антыманапольнае права было «накіраванае на долары, а не на людзей» — інакш кажучы, антыманапольнае права заўсёды задумвалася, каб крышыць карпаратыўную ўладу дзеля абароны работнікаў. Але зноў і зноў суды адмаўляліся верыць, што Кангрэс сапраўды хоча, каб амерыканскія работнікі атрымалі прававую абарону ад багатых драпежнікаў, якія ўчапіліся ім у горла сваімі ротавымі апаратамі. І таму зноў і зноў — і зноў, і зноў — Кангрэс прымаў новыя антыманапольныя законы, якія ўдакладнялі мэту антыманапольнага права такімі кароткімі словамі, што іх маглі зразумець нават федэральныя суддзі.
Пасля дзесяцігоддзяў каматознай бяздзейнасці FTC пры Байдэне вярнула сабе ролю абаронцы працы і адкрыта разглядае канкурэнцыю праз прызму абароны работнікаў. На гэтым тыдні Камісія заблакавала зліццё Capri Holdings і Tapestry Inc — двух гіганцкіх кангламератаў, якія паміж сабой скупілі амаль усе брэнды «даступнай раскошы» (Versace, Jimmy Choo, Michael Kors, Kate Spade, Coach, Stuart Weitzman і г. д.).
Вам могуць быць абыякавыя сумачкі «даступнай раскошы», але вам не павінна быць абыякава, на якой падставе FTC заблакавала гэтае зліццё. Як тлумачыць Дэвід Даен у The American Prospect, 33 000 работнікаў гэтых двух кампаній страцілі б канкурэнцыю за іх працу — тую, што прымушае кампаніі плаціць кваліфікаваным прадаўцам больш, каб тыя перайшлі праз калідор гандлёвага цэнтра ў іншую краму.
Іншымі словамі, FTC блакуе зліццё на 8,5 мільярда долараў, якое ператварыла б алігаполію ў манаполію, адкрыта дзеля таго, каб абараніць работнікаў ад улады босаў збіваць ім заробкі. Больш за тое, рашэнне было аднагалосным — у тым ліку з галасамі нядаўна прызначаных (і, шчыра кажучы, даволі жахлівых) камісараў-рэспубліканцаў.

Многія (і зразумела чаму) баяцца, што калі Байдэн не перажыве надыходзячыя выбары, то ўся навала выдатных правілаў, прынятых яго ведамствамі, памрэ разам з яго прэзідэнцтвам. А тут у нас доказ таго, што антыкарпаратыўны курс адміністрацыі Байдэна інстытуцыяналізаваўся і набыў двухпартыйную трываласць.
І хоць пра гэты антыкарпаратыўны курс пішуць няшмат, ён проста чартоўску велізарны. Яшчэ ў 2021 годзе Цім Ву (які тады працаваў у Белым доме) напісаў выканаўчы ўказ аб канкурэнцыі, у якім было вызначана 72 крокі, якія ведамствы маглі зрабіць, каб абмежаваць уладу карпарацый шкодзіць звычайным амерыканцам.
Кіраўнікі ведамстваў Байдэна ўзялі гэты план і пабеглі з ім наперад, паказаўшы рэвалюцыйную сілу тэхнічнай адміністрацыйнай кампетэнтнасці і даказаўшы, што добра рабіць сваю працу — гэта праксіс.
Толькі за апошні тыдзень ведамствы канчаткова зацвердзілі цэлую навалу дзіўна добрых новых правілаў:
мінімальную норму персаналу ў дамах састарэлых;
заснаванне Амерыканскага кліматычнага корпуса;
гарантыю аплаты звышурочных;
забарону фінансавым кансультантам ашукваць тых, хто збірае на пенсію;
правілы аб медыцынскай прыватнасці, якія абараняюць аборты, зробленыя ў іншым штаце;
забарону на «смеццевыя зборы» пры абслугоўванні іпатэк;
ахову 13 мільёнаў акраў Арктыкі на Алясцы;
прызнанне «вечных хімікатаў» небяспечнымі рэчывамі;
патрабаванне да федэральных ведамстваў купляць экалагічна ўстойлівыя тавары;
закрыццё «шчыліны аружэйных выстаў».
