Да зместу
Левы часопіс на беларускай мове
Праксіс

Культура10 хвілін чытання0 праглядаў

Ні знаёмы чорт, ні незнаёмы

2024 год. Коры Доктараў тлумачыць, чаму музыкі амаль нічога не атрымліваюць ад Spotify, хоць лэйблы зарабляюць на ім мільярды, — і чаму работнікам культуры ад штучнага інтэлекту абароняць не больш строгі капірайт і не пазовы іх начальнікаў, а прафсаюзы і страйкі.

Тэкст: Коры Доктараў

Калаж: фота джаз-бэнда 1920-х гадоў у фіялетавым дуатоне — музыкі на сцэне, перад імі двое мужчын у касцюмах; побач тры вялікія чорныя кружэлкі і маленькая фіялетавая кропка з подпісам «доля музыкі», ніжэй надпіс «Тройка».
Джаз-бэнд у гатэлі «Вентварт», Сідні, 1920-я · Калаж: Праксіс. Фота: Сэм Худ, Дзяржаўная бібліятэка Новага Паўднёвага Уэльса, без вядомых абмежаванняў

Коры Доктараў вядзе блог Pluralistic, дзе амаль штодня піша пра тое, як буйныя кампаніі падпарадкоўваюць сабе інтэрнэт, рынкі і творчую працу. Гэтае эсэ выйшла 21 чэрвеня 2024 года і працягвае думкі яго з Рэбекай Гіблін кнігі «Chokepoint Capitalism». Рэаліі — тагачасныя: «мінулым летам» — гэта страйкі сцэнарыстаў і акцёраў Галівуда ў 2023 годзе, а Ліна Хан узначальвала Федэральную гандлёвую камісію ЗША да студзеня 2025 года. Спасылкі на крыніцы, якія ў арыгінале ідуць асобнымі радкамі, мы прапусцілі — іх можна знайсці ў арыгінале.


Адносіны Spotify з артыстамі могуць падацца трохі заблытанымі. З аднаго боку, сэрвіс плаціць смехатворна мала за адно праслухоўванне — гамеапатычныя рэшткі цэнта. З другога боку, Вялікая тройка лэйблаў атрымлівае ад Spotify цэлыя багацці. А з трэцяга боку, лагічна, што стаўка за трэк, які чуе адзін чалавек, павінна быць ніжэйшай за стаўку за песню, якую радыё перадае тысячам ці мільёнам слухачоў.

Але ўсё становіцца зразумелым, калі ведаеш карпаратыўную гісторыю Spotify. Гэтаму прысвечаны цэлы раздзел нашай з Рэбекай Гіблін кнігі «Chokepoint Capitalism» (2022); мы нават зрабілі яго аўдыяверсію «эксклюзівам Spotify» (гэта адзіная частка аўдыякнігі, якую можна паслухаць на Spotify, а як жа).

У адрозненне ад сваіх папярэднікаў у інтэрнэт-музыцы накшталт Napster, Spotify здабываў у лэйблаў ліцэнзіі на музыку, якую прапаноўваў. Гэта дало лэйблам вельмі шмат улады над Spotify — але не ўсім лэйблам, а толькі тром. Universal, Warner і Sony, Вялікая тройка, кантралююць больш за 70% усіх музычных запісаў і больш за 60% усіх музычных твораў. Гэтыя тры кампаніі надзвычай цесна пераплеценыя. Іх кіраўнікі ўвесь час пераходзяць з адной у другую, і яны рэгулярна перадаюць адна адной ліцэнзіі на сэмплы і іншыя правы.

Вялікая тройка заявіла Spotify, што ліцэнзія на іх каталогі абыдзецца дорага. Перш за ўсё Spotify мусіў аддаць усім тром лэйблам значныя долі ва ўласнасці. Гэта паставіла лэйблы ў становішча невырашальнага канфлікту інтарэсаў: як уладальнікам Spotify ім было выгадна, каб ліцэнзійныя выплаты за музыку былі як мага ніжэйшымі. Але як лэйблам, што прадстаўляюць работнікаў культуры — музыкаў, — ім было выгадна, каб гэтыя выплаты былі як мага вышэйшымі.

