Коры Доктараў — канадска-брытанскі пісьменнік і актывіст лічбавых правоў, які прыдумаў слова «згаўняванне» (enshittification) для заняпаду інтэрнэт-платформаў. Гэты тэкст — пісьмовая версія ягонага выступу на хакерскай канферэнцыі Defcon 32 у Лас-Вегасе; у блогу Pluralistic ён выйшаў 17 жніўня 2024 года. Рэплікі ў квадратных дужках — пытанні, якімі аўтар звяртаўся да залы. Рэаліі — тагачасныя: Ліна Хан узначальвала Федэральную гандлёвую камісію ЗША (FTC) да студзеня 2025 года; забарону FTC на пагадненні аб неканкурэнцыі суд спыніў ужо ў жніўні 2024-га, а ў 2025-м камісія ад яе адмовілася; у справе «ЗША супраць Google» суд у верасні 2025 года не стаў дзяліць кампанію, а Wiz, які адмовіў Google у 2024-м, праз год усё ж пагадзіўся на продаж. Тлумачэнне аўтара пра «рэгламенты» і «законы» ЕС спрошчанае: фармальна DMA — таксама рэгламент, але за яго выкананнем сочыць непасрэдна Еўрапейская камісія, а не нацыянальныя ведамствы. Спасылкі на крыніцы, якія ў арыгінале ідуць асобнымі радкамі, мы прапусцілі — іх можна знайсці ў арыгінале.
Мінулымі выхаднымі я ездзіў у Лас-Вегас на Defcon 32, дзе меў велізарны гонар выступіць з сольным дакладам на галоўнай сцэне. Даклад называўся «Адгаўнявай або памры! Як хакеры могуць захапіць сродкі вылічэння і пабудаваць новы, добры інтэрнэт, загартаваны супраць ненасытнай пахаці нашых начальнікаў-гадаў да згаўнявання».
Гэта быў працяг леташняга дакладу «Дзёрзкі план, як спыніць згаўняванне інтэрнэту», з якога пачалася вялікая міжнародная цікавасць да майго аналізу заняпаду платформаў («згаўнявання»).
Арганізатары Defcon зарабілі тыдзень-другі адпачынку, таму відэа майго выступу пакуль не выклалі на YouTube-канал Defcon. А я тым часам вырашыў апублікаваць злёгку адрэдагаваную версію сваёй шпаргалкі да прамовы. Калі вы збіраецеся на Burning Man, то зможаце пачуць, як я паўтару гэты даклад у Palenque Norte (7&E): я адкрываю іх цыкл лекцый у аўторак, 27 жніўня, а 13:00.
Якога чорта здарылася са старым добрым інтэрнэтам?
Не, ну, вядома, нашы начальнікі і тады крыху занадта любілі сачыць за людзьмі, і звычайна былі не супраць падзяліцца сваімі данымі з АНБ, а калі даводзілася выбіраць паміж бяспекай карыстальнікаў і ростам, заўсёды надыходзіў час «жывём адзін раз».
Але пошук Google калісьці працаваў. Facebook калісьці паказваў вам допісы людзей, на якіх вы падпісаныя. Uber калісьці быў танейшы за таксі і плаціў вадзіцелю больш, чым зарабляў таксіст. Amazon калісьці прадаваў тавары, а не самаразбуральнае дропшыпінгавае смецце ўзроўню Shein ад брэндаў, назвы якіх складаюцца з адных зычных. Apple калісьці абараняў вашу прыватнасць, а не шпіёніў за вамі праз ваш iPhone, які забаронена мадыфікаваць.
Быў час, калі пошук альбома на Spotify выдаваў вам гэты альбом — а не плэйліст бяздарных кавераў, згенераваных штучным інтэлектам, з той самай назвай і вокладкай.
Microsoft калісьці прадаваў вам праграмы — так, з багамі, — а цяпер толькі дае доступ да праграм у воблаку, каб сачыць, як вы імі карыстаецеся, выразаць з базавага тарыфу функцыі, якімі вы карыстаецеся найчасцей, і прадаваць іх за дадатковую плату.
Што — і я не магу падкрэсліць гэта дастаткова моцна — якога чорта здарылася?!
Я кажу пра згаўняванне.
Вось як згаўняванне выглядае звонку. Спачатку вы бачыце кампанію, якая добра ставіцца да сваіх канчатковых карыстальнікаў. Google ставіць найлепшыя вынікі пошуку на самы верх; Facebook паказвае вам стужку допісаў ад людзей і груп, на якія вы падпісаныя; Uber бярэ за паездку капейкі; Amazon субсідуе тавары, вяртанне і дастаўку і ставіць на верх старонкі тое, што найлепш адпавядае вашаму пошукаваму запыту.
Гэта першая стадыя — быць добрымі да канчатковых карыстальнікаў. Але ў гэтай стадыі ёсць яшчэ адна частка, назавём яе стадыяй 1а). Гэта калі кампанія прыдумвае, як замкнуць карыстальнікаў у пастцы.
Спосабаў замкнуць карыстальнікаў — процьма.
Калі ты Facebook, карыстальнікі робяць гэта за цябе. Вы прыйшлі ў Facebook, бо там былі людзі, з якімі вам хацелася бавіць час, а іншыя людзі прыйшлі ў Facebook, каб бавіць час з вамі.
Гэта старыя добрыя «сеткавыя эфекты» ў дзеянні, а разам з сеткавымі эфектамі прыходзіць «праблема калектыўнага дзеяння». Бо вы любіце сваіх сяброў, але божа, які ж з імі галаўны боль! Вы ўсе згодныя, што FB — адстой, ну так, але ці можаце вы ўсе дамовіцца, калі пара сыходзіць?
Ні за што.
А ці можаце вы дамовіцца, куды сыходзіць?
Ды ні ў якім разе.
Вы там, бо там збіраецца група падтрымкі людзей з вашай рэдкай хваробай; ваш найлепшы сябар там, бо там ён размаўляе з людзьмі з краіны, з якой калісьці з’ехаў; а яшчэ ёсць сяброўка, якая праз FB арганізуе, хто каго вязе на дзіцячы бейсбол; і найлепшая майстрыха падзямелляў, якую вы ведаеце, не пакіне FB, бо там яе кліенты.
Вось вы і затрымаліся. Бо хоць FB абыходзіцца вам дорага — вашай прыватнасцю, вашай годнасцю і вашым псіхічным здароўем, — гэта ўсё адно менш, чым выдаткі на пераход, якія вам давялося б панесці, калі б вы сышлі: усе тыя сябры, якія трымаюць вас у закладніках і якіх у закладніках трымаеце вы.
Часам кампаніі замыкаюць вас у пастцы грашыма — як Amazon, які прымушае вас загадзя заплаціць за год дастаўкі праз Prime або купляць аўдыякнігі ў Audible па штомесячнай падпісцы. Гэта практычна гарантуе, што любы пошук пакупкі пачнецца на Amazon. Вы ж ужо заплацілі.
Часам вас замыкаюць з дапамогай DRM — як HP, якая прадае вам прынтар з чатырма картрыджамі, напоўненымі вадкасцю, што ў рознічным гандлі каштуе больш за 10 000 долараў за галон, і з дапамогай DRM не дае вам ні запраўляць гэтыя картрыджы, ні ставіць картрыджы іншых вытворцаў. Таму калі адзін картрыдж высахне, вам давядзецца альбо зноў яго напоўніць, альбо выкінуць грошы, укладзеныя ў астатнія тры картрыджы і ў сам прынтар.
Часам гэта цэлы набор усяго:
вы не можаце запускаць праграмы для iOS без прылад Apple;
вы не можаце слухаць і глядзець сваю музыку, кнігі і фільмы з Apple нідзе, акрамя праграмы для iOS;
ваш iPhone выкарыстоўвае «спалучэнне дэталяў» — DRM-рукапацісканні паміж запаснымі дэталямі і галоўнай сістэмай, — таму вы не можаце паставіць дэталі іншых вытворцаў, каб яго адрамантаваць; і
на кожнай арыгінальнай дэталі iPhone выгравіраваны мікраскапічны лагатып Apple, таму Apple можа патрабаваць ад Мытна-пагранічнай службы ЗША канфіскаваць любую партыю аднаўленых дэталяў для iPhone як парушэнне правоў на гандлёвы знак.
Think Different, ці не так?
Калі вас замкнулі ў пастцы, першая фаза цыкла згаўнявання завершаная і пачынаецца другая: пагоршыць жыццё вам, каб палепшыць яго бізнес-кліентам.
Напрыклад, платформа можа атруціць сваю пошукавую выдачу — як Google, які прадае пад рэкламу ўсё большую частку старонак з вынікамі і пазначае гэтую рэкламу ўсё больш бляклым і ўсё больш дробным шрыфтам.
Або як Amazon, які прадае пошукавую выдачу і называе гэта «рэкламным» бізнесам. На гэтым махлярстве ён зарабляе 38 мільярдаў долараў у год. Першы вынік па вашым запыце ў сярэднім на 29% даражэйшы за тое, што лепш за ўсё адпавядае вашаму запыту. Першы радок — на 25% даражэйшы. У сярэднім найлепшае супадзенне знаходзіцца на семнаццатым месцы ў выдачы.
Іншыя платформы прадаюць вашу стужку — як Facebook, які спачатку паказваў тое, што вы прасілі паказваць. А цяпер колькасць допісаў ад людзей, на якіх вы падпісаныя, скарацілася да гамеапатычных рэшткаў, і ўтварылася пустэча, якую Facebook запаўняе тым, за што яму заплацілі, каб паказаць вам: прасунутымі допісамі ад выдаўцоў, на якіх вы не падпісваліся, і, вядома ж, рэкламай.
У гэтым месцы вы, магчыма, думаеце: «Ну так, калі ты не плаціш за прадукт, ты сам — прадукт».
Брахня!
Бра.
Хня.
Тыя, хто купляе рэкламу ў Google? Яны з кожным годам плацяць больш за горшы таргетынг і больш махлярства з паказамі.
Тыя выдаўцы, што плацяць, каб без вашай згоды запіхнуць свой кантэнт у вашу стужку Facebook? Яны мусяць гэта рабіць, бо FB душыць іх магчымасць дацягнуцца да людзей, якія на іх сапраўды падпісаліся.
Прадаўцы на Amazon, чые тавары найлепш адпавядаюць вашаму запыту, мусяць перабіць стаўкі ўсіх астатніх, каб проста трапіць на першую старонку выдачы. Гандляваць на Amazon так дорага, што ад 45 да 51% кожнага долара, які зарабляе незалежны прадавец, даводзіцца аддаваць дону Безасу і злачыннай сям’і Amazon. Такой маржы, каб аддаваць 51%, у гэтых прадаўцоў няма. Ім даводзіцца падымаць цэны, каб не гандляваць у страту на кожным продажы.
«Але пачакайце!» — чую я ваш голас!
[Ну давайце, скажыце гэта!]
«Але пачакайце! Тавары на Amazon не даражэйшыя, чым у Target, ці ў Walmart, ці ў сямейнай краме за рогам, ці наўпрост у вытворцы.
Як прадаўцы могуць падымаць цэны на Amazon, калі цана на Amazon такая ж, як і ўсюды?»
[Ёсць здагадкі?!]
Правільна: яны падымаюць цэны ўсюды. Яны мусяць. Amazon прывязвае сваіх прадаўцоў да палітыкі пад назвай «рэжым найбольшага спрыяння», паводле якой нідзе цана не можа быць ніжэйшай, чым на Amazon, — у тым ліку і ў фірмовай краме самога вытворцы.
Таму кожны прадавец, які хоча гандляваць на Amazon, мусіць падняць цэны ўсюды.
Дык вось, гэтыя прадаўцы — найлепшыя кліенты Amazon. Яны плацяць за прадукт — і іх усё роўна абдзіраюць.
Тое, што вы плаціце за прадукт, не напаўняе зморшчанае сэрца вашага пустога начальніка такой радасцю, каб ён перастаў прыдумваць, як бы вас яшчэ падставіць.
Паглядзіце на Apple. Памятаеце, як Apple прапанаваў кожнаму карыстальніку iOS адным націскам адмовіцца ад сачэння з боку праграм? І 96% карыстальнікаў націснулі гэтую кнопку?
(Астатнія чатыры працэнты былі альбо п’яныя, альбо супрацоўнікі Facebook, альбо п’яныя супрацоўнікі Facebook.)
І што гэта каштавала Facebook прынамсі дзесяць мільярдаў долараў у год страчаных даходаў ад сачэння?
Ну, такое бачыць прыемна.
Але ці ведаеце вы, што ў той самы час Apple пачаў шпіёніць за карыстальнікамі iOS гэтак жа, як раней гэта рабіў Facebook, — каб збіраць даныя для таргетынгу ўласнага рэкламнага прадукту, які з Facebook канкуруе?
Ваш iPhone — не бясплатны падарунак за кошт рэкламы. Вы заплацілі тысячу клятых долараў за гэты прамавугольнік-адцягвальнік у кішэні — і ўсё роўна вы прадукт. Больш за тое, Apple наладзіў iOS так, што вы не можаце мадыфікаваць сістэму, каб заблакаваць яго шпіянаж.
Калі ты не плаціш за прадукт, ты прадукт, а калі ты плаціш за прадукт — ты ўсё роўна прадукт.
Спытайце ў фермераў, ад якіх чакаюць, што яны самі будуць ставіць дэталі ў свае зламаныя трактары за паўмільёна долараў, без якіх гаспадарка спыняецца, — але скарыстацца гэтымі дэталямі не могуць, пакуль тэхнік не возьме з іх 200 долараў за тое, каб прыехаць на ферму і ўвесці ў пульт код разблакавання дэталі.
John Deere трактары не раздае. Дайце John Deere паўмільёна за трактар — і вы будзеце прадуктам.
Калі ласка, браты і сёстры мае ў Хрысце. Калі ласка! Перастаньце паўтараць: «Калі ты не плаціш за прадукт, ты сам — прадукт».
Ну добра, добра, гэта другая фаза згаўнявання.
Фаза першая: быць добрымі да карыстальнікаў і замыкаць іх у пастцы.
Фаза другая: крыху падставіць карыстальнікаў, каб быць добрымі да бізнес-кліентаў, і замыкаць у пастцы ўжо іх.
Фаза трэцяя: падставіць усіх і забраць усю каштоўнасць сабе. Пакінуць абсалютны мінімум карысці, каб усе заставаліся замкнёныя ў вашай кучы гною.
Згаўняванне: трагедыя ў трох дзеях.
Вось як згаўняванне выглядае звонку. Але што адбываецца ўнутры кампаніі? Які паталагічны механізм? Які фантастычны прамень энтрапіі ператварае выдатны і карысны сэрвіс у кучу гною?
Гэты механізм называецца падкручваннем. Падкручванне — гэта калі нехта змяняе «задні канец» сэрвісу, каб змяніць тое, як працуе бізнес: цэны, выдаткі, ранжыраванне ў пошуку, крытэрыі рэкамендацый і іншыя асноўныя параметры сістэмы.
Лічбавыя платформы — утопія падкручвальнікаў. Бакалейшчыку спатрэбілася б войска падлеткаў на ролікавых каньках з цэннікавымі пісталетамі, каб пераацаніць усё ў краме, калі туды заходзіць нехта асабліва галодны.
А вось кампанія Plexure з партфеля McDonald’s Investments хваліцца, што можа з дапамогай даных сачэння прадказаць, калі карыстальнік праграмы толькі што атрымаў заробак, — каб прадавец мог накінуць пару долараў да цаны ягонага сняданкавага сэндвіча.
І, вядома, як папярэджваў нас прарок Уільям Гібсан, «кіберпрастора вывяртаецца вонкі». Дзякуючы электронным цэннікам бакалейшчыкі могуць мяняць цэны, калі толькі ўздумаецца, — як у Нарвегіі, дзе цэннікі на электронным чарніле мяняюць цэны 2000 разоў на дзень.
Кожнаму вадзіцелю Uber за кожную паездку прапануюць розную аплату. Калі вадзіцель апошнім часам перабіраў заказамі, паездка аплачваецца лепш. Але калі вадзіцель быў настолькі ў адчаі, што хапаў кожную паездку, якую прапаноўвала праграма, аплата падае, і падае, і падае.
Прафесарка права Віна Дубал называе гэта «алгарытмічнай дыскрымінацыяй у аплаце працы». Гэта ўзорны прыклад падкручвання.
Кожны ютубер ведае, што такое быць падкручаным. Ты тыднямі ці месяцамі працуеш, траціш тысячы долараў, каб зняць відэа, а потым алгарытм вырашае, што яго ніхто не ўбачыць — ні твае ўласныя падпісчыкі, ні тыя, хто ўводзіць у пошук дакладную назву твайго відэа.
Чаму? А хто ж яго ведае. Правілы алгарытму не публічныя.
