Уводзіны
Што такое палітычная партыя?
У большасці дэмакратычных палітычных сістэм свету палітычныя партыі адыгрываюць вырашальную ролю ў тым, як функцыянуе дэмакратыя. Менавіта палітычныя партыі ўдзельнічаюць у выбарах, вылучаюць спісы кандыдатаў і пішуць праграмы, з якімі знаёмяцца выбаршчыкі. Менавіта палітычныя партыі ухваляюць законы і прымаюць рашэнні, што датычаць усіх грамадзян. І менавіта палітычныя партыі можна прыцягнуць да адказнасці за іх рашэнні і пазбавіць улады на свабодных і сумленных выбарах.
Палітычныя партыі служаць сувязным звяном паміж грамадзянамі і палітычнай уладай. Яны арганізуюць людзей, каб тыя маглі ўдзельнічаць у прыняцці палітычных рашэнняў. Партыі могуць аб’ядноўваць выбаршчыкаў, рабіць іх сваімі сябрамі, асвятляць ім грамадскія пытанні і мабілізаваць іх, каб іх уласныя галасы было чуваць. Калі палітычныя партыі працуюць добра, яны не толькі распрацоўваюць палітыку ў парламентах ці праводзяць кампаніі, але і дапамагаюць таму, каб палітычны і дэмакратычны ўплыў стаў жывой рэчаіснасцю для большай колькасці людзей. Партыі становяцца інструментам, з дапамогай якога людзі ўплываюць на развіццё грамадства і бяруць уласнае жыццё ў свае рукі.
Якой партыяй імкнецца быць сацыял-дэмакратычная партыя?
Існуе шмат розных мадэляў палітычных партый. Калі вы хочаце даведацца больш пра тое, як стварыць і развіваць партыю, спачатку трэба вызначыць, якую мадэль партыі вы збіраецеся выкарыстоўваць. Ці гэта партыя, якая складаецца пераважна з групы выбраных палітыкаў, што прадстаўляюць розныя групы інтарэсаў? Ці гэта партыя, якой кіруюць зверху ўніз, — так званая кадравая партыя? А можа, гэта папулісцкая партыя, сканцэнтраваная вакол моцнага лідара, у аснове якой — прыхільнікі, а не паўнапраўныя сябры?
У гэтым навучальным матэрыяле мы, вядома, зыходзім з таго, што сацыял-дэмакратычная партыя па сваёй сутнасці ёсць і павінна быць партыяй народнага руху, у якой улада паходзіць ад сяброў і рухаецца ўверх праз усю арганізацыю. Ёй патрэбны ўключальны і дэмакратычны спосаб працы, які вызначаюць унутраная дэмакратыя, прадстаўнічасць і празрыстасць.
Аснова такой партыі — дэмакратычны нізавы рух і шырокі ўдзел людзей. Гэта партыя, якая аб’ядноўвае жывых людзей з плоці і крыві, неабыякавых і з агульным бачаннем таго, як павінна функцыянаваць і развівацца наша грамадства. У гэтым сэнсе няма розніцы паміж партыяй народнага руху і іншымі народнымі рухамі. Людзі аб’ядноўваюцца, каб гуляць у футбол або ставіць спектаклі ў тэатральнай студыі, ствараць кааператыў або вучыцца шыць ці ткаць. Тыя, хто хоча ўдзельнічаць у змене ўмоў жыцця людзей у шырэйшым сэнсе, становяцца актыўнымі ў палітычнай партыі. Гэта і ёсць аснова партыі народнага руху.
Арганізацыйна такая партыя робіць стаўку на развіццё моцных мясцовых структур з вялікай колькасцю актыўных сяброў. Яна зыходзіць з ідэі, што партыі ў дэмакратыі павінны адыгрываць важную ролю не толькі ў парламентах, але і ў навакольнай супольнасці і грамадзянскай супольнасці. Палітычныя партыі, асабліва калі яны яшчэ і пры ўладзе, часта ўспрымаюцца як прадстаўнікі парламента ці ўрада, а не як прадстаўнікі людзей у штодзённым жыцці. Каб гэтага пазбегнуць, партыі павінны ствараць шырокія, уключальныя арганізацыі з дэмакратычнымі структурамі і дбаць пра тое, каб іх праца была бачнай і нешта змяняла ў штодзённым жыцці людзей.
Але як гэта зрабіць?
Дэмакратычныя партыі ў розных частках свету могуць шмат чаму навучыцца з досведу і практыкі адна адной.
Гэты ўводны курс і яго модулі прысвечаныя таму, як партыя можа ўмацаваць свой арганізацыйны і палітычны патэнцыял, каб стаць моцнай і дэмакратычнай партыяй з актыўнымі сябрамі і ўключальнымі структурамі і дзейнасцю. Сіла партыі ў вялікай ступені залежыць ад таго, наколькі яна дэмакратычная і наколькі добра працуе арганізацыя. Для гэтага патрэбныя арганізацыйныя структуры і спосабы працы, якія добра функцыянуюць, а таксама культура адкрытасці, у якой людзі актыўна ўключаюцца ў палітычную працу партыі і ўдзельнічаюць у ёй. Моцная дэмакратычная партыя, упэўненая ў сабе, заахвочвае дыскусію, актыўны ўдзел, крытыку і самакрытыку.
Уводны курс па стварэнні і кіраванні партыяй
Гэты курс задуманы як уводзіны і агляд таго, як ствараць, арганізоўваць, развіваць і прадстаўляць такую дэмакратычную партыю народнага руху — зверху ўніз і знізу ўверх.
Яго мэтавая група — кіраўнікі і актыўныя сябры сацыял-дэмакратычных партый. Вы можаце быць кіраўнікамі ў самых розных сферах на нацыянальным, рэгіянальным ці мясцовым узроўні. Аднак гэты курс робіць акцэнт на мясцовым узроўні, бо менавіта мясцовы ўзровень складае аснову сацыял-дэмакратычнай партыі народнага руху і ахоплівае найбольшую колькасць людзей. Матэрыялы курса карысныя і для актыўных сяброў, якія не займаюць кіраўнічых пасад: у такім выпадку іх можна выкарыстоўваць для самаадукацыі або ў мясцовых курсах для сяброў партыі.
Курс з шасці модуляў
Курс падзелены на шэсць самастойных модуляў. Кожны модуль мае ўласны навучальны матэрыял, разлічаны на дзве-тры сустрэчы кіраўнікоў і іншых сяброў партыі ў фармаце гуртка, дзе абмяркоўваюцца пытанні і ідэі, якія ўздымае модуль. Але колькасць сустрэч на кожны модуль можна мяняць. Можна праводзіць і адну сустрэчу на модуль, хоць тады давядзецца выбраць, якія тэмы і пытанні вы будзеце абмяркоўваць, бо, хутчэй за ўсё, часу на ўсё не хопіць. Як удзельнік ці ўдзельніца вы, вядома, можаце прайсці ўвесь курс або засяродзіцца на адным з яго модуляў.
Модуль 3 — Распрацоўка палітыкі і лідарства
У гэтым трэцім модулі мы разглядаем, наколькі важна, каб палітычныя партыі былі здольныя рэагаваць на змены ў грамадстве, фармуляваць і перагледжваць сваю палітыку з улікам гэтых змен і такім чынам заставацца актуальнымі і здольнымі весці за сабой. Грамадства ўвесь час мяняецца.
Таму патрэбныя новыя палітычныя рашэнні, якія паспяваюць за гэтымі зменамі. На практыцы палітыка — гэта сумесная праца дзеля вырашэння практычных сацыяльных праблем і выклікаў, з якімі людзі сутыкаюцца ў штодзённым жыцці.
Таму ў гэтым модулі мы праходзім праз працэс распрацоўкі палітыкі ў партыі і паказваем розныя метады, якімі партыі могуць карыстацца — асабліва на ўзроўні мясцовай арганізацыі, — каб развіваць сваю палітыку і працаваць свядома і структураване. Так яны змогуць пераканацца, што іх здольнасць прапаноўваць рашэнні і весці за сабой не закасцянее і не знікне зусім.
У партыі, якая імкнецца быць уключальнай і дэмакратычнай і пабудаваная як партыя народнага руху і федэрацыя, асновай якой з’яўляюцца сябры, вельмі важна, каб гэтыя працэсы былі дэмакратычнымі і выразна ўключалі сяброў і тых людзей, якіх партыя, паводле яе ўласных слоў, хоча прадстаўляць.
Модуль складаецца з трох раздзелаў. Першы тлумачыць, чаму партыя павінна быць праграмнай і будаваць сваю ідэнтычнасць, дзейнасць і адносіны з выбаршчыкамі толькі на палітыцы і праграмных пазіцыях, а не на іншых чынніках. Другі раздзел разглядае, як гэтыя палітычныя працэсы могуць выглядаць унутры партыі. Якія ў партыі фармальныя і дэмакратычныя структуры? Якія формы можна выкарыстоўваць на практыцы? Як партыя ўцягвае сяброў? Гэты раздзел больш практычны: у ім ёсць парады і рэкамендацыі, што можна зрабіць на практыцы. У трэцім раздзеле мы разглядаем, як працэс выпрацоўкі палітыкі партыі і абнаўлення ўжо існых праграмных пазіцый павінен таксама ўключаць выбаршчыкаў і ўлічваць іншыя арганізацыі, прафсаюзы, грамадзянскую супольнасць, бізнес і іншых удзельнікаў грамадскага жыцця, у якім партыя дзейнічае.
Мэта гэтага трэцяга модуля ўводнага курса «Як кіраваць партыяй і прадстаўляць яе» — каб, прайшоўшы яго, вы лепш:
- разумелі, што азначае мець праграмныя партыі, якія ідуць да выбаршчыкаў з канкрэтнымі бачаннямі, праграмамі і палітычнымі прапановамі па канкрэтных пытаннях;
- ведалі, як палітычныя партыі фармулююць і пастаянна развіваюць сваю палітыку ўключальна і празрыста, з дапамогай дэмакратычных метадаў, якія дазваляюць сябрам выказваць свае меркаванні ў гэтым працэсе;
- ведалі пра ролю кіраўнікоў палітычных партый у працэсе распрацоўкі палітыкі і пра практычныя спосабы ўключальнай, сістэмнай і арганізаванай працы над палітыкай на мясцовым узроўні;
- ведалі пра метады, якімі палітычныя партыі могуць карыстацца, каб выбудоўваць адносіны і ўзаемадзейнічаць з грамадствам, у якім яны працуюць, і яго ўдзельнікамі, каб умацоўваць і развіваць сваю палітыку і яе распрацоўку.
Палітычныя партыі і роля распрацоўкі палітыкі

Палітычныя партыі адыгрываюць ключавую ролю ў дэмакратыі. Яны маюць зносіны з выбаршчыкамі і вылучаюць кандыдатаў на палітычныя пасады. Праз сваіх выбраных прадстаўнікоў яны ўдзельнічаюць у прыняцці рашэнняў у парламентах і ўрадах. Прасцей кажучы, палітычныя партыі — галоўны канал, які звязвае грамадзян з палітычнай уладай.
Як ключавая частка гэтай асноўнай задачы, яны павінны выконваць яшчэ адну — магчыма, найважнейшую для партыі, якая хоча быць жыццяздольнай і актуальнай і змяняць грамадства. Яны павінны паказваць шлях наперад і прапаноўваць практычныя рашэнні праблем і выклікаў, якія грамадзяне краіны лічаць важнымі. Партыі мусяць рэгулярна фармуляваць і распрацоўваць новую палітыку. У межах гэтай працы ім трэба ўвесь час рэагаваць на змены ў грамадстве, развіваць палітыку ў тым кірунку, які патрэбны партыі, і ператвараць бачанне і ідэалогію партыі ў канкрэтную палітыку. І рабіць гэта трэба дэмакратычна, уключаючы ў працэс як мага больш людзей.
Занадта часта палітычныя партыі працуюць не так. Партыі, якія доўга знаходзяцца пры ўладзе, часта зводзяць сваю ролю да аднаго адміністравання і не здольныя адказаць на патрабаванні грамадзян да палітыкі, якая адпавядала б развіццю грамадства. Іншыя партыі ператвараюцца ў эфектыўныя машыны для правядзення выбарчых кампаній, але не маюць выразных планаў, што рабіць пасля перамогі на выбарах. Яшчэ адзін тып, менш дэмакратычны, — партыя, цалкам пабудаваная вакол моцнага папулісцкага лідара, або партыя, якая па сутнасці працуе як кліентэлісцкая: яна абяцае пэўным групам выбаршчыкаў тавары і/або паслугі ўзамен на іх палітычную падтрымку. Гэта часам называюць таксама палітыкай «свіной бочкі» (pork barrelling).
Ва ўсіх гэтых выпадках партыя моцна рызыкуе страціць — альбо так ніколі і не набыць — здольнасць быць актуальнай і спрыяць развіццю грамадства. У выніку партыя стане нецікавай і для ўласных сяброў, і для выбаршчыкаў. Большасць людзей, якія ўступаюць у палітычныя партыі або актыўна ў іх удзельнічаюць, робяць гэта, бо хочуць далучыцца да таго, каб зрабіць сваё грамадства лепшым. Большасць выбаршчыкаў аддае перавагу партыям, якія маюць план і пераканаўчую палітыку, як гэты план ажыццявіць. Таму партыям вельмі важна ствараць структуры і дзейнасць, якія забяспечваюць пастаяннае развіццё іх палітыкі. Каб яны маглі крытычна ацаніць і рэфармаваць сваю палітыку і знаходзіць новыя рашэнні праблем свайго грамадства.
