Да зместу
Левы часопіс на беларускай мове
Праксіс

Гісторыя4 хвіліны чытання

Міхайла Грушэўскі: да яго 50-летняга юбілею

1917 год, Вільня пад нямецкай акупацыяй. Антон Луцкевіч віншуе з 50-годдзем украінскага гісторыка Міхайлу Грушэўскага, якога царскія ўлады трымаюць у ссылцы, і нагадвае, што Грушэўскі даваў у сваім часопісе месца беларускаму руху. У сакавіку Грушэўскі ўзначаліць Украінскую Цэнтральную раду.

Тэкст: Антон Луцкевіч

Падзяліцца:TelegramBlueskyXFacebook
Калаж: уверсе вялікая шапка газеты «Homan» з нумара за 1 студзеня 1917 года; злева фотапартрэт Міхайлы Грушэўскага ў пенснэ і з доўгай барадой у вохрыстым дуатоне на чорнай плоскасці і вохрыстым крузе; пасярэдзіне вертыкальны надпіс «Братні»; справа першая калонка артыкула лацінкай «Michajło Hruszewskij. (Da jaho 50-letniaho jubileju)»; вохрысты клін унізе, подпісы «Антон Луцкевіч» і «Вільня / 1917».
Шапка «Гомана» і пачатак артыкула, № 1 (93), 1 студзеня 1917; Міхайла Грушэўскі, Львоў, 1904 · Калаж: Праксіс. Фота: Эдвард Тшэмескі; «Гоман» — паводле скана Бібліятэкі Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы; грамадскі набытак

Антон Луцкевіч (1884–1942) — адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады і газеты «Наша Ніва», у 1918–1920 гадах старшыня Рады міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі, гісторык і публіцыст. У 1916–1918 гадах ён быў адным з галоўных аўтараў віленскай газеты «Гоман», якую заснаваў разам з братам Іванам і Вацлавам Ластоўскім: газета выходзіла два разы на тыдзень у занятай нямецкімі войскамі Вільні — лацінкай, а з восені 1916 года і кірыліцай. Гэтая нататка надрукаваная ў першым нумары за 1917 год (№ 1 (93), 1 студзеня) пад крыптанімам «А. Н.» — Антон Навіна, адзін з псеўданімаў Луцкевіча. Яе герой Міхайла Грушэўскі (1866–1934) — украінскі гісторык, аўтар шматтомнай «Гісторыі Украіны-Русі», з 1894 года прафесар Львоўскага ўніверсітэта ў аўстрыйскай Галіцыі, у 1897–1913 гадах старшыня Навуковага таварыства імя Шаўчэнкі. Восенню 1914 года, вярнуўшыся ў Кіеў, ён быў арыштаваны як «аўстрафіл» і высланы ў Сімбірск, потым у Казань, а ў 1916 годзе яму дазволілі жыць у Маскве пад наглядам паліцыі. У сакавіку 1917 года, пасля Лютаўскай рэвалюцыі, Грушэўскага абралі старшынёй Украінскай Цэнтральнай рады, якая ў студзені 1918 года абвясціла незалежнасць Украінскай Народнай Рэспублікі. Пасля эміграцыі ён у 1924 годзе вярнуўся ў Савецкую Украіну; у 1931 годзе АДПУ арыштавала яго па справе так званага «Украінскага нацыянальнага цэнтра», і апошнія гады ён мусіў жыць пад наглядам у Маскве. Памёр у 1934 годзе ў Кіславодску. Самога Луцкевіча арыштаваў НКУС у Вільні 30 верасня 1939 года; ён загінуў у савецкім зняволенні — паводле большасці крыніц, у 1942 годзе ў Саратаўскай вобласці. Сёння, калі беларускія незалежныя выданні зноў выходзяць пераважна за межамі краіны, радок пра ўкраінскія часопісы, якія маглі выходзіць толькі «за межамі Расеі», гучыць зусім не гістарычна. У тэксце: «маскалі» — расейскія ўлады; «спасобіўся на прафесара» — падрыхтаваўся да прафесуры; «Хмяльнічына» — паўстанне Багдана Хмяльніцкага 1648 года і яго час; «Гасударственная рада» — Дзяржаўная рада, верхняя палата расійскага парламента; «Літературно-науковий вістник» — часопіс, які Грушэўскі выдаваў у Львове, а потым у Кіеве. Арыгінал надрукаваны лацінкай; мы перадалі яго кірыліцай і прывялі да сучаснага правапісу, захаваўшы словы і формы аўтара: «грамадзянства», «гадаўшчына ўрадзін», «стацці», «каторы», «Расея», «жычэнні».


У мінулым месяцы снежні ўкраінскае грамадзянства спраўляла 50-летнюю гадаўшчыну ўрадзін вядомага грамадскага працаўніка і вучонага, прафесара Міхайлы Грушэўскага. Абшырныя стацці аб ім памясцілі ўсе ўкраінскія часопісы, якія выходзяць за межамі Расеі (у самой Расеі ўкраінскія газеты ўсе пазакрываны правіцельствам), — хоць сам юбіляр знаходзіцца ў Маскве, куды яму нядаўна пазволілі прыехаць са ссылкі ў Сімбірск і Казань.