Як высветлілася, вырашыць гэты канфлікт было зусім не цяжка. Справа ў тым, што грошы, якія Вялікая тройка атрымлівала ў выглядзе дывідэндаў, ад продажу акцый і гэтак далей, яна магла траціць як заўгодна. Яна магла падзяліцца з музыкамі часткай гэтых грошай, усімі або нічым. А вось кантракты Вялікай тройкі з музыкамі гарантавалі гэтым работнікам долю ліцэнзійных выплат Spotify.

Таму Вялікая тройка і запатрабавала тых мізэрных ставак за праслухоўванне, якімі Spotify праславіўся. Так, гэта праўда, што плата за праслухоўванне адным слухачом павінна быць ніжэйшай за плату за адзін эфір на радыё (які даходзіць да тысяч ці мільёнаў слухачоў), але нават з улікам гэтага арыфметыка не сыходзіцца. Памножце стаўку за праслухоўванне на колькасць слухачоў, скажам, звычайнай трансляцыі спадарожнікавага радыё — і стане відавочна, што Spotify атрымлівае велізарную зніжку ў параўнанні з іншымі сэрвісамі, якія на старце не зрабілі Вялікую тройку сваімі сааўладальнікамі.

Але нешта ўсё яшчэ не так: Вялікая тройка атрымлівае ад Spotify велізарныя сумы ліцэнзійных выплат. Як стаўка за праслухоўванне можа быць такой нізкай, а ліцэнзійныя выплаты — такімі вялікімі? І чаму артысты бачаць так мала?

Зноў жа, гэта няцяжка зразумець, калі ўбачыць, як уладкаваная дамова Spotify з Вялікай тройкай. Кожнаму з трох лэйблаў гарантаваная штомесячная мінімальная выплата незалежна ад таго, колькі разоў за месяц на Spotify слухалі яго каталог. Скажам, Sony гарантавана 30 мільёнаў долараў у месяц ад Spotify, але звышнізкая стаўка за праслухоўванне, на якой настаяла сама Sony, азначае, што ўсе праслухоўванні Sony за звычайны месяц даюць 10 мільёнаў. Значыць, Sony ўсё роўна атрымлівае ад Spotify 30 мільёнаў, але толькі 10 з іх «прыпісваюцца» канкрэтнаму выканаўцу, які можа на іх прэтэндаваць. Астатнімі грашыма Sony распараджаецца як хоча: можа размеркаваць іх паміж усімі сваімі артыстамі, паміж некаторымі або ні паміж кім. Можа выдаткаваць іх на «развіццё артыстаў» (што можа азначаць раскошныя паездкі топ-менеджараў на вялікія музычныя фестывалі). Гэта яе грошы. Чым ніжэйшая стаўка за праслухоўванне, тым большая частка мінімальнай штомесячнай выплаты не прыпісваецца нікому — а значыць, тым больш Sony можа пакласці сабе ў кішэню.

Але гэтыя штомесячныя мінімумы — толькі частка прысмакаў, якія Вялікая тройка выгандлявала сабе, калі праектавала Spotify. Яшчэ лэйблы атрымліваюць бясплатнае прасоўванне, рэкламу і месца ў галоўных плэйлістах Spotify. А лепш за ўсё (горш за ўсё!) тое, што Вялікая тройка мае статус «найбольшага спрыяння»: гэта значыць, што ўсе астатнія лэйблы — незалежныя, якія прадстаўляюць 30% музыкі па-за кантролем Вялікай тройкі, — мусяць праглынуць гэта і пагадзіцца на тую ж звышнізкую стаўку. Толькі незалежныя лэйблы не атрымліваюць мільярдаў у акцыях, не маюць гарантаваных штомесячных мінімумаў і мусяць плаціць за прасоўванне, рэкламу і трапленне ў папулярныя плэйлісты.

Калі разумееш, як Spotify уладкаваны як бізнес, усе супярэчнасці знікаюць. Адначасова праўда і тое, што Spotify плаціць вельмі нізкую стаўку за праслухоўванне, і тое, што ён штомесяц плаціць Вялікай тройцы гіганцкія сумы, і тое, што гэтая сістэма жахліва недаплачвае артыстам.

З гэтай маленькай афёры можна вынесці шмат урокаў, але для мяне галоўны такі: артысты — класавыя ворагі і Вялікіх тэхналогій, і Вялікага кантэнту. Войны вакол Napster патрабавалі ад артыстаў выбраць саюзніка — тэхналагічны сектар або індустрыю забаў — і прызначыць аднаго з іх сваім абаронцам.

Але работніку культуры ўсё роўна, хто ім паабедае, тэхналагічныя кампаніі ці кантэнт-індустрыя: важна толькі, што цябе ядуць.

Гэта падводзіць мяне да спрэчкі пра навучанне штучнага інтэлекту і капірайт. Шмат хто з работнікаў культуры небеспадстаўна злуецца і баіцца, што ІІ-кампаніі хочуць знішчыць творчыя працоўныя месцы. Тэхнічная дырэктарка OpenAI літаральна толькі што сказала гэта са сцэны: «Некаторыя творчыя прафесіі, магчыма, знікнуць, але, магчыма, іх і не павінна было быць».

Таму многія з гэтых работнікаў падтрымліваюць пазовы індустрыі забаў з-за навучання ІІ. У гэтых пазовах такія кампаніі, як New York Times і Getty Images, сцвярджаюць, што самі этапы навучання ІІ-мадэлі парушаюць капірайт. Зыходзячы з цяперашніх судовых прэцэдэнтаў, гэта не надта моцная тэорыя аўтарскага права, і калі пазовы выйграюць, яны звузяць «добрасумленнае выкарыстанне» (fair use) так, што гэта зачэпіць шмат карыснай для грамадства дзейнасці — напрыклад, збор старонак з інтэрнэту для Wayback Machine, архіва Internet Archive.

Але ж не разбіўшы яек, амлет не прыгатуеш, праўда? Для некаторых работнікаў культуры прававая нявызначанасць для камп’ютарных лінгвістаў, пошукавікаў і архіўных праектаў — невялікая цана, калі яна не дасць ІІ знішчыць іх заробак.

Праблема вось у чым: калі ўстанавіць, што для навучання ІІ патрэбная ліцэнзія ўладальніка аўтарскіх правоў, гэта не перашкодзіць выкарыстоўваць ІІ, каб зніжаць заробкі і пагаршаць умовы працы работнікаў культуры. Кампаніі, што судзяцца з-за навучання ІІ, самі вядомыя эксплуататары работнікаў культуры, разбуральнікі прафсаюзаў і крадзеі заробкаў. Яны не хочуць пазбавіцца генератыўнага ІІ — яны проста хочуць, каб ім плацілі за кантэнт, на якім яго ствараюць. Яны хочуць выкарыстоўваць генератыўны ІІ дзеля таго ж, што і тэхнічная дырэктарка OpenAI: каб пазбавіцца творчых працоўных месцаў і менш плаціць за творчую працу.

Калаж: натоўп акцёраў у саламяных капелюшах на 45-й вуліцы ў Нью-Ёрку ў фіялетавым дуатоне, чорны квадрат, фіялетавы клін і надпіс «Страйк».
Страйк акцёраў Actors’ Equity, 45-я вуліца, Нью-Ёрк, жнівень 1919 · Калаж: Праксіс. Фота: Bain News Service, Бібліятэка Кангрэса ЗША, грамадскі набытак

Гэта не гіпотэза. Памятаеце страйк акцёраў мінулым летам? Камянём спатыкнення стала тое, што студыі хацелі адзін раз заплаціць акцёрам за сканаванне іх целаў і твараў, а потым выкарыстоўваць гэтыя сканы замест таго, каб наймаць акцёраў, — назаўсёды і больш ніколі ім не плацячы. Ці мае для акцёра значэнне, ці зрабіла ІІ, які заменіць яго ў Warner, Sony, Universal, Disney або Paramount (так, тры з Вялікай пяцёркі студый — гэта адначасова Вялікая тройка лэйблаў!), кампанія OpenAI, не заплаціўшы студыям за матэрыялы для навучання, ці OpenAI заплаціла ліцэнзійны збор, які студыі пакінулі сабе?

І так ва ўсім. Вялікая пяцёрка выдавецтваў катэгарычна адмаўляецца ўключаць у кантракты абяцанне не навучаць вялікія моўныя мадэлі на кнігах, якія яны набываюць у пісьменнікаў. Гульнявыя студыі патрабуюць ад усіх акцёраў агучвання пачынаць кожную сесію запісу з таго, каб пад запіс перадаць правы на навучанне на гэтым матэрыяле.

А цяпер, цалкам прадказальна, Universal — найбуйнейшая музычная кампанія ў свеце — абвясціла, што пачне навучаць галасавыя клоны на музыцы са свайго каталога.

Гэта адбылося па гарачых слядах вялікага скандалу паміж Universal і TikTok, у якім Universal абуралася, што TikTok збіраўся навучаць галасавыя клоны на музыцы, ліцэнзію на якую Universal яму дала. Іншымі словамі, прэтэнзіі Universal на капірайт у справе навучання ІІ зводзяцца вось да чаго: «Калі ўжо хтосьці будзе зарабляць на збядненні музыкаў, дык гэта будзем мы, а не TikTok».

Я разумею, чаму Universal падабаецца гэтая ідэя. Я толькі не разумею, чаму хоць адзін музыка павінен заўзець за перамогу Universal над TikTok або Getty Images над Stable Diffusion. Вы сапраўды думаеце, што Getty Images любіць плаціць фатографам і хоча даць ім хоць на цэнт больш, чым абсалютна неабходна?

Як мы даведаліся з авангарднага анімацыйнага дакументальнага фільма пра сельскую гаспадарку «Ферма жывёл» Джорджа Оруэла, праблема не ў тым, хто трымае бізун, праблема ў самім бізуне:

Звяры звонку пераводзілі позірк са свінні на чалавека, з чалавека на свінню і зноў са свінні на чалавека; але ўжо немагчыма было сказаць, хто з іх хто.

Кіраўнікі індустрыі забаў і кіраўнікі тэхналагічных кампаній аднолькава апантаныя ІІ, бо бачаць будучыню «кантэнту» прынцыпова пасіўнай. Раян Бродэрык сказаў пра гэта лепш, чым змагу я:

Пры пэўным памеры аўдыторыі ты проста лічыш, што гэтыя людзі нікуды не дзенуцца і спажываюць усё, што ты ім падкінеш. Тады ўсё ператвараецца ў гульню: зніжаць выдаткі на вытворчасць і падымаць цэны, каб павялічыць маржу. Вось чаму кіраўнікі любяць ІІ і вось чаму звычайны амерыканец больш не можа дазволіць сабе паесці ў McDonald’s.

Вось практычнае правіла для прапаноў у тэхналагічнай палітыцы. Кожны раз, калі вы, работнік, ловіце сябе на тым, што падтрымліваеце тую ж палітыку, што і ваш начальнік, варта праверыць, ці на правільным вы баку гісторыі. Тое, што босы творчых індустрый так апантана хочуць, каб капірайт ахопліваў больш відаў твораў, забараняў больш дзеянняў, доўжыўся даўжэй і абяцаў большыя кампенсацыі, павінна прымусіць работнікаў культуры паглядзець на гэтыя прапановы з падазрэннем.

Пасля 40 гадоў пашырэння капірайту ў нас ёсць творчая індустрыя, большая і прыбытковейшая, чым калі-небудзь, — і пры гэтым доля даходаў, што дастаецца работнікам культуры, увесь гэты час няўхільна змяншалася. Кожны год доля творчых даходаў, на якую могуць прэтэндаваць работнікі культуры, скарачаецца — і прапарцыйна, і ў рэальным выражэнні.

Як і з выплатамі Spotify, ніякай загадкі тут няма. Трэба проста разумець: калі творцы вымушаныя гандлявацца з маленькім магутным картэлем кіна-, тэле-, музычных, выдавецкіх, стрымінгавых, гульнявых ці праграмных кампаній, няма розніцы, колькі ў іх капірайту для гэтага гандлю. Даць работніку культуры больш капірайту — усё роўна што даць школьніку, у якога хуліганы адбіраюць грошы на абед, больш грошай на абед. Няма такой сумы, якая задаволіць хуліганаў і пакіне дзіцяці на абед. Яны проста забяруць усё.

