Права ствараць свабодныя і незалежныя прафсаюзы і ўступаць у іх, заключаць калектыўныя дамовы і праводзіць калектыўныя дзеянні — аснова ўсёй прафсаюзнай дзейнасці. Тое, што правы чалавека і базавая абарона на працы займаюць трывалае месца ў міжнародных канвенцыях, — важны поспех прафсаюзнага руху.

Каб гэтыя ўрачыстыя словы пра роўнасць людзей і ўсеагульныя правы сталі рэальнасцю, патрэбныя прафсаюзная і палітычная барацьба, згуртаванасць і салідарнасць — і на мясцовым, і на глабальным узроўні. Таму важна пашыраць веды пра нашы асноўныя правы. Калі мы ведаем гэтыя правы і ўмеем іх патрабаваць, у нас ёсць моцныя аргументы, калі мы хочам стварыць прафсаюз або ўступіць у яго.
Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый была прынятая ў 1948 годзе. Гэта адбылося ў свеце, разарваным дзвюма сусветнымі войнамі і каланіялізмам. Дэкларацыя сцвярджае асноўныя правы ўсіх людзей на свабоду і роўнасць.
(1) Кожны чалавек мае права на працу, на свабодны выбар работы, на справядлівыя і добрыя ўмовы працы і на ахову ад беспрацоўя.
(2) Кожны чалавек, без якой-небудзь дыскрымінацыі, мае права на роўную аплату за роўную працу.
(3) Кожны, хто працуе, мае права на справядлівую і здавальняючую ўзнагароду, якая забяспечвае вартае чалавека існаванне для яго самога і яго сям’і, і дапаўняецца, пры неабходнасці, іншымі сродкамі сацыяльнага забеспячэння.
(4) Кожны чалавек мае права ствараць прафесіянальныя саюзы і ўступаць у прафесіянальныя саюзы для аховы сваіх інтарэсаў.
Правы чалавека на працы
Такім чынам, уступіць у прафсаюз — гэта наша права чалавека. Правы чалавека на працы больш канкрэтна сфармуляваныя ў канвенцыях Міжнароднай арганізацыі працы (МАП). МАП — унікальная ўстанова ААН: сацыяльныя партнёры (наймальнікі і прафсаюзы) маюць у ёй такую ж важную ролю, як і ўрады дзяржаў-сяброў. Усе тры бакі маюць незалежны статус, права голасу і права самастойна выбіраць сваіх прадстаўнікоў. Гэта называецца трыпартызмам (трохбаковым супрацоўніцтвам).
Усе канвенцыі важныя для правоў работнікаў на працы. Але восем асноўных канвенцый маюць асаблівы статус. Яны абавязковыя для ўсіх краін — сяброў МАП і ахопліваюць чатыры сферы: аб’яднанні і свабоду аб’яднанняў, прымусовую працу, дыскрымінацыю і дзіцячую працу. Гэта мінімальныя стандарты ўмоў працы ва ўсім свеце. Акрамя іх, МАП прыняла шэраг іншых канвенцый і рэкамендацый пра годныя ўмовы на працы. МАП не можа ўводзіць ніякіх санкцый. Яе метады працы — дыялог, кансультаванне, узаемадапамога і тэхнічная дапамога.
Асноўныя канвенцыі
Восем асноўных канвенцый датычаць калектыўных перамоваў, прымусовай працы, дзіцячай працы і дыскрымінацыі.
Свабода ўступаць у прафсаюз, весці калектыўныя перамовы і праводзіць калектыўныя дзеянні. Замацавана ў:
- Канвенцыі № 87 аб свабодзе аб’яднанняў і абароне права на арганізацыю
- Канвенцыі № 98 аб праве на арганізацыю і на вядзенне калектыўных перамоваў
Ліквідацыя прымусовай працы. Замацавана ў:
- Канвенцыі № 29 аб прымусовай або абавязковай працы
- Канвенцыі № 105 аб скасаванні прымусовай працы
Ліквідацыя працы дзяцей, якія не скончылі абавязковай школы. Замацавана ў:
- Канвенцыі № 138 аб мінімальным узросце для прыёму на работу
- Канвенцыі № 182 аб найгоршых формах дзіцячай працы
Ніякай дыскрымінацыі на працы. Замацавана ў:
- Канвенцыі № 100 аб роўным узнагароджанні
- Канвенцыі № 111 аб дыскрымінацыі ў галіне працы і заняткаў
Масавыя парушэнні
Жорсткая рэальнасць такая, што многім людзям у свеце ў гэтых правах адмаўляюць. Паводле звестак МАП, дзве трэція ўсіх работнікаў дагэтуль не маюць базавай абароны сваіх правоў чалавека на працы.
Разам са сваімі арганізацыямі-сябрамі, рэгіянальнымі арганізацыямі, глабальнымі прафсаюзнымі федэрацыямі і няўрадавымі арганізацыямі ITUC пастаянна вядзе кампаніі за ўсеагульнае паважанне прафсаюзных правоў, гарантаваных канвенцыямі МАП.
ITUC абараняе прафсаюзных актывістаў заўсёды і ўсюды, дзе іх асноўныя правы чалавека парушаюцца з-за іх прафсаюзнай дзейнасці. Яна выступае і супраць іншых парушэнняў працоўных правоў і правоў чалавека, асабліва калі яны закранаюць працоўных людзей.
ITUC выдае штогадовыя справаздачы пра маштабы парушэнняў правоў чалавека на працы.