Сапраўдны прафсаюз грунтуецца на прынцыпе роўнасці людзей. Калі некаторыя вымушаныя працаваць у горшых умовах з-за дыскрымінацыі, рана ці позна гэта закране ўсіх.

Дыскрымінацыя па прыкмеце полу, этнічнага паходжання, рэлігіі ці сэксуальнай арыентацыі ніколі не можа быць прымальнай. Прафсаюзная палітыка роўнасці і разнастайнасці — важны інструмент, каб дасягнуць большай роўнасці і прыцягнуць увагу да дыскрымінацыі жанчын і іншых груп.
Вобраз прафсаюза мае значэнне. Ці прафсаюз толькі для мужчын сярэдняга і сталага ўзросту? Як выглядае праўленне? Ці ёсць, напрыклад, на важных пасадах маладыя людзі і жанчыны, каб усе сябры маглі атаясамліваць сябе з прафсаюзам? Ці асацыюецца прафсаюз толькі з буйной прамысловасцю і карпарацыямі? Ці мае прафсаюз значэнне для работніка невялікай фірмы, дзяржаўнага сектара, сельскай гаспадаркі ці крамы на рагу?
Роўнапраўная арганізацыя
Роўнасць жанчын і мужчын — пытанне справядлівасці і дэмакратыі. Жанчыны, якіх прызначаюць на кіруючыя пасады, становяцца таксама прыкладам для іншых.
Традыцыйныя і кансерватыўныя структуры і нормы — у тым ліку ў прафсаюзах — часта становяцца прычынай няроўнасці. Патрэбныя рашучыя намаганні, каб заахвоціць больш жанчын уступаць у прафсаюзы і, напрыклад, увесці квоты ў праўленнях.
Паводле апытанняў, праведзеных некалькімі міжнароднымі арганізацыямі, галоўныя прычыны, чаму жанчыны не ўступаюць у прафсаюзы, такія:
- не бачаць, як прафсаюзы могуць ім дапамагчы (іх пытанняў і патрэбаў няма ў прафсаюзным парадку дня)
- баяцца страціць працу, калі ўступяць у прафсаюз
- часцей, чым мужчыны, маюць няўстойлівую занятасць (часовую працу і г. д.), і таму да іх цяжка дабрацца і іх цяжка арганізаваць
- не маюць часу, бо галоўная адказнасць за сям’ю па-ранейшаму ляжыць на жанчынах (а прафсаюз гэтага не ўлічвае)
Здароўе, бяспека і жыццё без гвалту — прафсаюзныя пытанні, незалежна ад таго, дзе ўзнікаюць праблемы: на працы ці па-за ёй. Хатні гвалт закранае многіх жанчын і ўплывае таксама на іх становішча на працы. Важна, каб прафсаюз падтрымліваў і бяспечныя працоўныя месцы без дыскрымінацыі, і жанчын, якія вымушаныя цярпець гвалт дома.
Важна таксама ўсведамляць, якімі мы хочам выглядаць у вачах нашых сяброў і навакольнага свету. Да арганізацыі, якая працуе дзеля роўнасці і ўнутры, і звонку, ставяцца з большай павагай, і яна прыцягвае больш людзей.
Баланс паміж працай і сям’ёй
Доўгі, нязручны і небяспечны працоўны час — вялікая праблема для многіх работнікаў і іх сем’яў. Асабліва гэта датычыць жанчын, на якіх звычайна ляжыць большая адказнасць за догляд дзяцей, састарэлых бацькоў ці іншых сваякоў.
Баланс паміж працай і асабістым жыццём — безумоўна, прафсаюзнае пытанне. Мы можам дамагацца лепшых умоў праз калектыўныя перамовы. Прафсаюзы могуць патрабаваць разумнага працоўнага часу і спынення негалоснага ціску, які прымушае працаваць звышурочна без аплаты.
Гвалт і дамаганні
Усё больш людзей усведамляюць, што гвалт на працы — не проста асабістая праблема. Гэта праблема структурная, яе карані — у шырэйшых сацыяльных, эканамічных, арганізацыйных і культурных чынніках. Бяспраўнасць і няўстойлівае становішча павялічваюць рызыку, што многія жанчыны сутыкнуцца з сэксуальнымі дамаганнямі, нападамі, згвалтаваннем і ВІЧ/СНІДам.
Хатні гвалт — гэта пытанне і для працы, бо ён уплывае на тое, ці могуць жанчыны выконваць сваю працу і самі сябе забяспечваць. І прафсаюз, і наймальнік абавязаныя ўмяшацца, калі жанчын абражаюць ці на іх нападаюць. Ужо тое, што гэта пытанне разглядаюць як вартае абмеркавання на калектыўных перамовах, можа палепшыць сітуацыю.
Як дасягнуць моладзі — будучыні прафсаюза
Маладыя работнікі маюць важкія прычыны ўступаць у прафсаюз. Беспрацоўе сярод іх вышэйшае, чым сярод іншых, і ў іх часцей кантракты на няпоўную занятасць і нестандартныя кантракты. І ўсё ж некаторыя з іх вагаюцца. Маладыя людзі часта менш гатовыя да доўгатэрміновага сяброўства. Таму асаблівы выклік — зрабіць прафсаюз больш прывабным для маладых работнікаў і моладзі ўвогуле.
Маладыя работнікі могуць мець розныя прычыны, каб не ўступаць у прафсаюз. Адна з іх — няведанне таго, чым займаюцца прафсаюзы і як яны працуюць. Магчыма, іх проста ніхто не запрашаў. Відавочна, што ў многіх выпадках патрэбныя і лепшае асабістае абслугоўванне, і лепшыя стратэгіі, каб дасягаць маладых работнікаў і прыцягваць іх у прафсаюз. Галоўнае — яны павінны ведаць, што яны важныя і патрэбныя, калі мы хочам змен.
У прафсаюзнай працы нам патрэбныя сябры розных узростаў і з розным досведам. Таму мы падтрымліваем моладзь, слухаем яе і даем ёй магчымасць паспрабаваць новыя віды дзейнасці і метады працы.
Спецыяльныя акцыі з адмысловым пасланнем для маладых людзей на прадпрыемстве, для новых работнікаў ці для падлеткаў неабходныя, калі не жыццёва важныя, каб прафсаюз выжыў.
Аднак даследаванні паказваюць, што прычыны, з якіх маладыя людзі ўступаюць у прафсаюз, не адрозніваюцца ад прычын дарослых. Традыцыйныя прычыны ўступлення актуальныя і для моладзі.
Адна з мэтаў — каб усе маладыя работнікі на прадпрыемстве атрымлівалі добрую інфармацыю пра прафсаюз, па магчымасці ад іншых маладых людзей, якія ўжо ў прафсаюзе. Мы можам ствараць спецыяльныя моладзевыя сеткі і праводзіць больш мерапрыемстваў і іншага, што можа прыцягнуць маладых сяброў. Адзін прафсаюз можа дзяліцца прыкладамі добрай і паспяховай працы з моладдзю, якімі змогуць скарыстацца іншыя прафсаюзы.
Мы можам думаць, што маладыя людзі не хочуць займаць пасады ў прафсаюзе. Гэта зусім не абавязкова так. Можа, усё залежыць ад таго, хто прапануе. Калі мы дадзім больш маладым сябрам адказнасці і даверу, хутчэй за ўсё, больш іх равеснікаў захочуць далучыцца.