Бо мадэрацыя кантэнту — апошні бастыён «бяспекі праз незразумеласць»: яны не могуць сказаць табе, што менавіта алгарытм мадэрацыі апускае ўніз, бо тады ты будзеш махляваць.
YouTube — гэта той паскудны начальнік, які ўтрымлівае з кожнага заробку за ўсе парушаныя табой правілы, але не кажа, што гэта былі за правілы, — каб ты, крый божа, не прыдумаў, як парушыць іх наступным разам так, каб ён не заўважыў.
Падкручванне, вядома, можа працаваць і на карысць некаторых карыстальнікаў. Часам платформы падкручваюць, каб палепшыць жыццё канчатковым карыстальнікам або бізнес-кліентам.
Напрыклад, Эмілі Бейкер-Уайт з Forbes расказала пра існаванне ўнутранай функцыі, да якой мае доступ кіраўніцтва TikTok, — яны называюць яе «інструментам падагрэву».
Калі мэнэджар прымяняе інструмент падагрэву да акаўнта нейкага аўтара, ягоныя відэа запіхваюць у стужкі мільёнаў карыстальнікаў — незалежна ад таго, ці прадказвае рэкамендацыйны алгарытм, што гэтае відэа ім спадабаецца.
Навошта ім гэта? Вось вам аналогія з майго дзяцінства. Я хадзіў на вандроўны кірмаш, які прыязджаў у Таронта ў канцы кожнага лета, — Канадскую нацыянальную выставу. Калі вы бывалі на кірмашы накшталт Ex, вы ведаеце, што там заўсёды можна заўважыць нейкага хлопца, які цягае за сабой камічна велізарнага плюшавага мядзведзя.
Фармальна гэтага мядзведзя выйграюць, закінуўшы пяць мячоў у кошык для персікаў, але ў першым набліжэнні ніхто і ніколі не здолеў закінуць у гэты кошык пяць мячоў так, каб яны там засталіся.
Той хлопец «выйграў» мядзведзя, калі зазывала на алеі атракцыёнаў вылучыў яго з натоўпу і сказаў: «Слухай, дружа, мне падабаецца твой твар. Ведаеш што: закінеш у кошык хоць адзін мяч — дам табе брэлок, а збярэш два брэлокі — дам абмяняць іх на вось гэтага мядзведзя галактычнага маштабу».
Вось так хлопец і атрымаў свайго мядзведзя, якога цяпер мусіць да канца дня цягаць туды-сюды па алеі.
Навошта, чорт вазьмі, зазывала аддаў мядзведзя? Бо гэта ператварае хлопца ў хадзячы білборд гульняў на алеі. Калі гэты недарэка з тупым выглядам, гэты казёл-правадыр, здолеў закінуць пяць мячоў у кошык для персікаў, то здолееш і ты.
Толькі ты не здолееш.
Інструмент падагрэву TikTok — гэта спосаб раздаваць тактычных велізарных плюшавых мядзведзяў. Калі нехта ў мазгавым цэнтры TikTok вырашае, што на платформе трэба больш спартыўных братаноў, яны выбіраюць аднаго братана наўздагад і робяць яго каралём на дзень — да чорцікаў разаграваючы ягоны акаўнт.
Гэты хлопец набірае мільярды праглядаў і пачынае бегаць па ўсіх форумах спартыўных братаноў і трубіць пра свой поспех: «Я Луі Пастэр спартыўных інфлюэнсераў!»
Іншыя спартыўныя братаны збягаюцца і пачынаюць перабудоўвацца, каб рабіць кантэнт пад адмысловы фармат TikTok. Калі ў іх не атрымліваецца здабыць уласных велізарных мядзведзяў, яны думаюць, што гэта таму, што яны няправільна робяць TikTok, — бо яны не ведаюць пра інструмент падагрэву.
Але потым надыходзіць дзень, калі Зорная палата TikTok вырашае, што трэба заманіць больш астролагаў. Тады яны перастаюць грэць таго шчаслівага спартыўнага братана і пачынаюць грэць нейкага шчаслівага астролага.
Велізарныя плюшавыя мядзведзі ўсюды: тыя вадзіцелі Uber, што дзесяць гадоў таму хваліліся The New York Times, як зарабляюць 50 долараў у гадзіну? Аўтары на Substack, што купаліся ў грошах? Джо Роган і ягоная выплата ад Spotify на сто мільёнаў долараў? Усе гэтыя людзі — ганарлівыя ўладальнікі велізарных плюшавых мядзведзяў, і для платформаў гэта ўдалая здзелка.
Бо кожны долар, які яны атрымліваюць ад платформы, ператвараецца ў бясплатную працу на пяць долараў ад прасцякоў, якія думаюць, што яны проста няправільна карыстаюцца інтэрнэтам.
Велізарныя плюшавыя мядзведзі — толькі адзін са спосабаў падкручвання. Платформы могуць гуляць з кожнай часткай сваёй бізнес-логікі, прычым у высокааўтаматызаваны спосаб, які дазваляе ім хутка і эфектыўна перапампоўваць каштоўнасць ад канчатковых карыстальнікаў да бізнес-кліентаў і назад, хаваючы шарык у гульні ў наперсткі, што ідзе з машыннай хуткасцю, — пакуль усе не заблытаюцца настолькі, што платформы забяруць усю каштоўнасць сабе.
Вось вам «як»: як платформы робяць фокус, калі спачатку яны добрыя да карыстальнікаў, потым замыкаюць карыстальнікаў у пастцы, потым дрэнна абыходзяцца з карыстальнікамі, каб быць добрымі да бізнес-кліентаў, потым замыкаюць у пастцы бізнес-кліентаў, а потым забіраюць усю каштоўнасць сабе.

Дык вось, цяпер мы ведаем, што адбываецца і як адбываецца. Засталося толькі зразумець, чаму.
З аднаго боку, «чаму» даволі відавочнае. Чым менш каштоўнасці дастаецца канчатковым карыстальнікам і бізнес-кліентам, тым больш застаецца, каб падзяліць паміж акцыянерамі і топ-мэнэджарамі.
Вось чаму. Але гэта не тлумачыць, чаму менавіта цяпер. Кампаніі маглі вытвараць такое ў любы момант за апошнія 20 гадоў, але не вытваралі. Ці прынамсі паспяховыя не вытваралі. Тыя, што ператваралі сябе ў кучу гною, і атрымлівалі стаўленне як да кучы гною. Мы іх пазбягалі, і яны паміралі.
Памятаеце Myspace? Yahoo Search? LiveJournal? Так, калі зайсці на гэтыя дамены, там і цяпер выдаюць нейкую ІІ-брыду ці аўтаматычнае рэкламнае смецце, але іх больш няма.
І вось ключ да разгадкі: калісьці, калі ты згаўняваў свой прадукт, з тваёй кампаніяй здараліся дрэнныя рэчы. Цяпер за згаўняванне няма ніякіх наступстваў — таму ўсе гэтым і займаюцца.
Давайце разбяромся: што перашкаджае кампаніі згаўняваць?
Ёсць чатыры сілы, якія трымаюць тэхналагічныя кампаніі ў рамках. Першая, відавочна, — канкурэнцыя.
Калі тваім кліентам лёгка сысці, табе даводзіцца турбавацца, што яны сыдуць.
Шмат якія фактары ўплываюць на тое, наколькі цяжка ці лёгка пакінуць платформу, — напрыклад, сеткавыя эфекты, якія працуюць на Facebook. Але самы важны фактар — ці ёсць куды ісці.
Яшчэ ў 2012 годзе Facebook купіў Instagram за мільярд долараў. У нашы дні, калі Вялікія тэхналогіі робяць пакупкі на адзінаццацізначныя сумы, гэта можа падацца дробязю, але ў тыя нявінныя часы гэта была вялікая сума — і асабліва вялікая, каб плаціць яе за Instagram. У кампаніі было толькі 13 супрацоўнікаў і нейкія 25 мільёнаў зарэгістраваных карыстальнікаў.
Але для Цукерберга важна было не тое, колькі карыстальнікаў мае Instagram, а тое, адкуль гэтыя карыстальнікі прыйшлі.
[Хто-небудзь ведае, адкуль прыйшлі гэтыя карыстальнікі Instagram?]
Правільна: яны пакінулі Facebook і перайшлі ў Instagram. Ім абрыдзеў FB. Хоць ім падабаліся тамтэйшыя людзі, яны ненавідзелі жудаснага Цука, ненавідзелі платформу — таму сышлі і не вярнуліся.