І гэта толькі частковы спіс, а сёння толькі чацвер.
Чаму такі паспех? Як піша Джэрард Эдзік у The American Prospect, калі зацвердзіць гэтыя правілы цяпер, яны будуць абароненыя ад Закона аб разглядзе Кангрэсам — выкрутаса, які ў 1996 годзе прыдумаў Ньют Гінгрыч і які дазваляе наступнаму Сенату сцерці адміністрацыйныя правілы, створаныя за некалькі месяцаў да федэральных выбараў.
Іншымі словамі, гэта чарговы бліскучы паказ адміністрацыйнай кампетэнтнасці ад тэхнічна выдатных ведамстваў, якія ціха і эфектыўна працуюць з 2021 года. Нават адстаючыя накшталт Піта Бутэджэджа ўлучыліся ў справу — нягледзячы на вельмі слабыя вынікі ў першыя гады адміністрацыі Байдэна.
Нягледзячы на гэты малаабяцальны пачатак, Міністэрства транспарту (DOT) нарэшце села ў цягнік, які яно рэгулюе, і прыняло выдатнае правіла, якое прымушае авіякампаніі вяртаць вам грошы, калі яны бяруць з вас плату за паслугі, якіх не аказваюць.
Правіла таксама забараняе «смеццевыя зборы» і абавязвае авіякампаніі выплачваць вам кампенсацыю за затрыманыя рэйсы — нарэшце даючы амерыканскім пасажырам тыя самыя правы, якімі іх еўрапейскія стрыечныя браты карыстаюцца ўжо два дзесяцігоддзі.
Гэта апошняе ў шэрагу рашучых дзеянняў DOT — перыяд, які супаў з пераходам Джэн Говард з пасады кіраўніцы апарату старшыні FTC Ліны Хан на новую працу ў DOT, дзе яна ўзначаліла кантроль за канкурэнцыяй.
Пад кіраўніцтвам Говард DOT заблакавала зліццё Spirit і JetBlue, і пры ёй доля адмененых рэйсаў стала самай нізкай больш чым за дзесяць гадоў.
Усё гэта, разам з цэлым наборам абаронаў для пасажыраў, азначае вялікі пералом у доўгіх і ўсё больш таксічных адносінах, у якіх амерыканская авіяцыя здзекуецца з амерыканскай публікі. І гэта яшчэ не ўсё: рыхтуюцца забарона браць з сем’яў дадатковыя грошы за суседнія месцы, правілы, якія палегчаць падарожжы на інвалідным вазку, і забарона авіякампаніям прадаваць прыватную інфармацыю пасажыраў брокерам даных.
У свеце — і ў адміністрацыі Байдэна — хапае рэчаў, з-за якіх вы маеце поўнае права шалець і/або ўпадаць у дэпрэсію. Але гэтыя экспертныя ведамствы, укамплектаваныя экспертамі, абрынулі цунамі правілаў, ад якіх кожнаму працоўнаму амерыканцу стане лепш мноствам спосабаў. А гэтыя матэрыяльныя паляпшэнні нашага жыцця, у сваю чаргу, вызваляць нам рукі для большых, экзістэнцыйных бітваў — за прыдатную для жыцця планету, свабодную ад генацыду.
Можа, цяпер і не самы добры час, каб жыць, але ён значна лепшы, чым быў яшчэ на мінулым тыдні.
А сёння толькі чацвер.
Cory Doctorow, «Antitrust is a labor issue», Pluralistic, 25 красавіка 2024. Пераклад з англійскай паводле тэксту на pluralistic.net; спасылкі на крыніцы прапушчаныя. Арыгінал распаўсюджваецца паводле ліцэнзіі Creative Commons Attribution 4.0 (CC BY 4.0), пераклад — на тых жа ўмовах.


