Адна з нашых галоўных задач — навучаць і выбраных прафсаюзных прадстаўнікоў, і шараговых сяброў. Мэта такога навучання — даць ім веды, навыкі і ўпэўненасць, каб расці як асобы і ўносіць свой уклад у развіццё прафсаюзнай дзейнасці. Сябры, якія прайшлі навучанне, ахвотней за іншых бяруць на сябе прафсаюзныя задачы.

Трэба даваць базавыя веды пра ролю прафсаюзаў і прафсаюзныя задачы. Нам трэба ведаць, як спраўляцца з выбарнымі пасадамі — напрыклад, быць старшынёй, адказваць за фінансы, пісаць пратаколы сходаў, аналізаваць сітуацыі і канфлікты, якія могуць узнікаць на працы, і даваць ім рады, удзельнічаць у дыскусіях і выступаць з прамовамі.
Нам трэба больш ведаць пра правы, якія мы маем як работнікі, і пра тое, як мы можам дзейнічаць супраць наймальніка ў розных канфліктных сітуацыях. Грамадства павінна ведаць пра прафсаюзныя каштоўнасці. Мы павінны ўвесь час пашыраць свае веды пра тое, як працуе бізнес, і разуменне фінансавай справаздачнасці.
Не ўсё такое навучанне абавязкова праводзіць на мясцовым узроўні: за яго можа адказваць рэгіянальная ці нацыянальная прафсаюзная арганізацыя. Важна заахвочваць сяброў карыстацца гэтымі магчымасцямі і даваць ім такую магчымасць.
Навучанне трэба прыстасоўваць да рэсурсаў і да патрэбаў і пажаданняў удзельнікаў. Гэта можа быць семінар ці практыкум, выязны курс з пражываннем, кароткія курсы ці канферэнцыі, летняя школа або самастойнае навучанне ў інтэрнэце.
Гурток
Гурток — гэта практычная і дэмакратычная форма сумеснага навучання. Яго лёгка арганізаваць, і сустракацца можна дома ці ў іншым зручным месцы. Таму гурток падыходзіць для сяброў прафсаюза, якія хочуць разабрацца ў пытаннях сваёй працы, прафсаюзнай арганізацыі ці выпрацоўкі палітыкі.
Гурток рэгулярна збіраецца, каб вучыцца і абмяркоўваць. Звычайна ў ім ад шасці да дванаццаці чалавек. Такая група якраз такога памеру, каб удзельнікі маглі выказацца і мелі час вучыцца ў сваім тэмпе і паводле сваіх магчымасцяў. Той, хто хоча вучыцца хутка, можа рабіць гэта ў адной групе з тым, хто хоча рухацца крыху павольней.
Тыя, хто выбірае гурток, робяць гэта з уласнай цікавасці і па сваёй волі. Удзельнікі самі вырашаюць, што і як вывучаць у гуртку, а потым разам шукаюць новыя веды, навыкі і разуменне. Вядучы гуртка добра ведае тэму і накіроўвае дыскусію, сочыць, каб кожны мог выказацца і каб з павагай ставіліся да досведу і асобы ўсіх удзельнікаў.
Падумайце, ці сапраўды навучанне і заняткі плануюцца так, каб быць даступнымі для ўсіх. Ці можа кожны ўдзельнічаць незалежна ад полу, наяўнасці вольнага часу, інваліднасці, этнічнага паходжання, рэлігіі ці іншых перакананняў?