Радзіўшыся ў межах расейскай дзяржавы, Міхайла Грушэўскі скончыў тут гімназію і ўніверсітэт і тут жа спасобіўся на прафесара, працуючы спецыяльна над гісторыяй сваёй бацькаўшчыны Украіны. Здабыўшы вучоны тытул, яго запрасілі на кафедру ўкраінскай гісторыі ў Львове. Тут ён адразу стаў наперадзе ўкраінскага літаратурнага руху, сам многа пісаў ва ўкраінскіх часопісах, чытаў публічныя лекцыі аб пытаннях, звязаных з украінскім адраджэннем, урэшце, уступіўшы ў нядаўна наладжанае «Навуковае таварыства імя Шаўчэнкі», стаўся душой гэтага таварыства, а ад 1897 году і фармальнай галавой яго. Яго працай «Навуковае таварыства імя Шаўчэнкі» дайшло такой вагі, якую ў іншых народаў маюць акадэміі навук.

Нягледзячы на гэткую разнародную работу, праф. Грушэўскі пачаў пісаць сваю манументальную працу — абшырную «Гісторыю Украіны». Першы том яе выйшаў у 1894 г. [у 1898 г. — заўв. рэд.], а дагэтуль усяго выпушчаны ў свет 7½ вялікіх тамоў, і аўтар дайшоў яшчэ толькі да Хмяльнічыны.

Паводле думкі пр. Грушэўскага, у 1898 г. пачаў выходзіць вельмі сур’ёзны літаратурна-грамадскі месячнік «Літературно-науковий вістник», згуртаваўшы найлепшыя ўкраінскія сілы. А следам за гэтым Грушэўскі арганізуе цэлы рад грамадскіх устаноў і таварыстваў, каторыя маюць на мэце развіваць украінскае пісьменства, выпускаючы ў свет масу ўкраінскіх кніжак.

М. Грушэўскі стаўся асабліва вядомым між шырокімі грамадскімі кругамі як сваімі палітычнымі і на грамадскія тэмы стаццямі ў часопісах, так яшчэ болей сваёй кароткай гісторыяй Украіны, напісанай па-расейску («Очерк истории украинского народа», 1904 г.). Працы яго друкавала і пецярбургская Акадэмія навук, у каторай пр. Грушэўскі меў вялікую пашану.

Як з сур’ёзным, цвярозым палітыкам з ім вельмі лічыліся і расейскія палітычныя кругі болей-меней ліберальных кірункаў. Затое з дзікай нянавісцю нападалі на яго расейскія нацыяналісты і чарнасоценцы, вінавацячы яго ў розных выдуманых «праступках», як здрадцу Расеі і г. д. І калі Грушэўскі, як расейскі падданы, прымушан быў у пачатку вайны выехаць з Аўстрыі ў Расею, — яго маскалі арыштавалі ў Кіеве і выслалі перш у Сімбірск, пасля ў Казань, ды адтуль у канцы, на старанні групы прафесараў — членаў Гасударственнай рады, пазволілі яму прыехаць у Маскву ды тут жыць.

Праф. Грушэўскі добра вядомы і ў беларускім грамадзянстве, да каторага ён заўсёды адносіўся са шчырай прыхільнасцю, думаючы аб збліжэнні двух братніх народаў — украінскага і беларускага. У сваім «Літ.-навук. вістнику» ён ахвотна даваў месца стаццям аб беларускім руху да нацыянальнага адраджэння і сам звяртаўся да беларускіх пісьменнікаў аб гэткія стацці. І беларусы цяпер, у 50-летнюю гадаўшчыну ўрадзін паважанага прафесара і грамадскага работніка, шлюць яму свой шчыры прывет і жычэнні як найдаўжэйшай карыснай працы для братняга нам украінскага народа.

А. Н.


А. Н. [Антон Луцкевіч]. Michajło Hruszewskij (Da jaho 50-letniaho jubileju) // Homan. Wilnia, 1917. 1 studnia. № 1 (93). S. 3 — паводле скана нумара (Бібліятэка Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы, праз Europeana). Тэкст перададзены кірыліцай, прыведзены да сучаснага правапісу і знаходзіцца ў грамадскім набытку.

Падзяліцца:TelegramBlueskyXFacebook

Яшчэ ў рубрыцы «Гісторыя»

Гісторыя

Савецкае цэментаванне «адзінай і непадзельнай» Расеі

1934 год, Вільня. З Мінска даходзяць весткі пра арышты беларускіх дзеячаў, якія з Польшчы перабраліся ў БССР. Антон Луцкевіч піша: за новымі гмахамі савецкай сталіцы стаіць пагром беларускай інтэлігенцыі, а за змаганнем з «нацдэмамі» — вяртанне да старой палітыкі «адзінай і непадзельнай» Расеі.

Антон Луцкевіч ·

Гісторыя

Беларусы ў Францыі

1938 год, Вільня. Антон Луцкевіч піша пра беларускіх рабочых-эмігрантаў у Францыі. Іх парыжскія выданні пратэстуюць супраць таго, што Масква абвясціла «польскімі шпіёнамі» Браніслава Тарашкевіча і іншых правадыроў Грамады, якія пасля польскіх турмаў апынуліся ў Савецкай Беларусі.

Антон Луцкевіч ·

Гісторыя

Раскол у камуністаў

1925 год, Вільня. Антон Луцкевіч піша пра канфлікт беларускіх камуністаў з варшаўскім цэнтрам партыі: і маскоўская, і польская «вялікадзяржаўнасць» на словах прызнаюць права народаў на самавызначэнне, а на справе змагаюцца з беларускім нацыянальным адраджэннем.

Антон Луцкевіч ·