Ва ўсіх палітычных партыях ідзе пастаянная дыскусія пра палітычную сітуацыю, пра тое, якія пазіцыі лепш заняць і якую палітыку лепш праводзіць. Ёсць унутраныя сходы і працэдуры галасавання па пытаннях і прыняцця рашэнняў. У папярэдніх модулях мы апісалі арганізацыю і фармальныя структуры прыняцця рашэнняў у партыі, пабудаванай як партыя народнага руху, з федэратыўнай структурай, у якой улада ў партыі ідзе знізу ўверх. Такая партыя павінна асабліва ўважліва ставіцца да ўнутраных дэмакратычных працэсаў, якія вызначаюць, як ствараецца і абнаўляецца яе палітыка і праграма. Перагляд пазіцый партыі павінен быць пастаянным працэсам у межах унутрыпартыйнага прыняцця рашэнняў разам з сябрамі — на сходах сяброў, пасяджэннях праўлення і з’ездах. Калі ж гаворка ідзе пра больш канкрэтную праграмную распрацоўку палітыкі, мэта якой — актыўна выпрацаваць новую палітыку ў пэўнай сферы, гэтая праца часта вядзецца таксама ва ўнутраных рабочых групах або ў форме кансультацый. І тут таксама важна, каб працэс быў адкрытым, празрыстым і каб у ім удзельнічалі сябры партыі.
Паспяховая партыя павінна таксама мець смеласць распрацоўваць і фармаваць сваю палітыку ў цесным супрацоўніцтве з грамадзянамі краіны і грамадствам у цэлым. Партыі не могуць быць закрытымі, элітарнымі, далікатнымі бурбалкамі. Ім трэба ведаць і сачыць, як развіваюцца грамадская думка і ідэі ў розных сацыяльных слаях. Каб быць актуальнай, партыя павінна разумець патрэбы і штодзённае жыццё звычайных людзей і абапірацца на іх у сваіх дзеяннях. Таму партыі трэба слухаць грамадзян краіны: рэгулярна выходзіць да людзей і размаўляць з імі пра палітыку партыі і пра рашэнні грамадскіх праблем. Важна таксама абменьвацца інфармацыяй і падтрымліваць кантакты з групамі інтарэсаў, даследчыкамі, экспертамі і народнымі рухамі. Яны маюць глыбокія веды ў сваіх сферах і часта ўласныя ідэі, як вырашаць праблемы. Карацей кажучы, жывая і актуальная партыя павінна весці актыўны дыялог з навакольным светам.
Але як гэтыя палітычныя працэсы працуюць на практыцы? Як яны ўзаемадзейнічаюць з дэмакратычнай структурай прыняцця рашэнняў у партыі? Як уключыць у іх сяброў і грамадзян? Які найлепшы і найпрасцейшы спосаб распрацоўваць палітыку на мясцовым узроўні ў вашай партыі? Як арганізацыі заставацца адкрытай для думак і ідэй іншых народных рухаў або іншых частак грамадства, у якім яна дзейнічае? Як забяспечыць, каб новая палітыка распрацоўвалася з улікам гендарнай роўнасці і кожны меў аднолькавую магчымасць зрабіць свой унёсак? Менавіта гэтым пытанням і прысвечаны гэты модуль.
Ствараць будучыню разам
Найважнейшы ўрок з гісторыі сацыял-дэмакратыі — грамадства можна змяніць. Калі ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя з’явіліся сацыял-дэмакратычныя партыі, яны сутыкнуліся з кансерватыўным парадкам, які сцвярджаў, што іерархіі і ўладныя адносіны натуральныя, дадзеныя Богам. Што жыццё мусіць быць такім, якім было заўсёды. Ствараючы народны рух і партыі са структурай знізу ўверх і з мэтай пашырыць магчымасці людзей, а таксама паступова паляпшаючы жыццё пераважнай большасці, сацыял-дэмакратыя даказала, што грамадства ўсё ж здольнае прынцыпова змяняцца. Грамадства не застылае.
«Разам мы можам стварыць лепшую будучыню. Найважнейшы ўрок з гісторыі сацыял-дэмакратыі менавіта такі: грамадства можна змяніць».
— Прадмова да праграмы Сацыял-дэмакратычнай партыі Швецыі
Сацыял-дэмакратыю рухае таксама разуменне таго, што свабоду і роўнасць можна ажыццявіць толькі праз салідарнасць з іншымі. Ідэя грамадства, заснаванага на салідарнасці, справядлівасці і эфектыўнасці, у якім усе людзі маюць магчымасць развівацца разам і несці сваю частку адказнасці, адлюстроўваецца і ў тым, як сацыял-дэмакратычныя партыі бачаць уласныя арганізацыі. Калі сацыял-дэмакратыя хоча змяняць грамадства, яна павінна ствараць адкрытыя і празрыстыя партыі, дзе можа расці грамадская актыўнасць людзей, дзе людзі разам адчуваюць сваю сілу і дзе яны могуць фармаваць палітыку дзеля будучыні вялікай большасці.
Гэта азначае, у прыватнасці, быць партыяй, заснаванай на сяброўстве, з федэратыўнай структурай, улада ў якой паходзіць ад актыўных сяброў і ідзе ўверх па арганізацыі. Цэнтралізаванае кіраванне, традыцыйныя іерархіі і жорсткія выключальныя нормы, якія стрымліваюць тых, хто ў іх не ўпісваецца, выгадныя толькі тым, хто ўжо мае ўладу і ўплыў.
Сіла таксама ў колькасці і ў тым, што партыя мае мноства мясцовых кропак судотыку і сетак. Гэта аснова для таго, каб натхняць людзей на ўдзел, павялічваць веды і знаходзіць рашэнні рэальных праблем, з якімі людзі сутыкаюцца ў штодзённым жыцці.
Сацыял-дэмакратыя па сваёй сутнасці — палітычны рух за сацыяльныя змены, мэта якога — уключыць у дэмакратычны працэс як мага больш людзей. Таму распрацоўка палітыкі і ўключальны працэс яе распрацоўкі адыгрываюць асабліва важную ролю ў арганізацыі і дзейнасці сацыял-дэмакратычных партый.

Праграмныя партыі і іх перавагі
Палітычныя партыі ёсць ва ўсім свеце, і іх можна класіфікаваць паводле розных стратэгій і метадаў працы з сябрамі і выбаршчыкамі. У першым модулі гэтага ўводнага курса («Стварэнне і структура партыі») мы вылучылі некалькі розных катэгорый палітычных партый:
- Картэльныя партыі, якія абапіраюцца не на сяброўства ці ўнутраную дэмакратыю, а хутчэй з’яўляюцца сеткай, што аб’ядноўвае розныя групы інтарэсаў, якія імкнуцца атрымаць палітычны ўплыў.
- Кадравыя партыі — агульная назва партый, якімі кіруюць зверху. Асноўная ідэя кадравай партыі ў тым, што кірунак партыі павінна вызначаць невялікая, добра адукаваная і асвечаная эліта.
- Персаналізаваныя партыі, якія круцяцца вакол адной асобы — моцнага лідара, які аб’ядноўвае розных выбаршчыкаў і групы інтарэсаў.
- Кліентэлісцкія партыі, якія грунтуюцца на палітычнай культуры, дзе адносіны будуюцца праз абмен таварамі ці паслугамі паміж палітыкамі і выбаршчыкамі як іх «кліентамі». Узамен на лаяльнасць пэўныя асобы ці групы атрымліваюць падарункі, якімі палітык распараджаецца за кошт дзяржаўнага бюджэту.
Сюды можна дадаць таксама партыі, якія, трапіўшы ў парламент і/або ва ўрад, усё больш займаюцца адміністраваннем, а не з’яўляюцца сілай пераменаў. Або партыі, якія ператвараюцца ў выбарчую машыну, што ўключаецца толькі перад выбарамі, але паміж выбарамі не здольная выпрацаваць ніякай новай палітыкі, якая развівала б грамадства і мела б апору ў грамадстве, дзе партыя дзейнічае.
Праграмная партыя — гэта партыя, якая звяртаецца да выбаршчыкаў перадусім як палітычная альтэрнатыва. Выбаршчыкі галасуюць за партыю, бо ім падабаецца яе праграма і канкрэтная палітыка, якую яна прапануе. Праграмная партыя — гэта партыя, якая мае:
- Набор палітычных прапаноў, якія разам складаюць упарадкаваную і ўстойлівую праграму, знаёмую выбаршчыкам і такую, пра якую яны могуць скласці ўласнае меркаванне.
- Унутраную згоду адносна шэрагу палітычных пазіцый і поглядаў.
- Рэальную магчымасць выканаць хаця б некаторыя ключавыя пункты сваёй праграмы.
На практыцы, аднак, бывае цяжка правесці выразныя межы паміж партыямі на падставе простых класіфікацый. Часта партыі маюць рысы некалькіх з гэтых катэгорый. Партыя можа быць праграмнай, але пры гэтым мець нешта накшталт культу асобы вакол свайго лідара. Іншая партыя можа быць пабудаваная па этнічным прынцыпе і пры гэтым даволі добра ўмець распрацоўваць новую палітыку. Галоўнае, што большасць партый адносіцца пераважна да адной з гэтых катэгорый. Гэтыя катэгорыі могуць таксама дапамагчы партыі прааналізаваць уласную структуру і ўласны спосаб звяртацца да выбаршчыкаў і развівацца ў тым кірунку, які патрэбны яе сябрам.
Дык чаму ж партыі асабліва важна ўмець прапаноўваць канкрэтную палітыку і выразныя праграмы? Праграмная партыя проста лепш прадстаўляе выбаршчыкаў і розныя групы грамадства. Яна можа перадаваць іх патрэбы і светапогляд, фармуляваць іх патрабаванні і пажаданні, а потым ператвараць іх у канкрэтныя палітычныя рашэнні. Выбаршчыкам таксама прасцей ставіць патрабаванні да праграмных партый і прыцягваць іх да адказнасці, бо лёгка вымераць і ацаніць, ці праводзілі партыя і яе прадстаўнікі тую палітыку, якую абяцалі. Даследаванні таксама паказваюць, што такія партыі часцей, чым партыі іншых тыпаў, забяспечваюць станоўчае развіццё грамадства.
Партыі, якія не здольныя выпрацаваць і прадставіць выразную палітыку і ўбудаваць у сваю працу працэсы, што забяспечваюць пастаяннае абмеркаванне, перагляд і рэфармаванне іх палітыкі, рызыкуюць стаць часткай праблемы, а не здабыткам дэмакратыі. Партыі, якія ствараюць уражанне дэмакратычных з дапамогай папулісцкай рыторыкі, але на практыцы не маюць сапраўднай праграмы, часта вельмі мала робяць для задавальнення сацыяльных патрэб пераважнай большасці насельніцтва.
Палітычныя партыі павінны імкнуцца спрыяць плюралізму ў палітычнай сістэме: забяспечваць прадстаўленне шырокага спектра меркаванняў і павялічваць удзел грамадзян, тым самым надаючы легітымнасць сістэме ў цэлым. Праграмныя партыі робяць гэта лепш за партыі іншых тыпаў.
Палітыка — бясконцы працэс
Перш чым перайсці да таго, як партыя можа працаваць над павышэннем сваёй здольнасці выпрацоўваць палітыку і праграмы, трэба правесці тры размежаванні. Першае датычыць розніцы паміж праграмнай палітычнай партыяй і праграмнай партыйнай сістэмай.
Амаль ва ўсіх краінах свету ёсць адна ці некалькі партый, праца якіх грунтуецца на праграмным падыходзе. Вельмі часта гэтую ролю бяруць на сябе менавіта сацыял-дэмакратычныя партыі.
Але калі, напрыклад, большасць партый вакол яе — кліентэлісцкія, вялікая рызыка, што нават праграмная партыя ў рэшце рэшт не захавае свайго праграмнага ядра і будзе ўцягнутая ў кліентэлісцкі лад мыслення. Толькі калі праграмная палітыка ў сістэме агульна прызнаецца асноўным спосабам весці партыйную палітыку, партыйную сістэму ў цэлым можна назваць праграмнай.
Другое размежаванне — паміж партыяй, якая мае праграму і канкрэтную палітыку, і партыяй, у якой ідзе пастаянны, бясконцы працэс абмеркавання, перагляду і выпрацоўкі новай палітыкі. Большасць партый можа напісаць праграму. Але для партыі, якая хоча быць жывой сілай пераменаў у грамадстве, гэтага недастаткова. Партыя, якая не здольная хутка абнаўляцца і адказваць на патрабаванні грамадзян да свайго грамадства нават у час істотных пераменаў, з часам становіцца больш закасцянелай і менш актуальнай.
