Да зместу
Левы часопіс на беларускай мове
Праксіс

Гісторыя4 хвіліны чытання

Раскол у камуністаў

1925 год, Вільня. Антон Луцкевіч піша пра канфлікт беларускіх камуністаў з варшаўскім цэнтрам партыі: і маскоўская, і польская «вялікадзяржаўнасць» на словах прызнаюць права народаў на самавызначэнне, а на справе змагаюцца з беларускім нацыянальным адраджэннем.

Тэкст: Антон Луцкевіч

Падзяліцца:TelegramBlueskyXFacebook
Калаж: уверсе шапка віленскай газеты «Беларуская доля», расколатая вохрыстай касой паласой на дзве часткі са зрухам; пад ёй загаловак «Раскол у камуністаў» са скана; справа другая калонка артыкула на вохрыстым прамавугольніку з чорным ценем; унізе вялікае слова «Раскол», разрэзанае напалову і зрушанае; вохрысты круг злева, чорны клін і вохрысты штрых у правым ніжнім куце; подпісы «Антон Луцкевіч», «Вільня / 1925», «КПП / КПЗБ».
Шапка «Беларускай долі» і артыкул «Раскол у камуністаў», № 2, 14 студзеня 1925 · Калаж: Праксіс. Паводле скана Бібліятэкі Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы; грамадскі набытак

Антон Луцкевіч (1884–1942) — адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады і газеты «Наша Ніва», у 1918–1920 гадах старшыня Рады міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі. Пасля Рыжскага міру 1921 года, які падзяліў беларускія землі паміж Польшчай і савецкімі рэспублікамі, ён жыў у Вільні і быў адным з галоўных публіцыстаў беларускага руху ў Польшчы. Гэты перадавы артыкул без подпісу выйшаў у віленскай газеце «Беларуская доля» (№ 2, 14 студзеня 1925 года). Аўтарства Луцкевіча ўстанавіў гісторык Анатоль Сідарэвіч; тэкст перадрукаваны ў зборніку «Барацьба за вызваленне» (2009). Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ) была створаная ў 1923 годзе як аўтаномная частка Камуністычнай рабочай партыі Польшчы (з 1925 года — Камуністычная партыя Польшчы). Пра «раскол» аўтар ведае з «рэвеляцый» кансерватыўнай віленскай газеты «Słowo», якія «Беларуская доля» перадрукавала ў тым жа нумары; ці сапраўды КПЗБ «аддзялілася» ад варшаўскага цэнтра, з тэксту не вынікае, і абедзве партыі існавалі далей, пакуль Камінтэрн не распусціў іх у 1938 годзе. Самастойнасць савецкіх рэспублік, на якую яшчэ спадзяецца аўтар, неўзабаве была зведзена на нішто, а многія дзеячы КПЗБ, якія апынуліся ў СССР, загінулі ў сталінскіх рэпрэсіях. Ліга Народаў — так у тэксце названая Ліга Нацый; Германію ў яе прынялі толькі ў 1926 годзе, СССР — у 1934-м. «Радавы» — савецкі. «Wyzwolenie» — польская сялянская партыя (ПСЛ «Вызваленне»), П. П. С. — Польская сацыялістычная партыя; «асадніцтва» — засяленне Заходняй Беларусі польскімі вайсковымі і цывільнымі асаднікамі. Самога Луцкевіча арыштаваў НКУС у Вільні 30 верасня 1939 года; ён загінуў у савецкім зняволенні — паводле большасці крыніц, у 1942 годзе. Мы звярылі тэкст са сканам газеты і прывялі яго да сучаснага правапісу, захаваўшы словы аўтара («Расея», «радавы», «вялікадзяржаўнасць», «вялікадзяржаўнікі», «грамадзянства», «асадніцтва»), і выправілі відавочную друкарскую памылку: «пераможаныя» замест «пераможныя».


Нягледзячы на тое, што ў сучасных дзяржавах Еўропы, ды ўсяго свету наогул, незвычайна ярка расцвітае так званы нацыянальны эгаізм, або імкненне ўсіх і ўсё падпарадкаваць інтарэсам пануючай у дзяржаве нацыі, — сусветнае жыццё развіваецца ў кірунку рэзка процілеглым. Справа ў тым, што эканамічна-гаспадарчае развіццё народаў і дзяржаў рашуча вымагае не стаўлення між імі «кітайскай сцяны», не адгароджвання і падзелу, а супрацоўніцтва і аб’яднання дзеля супольнага здабывання магчымасці жыць і развівацца для ўсяго чалавецтва, для ўсіх народаў разам і кожнага асобна.

Ясна, што такое аб’яднанне, такое братняе супрацоўніцтва народаў свету магчыма толькі настолькі, наколькі запануе між народамі роўнасць і воля, наколькі не будзе сярод іх народаў пануючых і народаў-нявольнікаў. Але якраз з гэтым не могуць ніяк згадзіцца так званыя «дзяржаўныя народы», — значыць, тыя, што маюць «сваю» дзяржаву, у якой пануюць над «сваімі» меншасцямі. І вось, уступаючы патрабаванню жыцця, гэтыя дзяржаўныя народы стварылі свой саюз — Лігу Народаў, але толькі паняцце сапраўднага саюза ўсіх дзяржаўных і недзяржаўных народаў падмянілі паняццем саюза дзяржаў — і то выключаючы народы, пераможаныя ў сусветнай вайне, выключаючы і радавы саюз рэспублік народаў былой Расейскай імперыі.

