Навошта нам прафсаюзы і што значыць быць сябрам прафсаюза?
Права на працу і права ствараць прафсаюзы і ўступаць у іх — гэта правы чалавека, замацаваныя ў Дэкларацыі правоў чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН) 1948 года.

Міжнародная арганізацыя працы (МАП) зыходзіць з таго, што праца ніколі не можа быць таварам. Мы — людзі, і з намі трэба абыходзіцца як з людзьмі, у тым ліку на працы. Мы маем права на сумленную і справядлівую зарплату і на найбольшую магчымую бяспеку і ахову на працы. Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў імкнецца ўзмацняць сілу працоўных і лічыць, што найлепшы спосаб быць моцнымі — арганізоўвацца, арганізоўвацца і яшчэ раз арганізоўвацца.
Аснова прафсаюза — салідарнасць. Калі мы ствараем прафсаюз, мы даём адно аднаму ўзаемнае абяцанне. Мы абяцаем, што ніколі не будзем працаваць на горшых умовах або за меншую зарплату, чым мы дамовіліся. Разам мы моцныя. Разам мы можам выстаўляць патрабаванні і прымусіць наймальніка нас слухаць. І чым больш у нас сяброў, тым большыя нашы магчымасці паляпшаць свае ўмовы праз калектыўныя перамовы і ўплываць на сітуацыю на працы і ў грамадстве ў цэлым.
У сваёй прафсаюзнай працы мы заўсёды павінны дзейнічаць як мага больш эфектыўна. Прыцягваючы новых сяброў, мы павінны падтрымліваць і тых, хто ўжо ёсць. Ніхто не павінен адчуваць сябе выключаным па прыкмеце полу, узросту, рэлігіі, этнічнага паходжання, сэксуальнай арыентацыі або інваліднасці.
Наша прафсаюзная салідарнасць не ведае межаў і абмежаванняў, яна сапраўды ахоплівае ўвесь свет. Сёння палітычная і прафсаюзная арэны шырэйшыя і цясней звязаныя паміж сабой, чым калі-небудзь раней.
«Як кіраваць прафсаюзам» — для ўсіх, хто хоча стварыць прафсаюз на сваім працоўным месцы, і для тых, хто ўжо аб’яднаўся ў прафсаюз і хоча даведацца больш пра практычныя спосабы зрабіць прафсаюзную дзейнасць як мага больш плённай. Даведнік дае практычную інфармацыю для штодзённай працы і расказвае пра дэмакратычную прафсаюзную ідэалогію, працоўныя правы і неабходнасць глабальнага супрацоўніцтва.
Ваня Лундбю-Ведзін (Wanja Lundby-Wedin), старшыня Міжнароднага цэнтра імя Улафа Пальме
Карл-Петэр Торвальдсан (Karl-Petter Thorwaldsson), старшыня Шведскай канфедэрацыі прафсаюзаў (LO) і намеснік старшыні Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў