Антон Луцкевіч (1884–1942) — адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады і газеты «Наша Ніва», у 1918–1920 гадах старшыня Рады міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1930-я гады ён жыў у Вільні, якая тады належала Польшчы, займаўся гісторыяй і публіцыстыкай і быў цесна звязаны з Беларускім музеем імя Івана Луцкевіча і Беларускім навуковым таварыствам. Гэты артыкул ён напісаў па-польску для віленскага тыднёвіка «Przegląd Wileński» Людвіка Абрамовіча — выдання «краёўцаў», якія бачылі былое Вялікае Княства Літоўскае супольным краем літоўцаў, беларусаў, палякаў і габрэяў. Тэкст выйшаў у дыскусійнай рубрыцы «Wolna Trybuna» («Вольная трыбуна») у № 13–14 ад 29 ліпеня 1935 года пад крыптанімам «H. B.», які Нацыянальная бібліятэка Беларусі адносіць да Луцкевіча. Апанент — Беларуская хрысціянская дэмакратыя (хадэцыя), каталіцкая партыя Заходняй Беларусі на чале з ксяндзом Адамам Станкевічам, і яе газета «Беларуская крыніца». Нагодай стаў перадавы артыкул «Крыніцы» ад 10 ліпеня 1935 года «Вызвольныя імкненні неграў». Самога гэтага нумара мы не бачылі. Праз два тыдні ў № 15–16 «Przegląd Wileński» надрукаваў адказ, падпісаны «M. B.», — «Niesłuszne zarzuty» («Несправядлівыя закіды»). Паводле яго, перадавіца апісвала змаганне чарнаскурых народаў за вызваленне з-пад улады белых і жадала поспеху «чорным братам», а «кожны сумленны не толькі хрысціянін, але і гуманіст зрабіў бы гэтак жа». Адказ абараняў выдавецкую працу хадэцыі, папракаў Беларускае навуковае таварыства, што яно амаль нічога не выдае, і кпіў з «былых кіраўнікоў руху», якія спрабавалі спалучыць беларускасць з польскасцю. Наконт слова «паўдзікія», якое Луцкевіч прыпісвае «Крыніцы», адказ нічога не кажа, і праверыць гэта мы не змаглі. Сам Луцкевіч будуе аргумент на расісцкай іерархіі народаў, звычайнай для еўрапейскай публіцыстыкі таго часу: параўнанне з чарнаскурымі ён лічыць для беларусаў абразай. Мы друкуем тэкст цалкам і са словамі таго часу, бо ён паказвае і сілу, і сляпую пляму беларускай нацыянальнай думкі 1930-х. Пра ўніверсітэты, акадэмію навук і «крыніцы мастацкай творчасці» «за кордонам» гаворка ідзе пра Савецкую Беларусь, пра абвяшчэнне незалежнасці — пра акт 25 сакавіка 1918 года. Але да 1935 года ў БССР ужо прайшлі справа «Саюза вызвалення Беларусі» (1930) і масавыя арышты беларускай інтэлігенцыі, а ў 1937–1938 гадах многія беларускія пісьменнікі і навукоўцы былі расстраляныя. Самога Луцкевіча арыштаваў НКУС у Вільні 30 верасня 1939 года; ён загінуў у савецкім зняволенні — паводле большасці крыніц, у 1942 годзе. Пераклад з польскай. Польскае «lud» (люд, простыя людзі як маса) мы перадаём словам «люд», «ludowy» — «простанародны», «naród» — «народ». Заўвагі аўтара пазначаныя зорачкамі, нашы — [квадратнымі дужкамі]. Выраз «людзьмі звацца» — з верша Янкі Купалы «А хто там ідзе?».
Калі б каго-небудзь з нацыянальна свядомых беларусаў спыталі: беларусы — гэта люд ці народ? — ён напэўна абурыўся б: як можна задаваць падобнае пытанне!
Сапраўды, сёння ўжо не можа быць двух думак пра тое, чым ёсць беларусы. Яны — народ у шырокім сэнсе гэтага слова.
І ўсё ж знайшоўся беларускі орган, які палічыў магчымым ставіць беларусаў побач з… неграмі!*
Што гэта — недадуманасць? Проста lapsus linguae [агаворка — заўв. рэд.]?
Не. Гэта вынік асаблівага разумення беларускай справы. Гэта праява дзейнасці той часткі беларускага грамадства, якую прадстаўляе гэтая газета. Бо дзейнасць беларускай хадэцыі [хрысціянскай дэмакратыі — заўв. рэд.] на практыцы нібы імкнецца звузіць пытанне нацыянальнае да пытання простанароднага.
Пашырэнне лозунгаў незалежнасці ў палітыцы становішча не ратуе. Дзяржаўная незалежнасць — гэта вынік, гэта неабходная форма існавання народа, які ў сваім культурным развіцці і нацыянальнай свядомасці перарастае цесныя рамкі, навязаныя яму чужой дзяржаўнасцю.
Хадэцыя, апроч сваёй працы, скіраванай пераважна на абуджэнне нацыянальнай свядомасці, да такога перарастання нацыянальнай культуры спрычынілася, аднак, мізэрна. Яе дзейнасць зводзіцца да так званай «простанароднай» работы.