Трэцяе размежаванне датычыць розных спосабаў, якімі праграмныя партыі выпрацоўваюць сваю палітыку. Адны маюць больш уключальныя працэсы з шырокім удзелам, якія выразна ўцягваюць сяброў і выбаршчыкаў увогуле, а іншыя больш цэнтралізаваныя і маюць менш уключальныя працэсы прыняцця рашэнняў. Партыя можа быць праграмнай у прынцыпе, нават калі ў яе няма дэмакратычнай структуры, — і нават калі ўсё сведчыць пра тое, што палітыка такой партыі мае менш шанцаў спадабацца выбаршчыкам ці, калі ўжо на тое пайшло, спрыяць дэмакратычнаму грамадству.
Што такое распрацоўка палітыкі?
Каб зразумець, як партыя распрацоўвае палітыку на практыцы, карысна спачатку адрозніць дзве розныя рэчы.
Першая — гэта пастаянная дыскусія пра палітычную сітуацыю, пра тое, якія пазіцыі лепш заняць і якую палітыку лепш праводзіць. Гэта ўнутраныя сходы, галасаванні і прыняцце рашэнняў. Дэмакратычная партыя, заснаваная на сяброўстве, павінна асабліва ўважліва ставіцца да таго, як ствараюцца і абнаўляюцца яе палітыка і праграмы. Гэтая праца павінна быць рэгулярнай часткай унутрыпартыйнага прыняцця рашэнняў разам з сябрамі. На сходах сяброў, пасяджэннях праўлення і з’ездах — а таксама ва ўзаемадзеянні партыі са сваімі прадстаўнікамі ў выбарных органах і з партыйным офісам і сакратарыятамі там, дзе партыя ўваходзіць ва ўрад.
Другая датычыць сітуацый, калі партыі — на мясцовым, рэгіянальным ці нацыянальным узроўні — трэба распачаць асобны працэс распрацоўкі сваёй палітыкі, часта ў пэўнай сферы. Тады партыя часта прымае план распрацоўкі палітыкі, які ўключае, напрыклад, рабочыя групы, кансультацыйныя групы, гурткі, дыялог з выбаршчыкамі і гэтак далей. І тут таксама важна, каб працэс быў адкрытым, празрыстым і заахвочваў сяброў да актыўнага ўдзелу.
Чаму важны ўключальны працэс
Увесь досвед паказвае, што працэс мае значэнне. Чым лепшы працэс, чым больш людзей у ім удзельнічае і чым грунтоўней партыя абмяркоўвала і замацоўвала сваю палітыку, тым вышэйшая якасць гэтай палітыкі. Акрамя таго, уключальны працэс з удзелам сяброў і грамадства, у якім партыя дзейнічае, можа:
- Умацаваць унутраную арганізацыю партыі і павялічыць колькасць сяброў, здольных дыскутаваць пра яе палітыку. Палітычныя дыскусіі часта захапляльныя і натхняльныя, яны робяць удзел у партыі цікавейшым і больш значным.
- Павялічыць шанец, што палітыка, якую прапаноўвае партыя, грунтуецца на рэальных праблемах і прапануе сапраўдныя і рэалістычныя рашэнні. Чым больш людзей удзельнічае ў працэсе, тым больш людзей могуць праверыць, ці правільна думае партыя, а калі не — указаць на гэта.
- Стаць адпраўной кропкай для партыі ў барацьбе за падтрымку сваёй палітыкі. Калі ў працэсе ўдзельнічала шмат людзей, больш верагодна, што прапанаваная палітыка будзе мець шмат матываваных і дасведчаных «амбасадараў» у грамадстве.
- Зрабіць партыю цікавай для СМІ і ў сацыяльных сетках і такім чынам вывесці пытанні, якімі партыя хоча займацца, на парадак дня публічнай дыскусіі.
- Умацаваць сувязі партыі з іншымі часткамі грамадзянскай супольнасці і такім чынам пашырыць яе веды, кантакты і ўплыў.
- Павялічыць магчымасці ўключаць жанчын, моладзь і меншасці ў размовы і дыскусіі партыі і такім чынам зрабіць партыю каналам іх удзелу ў палітычным працэсе і шляхам да змяншэння маргіналізацыі.
- Павысіць здольнасць выбраных прадстаўнікоў і работнікаў партыі спраўляцца са складаным заканадаўчым працэсам. Унутраная праца партыі становіцца трэніровачнай пляцоўкай для заваявання палітычнай улады.
Працэс у тры асноўныя крокі
На самым агульным узроўні распрацоўка палітыкі — гэта працэс з трох крокаў:
- Сфармуляваць палітычныя мэты. Якія палітычныя мэты ў партыі? Якія сферы грамадства мы хочам змяніць?
- Сфармуляваць, як мы хочам гэта зрабіць. Што для гэтага патрэбна? Якую канкрэтную палітыку прапаноўвае партыя? Як гэтую палітыку можна ажыццявіць эфектыўна і фінансава адказна?
- Апісаць, якая частка грамадскага механізму павінна адказваць за гэтыя змены. Ці павінен гэта рабіць нацыянальны ўрад і яго ведамствы? Ці муніцыпалітэты? Ці павінны свой унёсак зрабіць бізнес і грамадзянская супольнасць? Іншымі словамі: як палітыка будзе ажыццяўляцца на практыцы?
Таксама добра, калі партыя ў межах гэтага працэсу задае сабе некалькі прынцыповых пытанняў. Ці можна паказаць, што гэтая палітыка рэалістычная і што ёсць фінансавыя рэсурсы на яе ажыццяўленне? Ці справядлівая гэтая палітыка і ці важная яна для значнай часткі выбаршчыкаў? Выпрацаваную палітыку трэба таксама суаднесці з агульнымі каштоўнасцямі і бачаннем партыі. Ці сумяшчальная прапанаваная канкрэтная палітыка з ідэалогіяй партыі?
У наступным раздзеле мы разгледзім унутраныя працэсы распрацоўкі палітыкі.
Распрацоўка палітыкі ўнутры палітычных партый

Палітыка і яе распрацоўка — аснова місіі і штодзённай дзейнасці ўсіх палітычных партый. Распрацоўка палітыкі — бесперапынны працэс, які ідзе ў самых розных кантэкстах і на самых розных узроўнях партыі.
Гэта адбываецца, калі з’езд вызначае новы палітычны кірунак, калі сябры ўносяць новыя прапановы на сходах сяброў ці пішуць афіцыйныя прапановы, калі прызначаюцца рабочыя групы па распрацоўцы палітыкі, калі праводзяцца ўнутраныя кансультацыі па розных пытаннях, калі партыя займаецца канкрэтнымі пытаннямі ў парламенцкай працы, але таксама ў штодзённых дыскусіях у розных групах і на сустрэчах партыі.
Каб быць паспяховымі і заставацца актуальнымі, партыі павінны падтрымліваць адкрыты клімат дыскусіі, добрыя ўнутраныя дэмакратычныя структуры і жывую дыскусію пра сваю палітычную ідэалогію. У партыі, якая хоча быць шырокай дэмакратычнай партыяй народнага руху, важна, каб аснова партыі — яе сябры і мясцовыя арганізацыі — маглі выступаць з ініцыятывамі, удзельнічаць і мець выразную ролю ў працэсе прыняцця рашэнняў пра новую палітыку і новы палітычны кірунак.
У працы над палітыкай партыі таксама ідзе бесперапыннае ўзаемадзеянне паміж кіраўніцтвам партыі і сябрамі, а таксама паміж рознымі ўзроўнямі партыі. Як бы ні пачынаўся працэс, заўсёды важна, каб пытанне трапляла ў дэмакратычную структуру, вызначаную статутам партыі. Асноўны прынцып заўсёды адзін: палітыку партыі вызначае партыя як калектыў.
Калі гаворка ідзе пра мясцовыя пытанні, партыя звычайна можа прыняць рашэнне на мясцовым узроўні. Тут цэнтральную ролю ў працэсе адыгрываюць фармальныя сходы партыі. Рашэнні па такіх пытаннях можа прымаць сход сяброў або гадавы сход мясцовай арганізацыі. Але калі гэта прынцыповае пытанне або пытанне больш рэгіянальнага ці нацыянальнага значэння, яно падымаецца вышэй па партыйнай іерархіі. Мясцовыя актывісты ўздымаюць пытанне на гадавой канферэнцыі рэгіянальнай партыйнай арганізацыі і на з’ездзе — найвышэйшым органе партыі, які прымае рашэнні. Больш пра структуры прыняцця рашэнняў і ўнутраныя дэмакратычныя працэсы палітычных партый можна прачытаць у другім модулі ўводнага курса — «Выбары і прыняцце рашэнняў».

Роля кіраўніцтва партыі ў распрацоўцы палітыкі
Часта ініцыятыва фармуляваць і распрацоўваць новую палітыку зыходзіць ад кіраўніцтва партыі на розных узроўнях. Гэта натуральна, бо нацыянальнае, рэгіянальнае і мясцовыя праўленні партыі і іх галоўных прадстаўнікоў непасрэдна выбірае з’езд або гадавы сход — гэта значыць сябры, — і яны падсправаздачныя сябрам.
Іх прызначаюць прадстаўляць партыйную арганізацыю, і таму яны атрымалі права выступаць ад імя сяброў і прымаць ад іх імя пэўныя рашэнні. Яны маюць асаблівую ролю найвышэйшага органа прыняцця рашэнняў у партыйнай арганізацыі ў перыяд паміж з’ездамі і гадавымі сходамі — або сходамі сяброў, калі гаворка пра праўленне на мясцовым узроўні. У гэтай ролі важна, каб яны бралі на сябе адказнасць за канкрэтнае ўвасабленне мэтаў і пазіцый, якія былі прынятыя і замацаваныя ў палітычных арыенцірах з’езда або гадавога сходу.
Іх задача — мець бачанне і весці распрацоўку палітыкі, а таксама забяспечваць палітычнае кіраўніцтва партыйнай арганізацыяй, якую яны ўзначальваюць. Праўленне павінна быць добра абазнанае ў палітычных тэндэнцыях у краіне, рэгіёне ці муніцыпалітэце, а таксама ў дыскусіях у іншых частках партыі. Гэта дазваляе праўленню рэгулярна выпрацоўваць стратэгію для свайго ўзроўню партыйнай арганізацыі, а таксама яе прыярытэты і дзейнасць у цэлым, і вызначаць, як уключаць сяброў у гэтыя дыскусіі і рашэнні.
Шырокія арыенціры палітычных прыярытэтаў вызначаюцца на з’ездах і гадавых сходах. Адказнасць за выкананне гэтых рашэнняў нясе палітычнае кіраўніцтва. Акрамя таго, паміж з’ездамі і гадавымі сходамі — або паміж сходамі сяброў на мясцовым узроўні — заўсёды ўзнікаюць новыя пытанні, па якіх трэба хутка заняць пазіцыю. І часта няма часу склікаць такія сходы, перш чым справу давядзецца вырашыць, або пытанні не настолькі важныя, каб склікаць сход. Менавіта тады праўленне і кіраўніцтва партыі павінны вызначыць палітычную лінію партыйнай арганізацыі. Аднак існуе абавязак рэгулярна звітавацца пра гэтую працу перад партыйнай арганізацыяй, якую яны прадстаўляюць, і рэгулярна ўздымаць прынцыповыя палітычныя пытанні. Гэта значыць, што трэба заставацца ў палітычных рамках, вызначаных партыяй. Калі ўзнікаюць прапановы ці пытанні, якія, як лічыцца, выходзяць за гэтыя рамкі, іх трэба будзе ўзгадніць у партыйнай арганізацыі і сярод сяброў.
Патрэба ў праактыўнай распрацоўцы палітыкі
Для палітычнай партыі заўсёды ёсць рызыка затрымацца ў цяперашнім. Рызыка, што штодзённыя палітычныя праблемы і пытанні заберуць увесь наяўны час і ўсю палітычную дыскусію ў партыі. Аднак, каб быць паспяховымі і актуальнымі, партыі павінны таксама праактыўна ствараць умовы, каб партыя магла апярэджваць падзеі і распрацоўваць практычную палітыку па пытаннях, важных для развіцця грамадства. Кіраўніцтва партыі нясе канчатковую адказнасць за тое, каб партыя магла падтрымліваць адкрыты клімат дыскусіі, добрыя ўнутраныя і дэмакратычныя структуры і жывы абмен палітычнымі ідэямі і меркаваннямі.
Яно таксама адыгрывае важную ролю ў ацэнцы і аналізе зменаў у грамадстве і ў ацэнцы таго, ці азначаюць гэтыя змены патрэбу рэфармаваць палітыку партыі. Ці не набліжаецца сусветная эканоміка да крызісу? Ці не перагрэўся рынак жылля? Ці не становяцца коркі ў цэнтры горада амаль невыноснымі? Ці не падаюць вынікі ў мясцовых школах?
Новая палітыка можа спатрэбіцца ў зусім новай сферы або ў сферы, якую ўжо абмяркоўвалі, але дзе палітыка партыі занадта слабая ці састарэлая. Магчыма, пачаў слабець і давер выбаршчыкаў да палітыкі партыі. Гэта можа азначаць, што трэба вызначыць розныя сферы і расставіць прыярытэты, пачаць размовы і прапанаваць палітыку, стварыць рабочыя групы або абвясціць кансультацыі, каб абмеркаваць, ці трэба рэфармаваць палітыку партыі.