Вось Цук і выкаціў цэлы мільярд, каб злавіць іх зноў. І ён гэта запісаў — у паўночным лісце фінансаваму дырэктару Дэвіду Эберсману растлумачыў, што пераплачвае за Instagram, бо карыстальнікі ненавідзяць яго і любяць Instagram. Таму нават калі яны кінуць Facebook (платформу), яны ўсё адно застануцца ў руках Facebook (кампаніі).
На паперы купля Instagram Цукербергам незаконная. Але звычайна такое было б цяжка спыніць, бо трэба было б даказаць, што ён купіў Instagram з намерам абмежаваць канкурэнцыю.
Аднак у гэтым выпадку Цук спатыкнуўся аб уласны член: ён запісаў гэта на паперы.
Але Міністэрства юстыцыі і Федэральная гандлёвая камісія (FTC) пры Абаму проста прапусцілі гэта міма вушэй. Яны працягвалі праманапольную палітыку Рэйгана, Буша-старэйшага, Клінтана і Буша-малодшага і падалі прыклад, якому потым рушыў услед Трамп, даючы зялёнае святло гігазліццям накшталт катастрафічнага, кровазмяшальнага шлюбу Warner і Discovery.
Наогул, на працягу 40 гадоў — пачынаючы з Картэра і з паскарэннем пры Рэйгане — ЗША заахвочвалі ўтварэнне манаполій як афіцыйную палітыку на той падставе, што манаполіі «эфектыўныя».
Калі ўсе карыстаюцца пошукам Google, гэта ж трэба святкаваць! Значыць, у іх самы лепшы пошук, і хіба не было б вычварэнствам траціць грамадскія грошы на тое, каб караць іх за найлепшы прадукт?
Але, як мы ўсе ведаем, Google утрымаў панаванне ў пошуку не таму, што быў найлепшым. Ён зрабіў гэта, плацячы хабары. Больш за 20 мільярдаў у год адной толькі Apple — за тое, каб быць пошукам па змаўчанні ў iOS, плюс яшчэ мільярды Samsung, Mozilla і ўсім астатнім, хто робіць прадукт ці сэрвіс з пошукавым радком, — каб вы ніколі не натрапілі на пошукавік, лепшы за іхні.
Гэта, у сваю чаргу, гарантавала, што ніхто разумны не будзе ўкладаць вялікія грошы ў пошукавікі-канкурэнты, нават калі тыя відавочна, бясспрэчна лепшыя. Навошта рабіць нешта лепшае, калі Google выкупляе ўвесь кісларод на рынку раней, чым ён паспее ўздзьмуць жыццё ў твой прадукт?
Facebook, Google, Microsoft, Amazon — гэта не кампаніі, якія «робяць рэчы», гэта кампаніі, якія «купляюць рэчы». Яны карыстаюцца тым, што ўлады афіцыйна заплюшчваюць вочы на антыканкурэнтныя паглынанні, грабежніцкае цэнаўтварэнне, эксклюзіўныя здзелкі, якія скажаюць рынак, і іншыя дзеянні, прама забароненыя дзейным антыманапольным правам.
Іх мэта — стаць занадта вялікімі, каб упасці, бо тады яны занадта вялікія, каб сесці ў турму, а значыць, могуць быць занадта вялікімі, каб пра нешта клапаціцца.
Вось чаму пошук Google — куча гною, а ўсё на Amazon — дропшыпінгавае смецце, якое імгненна распадаецца ў воблаку лятучых арганічных злучэнняў, як толькі адкрываеш скрынку.
Калі кампаніі перастаюць баяцца, што вы сыдзеце да канкурэнта, ім куды прасцей абыходзіцца з вамі дрэнна. Бо што вы зробіце?
Памятаеце Лілі Томлін у ролі Эрнесцін, тэлефаністкі AT&T, у старых скетчах SNL? «Нам усё роўна. Нам не трэба. Мы — тэлефонная кампанія».
Канкурэнцыя — першая сіла, якая трымае ў рамках кампаніі і згаўняльныя памкненні іх кіраўніцтва, а мы проста перасталі прымяняць права канкурэнцыі.
Трэба быць асаблівым гладкамозглым прыдуркам — гэта значыць, эканамістам з істэблішменту, — каб настойваць, што згортванне кожнай галіны, ад акуляраў да вітаміну C, у картэль з пяці ці менш кампаній не мае ніякага дачынення да палітыкі, якая афіцыйна заахвочвала манапалізацыю.
Гэта як калі б мы раней раскладвалі атруту для пацукоў, і праблемы з пацукамі ў нас не было. Потым гэтыя прыдуркі пераканалі нас, што пацукі нам карысныя, і мы перасталі раскладваць атруту — і цяпер пацукі абгрызаюць нам твары, а прыдуркі бегаюць вакол і кажуць: «Хто ведае, адкуль узяліся ўсе гэтыя пацукі? Можа, таму, што мы перасталі раскладваць атруту, а можа, проста настаў Час Пацукоў. Вялікія Сілы Гісторыі сышліся ў гэтым моманце, каб размножыць пацукоў без меры!»
Антыманапольнае права не паслізнулася на той лесвіцы і не ўпала спінай на той стылет: яму ўсадзілі нож у спіну, а потым штурхнулі.
А калі яны забілі антыманапольнае права, яны забілі і рэгуляванне — другую сілу, што трымае кампаніі ў рамках. Рэгуляваць магчыма, але толькі тады, калі рэгулятар магутнейшы за тых, каго ён рэгулюе. Калі кампанія большая за ўрад, пагражаць ёй пакараннем так, каб гэта гучала пераканаўча, страшэнна цяжка, якімі б ні былі яе грахі.
Вось што абараняла IBM усе тыя гады, калі ён наступаў ботам на горла амерыканскай тэхналагічнай галіне. Ці ведаеце вы, што Міністэрства юстыцыі ў судах змагалася за падзел IBM з 1970 па 1982 год і што кожны год, 12 гадоў запар, IBM траціў на юрыстаў, якія змагаліся з урадам ЗША, больш, чым антыманапольны дэпартамент Міністэрства юстыцыі траціў на ўсіх юрыстаў ва ўсіх антыманапольных справах ва ўсёй краіне?
IBM 12 гадоў пераўзыходзіў па выдатках Дзядзьку Сэма. Гэта называлі «В’етнамам антыманапольнага права». І ўсе тыя грошы акупіліся, бо ў 1982 годзе прэзідэнтам быў Рональд Рэйган — чалавек, афіцыйная палітыка якога заключалася ў тым, што манаполіі «эфектыўныя». Таму ён спыніў справу, і Блакітны гігант саскочыў з кручка.
Манапаліста рэгуляваць цяжка, і картэль рэгуляваць цяжка. Калі ў галіне сотні кампаній, якія канкуруюць, яны і праўда канкуруюць. Яны сапраўды змагаюцца адна з адной, спрабуюць пераманіць адна ў адной кліентаў і работнікаў. Яны гатовыя перагрызці адна адной горла.
Пары соцень кіраўнікоў і так цяжка дамовіцца хоць пра што-небудзь. А калі яны па-сапраўднаму канкуруюць адзін з адным, па-сапраўднаму апантаныя тым, як бы адабраць адзін у аднаго хлеб, яны ні пра што не могуць дамовіцца.
Як толькі адзін з іх прыходзіць да рэгулятара з нейкай брахлівай гісторыяй — пра тое, што немагчыма мець прыстойны пошукавік без дэталёвага камерцыйнага сачэння; або што немагчыма мець бяспечную і зручную мабільную прыладу без поўнага права вета на тое, якія праграмы на ёй можна запускаць; або што немагчыма адміністраваць сетку інтэрнэт-правайдара, калі нельга запавольваць злучэнні з серверамі, уладальнікі якіх не плацяць хабару за «прэміяльную дастаўку трафіку», — абавязкова знаходзіцца іншая кампанія, якая кажа: «Брахня.
У нас жа атрымалася! Вось нашы логі сервераў, нашы квартальныя справаздачы і водгукі нашых кліентаў — яны гэта даказваюць».
Сто кампаній — гэта зброд. Гэта натоўп. Яны не могуць дамовіцца пра агульную пазіцыю для лабіравання. Яны занадта занятыя тым, што адбіраюць адна ў адной хлеб, каб дамовіцца хаця б пра кейтэрынг для сустрэчы, на якой гэта абмяркуюць.
Але дазвольце гэтым сотні кампаній зліцца ў манаполію, паглынуць адна адну ў кровазмяшальнай оргіі, ператварыцца ў пяць гіганцкіх кампаній — настолькі ўнутрыродных, што ў іх вырасла карпаратыўная габсбургская сківіца, — і яны становяцца картэлем.
Картэлю лёгка дамовіцца, якой брахнёй яны ўсе будуць карміць свайго рэгулятара, і мабілізаваць частку лішніх мільярдаў, якія яны сабралі дзякуючы кансалідацыі, што вызваліла іх ад «марнатраўнай канкурэнцыі», — каб цалкам захапіць сваіх рэгулятараў.
Ведаеце, Кангрэс калісьці прымаў федэральныя законы пра прыватнасць спажыўцоў? Больш не.
Апошні раз Кангрэсу ўдалося прыняць федэральны закон пра прыватнасць спажыўцоў у 1988 годзе: Закон аб ахове прыватнасці відэа (Video Privacy Protection Act). Гэты закон забараняе прадаўцам відэапракатаў расказваць газетам, якія касеты VHS вы бераце дадому. Іншымі словамі, ён рэгулюе тры рэчы, якія фактычна перасталі існаваць.
Пагроза, што гісторыя вашых пракатаў відэа стане ўсеагульным здабыткам, была не апошняй і не самай вострай пагрозай, з якой сутыкалася амерыканская публіка, — і тым не менш Кангрэс трапіў у тупік і не можа прыняць закон пра прыватнасць.
Захоп рэгулятараў тэхналагічнымі кампаніямі грунтуецца на смехатворным і празрыстым ходзе — настолькі дурным, што ён абражае ўсе добрыя, працавітыя смехатворныя і празрыстыя хітрыкі на свеце.
А менавіта: яны сцвярджаюць, што калі яны парушаюць вашы спажывецкія правы, права на прыватнасць ці працоўныя правы, гэта не злачынства, бо яны робяць гэта праз праграму.
Алгарытмічная дыскрымінацыя ў аплаце працы — гэта не незаконны крадзеж заробку: мы ж робім гэта праз праграму.
Шпіянаж за вамі ад азадка да апетыту — гэта не парушэнне прыватнасці: мы ж робім гэта праз праграму.
А махлярскі пошук Amazon, які падманам прымушае вас пераплачваць 29% у параўнанні з найлепшым супадзеннем па вашым запыце? Ніякі не грабеж. Мы ж робім гэта праз праграму.
Калі мы забілі канкурэнцыю — перасталі раскладваць атруту для пацукоў, — мы атрымалі картэлі: пацукі з’елі нашы твары. А картэлі захапілі сваіх рэгулятараў: пацукі выкупілі завод атруты і зачынілі яго.
Так што кампаній не стрымліваюць ні канкурэнцыя, ні рэгуляванне.

Але ведаеце што? Гэта тэхналогіі, а тэхналогіі — асаблівыя. Асаблівыя, бо гнуткія. Бо нашы камп’ютары — тьюрынг-поўныя ўніверсальныя машыны фон Неймана. А гэта значыць, што любую згаўняльную змену ў праграме можна адгаўняваць іншай праграмай.
Кожны раз, калі HP задзірае цану на чарніла, яна запрашае канкурэнта выйсці на рынак з наборам для запраўкі або сумяшчальным картрыджам.
Калі Tesla ўсталёўвае код, паводле якога, каб карыстацца ўсёй ёмістасцю акумулятара, трэба плаціць дадатковую штомесячную плату, яна запрашае ўмельца пачаць прадаваць набор, які ўзломвае акумулятар і дазваляе зарадзіць яго да канца.
Дазвольце паказаць на невялікім прыкладзе, як гэта працуе. Уявіце, што ідзе нарада па дызайне вэб-сайта нашай кампаніі, і той, хто вядзе нараду, кажа: «Хлопцы, вы ж ведаеце, што наш KPI — валавы рэкламны даход? Дык вось, я падлічыў: калі зрабіць рэкламу ўсяго на 20% больш назойлівай і агіднай, даход ад рэкламы вырасце на 2%».
Добрая прапанова. Выканаем KPI — і ўсе атрымаюць тоўстую прэмію. Зможам усе павезці сем’і на раскошны гарналыжны адпачынак у Швейцарыю.
Але вось у чым справа: нехта абавязкова падыме руку — нехта, каму напляваць на дабрабыт карыстальнікаў, — і гэты чалавек скажа: «Мне падабаецца ход тваіх думак, Ілан. Але ці прыходзіла табе ў галаву, што калі зрабіць рэкламу на 20% больш агіднай, 40% нашых карыстальнікаў пойдуць у пошукавік і набяруць: „Як заблакаваць рэкламу?“»
Ну гэта ж кашмар! Бо калі карыстальнік гэта зробіць, даход ад яго не вырасце да 102%. Ён нават не застанецца на 100%. Ён упадзе да нуля — назаўсёды.
[Ёсць здагадкі, чаму?]
Бо яшчэ ніводзін карыстальнік не вярнуўся ў пошукавік і не набраў: «Як зноў пачаць бачыць рэкламу?»
Калі карыстальнік узламаў свой тэлефон, або адкрыў для сябе чарніла іншых вытворцаў, або завёў знаёмства з незалежным механікам Tesla, які разблакуе ў ягонай машыне ўсе платныя дапаўненні, — гэты карыстальнік сышоў назаўсёды.
Сумяшчальнасць — гэтая схаваная ўласцівасць, якую пакінулі нам у спадчыну спадары Тьюрынг і фон Нейман з іх бясконца гнуткімі ўніверсальнымі машынамі, — сур’ёзна стрымлівае згаўняванне.
Тое, што Кангрэс не прымаў закона пра прыватнасць з 1988 года, прынамсі часткова ўраўнаважваецца тым, што большасць карыстальнікаў вэба цяпер карыстаецца блакавальнікамі рэкламы, якія заадно блакуюць і трэкеры.
Але ніхто ніколі не ўсталёўваў блакавальнік трэкераў для праграмы. Бо зваротная інжынерыя праграмы пагражае крымінальным і грамадзянскім пераследам паводле раздзела 1201 Закона пра аўтарскае права ў лічбавае тысячагоддзе (Digital Millennium Copyright Act, DMCA): за першае парушэнне — да 5 гадоў турмы і штраф да 500 тысяч долараў.
А парушэнне ўмоў карыстання пагражае вам паводле Закона пра камп’ютарнае махлярства і злоўжыванні 1986 года (Computer Fraud and Abuse Act) — таго самага, які Рональд Рэйган падпісаў у паніцы, пасля таго як паглядзеў фільм «Ваенныя гульні» (сур’ёзна!).
Калі вы дапамагаеце іншым карыстальнікам парушаць умовы карыстання, вас могуць засыпаць пазовамі за наўмыснае ўмяшанне ў дагаворныя адносіны. А яшчэ ёсць гандлёвыя знакі, аўтарскае права і патэнты.
Уся гэтая лухта, якую мы называем «інтэлектуальнай уласнасцю», а Джэй Фрымен з Cydia называе «крымінальнай непавагай да бізнес-мадэлі».
Дык вось, калі мы ўсё яшчэ на той нарадзе па плане прадукту і цяпер надышоў час пагаварыць пра нашу праграму, вядучы кажа: «Добра, значыць, зробім рэкламу ў праграме на 20% больш агіднай, каб выцягнуць 2% росту валавога рэкламнага даходу?»
І той, хто пярэчыў супраць таго, каб пагоршыць сайт на 20%? Ён зноў падымае руку. Толькі на гэты раз ён кажа: «А чаму б нам не зрабіць рэкламу на 100% больш назойлівай і не атрымаць 10% росту рэкламнага даходу?»
Бо ўжо няважна, ці пойдзе карыстальнік у пошукавік і ці набярэ: «Як заблакаваць рэкламу ў праграме?» Адказ: ніяк. Так што жывём адзін раз — згаўняваем на поўную.
«Інтэлектуальная ўласнасць» — проста эўфемізм для «любога закона, які дазваляе мне дацягнуцца за сцены маёй кампаніі і прымусова кантраляваць маіх крытыкаў, канкурэнтаў і кліентаў». А «праграма» — проста эўфемізм для «вэб-старонкі, абгорнутай у правільную інтэлектуальную ўласнасць, так што абарона вашай прыватнасці падчас карыстання ёю — цяжкае злачынства».
Сумяшчальнасць калісьці перашкаджала кампаніям згаўняваць. Калі кампанія рабіла свой кліент адстойным, нехта выпускаў альтэрнатыўны кліент; калі яна выразала нейкую функцыю і хацела прадаваць яе вам назад па штомесячнай падпісцы, нехта рабіў сумяшчальную ўбудову, якая вяртала гэтую функцыю за аднаразовую плату або бясплатна.