У культурна-асветнай галіне — даваць люду веды ў найпапулярнейшай форме, як дзецям. У літаратурнай творчасці — лічыць «добрыя намеры» дастатковымі, каб замяніць талент, замяніць прыгажосць. У музычнай адукацыі — абмежавацца вельмі сціплым спеўнікам, вяртаць люду яго ж уласную творчасць. Духоўнае жыццё звузіць да спраў канфесійных… І гэта — усё. Культура ў мініяцюры!
Для люду, які яшчэ не мае шырокіх нацыянальных памкненняў, гэтага, можа, пакуль і хапіла б. Так было гадоў 25 таму. Але для народа, які мае свае ўніверсітэты, акадэмію навук, развітую літаратурна-мастацкую творчасць, а ў галіне палітыкі абвясціў незалежнасць сваёй бацькаўшчыны, — гэтага рашуча замала! Праўда, з гэтых устаноў, з гэтых крыніц мастацкай творчасці, што б’юць на Усходзе — за кордонам, Заходняя Беларусь карыстацца не можа. Але гэта не значыць, што тэмп развіцця нацыянальнай культуры тут, на Захадзе, мусіць быць такі… слімачы!
Хто хоць бы апошнія гадоў пятнаццаць сочыць за развіццём беларускага руху ў Польшчы, мусіць бесстаронна прызнаць, што беларус мае шырокія памкненні — не простанародныя, а нацыянальныя. Ён не хоча быць людам — хоча быць народам, паводле прыгожага выразу Янкі Купалы: «людзьмі звацца». Хоча стаць на ўзровень культурных народаў свету. Адсюль — імкненне стварыць уласную інтэлігенцыю, імкненне вучыць дзяцей у гімназіях і ўніверсітэтах, хоць гэта патрабуе незвычайных высілкаў. Адсюль — змаганне за агульную школу на роднай мове, нягледзячы на «перасцярогі», што навучанне дзяцей па-беларуску не дае тых выгод, якія дае навучанне па-польску. Адсюль — ахвярнасць беларускага селяніна, які з апошніх, потам заробленых грошай будуе дамы для гімназіі (Будслаў) або для беларускай бурсы (Навагрудак), возіць будаўнічы матэрыял, ахвярна працуе на выраўноўванні пляцоўкі і г. д. Гэта ўжо не ўтылітарызм будаўніцтва — гэта нацыянальная ідэйнасць!
Аўтар гэтага артыкула быў неяк прысутны, калі Беларускі музей у Вільні аглядала група беларускіх сялян. Яны прыйшлі ў Вільню з нейкай пілігрымкай. З якім пачуццём сваёй чалавечай і нацыянальнай годнасці казалі яны, гледзячы на сабраныя тут памяткі: «Усё гэта — наша!» Гэта ўжо не дзеці, якім патрэбныя дзіцячыя казачкі. Гэта людзі, якія ведаюць, хто яны і чаго хочуць.
Пакідаючы ўбаку хадэцыю і яе дзейнасць, трэба адзначыць памылку, якую робяць усялякія «простанародныя» газецікі. Да дарослых людзей яны звяртаюцца як да дзяцей. У беларускім руху газета «Наша Ніва» адыграла выбітную ролю якраз таму, што не пайшла пратоптанай дарогай і загаварыла з беларускімі сялянамі як з дарослымі людзьмі, а не з дзецьмі. У гэтым — сакрэт поспеху «Нашай Нівы». Адзначала гэта ў свой час як польская, так і расейская народная прэса, паказваючы на «Нашу Ніву» як на ўзор для пераймання. І калі гэта было чвэрць стагоддзя таму, то як жа з тых часоў мусіў вырасці духоўна беларус у часы вялікіх палітычных падзей — вайны, рэвалюцыі, будавання новых дзяржаў, змагання за сваё «месца пад сонцам»?! Гэты рост выявіўся і на Усходзе, і на Захадзе ў роўнай меры, хоць і ў розных формах. Але і тут, і там ён выявіўся ў чыне.
І сёння беларус, які ўжо перарос «простанароднасць», патрабуе паўнавартаснай духоўнай стравы, а не яе сурагату. І сёння ставіць нацыянальныя памкненні беларусаў побач з расавымі памкненнямі паўдзікіх** негроў — гэта кідкая памылка, такая характэрная для псіхікі прыхільнікаў ужо сёння анахранічнай «простанароднай» ідэалогіі, узорам для якой было расейскае «народніцтва».
* «Беларуская крыніца», 10 ліпеня 1935 г., № 28, перадавы артыкул.
** Так іх акурат і называе «Бел. Крыніца». [Праверыць гэта мы не змаглі, гл. уводзіны. — Рэд.]
H. B. [Антон Луцкевіч]. Lud czy naród? // Przegląd Wileński. Wilno, 1935. 29 lipca. Nr 13–14. S. 4–5 (rubryka «Wolna Trybuna») — паводле скана нумара ў Polona (Нацыянальная бібліятэка Польшчы). Пераклад з польскай — Праксіс; арыгінал знаходзіцца ў грамадскім набытку.