Увогуле, распрацоўку палітыкі або пэўную палітычную сферу часта не будуць лічыць важнай часткай працы партыі, пакуль кіраўніцтва партыі не ўключыцца ў працэс і не падкрэсліць яго значэнне.
Кіраўніцтву партыі на розных узроўнях разумна вырашыць і ясна паведаміць, як розныя часткі партыі будуць удзельнічаць у распрацоўцы палітыкі, і што пажадана, каб у гэтай працы ўдзельнічала як мага больш частак партыі. Такое рашэнне дае выразны арыенцір і развейвае любыя памылковыя ўяўленні пра тое, ці цэніць кіраўніцтва партыі ініцыятывы знізу. Гаворка пра тое, што кіраўніцтва партыі павінна падтрымліваць працэс, але таксама ўмець адступіць на крок, каб новыя думкі і ідэі маглі прагучаць. Кіраўніцтва партыі, якое словам і справай паказвае, што не мае адказаў на ўсе пытанні, тым самым паказвае, што ёсць прастора для распрацоўкі палітыкі, і заахвочвае дыскусію і размовы пра новыя палітычныя рашэнні.
Рэсурсы кіраўніцтва партыі для распрацоўкі палітыкі
Магчымасці і рэсурсы для выпрацоўкі і распрацоўкі новай палітыкі розняцца ў розных палітычных партый, а таксама ў розных частках і на розных узроўнях адной партыі. Некаторыя партыі невялікія і маюць абмежаваныя рэсурсы на ўнутраныя рабочыя групы, даследаванні і выпрацоўку палітыкі па-за тым, што могуць даць сябры сваім часам і энергіяй.
Тое ж датычыць і самой партыі: на адных узроўнях і ў адных геаграфічных рэгіёнах будзе больш супрацоўнікаў і рэсурсаў, чым у іншых. На ўзроўні мясцовай арганізацыі ўвага часта мусіць быць засяроджаная на ўцягванні сяброў, выкарыстанні нацыянальных і рэгіянальных рэсурсаў, узаемадзеянні з іншымі арганізацыямі, а таксама з дзяржаўнымі ўстановамі і адміністрацыямі, у якіх партыя мае прадстаўнікоў
Партыйныя сакратарыяты, эксперты па палітыцы і спецыяльныя аналітычныя рэсурсы
На нацыянальным узроўні праўленне партыі і яго кіраўнікі часта маюць партыйны сакратарыят з кваліфікаванымі работнікамі партыі і супрацоўнікамі, якія маюць спецыяльныя веды пра палітыку партыі ў розных сферах. Акрамя таго, звычайна ёсць сакратарыят для парламенцкай працы партыі з палітычнымі сакратарамі і экспертамі ў розных сферах палітыкі. Яны маюць глыбокія веды і шырокі агляд распрацоўкі палітыкі ў сваіх сферах.
У некаторых партыях могуць быць і спецыяльныя аналітыкі, адзіная задача якіх — дапамагаць кіраўніцтву партыі распрацоўваць палітыку ў розных сферах або ў пытаннях, што ахопліваюць некалькі палітычных сфер. У партыях са значнымі рэсурсамі яны могуць таксама ўваходзіць у аналітычны аддзел, які можа каардынаваць і адказваць за планаванне і правядзенне працэсаў распрацоўкі. Акрамя арыенціраў ад кіраўніцтва партыі і ўнёскаў ад партыйнай арганізацыі, яны часта ўлічваюць у распрацоўцы палітыкі шэраг чыннікаў: аналіз знешняга асяроддзя, напрыклад шырокіх грамадскіх тэндэнцый, змены ўмоў, на якіх грунтуецца палітыка ў канкрэтных пытаннях, палітычныя пазіцыі і манеўры апанентаў і не ў апошнюю чаргу стан грамадскай думкі.
Апытанні грамадскай думкі
Важная частка працы партыі над палітыкай — сачыць за меркаваннямі грамадзян і зрухамі грамадскай думкі па розных палітычных пытаннях і ацэньваць іх. Палітычныя партыі існуюць, каб выбаршчыкі маглі ажыццяўляць свае пажаданні. Каб партыя заставалася актуальнай і паспяховай, вельмі важна, каб яе палітыка адпавядала светапогляду, пазіцыям і прыярытэтам выбаршчыкаў і свайму часу.
У палітычных дыскусіях часта кажуць, што многія партыі дазваляюць апытанням грамадскай думкі занадта моцна вызначаць сваю палітыку. Магчыма, так і ёсць. Палітычныя партыі, якія зводзяць сябе да такой ролі — вымяраць, куды рухаецца грамадская думка, і рухацца ў тым жа кірунку, — не маюць ні душы, ні сэрца і рэдка існуюць доўга. Прыстасаванне да грамадскай думкі павінна мець межы. У палітычных партый ёсць іншыя фундаментальныя мэты і задачы — напрыклад, увасабляць сваё бачанне грамадства і адстойваць свае ідэалагічныя пазіцыі.
Але апытанні грамадскай думкі можна выкарыстоўваць і для таго, каб вызначыць сферы, у якіх партыі трэба стаць лепшай. Калі вынікі паказваюць, што ў нейкім важным пытанні партыі мала давяраюць, гэта знак, што патрэбная новая палітыка, а можа, і новы акцэнт на гэтай сферы. Як менавіта будзе выглядаць такая перабудова — пытанне наступнага этапу, і вырашальную ролю тут павінны адыгрываць уласныя каштоўнасці партыі і яе шырэйшы палітычны кірунак. Найважнейшае — ставіцца да апытанняў прагматычна: бачыць у іх інструмент, каб быць у курсе настрояў выбаршчыкаў, але і заставацца на зямлі, каб яны не пачалі занадта вамі кіраваць. Меркаванні і пазіцыі могуць мяняцца, часам хутка, і тут у палітычных партый асаблівая роля — быць лідарамі грамадства.
У партыях і мясцовых арганізацыях з больш абмежаванымі рэсурсамі апытанні грамадскай думкі рэдка магчымыя. У такіх умовах важна максімальна выкарыстоўваць іншыя кантакты з выбаршчыкамі: быць побач і адкрытымі і слухаць — на мерапрыемствах для людзей, падчас абыходу выбаршчыкаў і на публічных сходах. Шмат размаўляць з многімі людзьмі. Такія размовы часта даюць добрае ўяўленне пра тое, што людзі думаюць і што цэняць. Можна таксама праводзіць уласныя простыя анлайн-апытанні або карыстацца вынікамі апытанняў іншых арганізацый у самых розных сферах.
Рабочыя групы па распрацоўцы палітыкі
Каб скласці агульную карціну, павялічыць веды і атрымаць навыкі, экспертызу і канкрэтныя рэсурсы для распрацоўкі палітыкі, часам карысна прызначыць рабочыя групы па распрацоўцы палітыкі. Яны могуць рыхтаваць аналіз тэндэнцый, разглядаць практычныя абставіны і патрэбы і прадстаўляць канкрэтныя прапановы ў пэўнай сферы палітыкі. Гэта можна рабіць на ўсіх узроўнях палітычнай партыі, займаючыся мясцовымі, рэгіянальнымі, нацыянальнымі і міжнароднымі пытаннямі.
Як трэба прызначаць рабочую групу і як ёй працаваць? Каб адказаць на гэтае пытанне, спачатку трэба адказаць на шэраг іншых.
- На чым засяроджаная рабочая група? Над якім палітычным пытаннем ёй працаваць? І якая яе мэта? Ці павінна рабочая група напісаць даклад? Або прапанову праграмнага дакумента для прыняцця?
- Як будзе кіравацца рабочая група? Часта для кіраўніцтва рабочай групай прызначаюць сакратара і старшыню; сакратар піша тэксты і прапановы, якія абмяркоўвае рабочая група.
- Ці павінна рабочая група пачаць шырэйшую дыскусію ў партыі або па-за ёй? Часта задача рабочай групы — паслухаць, што думае «рух», і сабраць меркаванні з розных арганізацыйных узроўняў і з усёй сеткі вакол партыі.
- Якім павінен быць склад рабочай групы? Часта ў рабочую групу ўваходзяць вядучыя прадстаўнікі партыі ў гэтай сферы (на тым узроўні партыі, пра які ідзе гаворка ў канкрэтным выпадку), унутраныя і знешнія эксперты, даследчыкі і падобныя спецыялісты, а таксама прадстаўнікі сяброў.
- Што рабіць з вынікамі рабочай групы пасля таго, як яна распусціцца? Як і ў любой распрацоўцы палітыкі, важна, каб удзельнікі працэсу адчувалі, што да іх працы ставяцца сур’ёзна і што яна вядзе да канкрэтных зменаў.
Рабочыя групы па распрацоўцы палітыкі маюць вялікія перавагі, бо могуць абмежаваць сваю працу і па тэматыцы, і па часе. Праца рабочай групы часта ўключае ўнутраныя і знешнія кансультацыі і інфармацыйныя кампаніі, а значыць, партыя можа атрымаць знешнія ўнёскі, пачаць адвакацыю ў гэтай сферы і заручыцца ўнутры партыі падтрымкай палітыкі. Працу можна спалучаць з кансультацыйнымі раўндамі і спецыяльнымі гурткамі ў партыйнай арганізацыі, што можа дапамагчы зрабіць так, каб палітыка, вынесеная на рашэнне, была добра прадуманай і рэалістычнай.
Але важна, каб адказныя палітыкі ставіліся да рабочых груп і аналітыкаў адкрыта. Калі ўстаноўка такая, што кіраўніцтва партыі збіраецца паказаць, што палітыка партыі і так найлепшая з магчымых, або што кіраўніцтва ў сваёй бязмежнай мудрасці ўжо прадумала ўсе праблемы, якія могуць узнікнуць, гэтая праца хутка страціць сэнс.
Праактыўная і стратэгічная распрацоўка палітыкі на мясцовым узроўні
Добрыя ідэі, аргументы і бачанні важныя, але лёгка губляюць сэнс, калі іх не ўдаецца ператварыць у канкрэтную палітыку. Гэта датычыць усіх узроўняў палітычнай сістэмы. На мясцовым узроўні часам бывае цяжка звязаць вялікія ідэі партыі з руцінай палітычнай працы, а палітыкі пры гэтым лёгка захрасаюць у бясконцым патоку практычных пытанняў, якія трэба вырашаць хутка.
Таму кіраўніцтву мясцовай арганізацыі важна праактыўна займацца распрацоўкай мясцовай палітыкі. Каб не ўзнікаў разрыў паміж бачаннем і рэчаіснасцю, каб не звесціся да аднаго адміністравання і каб заставацца актуальнымі і адкрытымі.
З другога боку, на ўзроўні мясцовай арганізацыі ёсць унікальныя магчымасці. На гэтым узроўні партыя блізкая да выбаршчыкаў і да практычных пытанняў, вакол якіх і круціцца палітыка, і мае доступ да сяброў мясцовай арганізацыі.
Праца над палітыкай партыі заўсёды пачынаецца з рашэння і актыўнага планавання. Распрацоўка палітыкі — мэта, для якой патрэбныя стратэгія, метад і мадэль ацэнкі таго, ці дасягнутыя мэты. Тут усё як у любой арганізацыйнай працы, але з адной розніцай: гэта датычыць самай сутнасці партыі — пошуку метадаў, якія рухаюць развіццё грамадства ў правільным кірунку.

1. Правядзіце SWOT-аналіз
Адзін са спосабаў пачаць — каб праўленне мясцовай арганізацыі разам з сябрамі правяло мясцовы SWOT-аналіз. SWOT азначае strengths, weaknesses, opportunities, threats — моцныя бакі, слабыя бакі, магчымасці і пагрозы. SWOT-аналіз праводзяць арганізацыі і кампаніі, каб лепш зразумець, дзе яны знаходзяцца сёння, што ім трэба палепшыць і як гэта лепш зрабіць.
Склічце сяброў на сход. Паклапаціцеся, каб на ім былі выбраныя прадстаўнікі з муніцыпальнага савета, і не забудзьцеся запрасіць прадстаўнікоў прафсаюзаў і асацыяваных арганізацый партыі — напрыклад, моладзевай і жаночай арганізацый партыі. Можна чаргаваць дыскусію ўсёй групай і ў малых групах. Можна пачаць проста з выбару адной канкрэтнай сферы палітыкі, каб глыбей яе прааналізаваць і пачаць складаць для яе план. Інакш, магчыма, спачатку давядзецца вырашыць, з якой сферай працаваць, зыходзячы з такіх пытанняў:
- У якіх сферах нам трэба развіваць сваю палітыку на мясцовым узроўні, каб павысіць давер грамадзян да нашай партыі і выйграць наступныя выбары?
- Якія сферы палітыкі мы самі лічым слабымі на мясцовым узроўні і чаму мы слабыя менавіта ў гэтых сферах? Ці лічаць нашы выбаршчыкі, што мы ў гэтых сферах слабыя?
- Калі адказ такі, што выбаршчыкі адчуваюць, што ў нашай палітыцы чагосьці не хапае, то чаму так?
- У якіх сферах палітыкі нам трэба палепшыць канкрэтную мясцовую палітыку? Школы? Транспарт і інфраструктура? Дзіцячыя садкі? Жыллё? Догляд за пажылымі?