Каб дапамагчы людзям уцячы з Myspace, FB даваў ім ботаў, у якіх трэба было ўвесці свой лагін і пароль. Бот выграбаў непрачытаныя паведамленні ў Myspace і перакладаў іх у вашу скрыню ў FB, а потым заходзіў у Myspace і ўстаўляў вашы адказы ў скрыню адпраўленых. Так што вам не трэба было выбіраць паміж людзьмі, якіх вы любілі на Myspace, і Facebook — які, дарэчы, пачынаў з абяцання ніколі за вамі не шпіёніць. Памятаеце?!
Дзякуючы метастазам інтэлектуальнай уласнасці сёння ўсё гэта немагчыма. Apple абавязаны самім сваім існаваннем пакету iWork, чые Pages, Numbers і Keynote сумяшчальныя па фарматах файлаў з Word, Excel і PowerPoint ад Microsoft. Але паспрабуйце зрабіць асяроддзе выканання iOS, у якім можна будзе на іншых платформах прайграваць файлы, купленыя ў крамах Apple, — і вас будуць бамбіць ядзернымі, пакуль вы не пачнеце свяціцца.
У FB не было б ніякіх шанцаў вырваць сацыяльныя сеткі з рук Myspace без таго выграбання даных. Але паспрабуйце сёння выграбаць даныя з FB, каб зрабіць альтэрнатыўны кліент, — і ягоныя юрысты будуць бамбіць вас, пакуль руіны не пачнуць падскокваць.
Google выграб даныя з кожнага сайта на свеце, каб стварыць свой пошукавы індэкс. Паспрабуйце выграбці даныя з Google — і ён насадзіць вашу галаву на піку.
Калі гэта рабілі яны, гэта быў прагрэс. Калі вы робіце гэта з імі — гэта пірацтва. Кожны пірат хоча стаць адміралам.
Паколькі гэтая жменька кампаній так грунтоўна захапіла сваіх рэгулятараў, яны могуць абярнуць супраць вас моц дзяржавы, калі вы спрабуеце вырвацца з іх улады, — у той час як іх уласныя нахабныя парушэнні нашых правоў застаюцца беспакаранымі. Бо яны робяць гэта праз праграму.
Тэхналагічныя кампаніі перасталі баяцца канкурэнцыі, нейтралізавалі пагрозу з боку рэгулятараў, а потым запрэглі гэтых рэгулятараў, каб нападаць на новыя стартапы, якія маглі б зрабіць з імі тое ж самае, што яны самі калісьці зрабілі з кампаніямі, што былі да іх.
Але нават пры ўсім гэтым была адна сіла, якая трымала нашых начальнікаў у рамках. Гэтай сілай былі мы. Работнікі тэхналагічнай галіны.
Работнікаў тэхналагічнай галіны гістарычна не хапала, і гэта давала нам уладу. І нашы начальнікі гэта ведалі.
Каб прымусіць нас працаваць як вар’яты, яны прыдумалі хітрыку. Яны звярнуліся да нашай любові да тэхналогій і сказалі, што мы — героі лічбавай рэвалюцыі, якія «арганізуюць інфармацыю ўсяго свету і зробяць яе карыснай», якія «зблізяць свет».
Яны наймалі прафесійных дэкаратараў, каб ператварыць нашы працоўныя месцы ў мудрагелістыя кампусы з бясплатнай пральняй, рэстаранамі для гурманаў, масажам і камбучай — і з хірургам напагатове, які заморазіць нашы яйцаклеткі, каб мы маглі працаваць усе свае фертыльныя гады.
Яны пераканалі нас, што нас песцяць, а не ганяюць, як казённых мулаў.
У гэтай хітрыкі ёсць назва. Бібліятэкарка і тэарэтыкня Фабазі Этарх называе яе «трапятаннем перад пакліканнем», а Ілан Маск называе гэта быць «экстрэмальна хардкорным».
Гэта спрацавала выдатна. Ох і доўга ж мы працавалі!
Але для нашых начальнікаў гэтая хітрыка правалілася з трэскам. Бо калі ты прапусціў пахаванне ўласнай маці, каб паспець да дэдлайну, а потым начальнік загадвае табе згаўняваць гэты прадукт, ты адчуеш глыбокую маральную траўму — і, будзь упэўнены, зробіш так, каб начальнік адчуў яе разам з табой.
Бо што ён зробіць? Звольніць цябе? Ён не можа наняць кагосьці іншага на тваё месца, а ты можаш знайсці яшчэ лепшую працу ў фірме праз дарогу.
Так што, калі канкурэнцыя, рэгуляванне і сумяшчальнасць падвялі, лінію трымалі работнікі.
Але ўрэшце прапанова дагнала попыт. Летась тэхналагічная галіна звольніла 260 тысяч з нас, і яшчэ 100 тысяч — за першую палову гэтага года.
Ты не можаш сказаць начальнікам ісці да д’ябла, бо яны выкінуць цябе на вуліцу і аддадуць тваю працу таму, хто з радасцю згаўняе прадукт, які ты стварыў.
Вось чаму ўсё гэта адбываецца менавіта цяпер. Нашы начальнікі не змяніліся. Яны не падчапілі нейкі разумовы вірус, які ператварыў іх у прагных гадаў, якім напляваць на дабрабыт нашых карыстальнікаў і на якасць нашых прадуктаў.
Для нашых начальнікаў сэнс бізнесу заўсёды быў у тым, каб браць як мага больш, даваць як мага менш і дзяліцца як мага меней з пастаўшчыкамі, работнікамі, карыстальнікамі і кліентамі. Яны не дабрачынныя фонды ўзначальваюць.
З першага дня нашы начальнікі прыходзілі на працу і з усёй сілы цягнулі вялікі рычаг ЗГАЎНЯВАННЯ, што стаіць за іх сталом, — толькі гэты рычаг амаль не зрушваўся. Ён быў намёртва заклінены канкурэнцыяй, рэгуляваннем, сумяшчальнасцю і работнікамі.
Калі гэтыя крыніцы трэння растанулі, рычаг згаўнявання пачаў хадзіць зусім лёгка.
Гэта паскудна, я ведаю. Але падумайце хвілінку: нашы начальнікі — вельмі недасканалыя пасудзіны, здольныя апраўдаць бясконцую прагнасць і махлярства, — тым не менш стаялі на чале цэлага шэрагу сапраўды выдатных прадуктаў і сэрвісаў.
Не таму, што калісьці яны былі лепшымі людзьмі, а таму, што калісьці на іх дзейнічала дысцыпліна.
Адсюль вынікае, што калі мы хочам скончыць згаўнацэн, разабраць згаўнэт і пабудаваць новы, добры інтэрнэт, які нашы начальнікі не змогуць разбурыць, нам трэба зрабіць так, каб гэтыя абмежаванні былі трывала ўбудаваныя ў той інтэрнэт, абвітыя вакол самых яго каранёў і нерваў. І нам трэба стаяць на варце, каб іх зноў не разабралі.
Новы, добры інтэрнэт — гэта той, у якім ёсць добрыя рысы старога, добрага інтэрнэту: этыка тэхналагічнага самавызначэння, калі карыстальнікі тэхналогій (а таксама хакеры, майстры-самавукі, стартапы і іншыя, хто дзейнічае ад іх імя) могуць пераналадзіць і мадыфікаваць тэхналогіі, якімі карыстаюцца, каб тыя рабілі тое, што ім трэба, і каб іх нельга было выкарыстаць супраць іх.
Але новы, добры інтэрнэт выправіць хібы старога, добрага інтэрнэту — тое, з-за чаго ім было цяжка карыстацца ўсім, хто не быў намі. І, чорт вазьмі, так, мы можам гэта зрабіць. Тэхналагічныя босы клянуцца, што гэта немагчыма: што нельга пагаварыць з сябрам, не падзяліўшыся размовай з Цукам; нельга шукаць у вэбе, не дазволіўшы Google выскрабці вас да самых вантробаў; нельга мець тэлефон, які надзейна працуе, не даўшы Apple права вета на праграмы, якія вы ўсталёўваеце.
Яны сцвярджаюць, што нават разважаць пра такое — бязглуздзіца. Гэта як зрабіць ваду, якая не мокрая. Але гэта брахня. Мы можам мець добрыя рэчы. Мы можам будаваць для людзей, якіх любім, і даць ім месца, вартае іх часу і ўвагі.