Калі работнікам культуры кажуць, што яны могуць спыніць падзенне сваіх заробкаў з дапамогай большага капірайту, гэта азначае адмаўляць, што работнікі культуры наогул работнікі. Да нас ставяцца як да прадпрымальніцкага малога бізнесу, як да ТАА з магістарскімі дыпламамі мастацтваў, якія вядуць перамовы з іншымі кампаніямі. Так мы і прайграем.

З другога боку, калі мы будзем вырашаць праблемы ІІ і працы як работнікі і настойваць на працоўных правах — як зрабіла Гільдыя сцэнарыстаў, калі страйкавала мінулым летам, — мы станем саюзнікамі ўсіх астатніх работнікаў, чые заробкі і ўмовы працы атакуюць з дапамогай ІІ.

Наш шлях да лепшых умоў працы ляжыць праз арганізацыю і страйкі, а не праз дапамогу нашым босам судзіцца з іншымі гіганцкімі транснацыянальнымі карпарацыямі за права выціскаць з нас апошнюю кроплю крыві.

Бюро па аўтарскім праве ЗША неаднаразова заяўляла, што на творы, створаныя ІІ, капірайт не распаўсюджваецца, — а значыць, усё, што згенераваў ІІ, можна свабодна капіраваць і распаўсюджваць, і кампаніі, якія гэта робяць, не могуць гэтаму перашкодзіць. Гэта выдатная навіна, бо адзінае, што нашы босы ненавідзяць больш, чым плаціць нам, — гэта немагчымасць перашкодзіць іншым капіраваць тое, што мы для іх робім. Мы павінны крычаць пра гэта з дахаў, а не патрабаваць больш капірайту для ІІ.

І яшчэ: старшыня Федэральнай гандлёвай камісіі ЗША (FTC) Ліна Хан нядаўна сказала перад аўдыторыяй, што думае выкарыстаць свае паўнамоцтвы паводле Раздзела 5 (рэгуляванне «несумленных і ашуканскіх» практык), каб узяцца за навучанне ІІ.

Хан ужо выкарыстоўвала гэтыя паўнамоцтвы, каб абараніць працоўныя правы, — напрыклад, калі забараніла пагадненні аб неканкурэнцыі.

Работнікам культуры варта аб’яднацца з іншымі абаронцамі працоўных правоў і прапанаваць FTC спосабы прадухіліць любую эксплуатацыю працы з дапамогай ІІ — напрыклад, схему «адваротнага кентаўра», у якой чалавек служыць для ІІ целам і працуе на шалёнай хуткасці, пакуль не будзе зламаны псіхічна і фізічна.

Як работнікі, што стаяць побач з іншымі работнікамі, мы можам патрабаваць таго, што дапамагае нам, — нават (асабліва) калі гэта азначае менш для нашых босаў. А калі мы абмяжуемся тым, каб падыгрываць нашым босам, нам застануцца толькі тыя крошкі, якія яны захочуць кінуць нам пад ногі.


Cory Doctorow, «Neither the devil you know nor the devil you don’t», Pluralistic, 21 чэрвеня 2024. Пераклад з англійскай паводле тэксту на pluralistic.net; спасылкі на крыніцы прапушчаныя. Арыгінал распаўсюджваецца паводле ліцэнзіі Creative Commons Attribution 4.0 (CC BY 4.0), пераклад — на тых жа ўмовах.

Яшчэ ў рубрыцы «Культура»

Культура

Як працоўныя правы выратавалі Ultima ад манапаліста

2026 год. Рычард Гэрыят праз 35 гадоў вярнуў сабе правы на серыю гульняў Ultima, і Коры Доктараў тлумачыць, чаму гэта стала магчымым: работнікаў культуры абараняе не капірайт як «уласнасць», якую босы ўсё роўна забяруць, а працоўныя правы — такія як права скасаваць перадачу правоў.

Коры Доктараў ·