Калі вы вырашылі, у якую сферу палітыкі паглыбіцца, правядзіце SWOT-аналіз крок за крокам:
- Якія ў нас канкрэтныя моцныя бакі ў гэтай сферы палітыкі?
- Якія ў нас канкрэтныя слабыя бакі?
- Якія канкрэтныя магчымасці мы бачым?
- Якія канкрэтныя пагрозы мы бачым у гэтай сферы палітыкі?
- Выніковая дыскусія: агульныя высновы — у якім кірунку развіваць нашу палітыку ў гэтай сферы.
2. Сплануйце і рэалізуйце
Цяпер вы пачалі вызначаць праблему і мэты, гэта значыць, у якім кірунку партыя павінна развіваць сваю палітыку ў пэўнай сферы. Наступнае пытанне — як гэта зрабіць і прасунуць на практыцы? Перш за ўсё трэба больш дакладна высветліць, што менавіта трэба зрабіць. Якія мэты ў гэтага канкрэтнага праекта па распрацоўцы палітыкі? Што ён павінен даць? Які яго чаканы вынік? Мэты павінны быць SMART, гэта значыць канкрэтнымі (Specific), вымернымі (Measurable), дасягальнымі (Achievable), рэлевантнымі (Relevant) і абмежаванымі ў часе (Time-bound).
Наступны крок — канкрэтнае планаванне. Калі трэба рабіць гэтую працу і калі яна павінна быць завершаная? Якімі метадамі можна карыстацца, каб развіваць палітыку ў гэтай сферы? У гэтым модулі ёсць некалькі прыкладаў метадаў, якімі можна карыстацца. Хутчэй за ўсё, у вас шмат і ўласных думак і ідэй. Вось некалькі пытанняў, якія могуць дапамагчы на гэтым этапе працэсу:
Хто практычна будзе працаваць над праектам?
Хутчэй за ўсё, трэба прызначыць рабочую групу, якая будзе кіраваць практычнай працай і весці працэс ад этапу планавання праз рэалізацыю да дасягнення мэтаў праекта. Гэтая рабочая група павінна рэгулярна збірацца, збіраць і аналізаваць даныя, падтрымліваць дыялог з кіраўніцтвам партыі і сябрамі, праводзіць інтэрв’ю і азнаямленчыя візіты і, нарэшце, рыхтаваць фармулёўкі новай або абноўленай палітыкі.
Напрыклад, у рабочую групу могуць уваходзіць:
- Вядучыя мясцовыя выбраныя прадстаўнікі партыі, адказныя за пытанні, якіх датычыць праект, або сумежныя сферы.
- Эксперты ў гэтай сферы. Яны не абавязкова павінны быць сябрамі партыі — але пажадана, каб падзялялі яе асноўныя каштоўнасці і агульны погляд на грамадства.
- Сябры, якіх гэтая сфера датычыць.
- Прадстаўнікі іншых арганізацый, прыватнага сектара ці грамадзянскай супольнасці, якія могуць зрабіць важны ўнёсак у працэс.
У рабочай групе трэба прызначыць старшыню і сакратара. Сакратар — гэта чалавек, які, калі працэс набліжаецца да завяршэння, дакументуе абгрунтаванне палітыкі і бярэ на сябе вялікую частку практычнай працы ў рабочай групе.
Як уцягнуць сяброў?
Самае натуральнае — выкарыстаць сходы сяброў або правесці спецыяльныя тэматычныя сходы па гэтай сферы, але сяброў можна таксама запрасіць у гурток або на тэматычны рабочы дзень, дзе тэму абмяркоўваюць з экспертамі і выбранымі прадстаўнікамі. Майце на ўвазе, што сустрэчы не абавязкова праводзіць за зачыненымі дзвярамі, калі ўсе нерухома сядзяць вакол стала.
Сустрэчай можа быць і азнаямленчы візіт сяброў, сустрэча з іншымі групамі або іншы спосаб атрымаць веды і натхненне. Сустрэньцеся з дырэктарамі школ і настаўнікамі, калі пытанне датычыць адукацыі. Наведайце скрыжаванні, кальцавыя развязкі і паркоўкі, калі пытанне датычыць транспарту.
Як уцягнуць грамадзян?
Калі ўцягнуць грамадзян з самага пачатку працэсу распрацоўкі палітыкі, гэта выклікае давер і прыцягвае іх увагу, а ваша палітыка будзе лепшай, бо ўжо на гэтым этапе будзе праверана на выбаршчыках.
Гэта можна рабіць рознымі спосабамі. Запрашайце іх на адкрытыя тэматычныя сходы. Наведвайце працоўныя месцы, бібліятэкі, бізнес-цэнтры і да т.п. Размаўляйце з людзьмі ў мясцовых жылых кварталах, абыходзячы кватэры. Рабіце гэта на ранняй стадыі, каб іх думкі і ідэі выкарыстоўваліся на этапе аналізу. Гэта таксама дае магчымасць паказаць ім, што партыя іх выслухала, калі яна потым прадставіць сваю новую або абноўленую палітыку.
Як дастукацца да тых, каго датычыць гэтая сфера палітыкі?
Ездзіце з азнаямленчымі візітамі, праводзьце сустрэчы або наладжвайце кантакты з медыя, каб яны распавядалі пра ваш праект. Калі гэта ўдасца, вы дасягнеце многіх людзей, якія актыўныя ў гэтай сферы палітыкі. Гэта можа прывесці да спантанных кантактаў і прапаноў, каштоўных для гэтай працы.
Як уключыць групы, якіх звычайна не чуваць у палітыцы?
Знайдзіце час, каб запланаваць асобныя размовы і сустрэчы, мэта якіх — уключыць людзей і галасы, якім звычайна цяжка быць пачутымі ў працэсах распрацоўкі палітыкі партыі. Да такіх груп могуць належаць жанчыны, этнічныя меншасці і іншыя меншасныя групы. Уключанасць сама сабой не ўзнікае.
Якая роля кіраўніцтва?
Палітычнае кіраўніцтва адыгрывае важную ролю — пры ўмове, што яно не лічыць, быццам ужо мае ўсе адказы. Для такога працэсу неабходна палітычнае кіраўніцтва, якое слухае і паказвае, што адкрытае да новых ідэй і прапаноў. Праўленне мясцовай арганізацыі прызначае рабочую групу і з’яўляецца партнёрам па дыялогу для рабочай групы і яе старшыні — і падчас распрацоўкі палітыкі, і перад прадстаўленнем канчатковых вынікаў, калі праўленне ўносіць працу ў фармальны дэмакратычны працэс прыняцця рашэнняў партыі. Канструктыўнае праўленне можа дапамагчы, адчыняючы дзверы, даючы рэсурсы і ўцягваючы партыйную арганізацыю.
3. Прыняцце рашэння
Калі праца рабочай групы завершаная, калі ўсе дыскусіі, аналізы і сустрэчы скончыліся і — спадзяёмся — далі шэраг новых палітычных прапаноў, вынікі павінны разгледзець і вывучыць сябры на сходзе, які прымае рашэнні. Калі палітыка ім спадабаецца, яе трэба ўключыць у мясцовую палітыку і праграму партыі. Паклапаціцеся пра тое, каб ясна і празрыста паказаць, як працэс прывёў да зменаў. Палова сэнсу знікне, калі партыя выканае сваё дэмакратычнае хатняе заданне і зменіць палітыку так, што ніхто гэтага не заўважыць.
4. Ацаніце
Апошні крок працэсу — ацаніць новую палітыку. Ці дасягнулі мы сваіх мэтаў? Ці распрацавалі мы новую палітыку? Ці ўцягнулі мы партыйную арганізацыю і ці зрабілі ў выніку ўнёсак у дэмакратыю? Ацэнка будзе неацэннай для наступнага праекта па распрацоўцы палітыкі. Асаблівую адказнасць за тое, каб яна адбылася, нясе праўленне.
5. Проста зрабіце гэта!
Не, прабачце. Ёсць яшчэ адзін крок. Пачаць!
Уцягванне сяброў — аснова ўсяго
Людзі, якія ўступаюць у палітычныя партыі, робяць гэта перш за ўсё таму, што хочуць удзельнічаць у зменах і рабіць сваё грамадства лепшым. Для большасці гаворка ідзе пра штодзённыя выклікі, з якімі сутыкаюцца яны самі, іх сябры і суседзі і іх мясцовасць. Менавіта таму мясцовы ўзровень партыі вырашальны. Менавіта тут і менавіта паміж выбарамі партыя можа датыкацца да рэчаіснасці і заваёўваць выбаршчыкаў.
У сацыял-дэмакратычнай партыі — партыі, якая імкнецца быць шырокай, дэмакратычнай партыяй народнага руху, — важна, каб аснова партыі — сябры ў яе мясцовых арганізацыях — была ўцягнутая ў працэс выпрацоўкі і распрацоўкі новай палітыкі і мела ў ім выразную ролю. На гэтым грунтуюцца арганізацыя і статут партыі: партыя мае федэратыўную структуру, яе ўлада паходзіць ад сяброў і рухаецца ўверх па арганізацыі. Гэта значыць, што новы палітычны кірунак або новая пазіцыя і новая палітыка, якая ўплывае на палітычны кірунак партыі, павінны мець падтрымку сяброў. На ўзроўні мясцовай арганізацыі гэта адбываецца праз рашэнні сходаў сяброў і гадавых сходаў, а на гадавых канферэнцыях іншых узроўняў арганізацыі — праз рашэнні прадстаўнікоў, якіх непасрэдна выбралі сябры. Нават у палітычных пытаннях, якія непасрэдна не азначаюць новага тлумачэння палітыкі партыі або новых палітычных пазіцый па практычных справах, праўленні павінны рэгулярна звітавацца перад выбранымі прадстаўнікамі на кожным узроўні. Гэта патрэбна, каб сябры заставаліся ў курсе бягучых працэсаў прыняцця рашэнняў. У сапраўды дэмакратычных партыях найвышэйшы палітычны аўтарытэт — сяброўства партыі.
Падтрымка сяброў і рассылка на водгукі
Жывая палітычная размова ў партыі не можа абмяжоўвацца кіраўніцтвам партыі на розных узроўнях або толькі сходамі, што прымаюць рашэнні, і гадавымі канферэнцыямі. Уцягнутай павінна быць уся партыйная арганізацыя. Асабліва на ўзроўні мясцовай арганізацыі партыі павінны ісці дыскусіі пра мясцовую, рэгіянальную і нацыянальную палітыку.
Адзін са спосабаў падтрымліваць жывую размову і забяспечваць падтрымку палітыкі сярод сяброў — рэгулярна радзіцца з партыйнай арганізацыяй на ўсіх узроўнях. Мясцовае, рэгіянальнае або нацыянальнае кіраўніцтва піша дакумент, які апісвае актуальнае пытанне і прапанаваны палітычны кірунак. Затым гэты дакумент рассылаюць на водгукі ў мясцовыя арганізацыі партыі, суполкі і клубы і асацыяваныя арганізацыі, каб сябры маглі выказаць свае меркаванні пра аналіз і прапанаваны палітычны кірунак.
Для дэмакратычнай партыі сябры заўсёды — яе найкаштоўнейшы скарб, але занадта часта іх роля зводзіцца да працы ў выбарчых кампаніях. Ад іх чакаюць, што яны будуць аргументаваць і агітаваць за палітыку партыі, размаўляць з выбаршчыкамі і заклікаць іх галасаваць за партыю. Але сяброў можна і трэба больш уцягваць і на іншым канцы доўгага працэсу распрацоўкі палітыкі партыі. Пастаянную размову і абмен ідэямі можна наладзіць праз цікавыя і матывуючыя сходы сяброў або тэматычныя палітычныя дні, праз гурткі і курсы, спецыяльныя праекты па распрацоўцы палітыкі і кансультацыйныя групы.
Пры сённяшніх тэхналогіях магчымасці атрымліваць прапановы ад сяброў неабмежаваныя, а лічбавыя інструменты, сеткі і групы даюць вялікія магчымасці палегчыць і павялічыць уцягнутасць і ўдзел сяброў.
Партыя, якая маўчыць і абмяжоўвае дыскусію, дзе сябры не адчуваюць сябе ўключанымі і адчуваюць, што мусяць прыстасоўваць свае меркаванні да ўказанняў зверху, ніколі не стане шырокай і дынамічнай партыяй. Такой партыі будзе цяжка развіваць і рэфармаваць сваю палітыку, калі тэндэнцыі ў грамадстве хутка мяняюцца.
Прапановы ад сяброў
Самы канкрэтны і звычайны спосаб для сябра ці сяброўкі, якія хочуць уплываць на партыю, — напісаць прапанову і падаць яе сябрам сваёй мясцовай арганізацыі або на гадавы сход. У гэтым сэнсе прапанова (motion) — не проста ідэя, а тэкст, сфармуляваны і аформлены так, каб дэмакратычны сход мог заняць пазіцыю па канкрэтным пытанні. Большасці людзей не відавочна, як працуе сістэма напісання і абмеркавання прапаноў, і таму часам добра навучыць сяброў, як гэта рабіць.
Кіраўніцтву мясцовай арганізацыі партыі часта трэба таксама ўважліва сачыць за момантамі, калі хтосьці з сяброў — магчыма, у агульнай палітычнай дыскусіі або ў размове, дзе сябры проста свабодна дзеляцца меркаваннямі, — фактычна выказвае прапанову, якая магла б стаць афіцыйнай прапановай і такім чынам часткай палітыкі партыі. Падказкі «напішы пра гэта прапанову!» можа хапіць, каб матываваць чалавека зрабіць наступны крок.