Каб гэта зрабіць, нам трэба ўсталяваць абмежаванні.

Першае абмежаванне, памятаеце, — гэта канкурэнцыя. Мы жывём у часы эпахальнага павароту ў палітыцы канкурэнцыі. Пасля 40 гадоў, якія антыманапольнае правапрымяненне праляжала ў штучнай коме, урады па ўсім свеце ахапіла хваля антыманапольнай энергіі. Рэгулятары ўмешваюцца, каб забараняць манапалістычныя практыкі, адчыняць агароджаныя сады, блакаваць антыканкурэнтныя зліцці і нават адмяняць карупцыйныя зліцці, што былі зробленыя пад ілжывымі падставамі.
Звычайна ў гэтым месцы прамовы я пералічваю ўсе выдатныя рэчы, што адбыліся за апошнія чатыры гады: меры, якія не далі кампаніям стаць занадта вялікімі, каб пра нешта клапаціцца, і тыя, што напалохалі кампаніі настолькі, што яны нават не спрабавалі.
Як Wiz, які толькі што паслаў далёка найбуйнейшую прапанову аб куплі ў гісторыі — адмовіўся ад 23 мільярдаў долараў ад Google і вырашыў, ведаеце, проста быць нармальным, чорт вазьмі, бізнесам, які зарабляе грошы, робячы прадукт, патрэбны людзям, і прадаючы яго па канкурэнтнай цане.
Звычайна я пералічваю нарматыўныя акты FTC, якія забаранілі па ўсёй краіне пагадненні аб неканкурэнцыі. Або новыя правілы ацэнкі зліццяў, якія склалі FTC і Міністэрства юстыцыі і якія, апроч іншага, устанаўліваюць, што ведамствы павінны ўлічваць, ці не нашкодзіць зліццё прыватнасці.
У маіх нататках быў цэлы раздзел пра ўсё гэта, сапраўднае кола пашаны, але на гэтым тыдні я ўсё яго выдаліў.
[Хто-небудзь здагадаецца, чаму?]
Правільна! На гэтым тыдні суддзя Аміт Мехта, выносячы рашэнне ад імя акругі Калумбія гэтых Злучаных Штатаў Амерыкі ў справе № 20-3010, вядомай як «Злучаныя Штаты супраць Google LLC», устанавіў, што «Google — манапаліст, і ён дзейнічаў як манапаліст, каб захаваць сваю манаполію», і загадаў Google і Міністэрству юстыцыі прапанаваць графік выпраўлення сітуацыі — напрыклад, падзелу кампаніі.
Так што так, гэта было страшэнна эпічна.
Вядома, усе гэтыя антыманапольныя справы даволі эзатэрычныя, і я не буду вас адганяць ці саромець, калі вы хочаце трымацца ад гэтай тэмы на невялікай адлегласці. Амаль усе ў антыманапольных пытаннях — звычайныя абывацелі, і гэта нармальна. Але калі вы абывацель, вы, хутчэй за ўсё, ловіце толькі асобныя кавалачкі гэтага сюжэту, і, павярыце, манапалісты гэта ведаюць і засыпаюць інфармацыйную прастору сваім.
The Wall Street Journal апублікаваў больш за 100 рэдакцыйных артыкулаў, якія асуджаюць старшыню FTC Ліну Хан: маўляў, яна бяздзейная і бескарысная, марнуе грамадскія грошы на безнадзейныя донкіхоцкія паходы супраць бедных, бязвінных фірмаў і нічога не дасягае.
[Хто-небудзь тут ведае, каму належыць The Wall Street Journal?]
Правільна, Руперту Мэрдаку. Вы сапраўды думаеце, што Руперт Мэрдак будзе плаціць сваёй рэдакцыйнай калегіі, каб тая напісала сто рэдакцыйных артыкулаў пра чалавека, які нічога не робіць?
Насамрэч і ў ЗША, і ў Вялікабрытаніі, і ў ЕС, і ў Аўстраліі, і ў Канадзе, і ў Японіі, і ў Паўднёвай Карэі, і нават у Кітаі за апошнія чатыры гады мы бачым больш антыманапольных захадаў, чым за папярэднія сорак.
Памятайце: права канкурэнцыі насамрэч даволі моцнае. Праблема не ў законе, а ў прыярытэтах яго прымянення. Рэйган сорак гадоў таму паклаў антыманапольнае права ў нафталін, але гэтая элегантная зброя больш цывілізаванай эпохі цяпер зноў у руках людзей, якія ўмеюць ёю карыстацца, — і яны б’юць на ўсю моц.
Далей: рэгуляванне.
Цяпер, калі, здавалася б, непераадольная моц тэхналагічных гігантаў выкрываецца як ашуканства, якім яна заўсёды і была, урады і рэгулятары нарэшце пакончаць з той «адной дзіўнай хітрыкай» — парушаць закон і казаць: «Не лічыцца, мы зрабілі гэта праз праграму».
Вось у ЕС сёлета ўводзяць Закон аб лічбавых рынках (DMA). Гэты закон патрабуе ад дамінантных платформаў адкрыць API, каб трэція бакі маглі прапаноўваць сумяшчальныя сэрвісы.
Значыць, кааператыў, некамерцыйная арганізацыя, аматар, стартап або мясцовая ўстанова з часам змогуць прапанаваць, скажам, сервер сацыяльнай сеткі, які зможа злучацца з адным з дамінантных сацыяльных сіласаў. І карыстальнікі, якія пяройдуць на новую платформу, змогуць і далей абменьвацца паведамленнямі з тымі, на каго яны падпісаныя, і з групамі, у якіх яны ўдзельнічаюць, — так што выдаткі на пераход упадуць амаль да нуля.
Гэта вельмі класнае правіла, але яшчэ больш класна тое, як яго будуць выконваць. Папярэднія тэхналагічныя правілы ЕС былі «рэгламентамі» — як GDPR, Агульны рэгламент аб ахове даных. Рэгламенты ЕС трэба «транспанаваць» у законы кожнай з 27 краін — членаў ЕС, каб яны сталі нацыянальнымі законамі, якія выконваюцца праз нацыянальныя суды.
Для Вялікіх тэхналогій гэта азначае, што ўсе папярэднія тэхналагічныя рэгламенты выконваюцца ў Ірландыі, бо Ірландыя — падатковы рай, і ўсе тэхналагічныя кампаніі ходзяць пад ірландскім зручным сцягам.
Справа ў тым, што кожны падатковы рай — гэта яшчэ і рай для злачынцаў. Бо калі Google можа на гэтым тыдні прыкідвацца ірландскім, то на наступным ён можа прыкінуцца кіпрскім, мальтыйскім ці люксембургскім-шмуксембургскім. Таму Ірландыя мусіць дагаджаць гэтым вандроўным злачынным прадпрыемствам, бо інакш тыя збяруць манаткі і пераедуць кудысьці яшчэ.
Вось чаму GDPR на практыцы — такі пракляты жарт. Вялікія тэхналогіі падціраюцца GDPR, а адзіны шлях пакараць іх пачынаецца з ірландскага ўпаўнаважанага па ахове прыватнасці, які наўрад ці наогул устае з ложка. Гэта ведамства, якое большую частку часу ў піжаме глядзіць мультфільмы па тэлевізары і есць сняданкавыя шматкі. Таму ўсе буйныя справы паводле GDPR трапляюць у Ірландыю і там паміраюць.
Гэта зусім не сакрэт. Еўрапейская камісія ведае, што адбываецца. Таму з DMA Камісія ўсё змяніла: DMA — гэта «закон» (Act), а не «рэгламент», а значыць, ён выконваецца праз федэральныя суды ЕС, абыходзячы нацыянальныя суды ў такіх раях для злачынцаў, як Ірландыя.
Іншымі словамі, хітрыка «мы парушаем закон пра прыватнасць, але робім гэта праз праграму», якая праходзіла з бяззубым ірландскім вартавым прыватнасці, цяпер мёртвая літара, бо ў федэральных суддзяў ЕС няма ніякіх прычын глытаць гэтую відавочную брахню.
А тут, у ЗША, плаціна вакол федэральнага закона пра прыватнасць спажыўцоў прарываецца — нарэшце!
Памятайце, наш апошні закон пра прыватнасць быў прыняты ў 1988 годзе, каб абараніць святасць гісторыі пракату касет VHS. Даўнавата гэта было.