Апошні ўяўляе спробу здзейсніць ідэю аб’яднання не дзяржаў, а менавіта народаў, якія завялі ў сябе радавы лад. Але і там ідзе й па сённяшні дзень барацьба паміж дзвюма ідэалогіямі: старой расейскай вялікадзяржаўнасці, якая імкнецца звесці да нуля самастойнасць нацыянальных рэспублік, і ідэалогіяй сапраўднай самастойнасці народаў, якія ўваходзяць у склад СССР.

Гэтая барацьба двух ідэйных кірункаў перакінулася з СССР і да камуністаў Польшчы, як аб гэтым сведчаць «рэвеляцыі» віленскага «Słowa», перадрукаваныя намі ў сённяшнім нумары. Толькі тут ідэя расейскай вялікадзяржаўнасці ператварылася ў ідэю польскай вялікадзяржаўнасці, якая і змагаецца з беларускай нацыянальнай ідэяй. Польскія камуністы, як і маскоўскія «вялікадзяржаўнікі», вельмі хораша дэкламуюць аб праве самавызначэння беларускага народа, абвяшчаюць права ажно на поўнае аддзяленне Заходняй Беларусі ад Польшчы, але адначасна вядуць выразна варожую палітычную лінію ў адносінах да нацыянальнага адраджэння беларускага народа, ведаючы вельмі добра, што не можа быць ніякай гутаркі аб нацыянальным самавызначэнні беларусаў, калі яны не будуць мець нацыянальнай свядомасці, абапёртай на моцных фундаментах нацыянальнай культуры.

Гэтая крывадушнасць, гэтае фальшаванне ідэі саюза народаў, перанятае польскімі камуністамі ад ярка буржуазнай Лігі Народаў, судзячы з заметак «Słowa», і выклікала раскол у Камуністычнай партыі Польшчы. Камуністычная партыя Заходняй Беларусі аддзялілася ад варшаўскага цэнтра і заявіла, што не прызнае польскай партыі сваім павадыром, рэзка пратэстуючы адначасна супраць нацыянальнай палітыкі Варшавы. І гэты голас нацыянальнага сумлення, які загаварыў у беларускіх камуністаў, гэты пратэст супраць вялікадзяржаўных імкненняў польскага камунізму з’яўляецца для апошняга шмат цяжэйшым прысудам, чым усе пратэсты беларускага незалежнага грамадзянства.

Трэба думаць, што цяпер для польскага камунізму дарога ў Заходнюю Беларусь будзе зачынена: нацыянальная свядомасць беларускага працоўнага народа настолькі вырасла, што з’яўляецца адной з галоўных падстаў усяго палітычнага жыцця Заходняй Беларусі, і — цераз яе пераскочыць нельга!

Што гэта так, найлепш паказвае гісторыя яшчэ так нядаўна магутных уплываў у Заходняй Беларусі польскай партыі «Wyzwolenie» і… поўнай іх ліквідацыі. Як вядома, у часе выбараў у Сойм і Сенат «Wyzwolenie» ішло ў беларускую вёску з беларускімі нацыянальнымі лозунгамі (родная школа, ліквідацыя польскага асадніцтва, тэрытарыяльная аўтаномія і т. п.) і гэтым пабіла ўсе канкураваўшыя з ёй польскія партыі, не выключаючы П. П. С. Але за два гады соймавай працы «Wyzwolenie», галасуючы за крэдыты на апалячванне Зах. Беларусі (польскія школы, польскае асадніцтва), выявіла сваё нацыянальна-польскае аблічча, — і цяпер усе старыя ўплывы гэтай партыі на беларускае сялянства счэзлі, як дым, развеяны ветрам.


[Антон Луцкевіч.] Раскол у камуністаў // Беларуская доля. Вільня, 1925. 14 студзеня. № 2. С. 1 — паводле скана газеты (Бібліятэка Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы). Тэкст прыведзены да сучаснага правапісу і знаходзіцца ў грамадскім набытку.

Падзяліцца:TelegramBlueskyXFacebook

Яшчэ ў рубрыцы «Гісторыя»

Гісторыя

Савецкае цэментаванне «адзінай і непадзельнай» Расеі

1934 год, Вільня. З Мінска даходзяць весткі пра арышты беларускіх дзеячаў, якія з Польшчы перабраліся ў БССР. Антон Луцкевіч піша: за новымі гмахамі савецкай сталіцы стаіць пагром беларускай інтэлігенцыі, а за змаганнем з «нацдэмамі» — вяртанне да старой палітыкі «адзінай і непадзельнай» Расеі.

Антон Луцкевіч ·

Гісторыя

Беларусы ў Францыі

1938 год, Вільня. Антон Луцкевіч піша пра беларускіх рабочых-эмігрантаў у Францыі. Іх парыжскія выданні пратэстуюць супраць таго, што Масква абвясціла «польскімі шпіёнамі» Браніслава Тарашкевіча і іншых правадыроў Грамады, якія пасля польскіх турмаў апынуліся ў Савецкай Беларусі.

Антон Луцкевіч ·

Гісторыя

Люд ці народ?

1935 год, Вільня. Антон Луцкевіч спрачаецца з беларускімі хрысціянскімі дэмакратамі: беларусы ўжо не «люд», якому патрэбныя казачкі, а народ, які хоча «людзьмі звацца» — і мае права на поўнавартасную культуру. Але свой аргумент ён будуе на расісцкім супрацьпастаўленні, тыповым для свайго часу.

Антон Луцкевіч ·