Перад гадавым сходам можа быць варта правесці сустрэчу, на якой сябры змогуць разам абмеркаваць, якія прапановы варта напісаць на гэты раз. Якія пытанні нам варта ўздымаць? Ці абмяркоўвалі мы за год нешта, што магло б стаць новай канкрэтнай палітыкай? А потым на самой сустрэчы можна дапамагчы сябрам сесці і адразу напісаць прапанову.
Галасаванне сяброў
Самы распаўсюджаны спосаб прымаць рашэнні пра палітыку партыі — уносіць пытанне ў іерархічную дэмакратычную структуру партыі. Аднак гэтая структура часам можа ўспрымацца як грувасткая і даволі непаваротлівая. Сябры могуць адчуваць, што не маюць непасрэднага ўплыву. Каб такое адчуванне не расло, па асабліва важных пытаннях партыя можа праводзіць галасаванне сяброў. Яно дазваляе сябрам вырашыць пытанне гэтак жа, як грамадзяне вырашаюць яго на рэферэндуме.
Галасаванне сяброў па-за фармальным сходам, які прымае рашэнні, павінна мець падставу ў статуце партыі — і што да статусу рашэння, і што да спосабу яго выканання, — і трэба знайсці баланс з асноўным дэмакратычным працэсам прыняцця рашэнняў.
Гэта патрабуе таксама, каб кіраўніцтва партыі падрыхтавала галасаванне і дало сябрам грунтоўную інфармацыю. Можа быць мэтазгодна арганізаваць гурток па гэтым пытанні або падрыхтаваць іншыя матэрыялы для абмеркавання перад галасаваннем. Потым сябры кіраўніцтва партыі могуць самі ездзіць па партыйных сходах, аргументаваць на карысць прапановы і абмяркоўваць яе з сябрамі. Само галасаванне трэба спланаваць і правесці так, каб не ўзнікала спрэчак пра яго законнасць. Калі ўсё зрабіць так, галасаванне сяброў можа ўмацаваць адчуванне, што ўсе сябры партыі роўныя, і заахвоціць да актыўнага ўдзелу ў партыі.
Кансультацыі і праекты па распрацоўцы палітыкі разам з сябрамі
Калі перад партыяй стаіць асабліва важны выбар палітычнага кірунку, яна можа даць сябрам магчымасць абмеркаваць пытанне на спецыяльнай кансультацыйнай канферэнцыі або ва ўнутраным кансультацыйным працэсе ў некалькі этапаў і выпрацаваць пазіцыю. Гэта можа быць пытанне, вельмі важнае ў прынцыпе для ідэалагічнага кірунку партыі, або вельмі вострае і спрэчнае пытанне. Такі метад можна выкарыстоўваць і для таго, каб уліць энергію і новыя ідэі ў больш перспектыўную працу партыйнай арганізацыі над палітыкай.
Галоўная ідэя — даць сябрам магчымасць сабрацца разам і адкрыта, без прадузятасці абмеркаваць праблемы і рашэнні, каб крок за крокам рухацца да пазіцыі па пытанні. У рэшце рэшт важна, каб пытанне трапіла ў звычайную статутную структуру прыняцця рашэнняў, але шлях да гэтага на такой кансультацыйнай канферэнцыі можа быць зусім іншым.
Як правіла, кансультацыйную канферэнцыю ці працэс старанна рыхтуюць і арганізуюць як выразна структураваны дыялог. Партыя часта рыхтуе дакумент для абмеркавання з фактамі і аргументамі за і супраць розных варыянтаў. Яго рассылаюць у розныя часткі і на розныя ўзроўні партыйнай арганізацыі. Можна арганізаваць спецыяльныя сходы сяброў і тэматычныя дні, праводзіць гурткі, а таксама ёсць шэраг лічбавых інструментаў, з дапамогай якіх можна збіраць погляды і меркаванні.
Акрамя таго, эфектыўнымі інструментамі могуць быць экспертныя і рабочыя групы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і з уласных шэрагаў партыі. Для далейшага вывучэння глядзіце прыклад «Горад будучыні» (Framtidsstaden).
Кансультацыйны метад цалкам магчыма і мэтазгодна выкарыстоўваць і на мясцовым, і на рэгіянальным, і на нацыянальным узроўні — і, як правіла, гэта магчымасць для сяброў расці, развівацца і больш уключацца ў жыццё партыі. Нярэдка ўключаюць і грамадзян, і іншыя часткі грамадства, хоць дыскусію, якая вызначае кірунак партыі, павінны весці сябры партыі і яе выбраныя прадстаўнікі.
Важна, каб існаваў выразны канал да самага верху арганізацыі, каб сябры не адчувалі, што іх дыскусіі і пазіцыі — толькі для выгляду. Калі такое адчуванне ўсё ж пракрадзецца ў партыйную арганізацыю, гэта сур’ёзна падарве веру ў здольнасць кіраўніцтва партыі дзейнічаць дэмакратычна.
Лічбавыя рашэнні адкрываюць вялікія магчымасці
Усе сходы, якія арганізуюць партыі, важныя для выпрацоўкі і фарміравання палітыкі партыі. Але людзі не заўсёды могуць прыйсці на сход у пэўны час. Пандэмія COVID-19 асабліва ясна паказала, наколькі ўразлівая дзейнасць, калі яна цалкам залежыць ад фізічных сустрэч. Але пандэмія таксама адкрыла многім вочы на велізарны патэнцыял новых лічбавых тэхналогій. Палітычная партыя можа шмат выйграць ад іх і ствараць новыя працэсы і пляцоўкі, дзе сябры змогуць выказвацца па палітычных пытаннях.
Гэтыя інструменты і сацыяльныя сеткі стварылі бесперапынную палітычную размову. Яны — крыніца ведаў і ўцягнутасці, якую можна выкарыстоўваць і ў камунікацыі партыі, і ў працэсах распрацоўкі палітыкі — як унутры партыі, так і з грамадствам у цэлым.
Яны могуць палегчыць арганізацыйную працу па рассылцы прапаноў на водгукі і па кансультацыйных групах, а таксама дазваляюць партыям дасягаць новых груп у грамадстве. Можа, група ў Facebook для абмеркавання пытанняў школ, аховы здароўя ці іншай сферы палітыкі? Або блог з жывымі допісамі, на якія чытачы могуць адказваць і якія могуць абмяркоўваць?
Праз платформы для віртуальных сустрэч палітычныя партыі могуць таксама праводзіць сходы сяброў, лекцыі і дыскусіі анлайн. Можна праводзіць і лічбавыя галасаванні, гадавыя сходы і з’езды. Калі ў лічбавай камунікацыі выкарыстоўваць і гук, і відэа, то фактычна няма розніцы паміж працэсам галасавання і звычайным фізічным сходам, а сёння існуюць і спецыяльныя лічбавыя інструменты для правядзення з’ездаў і гадавых сходаў.
Праца з грамадствам

Для палітычнай партыі ўнутраная распрацоўка палітыкі — галоўная ўмова таго, каб партыя магла функцыянаваць, дзейнічаць і быць актуальнай. Але партыі не існуюць у вакууме. Паспяховая партыя мае смеласць распрацоўваць сваю палітыку ў цесным супрацоўніцтве з грамадзянамі і грамадствам у цэлым.
Каб быць актуальнай, партыя павінна грунтавацца на патрэбах і ўяўленнях звычайных людзей пра будучыню. Каб ператвараць іх у палітыку, партыя павінна слухаць і рэгулярна выходзіць да людзей — сустракацца і размаўляць з грамадзянамі пра развіццё грамадства.
Важна таксама абменьвацца інфармацыяй і падтрымліваць кантакты з іншымі важнымі зацікаўленымі бакамі — групамі інтарэсаў, даследчыкамі, экспертамі і народнымі рухамі. Яны маюць глыбокія веды ў сваіх сферах дзейнасці, уласныя рэсурсы і часта — уласныя прапановы палітычных рашэнняў.
Партыі не могуць быць закрытымі элітарнымі бурбалкамі. Ім трэба ведаць і сачыць за тым, як развіваюцца грамадская думка і погляды ў розных слаях грамадства. Карацей, жывая і актуальная партыя павінна падтрымліваць актыўны дыялог з навакольным светам. Вакол ёсць мноства аналізаў, ідэй, бачанняў і канкрэтных прапаноў, якія могуць узбагаціць праграму партыі і даць палітычныя рашэнні ў сферах, дзе партыі патрэбныя ўнёскі іншых удзельнікаў.
Усё больш партый таксама развіваюць адкрытыя мадэлі распрацоўкі палітыкі, заснаваныя на ўдзеле. Па канкрэтных пытаннях або шырокіх сферах палітыкі. Адно з тлумачэнняў гэтай тэндэнцыі — тое, што палітычныя партыі часам успрымаліся як цэнтралізавана кіраваныя, закрытыя клубы, на якія цяжка паўплываць. Іншае тлумачэнне — многім партыям сёння цяжэй уцягваць вялікія групы сяброў, і яны звяртаюцца вонкі, да грамадства, каб атрымаць прапановы, ідэі і шырокую дэмакратычную падтрымку. Трэцяе тлумачэнне — уключальная мадэль дае больш устойлівую і рэалістычную палітыку, прадуманую ў дэталях.
Распрацоўка палітыкі з удзелам грамадзян — гэта не нейкі адзін метад. Як мы ўбачым у гэтым раздзеле, ёсць мноства прыкладаў метадаў, з дапамогай якіх можна ўзаемадзейнічаць з навакольным грамадствам. Хутчэй гэта падыход, агульная мэта, якую партыя можа і павінна мець, каб і далей заставацца жывой сілай у грамадстве. Гэта таксама дапамагае падтрымліваць жывую дэмакратыю праз большую падсправаздачнасць, празрыстасць і больш актыўную грамадзянскую пазіцыю.
Распрацоўка палітыкі разам з грамадзянамі
Каб успрымацца як адкрытая, актуальная і блізкая да грамадства, партыя павінна знайсці спосабы ўключаць грамадзян у фармулёўку праблем і распрацоўку сваёй палітыкі. На тое ёсць як мінімум дзве прычыны.
Па-першае, выбаршчыкі звычайна галасуюць, гледзячы ў будучыню. Выбары выйграе партыя, якая найбольш пераканаўча прапануе рашэнні праблем, што бачаць выбаршчыкі. Найлепшы спосаб зразумець, як выбаршчыкі ўспрымаюць рэчаіснасць, і ператварыць гэта ў палітыку — уключыць іх у працэс выпрацоўкі палітыкі.
Па-другое, у многіх частках свету палітычным партыям цяжка набіраць новых сяброў. Унутраныя арганізацыі партый радзеюць і не заўсёды адлюстроўваюць шырокія групы насельніцтва. У такіх умовах патрэба ўключаць групы па-за партыямі расце.
Лічбавыя тэхналогіі даюць амаль бясконцыя магчымасці, каб выходзіць да людзей і выклікаць дыскусію, і іх можна спалучаць з іншымі формамі сустрэч. Аднак важныя і больш традыцыйныя метады — яны часта даюць больш прамыя адказы на пытанні пра палітыку і прыярытэты. Вось некалькі прыкладаў метадаў, якімі партыі могуць карыстацца, асабліва ў мясцовай арганізацыі:
Праводзьце адкрытыя сустрэчы
Бываць сярод людзей, сустракацца з імі і арганізоўваць адкрытыя сустрэчы — ключ да таго, каб быць бачнымі, данесці свой пасыл і будаваць адносіны. Мэта — зрабіць так, каб пра вас загаварылі ўдзельнікі і медыя, а таксама мабілізаваць партыйную арганізацыю і яе прыхільнікаў. Запрашайце зацікаўленых грамадзян на адкрытыя мясцовыя сустрэчы, дзе абмяркоўваюцца актуальныя пытанні. Паклапаціцеся, каб на месцы былі і вядучыя палітычныя прадстаўнікі або эксперты. Такія сустрэчы часам называюць «сустрэчамі ў ратушы» (Town Hall meetings) — выраз паходзіць пераважна з Паўночнай Амерыкі і азначае спосаб, якім мясцовыя і нацыянальныя палітыкі рэгулярна сустракаюцца са сваімі выбаршчыкамі. Каб параіцца з імі па тэмах, якія іх цікавяць, або каб абмеркаваць канкрэтныя будучыя законы ці правілы.
Абыход выбаршчыкаў
Каб развіваць і будаваць адносіны і глыбока разумець, што думаюць грамадзяне і як яны жывуць побач з намі, нам трэба быць прысутнымі і бачнымі ў штодзённым жыцці людзей. Таму вельмі важна весці з гэтымі групамі пастаянныя размовы — структураваныя і сістэмныя — там, дзе мы ведаем, што можам іх знайсці. Абыход выбаршчыкаў — эфектыўны метад для гэтага. Прычын некалькі:
- Можна з часам весці якасныя размовы структуравана і сістэмна — засяроджваючыся на мэтавых групах, а не падпарадкоўваючыся тым, хто сам падыходзіць да прадстаўнікоў партыі на розных публічных мерапрыемствах.