І справа ў тым, што шмат людзей злуюцца з-за рэчаў, якія так ці інакш звязаныя з паганючым становішчам з прыватнасцю ў Амерыцы. Баіцеся, што Facebook ператварыў дзядулю ў прыхільніка QAnon? Што Instagram давёў вашага падлетка да анарэксіі? Што TikTok прамывае мазгі міленіялам, каб тыя цытавалі Усаму бен Ладэна? Або што паліцыя ўстанаўлівае асобы ўсіх удзельнікаў пратэсту Black Lives Matter ці беспарадкаў 6 студзеня, атрымліваючы ад Google даныя пра месцазнаходжанне? Або што генеральныя пракуроры «чырвоных» штатаў адсочваюць дзяўчат-падлеткаў, якія ездзяць у абортныя клінікі ў іншых штатах? Або што чорных дыскрымінуюць анлайн-платформы крэдытавання ці найму? Або што нехта робіць з вамі ІІ-дыпфэйкавае порна?
Федэральны закон пра прыватнасць з прыватным правам на пазоў — гэта значыць, з правам асобных людзей падаваць у суд на кампаніі, якія парушаюць іх прыватнасць, — вельмі дапамог бы вырашыць усе гэтыя праблемы.
За такі закон пра прыватнасць выступае даволі вялікая кааліцыя! Таму мы і бачым, як праз Кангрэс адзін за адным праходзяць недасканалыя (але ўсё лепшыя і лепшыя) законапраекты пра прыватнасць.
Калі вы падпішацеся на рассылку EFF на eff.org, мы паведамім вам, калі яны будуць разглядацца, каб вы маглі патэлефанаваць свайму кангрэс-прыдурку ці сенатару і пагаварыць з імі пра гэта. А яшчэ лепш — запішыцеся на прыём і зайдзіце ў іх офіс, калі яны будуць у сваёй акрузе, і растлумачце, што вы не проста зарэгістраваны выбаршчык з іх акругі, а з таго элітнага тэхналагічнага люду, што ездзіць на Defcon, — а потым растлумачце ім законапраект. Такія рэчы маюць значэнне.
А што наконт самадапамогі? Як у нас справы з тым, каб зноў зрабіць сумяшчальнасць законнай — каб хакеры маглі проста паправіць што трэба, не чакаючы, пакуль нешта зробяць Кангрэс або федэральнае ведамства?
Уся дзея тут цяпер адбываецца ў барацьбе за права на рамонт на ўзроўні штатаў. Штаты прымаюць законы пра права на рамонт — як той, што сёлета прынялі ў Арэгоне. Ён забараняе «спалучэнне дэталяў», калі DRM не дазваляе прыладзе карыстацца новай дэталлю, пакуль упаўнаважаны тэхнік не ўвядзе код разблакавання.
Гэтыя законапраекты прасоўвае фантастычная група арганізацый пад назвай Repair Coalition на Repair.org. Яны напішуць вам, калі адзін з такіх законаў будзе праходзіць праз заканадаўчы сход вашага штата, — каб вы маглі сустрэцца са сваімі дэпутатамі штата і растлумачыць гэтаму дублюючаму складу тое ж самае, што расказвалі сваім федэральным прадстаўнікам.
Галоўны рухавік Repair.org — iFixit, сапраўдныя героі рамонтнай рэвалюцыі, і заснавальнік iFixit Кайл Вінс тут, на канферэнцыі. Калі ўбачыце яго, можаце паціснуць яму руку і сказаць дзякуй — а будзе яшчэ лепш, калі скажаце, што падпісаліся на абвесткі на repair.org!
А цяпер — апошні спосаб, якім мы можам павярнуць згаўняванне назад і пабудаваць той новы, добры інтэрнэт: вы, працоўная сіла тэхналагічнай галіны.
Гадамі вашы начальнікі падманам прымушалі вас думаць, што вы — будучыя заснавальнікі, часова збяднелыя прадпрымальнікі, якія толькі на нейкі момант атрымліваюць заробак.
Вядома ж, вы не былі работнікамі. Ваша ўлада зыходзіла з вашай унутранай дабрадзейнасці — не тое што ў тых лянівых нехлямяжаў у прафсаюзах, якім даводзіцца здабываць уладу праз усю гэтую лухту пра салідарнасць і кумбаю.
Гэта была хітрыка. Вас ашукалі. Ваша ўлада зыходзіла з дэфіцыту — і калі дэфіцыт скончыўся, калі галіна пачала штогод звальняць людзей сотнямі тысяч, ваша ўлада знікла разам з ім.
Адзіная трывалая крыніца ўлады для работнікаў тэхналагічнай галіны — быць работнікамі, у прафсаюзе.
Падумайце пра Amazon. Работнікі складаў мусяць пісаць у бутэлькі, і ў іх самы высокі ўзровень вытворчага калецтва сярод усіх канкурэнтаў. А праграмісты Amazon могуць прыходзіць на працу з пірсінгам на твары, зялёнымі іракезамі і ў чорных футболках з надпісамі, якіх іх начальнікі не разумеюць. Яны могуць хадзіць у туалет, калі захочуць!
Гэта не таму, што Джэф Безас ці Эндзі Джасі вас любяць. Гэта таму, што яны баяцца, што вы звольніцеся, і не ведаюць, кім вас замяніць.
Час для другой абавязковай цытаты з Уільяма Гібсана: «Будучыня ўжо тут — проста яна размеркаваная нераўнамерна». Ведаеце, хто жыве ў будучыні? Тыя «сінія каўнерыкі» Amazon. Яны на самым вастрыі.
Вадзіцелі, за чыімі вачыма сочаць ІІ-камеры, што праводзяць лічбавую фрэналогію іх твараў, каб вырашыць, ці не ўрэзаць ім заробак; работнікі складаў, чые целы руйнуюцца за лічаныя месяцы.
Па меры таго як тэхналагічныя босы нарошчваюць рэзервовую армію беспрацоўных кваліфікаваных тэхналагічных работнікаў, гэтыя работнікі — усе вы — апынуцца ў той жа будучыні, што і яны.
Слухайце, я ведаю, што вы ўсю кар’еру тлумачылі такімі простымі словамі, каб зразумеў нават ваш начальнік, што адмаўляецеся згаўняваць прадукты кампаніі, — і я дзякую вам за службу.
Але калі вы хочаце і далей змагацца за карыстальніка, вам патрэбная ўлада, больш трывалая за дэфіцыт. Вам патрэбны прафсаюз. Хочаце даведацца як? Пачытайце пра Tech Workers Coalition і Tech Solidarity — і арганізоўвайцеся.
Згаўняванне ўзнікла не таму, што змяніліся нашы начальнікі. Яны заўсёды былі такімі.
Яны заўсёды цягнулі той рычаг згаўнявання ў кабінетах топ-мэнэджменту.
Змянілася асяроддзе — усё тое, што не давала гэтаму рычагу зрушыцца.
І гэта добрая навіна — хай сабе і рыкашэтам, — бо значыць, мы можам рабіць добрыя сэрвісы з недасканалых людзей. Мяне, як вельмі недасканалага чалавека, гэта падбадзёрвае.
Новы, добры інтэрнэт — у нас пад рукой: інтэрнэт, у якім ёсць тэхналагічнае самавызначэнне старога, добрага інтэрнэту і прастата Web 2.0, дзе ўсё ідзе як па масле і дзякуючы якой усе нашы звычайныя сябры змаглі далучыцца да забавы.
Тэхналагічныя босы хочуць, каб вы думалі, што добры карыстальніцкі досвед і згаўняванне немагчыма раздзяліць. Гэта настолькі карыслівае сцвярджэнне, што яго відаць з арбіты. Мы гэта ведаем, бо мы пабудавалі стары, добры інтэрнэт і апошнія два дзесяцігоддзі вядзём ар’ергардныя баі, каб яго захаваць.
Пара перастаць абараняцца. Пара пераходзіць у наступ. Аднавіць канкурэнцыю, рэгуляванне, сумяшчальнасць і ўладу тэхналагічных работнікаў, каб мы маглі стварыць новы, добры інтэрнэт, які спатрэбіцца нам, каб змагацца з фашызмам, кліматычнай катастрофай і генацыдам.
Каб пабудаваць лічбавую нервовую сістэму для XXI стагоддзя, у якім нашы дзеці змогуць квітнець і жыць у дастатку.
Cory Doctorow, «Disenshittify or Die», Pluralistic, 17 жніўня 2024. Пераклад з англійскай паводле тэксту на pluralistic.net; спасылкі на крыніцы прапушчаныя. Арыгінал распаўсюджваецца паводле ліцэнзіі Creative Commons Attribution 4.0 (CC BY 4.0), пераклад — на тых жа ўмовах.