- Да мэтавых груп можна вяртацца зноў і зноў, а метад можна спалучаць з лічбавай адраснай рассылкай, лічбавай рэкламай або распаўсюджваннем матэрыялаў.
- Можна эфектыўна будаваць адносіны, вызначаць настроі выбаршчыкаў, больш даведвацца пра свае мэтавыя групы і набіраць новых сяброў.
- Абыход выбаршчыкаў можна спалучаць з актыўнай распрацоўкай палітыкі — калі вы бываеце сярод людзей да, падчас і пасля ўнясення палітычных прапаноў у сваёй мясцовасці; напрыклад, тое, што будзе вырашана, будзе грунтавацца на тым, што выявілася ў працэсе распрацоўкі палітыкі. (Гл. прыклад горада Эрэбру ніжэй.)
- Такім чынам, метад дае многім сябрам важную ролю ў дзейнасці партыі.
Выкарыстоўвайце сяброў партыі і выбраных прадстаўнікоў, каб стукацца ў дзверы і пытацца ў грамадзян, што яны думаюць. Пытанні могуць быць адкрытымі («што для вас важна як для жыхара гэтага раёна / бацькоў школьніка / работніка сферы догляду і г.д.») або больш канкрэтнымі: што вы думаеце пра гэтае пытанне? Што, на вашу думку, павінны зрабіць сацыял-дэмакраты? Абавязкова збірайце веды і меркаванні і вяртайцеся, каб расказаць, што адбылося з часу вашай апошняй сустрэчы.
Стварайце лічбавыя сеткі і анлайн-групы
Лічбавыя сеткі і групы ў інтэрнэце, створаныя для абмеркавання пытанняў, па якіх партыя хоча развіваць сваю палітыку, могуць выклікаць цікавую дыскусію і даць новыя веды і новыя прапановы. Часта такія групы ўжо існуюць — па-за сферай уплыву і ведаў партый. Сацыяльныя сеткі выдатна падыходзяць для таго, каб выклікаць дыскусію па палітычных пытаннях, у тым ліку пра палітыку. Актывісты партыі маглі б далучацца да існых груп, каб адчуць настроі.
Партыя можа таксама ствараць уласныя групы, напрыклад для тых, хто цікавіцца школамі і адукацыйнай палітыкай, і такая група павінна звяртацца да тых, хто працуе ў школах або мае там дзяцей, ці да людзей з іншых сфер. Тады камунікацыю можна значна больш дакладна наладжваць і адрасаваць — у тым, якія анлайн-групы ствараюцца, якія допісы публікуюцца, якія лісты рассылаюцца і хто прадстаўляе партыю ў гэтых групах. Гэта таксама дазваляе глыбей уцягваць грамадзян у кансультацыі па розных пытаннях.
Каб уключыць грамадзян і выбаршчыкаў і будаваць з імі адносіны, патрэбныя свядомы план і настойлівая, паслядоўная, структураваная праца. Як і ва ўнутрыпартыйных кансультацыйных канферэнцыях, важна, каб партыі ўмелі ператвараць палітычную ўцягнутасць, якая ўзнікае падчас выхаду да людзей, у рэальныя прапановы і палітыку. Калі грамадзяне адчуюць, што гэты дыялог — толькі для выгляду, гэта ўдарыць па партыі. Гэта таксама падарве легітымнасць і партыі, і дэмакратычнай сістэмы.
Супрацоўніцтва з іншымі зацікаўленымі бакамі
Заўсёды ёсць арганізацыі і групы, больш ці менш блізкія да партыі паводле сваіх агульных мэтаў і бачанняў і ў палітычных пытаннях. Партыя, здольная паважліва і ўзаемавыгадна супрацоўнічаць з гэтымі групамі, атрымае вялікую карысць. Сетка партыі пашыраецца, падтрымка ў шырокім грамадстве становіцца больш трывалай, а палітыка — лепшай.
У той жа час патрэбны баланс. Партыя застаецца партыяй, і групы інтарэсаў ніколі не павінны мець VIP-доступу да ўплыву. Пры гэтым уключальны працэс, які дазваляе атрымліваць важныя прапановы ад зацікаўленых бакоў з шырокіх слаёў грамадства, мае амаль адны перавагі.
Прафсаюзы і палітычнае супрацоўніцтва з прафсаюзамі
У многіх краінах свету паміж сацыял-дэмакратычнымі партыямі і прафсаюзамі існуе моцнае і трывалае супрацоўніцтва. У Швецыі сувязь паміж Сацыял-дэмакратычнай партыяй і прафсаюзным рухам мае даўнюю традыцыю. Ранні прафсаюзны рух актыўна ўдзельнічаў у стварэнні Сацыял-дэмакратычнай партыі ў Швецыі: партыю заснавалі некалькі прафсаюзных федэрацый. Прычынай было ўсведамленне, што прафсаюзнаму руху патрэбныя палітычная арганізацыя і палітычнае крыло, якое магло б прадстаўляць звычайных работнікаў і іх інтарэсы ў выбарных органах. Гэтая патрэба ўраўнаважваць у палітыцы іншыя, фінансава мацнейшыя групы інтарэсаў захоўваецца і сёння. Для Сацыял-дэмакратычнай партыі па-ранейшаму важна добра ведаць сваю асноўную групу выбаршчыкаў і мець у сваіх шэрагах яе прадстаўнікоў. Дзеля самой сваёй raison d’être — сэнсу існавання. З пункту гледжання Сацыял-дэмакратычнай партыі прафсаюзны рух — другая нага сацыял-дэмакратыі ў тым выглядзе, як яна арганізаваная ў Швецыі. Таму існуе асаблівае прафсаюзна-палітычнае супрацоўніцтва, і менавіта таму гэтае супрацоўніцтва гістарычна не разглядалася як выпадак асаблівай групы інтарэсаў.
Такое супрацоўніцтва часта служыць некалькім мэтам. Праз прафсаюзныя арганізацыі партыі атрымліваюць кантакт з шырокімі групамі выбаршчыкаў і работнікаў, якія маюць канкрэтны досвед працы і ўмоў жыцця ў грамадстве. Іх патрэбы, думкі і ідэі пра развіццё грамадства могуць такім чынам — праз уласную актыўную працу прафсаюзаў з сябрамі і іх дэмакратычныя працэсы — рабіць унёсак у распрацоўку сацыял-дэмакратычнай палітыкі.
У прафсаюзаў часта ёсць уласныя аналітыкі і эксперты, якія займаюцца аналізам умоў для работнікаў і сяброў прафсаюза. Да гэтых умоў належаць эканамічныя ўмовы, пытанні працоўнага жыцця, фарміраванне заробкаў, умовы працы і многае іншае. Гэтая праца часта дае веды і канкрэтныя палітычныя прапановы, з якіх сацыял-дэмакратыя можа атрымаць вялікую карысць ва ўласным працэсе прыняцця рашэнняў.
Наколькі цесным можа быць супрацоўніцтва паміж прафсаюзамі і партыяй, перш чым прафсаюзныя арганізацыі страцяць свой незалежны статус і пазіцыю? Наколькі сацыял-дэмакраты могуць «слухаць прафсаюзы» так, каб не складвалася ўражанне, што партыя — толькі адгалінаванне прафсаюзнага руху? Вядома, абодвум бакам выгадна, каб у супрацоўніцтве яны сапраўды былі незалежнымі партнёрамі. Адназначнага адказу няма. Гэта звязана з гістарычнымі абставінамі, сучаснымі лініямі канфлікту і развіццём грамадства ў цэлым. Прафсаюзныя арганізацыі павінны самастойна вызначаць свае прыярытэты і палітычныя пытанні, а супрацоўнічаючы з сацыял-дэмакратычнай партыяй, якая падзяляе той жа асноўны погляд на грамадства, гэтыя прапановы могуць трапіць у парламенцкую сістэму і ператварыцца ў канкрэтныя палітычныя рашэнні. Калі сябры прафсаюзных арганізацый вырашаць, што супрацоўніцтва не прыносіць карысці, яны могуць яго спыніць. Гэтак жа сацыял-дэмакраты могуць вырашаць, наколькі прыслухоўвацца да прапаноў, што паступаюць ад прафсаюзаў. У рэшце рэшт сацыял-дэмакратычная партыя павінна даць уласным сябрам вызначаць шлях, якім пойдзе партыя.
Дык як жа партыя без такіх цесных сувязяў, як у Швецыі, можа наладзіць добрыя адносіны з прафсаюзным рухам, калі гэтага хочуць і партыя, і прафсаюзы? Вось некалькі прыкладаў:
- Актыўна шукайце прадстаўнікоў прафсаюзаў і прапануйце ім балатавацца на палітычныя пасады — і ўнутры партыі, і ў мясцовыя, рэгіянальныя і нацыянальныя прадстаўнічыя органы.
- Стварайце сацыял-дэмакратычныя прафсаюзныя клубы на працоўных месцах.
- Праводзьце сумесныя курсы або каардынуйце сумесныя палітычныя дзеянні ў сферах, важных для абодвух бакоў, пішыце разам артыкулы ў прэсу, праводзьце палітычныя сходы і ездзіце па краіне з сустрэчамі з людзьмі.
Падобных прыкладаў шмат, і ўсе яны па сутнасці пра падтрыманне жывога дыялогу.

Народныя рухі і грамадзянская супольнасць
Сацыял-дэмакратыя традыцыйна з’яўляецца часткай вялікага, шырокага народнага руху, вядомага як рабочы рух. Гістарычна мала знойдзецца прыкладаў народных рухаў, такіх жа моцных і паспяховых, як рабочы рух. З таго часу з’явілася шмат новых народных рухаў — напрыклад, рух за мір, жаночы рух і экалагічны рух. А сёння нават буйныя групы інтарэсаў, якія прадстаўляюць пенсіянераў, людзей з інваліднасцю, арандатараў жылля і да т.п., — гэта вялікія і ўплывовыя рухі з вялікай колькасцю сяброў.
І калі людзі выбіраюць укладваць свой час і энергію ў гэтыя рухі, а не станавіцца сябрамі палітычных партый, то палітычныя партыі павінны прыняць гэтую сітуацыю і наладзіць з гэтымі рухамі дыялог. Акрамя таго, тыя, хто ўдзельнічае ў гэтых рухах, часта вельмі шмат ведаюць пра пытанні, якімі захопленыя. Гэта веды, з якіх палітычныя партыі могуць атрымаць карысць. Таму партыя, якая хоча дасягнуць гэтых груп, павінна знайсці структуры і формы размовы, якія зробяць гэта магчымым. Часта людзі ўдзельнічаюць у гэтых групах на мясцовым узроўні або на мясцовым, рэгіянальным і нацыянальным узроўнях, што стварае для палітычнай партыі вялікія магчымасці на ўсіх гэтых узроўнях.
Адзін са спосабаў — стварыць спецыяльныя кансультатыўныя групы, з якімі кіраўніцтва партыі можа раіцца, каб развіваць уласную палітыку ці проста больш даведацца пра пэўнае пытанне. Мясцовыя арганізацыі партыі могуць праводзіць сумесныя тэматычныя сустрэчы з арганізацыямі, якія займаюцца менавіта гэтым пытаннем ці сферай. А калі такія сустрэчы праводзіць сама партыя, яна можа запрашаць на іх прадстаўнікоў іншых арганізацый і прапаноўваць ім дзяліцца ідэямі, аргументамі і прапановамі.
Прадстаўнік партыі можа быць госцем на сходзе адпаведнай арганізацыі — выступіць з прамовай, паўдзельнічаць у дыскусіі ці проста прыйсці, каб выслухаць заўвагі і ідэі сяброў арганізацыі.
Хай кантакты будуць прывязаныя да канкрэтнай тэматычнай сферы ці пытання. Калі партыя збіраецца прыняць рашэнне па важным экалагічным пытанні на мясцовым узроўні або распрацаваць мясцовую экалагічную праграму, — запрасіце мясцовыя экалагічныя групы, папрасіце іх прадставіць свае пазіцыі і пачніце дыялог. Калі пытанне датычыць догляду за пажылымі людзьмі, запрасіце арганізацыі, якія займаюцца праблемамі пажылых, або аб’яднанні тых, хто даглядае блізкіх.
Нават калі партыя выйграла выбары і знаходзіцца ва ўладзе, варта трымаць вушы востра і слухаць, што арганізацыі і актывісты грамадзянскай супольнасці кажуць пра стан грамадства і палітычныя пытанні.
Даследчыкі і навукоўцы
Навука павінна быць незалежнай ад любых партыйна-палітычных меркаванняў. Гэта важны прынцып дэмакратычнага грамадства. Даследаванні, якія кантралююцца палітыкай, будуць менш цікавымі, больш прадказальнымі і рэдка дадуць новыя веды, патрэбныя палітыцы для развіцця. Аднак гэта не перашкаджае палітычным партыям атрымліваць вялікую карысць ад навукі і даследчыкаў у працэсе распрацоўкі ўласнай палітыкі, а таксама для падтрымкі рашэнняў, фактаў і абгрунтавання палітычных пазіцый партыі. Навука прапануе мадэлі для апісання і тлумачэння рэчаіснасці, што, у сваю чаргу, дазваляе палітыкам лепш разумець грамадства і кіраваць ім. Калі ў распрацоўцы палітыкі партыі ўдзельнічала навука, гэта таксама павышае яе легітымнасць.
Навука можа таксама дапамагаць вырашаць канфлікты. Факты і доказы могуць дапамагчы зняць частку напружання ў палітычнай дыскусіі. Прынамсі, факты і доказы дапамагаюць пазбегнуць спрэчак пра тое, якая сітуацыя ў рэчаіснасці, і дыскусія можа засяродзіцца на палітычных рашэннях.
Напрыклад, сацыял-дэмакратычная партыя можа атрымаць вялікую карысць ад даследаванняў працоўнага жыцця, умоў працы, заробкаў і ўмоў занятасці або, калі ўжо на тое пайшло, даследаванняў пабудовы і вынікаў сістэм сацыяльнага забеспячэння.
Але хіба гэтыя веды і так не даступныя? Ці павінна партыя рабіць нешта асаблівае, каб супрацоўнічаць з універсітэтамі і даследчыкамі, або дастаткова, каб яе прадстаўнікі і сябры сачылі за даследаваннямі ў прыярытэтных для партыі сферах? Вядома, гэта першы крок.
Аднак партыя можа атрымаць вялікую карысць і ад больш цесных сувязяў з навукай.
Вось некалькі прыкладаў, як гэта можна рабіць:
- Праводзьце семінары па канкрэтных палітычных пытаннях і запрашайце даследчыкаў як лектараў і ўдзельнікаў панэльных дыскусій. Такія семінары можна арганізоўваць і на мясцовым узроўні. Калі, напрыклад, мясцовая арганізацыя хоча развіваць сваю палітыку ў сферы мясцовага гарадскога планавання, грамадскага транспарту або мясцовай школьнай палітыкі, ёй варта паклапаціцца, каб даследчыкі, якія працуюць у гэтай сферы, былі запрошаныя і мелі магчымасць падзяліцца ведамі і ўдзельнічаць у дыскусіях. Калі ў горадзе ёсць універсітэт, можа быць варта высветліць, у якіх сферах спецыялізуюцца яго даследчыкі. Яны, магчыма, змогуць расказаць, як гэтае пытанне вырашалася ў іншых частках краіны ці на нацыянальным узроўні, або нават даць канкрэтныя прапановы, што можна зрабіць на мясцовым узроўні.
- Прыцягвайце даследчыкаў да канкрэтных задач. Не заўсёды веды, якія патрэбныя партыі, каб добра аргументаваць сваю пазіцыю або распрацоўваць новую палітыку, ужо атрыманыя ці сабраныя ў форме, прыдатнай для гэтага. Калі ў партыі ёсць рэсурсы наняць уласных аналітыкаў, грошы на збор такіх ведаў могуць быць выдаткаваныя з карысцю.
- Уключайце даследчыкаў у праграмныя і кансультацыйныя групы партыі, мэта якіх — распрацоўваць уласную палітыку. Даследчыкі не заўсёды зацікаўленыя ў тым, каб прапаноўваць канкрэтныя палітычныя рашэнні. Іх місія — адлюстроўваць рэчаіснасць, а не абавязкова змяняць яе. Аднак у даследчыкаў часта ёсць ідэі і веды, патрэбныя партыі, якая хоча развіваць сваю палітыку. Хай навука будзе часткай гэтага працэсу.
- Падтрымлівайце пастаянны дыялог з навуковай супольнасцю. Калі даследчыкі ўваходзяць у шырокую сетку кантактаў партыі, партыя можа і сама даваць ім ідэі і меркаванні, якія дапамагаюць развіваць даследаванні. Даследчыкі павінны быць незалежнымі, але яны не заўсёды ведаюць, як думаюць партыі і тыя, хто прымае рашэнні, а ў партыях і сярод палітыкаў часта ёсць практычнае веданне рэчаіснасці, ад якога можа выйграць навука. Хай гэта будзе ўзаемны абмен.
Пытанне, якое часта ўзнікае ў такім супрацоўніцтве: ці павінны даследчыкі, якіх партыя запрашае, быць сябрамі партыі? Або падзяляць яе каштоўнасці? Тут у розных партый розныя погляды. Для большасці важна не патрабаваць пацверджання сяброўства. Вы хочаце атрымаць доступ да ведаў даследчыкаў, а не абавязкова да іх каштоўнасцяў ці меркаванняў. Але важна таксама падкрэсліць, што палітыка — перш за ўсё пытанне каштоўнасцяў. Можна быць выдатным экспертам у эканоміцы, але не даць лепшага адказу, чым любы іншы чалавек, на пытанне, добра ці дрэнна, калі ёсць вялікі разрыў у заробках. Затое навука можа дапамагчы адказаць на пытанне «як». Калі партыя хоча скараціць вялікі разрыў у заробках, якія рашэнні трэба прыняць на шляху да гэтай мэты? Ці могуць адыграць ролю падаткі, і калі так, то які яны дадуць эфект? Ці могуць зрабіць унёсак прафсаюзы, і калі так, што нам трэба зрабіць, каб іх умацаваць? І не забывайце: старайцеся прыцягваць даследчыкаў у сябры партыі! Мясцовай арганізацыі ніколі не зашкодзіць спалучэнне розных досведаў, асоб і груп. Вядома, гэта відавочная перавага і вялікі рэсурс, калі ў партыі актыўна ўдзельнічае чалавек з веданнямі даследчыка ў пэўнай сферы.
Бізнес і прамысловасць
Убачыўшы ў парадку дня пункт пра тое, што сацыял-дэмакратыя павінна больш супрацоўнічаць з бізнесам і прамысловасцю, некаторыя артадаксальныя сацыял-дэмакраты, магчыма, выйшлі б з партыі. Ці сапраўды нам трэба з імі супрацоўнічаць? Хіба яны не на другім баку ў барацьбе паміж працай і капіталам?
На пэўным узроўні, вядома, так і ёсць. Кампаніі зацікаўленыя ў прыбытку і заробку, і гэта не заўсёды адпавядае інтарэсу сацыял-дэмакратыі ў справядлівасці, роўнасці і лепшых умовах для пераважнай большасці.
Але кампаніі таксама залежаць ад грамадства, якое добра функцыянуе, а ўсе партыі залежаць ад таго, ці ёсць кампаніі, якія даюць людзям працу, ствараюць рост і робяць унёсак у дабрабыт грамадства. Ва ўсім свеце ў сацыял-дэмакратыі ёсць даўняя і моцная традыцыя змястоўнага дыялогу і ўзаемадзеяння з бізнесам — каб ствараць дабрабыт і дасягаць згоды наконт спосабаў яго размеркавання. Асабліва гэта датычыць мясцовага ўзроўню, дзе мясцовая арганізацыя часта размаўляе і працуе разам, напрыклад, з мясцовай гандлёвай палатай, бізнес-аб’яднаннямі і кіраўнікамі прадпрыемстваў.
Як важныя ўдзельнікі грамадскага жыцця кампаніі маюць важкі голас. Яны ведаюць пра працэсы, патокі і сферы, пра якія сацыял-дэмакратыі часта трэба атрымаць інфармацыю звонку. Яны часта ведаюць, што трэба, каб бізнес у мясцовай супольнасці квітнеў і развіваўся. Яны ведаюць, якія транспартныя рашэнні і камунікацыі патрэбныя, каб павялічыць рознічны гандаль.
Як і іншыя групы ў грамадстве, бізнес і прамысловасць трэба разглядаць як яшчэ аднаго ўдзельніка. Не павінна быць ніякіх VIP-шляхоў да партыйна-палітычнага ўплыву, і заўсёды павінна быць выразная мяжа, якая адсякае карупцыю.
Дык што партыя можа зрабіць, каб наладзіць паважлівы і плённы дыялог з бізнесам і прамысловасцю? Адказ, па сутнасці, той жа, што і ў папярэдніх раздзелах. Запрашайце іх на сустрэчы. Будуйце з імі адносіны і слухайце. Ездзіце з азнаямленчымі візітамі. Даведвайцеся больш пра іх абставіны і меркаванні. Дазваляйце ім удзельнічаць у рабочых групах і адказваць на дакументы, разасланыя на водгукі. Або чаму б не прыцягнуць больш прадпрымальнікаў у сябры партыі? Гэтая група, вядома, таксама патрэбная сацыял-дэмакратыі.
Аналітычныя цэнтры
Усё ў большай колькасці краін свету аналітычныя цэнтры (think tanks) сталі адыгрываць ролю ў публічнай дыскусіі і ў распрацоўцы партыямі новай палітыкі. Аналітычны цэнтр, або палітычны інстытут, — гэта ўстанова, якая спецыялізуецца на даследаваннях і аналітыцы, што, у сваю чаргу, вядуць да прапаноў у розных сферах палітыкі і іх адстойвання. Аналітычны цэнтр часта звязаны з адной з буйных арганізацый грамадзянскай супольнасці або бізнесу (якая і плаціць за яго дзейнасць) ці з палітычнымі партыямі. Аднак ёсць і палітычныя інстытуты, не звязаныя з вялікімі групамі інтарэсаў, і нават такія, што фінансуюцца з дзяржаўных сродкаў або з прыватных ахвяраванняў.
Аналітычны цэнтр можа быць больш ці менш засяроджаны на пэўных канкрэтных сферах палітыкі. Ён можа спецыялізавацца, напрыклад, на прамысловай і гандлёвай палітыцы, экалагічных пытаннях або адукацыі. Але ёсць і палітычныя інстытуты з шырэйшым падыходам, якія працуюць на аснове выразнай ідэалагічнай праграмы з шэрагам пытанняў, што адпавядаюць іх парадку дня. Гэтак жа як ёсць аналітычныя цэнтры з больш выразным акцэнтам на даследаваннях і аналітычныя цэнтры з больш ідэалагічнай місіяй, без выразнага акцэнту на даследаваннях.
Партыі могуць супрацоўнічаць з аналітычнымі цэнтрамі рознымі спосабамі.
- Многія партыі адчуваюць патрэбу наблізіцца да акадэмічнага свету і больш выкарыстоўваць навуку ў распрацоўцы новай палітыкі. Але шмат даследчыкаў працавалі з аналізам даных, не маючы магчымасці — у ролі даследчыкаў ва ўніверсітэце — зрабіць наступны крок і сфармуляваць палітыку на аснове сваіх даследаванняў і высноў з іх. Аналітычны цэнтр дае месца сустрэчы для абедзвюх гэтых патрэбаў.
- Аналітычны цэнтр таксама дае магчымасць наладзіць сувязь з іншымі часткамі грамадства, з якімі партыя хацела б узаемадзейнічаць. У аналітычным цэнтры партыя можа сутыкнуцца з інтэлектуаламі, пісьменнікамі, міжнароднымі арганізацыямі і іншымі часткамі грамадзянскай супольнасці, і гэтым групам не трэба адчуваць, што праз такое ўзаемадзеянне яны займаюць партыйна-палітычную пазіцыю.
- Аналітычны цэнтр можа таксама даць пляцоўку ўласным сябрам гэтых арганізацый, каб разважаць і выказвацца па пытаннях, не думаючы пра тое, ці трэба выносіць сказанае ці напісанае на галасаванне або заносіць у пратакол сходу. Размова можа быць непрадузятай і прывесці да змякчэння жорсткіх пазіцый ва ўнутраным канфлікце або пашырыць уяўленне пра рэчаіснасць у актыўных сяброў партыі. У партыі заўсёды ёсць актыўныя сябры, якія могуць самі пісаць даклады і праводзіць даследаванні. У аналітычным цэнтры яны могуць сустракацца з іншымі інтэлектуаламі і больш даведвацца пра пэўную сферу, што ў доўгатэрміновай перспектыве вядзе да лепшага палітычнага працэсу ўнутры партыі.
Але што можна зрабіць у партыі на мясцовым узроўні? На першы погляд гэта можа быць няпроста ўбачыць. Аналітычныя цэнтры часта знаходзяцца ў сталіцы або, прынамсі, у адным з буйных гарадоў краіны. Але веды, якія ёсць у аналітычным цэнтры, можна выкарыстоўваць і ў мясцовых арганізацыях. Даклады і даследаванні аналітычных цэнтраў можна выкарыстоўваць у гуртках, на тэматычных сходах і ў кансультацыйных групах. Тых, хто працуе ў аналітычным цэнтры, можна запрашаць як лектараў або ўдзельнікаў панэльных дыскусій.
Можна таксама стварыць уласны аналітычны цэнтр. У другім па велічыні горадзе Швецыі рабочы рух у цэлым — Сацыял-дэмакратычная партыя і прафсаюзы LO — стварыў аналітычны цэнтр пад назвай «Аналітычны цэнтр рабочага руху ў Гётэборгу». Ён рыхтуе даклады і аналітычныя матэрыялы для абмеркавання як шырокіх ідэалагічных пытанняў, так і мясцовых сфер палітыкі, якія партыя вырашыла абмеркаваць больш падрабязна. У аналітычны цэнтр, які працуе пераважна на валанцёрскіх пачатках сіламі людзей з іншай асноўнай працай, уваходзяць навукоўцы з Гётэборгскага ўніверсітэта, прадстаўнікі прафсаюзаў, зацікаўленыя сябры партыі і іншыя актывісты.